Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец у Пасхальную вігілію: згадзіся, каб Уваскрослы Езус увайшоў у тваё жыццё
Святы Айцец
31.03.2013 01:06

Прыняць Уваскрослага Езуса «як сябра, з даверам, бо Ён ёсць жыццём», заахвоціў папа Францішак падчас літургіі Пасхальнай вігіліі ў базыліцы св. Пятра ў Ватыкане. «Не будзем закрывацца на навіну, якую Бог прагне ўнесці ў наша жыццё!» — заклікаў вернікаў Святы Айцец.

У гаміліі Пантыфік нагадаў пра евангельскіх жанчын, якія, не знаходзячы цела Езуса ў грабніцы, не разумеюць, што адбылося. «Хіба і ў нас не здараецца, што адбываецца нешта сапраўды новае ў штодзённай рэчаіснасці? — запытаўся Папа. — Новае часта абуджае ў нас страх, і таксама тое новае, што прыносіць нам Бог. Мы як апосталы з Евангелля: часта жадаем трымацца пэўнага, спыніцца пры гробе, з думкай пра памерлага, які жыве толькі ў памяці гісторыі. Мы баімся сюрпрызаў Бога!»

«Часта мы змучаныя, расчараваныя, сумныя, адчуваем цяжар нашых грахоў, — працягваў Папа. — Не будзем замыкацца ў сабе, губляць надзею (…): няма такіх сітуацый, якіх бы Бог не мог перамяніць, няма такога граху, якога б не мог нам прабачыць, калі мы адкрыемся на Яго».

«Езус ужо не належыць да мінулага, але жыве ў сучаснасці і накіраваны ў будучыню, з’яўляецца вечным „сёння“ Бога, — падкрэсліў Святы Айцец. — І так навіна Бога адкрываецца вачам жанчын, вучняў, усіх нас: як перамога над грахом, злом, смерцю, над усім тым, што прыгнятае жыццё і чыніць яго менш чалавечым. Гэтае пасланне скіравана да мяне, да цябе (…). Як жа часта нам патрэбна, каб Любоў нам сказала: навошта шукаеце жывога сярод мёртвых?»

«Згадзіся, каб Уваскрослы Езус увайшоў у тваё жыццё, прымі Яго як сябра, з даверам: Ён ёсць жыццём! — заклікаў Пантыфік. — Калі дагэтуль ты быў ад Яго далёка, зрабі маленькі крок — і Ён прыме цябе з раскрытымі абдымкамі. (…) Калі табе здаецца, што цяжка за Ім ісці, не бойся, даверся Яму, будзь упэўнены, што Ён блізка і адорыць цябе супакоем, якога ты шукаеш, і сілай, каб жыць так, як Ён хоча».

«Няхай Пан адкрывае нас на сваю навіну, якая перамяняе, на сюрпрызы Бога, — сказаў Святы Айцец. — Няхай Ён чыніць нас людзьмі, здольнымі памятаць аб тым, што Ён здзяйсняе ў нашых асабістых справах і справах свету. Няхай зробіць так, каб мы здолелі адчуваць Яго як жывога і дзеючага пасярод нас. Няхай вучыць нас кожны дзень не шукаць сярод памерлых Таго, які жыве».

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме