Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі падчас Імшы ў межах дыяцэзіяльнай сустрэчы моладзі

Баранавічы. 24 сакавіка 2013 г., Пальмовая нядзеля. Год веры. 75-годдзе кананізацыі св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі.

Вітаю вас, дарагая моладзь, усіх тых, хто прыбыў на гэтую дыяцэзіяльную сустрэчу!

Урачыстай працэсіяй, паслухаўшы евангельскі ўрывак пра Муку Пана, мы распачалі Вялікі тыдзень. Перад намі праходзяць ўсе апошнія дні Пана нашага Езуса Хрыста. Пальмовая нядзеля — гэта апошні тыдзень жыцця Пана Езуса. Ён выходзіць з Бэтфагіі, праходзіць праз Аліўную гару, сыходзіць на самы дол кедравай даліны побач з базылікай Гетсіманіі. Праз усходнюю браму Ён уваходзіць у Ерузалем, дзе распачынаецца Яго крыжовы шлях. Яго паставяць перад вялікай радай, затым здрадзяць вучні, а Ён у Найсвяцейшай Эўхарыстыі пакіне асаблівы знак сваёй любові не толькі да тых, хто Яго акружаў, але і да ўсіх наступных пакаленняў, таксама і да нас. Мы ідзём за крыжам і затрымліваемся ля Яго пустой магілы. І ў гэты момант настае пасланне, якое нарадзіла хрысціянства. У Вялікім тыдні мы будзем яшчэ вяртацца да асобных сцэн, пададзеных рознымі Евангелістамі, затрымаемся над зместам, які нясе Пальмовая нядзеля.

Мы далучаемся да адзінай у гісторыі чалавецтва працэсіі, якая за Езусам-Валадаром крочыць праз усю людскую гісторыю да брамаў нябеснага Ерузалема. Працэсія, якая нагадвае словы «Гасанна Сыну Давіда!», якая апісвае не толькі тыя падзеі, але прыпамінае нам, што «благаслаўлёны той, хто прыходзіць у Імя Пана» (пар. Пс 118, 26). Гэтыя словы скіраваны да нас, да кожнай супольнасці, да ўсіх тых, хто з’яўляецца Хрыстовым вучнем. Тая працэсія стала падрыхтоўкай да іншай, якая ідзе праз вякі. Так, як тады ў Ерузалеме, уздоўж дарогі стаялі гледачы, якія назіралі за асуджаным, сачылі за ім з нянавісцю, як за самазваным Каралём Давідавым. А за Езусам ішлі толькі тыя, хто заўважыў у Ім сапраўднага Караля — Месію. Сваім спевам яны праяўлялі радасць, вызнавалі сваю веру і сваё «так», выказваючы такім чынам сваю гатоўнасць ісці туды, куды Ён пойдзе. Праўдападобна, яны не ведалі, якім будзе канец той працэсіі, да якой яны далучыліся.

Каталіцкі Касцёл перажывае Год веры. У Апостальскім лісце «Porta fidei» («Брамы веры») чытаем: «Дзякуючы веры мы можам распазнаваць аблічча Уваскрослага Пана...» Аднак сучасны чалавек часта аказваецца на раздарожжы: ён прымае трыумф з Пальмовай нядзелі Хрыста, але нашмат цяжэй яму прыняць Муку Пана на Галгофе ў Вялікую пятніцу. Сучасны чалавек прагне забаў і праз іх ён уцякае ад крыжа. Ён шукае Бога, які чыніць цуды: аздараўляе хворых, размнажае хлеб — але не ўспрымае Бога, які церпіць за грахі многіх.

Чаму мы хочам, каб Бог адрозніваўся ад некаторых праяўленняў моды,  ад паводзінаў, якія пагарджаюць чалавечай годнасцю? Чаму хочам, каб Ён адрозніваўся ад рынкавых адносін, ад дэмаралізуючых дыскатэк, ад рознага тыпу залежнасцяў? Многія святыя адкрылі, што Бог цалкам адрозніваецца ад іх ранейшых уяўленняў. Яны зразумелі, што ім неабходна быць іншымі, што яны павінны навучыцца стылю Бога. Такім быў святы мучанік Андрэй Баболя, апякун нашай дыяцэзіі, апостал Палесся, 75-годдзе кананізацыі якога мы адзначаем у гэтым годзе. Яго кананізацыя адбылася 17 красавіка 1938 года ў Рыме, у першую нядзелю пасля Вялікадня. Мы рыхтуемся адзначыць гадавіну кананізацыі святога Андрэя спачатку ў Пінску — 15 мая, а пасля ў Іванаве Палескім — 16 мая, на месцы яго мучаніцтва. Запрашаю ўсіх вас на малітву туды, дзе прапаведаваў святы апякун нашай дыяцэзіі, каб месцы яго асаблівай прысутнасці дадалі нам веры ў выпрабаваннях.

