Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці: Бэнэдыкт XVI насіў беларускі народ у сваім сэрцы і маліўся за яго
Інтэрв'ю
22.02.2013 18:01

11 лютага Святы Айцец абвясціў аб рашэнні скласці з сябе паўнамоцтвы Наступніка св. Пятра. Пра адметнасці і каштоўнасць Пантыфікату Бэнэдыкта XVI, дасягненні, якія адбыліся ў гэты час, пра рысы Папы як асобы мы запыталіся ў Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці.

— Ваша Эксцэленцыя, якім быў Пантыфікат Святога Айца Бэнэдыкта XVI? Чым гэты час стаў асабліва адметным у гісторыі Касцёла і свету? У чым найбольшая каштоўнасць гэтага Пантыфікату?

— Думаю, што гэта быў вельмі складаны час, напружаны перыяд эканамічнага крызісу, які выклікаў дэпрэсіўны стан у значнай часткі насельніцтва свету. Узрост палітычнай нестабільнасці, перадусім на Блізкім Усходзе, меў драматычныя наступствы для шматлікіх хрысціянскіх меншасцяў, якія на працягу многіх стагоддзяў жылі на гэтых тэрыторыях, і ў дадзены момант іх прысутнасць скарацілася да маленькіх груп. Усё гэта адбываецца ў сітуацыі агульнага маўчання з боку сусветнай супольнасці. Сродкі масавай інфармацыі не інфармуюць пра тое, што штодзённа вялікую колькасць людзей забіваюць толькі за тое, што яны хрысціяне. Чаму? Чые інтарэсы крыюцца за гэтым?

У заходняй культуры з’явілася адкрытае супраціўленне рэлігіі. Праяўленнем такога супрацьборства з’яўляецца не атэістычная прапаганда даўно мінулых часоў, а подлая і дакладна арганізаваная кампанія распаўсюджвання ідэалогіі, якая высмейвае рэлігійныя перакананні. Тое, што рэлігія не дазваляе чалавеку сваволіць, выстаўляецца як абвінавачанне ў гвалце над сумленнем.

Вынікам такой кампаніі з’яўляецца глыбокае, бяздумнае, а часам і агрэсіўнае непрыняцце рэлігіі як усталяванага ў грамадстве феномену. Такая з’ява парушыла падставы грамадскага ладу, аслабіла сілу супрацоўніцтва і знізіла ўзровень талерантнасці паміж людзьмі, пазбаўляючы іх цвёрдай глебы пад нагамі і штурхаючы ў прорву нонсэнсу і пустэчы. Гэтая ідэалогія абрабавала чалавека, пазбаўляючы яго матывацыі да жыцця і жадання змагацца за дабро, ператвараючы чалавека ў марыянетку, здольнасці якой абмяжоўваюцца толькі да спажывецкіх. У такім кантэксце Пантыфікат Бэнэдыкта XVI не быў лёгкім. Вельмі складана прапаведваць Евангелле ў асяроддзі, у якім рэлігію лічаць настальгічным перажыткам прымітыўнай і недаразвітай эпохі, у грамадстве, у якім людзей больш не цікавіць адказ на пытанне пра сэнс жыцця. Можна, канешне, прапаведваць аднаму, але калі прапаведваннем займаецца арганізаваная супольнасць, тады ўзнікаюць сілы процідзеяння, якія імкнуцца выявіць і зрабіць вядомымі ўсе грахі з жыцця Касцёла — якія, на жаль, ёсць і заўсёды былі, — і такім чынам падарваць давер да Касцёла. Усе мы былі сведкамі разбуральных вынікаў такога процідзеяння і таксама таго, наколькі балюча гэта закранула Папу. З’яўляючыся адным з вялікіх інтэлектуалаў у гісторыі хрысціянства, Бэнэдыкт XVI усімі сіламі імкнуўся паказаць, што вера не з’яўляецца ані ірацыянальным, ані недарэчным феноменам, варожым культуры. Наадварот, вера дапамагае чалавеку дарасці да чалавечнасці. Данесці гэтую ідэю да сучаснага чалавека было галоўным клопатам Бэнэдыкта XVI, і менавіта гэты высілак Папы спаткаўся з моцнымі сіламі супраціву.

