Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія арцыбіскупа Кандрусевіча падчас святой Імшы ў межах канферэнцыі «Евангелізацыя ў сучасных абставінах секулярызму»


Мінск, касцёл св. Сымона і св. Алены, 8 лістапада 2009 г.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, удзельнікі канферэнцыі «Евангелізацыя ў сучасных абставінах секулярызму».

1. Благаслаўлёныя тыя, хто да канца давярае сябе Богу і захоўвае ў сабе жывую веру. Гэтыя словы самі просяцца пасля таго, як мы выслухалі сённяшнія чытанні. Ці заўважылі мы, што першае чытанне і Евангелле нагадваюць пра ўдоў? У першым чытанні гутарка ідзе пра ўдаву, якая падзялілася сваёй ежай з прарокам Іллёй. Евангелле прадстаўляе ўдаву, якая ахвяравала ў скарбонку ўсё тое, што мела. Аўтар другога чытання да Габрэяў не ўжывае слова «ўдава». Аднак мы можам сказаць, што збаўчая смерць Езуса Хрыста на крыжы як быццам пакінула Ягоных вучняў удаўцамі, бо яны засталіся без свайго Настаўніка.

2. Ва ўсіх гэтых трох выпадках гаворка ідзе пра вялікую ахвяру. У першым чытанні ўдава, якая карміла прарока Іллю, верыла ў Бога Ізраэля, які забяспечыць яе патрэбы, дзякуючы чаму ні яна, ні яе сын не памруць з голаду. У другім чытанні Езус, ахвяруючы сябе за грахі свету, даверыўся свайму Нябеснаму Айцу, што Ён уваскрасіць Яго са смерці. У Евангеллі ўдава, якая ахвяравала ўсё, што мела, паверыла Богу, што Ён не пакіне яе адну і дапаможа вырашыць яе праблемы.

3. Ва ўсіх трох выпадках кожны, пра каго апавядалася ў Божым слове, быў благаслаўлёны паводле ягонай ахвяры. Удава і яе сын не засталіся галоднымі, бо кадушка мукі не скончылася, а збан алею не апусцеў. Езус сапраўды быў усхвалены праз свайго Айца, бо ў небе заняў месца праваруч Яго. Бедная ўдава ў прысутнасці Уцелаўлёнага Слова Езуса Хрыста аддала Богу ўсё, што мела. Яе ўчынак, запісаны ў Святым Пісанні, будзе заўжды вядомы ў Касцёле.

Бог заўсёды ўзнагароджвае тых, хто захоўвае ў сваім жыцці жывую веру. У яго ніхто не застаецца незаўважаным. Калі ты пакорны, ты будзеш заўважаны. Калі ты ганаровы, як кніжнікі, якія любяць хадзіць у доўгіх шатах, займаць першыя месцы ў сінагогах і прымаць прывітанні на рынку, таксама будзеш заўважаны, але атрымаеш асуджэнне з боку простых людзей. Калі ты пакорны, як удава з сённяшняга Евангелля, ты таксама будзеш заўважаны і Бог табе аддзячыць паводле тваёй ахвяры.

4. У другім сённяшнім чытанні гаворыцца, што Езус памёр адзін раз дзеля збаўлення чалавека сваёю дасканалай ахвярай. Яго ахвяра на Крыжы — як Баранка Божага — завяршыла час Старога Запавету Божага права і распачала час Новага Запавету, час Божай ласкі. І калі напрыканцы часоў Езус ізноў прыйдзе, то ўжо не будзе ахвяроўваць Сябе за грахі чалавецтва, але будзе судзіць жывых і памерлых. Ён будзе збіраць святых, якія даверыліся Богу, захавалі веру жывой і якія чакалі другога прыйсця Сына Божага.

Мы не можам забываць словы, якія Бог сказаў Абрагаму: «Я — Бог жывых, а не памерлых». Жывымі ў Бога з’яўляюцца тыя, хто сапраўды яму давярае і ёсць святлом свету, хто свеціць любоўю да Бога і людзей.

