Пра значэнне паняццяў «каталіцкі» і «апостальскі» ў адносінах да Касцёла распавёў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі 17 верасня. Пантыфік нагадаў, што яшчэ ў першыя стагоддзі хрысціянства св. Кірыл Александрыйскі сцвярджаў, што «Касцёл называецца каталіцкім – гэта значыць паўсюдным – таму што раскінуўся з аднаго да другога краю зямлі; а таксама таму, што паўсюдна, і без выключэння, навучае ўсім праўдам, якія павінны дасягнуць розуму людзей, адносна як нябесных, так і зямных спраў».