Папа заклікаў швейцарскіх гвардзейцаў заўсёды быць сапраўднымі хрысціянамі |
Святы Айцец
|
06.05.2013 16:20 |
6 мая папа Францішак прыняў навабранцаў Швейцарскай гвардыі ў дзень складання імі прысягі. Пантыфік падзякаваў ім за адданае служэнне, якое назірае штодня, і нагадаў, што швейцарскія гвардзейцы падчас знаходжання ў Рыме пакліканы сведчыць веру.
Як інфармуе Ватыканскае радыё, Папа адзначыў, што ў Год веры рашэнне навабранцаў прысвяціць перыяд свайго жыцця служэнню Пантыфіку прама спалучана з вераю ў Бога. Па словах Святога Айца, прысутнасць швейцарскіх гвардзейцаў у Апостальскай Сталіцы з’яўляецца знакам сілы і прыгажосці Евангелля, якое ў кожныя часы кліча маладых, каб аддавалі сваю энергію служэнню. Папа заклікаў навабранцаў працягваць традыцыю перажываць сваю службу ў атмасферы братэрства, павагі, узаемадапамогі.
«Калі нехта з вас перажывае цяжкі момант, будзьце гатовыя выслухаць яго, быць побач», — заахвоціў папа Францішак і дадаў, што служба ў шэрагах швейцарскіх гвардзейцаў — магчымасць паглыбіць знаёмства з Хрыстом і Яго Евангеллем.
Святы Айцец заклікаў гвардзейцаў ва ўсіх абставінах быць сапраўднымі мужчынамі і сапраўднымі хрысціянамі. «Не забывайцеся, што Пан крочыць з вамі і заўсёды супрацоўнічае з намі», — дадаў Папа. (AG)
|