Статыстыка Каталіцкага Касцёла
|
Статыстыка Каталіцкага Касцёла паводле „Annuario Pontificio 2009“
|
У 2008 годзе Святым Айцом была ўтворана 1 новая Мітраполія і 11 новых дыяцэзій; 4 тэрытарыяльныя ўтварэнні ўзвышаны да рангу Мітраполій, 2 — да рангу дыяцэзій і 1 — да Апостальскага Вікарыяту. На працягу года былі прызначаны 169 новых Біскупаў.
Статыстычныя даныя, прадстаўленыя ў Annuario Pontificio 2009, прадстаўляюць кароткі аналіз дынамікі Каталіцкага Касцёла ў 2007 годзе, у склад якога ўваходзіла 2.936 касцёльных структураў на планеце. На працягу двух апошніх гадоў колькасць ахрышчаных вернікаў у свеце застаецца стабільнай і складае 17,3% ад агульнай колькасці насельніцтва планеты. З гэтага вынікае, што колькасць католікаў павялічылася на 1,4%. У 2007 годзе налічваецца прыкладна 1.147 мільёнаў католікаў, у параўнанні з 1.131 мільёнамі ў 2006 годзе.
Колькасць біскупаў у свеце у перыяд з 2006 па 2007 гады змянілася з 4.898 да 4.946, з павелічэнем на 1%. Кантынентам з найвышэйшым прыростам з’яўляецца Акіянія (+ 4,7%), затым — Афрыка (+ 3,0%), Азія (+ 1,7%), прырост у Еўропе адзначаецца ніжэй за сярэдні агульны (+ 0,8%). У той жа перыяд каэфіцыэнт прыросту ў Амерыцы складае – 0,1%.
Колькасць святароў захоўвае тэндэнцыю ўмеранага росту. Павелічэнне колькасці святароў назіраецца на працягу апошніх васьмі гадоў: ад 405.178 у 2000 годзе да 407.262 у 2006 годзе, і пазней — да 408.024 у 2007 годзе. Калі ў Афрыцы і Азіі ў перыяд з 2000 па 2007 гады праяўляецца даволі высокая дынаміка росту колькасці святароў (+ 27,6% і 21,2%), Амерыка застаецца практычна стабільнай, то ў Еўропе і Акіяніі ў той жа самы перыяд адзначаецца ўзрастанне адмоўнага каэфіцыента з 6,8% да 5,5%.
Колькасць сталых дыяканаў працягвае праяўляць эвалюцыйную дынаміку: у 2007 годзе лічба ўзрасла з 34.520 да 35.942. Колькасць дыяканаў павялічваецца даволі высокімі тэмпамі, як у Афрыцы, Азіі і Акіяніі, дзе іх колькасць не дасягала нават 2% ад агульнай колькасці, так і там, дзе іх наяўнасць была больш значнай. У Амерыцы і Еўропе колькасць дыяканаў у перыяд з 2006 па 2007 год павялічылася на 4,0%.
На глабальным узроўні колькасць кандыдатаў да святарства павялічылася з 115.480 у 2006 годзе да 115.919 у 2007 годзе, узросшы на 0,4%. Пры гэтым, Афрыка і Азія прадэманстравалі істотны рост, у той час як у Еўропе і Амерыцы адзначалася скарачэнне — адпаведна з 2,1% да 1%.
Сучасны Рыма-каталіцкі Касцёл мае шматлікае духавенства, манаскія ордэны, місіянерскія манаскія і дабрачынныя арганізацыі і ўстановы. Каталіцкі Касцёл мае сваю прэсу, тэлебачанне і радыёвяшчанне, валодае сеткай вышэйшых навучальных установаў.
|
Гісторыя інстытута папства
|
У Каталіцкім Касцёле папства ўяўляе сабою інстытут першасвятарства. У эпоху ранняга хрысціянства вернікі называлі «Папамі» (ад грэцкага papas — айцец) сваіх духоўных кіраўнікоў, манахаў, святароў, біскупаў. Тытул «Папа» да канца V ст. ужываўся як ганаровы зварот да ўсіх біскупаў, але пазней стаў адносіцца галоўным чынам да рымскага арцыбіскупа, а з 1075 г., згодна з пастановай папы Грыгорыя VII (1073–1085 гг.), гэтым тытулам можа карыстацца толькі біскуп Рыма. Афіцыйны пералік Папаў Рымскіх друкуецца ватыканскім выдавецтвам у «Annuario Pontificio» — папскім штогодніку.
Поўны афіцыйны тытул Папы гучыць так: Біскуп Рыма, Намеснік Езуса Хрыста, Наступнік Князя Апосталаў (г. зн. св. Пятра), Найвышэйшы Пантыфік Паўсюднага Касцёла, Прымас Італіі, Арцыбіскуп і Мітрапаліт Рымскай правінцыі, Суверэн Горада-Дзяржавы Ватыкана, Слуга Слугаў Божых.
Да сённяшняга дня ў афіцыйнай тэрміналогіі, якая знаходзіцца ва ўжытку Кодэкса Кананічнага Права Каталіцкага Касцёла, непасрэдна не выкарыстоўваецца тэрмін «Папа», замест яго ўжываецца выраз «Romanus Pontifex» або «Pontifex Maximus» («Рымскі Пантыфік» або «Найвышэйшы Пантыфік»).
У касцёльнай традыцыі выраз «Romanus Pontifex» адлюстроўвае дзве галоўныя функцыі, якія ажыццяўляюцца Папам: ён з’яўляецца Біскупам Рыма і адначасова Пантыфікам, г. зн. кіраўніком усяго Каталіцкага Касцёла. У адпаведнасці з каталіцкім веравучэннем, Біскуп Рыма з’яўляецца спадкаемцам усіх атрыбутаў улады апостала Пятра, які ўзначальваў Калегію дванаццаці Апосталаў — найвышэйшую інстанцыю Касцёла.
Самы ранні спіс першых Папаў быў складзены каля 180 г. біскупам Ліёна Ірэнэем. Яго спіс стаў доказам пераемнасці найвышэйшай улады ў Касцёле, пачынаючы з апостала Пятра да тагачаснага рымскага біскупа Віктара І (186 ці 189–197 або 201 гг.). Услед за гэтым спісам з’явіліся наступныя, больш разгорнутыя спісы, дапоўненыя біяграфіямі Папаў. Першы падрабязны спіс папскіх дакументаў (актаў) быў складзены па загадзе папы Інакенція III (1198–1216 гг.). Гэты спіс у наступныя гады сістэматычна дапаўняўся, і да сённяшняга дня ён захоўваецца ў сакрэтным папскім архіве.
Паводле афіцыйнага пераліку, ад апостала Пятра да Святога Айца Францішка усяго было 266 Папаў. Астатнія рымскія біскупы, абранне якіх было прызнана несапраўдным, называюцца «антыпапамі». Антыпапы не ўваходзяць у афіцыйны спіс рымскіх Пантыфікаў.
|
Толькі ў 2 палове XIII ст. канчаткова склалася працэдура абрання Папы. На працягу першых трох стагоддзяў Папы абіраліся духавенствам і вернікамі. Пазней гэтае права пакідалася за манархамі. 13 красавіка 1059 г. папа Мікалай II (1059–1061 гг.) скасаваў ранейшую сістэму выбару Папы, а на І Латэранскім Саборы (1123 г.) манархам было адмоўлена ў праве ўплываць на выбар кіраўніка Касцёла. Такім чынам, у цяперашні час Папа абіраецца Калегіяй Кардыналаў на канклаве (ад лац. cum clave — замкнёныя на ключ) — сходзе кардыналаў, які склікаецца праз 18 дзён пасля смерці папярэдняга Папы для абрання новага. Выбары Папы адбываюцца ў Сікстынскай капэле ў Ватыкане. Уваходныя дзверы капэлы на час канклава зачыняюцца і адчыняюцца толькі пасля выбару Папы (адсюль назва). Парадак правядзення канклава быў устаноўлены ў ХІІІ ст. папам Грыгорыем Х, а потым неаднаразова ўдакладняўся яго наступнікамі.
Сучасны папа Бэнэдыкт XVI змяніў правілы выбару Пантыфіка. Згодна з яго рашэннем, для абрання Папам кандыдат павінен атрымаць прынамсі дзве трэція галасоў удзельнікаў канклава. Такім чынам, Бэнэдыкт XVI адмяніў прынцып, уведзены яго папярэднікам Янам Паўлам II і сфармуліраваны ў Апостальскай Канстытуцыі 1996 г. "Universi Dominici gregis", які дазваляў выбіраць Папу любой большасцю галасоў.
|
Звесткі з біяграфіі папы Бэнэдыкта XVI
|
Папа Бэнэдыкт XVI (Ёзаф Ратцынгер) паходзіць з Германіі — краіны з вельмі старажытнымі хрысціянскімі каранямі і багатай каталіцкай традыцыяй. Пачатак гісторыі хрысціянства на нямецкіх землях адносіцца да ІІІ стагоддзя, католікі складаюць там амаль палову насельніцтва.
