Каментарый да літургіі
“Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана!”
Пальмовая нядзеля - гэта ўспамін таго, як Езус Хрыстус уехаў у Ерузалем. Ён прыехаў з вядомай ужо Яму і Богу мэтай – збаўленне свету праз сваю смерць і ўваскрасенне. Для сучаснага тэмпу жыцця тыдзень не з’яўляецца доўгім часам, але, разважаючы ў Вялікі тыдзень над вядомым кожнаму шляхам Езуса, варта пастарацца быць уважлівым да кожнай хвіліны і кожнага дзеяння Пана ў дачыненні да нас, як шмат гадоў таму, так і цяпер.
Каментарый да літургіі слова
“Хрыстус прынізіў сябе, будучы паслухмяным ажно да смерці, смерці крыжовай…”
Слухаючы ўважліва словы з Евангелля, давайце сёння пастараемся нанова ўявіць сабе ўсе падзеі крок за крокам. Допыт, асуджэнне, насмешкі, укрыжаванне, смерць… А што б сталася, калі б Езус не ўваскрос? Так, мы б не мелі жыцця. Гэты надыходзячы час Вялікага тыдня і дадзены нам на дэтальнае перажыванне і ўсведамленне каштоўнасці таго, што ўжо здзейснілася. Сёння няма гаворкі пра ўваскрасенне, каб даць нам шанс прайсці разам з Хрыстом і памерці.
Малітва вернікаў
Да Бога Усемагутнага ўзнясём нашыя малітвы:
- Молімся за ўвесь Касцёл, каб крочыў шляхам збаўлення, прыклад якога нам даў Хрыстус.
- Молімся за Папу Францішка, усіх біскупаў, святароў і дыяканаў, каб, годна выконваючы свае абавязкі на зямлі, мелі перад сабой вобраз Уваскрослага Хрыста.
- Молімся аб супакоі ва ўсім свеце, каб не кіравала людзьмі нянавісць і помста, а толькі любоў і прабачэнне.
- Молімся за краіны, у якіх пераследуюцца хрысціяне, каб у іх запанавала любоў, цярплівасць і міласэрнасць.
- Молімся за людзей, церпячых ад цяжкіх хваробаў, каб заўсёды адчувалі прысутнасць і падтрымку Езуса Хрыста.
- Молімся за ўсіх хрысціян, каб знайшлі час і сілы на перажыванне Вялікага тыдня ў супольнасці Касцёла.
- Молімся за нас, тут сабраных, каб ніколі нам не забракла веры, надзеі і любові, прыклад якіх нам даў Хрыстус.
Усемагутны Божа, дапамагай нам у кожную хвіліну яднацца глыбей і глыбей з Табой, крыніцай Святла і Жыцця, праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Рэгіна Атрашкевіч
|