Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI пра душпастырства працуючых на моры: неабароненасць людзей мора павінна стымуляваць клопат Касцёла аб іх
Святы Айцец
23.11.2012 18:44

Неабароненасць людзей мора, рыбакоў і матросаў павінна стымуляваць клопат Касцёла аб іх. Да гэтага заклікаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI удзельнікаў XXIII Сусветнага кангрэсу душпастырства працуючых на моры, з якімі сустрэўся 23 лістапада ў Ватыкане.

Папа нагадаў, што Касцёл на працягу доўгіх гадоў заклапочаны праблемамі гэтых людзей. «Ад самага світанку хрысціянства марскі свет быў эфектыўнай прыладай евангелізацыі. Апосталы і вучні Езуса мелі магчымасць ісці па ўсім свеце і прапаведаваць Евангелле кожнаму стварэнню; узгадаем толькі аб падарожжах св. Паўла», — адзначыў Пантыфік. Звяртаючыся да ўдзельнікаў кангрэсу, Святы Айцец падкрэсліў, што іх «шырокая прысутнасць у шматлікіх портах свету, штодзённае наведванне прышвартаваных суднаў і братэрскі клопат аб экіпажах — гэта бачны знак непакою аб тых, хто не можа атрымліваць звычайнага душпастырскага клопату».

Бэнэдыкт XVI нагадаў таксама аб цяжкасцях, з якімі сустракаюцца тыя, хто працуе на моры: несправядлівасці, звязанай з прымусовым сыходам на зямлю, пакінутасці разам з судамі, на якіх працуюць, пірацтве, шкодзе ад нелегальнай рыбнай лоўлі. Пантыфік пазітыўна ацаніў дзейнасць дыяканаў і валанцёраў, якія працуюць у сферы душпастырства людзей мора, і падкрэсліў, што часта самі рыбакі «падтрымліваюць іншых членаў экіпажу, заклікаючы знайсці і ўмацаваць адносіны з Богам падчас доўгіх перасячэнняў акіянаў і дапамагаючы ў сітуацыях небяспекі з духам любові».

Як інфармуе Ватыканскае радыё, Святы Айцец заклікаў удзельнікаў кангрэсу адкрыць для сябе скарбы Другога Ватыканскага Сабору, якія з’яўляюцца «компасам, што дазваляе лодцы Касцёла плыць у адкрытае мора, пасярод бураў ці спакойных і ціхіх хваляў, каб (…) дасягнуць сваёй мэты».

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.