У небе няма месца не толькі для няверуючых, але таксама для індыферэнтаў або тых, хто не хоча захоўваць нормы хрысціянскага жыцця так, каб яны маглі быць прыняты Богам. Кніга Апакаліпсісу кажа пра гэта вельмі ясна: «Ведаю твае справы: ты ні халодны, ні гарачы. О, калі б ты быў халодны ці гарачы! Але таму, што ты цёплы, а не гарачы і не халодны, выплюну цябе з вуснаў Маіх» (Ап 3, 15–16). Цёплыя — гэта тыя, якія кажуць: «Я спавядаюся толькі раз у год, бо часцей не абавязкова. Я хаджу ў Касцёл на святы, можа, часам у нядзелю, бо ў будні дзень не абавязкова. Я жыву так, як жывуць усе іншыя, бо быць законнікам ці законніцай не абавязкова. Я не чытаю Біблію і не з’яўляюся актыўным членам нашай парафіяльнай супольнасці, бо гэта таксама не абавязкова» і г.д.

5. Адносна такіх адказаў св. Павел кажа: «Прашу вас, браты, праз літасць Божую: аддайце вашыя целы на ахвяру жывую, святую, прыемную Богу — на разумнае служэнне вашае. І не дастасоўвайцеся да гэтага веку, але перамяняйцеся праз абнаўленне розуму вашага, каб вы пазналі, якая воля Божая — добрая, прыемная і дасканалая» (Рым 12, 1–2).

Удава, якая карміла Іллю, ведала Божую волю. Бедная ўдава з сённяшняга Евангелля таксама ведала яе. Езус Хрыстус, Які ахвяраваў Сябе за нашы грахі, ведаў волю свайго Нябеснага Айца. Усе яны, напоўненыя Духам Божым, чынілі тое, што добра, прыемна і дасканала ў вачах Божых.

6. Гэтай святой Імшой завяршаецца канферэнцыя, прысвечаная евангелізацыі, падчас якой многа гаварылася пра саму евангелізацыю, рэлігійную адукацыю, выкарыстанне СМІ ў евангелізацыі і г.д., а таксама аб практычных яе аспектах.  Божае слова, якое мы пачулі і аб якім мы разважаем падчас святой Імшы, павінна пабудзіць нас да рэгенерацыі нашых хрысціянскіх абавязкаў адносна праблемы евангелізацыі, бо яшчэ так многа сэрцаў не ведае Евангелля.

Найперш мы павінны памятаць, што без Бога нічога не зможам зрабіць. Таму трэба аднавіць у сабе давер да Бога і ў ім пакласці нашу надзею, так, як гэта ўчынілі ўдовы з сённяшніх чытанняў і як учыніў гэта Езус Хрыстус. Далей, трэба апрануцца ў адзенне Божай ласкі і даверыцца дзеянню Духа Святога, каб стаць падобнымі да Хрыста і жыць жывой верай, бо не дастаткова, каб яна была толькі цёплай. Калі мы толькі цёплыя і індыферэнтныя, то якімі апосталамі, або сведкамі Евангелля, мы можам быць? І нарэшце, трэба памятаць пра наш хрысціянскі абавязак абвяшчаць Евангелле ўсім народам. Гэта мандат Езуса Хрыста, гэта нашае заданне, асабліва ў межах новай евангелізацыі, за якую адказныя ўсе — не толькі святары і кансэкраваныя асобы, але таксама і свецкія вернікі.

Касцёл заклікае ўсіх нас выканаць гэтую задачу з даверам, які меў Езус, калі ішоў выконваць волю свайго Нябеснага Айца, з даверам удоў, пра якіх гаворыцца ў сённяшніх чытаннях, а Бог учыніць новы цуд — праз нас занясе Евангелле ў самыя цёмныя куткі нашага грамадства. Амэн.

Адноўлена 07.11.2009 21:24
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі