Каментарый да літургіі
“Шукайце Пана, пакуль Ён дазваляе знайсці сябе, клічце Яго, пакуль Ён блізка!”
Сёння Касцёл адзначае свята Хросту Пана. Хрыстус прымае сваю місію і становіцца на шлях прапаведвання пасля хросту. Па-першае, паказваючы людзям сапраўднасць сваёй прыналежнасці да Бога, якую Бог-Айцец адкрывае праз Духа Святога. Па-другое, Езус дае для людзей прыклад ачышчэння і далучэння да збаўчага шляху. Асаблівым чынам давайце ж сёння маліцца за тых людзей, якія рыхтуюцца да прыняцця гэтага сакрамэнту.
Каментарый да літургіі слова
“Ідзе за мною мацнейшы за мяне, якому я не варты, нахіліўшыся, развязаць раменьчык на ягоных сандалях”.
У Евангеллі сёння мы бачым постаць св. Яна Хрысціцеля, які паказвае і падкрэслівае нам і ўсяму чалавецтву вялікую каштоўнасць Езуса Хрыста, які прыйшоў на гэты свет. І якім бы ты ні быў знакамітым, ці багатым, ці разумным, будзеш “не вартым”, але ў гэтым, як здавалася б, прыніжэнні Бог нас узвялічвае да гонару дзяцей сваіх. Прыгадайма ж наш уласны хрост, каб узнавіць радасць далучэння да супольнасці Касцёла.
Малітва вернікаў Дзякуем Усемагутнаму Богу, што паслаў свайго Сына нам як Збаўцу, і молімся Яму.
- Молімся за Папу Францішка і ўсіх біскупаў свету, каб заўсёды прымалі разважлівыя рашэнні.
- Молімся за ўсіх новаахрышчаных, каб іх заўсёды ўзмацняў Хрыстус на шляху збаўлення.
- Молімся аб супакоі ва ўсім свеце, а асабліва ва Украіне.
- Молімся за сем’і, каб не занядбоўвалі рэлігійнае выхаванне сваіх дзяцей.
- Молімся за дарослых, якія рыхтуюцца да прыняцця хросту.
- Молімся за памерлых, каб маглі сузіраць Бога тварам у твар.
- Молімся за ўсіх нас, сабраных каля стала Пана, каб заўсёды падтрымліваў і ахоўваў тых, якія праз хрост сталі да Яго падобнымі.
Рэгіна Атрашкевіч
|