Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Іларыён аб выніках працы Міжнароднай камісіі па тэалагічным дыялогу
27.09.2010 17:02
Мітрапаліт Валакаламскі Іларыён, які прымаў удзел у пасяджэнні Міжнароднай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Рыма-каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой, што праходзіла ў Вене (Аўстрыя), паведаміў аб выніках працы камісіі. Старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату пракаментаваў заявы, зробленыя многімі СМІ, аб «прарыве» ў адносінах Цэркваў.
 
Па словах Мітрапаліта Іларыёна, чарнавая версія працоўнага дакумента камісіі, распаўсюджаная СМІ, не адлюстроўвае пазіцыю праваслаўнага боку па пытанні аб першынстве біскупа Рыма і можа разглядацца толькі як дапаможны матэрыял для далейшай працы. Раней дакумент быў падрыхтаваны каардынацыйным камітэтам камісіі і ў мінулым годзе абмяркоўваўся на Кіпры. Падчас пасяджэння ў Вене, як дадаў іерарх, шмат часу было прысвечана абмеркаванню гэтага тэксту. 

Па словах прадстаўніка Рускай Праваслаўнай Царквы, «крыцкі дакумент» мае выключна гістарычны характар, і ў ім амаль не ўзгадваюцца епіскапы іншых Цэркваў першага тысячагоддзя. «Акрамя гэтага, у дакуменце няма яснага і дакладнага сцверджання аб тым, што юрысдыкцыя біскупа Рыма ў І тысячагоддзі не распаўсюджвалася на Усход», — адзначыў Мітрапаліт, дадаўшы, што застаецца спадзявацца на запаўненне існуючых лакунаў пры дапрацоўцы тэксту. Такім чынам, канчатковае рашэнне аб статусе дакумента, як паведаміў іерарх, будзе вынесена на наступным пасяджэнні, г. зн. прыкладна праз два гады. Да таго ж часу будзе распрацаваны праект новага дакумента, які «будзе разглядаць тую ж праблематыку, але толькі з багаслоўскага пункту гледжання».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.