Скажыце, ці вы задумваліся ўвогуле над тым, каб, кіруючыся верай у жыцці, вучыцца стылю Бога? Ці задумваліся, што варта быць іншым ад усяго прыніжаючага і асмейваючага годнасць чалавека? Ці вы можаце адважыцца быць далёкімі ад граху, ад зла, ад залежнасцей? Ці хочаце быць свабоднымі ад усяго гэтага?

Святы Павел у Пасланні да Філіпянаў пісаў, што «Езус Хрыстус, будучы ў постаці Бога, не палічыў патрэбным быць нароўні з Богам, але выракся самога сябе, прыняўшы постаць слугі, прыпадобніўшыся да людзей. І з выгляду стаўшы, як чалавек, прынізіў сябе, будучы паслухмяным ажно да смерці, смерці крыжовай. Таму Бог узвысіў Яго і даў Яму імя па-над усялякае імя» (Флп 2, 6–9). Нашая перамена пачынаецца ў Бэтлееме: мы ўглядаемся ў крыж, крочым насустрач змёртвыхпаўстанню. А Пан Бог заўсёды побач з намі. І гэта, напэўна, адбываецца тады, калі мы пачынаем Яго адкрываць, пачынаем вучыцца Божаму стылю ў жыцці. Гэты стыль з практычнага боку паказвае нам Езус Хрыстус, «стаўшы падобным да людзей» (Флп 2, 6), св. Марыя, св. Юзаф, апосталы, Вераніка і нават Сымон Кірынеец. Ці выбіраем мы іх сабе за прыклад?

Яны стараліся памятаць аб тым, кім з’яўляецца Езус Хрыстус для чалавека, з усёй таямніцай Уцелаўлення, Нараджэння, Укрыжавання і Змёртвыхпаўстання. І такі Езус паўстае сярод нас. Ён вельмі блізка. Ён прабывае сярод нас у постаці хлеба. Хоча злучыцца, з’яднацца з намі, каб быць нам дапамогай, зоркай-спадарожніцай у змрочныя і цёмныя часы, пасілкам і вадой падчас голаду і смагі, і перш за ўсё надзеяй, калі навокал яе няма.

У таямніцы Эўхарыстыі Пан Езус хоча быць даступны для нас усіх. Кожнага з нас Ён запрашае да ўдзелу ў гэтым найпрыгажэйшым з усіх спатканняў, якое з’яўляецца жыццём і сустрэчай, смерцю і змёртвыхпаўстаннем, і — што найважнейшае — адкрыць узнёслую праўду пра чалавека.

Таму кожная Эўхарыстыя — гэта найважнейшая падзея, у якой мы можам прыняць удзел. І таму не дзіўна, што зло робіць усё, каб адарваць моладзь ад Эўхарыстыі. Той, хто адыходзіць ад гэтай крыніцы жыцця, становіцца асуджаным на залежнасць, на цемру і загубленасць.

Бэнэдыкт XVI навучаў: «Не дазвольце адвесці вас ад удзелу ў нядзельнай Эўхарыстыі і дапамажыце іншым адкрыць яе». Таму будзем старацца навучыцца гэтай Божай «іншасці». Нядзельная Эўхарыстыя не можа быць для нас ні цяжарам, ні непасільным абавязкам. Эўхарыстыя з’яўляецца крыніцай, глыбінёй, праўдай, самім жыццём і таму — Любоўю, Езусам Хрыстом. Эўхарыстыя таксама з’яўляецца намі, кожным з нас, дарагія дзяўчаты і дарагія хлопцы. Вось якая веліч і моц Эўхарыстыі. Хрыстус злучаецца з намі, а мы з Ім. Такі найглыбейшы сэнс Эўхарыстыі. Гэта і ёсць нашая рэалізацыя Хрыстовага закліка «выплыві на глыбіню» (пар. Лк 5, 4). Няма больш значнай глыбіні за тую, якую Езус выслужыў на Крыжы, а нам пакінуў у Эўхарыстыі.