— Што, на Вашу думку, звязвае Пантыфікат Бэнэдыкта XVI з часам знаходжання на Святым Пасадзе яго папярэдніка — благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ? Ці ёсць, магчыма, пераемнасць, падабенствы і адрозненні?

— Захапленнем абодвух было тое, каб даць жыццю сэнс, каб знайсці яго ў асобе Езуса Хрыста — уцелаўлёнага Бога. Абодва былі закаханымі ў Хрыста і Касцёл, што яднала іх у сяброўстве. Яны адрозніваліся характарамі. Ян Павел ІІ быў змагаром, які гартаваўся, змагаючыся за выжыванне, і які, вызваліўшыся з абмежаванняў атэістычнага пераследу, стаў нястомным прапаведнікам свабоды.  Ён абвяшчаў свабоду не натоўпу, не грамадскім класам, а чалавеку, каб вярнуць яму правы і годнасць асобы. Ён быў Папам неспадзяваных рухаў, жэстаў звычайных і ўрачыстых. Ён быў моцным голасам, які напаўняў страхам бессаромных і натхняў бедных і пакрыўджаных. Бэнэдыкт XVI з’яўляецца нястомным адвакатам, які абараняе прыгажосць і значэнне чалавечага розуму. Менавіта разумнасць чалавека ўскладае на яго абавязак адказваць за свае дзеянні. Гэты Пантыфік рэпрэзентуе Бога як заступніка чалавечага розуму і абаронцу людскога сэрца. Словамі, маўчаннем і здольнасцю слухаць Папа нясе гэтае ненавязлівае пасланне. Як быццам бы крохкасць гэтага чалавека — зараз рэальная — служыць магутнаму голасу Хрыста Збаўцы. Ён як гід для тых, хто ў пошуках, у час, калі тых, хто шукае, усё менш, калі гасне запал і знікае энтузіязм, і калі чалавек зацыкліўся на самім сабе.

— Якія дасягненні, значныя падзеі адбыліся ў сферы дыпламатыі Апостальскай Сталіцы падчас Пантыфікату Бэнэдыкта XVI у перыяд Вашага служэння Апостальскім Нунцыем у Арменіі, Грузіі і Азербайджане, а пасля — у Беларусі?

— Падчас Пантыфікату Бэнэдыкта XVI голас дыпламатыі Святога Пасаду быў чутны на ўсіх міжнародных форумах, звяртаючы ўвагу на пашану да асобы, абаронцам якой з’яўляецца Бог. Голас дыпламатыі паўтараў, што вызваленне  чалавека ад абавязку адрозніваць дабро ад зла з’яўляецца вызваленнем яго ад адказнасці за здзейснены выбар, што з’яўляецца разбуральнай абразай асобы.

Дыпламатыя Святога Пасаду імкнулася паказаць, што такое псеўда-вызваленне стварае ўмовы для адраджэння страшэнных дыктатур, падобных да тых, што паўсталі ў ХХ стагоддзі і былі жудасным прыніжэннем годнасці асобы. Гэтае пасланне было пачутае і дайшло да сумленняў многіх палітыкаў, дыпламатаў і дзяржаўных дзеячаў. Былі таксама і тыя, якія пагрэбавалі альбо знарок сказілі гэтае пасланне. Зразумела, што дыпламатыя Святога Пасаду дзейнічае ў штодзённай рэчаіснасці, па-рознаму выконваючы сваю працу ў залежнасці ад канкрэтнай сітуацыі. На Каўказе мне давялося быць сведкам міратвочай місіі Святога Пасаду і канкрэтнай дапамогі ахвярам у моманты вялікага напружання (вайна паміж Расіяй і Грузіяй у 2008 г.), альбо высілку спрыяць спатканню народаў, якія жылі ў варожасці, часамі вельмі моцнай варожасці. Былі прыкладзеныя вялікія намаганні для развіцця братэрскіх і сардэчных адносінаў з Праваслаўнымі Цэрквамі ў Грузіі і Арменіі, а таксама з ісламскімі рэлігійнымі аўтарытэтамі ў Азербайджане. Былі таксама і дыпламатычныя поспехі на карысць Каталіцкага Касцёла. Варта адзначыць падпісанне Канкардату з Азербайджанам (мусульманскай краінай, у якой налічваецца толькі каля 350 католікаў), а таксама прызнанне Каталіцкага Касцёла юрыдычнай асобай у Грузіі. Тут, у Беларусі, галоўнай задачай дыпламатыі Святога Пасаду было садзейнічанне ўсялякаму дыялогу, у кожны час і на любым узроўні. Нежаданне размаўляць нікому не дапамагае, а шкодзіць усім.

