У Пінску пасадзілі сад у памяць аб біскупе Лазінскім і кардынале Свёнтку |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
11.04.2012 16:15 |
Бягучы год на Піншчыне адметны шэрагам мерапрыемстваў, прысвечаных 80-й гадавіне адыходу да вечнасці Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага — першага біскупа Пінскай дыяцэзіі. Адна з незвычайных падзей, здзейсненых у памяць біскупа Зыгмунта Лазінскага і кардынала Казіміра Свёнтка, адбылася 10 красавіка 2012 г. у Пінску. Як вядома, біскуп Зыгмунт Лазінскі адышоў у вечнасць на Вялікдзень 1932 г. На ўспамін аб гэтай даце падчас сёлетняга святкавання Вялікадня на тэрыторыі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску быў створаны новы сад. Акцыя сабрала супрацоўнікаў адміністрацыі, клерыкаў, працаўнікоў семінарыі. Акрамя таго, удзел у пасадцы новых дрэваў прынялі прадстаўнікі Пінскай дыяцэзіяльнай курыі і сёстры Кангрэгацыі Місіянерак Святой Сям’і. Асвяціў новазаснаваны сад і благаславіў усіх удзельнікаў памятнай акцыі дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец. Надзвычай сонечны велікодны дзень падкрэсліваў узнёслы настрой усіх прысутных. Асабліва шмат цёплых словаў гучала ў адрас святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка — наступніка біскупа Лазінскага ў пінскай катэдры. Менавіта кардынал прыклаў найбольш намаганняў, каб асоба біскупа Лазінскага не была забыта новымі пакаленнямі вернікаў. Менавіта такі спосаб успаміну Слугі Божага быў абраны невападкова. Сад быў важным месцам, у якім любілі бываць і біскуп Лазінскі, і кардынал Свёнтэк. Як адзначыў Станіслаў Рагацэвіч, шматгадовы супрацоўнік Эмінэнцыі, кардынал любіў жартаваць на тэму сада і сваёй любімай чарэшні: «На адной галінцы сяджу я, а на другой — шпак, і разам частуемся чарэшнямі». Сярод шматлікіх характэрных рысаў, якія ядналі біскупа Лазінскага і кардынала Свёнтка, была любоў да прыроды. Таму ў памяць аб гэтых вялікіх пастырах Пінскай дыяцэзіі і Касцёла ў Беларусі быў заснаваны сад. Здаецца, няма больш удалага для яго месца, чым духоўная семінарыя, аб якой так рупліва клапаціліся абодва пастыры. Няхай багатыя плады гэтага памятнага сада будуць выразам узрастання новых святароў і духоўных плёнаў у сэрцах тысяч вернікаў, якія ўдзячнай памяццю агортваюць сваіх вялікіх пастыраў — Слугу Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага і кардынала Казіміра Свёнтка. У праграме ўспамінаў біскупа Лазінскага на 22 мая запланаваны адмысловы сімпозіум у заснаванай ім Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску. У кастрычніку ў Катэхетычным каледжы ў Баранавічах, які носіць імя біскупа Лазінскага, адбудзецца канферэнцыя, прысвечаная постаці гэтага вялікага чалавека. |
Фотарэпартаж |