У Ватыкане заснавана Папская акадэмія лацінскай мовы |
Святы Айцец |
10.11.2012 16:15 |
10 лістапада Святы Айцец Бэнэдыкт XVI заснаваў Папскую акадэмію лацінскай мовы — установу з сядзібай у Апостальскай Сталіцы, мэтай якой будзе спрыянне вывучэнню і распаўсюджванню лацінскай мовы і культуры. Новая акадэмія будзе падпарадкоўвацца Папскай радзе па культуры. У спецыяльным дакуменце Папы пад назвай «Latina lingua» адзначаецца, што «лацінская мова заўсёды высока цанілася Каталіцкім Касцёлам і Рымскімі Пантыфікамі». Святы Айцец нагадаў, што пасля падзення Рымскай імперыі Касцёл не толькі працягваў карыстацца лацінскай мовай, але стаў у пэўным сэнсе яе апекуном у тэалагічнай, літургічнай, выхаваўчай і адукацыйнай сферах. Папа падкрэсліў, што сёння веданне лацінскай мовы і культуры «як ніколі неабходнае» для вывучэння крыніц, з якімі звязаны такія дысцыпліны, як тэалогія, літургіка, патрыстыка, кананічнае права. Акрамя таго, на гэтай мове пішуцца літургічныя кнігі, найбольш важныя дакументы і акты Рымскіх Пантыфікаў. «У сучаснай культуры адзначаецца, аднак, (...) пагроза ўсё больш павярхоўнага ведання лацінскай мовы», — дадаў Папа. У сувязі з гэтым неабходна спрыянне вывучэнню і «больш кампетэнтнаму яе выкарыстанню» ў касцёльнай сферы, а таксама ў свеце культуры. Для дасягнення гэтых мэтаў Святы Айцец вырашыў стварыць спецыяльную акадэмію. (AG) |