Каментарый да літургіі
Наша прысутнасць на Эўхарыстыі — гэта знак таго, што мы прагнем духоўнага ўмацавання. Прагнем жыць не толькі зямнымі клопатамі і штодзённымі справамі, але прагнем усё наша жыццё перажываць з Хрыстом. Прагнем напаўняцца Яго лагоднасцю, супакоем і любоўю.
Таму няхай чарговая нядзельная Эўхарыстыя будзе перажыта ў сапраўднай шчырасці і адкрытасці на Божае Слова і Яго прысутнасць.
Каментарый да літургіі слова
Літургія слова вельмі моцна падкрэслівае сапраўдныя каштоўнасці, да якіх павінен імкнуцца чалавек у сваім зямным жыцці.
Эклезіяст скажа, што кожная праца, веды і мудрасць — гэта марнасць. А чаму? Адказ знойдзем у Евангеллі, дзе Езус скажа, што не багацце дае шчасце і сапраўдную радасць, а скарбы, сабраныя перад Богам, духоўныя скарбы.
Святы Павел заклікае пакінуць грахі, якія не даюць нам імкнуцца ў вышыні, імкнуцца туды, дзе чакае нас сам Хрыстус і дзе мы зможам з упэўненасцю сказаць: «Пане, Ты наш прытулак з пакалення ў пакаленне».
Малітва вернікаў
Да Хрыста, які з’яўляецца нашым адзіным скарбам, скіруем нашыя просьбы:
- За Касцёл ва ўсім свеце, каб адважна сведчыў кожнаму чалавеку аб каштоўнасцях, да якіх заклікае Евангелле.
- За святароў, каб, напоўненыя дарамі Духа Святога, заўсёды дапамагалі вернікам, якія загубіліся ў жыцці.
- За хрысціян, якія церпяць пераслед, каб змаглі цешыцца сапраўднай вольнасцю і спакоем, якую дае Езус.
- За памерлых, якія пры жыцці збіралі скарбы перад Богам, каб атрымалі Божую ўзнагароду ў Нябесным Валадарстве.
- За нас, сабраных на Эўхарыстыі, каб мы заўсёды прагнулі сустрэчы з Уваскрослым Хрыстом.
Выслухай, Езу, нашыя просьбы і ўмацуй нашу веру. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
С. Марына Брылёнак
|