Святы Айцец падзякаваў удзельнікам Сіноду Біскупаў па новай евангелізацыі |
Святы Айцец |
27.10.2012 17:35 |
Падчас пасяджэння 27 кастрычніка Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падзякаваў удзельнікам Сіноду Біскупаў па новай евангелізацыі. Таксама Папа сказаў пра значэнне кансісторыі, якая адбудзецца 24 лістапада. Па словах Пантыфіка, гэтая кансісторыя будзе дапаўненнем той, якая прайшла ў лютым бягучага года і падкрэслівала задачу новай евангелізацыі і паўсюднасць Касцёла. Як дадаў Папа, Касцёл яднае ўсе народы, кажа на ўсіх мовах і застаецца заўсёды Касцёлам Пяцідзясятніцы. Гэта пацвердзіў і дадзены Сінод Біскупаў. «Тут я мог бачыць адлюстраванне паўсюднага Касцёла з яго цярпеннямі, пагрозамі, небяспекамі і радасцямі», — адзначыў Святы Айцец. На Сінодзе, працягваў Папа, сведчанні ўдзельнікаў паказалі, што «Пан прысутны нават там, дзе гэтага не чакалася, Ён дзейнічае праз нашу працу і нашу рэфлексію». Па словах Пантыфіка, хоць сёння над Касцёлам дзьмуць і варожыя вятры, аднак па-над усім адчуваецца павеў Духа Святога. Дзякуючы гэтаму «Касцёл перажывае новы энтузіязм, мы распачынаем новыя шляхі і дзякуем Пану, што Ён даў нам гэтую сапраўдную каталіцкую сустрэчу». (AG) |