Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Дамінік Мамбэрці сустрэўся з прэзідэнтам Кубы Раулем Кастро
22.06.2010 12:43
У нядзелю 20 чэрвеня 2010 г. Сакратар па адносінах з дзяржавамі Дзяржаўнага Сакратарыяту Апостальскай Сталіцы арцыбіскуп Дамінік Мамбэрці завяршыў шасцідзённы візіт на Кубу, прымеркаваны да 75-й гадавіны ўстанаўлення дыпламатычных адносін гэтай краіны з Ватыканам.

Кульмінацыяй візіту стала непрадугледжаная ў афіцыйнай праграме, аднак чаканая сустрэча з прэзідэнтам Кубы Раулем Кастро. Падчас сустрэчы было адзначана, што візіт высокага госця дазволіў засведчыць спрыяльную атмасферу і значны прагрэс у адносінах паміж дзяржавай і Касцёлам на Кубе.

У межах візіту ватыканскі іерарх прыняў удзел у мерапрыемствах «Сацыяльнага тыдня Касцёла», а ў мінулы чацвер узначаліў святую Імшу ў катэдральным касцёле Гаваны, падчас якой звярнуўся да прысутных у гаміліі.

Касцёл, па словах арцыбіскупа, мае свае сацыяльныя абавязкі. «Гэта клопат пра састарэлых, хворых і бедных, а таксама выхаванне духоўнасці, — адзначыў арцыбіскуп Мамбэрці. — Палітычная супольнасць і Касцёл аўтаномныя, дзейнічаюць у сваёй асабістай плоскасці, аднак яны абодвы закліканы служыць асабістаму і сацыяльнаму дабру чалавека. Супрацоўнічаючы, Касцёл і дзяржава змогуць з большай эфектыўнасцю выконваць сваю місію, а інструментам такога супрацоўніцтва якраз і з’яўляюцца дыпламатычныя адносіны. За мінулыя 75 год зносіны Ватыкана з Кубай ведалі ўзлёты і падзенні, прайшлі праз шмат іспытаў, а цяпер выйшлі на стабільны ўзровень. Аднак зрабіць у гэтай галіне трэба значна больш, чым ужо зроблена».

Напрыканцы свайго візіту ў Кубу старшыня Дзяржаўнага Сакратарыяту Апостальскай Сталіцы арцыбіскуп Дамінік Мамбэрці выказаў надзею на працяг дыялога Касцёла з кубінскай дзяржавай, плёны якога, на думку іерарха, ужо відавочныя.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.