Каментарый да літургіі
Збірае нас тут вера ў Хрыста Уваскрослага. Аддаём Богу пашану за цуд Яго Уваскрасення, за дар Яго міласэрнасці і ламанне хлеба - знак адзінства ўсяго Касцёла. Хоць мы не бачым нашага Пана, але паводле веры мы сустракаемся з Ім, і Ён дае нам ласку прабачэння і супакою.
Перапросім Бога за слабасць нашай веры і за ўсё правіны, каб умацаваў нас. Няхай нашыя сэрцы будуць адкрытыя на прыняцце Божых дароў.
Каментарый да літургіі слова
Хрыстус пасля свайго ўваскрасення з'явіўся апосталам, адарыў іх супакоем і даў ім Святога Духа. Яны мелі ў якасці задання прывесці ўсіх людзей да веры і адзінства, а таксама прабачаць ад імя Хрыста. Гэтую місію добра выконвалі першыя хрысціяне, збіраючыся на ламанне хлеба, інакш Эўхарыстыю, і жылі ў адзінстве і любові. І сёння хрысціяне павінны праз веру сустракацца з Хрыстом, які прысутнічае ў Касцёле.
Малітва вернікаў
Трываючы ў супольнасці Касцёла і на Ламанні Хлеба, узнясём да Уваскрослага Хрыста нашы малітвы.
1. Пане Езу, просім Цябе, умацуй у імкненні да святасці свой Касцёл, каб нёс сучаснаму свету святло Евангелля. 2. Пане Езу, просім Цябе, адары патрэбнымі сіламі і здароўем Святога Айца Францішка. 3. Пане Езу, просім Цябе, умацуй супакой ва ўсіх краінах свету і адары ім краіны, ахопленыя вайной. 4. Пане Езу, дзякуем Табе за дар кананізацыі Яна Паўла II і Яна XXIII, дапамажы нам жыць так, як яны нас вучылі. 5. Пане Езу, просім Цябе, дазволь нашым блізкім памерлым цешыцца вечнай радасцю ў небе. 6. Пане Езу, просім Цябе, адары праз моц сакрамэнтаў нашае жыццё супакоем і адзінствам.
Пане, Ты праз Уваскрасенне прынёс людзям мір і прабачэнне; умацуй нашу веру, занясі нашыя малітвы да Айца Нябеснага. Які жыве і валадарыць на векі вечныя.
С. Людміла Леўдаровіч MChR
|