Помнік Каралю Вайтылу ў цэнтры Масквы |
17.10.2011 16:30 |
14 кастрычніка 2011 г. каля Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі замежнай літаратуры імя М. І. Рудаміно ў Маскве быў адкрыты помнік Яну Паўлу ІІ. Манумент паўстаў у скверы сярод дваццаці двух бюстаў і помнікаў славутым дзеячам сусветнай культуры і мастацтва, у тым ліку Леанарда да Вінчы, Чарльза Дзікенса, Дзмітрыя Ліхачова і а. Аляксандра Меня. Ідэя ўставіць помнік Яну Паўлу ІІ у сталіцы Расіі з’явілася прыкладна паўтара гады таму ў асяродку свабоднай маскоўскай інтэлігенцыі. Галоўнымі натхняльнікамі ініцыятывы сталі генеральны дырэктар Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі замежнай літаратуры Кацярына Геніева і Рыгор Амнуэль, рэжысёр, сцэнарыст, палітык, грамадскі дзеяч і журналіст. Па словах Рыгора Амнуэля, думка пра ўстанаўленне помніка Вялікаму Папу з’явілася ў яго ў Рыме ў 2003 г., калі ён прымаў удзел у сустрэчы ў межах дэлегацыі «Еўрапейскага клуба» Расійскай Дзяржаўнай Думы. Момант сустрэчы са Святым Айцом, гэтым вялікім гуманістам і вялікім чалавекам, ён запомніў назаўсёды і, як сам ацэньвае, гэты момант стаў для яго адной з важных падзей у яго жыцці. Кацярына Геніева незадоўга да смерці Пантыфіка была прынята ім на прыватнай аўдыенцыі. «Калі я была ўдастоена высокай аўдыенцыі ў папы Яна Паўла ІІ незадоўга да яго смерці, саромеючыся, я ўсё ж такі задала яму пытанне: „Святы Айцец, чаму Вы вырашылі прыняць мяне? Ці не з-за таго, што я духоўная дачка а. Аляксандра?“ „Так, — адказаў ён, — але не толькі таму. Вашая бібліятэка робіць штосьці вельмі важнае. Вы з’ядноўваеце культуры, памяншаеце варожасць і нянавісць у свеце“». Папа Ян Павел ІІ горача жадаў наведаць Расію і, хоць пры жыцці не паспеў, аднак памяць пра яго жыве тут і сёння. Пра гэта сведчыць не толькі помнік, але і дошка ў маскоўскай катэдры, якая кажа пра ўдзел благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ у аднаўленні святыні, а таксама рэлікварый з кропляй яго крыві. |
Фотарэпартаж |