Каментарый да літургіі
Сёння мы распачынаем перыяд Адвэнту, які з’яўляецца часам чакання і падрыхтоўкі да прыйсця Хрыста. Праз некалькі тыдняў мы будзем урачыста адзначаць памяць Яго першага прыйсця на зямлю, а нашы сэрцы і думкі будуць напоўнены чаканнем Яго паўторнага прыйсця ў хвале.
Сённяшняя літургія скіроўвае нашу ўвагу на гэтае прыйсце. Мы чуваем на малітве і з даверам чакаем. Каб нашы малітвы ішлі з чыстага сэрца, перапросім найлепшага Айца за недахоп трываласці і веры ў чаканні прыйсця Яго Сына.
Каментарый да літургіі слова
Сённяшнія чытанні перапоўнены духам чакання прыйсця Хрыста, які заклікае нас да пастаяннай чуйнасці. Пан прыйдзе, а мы павінны быць гатовыя да спаткання з Ім. Адсюль нараджаецца патрэба адпаведнай падрыхтоўкі, але ў гэтай падрыхтоўцы мы не аддадзены толькі на ўласныя сілы, як кажа св. Павел.
Хрыстус будзе нас умацоўваць да часу свайго прыйсця. Услухаемся ў Божае слова, каб яно ўзмацніла нашу веру і надзею на прыйсце Хрыста.
Малітва вернікаў
Да Хрыста, які павінен прыйсці, пакорна ўзнясём просьбы, каб удзяліў патрэбныя нам ласкі ў чаканні Яго прыйсця:
1. Езу, умацуй духоўна і адары здароўем нашага Папу Францішка, каб яго служэнне было сведчаннем сапраўднай Божай любові. 2. Езу, благаславі і напоўні сваімі дарамі біскупаў і святароў, каб мелі моц несці супакой і прабачэнне туды, дзе пануе грэх. 3. Езу, аднаві ўзаемную любоў і пашану ў сужэнствах, якія перажываюць цяжкасці. 4. Езу, навучы нас шанаваць кожнае зачатае жыццё. Няхай кожнае дзіця будзе каханым і чаканым у сваёй сям’і. 5. Езу, Валадар жыцця, прымі нашых блізкіх памерлых у сваё Валадарства. 6. Езу, дапамажы нам вытрываць у нашых адвэнтавых пастановах, каб мы маглі з адкрытым сэрцам прыняць Цябе ў сваё жыццё. Божа, наш найлепшы Айцец, просім, пачуй нашыя малітвы, якія скіроўваем да Цябе, і ўмацуй нашу веру ў штодзённым жыцці. Амэн. Кс. Юрый Марціновіч
|