Касцёл патрабуе практыкуючых экзарцыстаў |
30.03.2011 11:58 |
Джузэппэ Феррары, сакратар Групы соцыа-рэлігійных даследаванняў і інфармацыі (GRIS) лічыць, што ў Касцёле не хапае кампетэнтных святароў, здольных дапамагчы людзям, уцягнутым у свет цёмнай сілы ці акультызму. Падобнае заяўленне прагучала падчас семінара «Экзарцызм і малітва вызвалення», які распачаўся 28 сакавіка 2011 г. у Рыме. Семінар арганізаваны Кангрэгацыяй Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў і праходзіць у Папскім універсітэце «Regina Apostolurum». Між іншым, навукоўца падкрэсліў, што сатаністы не паважаюць уласную годнасць, у той час як абрад экзарцызму цалкам пабудаваны на павазе да чалавечай годнасці. «Абрад выгнання нячыстай сілы, — адзначыў Феррары, — не дае ніякага эфекту, калі сам чалавек не пажадае вызваліцца ад апантанасці д’яблам». Італьянскі журналіст і пісьменнік Карло Клімаці спыніўся на праблеме «моладзевага сатанізму». Дакладчык заклікаў «дапамагчы святарам, катэхетам, бацькам і педагогам арганізаваць прафілактычную працу ў моладзевым асяроддзі, каб новыя пакаленні не станавіліся ахвярамі тых ці іншых небяспечных плыняў». |