Каментарый да літургіі
“…Ласка Пана Езуса Хрыста і любоў Бога, і еднасць Духа Святога з усімі вамі...”
Сёння ўвесь Касцёл святкуе ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы – Айца, Сына і Святога Духа. Але Бог, у трох постацях, застаецца для нас таямніцай. Колькі разоў мы спрабуем зразумець Пана у Святой Тройцы, столькі мусім прызнацца, што гэтая праўда перавышае магчымасці разумення чалавека. Еднасць Бога можа заахвочваць і нас таксама, каб мы стараліся станавіцца адзіным Касцёлам, хоць з’яўляемся асобнымі яго часткамі.
Каментарый да літургіі слова
“І прайшоў Пан перад ім і ўсклікнуў: “Пан, Пан Бог міласэрны і літасцівы, доўгацярплівы і шматміласцівы, і праўдзівы…”
Бог аб’явіўся Майсею такім, якім Ён ёсць – міласэрным, літасцівым, доўгацярплівым, шматміласцівым і праўдзівым. Гэта Ён вёў свой народ да Абяцанай зямлі, хоць той меў сумневы і нараканні да Бога. У Езусе Хрысце ж яшчэ больш адарыў людзей сапраўднай Любоўю, якой мам з’яўляецца, і вучыць нас гэтаму ў сваім Слове, каб мы навучыліся распазнаваць дзеянне Бога ў сваім жыцці, а таксама дзякаваць Адзінаму Богу ў трох постацях: Айцу, Сыну і Святому Духу.
Малітва вернікаў
Да Бога Усемагутнага, Адзінага ў Святой Тройцы, звернем нашыя малітвы:
- Адары нашага Папу Францішка і ўсіх біскупаў свету мудрасцю і разважлівасцю ў іх пастырскім служэнні. - Дадай уладам усіх краін адказнасці ў дзеяннях, каб усё рабілі для дабрабыту і спакою грамадзян. - Адары ўсе краіны, у якіх адбываюцца ваенныя сутычкі, любоўю і прабачэннем, каб мелі ў сабе сілы і разважлівасць да ўстанаўлення адносінаў мірным шляхам. - Даручаем Табе ўсіх церпячых і хворых, дадай ім вытрымкі і вернасці Табе. - Прымі ў сваё Валадарства ўсіх, хто пакінуў гэты свет, няхай цешацца з Табой у вечнасці. - Благаславі нас, прысутных ля Твайго алтара, каб вучыліся быць еднымі адзін з адным, ствараючы Святы Касцёл.
Просім праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Падрыхтавала Рэгіна Гасанна Атрашкевіч ОРs
|