— Што Вы можаце сказаць пра асобу самога Папы Бэнэдыкта XVI? Якімі рысамі ён, на Вашу думку, запомніцца сучаснікам у якасці Наступніка святога Пятра? Што было асаблівага, непаўторнага ў гэтым чалавеку?

— Думаю, што ён застанецца ў памяці людзей як чалавек далікатны і вытанчаны, але адначасова як цвёрды сведка адказнага карыстання свабодай, як сведка даверу да Бога, які з’яўляецца аўтарам людской дабрыні і шчодрасці і сааўтарам свабоднага грамадства, збудаванага не на свавольстве і эксцэнтрычнасці, а на салідарнасці і клопаце адзін пра аднаго. Яго будуць успамінаць як Папу, які прыпомніў чалавецтву аб тым, што такія паняцці, як «мець розум» і «несці адказнасць», неразрыўна звязаныя. Гэта здарылася ў той момант гісторыі, калі чалавецтва жыло перакананнем, што свабода і заключаецца ў тым, каб адкінуць альбо, прынамсі, ігнараваць розум, каб стаць падобным да жывёлы. Гэты Папа намагаўся растлумачыць, што быць «жывёлай» — гэта безгустоўна, павярхоўна і не мае нічога супольнага са свабодай. Даруйце за выраз, але, на маю думку, Папа Бэнэдыкт XVI быў найбольшым сучасным праціўнікам людской тупасці, якая выдае ўласную абмежаванасць за пазбаўленую прынцыпаў і правіл свабоду выбару. Гэты Папа быў выдатным абаронцам годнасці чалавека ў імя Бога.

— Ці былі ў Вашых сустрэчах, размовах, працы са Святым Айцом Бэнэдыктам XVI найбольш дарагія і памятныя Вам моманты, пра якія, магчыма, хацелі б расказаць?

— Сустракаючыся з Папам, я быў заўсёды моцна ўражаны ягонай здольнасцю слухаць з цярпеннем і лагоднасцю, а таксама бліскучым інтэлектам і глыбінёй гэтага чалавека. Ён цікавіўся не толькі апісаннем падзей — ён імкнуўся зразумець прычыны з’яваў ў жыцці народаў і канкрэтных людзей. Мяне ўразіла рэакцыя Папы, калі я сказаў яму: «Ваша Святасць, на працягу многіх гадоў я быў выкладчыкам і мне вельмі падабалася гэтая праца. Зараз мне трэба займацца дыпламатыяй, і таму я больш не маю кантактаў ані з акадэмічным асяроддзем, ані з маімі студэнтамі». Папа адказаў: «Не перажывайце. Тое самае здарылася і са мной. Мне даводзіцца рабіць тое, што я ніколі не збіраўся рабіць. Ваш акадэмічны досвед не будзе перашкодай у дыпламатычнай службе, а хутчэй наадварот, дапаможа выконваць яе больш эфектыўна». Незабыўнай застанецца для мяне таксама сустрэча з Папам, калі я распавёў яму пра маю працу ў Беларусі і пра тое, як я наведаў некаторых вязняў. З якім узрушэннем ён прасіў перадаць беларускаму народу сваё благаслаўленне! Папа насіў гэты народ у сваім сэрцы і маліўся за яго. Я ніколі не думаў, што гэта будуць апошнія словы, якія я пачуў ад яго як ад Папы. Гэтыя словы застануцца для мяне каштоўнай спадчынай.

— Вялікі дзякуй за размову!

Размаўляла Анастасія Грышан

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме