22 мая 2012 г., Пінск
Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, семінарысты, браты і сёстры!
1. 80 гадоў таму перастала біцца сэрца адданага пастыра Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага — першага Пінскага біскупа, аднак памяць аб ім, як аб святым, жыве, і ягоны культ развіваецца. Гэта пацвярджае і наш сімпозіум, на пачатку якога я сардэчна вітаю ўсіх вас.
Сардэчна вітаю ўсіх вас і выказваю ўдзячнасць арганізатарам сімпозіума, асабліва Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску.
2. З перспектывы мінулых часоў біскуп Зыгмунт Лазінскі паўстае перад намі як выдатны пастыр, які клапаціўся пра свой статак, жывы мучанік, выгнаннік і сведка веры.
Ён нарадзіўся ў 1870 г. у Бараціне каля Навагрудка. Атрымаўшы выдатную адукацыю ў Санкт-Пецярбургскай семінарыі і акадэміі, у 1895 г. атрымаў святарскае пасвячэнне і пачаў працаваць у семінарыі як выкладчык Святога Пісання і гамілетыкі. Потым быў інтэрнаваны ў Аглонскім кляштары ў Латвіі. Далей працаваў як святар у Смаленску, Туле і Рызе. З 1904 г. працаваў у Мінску спачатку на Кальварыі, а потым пробашчам катэдры. З 1906 г. выкладаў Святое Пісанне і яўрэйскую мову ў Санкт-Пецярбургскай духоўнай семінарыі і акадэміі. У 1912–1913 гг. вучыўся ў Папскім біблійным інстытуце ў Рыме. Потым працягваў навучанне ў Іерусаліме. Валодаў адзінаццаццю мовамі.
У 1909–1911 гг. ён суправаджаў арцыбіскупа Яна Цепляка ў яго візітацыях парафій Расійскай імперыі. Тады наведаў Сібір, Далёкі Усход і паўднёвыя регіёны азіяцкай часткі Расіі.
У 1917 г. ксёндз Зыгмунт Лазінскі быў прызначаны біскупам новаадроджанай Мінскай дыяцэзіі. У 1920 г. быў арыштаваны і 11 месяцаў правёў у вязніцы — у сумнавядомай маскоўскай Бутырцы. Пасля гэтага зняволення ён быў змушаны пакінуць тэрыторыю Савецкага Саюза і ў 1925 г. быў прызначаны першым біскупам новаўтворанай Пінскай дыяцэзіі.
Бог паклікаў яго да сябе ў 1932 г. Яго рэліквіі знаходзяцца ў Пінскай катэдры. Каля яго труны заўсёды знаходзяцца жывыя кветкі, і вялікая колькасць людзей штодзённа прыходзіць туды памаліцца, каб праз заступніцтва біскупа Лазінскага выпрасіць у Бога патрэбныя ласкі.
3. На плечы Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага было ўскладзена вялікае заданне — арганізаваць новую дыяцэзію з яе структурамі, у тым ліку і духоўную семінарыю. Я глыбока перакананы, што дзякуючы нябеснаму хадайніцтву Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага знішчаная багаборчым рэжымам дыяцэзія на Палессі так хутка адрадзілася. Сёння мы павінны ганарыцца тым, што Пінская дыяцэзія — спадчына яго плённай пастырскай дзейнасці.
Працуючы сярод людзей розных нацыянальнасцяў, моваў, канфесій, рэлігій і культур, біскуп Зыгмунт Лазінскі паказаў сябе прыхільнікам дыялога і згоды паміж імі.
4. Асаблівым клопатам біскуп агарнуў семінарыю. Ён вельмі шмат увагі ўдзяляў справе паклікання да святарства і фармацыі будучых слугаў алтара, бо добра ведаў, што парафія будзе такой, які святар у ёй служыць. У пінскую Alma Mater біскуп прымаў таксама кандыдатаў усходняга абраду. Пры гэтым ён прагнуў, каб духоўныя асобы былі падрыхтаваны да таго, каб станавіцца апосталамі еднасці хрысціян.
