Каментарый да літургіі
“Кланяемся Табе, Хрыстэ, і благаслаўляем Цябе: бо праз крыж свой Ты свет адкупіў…”
Праслаўляем сёння асаблівым чынам Святы Крыж – знак Езуса Хрыста і Яго ўчынку для ўсяго чалавецтва. Сёння крыж - гэта знак нашай веры, які яднае нас з таямніцай смерці і ўваскрасення. Гэта і знак надзеі, а таксама перамогі Святла над цемрай. Давайце ж сёння падчас святой Імшы асаблівым чынам паразважаем і падзякуем Богу за таямніцу крыжа, праз якую Ён умацаваў нас.
Каментарый да літургіі слова
“Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае”
Сёння адзначаем свята Узвышэння Святога Крыжа, і Божае слова дакладна нам прыгадвае, што праз пакору і згоду Божага Сына на смерць чалавек быў падняты з грахоў. А крыж, які быў ганебным, стаў праслаўленым і кожнаму хрысціяніну нагадвае, што ён адкуплены і збаўлены праз кроў Езуса Хрыста: “Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго”.
Малітва вернікаў
Адданымі сэрцамі просім Айца нашага Нябеснага:
- Падтрымай нашага Папу Францішка і ўсіх біскупаў свету, каб мудра і аддана служылі Божаму люду. - Падтрымай хрысціян, якія падвяргаюцца пераследу і вымушаны жыць у страху, няхай заўсёды адчуваюць Божую прысутнасць у сваім жыцці. - Просім аб падтрымцы для краін, якія знаходзяцца ў цяжкім грамадзянскім становішчы, аб Тваёй волі для іх. - Дадай веры, надзеі хворым і церпячым, каб мужна неслі свой крыж і адчувалі Божую любоў праз людзей добрай волі. - Прымі ў сваё Валадарства ўсіх, хто пакінуў гэты свет, няхай цешацца з Табой у вечнасці. - Благаславі нас, якія сабраліся ля Твайго алтара, каб мы маглі шчыра дзякаваць Табе за збаўленне.
Які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн.
Падрыхтавала Рэгіна Гасанна Атрашкевіч ОРs
|