Каментарый да літургіі
“…Пане, Ты сапраўдны Збаўца свету, дай мне жывой вады, каб нам не прагнуць...”
Распачынаецца трэці тыдзень Вялікага посту, які дадзены чалавеку для набліжэння да таямніцы збаўлення – Езуса Хрыста. Ён для кожнага хрысціяніна ёсць крыніцай жывой вады, крыніцай ачышчэння, да якой спачатку прыносяць нас бацькі і просяць Касцёл аб удзяленні сакрамэнту хросту. Потым прыходзім мы самі, атрымліваючы ачышчэнне ў святой споведзі. І на гэтым шляху Езус хоча заспакоіць нашае прагненне “звычайнай вады”, якой ёсць гэты свет, і прапанаваць “жывую ваду”, якая заспакоіць нашае сэрца.
Каментарый да літургіі слова
“…Дай мне гэтай вады, каб я не мела больш прагі і не прыходзіла сюды чэрпаць…”
Езус паабяцаў нам дары сваёй ласкі, калі размаўляў з самаранкай пра “жывую ваду”, якая будзе гасіць прагненні ўсіх, хто будзе піць яе. Прадвеснікам гэтага была таксама вада, якую даў Майсей выбранаму народу ў пустыні. Мы праз хрост атрымліваем усяго Бога, а Ён атрымлівае нас, як сваіх дзяцей. Дзякуючы Езусу Хрысту і Святому Духу гэта здзяйсняецца шмат гадоў – Жывая Вада цячэ ў сэрцы чалавечыя.
Малітва вернікаў
Усім сэрцам просім Бога Усемагутнага:
- Молімся за Святы Касцёл, каб узрастаў у супольнай любові. - Падтрымай Папу Францішка, усіх біскупаў, святароў і дыяканаў, каб хапала сілаў і жадання на выкананне штодзённых паслуг верным. - Дадай уладам усіх краін разважлівасці ў дзеяннях, каб усё рабілі для дабрабыту грамадзян. - Даручаем Табе ўсіх церпячых і хворых, дадай ім вытрымкі і вернасці Табе. - Прымі ў сваё Валадарства ўсіх, хто пакінуў гэты свет, няхай цешацца з Табой у вечнасці. - Благаславі нас, прысутных ля Твайго алтара, каб мы як мага часцей чэрпалі “жывую ваду”, якой ёсць Езус Хрыстус.
Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Падрыхтавала Рэгіна Гасанна Атрашкевіч ОРs
|