16 красавіка 1927 г. у невялічкім нямецкім мястэчку Марктль-на-Інне, што ў Ніжняй Баварыі, у сям’і паліцэйскага Ратцынгера нарадзіўся другі хлопчык, якога ахрысцілі Ёзафам. Бацькі Ёзафа паходзілі з сялянскага і рамеснага асяроддзя і не былі заможнымі людзьмі, аднак яны выхоўвалі дзяцей у веры і, клапаціліся пра тое, каб іх дзеці атрымалі адукацыю. Вельмі рана юнаму Ёзафу давялося сутыкнуцца з вялікімі цяжкасцямі. Перш за ўсё яны былі звязаныя з пануючым у тыя часы ў Германіі фашысцкім рэжымам, які вельмі непрыхільна ставіўся да Каталіцкага Касцёла. Пад канец Другой сусветнай вайны юнака мабілізавалі ў дапаможную службу супрацьпаветранай абароны. У гэтых складаных драматычных умовах і нарадзілася ў яго пакліканне да святарства.
З 1946 да 1951 г. Ёзаф Ратцынгер вывучае філасофію і тэалогію (спачатку ў Фрайзінгу, а потым у Мюнхенскім універсітэце) і 29 чэрвеня 1951 г. прымае святарскае пасвячэнне. У сваёй дзейнасці малады святар не абмяжоўваецца толькі цэлебрацыяй святой Імшы і падрыхтоўкай казанняў. Ужо праз два гады ён абараняе дысертацыю на тэму «Народ і дом Божы ў вучэнні св. Аўгустына пра Касцёл». Наступную навуковую ступень ксёндз Ратцынгер атрымлівае ў 1957 г., абараняючы працу «Тэалогія гісторыі святога Бонавэнтуры». Пасля гэтага на працягу амаль цэлага дзесяцігоддзя ён займаецца выкладчыцкай дзейнасцю спачатку ў Боне, затым у Мюнстэры і, нарэшце, у Цюбінгене.
З 1962 да 1965 г. у Рыме праходзіць ІІ Ватыканскі Сабор. Ёзаф Ратцынгер прымае актыўны ўдзел у працы гэтага Сабору ў якасці кансультанта па пытаннях тэалогіі. Менавіта тады ён набывае вядомасць у Касцёле на міжнародным узроўні.
З 1969 г. кс. Ёзаф Ратцынгер выкладае дагматычную тэалогію ва універсітэце ў Рэгенсбургу і з’яўляецца прарэктарам гэтай навучальнай установы. З’яўляюцца першыя публікацыі яго навуковых працаў, а таксама душпастырскіх разважанняў.
У 1977 г. папа Павел VI прызначыў кс. Ёзафа Ратцынгера арцыбіскупам Мюнхена і Фрайзінга і неўзабаве пасля гэтага надаў яму годнасць кардынала. Для свайго біскупскага герба Ёзаф Ратцынгер абраў дэвіз «Cooperatores veritatis» («Супрацоўнікі праўды»). Гэты дэвіз набыў асаблівае значэнне, калі ў 1981 г. Папа Ян Павел ІІ прызначыў кардынала Ратцынгера прэфектам Кангрэгацыі Веравучэння — асноўнага ведамства Каталіцкага Касцёла, якое паклікана клапаціцца пра чысціню праўдаў веры. На гэтай пасадзе Ёзаф Ратцынгер праявіў сябе як непахісны абаронца чысціні веравучэння ад розных скажэнняў. Ён, у прыватнасці, паслядоўна выступаў супраць такіх негатыўных з’яваў сучаснага свету, як гомасексуалізм, эўтаназія, аборты, фемінізм, які вядзе да разбурэння асноваў сям’і, і інш. Кангрэгацыя Веравучэння пад яго кіраўніцтвам рашуча асуджала таксама ўсялякія дактрынальныя злоўжыванні ў Касцёле: «тэалогію вызвалення» і плюралістычную тэалогію рэлігіі. Свае погляды на гэта Ёзаф Ратцынгер прадставіў у дакуменце «Dominus Iesus» («Пан Езус») у 2000 г., дзе выразна падкрэсліваецца, што толькі ў Каталіцкім Касцёле можна знайсці ўсю паўнату сродкаў, неабходных для збаўлення. На прэс-канферэнцыі, прысвечанай прэзентацыі гэтага дакумента, прэфект Кангрэгацыі Веравучэння яшчэ раз падкрэсліў, што памылкаю было б лічыць усе рэлігіі роўнымі і няпраўда, нібыта ўсе яны вядуць да збаўлення, але рознымі шляхамі.