Крыж і Эўхарыстыя дапамагаюць нам з упэўненасцю глядзець угору. Ідзём з Езусам на гару, якая з’яўляецца не толькі месцам пакарання, але і прадчуваннем нябеснага Ерузалема. Народ спытае: «Хто стане на Святой Гары?» А Пан Бог адкажа: «Чалавек з беззаганнымі рукамі і чыстым сэрцам». Бэнэдыкт XVI дадае каментарый: «Хто ж яны — з беззаганнымі рукамі і чыстым сэрцам? Чыстыя рукі маюць тыя, хто вольны ад насілля і крыўды. Гэта рукі не заплямленыя карупцыяй, хабарам, крадзежам і іншымі грахамі і чалавечымі падзеннямі. Чыстае сэрца — гэта сэрца празрыстае, якое нічога не ўтойвае, у якім няма ніякага крызісу і цені крывадушнасці. Гэтае сэрца, як крынічная вада, сэрца свабоднае ад хлусні і прытворства, але таксама пануючае над пачуццямі, падобнае да скарбніцы дабра і любові.  

Бэнэдыкт XVI вучыў, што той, хто адкрыў Эўхарыстыю, павінен прывесці да яе іншых. Нельга толькі для сябе захаваць такую радасць. Неабходна ёю дзяліцца (Кёльн, 21 жніўня 2005).

Важнасць такога закліку мы зразумеем тады, калі паглядзім навокал. У сучасным свеце можна заўважыць дзіўнаю з’яву — пра Бога забываюць. Некаторым здаецца, што ўсё адбываецца без Яго. І гэтаму перакананню спадарожнічае фрустрацыя, незадаволенасць усім і ўсімі. Хочацца закрычаць: нельга так жыць! (Бэнэдыкт XVI, Кёльн, 21 жніўня 2005).

Нельга жыць так, як паказваюць некаторыя сусветныя сродкі масавай камунікацыі, якія спакушаюць наркотыкамі, алкаголем, эротыкай. Так жыць нельга. Таму, кіруючыся верай, дапамажыце тым, хто хоча выйсці з залежнасці, але ім не хапае сілаў. Будзьце як Сымон Кірынеец, як Вераніка, якія знайшлі сілы, каб дапамагчы.

Па сваёй прыродзе Касцёл з’яўляецца місійным. Таму заўсёды для хрысціяніна актуальныя словы Хрыста: «Ідзіце і абвяшчайце народам Евангелле» (пар. Мк 16, 15). Ян Павел ІІ казаў да моладзі: «Існуюць месцы і сітуацыі, у якія толькі вы, ідучы з верай праз жыццё, можаце занесці зерне Божага слова. Не бойцеся прапанаваць Езуса тым, хто Яго яшчэ не пазнаў. Хрыстус з’яўляецца найбольш поўным адказам на ўсе пытанні, якія датычыць чалавека і яго прызначэння. Без Яго чалавек застанецца неразгаданай загадкай» (Пасланне на VII Сусветны дзень моладзі, 12 красавіка 1992). Вашыя бацькі і дзяды ў часы ночы атэізму не толькі захавалі веру і перадалі яе вам, але змаглі запаліць святло веры ў многіх з тых, хто сышоў з гэтай вузкай сцежкі да неба. І нам Бог дае ласку давесці да веры тых, хто яшчэ блукае ў пошуках Бога.  

Гэта вельмі пільнае заданне, таму што зло не спіць. Злы дух, як той непрыязны чалавек з Евангелля, які ўначы насеяў асоту ў полі пшаніцы. Ён імкнецца рознымі спосабамі аслабіць альбо знішчыць веру. Благаслаўлёны Ян Павел ІІ аб гэтым пісаў так: «Фальшывыя настаўнікі жыцця, якіх шмат і ў сучасным свеце, прапануюць сродкі, якія не толькі не насычаюць, але часта абвастраюць і ўзмацняюць жаданні, якія выпальваюць душу чалавека. Хто ж зможа вымераць і споўніць яго жаданні? Хто, як не Той, які з’яўляецца Аўтарам жыцця, можа заспакоіць жаданне, якое Ён сам паклаў у яго сэрца?» (Дэнвер, 10 жніўня 1995).

