Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Вена: надзея на далейшыя крокі ў каталіцка-праваслаўным дыялогу
23.09.2010 16:14
20 верасня 2010 г. у Вене (Аўстрыя) распачалося пасяджэнне Міжнароднай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Рыма-каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой. У працы камісіі, тэмай пасяджэння якой з’яўляецца роля біскупа Рыма ў Касцёле першага тысячагоддзя, удзельнічаюць каля 60 чалавек — прадстаўнікі вышэйшага духавенства і эксперты. Удзельнікі сустрэчы выражаюць надзею на дасягненне руху наперад у размовах.
 
Як адзначыў старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству арцыбіскуп Курт Кох, тэма пасяджэння была прапанавана Праваслаўнай Царквой, якая жадае працягваць дыялог у гэтай справе, распачаты падчас мінулай сесіі Камісіі ў Равэне (Італія) у 2008 г. Тады, без удзелу, аднак, Рускай Праваслаўнай Царквы, быў падпісаны дакумент, у якім зацвярджалася агульнае стаўленне раздзеленых з 1054 г. Цэркваў да пытання прымату Першага (Protos) Біскупа ў паўсюдным Касцёле.

Тэма прымату біскупа Рыма ахоплівае тры эпохі папства: у І і ІІ тысячагоддзях, а таксама бачанне яго будучыні ў ХХІ ст. 

У тым, што пасяджэнне ў Вене паспрыяе далейшым крокам у каталіцка-праваслаўным дыялогу, перакананы праваслаўны Мітрапаліт Аўстрыі (Канстанцінопальскі Патрыярхат) Міхал (Стаікас). Па словах іерарха, «раней ці пазней каталіцкія і праваслаўныя тэолагі павінны будуць знайсці вырашэнне гэтай праблемы». Як дадаў Мітрапаліт, ключавым з’яўляецца пытанне аб тым, ці будуць заакцэптаваны будучыя пастанаўленні лакальнымі Цэрквамі, а затым народам Божым на месцах, бо «ва ўсіх Касцёлах існуюць уплывы, якія выступаюць супраць экуменічнага руху».

22 верасня ўдзельнікі пасяджэння сустрэліся ў сталічнай ратушы Вены. Арцыбіскуп Венскі кардынал Крыстаф Шонбарн у сваёй прамове нагадаў, што праваслаўныя вернікі з’яўляюцца другой пасля католікаў супольнасцю ў Аўстрыі, і падкрэсліў блізкія сувязі многіх праваслаўных іерархаў з гэтай краінай. Таксама кардынал нагадаў аб нядаўнім візіце Патрыярха Сербскага Ірынея з нагоды 150-годдзя існавання сербскай праваслаўнай супольнасці ў Вене.

Каталіцка-праваслаўныя перамовы праходзяць за зачыненымі дзвярыма. 24 верасня адбудзецца прэс-канферэнцыя з удзелам кіраўнікоў камісіі з каталіцкага і праваслаўнага боку: арцыбіскупа Курта Коха і Мітрапаліта Пергамскага Іаана (Зізіўласа) з Канстанцінопальскага Патрыярхату. Пасяджэнне камісіі завершыцца 25 верасня ўрачыстай літургіяй ў сталічнай катэдры св. Стэфана. 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.