Бэнэдыкт ХVI у фільме пра будучыню Еўропы: сёння Еўропа мае дзве душы |
Святы Айцец |
16.10.2012 15:16 |
15 кастрычніка ўдзельнікі Сіноду Біскупаў па новай евангелізацыі прысутнічалі на прэм’еры фільма «Званы Еўропы», прысвечанага адносінам паміж хрысціянамі, еўрапейскай культуры і будучыні кантынента. Фільм заснаваны на інтэрв’ю з некалькімі лідарамі хрысціянскіх канфесій, у тым ліку з Бэнэдыктам ХVI. У фільме Святы Айцец падзяліўся ўпэўненасцю, што надзея Еўропы — у адкрыцці яе евангельскіх каштоўнасцяў і хрысціянскіх каранёў. Як інфармуе Ватыканскае радыё, Пантыфік вылучыў тры матывы такой надзеі. Па-першае, чалавек можа забыцца пра Бога, «але Бог ніколі не знікне». Па-другое, як адзначыў Папа, Евангелле Хрыста праўдзівае і заўсёды актуальнае, у адрозненні ад ідэалогій, якія хутка знікаюць, «бо ім не хапае глыбокай праўды». Трэці ж матыў надзеі для Еўропы — гэта маладое пакаленне, занепакоенае будучыняй. «Моладзь пазнала шматлікія рэчы — прапановы ідэалогій і спажывецтва, — але ўбачыла іх пустату і недастатковасць», — заўважыў Папа. Святы Айцец падкрэсліў, што менавіта новыя пакаленні заклапочаны будучыняй Еўропы, якую яны звязваюць з верай, і што кантынент павінен адшукаць сваю ідэнтычнасць. (AG) |