У перыяд з 1986 да 1992 г. кардынал Ёзаф Ратцынгер засяродзіў сваю дзейнасць на падрыхтоўцы новага грунтоўнага і ўсеабдымнага Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, кіруючы працаю адпаведнай камісіі. Акрамя вышэйзгаданай Кангрэгацыі Веравучэння, ён узначальваў Папскую біблійную камісію і Міжнародную тэалагічную камісію, а таксама супрацоўнічаў з Дзяржаўным Сакратарыятам Ватыкана і ўваходзіў у склад Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў, Кангрэгацыі Божага культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў, Кангрэгацыі па справах Біскупаў, Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў, Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі. У 2002 г. кардынал Ёзаф Ратцынгер стаў дэканам Калегіі Кардыналаў.
На працягу амаль усяго Пантыфікату Яна Паўла ІІ Ёзаф Ратцынгер быў яго бліжэйшым супрацоўнікам і аднадумцам, таму невыпадкова менавіта яму з волі Бога было прызначана падвесці сімвалічную рысу пад Пантыфікатам Вялікага Папы Яна Паўла ІІ, што ён зрабіў у сваёй прачулай і эмацыянальнай гаміліі падчас пахавальнай святой Імшы. І менавіта яму з волі Бога было наканавана працягнуць справу свайго Вялікага Папярэдніка.
Адразу пасля таго, як стала вядома, што 19 красавіка на канклаве кардынал Ёзаф Ратцынгер быў абраны Папам, сродкі масавай камунікацыі застракацелі штампам «кансерватар». У гэтае слова ахвочыя на сенсацыі журналісты імкнуліся ўкласці адмоўны сэнс, як бы «забываючыся» пра тое, што кардынал Ратцынгер усю сваю дзейнасць прысвяціў ажыццяўленню рэформы і аднаўлення Касцёла, згодна з пастановамі апошняга Сабору. Да таго ж любыя штампы і ярлыкі — гэта нішто іншае, як свядомае скажэнне праўды, бо як можна чалавека, а асабліва такую выдатную і шматгранную асобу, як Ёзаф Ратцынгер, акрэсліць усяго толькі адным словам?
Як бы прадбачачы гэта, кардынал Ратцынгер напярэдадні ў сваёй гаміліі падчас Імшы ў панядзелак 18 красавіка мужна назваў найбольш вострыя праблемы сучаснасці сваімі імёнамі і дадаў, што «наяўнасць яснай веры, згоднай з „Credo“ Касцёла, часта атрымлівае ярлык фундаменталізму». А хто ж іншы, калі не Папа, павінен у першую чаргу захоўваць чысціню і яснасць веры ад бруду скажэння і злоўжыванняў? І хто іншы сёння можа лепш, чым Ёзаф Ратцынгер — паслядоўны абаронца Евангелля і Апостальскай Традыцыі, бясконца верны вучэнню ІІ Ватыканскага Сабору, — справіцца з гэтаю няпростаю задачаю?
Новаабраны Папа ўзяў сабе імя Бэнэдыкт і сам растлумачыў гэты свой выбар, узгадваючы папу Бэнэдыкта XV, «мужнага і сапраўднага прарока міру перад абліччам драматычных падзеяў Першай сусветнай вайны», а таксама «незвычайную асобу святога Бэнэдыкта, які з’яўляецца зыходным пунктам для еўрапейскай інтэграцыі і несумненных хрысціянскіх каранёў яе культуры і цывілізацыі».
У сваім казанні падчас інаўгурацыйнай святой Імшы папа Бэнэдыкт XVІ так акрэсліў «праграму» свайго Пантыфікату: «Мая сапраўдная праграма кіравання ў тым, каб не чыніць маю волю, не ісці за маімі ідэямі, але разам з усім Касцёлам прыслухоўвацца да слова і волі Пана і дазволіць Яму весці мяне такім чынам, каб Ён сам кіраваў Касцёлам у гэты перыяд нашай гісторыі».
|
|
|