Нялёгка чалавеку справіцца самому з тым, што яму прапануецца і што можа здарыцца ў маладосці. Таму трэба, як заклікаў Бэнэдыкт XVI моладзь у Кёльне, фармаваць моладзевыя групы, заснаваныя на веры, якія свой фундамент маюць у Езусе Хрысце. Ёсць шмат моладзевых арганізацый і асяродкаў. Але чаму гэта так важна? Бо з гісторыі вядома, што большасць з тых, хто не верыў у Бога, ненавідзеў таксама і жыццё, бо жыццё — гэта дар Божай любові. І адсюль прыходзяць пагрозы і спробы адарваць любоў ад жыцця, а потым нішчыць і адно, і другое. Немагчыма адарваць жыцця ад любові. Але ці ведаюць аб гэтым у свеце тыя, хто атакуе жыццё, добрае выхаванне, сям’ю?

Малады чалавек можа адчуваць сябе самотным, калі згубіцца ў часе і культуры, калі адарвецца ад крыніцы, вытокаў веры. Святое Пісанне нагадвае: «Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае» (Ян 3, 16). Дарагая моладзь! Езус прысутнічае ў Найсвяцейшым Сакрамэнце дзеля таго, каб вы мелі вечнае жыццё. Па прыкладу натоўпу, які вітаў Езуса ў Пальмовую нядзелю, па прыкладу мільёнаў людзей на працягу стагоддзяў, якія ішлі да Яго, наведвайце Яго часта, але толькі шчыра. Часта з Ім размаўляйце. Часта запрашайце Яго да сябе. Ён вам дапаможа адкрываць поўны вобраз свету, палюбіць стыль жыцця, які мае сэнс, поўны шчырай радасці і духоўнай свабоды. Няхай у месцы вашага пражывання на важным месцы будзе змешчаны крыж. Зрабіце тут такую пастанову. Няхай яна будзе пальмавай галінкай, якую мы прынясем Езусу як Каралю і як Укрыжаванаму, прысутнаму сярод нас. Будзьце жывымі галінкамі Касцёла, будзьце галінкамі поўнымі пладоў. Займіце вашае месца ў Касцёле, якое з’яўляецца не толькі месцам адрасата душпастырскай апекі, але найперш дзейсным удзельнікам Яго місіі. Касцёл — ваш! Гэта вы з’яўляецеся Касцёлам. Прыміце Касцёл з усім яго духоўным багаццем. Прыміце яго ў асобах вашых біскупаў, святароў, дыяканаў,.. а таксама братоў па веры. Прыміце яго з верай і любоўю (Пасланне Яна Паўла ІІ на V Сусветны дзень моладзі, 5 красавіка 1990).

Гэта Касцел, які мужнеў пад крыжам. Гэта Касцёл, які атрымаў надзею Змёртвыхпаўстання.

Гэта Касцёл на нашай беларускай зямлі, які заўсёды быў з яе жыхарамі — у долі і ў нядолі. Гэта пінскі Касцёл, які на Палессі даў сведчанне веры, запісанае крывёю. Гэта Касцёл, які ніколі не пакінуў і не пакіне чалавека, бо гэта Касцёл Езуса Хрыста і Яго Маці — Найсвяцейшай Дзевы Марыі, святога Андрэя Баболі і Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага, які памёр у Вялікую суботу ў 1932 годзе, Касцёл благаслаўлёнага папы Яна Паўла ІІ. Гэта Касцёл, у якім сведчанне далі кс. Вацлаў Пянткоўскі, кс. Ежы Росяк і кардынал Казімір Свёнтэк. Сотую гадавіну народзін апошніх двух душпастыраў мы рыхтуемся адзначыць у наступным годзе. Гэта Касцёл папы Бэнэдыкта XVI, папы Францішка. Гэта ваш Касцёл.

Адноўлена 25.03.2013 14:34
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі