Як у Івянцы вучыліся быць рыцарамі Евангелля (дададзены фотарэпартаж) |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
29.07.2012 12:55 |
Рыцар — сярэднявечны ганаровы тытул у Еўропе (азначэнне з «Вікіпедыі»). А яшчэ ім называюць самаадданага і высакароднага чалавека. Вось толькі сёння ўсё часцей можна пачуць, што рыцараў у наш час застаецца менш і менш, і дзе шукаць іх, невядома. Сёлетняя сустрэча моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Івянцы стала своеасаблівай школай рыцарства для тых, хто жадае быць абаронцам Евангелля. Тут для моладзі былі арганізаваны канферэнцыі, тэматычныя круглыя сталы, рыцарскі вечар, музычны канцэрт, і, канечне, пэўны час быў прысвечаны малітве. Рыцарства ў наш час Ці магчыма ў наш час быць рыцарам, дамай сэрца? Ці наш час зусім іншы і гэтае пытанне неактуальнае? Адказ на яго моладзі даў біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін. На думку іерарха нельга казаць, што наш час дрэнны, бо «час — гэта мы». «Будзь добрым, і часы будуць добрыя. Пачынай з сябе, не са сваёй маці, сяброўкі, а з сябе», — дадаў біскуп Блін. Хоць гэта складана, але неабходна і варта. Бо, як адзначыў Мітрапаліт Кандрусевіч, «свет патрабуе сведкаў Евангелля, патрабуе рыцараў Божага слова». Прыклад рыцара для сучаснага хрысціяніна Як жа быць рыцарам Евангелля, абаронцам Хрыста і веры? З каго браць прыклад? І тут таксама ёсць адказ — са святога Максімільяна Кольбэ, рыцара Беззаганнай. У мінулым годзе свет адзначаў 70-годдзе яго мучаніцкай смерці ў Асвенцымскім канцэнтрацыйным лагеры, дзе ён дабравольна ахвяраваў сваё жыццё за бацьку сям’і. Гэтым самым ён ажыццявіў словы Езуса Хрыста, што няма большай любові, чым калі нехта аддае сваё жыццё за іншых. Ён у 1920 г. стварыў Рыцарства Беззаганнай і заснаваў часопіс «Рыцар Беззаганнай». Як адзначыў у гаміліі падчас нядзельнай Імшы Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, «святы Максімільян Кольбэ абвяшчаў Евангелле як жывым, так і друкаваным словам, а таксама сваім прыкладам, абвяшчаў аж да смерці». Як адрозніць рыцара, па чым пазнаць яго? Рыцара як у вузкім, так і ў шырокім разуменні гэтага слова характарызуюць доблесці, сярод якіх адданасць Богу, мужнасць, вернасць і высакароднасць. Адданасць Богу «Самая галоўная мэта такіх сустрэч, хоць часам і назаўважная на першы погляд, — убачыць дзейснага Бога ў сваім жыцці, — адзначыў адказны за сустрэчу моладзі ў Івянцы кс. Віталь Драздоўскі. — Бо гэта час, насычаны малітвай і разважаннямі, сустрэчамі з цікавымі людзьмі, канферэнцыямі і круглымі сталамі. Сёлетняя сустрэча заклікана абудзіць, а можа, нават і прывіць нашай моладзі некаторыя рыцарскія доблесці». Мужнасць Зразумела, што ў наш час быць рыцарам, тым больш Евангелля, зусім непапулярна і нямодна, бо трэба быць мужным і не баяцца выдзяляцца сярод іншых сваімі поглядамі і каштоўнасцямі ў штодзённым жыцці. А яшчэ мужнасць патрэбна для таго, каб узяць на сябе адказнасць за кожнае зачатае жыццё, за супольнасць Касцёла, за яго развіццё. Як адзначыў кс. Віталь Сідорка падчас канферэнцыі, «праз хрост мы пажадалі і прынялі рашэнне быць адказнымі за Касцёл, бо ўвайшлі ў яго супольнасць. Мы не можам быць "халяўшчыкамі", якія толькі бяруць, але самі нічога не ўкладваюць». Высакароднасць Адметным пунктам праграмы сустрэчы стаў вечар танцаў і забаваў ад членаў рыцарскага клуба. Гэты вечар яшчэ раз пацвердзіў, што каталіцкая моладзь умее радавацца па-Божаму. Для гэтага дастаткова толькі быць разам адно з адным і з Богам. Вернасць Сустрэча ў Івянцы завяршылася. Але не трэба думаць, дарагі чытач, што рыцарамі Евангелля могуць стаць толькі тыя, каму пашчасціла быць у Івянцы. Ім можаш быць ты і я, калі любіш Бога і яго слова, і ніколі не здрадзіш свайму Пану. Святлана Жылевіч |
Фотарэпартаж |