Можна сказаць, што нават пасля сваёй смерці ён клапаціўся пра пакліканні, аб чым сведчыць гісторыя святарскага паклікання кардынала Казіміра Свёнтка. Пасля завяршэння навучання ў школе юнак Казімір Свёнтэк падаў дакументы на філалагічны факультэт Віленскага ўніверсітэта. Аднак потым ён паехаў на экскурсію ў Пінск і пасля малітвы ля труны біскупа Лазінскага, аб якім казалі, што гэта быў святы чалавек, змяніў сваё рашэнне і пайшоў у семінарыю.
5. Біскуп Зыгмунт Лазінскі адзначаўся разнастайнымі і шматлікімі добрымі якасцямі, дзякуючы якім ён быў пабожным, натхнёным і ўмацоўваў іншых на шляху службы Божай і рэалізацыі святарскага паклікання. Асабліва ўражвала яго старанная цэлебрацыя Эўхарыстыі, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, марыйная пабожнасць, засяроджанасць падчас малітвы і г.д. Вялікую павагу людзей ён заслужыў таксама і сваім клопатам пра хворых.
Праведзены ў 1929 г. Сінод Пінскай дыяцэзіі стаў новым этапам развіцця маладой дыяцэзіі і вызначыў галоўныя напрамкі яе пастырскай дзейнасці.
6. Такім чынам, у памяці вернікаў і гісторыі Касцёла біскуп Зыгмунт Лазінскі застаўся знакавай фігурай: святы, вялікі і адкрыты на патрэбы ўсіх людзей пастыр, чалавек глыбокай веры і палымяны апостал. Выразам і пацвярджэннем гэтага з’яўляецца працэс яго беатыфікацыі.
Сёння мы ўспамінаем яго як нязломнага, без рэшты адданага Касцёлу пастыра, прыклад якога павінен дапамагаць нам мужна трываць у веры, яе бараніць і ад яе не адракацца.
7. Дзякуй Богу за тое, што ў наш час мы цешымся свабодай веравызнання. Аднак гэта не азначае, што няма праблем і што не трэба бараніць веру.
На пачатку XXI стагоддзя хрысціянства стала найбольш пераследуемай рэлігіяй у свеце. Прымаюцца законы, якія супярэчаць закону Божаму і натуральнаму, што вядзе да духоўнай дэградацыі. Чалавек не жадае прымаць Божую волю і жыць паводле яе. Ён, кажучы, што ўсё адносна, не прымае абсалютнай праўды. А калі няма абсалютнай праўды, то няма і Бога. А калі няма Бога, то няма розніцы паміж дабром і злом, бо тое, што аднаму здаецца дабром, іншаму можа падавацца злом.
Усё становіцца адносным. Чалавек, шукаючы абсалютнай свабоды чыніць усё, што хочацца, імкнецца не да свабоды ў Богу, а да свабоды ад Бога. Лібералізм вядзе да ўсёдазволенасці. Умацоўваюцца антыкаштоўнасці, якія прапагандуюць далёкі ад хрысціянскага разумення стыль жыцця. Ставіцца пад сумненне нават створаны Богам інстытут сям’і. Усё часцей жыццё не лічыцца самым вялікім Божым дарам. Вялікую небяспеку нясуць нязгоднае з маральнымі нормамі выкарыстанне дасягненняў генетыкі і геннай інжынерыі. У свеце расце сацыяльная несправядлівасць, экстрэмізм, напружанасць паміж рознымі цывілізацыямі і г.д.
У такой вельмі трывожнай сітуацыі сучасных выклікаў, адыходу ад Божых законаў і маральнага рэлятывізму Слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі паўстае перад намі як мужны вызнаўца, сведка веры і абаронца свабоды веравызнання. Прыклад яго веры, цярплівасці і сведчання павінен натхняць нас у выкананні нашых абавязкаў, абароне хрысціянскіх каштоўнасцяў і новым абвяшчэнні Евангелля.
7. Спадзяюся, што сённяшні сімпозіум наблізіць да нас асобу гэтага святога пастыра, якім быў Слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі, будзе спрыяць пашырэнню яго культу, прыспешыць працэс беатыфікацыі, умацуе веру і хрысціянскае сведчанне сучаснага чалавека.
З гэтай надзеяй абвяшчаю прысвечаны 80-годдзю пераходу ў вечнасць Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага сімпозіум адкрытым, а для яго ўдзельнікаў прашу Божага благаслаўлення.
Дзякую за ўвагу.
|