Музычнай майстэрні ў Івянцы — 10 гадоў |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
28.07.2012 16:51 |
З 23 па 27 ліпеня ў Івянцы прайшла Музычная майстэрня. Ужо дзесяць гадоў сюды прыязджаюць тыя, хто жадае дзяліцца вопытам у сферы літургічнага спеву, распрацоўваць уласныя матэрыялы, далучаць маладых людзей да творчасці. Музыканты і спевакі з польскіх парафій дзеляцца сваім музычным вопытам у сферы касцёльнай музыкі і заахвочваюць маладых людзей Беларусі да творчай працы ў накірунку развіцця рэлігійнага спеву. Ініцыятарам і арганізатарам майстэрні ў Івянцы з’яўляецца культурны дзеяч і музыкант спадар Ян Паспяшальскі (Польшча). «Для тых, хто займаецца музыкай, майстэрня — гэта цудоўная магчымасць спазнаць штосьці новае, а пасля дзяліцца атрыманымі ведамі і навыкамі ў парафіі, — дзеліцца сваімі ўражаннямі Эльвіра Міхайлоўская з Ашмянаў. — А па-другому, гэта своеасаблівыя духоўныя рэкалекцыі, на якіх мы вучымся праслаўляць Пана спевам. Сама я медсястра па адукацыі, але час майстэрні дае мне магчымасць развіцця сваіх іншых талентаў». Дзень на майстэрні распачынаецца малітвай. Пасля ўдзельнікаў чакаюць майстар-класы па харавым і сольным спеве, дырыжыраванні, кампазіцыі, тэатральным майстэрстве. А ўвечары ўдзельнікі аздабляюць Імшу спевам і ігрой на музычных інструментах. Сёлета ў гэтых занятках удзельнічалі 130 чалавек з розных куточкаў Беларусі. Сярод іх — арганістка з Гальшанаў Наталля Каспяровіч, якая прыехала ў Івянец ужо ў дзясяты раз. Для яе майстэрня стала своеасаблівымі курсамі, якія дапамагаюць у працы ў парафіі. Сюды яна прывозіла ўдзельнікаў парафіяльных хораў, а цяпер з ёй прыязджае сястра і дачка. На яе думку, майстэрня дапамагае раскрыцца, не баяцца дэманстраваць свае здольнасці і дзяліцца імі з іншымі, а таксама вучыць больш глыбока перажываць святую Імшу. А яшчэ наводзіць кантакты з іншымі і быць супольнасцю. «Тут няма дзялення па ўзросце і няважна, якую пасаду ты займаеш, бо ўсе роўныя», — дадае 60-гадовая ўдзельніца майстэрні Данута Міхайлоўская. «З кожным годам дадаецца штосьці новае. Напачатку мы толькі вучыліся спевам, цяпер маем шмат майстар-класаў, якія ўсё часцей праводзяць беларусы», — узгадвае Наталля Каспяровіч. Спадарыня Зося Баркоўская, дырыжор з Варшавы, адзначае, што цяпер палякі дзеляцца з беларусамі ведамі, а беларусы з палякамі сваім запалам. Аднак у будучыні плануецца, каб майстэрню праводзілі самі беларусы. Па яе словах, у іх ёсць на гэта таленты і магчымасці, не хапае толькі крыху смеласці. Сімвалічна, што сёлета праца юбілейнай майстэрні завяршылася не традыцыйным канцэртам, а спевам на адарацыі копіі абраза Маці Божай Чэнстахоўскай. Як жартуюць самі ўдзельнікі сустрэчы, такім чынам Бог нагадаў ім пра першаснае прызначэнне майстэрні — музычнае аздабленне літургій. Святлана Жылевіч |