Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Івянцы распачалася Малітоўная сустрэча моладзі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
27.07.2012 20:23

Каля 500 маладых людзей з усіх дыяцэзій Беларусі сабраліся ў Івянцы 27 ліпеня на малітоўную сустрэчу. Сёлета яна прысвечана тэме «Я — рыцар Евангелля», а з нагоды 90-годдзя прыбыцця св. Максімільяна Кольбэ ў Гродна пэўны час будзе прысвечаны знаёмству ўдзельнікаў сустрэчы з жыццём і дзейнасцю свайго апекуна.

Урачыстае адкрыццё сустрэчы ажыццявіў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. Арцыпастыр заклікаў моладзь быць тымі, хто нясе веру ў школы, універсітэты, месцы працы.

«Сёння мы кажам пра многія крызісы: фінансавы крызіс, крызіс сям’і, — але ва ўсіх іх адна прычына — крызіс веры (...). Таму мы павінны быць рыцарамі Евангелля і не баяцца выклікаў часу. Жадаю ўсім вам моцы Духа Святога, каб адсюль вы ўехалі сапраўднамі абаронцамі Хрыста і веры»,— адзначыў Мітрапаліт .

Праграма першага дня сустрэчы звязана з прыбыццём копіі абраза Маці Божай Чэнстахоўскай, якая ў малітоўным аўтапрабегу «Ад акіяну да акіяну» з 13 па 23 ліпеня пабывала ў 16 гарадах Беларусі. Дадзеная акцыя прысвечана абароне жыцця і пройдзе ў 23 краінах свету. Івянец стаў 17 горадам у нашай краіне, у якім прайшла пралайф-акцыя. Далей яна працягнецца ў Латвіі, Літве, Польшчы і іншых краінах Еўропы — да Фацімы ў Партугаліі, дзе абраз апынецца ў снежні 2012 года.

«Гэта экуменічная ініцыятыва, якая супрацьстаіць выклікам сучаснасці, з’яўляецца яшчэ адным крокам да развіцця адносін паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой. Марыя, тая ж самая для ўсіх хрысціянаў Божая Маці, усіх нас аб’ядноўвае ў сваім клопаце аб дары жыцця», — адзначыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, вітаючы цудоўны абраз.

«Выпрасі нам у свайго Сына ласку быць сапраўднымі Рыцарамі Евангелля жыцця, яго бараніць і развіваць. Перафразоўваючы словы Вялікага Папы благаслаўлёнага Яна Паўла II, дапамажы нам зразумець, што калі Беларусь  хоча быць вялікай, то павінна берагчы жыццё», — маліўся арцыпастыр.

Сустрэча павінна дапамагчы маладым людзям стаць не толькі рыцарамі Евангелля, але і пазнаёміцца з традыцыямі сапраўдных сярэднявечных рыцараў. Заўтра тут адбудзецца рыцарскі вечар са спевамі і танцамі.

Святлана Жылевіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.