Каментарый да літургіі
“Устань і еш, бо далёкая дарога прад табою!”
Калі чалавек не будзе есці, то яму, напэўна, забракне сіл на далейшыя жыццёвыя крокі і ўвогуле на функцыянаванне. За голадам звычайна прыходзіць смерць, але словы Божага клопату да чалавека гучаць з даўніх часоў. Як пачуем у першым чытанні зварот да Іллі, а пазней сам Хрыстус запросіць нас да супольнага стала.
Каментарый да літургіі слова
“Калі хто будзе есці хлеб гэты, будзе жыць вечна”.
У сучасным свеце па дадзеных харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН кожны сёмы чалавек у свеце галадае. Лічбы сапраўды вельмі уражваюць. Людзям не хапае дапамогі братоў і звычайнага хлеба, але можна толькі ўяўляць, наколькі бракуе Хлеба, які дае нам Пан. Самагубствы, нялад у сям’і, алкагалізм… Гэта паказнікі вялікай патрэбы чалавецтва ў насычэнні любоўю.
Малітва вернікаў
Праз Езуса Хрыста, які ёсць нашым Хлебам Нябесным, скіруем да Бога нашыя малітвы:
- Умацуй у веры і любові Касцёл свой і падтрымай Святога Айца.
- Дапамагай і ахоўвай тых, хто кіруе дзяржавамі, няхай заўсёды ў сваёй працы трымаюцца Божых запаведзяў.
- Улі ў сэрцы людзей міласэрнасць і любоў, каб дапамагалі адзін аднаму ў цяжкіх справах.
- Падтрымай усіх тых, што пакутуе ад ваенных здарэнняў, няхай адчуюць Тваю прысутнасць у жыцці праз дапамогу людзей добрай волі.
- Умацуй хворых і церпячых, каб ахвяроўвалі ўсе свае цярпенні для збаўлення свету.
- Прымі ў сваё Валадарства ўсіх, хто пакінуў гэты свет, каб яны мелі шчасце сузіраць Цябе тварам у твар.
- Благаславі нас, якія сабраліся ля Твайго алтара, каб заўсёды адчувалі патрэбу насычэння Тваім Словам і Хлебам.
Які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн.
Рэгіна Рудкоўская
|