“Вялікі пост – гэта спрыяльныя нагода, каб зазірнуць унутр сябе, выявіць свае самыя сапраўдныя духоўныя патрэбы і папрасіць дапамогі ў Пана ў малітве”, - адзначыў Папа Францішак перад нядзельнай малітвай “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра 23 сакавіка. Пантыфік разважаў над евангельскім урыўкам пра сустрэчу Езуса з самаранкай.
19 сакавіка, ва ўрачыстасць святога Юзафа, абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі, Папа Францішак заклікаў удзельнікаў агульнай аўдыенцыі паглядзець на святога як на прыклад выхавацеля, які абараняў і суправаджаў Езуса на шляху ўзрастання ў трох галоўных вымярэннях: мудрасці, гадах і ласцы.
“Дазвольце мне задаць вам адно пытанне. Ці чытаеце вы кожны дзень урывак з Евангелля? Некаторыя – так, некаторыя – не. Палова на палову. Гэта важна!” – падкрэсліў, звяртаючыся да сабраных вернікаў перад малітвай “Анёл Панскі” 16 сакавіка, Папа Францішак. Пантыфік заклікаў дзяліцца з іншымі, асабліва тымі, хто перажывае цяжкасці, досведам сваёй веры.
“Час Вялікага посту з’яўляецца спрыяльнай нагодай для ўсіх нас, каб ажыццявіць шлях навяртання”, - сказаў Папа Францішак у разважанні перад малітвай “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра 9 сакавіка. “Адновім абяцанні нашага Хросту: адмовімся ад сатаны і ад ўсіх яго дзеянняў і спакусаў, каб пайсці па шляху Бога і ў радасці Святога Духа прыбыць да святаў Пасхі”, - заклікаў Пантыфік.
Навяртанне з’яўляецца ўдзячным адказам на цудоўную таямніцу любові Бога, адзначыў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 5 сакавіка, у Папяльцовую сераду, якой пачынаецца Вялікі пост. Пантыфік назваў гэты перыяд “моцным часам”, які можа паспрыяць перамене і навяртанню, неабходным для выхаду з прывычнай стомленасці і лянівай прывязанасці да зла.
Не назапашваць багацці толькі для сябе, але ставіць іх на служэнне іншым - з такім заклікам звярнуўся да вернікаў, сабраных на плошчы св. Пятра, Папа Францішак перад нядзельнай малітвай “Анёл Панскі” 2 сакавіка.
Сакрамэнту намашчэння хворых прысвяціў казанне падчас агульнай аўдыенцыі 26 лютага Папа Францішак. Па словах Святога Айца, гэты сакрамэнт дапамагае дакрануцца да спачування Бога чалавеку, спрыяе больш шырокаму погляду на хваробы і пакуты, у перспектыве Божай міласэрнасці.
23 лютага Папа Францішак сустрэўся з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”. На плошчы св. Пятра прысутнічалі дэлегацыі з розных краін, якія прыбылі на ўрачыстасці, звязаныя з узвядзеннем новых кардыналаў. Пантыфік заклікаў вернікаў падтрымліваць сваіх пастыраў, суправаджаць іх малітвай і дапамагаць ім будаваць сапраўдны Хрыстовы Касцёл, у якім на першым месцы стаіць служэнне братам і мужнасць апраўдаць духоўныя чаканні і патрабаванні сучасных людзей.
Прыступаць да сакрамэнту пакаяння, які дае навяртанне і прымірэнне з Богам, сабой і братамі, заклікаў Папа Францішак 19 лютага падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра. У сваёй катэхезе Святы Айцец засяродзіўся на розных аспектах сакрамэнту.
“Езус не надае важнасці толькі дысцыплінарнаму выкананню і знешнім паводзінам. Ён ідзе да каранёў закона, звяртаючы ўвагу перадусім на інтэнцыі, значыць на сэрца чалавека”, - сказаў Папа Францішак падчас малітвы “Анёл Панскі” 16 лютага. Пантыфік патлумачыў, што значыць выконваць закон, і падкрэсліў, што яго асновай з’яўляецца запаведзь любові да Бога і бліжняга.
Задумацца, ці з’яўляецца ўдзел у Эўхарыстыі нечым большым, чым проста святочным момантам, традыцыяй або нагодай адчуць сябе ў парадку адносна Бога, запрасіў вернікаў падчас агульнай аўдыенцыі 12 лютага Папа Францішак. Паводле Святога Айца, “існуюць вельмі канкрэтныя сігналы” для таго, каб зразумець сваё перажыванне Эўхарыстыі.
На евангельскую сімволіку святла і солі, якая адносіцца да тоеснасці хрысціяніна, звярнуў увагу Святы Айцец падчас сустрэчы з вернікамі 9 лютага на малітве “Анёл Панскі”. Менавіта паслядоўнікі Хрыста, адзначыў Папа, павінны надаваць “смак” гэтаму свету, сёння як ніколі, і гэта павінна адбывацца праз сапраўднае сведчанне міласэрнасці.
З сакрамэнту Эўхарыстыі пачынаецца кожны сапраўдны шлях веры, адзінства і сведчання, адзначыў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі 5 лютага. Нягледзячы на халоднае надвор’е і дождж, на плошчы св. Пятра сабраліся тысячы пілігрымаў. Катэхезу Пантыфік прысвяціў сакрамэнту Эўхарыстыі, які знаходзіцца ў сэрцы “хрысціянскай ініцыяцыі” і разам з хростам і канфірмацыяй складае крыніцу жыцця Касцёла.
Маліцца за тых, якія далі адказ на пакліканне Езуса і рэалізуюць сябе ў манаскім жыцці, заклікаў вернікаў Святы Айцец падчас сустрэчы на малітве “Анёл Панскі” 2 лютага. Пантыфік нагадаў, што 2015 год будзе ў Касцёле прысвечаны асаблівым чынам кансэкраванаму жыццю.
“Гэты сакрамэнт мацней яднае нас з Хрыстом, прыводзіць да спаўнення нашу сувязь з Касцёлам, дае асаблівую сілу Святога Духа, неабходную, каб распаўсюджваць і бараніць веру, вызнаваць імя Хрыста і не саромецца крыжа”, - адзначыў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі 29 студзеня. Сваю трэцюю катэхезу на тэму сакрамэнтаў Пантыфік прысвяціў канфірмацыі.