Каментарый да літургіі
“Пан ёсць тым, хто судзіць мяне”
У жыцці чалавека цяжка бывае абмінуць асуджэнне, ці то сябе самога, ці другой асобы, таксама асуджаюць і нас. Напэўна, гэта з’яўляецца выпрабаваннем, каб стрымліваць у сабе такія парывы. Пра гэта кажа апостал Павел: “Пан ёсць тым, хто судзіць мяне”, гэтым выразам падкрэсліваючы, што ніхто не мае права судзіць іншага, як толькі Бог, але акрамя іншага чалавека, нават і сябе судзіць не варта: “…я і сам сябе не суджу”, бо гэта таксама Божая справа.
Каментарый да літургіі слова
“Хопіць кожнаму дню свайго клопату”
Кожны дзень - гэта непаўторны падарунак ад Бога. Сапраўды непаўторны, бо ніколі такога дня не было і ніколі не будзе болей. Аднолькавыя справы ў розныя дні могуць прынесці зусім розныя плёны для душы, у залежнасці ад таго, як мы іх будзем пражываць. Можам асэнсоўваць рэчаіснасць праз акуляры, дадзеныя Богам, – Божае слова, малітву, сакрамэнты, а можам ісці праз жыццё, не заўважаючы нічога і нікога вакол сябе, будуючы мары пра добрыя дні ў будучыні. Але варта памятаць тады, што ніхто не ведае, колькі дзён засталося пражыць яму.
Малітва вернікаў
Адданымі сэрцамі просім Айца Нябеснага:
- Падтрымай нашага Папу Францішка і ўсіх біскупаў свету, каб мудра і аддана служылі людзям словам і прыкладам.
- Дадай розуму і разважлівасці ўсім кіраўнікам дзяржаў, каб каштоўнасці чалавечага жыцця і яго годнасці ставілі над усім астатнім.
- Падтрымай хрысціянаў, які пераследваюцца і вымушаны жыць у страху, няхай заўсёды адчуваюць Божую прысутнасць у сваім жыцці.
- Просім аб падтрымцы для краін, якія знаходзяцца ў цяжкім грамадзянскім становішчы, аб Тваёй волі для іх.
- Дадай веры, надзеі хворым і церпячым, каб мужна неслі свой крыж і адчувалі Божую любоў праз людзей добрай волі.
- Прымі ў сваё Валадарства ўсіх, хто пакінуў гэты свет, няхай цешацца з Табой у вечнасці.
- Благаславі нас, якія сабраліся ля Твайго алтара, каб мы маглі разважліва пражываць кожны дзень свайго жыцця.
Які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн.
Падрыхтавала Рэгіна Гасанна Атрашкевіч ОРs
|