Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Айцец Васіль Ягораў пра акцыю ў абарону жыцця «Ад акіяну да акіяну»
Інтэрв'ю
28.07.2012 19:05

У межах Міжнароднай кампаніі «Ад акіяну да акіяну» ў абарону жыцця на Малітоўную сустрэчу моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Івянец завітала копія абраза Маці Божай Чэнстахоўскай. Дагэтуль пабывала яна ў 16 гарадах Беларусі, а ў цэлым аўтапрабег ахопіць 23 краіны. Пра акцыю чытачам Catholic.by распавядае а. Васіль Ягораў, супрацоўнік дабрачыннага фонду абароны жыцця і сям’і «Адкрытыя сэрцы».

— Раскажыце, калі ласка, у чым сутнасць акцыі?

— Галоўным арганізатарам акцыі з’яўляецца каталіцкі фонд «Human Life International», а ў нашай краіне яна праходзіць пад апекай Праваслаўнай Царквы і фонду «Адкрытыя сэрцы». Кампанія распачалася 15 ліпеня ва Уладзівастоку і завершыцца ў снежні ў партугальскай Фаціме.

Яе сэнс у тым, каб прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемы абароны жыцця і традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, якая актуальна ва ўсім свеце, асабліва ў Еўропе і тым больш у Беларусі.

Ядро акцыі заключаецца ў інфармаванні. Бо шмат пра што мы не ведаем і не задумваемся. З іншага боку людзям патрэбна жывое сведчанне.

— Як звычайна выглядае акцыя? Што ў сябе ўключае?

— Акцыя, заключаецца не толькі ў аўтапрабегу, яна мае ў сябе таксама малітву, семінары з удзелам грамадскіх арганізацый, прадстаўнікоў улады, раздачу брашур і размову з людзьмі (калі ў іх ёсць такое жаданне). Падчас аўтапрабегу машыны рухаюцца па гарадах павольна, каб прахожыя маглі паспець прачытаць тое, што напісана на бартах аўто і транспарантах.

— Якім чынам акцыя кажа людзям (нехрысціянам, не ўдзельнікам пралайф арганізацый) пра тое, што эмбрыён — гэта чалавек і не маем права яго забіваць?

— З уласнага вопыту магу сказаць, што з такімі людзьмі вельмі складана размаўляць. Кажучы аб праблеме аборту, мы звяртаемся да сумлення людзей. Мы кажам, што аборт — гэта ўжо лагічны вынік спосабу жыцця. Уся праблема ў нашай ментальнасці, сфармаванай дзесяцігоддзямі савецкай ідэалогіі. Беларусь (у складзе СССР) першая ў свеце легалізавала аборты пасля рэвалюцыі. А ўлады прывучылі лічыць ненармальным толькі тое, што незаконна. Калі ж аборт у нас не забаронены, то цяжка распавесці людзям пра яго зло.

Усё пачынаецца з эгаізму. У наш час з развіццём навукі аборт прымае іншыя формы: абартыўныя кантрацэпцыйныя сродкі, медыкаментозныя аборты. Адмовіцца ад дзяцей можна па-рознаму, і навука абавязкова прыдумае для гэтага яшчэ што-небудзь. Мы пачалі раздзяляць дар сексуальнасці ад дару бацькоўства, дару нараджэння. Але Бог стварыў усё па-іншаму: Ён дае жыццё і запрашае чалавека да супрацоўніцтва ў гэтай ТАЯМНІЦЫ. Таму важна казаць людзям, што неабходна бараніць жыццё, казаць пра яго каштоўнасць. І казаць на іх мове.

— Як думаеце, ці можна ўжо казаць пра пэўныя вынікі аўтапрабегу?

Плады мы будзем пажынаць пазней. І галоўным паказчыкам стане каэфіцыент нараджальнасці. У нас ён цяпер — 1,5. Мінімальны каэфіцыент для аднаўлення пакаленняў павінен быць 2,1 (бо хтосьці не зможа мець дзяцей, хтосьці памрэ ў маладым узросце). Калі Бог казаў: «пладзіцеся і множцеся», тым самым Ён паказаў дарогу да нашага сямейнага шчасця.

Дзве трэція сем’яў Беларусі — аднадзетныя, 34% сем’яў маюць два дзіцяці, і толькі 5% — трое і больш дзяцей. Калі ў савецкі час стандартам было два дзіцяці ў сям’і, то цяпер — адно. Маем таксама крызіс адказнага айцоўства. Дарэчы, мэтавай аўдыторыяй аўтапрабегу з’яўляюцца мужчыны. На жаль, сёння частай прычынай абортаў з’яўляецца неадказнасць бацькі.

Мы ведаем, што займаемся Божай справай. Мы — сведкі веры, рыцары Евангелля. Таму верым і ведаем, што з’яўляемся «рукамі Божымі». Дапамагчы ў гэтай справе можа кожны па меры сваіх здольнасцяў: ці праз малітву, ці праз канкрэтнае дзеянне.

— Чаму Вас турбуе абарона жыцця?

— Увогуле маё асноўнае служэнне — магілёўская грэка-каталіцкая парафія. Але, бачачы складаную сітуацыю нашых сем’яў, не магу маўчаць, хоць, канечне, і не крычу аб гэтым на кожным кроку. Адчуваю ў гэтым сваё пакліканне. Калі не мы, то хто?

Хрысціяне павінны казаць, інакш іх пазіцыю не пачуюць. І так нічога ніколі не зменіцца. Калі мы супраць абортаў, штучнага запладнення і можам абгрунтаваць сваю пазіцыю, то трэба актыўна выказваць сваю пазіцыю на розных узроўнях. Кожны на сваім месцы: святар, урач, журналіст ці хатняя гаспадыня можа абараняць дар жыцця.

Часам заканадаўства змяняе ментальнасць, але і мы, сваёй хрысціянскай ментальнасцю, можам змяніць законы, а значыць і адносіны іншых, у тым ліку да праблемы абароны жыцця.

— Дзякуй за размову!

Гутарыла Святлана Жылевіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.