Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Аўтапрабег «Ад акіяну да акіяну» ў Беларусі. Як гэта было
Беларусь
27.07.2012 10:47

Малітоўны аўтапрабег «Ад акіяну да акіяну» 13–23 ліпеня прайшоў па 16 гарадах Беларусі. Абраз Маці Божай Чэнстахоўскай, які ішоў на чале гэтага незвычайнага Крыжовага шляху, пераадолеў больш за 3200 км па беларускіх дарогах.

Аўтапрабег суправаджала група абаронцаў жыцця, якую па аналогіі «Валадара кольцаў» так і хочацца назваць «Братэрства Абраза». У яе ўвайшлі дырэктар Цэнтра падтрымкі сям’і і мацярынства «Матуля» праваслаўны святар Павел Сярдзюк, дырэктар Інстытута дэмаграфічных даследаванняў з Масквы Ігар Белабародаў, акушэр-гінеколаг, загадчыца аддзялення акушэрства і гінекалогіі Барысаўскага медыцынскага каледжа Святлана Мазгунова, супрацоўнік Цэнтра развіцця адукацыі БДУ Таццяна Тарасевіч і дырэктар фонду «Адкрытыя сэрцы» Уладзіслаў Валаховіч. Наша «Братэрства» не толькі суправаджала абраз на двух мікрааўтобусах, але і праводзіла лекцыі для медыкаў, педагогаў і ўсіх зацікаўленых у тых гарадах, дзе абраз спыняўся. Гэта дазволіла пазнаёміцца з многімі людзьмі, якія выразна разумеюць, што ў гэтым свеце толькі сумеснымі намаганнямі можна справіцца з цывілізацыяй смерці, якая сёння больш за ўсё атакуе нас праз аборты, кантрацэпцыю і распад сем’яў.

Такім чынам, была прадпрынята першая спроба аб’яднаць многіх абаронцаў жыцця Беларусі, каб разам будаваць цывілізацыю любові і жыцця і абараняць нашыя сем’і ад сучасных разбуральных з’яваў.

Кожны пункт на трасе аўтапрабегу запомніўся чымсьці асаблівым. Полацк, Верхнядзвінск, Міёры, Шаркаўшчына і Глыбокае — асабліва цёплым прыёмам вернікаў. У Лідзе быў вельмі доўгі аўтапрабег, які закрануў амаль усе вуліцы горада. У Гродне аўтапрабег быў прадстаўлены калонай байкераў, у якой ехаў і праваслаўны святар. У Брэсце намаганнямі братэрства Св. Афанасія абраз познім вечарам 16 ліпеня патрапіў у самае сэрца Брэсцкай крэпасці — сабор Св. Мікалая. У Баранавічах 17 ліпеня аўтапрабег сустракалі сотні вернікаў на чале з арцыбіскупам Пінскім і Лунінецкім Стэфанам, у галоўным храме горада адбылася ўрачыстая літургія.

У Мінску 18 ліпеня абраз сустракалі ў прыходзе Св. Мікалая Японскага, а ўвечары адбыўся канцэрт гурта «Пелагея».

У Барысаве 19 ліпеня аўтапрабег суправаджала перасовачная званіца, увесь горад прачнуўся ад званоў, а на плошчы перад палацам культуры, дзе прайшоў малебен, сабралося некалькі тысяч чалавек.

У Магілёве 20 ліпеня адбылася знамянальная падзея — Крыжовы шлях з абразом вакол бальніцы, дзе валанцёры «Адкрытых сэрцаў» ужо тры з паловай гады моляцца і кансультуюць жанчын перад абортам. Тое, што ўдалося правесці такі Крыжовы шлях і малебен на прыступках бальніцы, — практычна цуд, несумненны плён духоўнай працы.

Гомель 21 ліпеня пабіў усе рэкорды па ўрачыстасці аўтапрабегу. Абраз сустракала калона байкераў (як у Гродне), перасовачная званіца (як у Барысаве) і прызначаны нядаўна епіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан. Увесь нядзельны дзень многія людзі прыходзілі ў Свята-Петрапаўлаўскі сабор да абраза Маці Божай Чэнстахоўскай.

Зараз абраз знаходзіцца ва Украіне, але ў Беларусь патрапіць яшчэ раз, 27 ліпеня, на сустрэчу моладзі ў Івянцы, які стане 17-м горадам на трасе аўтапрабегу «Ад акіяну да акіяну» ў нашай краіне. Далей пралайф-акцыя працягнецца ў Латвіі, Літве, Польшчы і іншых краінах Еўропы — да Фацімы ў Партугаліі, дзе абраз апынецца ў снежні 2012 года. Ужо цяпер ясна, што гэтая акцыя прынясе багатыя духоўныя плёны, а дзякуючы міжнароднаму маштабу і добраму асвятленню ў СМІ ёсць надзея на тое, што наш заклік да захавання жыцця зачатых дзяцей і традыцыйнай сям’і будзе пачуты.

Уладзіслаў Валаховіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме