Яшчэ перад абраннем Бэнэдыкта XVI на Пасад св. Пятра многія СМІ сфарміравалі вакол яго вобраз чалавека халоднага і закрытага, сапраўднага аскета, у якім вернасць парадку пераважае над любоўю. Калі кардынал Ёзаф Ратцынгер быў прэфектам Кангрэгацыі Веравучэння, яго называлі не інакш як «вялікі інквізітар», між іншым, нагадваючы аб старажытнай назве ўстановы, якую ён узначальваў. Іншая мянушка — «панцэркардынал» — падкрэслівала, што Ёзаф Ратцынгер не спыняецца ні перад чым дзеля абароны каталіцкага навучання і пераследу ворагаў Касцёла.