Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сімпозіум да 80-годдзя смерці біскупа Лазінскага нагадаў пра неабходнасць малітвы праз яго заступніцтва
Беларусь - Пінская дыяцэзія
22.05.2012 16:57

22 мая 2012 г. Пінская дыяцэзія ўшанавала свайго першага ардынарыя Слугу Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага, 80-я гадавіна смерці якога адзначаецца ў гэтым годзе. Урачыстыя мерапрыемствы з нагоды юбілейнай даты адбыліся ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску. Тут прайшоў сімпозіум, прысвечаны Слузе Божаму.

У сімпозіуме прынялі ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, шматлікія святары і кансэкраваныя асобы, семінарысты, супрацоўнікі семінарыі, а таксама свецкія вернікі. Падчас навуковай сустрэчы прагучалі рэфераты, прысвечаныя розным аспектам жыцця і духоўнасці біскупа Зыгмунта Лазінскага.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, адкрываючы сімпозіум, нагадаў ва ўступным слове асноўныя моманты з біяграфіі біскупа Лазінскага і ахарактарызаваў яго як жывога мучаніка, сведку веры і прыклад абаронцы хрысціянскіх каштоўнасцяў.

Ксёндз доктар Багдан Крынскі ў сваім выступленні паказаў першага Пінскага ардынарыя як душпастыра, які актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці, абараняў годнасць чалавечай асобы і заклікаў да сацыяльнага раўнапраўя і ўзаемаразумення паміж рознымі групамі насельніцтва.

Тэме духоўнасці біскупа Лазінскага быў прысвечаны рэферат ксяндза Аляксандра Вітко, які падкрэсліў асаблівую ролю марыйнага культу ў жыцці Слугі Божага. Наступны прамоўца, ксёндз доктар Ян Саламон, пазнаёміў прысутных з рэфератам айца доктара Габрыэля Барташэўскага OFMCap, які цяпер кіруе беатыфікацыйным працэсам Слугі Божага. Сам айцец Барташэўскі, на жаль, не змог прыехаць у Пінск. У дасланай працы святар акрэсліў пытанні, звязаныя з гісторыяй і актуальным станам працэсу беатыфікацыі. Біскуп Лазінскі адзначаўся гераічнасцю цнотаў, але галоўнай перашкодай узвышэння яго да хвалы алтара з’яўляецца адсутнасць цуду, пацверджанага кампетэнтнымі спецыялістамі.

Пасля перапынку на каву ўдзельнікі сімпозіума заслухалі яшчэ адзін рэферат, прадстаўлены айцом Яўгенам Усошыным, на тэму супрацоўніцтва біскупа Зыгмунта Лазінскага і айца Антонія Неманцэвіча ў справе аднаўлення еднасці хрысціянаў.

Завяршэннем усіх урачыстасцяў стала Эўхарыстыя ў пінскім катэдральным касцёле, якую ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У гаміліі іерарх назваў Зыгмунта Лазінскага правідэнцыяльнай постаццю, чалавекам, які пераўзышоў свой час. Многія з тых праблем, якія заўважаў біскуп Лазінскі і якія стаялі ў цэнтры яго пастырскага клопату, актуальныя і ў нашы дні. Мітрапаліт заахвоціў наследаваць прыклад Слугі Божага, асабліва ў тым, што датычыць распазнавання знакаў часу, і больш старанна маліцца праз яго заступніцтва.

Пасля святой Імшы былі зроблены памятныя фотаздымкі Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча са святарамі, семінарыстамі і кансэкраванымі асобамі.

Юрый Дрозд, семінарыст

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме