Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кардынал Кох: праз візіт у Ліван Папа жадае ўзмацніць хрысціянскую супольнасць на Блізкім Усходзе
Святы Айцец
10.09.2012 12:31

Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох лічыць, што візіт Святога Айца Бэнэдыкта XVI у Ліван прынясе важныя імпульсы для экуменізму, міжрэлігійнага дыялога і для міру ва ўсім рэгіёне Блізкага Усходу. Аб гэтым кардынал Кох, які будзе суправаджаць Папу ў падарожжы, сказаў аўстрыйскаму каталіцкаму агенцтву «Kathpress».

Як адзначыў іерарх, Папа не з’яўляецца палітычнай постаццю і падчас свайго візіту ў Ліван не будзе прапаноўваць нейкіх канкрэтных палітычных рашэнняў. Разам з тым кардынал дадаў, што людзі чакаюць, што гэты візіт стане выразным пасланнем, знакам міру і паяднання. Па словах кардынала, Пантыфік падчас паездкі «заахвоціць да супольнай будучыні людзей у гэтым рэгіёне і аб спыненні войнаў».

Магчыма, адзначыў кардынал Кох, падчас візіту прагучаць таксама выразныя словы ў падтрымку экуменізму і дыялога з ісламам. Пры гэтым іерарх выказаў перакананне, што многія праблемы, перад якімі сёння стаяць хрысціяне на Блізкім Усходзе, можна вырашыць толькі супольна.

Старшыня Папскай рады звярнуў увагу на патрэбу больш інтэнсіўных дзеянняў супраць выезду хрысціян з краін гэтага рэгіёну. Іерарх падкрэсліў, што «хрысціяне павінны застацца на гэтых землях і не паддавацца націскам, якія змушаюць іх да выезду».

Праз сваё падарожжа, працягваў кардынал Кох, Святы Айцец жадае ўзмацніць хрысціянскую супольнасць на Блізкім Усходзе. Па словах іерарха, шматкультурная і шматрэлігійная мадэль Лівана мае будучыню ў арабскім свеце, хоць гэтая справа патрабуе новага позірку: хрысціяне на Захадзе павінны старацца лепш зразумець сваіх братоў у веры на Усходзе.

Старшыня ватыканскага ведамства выказаў надзею, што візіт Папы ў Ліван, які пачнецца 14 верасня, не будзе выкарыстаны ў палітычным сэнсе. Такая небяспека існуе, бо ніхто цалкам не пануе над сітуацыяй. «Можна толькі жыць надзеяй, што разважлівыя людзі правільным чынам зразумеюць папскае пасланне», — сказаў кардынал Кох.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме