Гамілія Яго Эксцэленцыі біскупа Антонія Дзям’янкі на Вялікі чацвер 2006 года
|
Мінск, Архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі 13 красавіка 2006 г.
Сёння, у Вялікі Чацвер, Касцёл адзначае вялікі дзень – устанаўленне Сакрамэнту Святарства. Святарства мае непасрэдную лучнасць з асобай Езуса Хрыста. Жыццё кожнага святара – з моманту пасвячэння – неразлучна звязана з асобаю Езуса Хрыста, незалежна ад таго, якую святар мае пасаду, якія мае абавязкі. Усіх святароў з усяго свету, розных рас і народаў, можна сказаць, лучыць адно: роднасць крыві з Езусам Хрыстом, Вечным Святаром. Усе святары становяцца адной сям’ёй, у якой цэнтральнай асобай з’яўляецца Хрыстус. Гэтае адзінства лепш за ўсё паказвае канцэлебраваная Святая Імша. Галоўны цэлебрант у ёй Езус Хрыстус, Найвышэйшы Святар, – як і тады, калі святар адзін стаіць перад алтаром. З крыжа праз Святую Імшу няспынна выплывае Найсвяцейшая Кроў Хрыста. Уся моц і дзейснасць таго, што робіць святар, вынікае з яго лучнасці з Езусам Хрыстом. Чым больш ён паяднаны з Хрыстом, тым больш плённая яго дзейнасць, а дзейнасць святара – гэта, перш за ўсё, праца для ратавання душ. “Служыць Укрыжаванаму ў людскіх душах”, – сказаў Святы Павел ад Крыжа, а Ян Павлел ІІ у адгартацыі “Pastores dabo vobis” напісаў: “кожны святар пакліканы, каб у сваім духоўным жыцці рэалізаваць любоў Езуса Абранніка да Касцёла Абранніцы. Святар павінен адзначацца пастырскай любоўю…Пастырская любоў, – працягвае Вялікі Папа, - акрэслівае наш спосаб мыслення і дзеяння, нашыя адносіны да людзей, а для нас з’яўляецца тою любоўю, якая ставіць асаблівыя вымаганні. Яна з’яўляецца перш за ўсё дарам з сябе, дарам з сябе дарэшты дзеля Касцёла, па вобразу Хрыста і пры супрацоўніцтве з Ім. Святар наследуе Хрыста ў Яго дары з Сябе і ў Яго службе”. Святар - гэта чалавек ахвяры, чалавек, які перастаў існаваць для сябе. Святар не жыве для сябе, ён поўнасцю належыць тым, каго на яго жыццёвым шляху паставіў Божы Провід. Ён гатовы заўсёды, удзень і ўначы, служыць людзям. Нават ноччу святар не павінен выключаць тэлефон. Сапраўднага святара лёгка знайсці ў канфесіянале, ён цярплівае чакае на пэнітэнта. І вернікі ведаюць аб гэтым. Святар – гэта слуга Эўхарыстыі. Праўда, удзельнікам Святой Імшы з’яўляецца ўвесь Божы люд, які дзякуючы хросту з’яўляецца святарскім людам, людам асвечаным і святым. Аднак, каб літургічная супольнасць магла скласці Найсвяцейшую Ахвяру, на чале яе павінен быць пасвечаны біскупам святар, які ў пэўным моманце Святой Імшы скажа: “Бярыце і ешце з гэтага ўсе, бо гэта ёсць Цела Маё, …Бярыце і піце з яго ўсе, бо гэта ёсць келіх Крыві Маёй”. Кожны можа арганізаваць супольнасць, кожны можа вучыць катэхізісу, кожны можа, пры неабходнасці, ахрысціць, але дзеля гэтых 30 хвілін, якія вечныя, Бог патрабуе святара, бо толькі ён можа справаваць Святую Імшу. Сапраўды, без святара, які становіцца пры алтары “in persona Chrіsto”, каб здзейсніць перамену хлеба і віна ў Цела і Кроў Хрыста, не было б Святой Імшы. Святар - як сцвярджае агульны ўвод да Рымскага імшалу – прадстаўляе Хрыста, “выконвае тое самае, што ўчыніў Пан і загадаў чыніць на сваю памятку”, а Эўхарыстыя “так у яго паслузе, як і ў яго духоўным жыцці займае цэнтральнае месца, таму што ў ёй заключана ўсё духоўнае дабро Касцёла, а менавіта сам Хрыстус, наша Пасха і жывы Хлеб, які праз сваё ажыўленае Цела, якое ажыўляецца Святым Духам, дае жыццё людзям, запрашаючы іх і такім чынам даводзячы да ахвяравання разам з Ім саміх сябе, свае працы і ўсе створаныя рэчы. Святар, становячыся пры алтары, выконвае найбольш святое дзеянне. “Святое, – гаворыць Папа, - таму што ў ім прысутнічае і дзейнічае Хрыстус, Святы Бог, намашчаны Святым Духам, асвечаны Айцом, каб дабравольна аддаў і знайшоў сваё жыццё, Архіпастыр новага прымірэння”. (Ліст Папы да біскупаў “Аб Эўхарыстыі” 1980 г.) Вельмі важным у духоўным жыцці з’яўляецца тое, як святар выконвае свае дзеянні пры алтары, як бярэ ў рукі хлеб і віно, якія ў пэўны момант перамяняюцца ў Цела і Кроў нашага Бога і Пана; важна, як святар удзяляе Святую Камунію, выконвае пурыфікацыю. Пасля святарскіх пасвячэнняў адзін малады святар напісаў: “Дзве рэчы дазволілі мне найбольш пераканаўча сцвердзіць, што я стаў новым чалавекам і ніколі не буду тым, кім быў перад гэтым, – улада кансэкравання Гостыі і ўлада прабачэння грахоў”. Для святара ўмовай плённай лучнасці з Хрыстом з’яўляецца цішыня і канцэнтрацыя. Без іх святарскія дзеянні становяцца бясплённымі. Малітва святара мае асаблівае значэнне для Касцёла. ІІ Ватыканскі Сабор падкрэслівае: “Калі святар, а таксама іншыя вызначаныя Касцёлам асобы альбо вернікі разам са святаром моляцца, … выконваюць належным чынам дзівосную песню хвалы, тады гэта сапраўдны голас Абранніцы, якая прамаўляе да Умілаванага. Акрамя таго, гэта малітва, у якой Хрыстус са сваім містычным Целам – Касцёлам – звяртаецца да Айца. Усе, хто прысвячае сябе гэтай малітве, выконваюць заданне Касцёла і адначасова ўдзельнічаюць у найвышэйшай прывілеі Абранніцы Хрыста, таму што, аддаючы хвалу Богу, становяцца перад Божым тронам ад імя Маці Касцёла”. Святар з’яўляецца міністрам Сакрамэнту Пакаяння. Гэтым Сакрамэнтам карыстаецца таксама і ён сам. У Адгартацыі “Reconciliacio et paenitencia” Папа Ян Павел ІІ адзначаў: “Духоўнае і апостальскае жыццё святара, таксама як і яго свецкіх баратоў і законнікаў, узровень гэтага жыцця і яго руплівасць залежыць ад трывалага і сумленнага асабістага карыстання з Сакрамэнту Пакаяння, справавання Эўхарыстыі, і ўдзяленні іншых Сакрамэнтаў. Душпастырскі запал, адносіны да вернікаў, сяброўства з братамі, адзінства са святарамі, супрацоўніцтва з біскупам, малітоўнае жыццё, адным словам – усё святарскае жыццё церпіць, калі ў ім, з прычыны нядбайнасці недастаткова сапраўднай веры і пабожнасці, карыстання з Сакрамэнту Пакаяння”. Канфесіянал для святароў, якія спавядаюць, з’яўляецца найлепшай школай любові. Сакрамэнт Пакаяння гаворыць ім аб тым, як Бог палюбіў кожнага чалавека, якую вялікую вартасць у Божых вачах мае кожная душа. Кожны - брат і сястра, таму што ў Сакрамэнце Пакаяння прабачаюцца яму грахі і ахвяруецца бясконцая міласэрнасць. Езус чыніць гэта не дзеля заслуг таго, хто спавядаецца, не дзеля яго дасканаласці, але з-за яго ўбогасці і слабасці. Сакрамэнт Пакаяння, які Езус устанавіў, адкрыты і існуе для ўсіх. Тэолагі навучаюць, што кожная абсалюцыя святара дае асаблівую ласку (сакрамэнтальную ласку), якая дазваляе вытрываць у добрым, дапамагае пераадолець розныя спакусы. У Дэкрэце ІІ Ватыканскага Сабору пра паслугу і жыццё святароў сказана: “Пастырская любоў абавязвае прасвітараў, каб, працуючы ў супольнасці, праз паслухмянасць аддавалі службе Богу і братам сваю волю, ахвотна прымаючы і выконваючы ў духу веры загады і рэкамендацыі Папы і ўласнага біскупа, а таксама іншых кіраўнікоў, аддаючы саміх сябе пры выкананні кожнага задання, якое ім даручана, нават вельмі сціплага і нязначнага” (DK 15). Святы Аўгустын у каментарыі да слоў малітвы Панскай перасцерагае, каб свядома альбо несвядома не спрабавалі павучаць Бога, альбо схіляць Яго выканаць нашую волю. Дае параду, каб горача маліцца і прасіць Бога аб ласцы пакорнасці. Калі гаворым “будзь воля Твая, як у небе, так і на зямлі”, просім Бога аб пакорнасці і аб тым, каб выконваць Яго волю так, як яе выконваюць анёлы ў небе”. “Будзь паслухмяная, – пісаў Святы Францішак Сальскі ў “Філатэі”,- у справах цяжкіх, непрыемных і цвёрдых. Такая паслухмянасць будзе дасканалай. Перш за ўсё будзь паслухмяная і ахвотная ў любові да Бога, які з любові да нас быў паслухмяны аж да смерці на крыжы (Фп 2, 8) і які, згодна са словамі Святога Бернарда, хутчэй бы страціў жыццё, чым ухіліўся ад паслухмянасці”. Святары сваю службу Богу і людзям выконваюць у цэлібаце. “Сярод евангельскіх парад, – зазначае ІІ Ватыканскі Сабор, – адрозніваецца асабліва каштоўны дар Божай ласкі, дадзены Богам Айцом некаторым людзям, каб менавіта ў дзявіцтве альбо ў цэлібаце непадзельным сэрцам прысвяцілі сябе толькі Богу”. Pastores dabe vobis зазначае: “Такое поўнае значэнне дзявіцтва, якое – адмаўляючыся ад сужэнства, – паказвае рэальны сэнс з’яднання цела праз камунію і адданне сябе Езусу Хрысту і Яго Касцёлу, якое папярэджвае і абвяшчае дасканалую і канчатковую камунію і лучнасць у небе”. У гэты дзень, які кожны святар перажывае асаблівым чынам і адчувае сябе блізка Хрыста, хачу выказаць вам усім пажаданні, узгадваючы словы Божага Слугі Яна Паўла ІІ: “Жадаю вам усім, каб, дзякуючы ласцы, маглі кожны дзень аднаўляць Божы дар, атрыманы ў абрадзе накладання рук (пар. 2 Цм 1,6), знаходзіць суцяшэнне ў глыбокім сяброўстве, якое звязвае вас з Хрыстом і злучае паміж сабою, каб маглі адчуваць радасць ад таго, што паства Хрыста ўсё больш узрастае у любові да Яго і да кожнага чалавека, адчуваць радаснае перакананне, “што Той, Хто распачаў у вас добрую справу завершыць яе да дня Езуса Хрыста”. |
Гамілія дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антонія Дзям’янкі на дзень святога Юзафа 2006 г.
|
18.07.2009 16:07 |
20.03.2006 Пасля Маці Божай святы Юзаф – гэта найбольшы святы ў небе. Пакорлівы цясляр з Назарэту – па (атрыманых ?) ласках і благаславеннях перавышае патрыярхаў, прарокаў, святога Яна Хрысціцеля, святых Пятра і Паўла, іншых апосталаў, святых мучанікаў і доктараў Касцёла. У першай Эўхарыстычнай малітве ён займае першае месца пасля Найсвяцейшай Панны Марыі. Хрысціяне ва ўсе часы прасілі апекі ў гэтага святога. Сведчыць пра гэта літанія да святога Юзафа, у якой шчодра пералічваюцца прывілеі святога: слаўны патомак Давіда, святло патрыярхаў, апякуне Багародзіцы, прачысты апякун Панны, узор працуючых, аздоба сямейнага жыцця, апякуне паннаў, апора сем’яў, суцяшэнне няшчасных, надзея хворых, апякуне паміраючых, пострах злых духаў, апякуне Касцёла святога. Евангелле ад святога Мацвея (раздзел 1, 20-21) падае, што Анёл Пана звярнуўся да гэтага праведнага чалавека ў сне: «Юзэфе, сыне Давіда, не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо зачатае ў ёй ёсць ад Духа Святога. Яна ж народзіць Сына, і дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад ягоных грахоў». Слуга Божы Папа Ян Павел ІІ у адгартацыі Аб місіі святога Юзафа напісаў, што ў гэтых словах заключаецца цэнтральны момант біблійнай праўды аб святым Юзафе. Анёл звяртаецца да Юзафа, як да мужа Марыі, да таго, хто дасць імя Сыну, якога народзіць Панна з Назарэту, заручаная з ім. Звяртаецца да Юзафа, давяраючы яму заданне зямнога бацькі ў адносінах да Сына Марыі. Святы Юзаф паказаў прыклад гатоўнасці волі, – так, як Марыя, – адносна таго, што пажадаў ад яго Боскі пасланец. Так, як Марыя, Юзаф быў адданы Богу. Як навучае Сабор: «Богу, які аб’яўляецца, належыць аказаць паслушэнства веры, ... праз якое чалавек па вольнай волі давяраецца Богу, аказваючы поўнае адданне розуму і волі Богу, які аб’яўляецца» (Канстытуцыя аб аб’яўленні Божым Dei verbum, 5). Бог выбірае святога Юзафа сужэнцам Марыі, каб забяспечыць для Езуса бацькоўскую апеку. Адсюль вынікае, што бацькоўства з’яўляецца той сувяззю, якая найбольш яднае з Хрыстом – вяршыняй кожнага абрання і прызначэння. Евангеллі, хоць выразна сцвярджаюць, што Езус быў зачаты ад Святога Духа і ў гэтым сужэнстве было захавана дзявоцтва, называюць Юзафа сужэнцам Марыі, а Марыю – сужонкаю Юзафа. Разважаючы над істотаю сужэнства, святы Аўгустын і святы Тамаш бачаць яе нязменна «у непарыўнай лучнасці душ», у еднасці сэрцаў і ўзаемнай згодзе, гэта значыць, у тым, што прыкладна аб’явілася ў сужэнстве Марыі і Юзафа. На парозе Новага Запавету, як калісьці на парозе Старога, пастаўлена пара сужэнцаў. Толькі з вялікай адрознасцю. Калі сужэнства Адама і Евы стала крыніцай зла, якое агарнула ўвесь свет, то сужэнства Юзафа і Марыі становіць вяршыню, з якой святасць ліецца на ўсю зямлю. Збаўца распачаў справу збаўлення ад дзявочай і святой уніі, у якой аб’яўляецца Яго ўсемагутная воля ачышчэння і асвячэння сям’і – санктуарыя любові і калыскі жыцця. Сям’я атрымлівае місію варты, аб’яўлення і перадачы любові, якая з’ўляецца жывым адлюстраваннем і сапраўдным пераказам любові Бога чалавецтву і любові Хрыста Пана Касцёлу, Яго Абранніцы. У Святой Сям’і цудоўным намерам Божы Сын жыў ... скрыты доўгія гады: таму Святая Сям’я дае ўзор і прыклад усім хрысціянскім сем’ям. Бог прызваў святога Юзафа, каб непасрэдна служыў асобе і пасланню Езуса, выконваючы абавязкі бацькі: такім чынам Юзаф мае ўдзел у поўні часу ў вялікай Таямніцы Адкуплення і з’яўляецца сапраўды «слугою Збаўлення». Яго бацькоўства праявілася канкрэтна ў тым, што з «свайго жыцця ён учыніў служэнне, склаў яго ў таямніцы Ўцелаўлення і звязанай з ёю місіі Адкуплення, і сапраўды з’яўляецца слугою Збаўлення». Ён паслугоўваўся ўладай, якая яму належала ў Святой Сям’і, каб прынесці поўны дар сябе, свайго жыцця, працы; Юзаф перайначыў сваё мужчынскае пакліканне да сямейнай любові, перайначыў у ахвяру, якая перавышае чалавечыя сілы, перайначыў у ахвяру свайго сэрца і ўсіх здольнасцяў у любоў, аддадзеную на службу Месіі, які рос ў ягоным доме. Літургічная малітва прыпамінае, што Бог даверыў маладосць нашага Збаўцы вернаму вартаўніку і абаронцу – святому Юзафу, і дадае: «як вернага і разважлівага слугу паставіў над сваёю сям’ёю, каб распасцёр апеку над ... Адзінародным Тваім Сынам». Святы Лявон ХІІІ-ы падкрэсліў узнёсласць місіі святога Юзафа: «Ён перавышае ўсіх людзей сваёю пасадаю, таму што па Божым распараджэнні быў апекуном Божага Сына, а ў перакананні акружэння, яго бацькам. Натуральным вынікам было тое, што Адвечнае Слова святому Юзафу з пакорай было падданае і аказвала яму пашану, якую павінны аказваць дзеці сваім бацькам». Але таксама «Юзаф моцаю асаблівага дару Нябёсаў акружаў Езуса натуральнай любоўю і клопатам, якія могуць нарадзіцца ў сэрцы бацькі». Юзаф быў тым, хто адказваў за парадак пры нараджэнні Пана, яго заданнем быў клопат увесці ў свет Сына, захаваўшы Божыя наказы і правы чалавечай супольнасці. Усё так званае асабістае альбо скрытае жыццё Езуса было даверана бацькоўскай апецы Юзафа. Узрастанне Езуса ў мудрасці, у ласцы, Яго сталенне адбывалася ў асяроддзі Святой Сям’і пад апекай святога Юзафа, на якім ляжала ўзнёслае заданне выхавання, гэта значыць клопат пра сілкаванне і апрананне Езуса, пра навучанне Яго Праву і рамяству, – згодна з абавязкамі, якія належаць бацьку. У літургіі, у прэфацыі, Касцёл успамінае «найперш поўную хвалы Марыю, заўсёды Панну... а таксама святога Юзафа, таму што ён жывіў Таго, якога вернікі мелі спажываць як Хлеб вечнага жыцця». З свайго боку Езус быў ім адданы, пашанай аддзячваючы за клопат свім бацькам. Такім чынам Ён хацеў падкрэсліць святасць сямейных абавязкаў і працы, якія выконваў пры святым Юзафе. На сваім жыццёвым шляху, які быў пілігрымкай веры, святы Юзаф да канца застаўся верным Божаму прызванню. Юзаф у момант свайго «Звеставання», не прамовіў ніводнага слова, а толькі ўчыніў так, як яму сказаў Анёл. І гэта першае «учыніў» засталося пачаткам шляху Юзафа. Падчас усяго гэтага шляху Евангелле не запіша ніводнага ягонага слова. Але маўчанне Юзафа мае вялікае значэнне: праз гэта можна зразумець праўду, якую заключае евангельскае азначэнне: «муж справядлівы» (Мц 1, 19). Касцёл з асаблівай пашанай адносіцца да Святой Сям’і, бацька ў гэтай сям’і – Юзаф. Гэтае бацькоўства не паходзіць з народзін Сына, але яно таксама не «ўмоўнае» альбо толькі прыёмнае... Яно мае поўную вартаснасць, місію бацькоўства. Духоўнае жыццё, Ахвяра, якую склаў Юзаф са свайго існавання, каб годна прыняць Месію ў сваім доме, знаходзіць сваё вытлумачэнне ў незразумелым нам да канца яго духоўным жыцці, якое кіравала ягонымі дзеяннямі і было для яго крыніцай радасці. Гэта з духоўнага жыцця Юзаф чэрпаў развагу і сілу – ўласцівую душам простым і шчырым – для сваіх важных рашэнняў, як тады, калі без вагання, падпарадкаваў сваю волю Божым намерам, сваё права да паклікання чалавека, сваё сужэнскае шчасце – выяўляючы згоду прыняць у сям’і вызначанае сабе месца і цяжар адказнасці і адначасова адданасці Богу. Гэтая адданасць Богу, якая выяўляецца ў гатоўнасці волі, каб прысвяціць сябе Яго служэнню, не што іншае, як практыка пабожнасці, як праяўленне дабрадзейнасці і рэлігійнасці. Бацькоўская любоў Юзафа, безумоўна, уздзейнічала на сыноўнюю любоў Езуса і наадварот – сыноўняя любоў Езуса ўплывала на айцоўскую любоў Юзафа; як змераць глыбіню такой адзінай у сваім родзе лучнасці? Душы, асабліва падданыя на ўздзеянне Божай любові, справядліва бачаць у Юзафе светлы прыклад духоўнага жыцця. Папа Лявон ХІІ тлумачыць, што Юзаф «быў сужэнцам Марыі і людзі лічылі яго бацькам Езуса.... Юзаф быў законным і натуральным ахоўнікам, апекуном і абаронцам Святой Сям’і... Таму перад усім Юзафу належыць, нябеснай моцай сцерагчы і бараніць Хрыстовы Касцёл так, як найбольш сумленна калісьці сцярог ён Сям’ю з Назарэту тады, калі гэта было патрэбна». Касцёл свае патрэбы перамяняе ў малітвы. Узгадваючы, што Бог даверыў маладосць нашага Збаўцы вернай апецы святога Юзафа, Касцёл просіць Юзафа, каб дазволіў верна супрацоўнічаць у справе збаўлення, каб даў яму такую вернасць і чысціню сэрца, з якою Юзаф служыў Уцелаўлёнаму Слову, каб Касцёл, праз пасрэдніцтва і заступніцтва святога Юзафа, наследуючы прыклад ягонага жыцця і вернасці, ішоў Божай дарогай святасці і справядлівасці. Гістарычныя крыніцы не падаюць падрабязных дадзеных пра Юзафа. Вядома толькі, што паходзіў ён з роду Давідавага. Памёр ён яшчэ да таго, як Езус распачаў публічную дзейнасць. З першых стагоддзяў хрысціянства культ святога Юзафа быў вельмі вялікі, асабліва на Усходзе. Свята Юзафа, Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі, было ўстаноўлена ў 1621 г. 8 снежня 1870 г. Папа Пій ІХ урачыста абвясціў святога Юзафа апекуном усяго паўсюднага Касцёла, з таго часу дзень 19 сакавіка стаў асабліва ўрачыстым святам у каталіцкім Касцёле на ўсім свеце. З 1955 г. – святога Юзафа ўшаноўваюць як апекуна працаўнікоў. Святога Юзафа ўшаноўваюць таксама як апекуна бацькоў і як апекуна добрай смерці. |
Гамілія кардынала Казіміра Свёнтка ва ўрачыстасць Нараджэння Пана 2005 г.
|
«Прыйшло (Слова) да свайго, а свае Яго не прынялі. А тым, хто прыняў Яго, дало ўладу стаць Божымі дзецьмі» — так напісана ў Евангеллі паводле св. Яна. З прычыны непаслухмянасці нашых прабацькоў, непаслухмянасці Богу, людзі былі пазбаўленыя прывілею прабываць са сваім Створцам, з Богам. Надышлі доўгія дні, доўгія гады аддаленасці людзей ад Бога. Гісторыя, апісаная ў Старым Запавеце — гэта сведчанне частых стратаў веры людзьмі, адыходаў ад сапраўднага Бога, стварэння для сябе зямных бажкоў. Але разам з тым, ва ўсім гэтым можна ўбачыць і вялікую тугу па Богу, жаданне вярнуцца і паяднацца з Ім. Адлюстраваннем такога становішча ў гісторыі чалавецтва з’яўляецца Адвэнт у літургічным жыцці Каталіцкага Касцёла. Снежаньскі Адвэнт, падчас якога Касцёл у духу засяроджанасці і пакаяння рыхтаваў людзей да святаў Божага Нараджэння, да чарговай гадавіны прыйсця Божага Сына на свет, «калі Слова сталася Целам і пасялілася між намі». Але людзі і падчас Нараджэння Божага Сына, і потым, і цяпер, напэўна, і заўтра па-рознаму ставіліся, ставяцца і будуць ставіцца да закліку Касцёла верыць у Бога, да паяднання людзей з Богам. Менавіта тады, калі Панна Марыя нарадзіла сваё Дзіцятка і паклала Яго ў Бэтлеемскай стаенцы, ужо можна было заўважыць розныя адносіны людзей да гэтага Божага Дзіцяці, да абяцанага Месіі, да Божага Сына, да Бога. Першымі да стаенкі прыйшлі пастухі, паверыўшы словам Анёла, які абвясціў ім нараджэнне Боскага Збаўцы. І пайшлі яны спяшаючыся, як апавядае Евангелле, і знайшлі Марыю, Юзафа і Немаўля, якое ляжала ў яслях. Убачыўшы Яго, пастухі распавялі пра тое, што ім было аб’яўлена пра гэтае Дзіцятка. Пасля пастухоў з’явіліся тры мудрацы з Усходу, якія таксама паверылі знаку на небе ў выглядзе зоркі і прыбылі ў Бэтлеем. Як апавядае Евангелле, яны ўвайшлі ў дом, убачылі Дзіця і Ягоную Маці Марыю, упалі на твар ды пакланіліся Яму, і, адчыніўшы скарбніцы свае, ахвяравалі Яму дары: золата, кадзіла і мірру. І пастухі, і мудрацы з Усходу паказалі паўнату сваёй веры, паверылі ў гэтае Божае Дзіця, паверылі ў Боскага Збаўцу, паверылі ва Уцелаўлёнае Слова і аддалі Яму належную пашану. У той жа час першасвятары і кніжнікі хоць і ўказалі тым мудрацам з Усходу месца, дзе павінен быў нарадзіцца Кароль жыдоўскі, абяцаны Месія (яны ведалі гэтае месца, Бэтлеем — месца нараджэння абяцанага Месіі), але самі туды не пайшлі, засталіся ў Ерузалеме. Ім не хапіла сапраўднай веры, хоць Святое Пісанне выразна абвяшчала, што менавіта ў Бэтлееме народзіцца абяцаны Месія. Прадказвалі, але не паверылі. І менавіта гэты прыклад пастухоў, трох каралёў і кніжнікаў з’яўляецца з першых дзён, можа нават, з першай бэтлеемскай ночы, сведчаннем таго, што сярод людзей пануе вера і бязвер’е. Але не толькі пра гэта сведчыла тая бэтлеемская ноч і нараджэнне Божага Сына на зямлі. Калі Дзіцятка прынеслі ў святыню, Сімяон, чалавек праведны і пабожны, поўны надзеі, гаворыць, што не памрэ, пакуль не ўбачыць Месію. І ён дачакаўся той хвіліны, калі мог узяць на рукі Дзіцятка Езуса і сказаць: «Цяпер адпускаеш слугу Твайго.., бо вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё, якое падрыхтаваў Ты перад абліччам усіх народаў» (гл. Лк 2, 26). Не толькі Сімяон, але і старая прарочыца Ганна, калі прынеслі Дзіцятка Езуса, праславіла Бога і расказвала пра Яго ўсім, хто чакаў вызвалення Ерузалема. Якая ж моцная была надзея Сімяона і Ганны на прыйсце Божага Сына, абяцанага Месіі! І яны ўбачылі Яго і схілілі перад Ім свае галовы. А тым часам, калі кароль Ірад пачуў аб нараджэнні Месіі, у яго сэрцы не з’явілася надзея на тое, што будзе збаўлены народ жыдоўскі. Не! Ён жахнуўся, і страх авалодаў яго сэрцам, а разам з ім і ўсім Ерузалемам, што будзе страчаны трон, панаванне. Ён загадаў забіць мноства бязвінных немаўлят. Вось і другая падзея, якая суправаджала нараджэнне Божага Сына, калі Слова сталася Целам. Надзея і страх... Надзея Сімяона і Ганны, і страх Ірада. Але гэта яшчэ не ўсё. Марыя і Юзаф, поўныя любові да Дзіцятка Езуса, з хвіліны нараджэння акружалі Яго клопатам і апекаю там, у стаенцы, калі не знайшлося для Яго месца ў заездзе, потым у доме, а таксама пры ахвяраванні ў святыні, падчас уцёкаў у Егіпет. Колькі клопату, колькі праяваў любові было ў сэрцы Марыі і святога апекуна Юзафа! А потым было цяжкое вяртанне ў Назарэт. А які вялікі клопат мелі бацькі, калі іх Дзіцятка, ужо падлетак, згубілася ў Ерузалеме! Евангелле перадае словы Марыі, Маці Божай: «Вось айцец Твой і Я ў вялікім смутку шукалі Цябе» (гл. Лк 2, 48). Якая прыгожая любоў выяўляецца ў гэтым да Божага Дзіцяці, да Уцелаўлёнага Слова, да Збаўцы нашага Езуса Хрыста! А што робяць акружаючыя? Акружаючыя шукаюць Дзіця, каб забіць. Каб пазбегнуць забойства, Святая Сям’я ратуецца ўцёкамі ў Егіпет. А потым —нянавісць... Нянавісць, з якою сутыкаецца Уцелаўлёнае Слова з боку першасвятароў старой сінагогі. З сатанінскай нянавісцю яны пераследуюць Езуса, які пачаў абвяшчаць сваё Боскае Евангелле, найвышэйшую запаведзь любові да Бога і да бліжняга. Гэтая нянавісць дабілася свайго — Збаўцу, Сына Божага, гэтае Уцелаўлёнае Слова прыбілі да крыжа, забілі, учынілі Богазабойства. Вось да чаго прывяла чалавечая нянавісць!. З аднаго боку — любоў Марыі і Юзафа, а потым — вельмі многіх людзей, якія палюбілі гэтае Божае Дзіця, Божага Сына і Уцелаўлёнае Слова, а з другога — гэтая пастаянная нянавісць, што імкнецца да знішчэння самога Божага Сына і Яго справы — збаўлення чалаввецтва. Так па-рознаму было прынята Уцелаўлёнае Слова на зямлі: была вера і бязвер’е, былі надзея і страх, былі любоў і нянавісць... Але ці можна сказаць «былі»? Гэтыя праявы не толькі былі, яны ёсць і цяпер, яны, безумоўна, будуць доўжыцца да сканчэння свету. Перыяд Божага Нараджэння, калі мы збіраемся ў нашых святынях, з’яўляецца найлепшым часам для таго, каб праверыць сябе, усвядоміць, па чыіх слядах мы крочым па жыцці. Ці мы ідзем па слядах пастушкоў і мудрацоў, вызнаючы сваю моцную, непахісную веру ў Бога і Уцелаўлёнае Слова? Ці ідзем за Сімяонам і Аннай, паказваючы сваю надзею, што грунтуецца на справе адкуплення, надзею на нашае вечнае збаўленне? Ці крочым мы па слядах Марыі і Юзафа, якія ад нараджэння да ўкрыжавання акружалі свайго Сына прыгожаю, цудоўнаю, высакароднаю любоўю? А можа мы наследуем іншых прадстаўнікоў тых часоў? Не хацелася б іх пералічваць, але варта назваць і Ірада, і першасвятароў, і кніжнікаў, і ўсіх, хто тады і аж да сканчэння свету імкнуўся і імкнецца ў сваёй нянавісці знішчыць з-за недахопу веры і з-за страху гэта Уцелаўлёнае Слова. Адкажам сабе тут, каля стаенкі, адкажам гэтаму Божаму Дзіцяці, па чыіх слядах мы ідзем у нашай зямной пілігрымцы. Вельмі добра, што сёння вас так шмат сабралася. Вашая прысутнасць сведчыць і пра вашую веру, і пра вашую надзею, і пра вашу любоў да Бога. Але ў штодзённым жыцці, выйшаўшы з Божай святыні, калі закончыцца ўрачыстасць Божага Нараджэння і гэты святочны перыяд, па чыіх слядах мы пойдзем? Гэта ўжо асабістае рашэнне кожнага чалавека, але таксама і адказнасць перад Богам, перад Касцёлам і перад сваёй несмяротнай душой. Таму, мае дарагія браты і сёстры, умілаваныя ў гэтым Божым Дзіцяці, мы павінны наследаваць пастухоў і мудрацоў з Усходу ў іх веры, Сімяона і Ганну ў іх надзеі, Марыю і Юзафа ў іх любові і пазбягаць таго, да чаго вядзе адсутнасць веры, недахопу надзеі і нянавісць. Гэтага патрабуе Бог! Бо Айцец спаслаў свайго Сына не для таго, каб людзі ў Яго не верылі, каб жылі ў страху, каб у іх сэрцах панавала нянавісць. Нябесны Айцец паслаў свайго ўмілаванага Сына для таго, каб навучыць нас дасканалай веры, дасканалай надзеі, дасканалай любові. Будзем жа чэрпаць з адкрытай крыніцы: з той, што бруіць у Бэтлеемскай стаенцы, і з крыніцы Эўхарыстыі, што струменіць з табэрнакулюма. Няхай наш адказ будзе такім, які належыць даць людзям веруючым, каталікам, хрысціянам, людзям Хрыстовым. Няхай жа Уцелаўлёнае Слова ўмацуе нас у веры, надзеі і любові. Няхай Яго Маці так цудоўна, з усмешкаю, з каронаю, валадарыць у нашай архікатэдры, няхай падтрымае нас сваёю пераможнаю Матчынаю апекаю, сваім заступніцтвам перад Боскім Сынам, які прыйшоў, каб нас збавіць. Амэн. |
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, ардынарыя архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве, на ўрачыстасць каранацыі абраза Маці Божай Кангрэгацкай і 300-гадовы юбілей кансэкрацыі катэдральнай базылікі ў Гродне
|
28 жніўня 2005 г. Глыбокапаважаныя Эмінэнцыі, Эксцэленцыі, святары, законнікі і законніцы, прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы, дзяржаўнай улады, дыпламатычных місій, свету навукі і культуры, браты і сёстры! Словы рэфрэна рэспансарыйнага псальма “Будзь прывітана, Багародзіца!” як найлепш перадаюць тую атмасферу і дух, якія спадарожнічаюць нашай сённяшняй урачыстасці. Перш за ўсё, хачу выказаць удзячнасць Гродзенскаму біскупу Яго Эксцэленцыі Аляксандру Кашкевічу за запрашэнне на ўрачыстасць каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Кангрэгацкай і юбілей 300-годдзя кансэкрацыі катэдральнай базылікі – паезуіцкага касцёла святога Францішка Ксаверыя ў Гродне. Для мяне гэта асаблівы гонар, бо так ужо сталася, што мая святарская і біскупская паслуга на Беларусі, і асабліва ў Гродне, была непадзельна звязана з гэтым касцёлам і гэтым абразом. Добра памятаю: калі я быў яшчэ вучнем сярэдняй школы, бацька вадзіў мяне ў фарны касцёл, да абраза Маці Божай Кангрэгацкай, і гаварыў: “Хочаш добра вучыцца – маліся да Маці Божай, якую таксама называюць Студэнцкай”. Затым былі цяжкія часы, калі касцёл амаль 30 гадоў заставаўся без пастаяннага святара. Божы Провід здзейсніў, што менавіта мне ў 1988 годзе давялося па-новаму распачаць адраджэнне – як парафіі, так і культу Маці Божай Кангрэгацкай. Адразу кідалася ў вочы, з якой вялікай чуласцю вернікі моляцца перад цудадзейным абразом і як ён блізкі ім. Не патрэбны былі вялікія намаганні, каб арганізаваць па суботах навэнну, якая ў 1989 г., на юбілей 325-годдзя перанясення абраза ў Гродна, набыла асабліваге значэнне. Я сам вельмі ўдзячны Маці Божай Кангрэгацкай. Менавіта падчас той памятнай навэнны Святы Айцец Ян Павел ІІ прызначыў мяне біскупам для католікаў Беларусі. Пасля 60 гадоў перапынку на Беларусі была адроджана іерархія Каталіцкага Касцёла. У Гродзенскай фары 28 кастрычніка 1989 г. адбыўся мой інгрэс, а 13 красавіка 1991 г. па просьбе Апостальскага нунцыя арцыбіскупа Франчэско Коласуона я аб’явіў пра ўстанаўленне Апостальскай Сталіцай новых структур Каталіцкага Касцёла на Беларусі і ў Расіі. Тады пралат, а сёння кардынал Казімір Свёнтэк, быў прызначаны арцыібіскупам мітрапалітам Мінска-Магілёўскім і Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі, а ксёндз Аляксандр Кашкевіч – першым Гродзенскім біскупам. Гродзенская фара, якая была кансэкравана 300 гадоў таму назад, перажыла багатую, а часам трагічную гісторыю. У сучаснай гісторыі Касцёла Беларусі яна адыграла таксама вялікую ролю – як у адраджэнні рэлігійнага і духоўнага жыцця, так і касцёльных структур. Сёння з нагоды 300-годдзя кансэкрацыі гродзенскай катэдральнай базылікі мы задаем сабе пытанне: “А што для нас, веруючых, і тых, хто шукае Бога, азначае касцёл?” Адказам на гэтае пытанне можа быць фрагмент з грузінскага фільма часоў «перестройки» “Пакаянне”, які паказваўся ў сярэдзіне 80-тых гадоў ХХ стагоддзя. Гэтая стужка пра цяжкія часы недалёкага мінулага, таксама і пра змаганне з верай. У канцы фільма старая жанчына пытаецца ў маладой: ці дарога, якою яна ідзе, вядзе ў храм? На гэтае пытанне атрымлівае адказ: “Не. Бо храма больш няма. Яго зруйнавалі”. Тады мудрая пажылая жанчына гаворыць: “Каму патрэбна дарога, якая не вядзе ў храм?” Каму патрэбна? Асноўным заданнем Касцёла ёсць абвяшчаць Евангелле: “Ідзіце і навучайце ўсе народы” (пар. Мц 28,19), – сказаў Пан Езус сваім Апосталам. І Касцёл навучае. Касцёлу таксама даручана заданне асвячаць людзей. Гэта ён чыніць праз сакрамэнты, асабліва праз Эўхарыстыю. Пра гэта мы павінны памятаць асабліва ў гэтым годзе, аб’яўленым святой памяці Папам Янам Паўлам ІІ годам Эўхарыстыі. Кожны сакрамэнт – гэта асабістае спатканне чалавека з Богам. Адноўленая пасля ІІ Ватыканскага Сабора Літургія вельмі шмат увагі прысвячае чытанню Божага Слова і разважанню над ім падчас справавання сакрамэнтаў, асабліва Эўхарыстыі. Праз гэта таксама выконваецца наказ Езуса Хрыста навучаць і асвячаць. Навучаць, асвячаць і кіраваць народам Божым, каб Касцёл быў, гаворачы словамі сённяшняга першага чытання, Горадам Святым – Новым Ерузалемам, Скініяй Бога з людзьмі, дзе Ён будзе жыць з імі, і будуць яны Ягонымі, а Ён будзе “Богам з імі”, каб учыніць усё новае (пар. Адкр 21, 2-3.5). Новыя часы, у якія ўвёў нас Ян Павел ІІ, часы трэцяга тысячагоддзя, павінны быць таксама перыядам усяго новага, менавіта новага ў Езусе Хрысце. Мы павінны сузіраць аблічча Хрыста (пар. NMI 16) каб з дня на дзень дасканаліцца ў духоўным жыцці. Да гэтай мэты вядзе Касцёл, і вядзе праз Марыю. У сённяшнім другім чытанні св. Апостал Павел навучае, што, калі настала поўня часу, Бог прыслаў Свайго Сына, каб адкупіць людзей і каб яны маглі атрымаць усынаўленне (пар. Гал 4, 4-5). Чалавецтва вельмі доўга чакала гэтага. Поўня часу не мерыцца колькасцю тысячагоддзяў, стагоддзяў або дзесяцігоддзяў. Поўня часу вызначаецца прыходам у свет Збаўцы. У гэтым заключаецца прынцыповае адрозненне хрысціянства ад іншых рэлігій, бо ў ім Бог сам першы выходзіць насустрач чалавеку, Ён працягвае яму руку і хоча дапамагчы. Гісторыя адкуплення, аднак, гаворыць пра тое, што поўня часу прыйшла з дабравольнага дазволу чалавека, якім была Марыя. Узгадаем сцэну Звеставання. Ва ўбогім назарэтанскім доміку перад Марыяй з’яўляецца Божы пасланнік – Арханёл Габрыэль, які перадае Ёй Божую волю, што менавіта Яна выбрана, каб стаць Маці Збаўцы. Не разумеючы, як усё можа стацца, Яна, аднак, згаджаецца і гаворыць сваё знамянальнае “Fiat” – “Вось Я – слуга Госпада; няхай станецца Мне паводле слова Твайго” (Лк 1, 38). Пад Яе сэрцам пачынае біцца сэрца Збаўцы. Яна выпрошвае ў Кане Галілейскай у Свайго Сына першы цуд (пар. Ян 2,1-10). Яна спадарожнічае Яму на Крыжовым шляху. Яна застаецца пад крыжом, на якім адбываецца збаўленне свету. Менавіта там, з дрэва крыжа, Езус дае Яе нам, як нашу духоўную Маці (пар. Ян 19,26). Яна – Маці Касцёла і Маці адкупленага чалавецтва. Калі было вельмі цяжка, калі святароў станавілася ўсё менш і менш, калі здавалася, што са смерцю апошняга, настане канец для Касцёла, верны народ працягваў шукаць паратунку ў Маці Божай, верачы, як гаворыць св. Бернард, што спрадвеку не было чуваць, каб застаўся пакінутым той, хто прыбягае да Яе. У цяжкія дзесяцігоддзі ганенняў Фацімскае пасланне пра навяртанне Расіі было для людзей надзеяй. І Марыя не падвяла. Пасля доўгай ночы пераследванняў узышло сонца рэлігійнай свабоды, здзейсніліся словы, выказаныя Езусам Апосталу Пятру: “Ты – скала, і на гэтай скале Я збудую мой Касцёл, і брамы пякельныя не перамогуць Яго” (Мц 16,18). Сёння ў знак удзячнасці вернікі Гродна і Гродзенскай дыяцэзіі ў прысутнасці шматлікіх гасцей і прадстаўнікоў дзяржаўнай улады аддаюць пашану Маці Божай Кангрэгацкай. Калі ў фарным касцёле не было святара, калі не было таго, хто мог бы складаць Эўхарыстычную Ахвяру, вернікі яе складалі з сябе. Яны баранілі касцёл ад закрыцця, самі праводзілі набажэнствы, маліліся, даглядалі святыню – шэдэўр сакральнага мастацтва. Увесь гэты час Марыя была пад крыжам, дапамагаючы вернікам, якія са свайго боку трывалі пры Ёй. Яна ў копіі славутай іконы Salus populi Romani – Збавіцелькі народа Рымскага – з базылікі Маці Божай Большай у Вечным Горадзе стала для вернага гродзенскага люду Salus populi Grodnensis – Выбаўленнем гродзенскага люду. Калі прыйшла “поўня часу” – свабода веравызнання, “катакомбны культ” Маці Божай Кангрэгацкай адрадзіўся і расквітнеў. Сведчаннем гэтага з’яўляецца у тым ліку і сённяшняя ўрачыстасць – каранацыя папскімі каронамі Яе цудадзейнага абраза. Каранацыя абраза – гэта вялікі дар для мясцовага Касцёла, але гэта таксама і заданне. Новыя часы – часы рэлігійнай свабоды і пачатку трэцяга тысячагоддзя павінны стаць часам ласкі, часам духоўнага адраджэння, часам збаўлення. Углядаючыся ў Марыю, мы павінны сказаць сваё “Fiat” па меры патрабаванняў нашага часу і яго выклікаў, якія становяцца ўсё больш і больш небяспечнымі. Толькі паслухмянасць Божай волі па прыкладу Марыі можа кардынальна змяніць сітуацыю. Мы цешымся тым, што з дня на дзень прыгажэе Гродна і Беларусь, паляпшаюцца ўмовы жыцця, рамантуюцца старыя гістарычныя будынкі і ўзводзяцца новыя, дарогі становяцца ўсё лепшымі, расце вытворчасць і г.д. Змяняецца на лепшае таксама і свет. Аднак гэта яшчэ далёка не ўсё. Толькі само развіццё інфраструктуры і гаспадаркі не можа да канца задаволіць чалавека, бо, як вучыць Хрыстус: “Не хлебам адзіным жыць будзе чалавек, але ўсякім словам, што выходзіць з вуснаў Божых” (Мц 4,4). Чалавек мае душу, і яна таксама патрабуе свайго. Жыццё ў сучасным свеце разам з яго імклівым развіццём, на жаль, нясе ў сабе таксама шмат трывог. Разведзеныя сем’і, шмат абортаў, праблема занядбаных дзяцей, вартая слёз дэмаграфічная сітуацыя, асабліва ў развітых краінах, сацыяльная несправядлівасць, да навалы алкагалізму дадаецца наркаманія, чалавек страціў пачуццё граху, у некаторых краінах з багатай хрысціянскай гісторыяй і культурай, асабліва на Захадзе, дэмакратычным шляхам прымаюцца законы, супярэчныя з Божым правам, такія як, напрыклад, гомасэксуальныя сямейныя саюзы або эўтаназія. Амаральнае і неадпаведнае выкарыстанне дасягненняў навукі, асабліва ў галіне генетыкі або нават медыцыны можа прывесці да сумных вынікаў. Моладзь усё больш і больш цікавяць матэрыяльныя справы і вельмі часта амаральныя ўцехі, а таксама псеўдарэлігійныя рухі. Нярэдка яна шукае, як уцячы ад рэчаіснасці. Вялікай пагрозай у сучасным свеце з’яўляецца тэрарызм і насілле; нярэдка замест любові да бліжняга бярэ верх эгаізм, і нават нянавісць. Нездарма Святы Айцец Бэнэдыкт XVI перасцерагае перад пагрозай агрэсіўнага секулярызму і маральнага рэлятывізму. Да каго маем уцякаць? Дзе знойдзем паратунак? Хто дапаможа? Як гісторыя Паўсюднага Касцёла, так і гродзенскай фары з цудадзейным абразам Маці Божай Кангрэгацкай сведчаць яшчэ раз: “Без Бога ні да парога!” Браты і сёстры! Пэўная легенда гаворыць пра тое, што калі Езус узнёсся на неба, Арханёл Габрыэль сказаў Яму, што Ён вельмі шмат цярпеў дзеля збаўлення людзей, але ці яны пра гэта ведаюць і ці гэта цэняць? Езус адказаў: “На жаль, яшчэ далёка не ўсе”. На гэта Арханёл Габрыэль: “А што Ты зрабіў, каб яны гэта ведалі?” “Я паслаў Пятра, Яна, Якуба і іншых, каб яны і іх пераемнікі абвяшчалі Евангелле ўсім народам аж па край зямлі”, – адказаў Езус. На гэта Арханёл скептычна сказаў: “Але ж яны людзі. Спачатку, можа, будуць рупнымі, потым энтузіязм аслабне, а іх пераемнікі і наогул забудуцца. Ты, напэўна, маеш нейкі іншы план?” Езус паўтарыў: “Я выбраў і паслаў Пятра, Яна, Якуба і іншых. І іншага плана няма”. Сапраўды, нашага плана не існуе. Касцёл – гэта сакрамэнт усеагульнага збаўлення (пар. LG 1). Удзячныя Богу за дар юбілею 300-годдзя кансэкрацыі катэдры, за адраджэнне веры і каранацыю абраза Маці Божай Кангрэгацкай, ніколі не забудзем дарогі да касцёла. Там, у сваіх пераемніках, ёсць Пётр, Ян, Якуб. Там нас чакае Хрыстус у сваіх сакрамэнтах, асабліва ў Эўхарыстыі; чакае са сваім Евангеллем, якое там пераказваецца, і благаслаўлёны будзе той, хто слухае слова Божае і яго захоўвае, як гаворыць сённяшняе Евангелле (пар. Лк 11,28). Там у сакрамэнтах сам Езус нас асвячае. Там чакае нас Божая Маці, каб выпрасіць у Свайго Сына новы цуд – цуд духоўнага адраджэння. Чакае, каб пры Яе дапамозе мы маглі, як заклікаў Ян Павел ІІ, адчыніць дзверы сваіх сэрцаў для Хрыста, Якога, як гаворыць Бэнэдыкт XVI, не трэба баяцца, бо Ён нічога не адбірае, але толькі дае. Хрысце, адзіны Збаўца свету, Той самы ўчора, сёння і навекі (пар. Гбр 13,8), дай нам праз заступніцтва Маці Божай Кангрэгацкай ласку трывання ў добрым. Дай нам ласку трывання ў навуцы Евангелля і Касцёла, каб мы чынілі ўсё новае (пар. Адкр 21,5) на славу Божую і для збаўлення людзей. Амэн. Прынятыя скарачэнні: - LG – ІІ Ватыканскі Сабор. Дагматычная Канстытуцыя пра Касцёл “Lumen gentium”.
- NMI – Ян Павел ІІ. Апостальскае Пасланне “Novo millennio ineunte”.
|
Прамова біскупа Антонія Дзям'нкі падчас Жалобнай Імшы за Святога Айца
|
Прапануем поўны тэкст гаміліі дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антонія Дзям'янкі, якую ён прамовіў падчас жалобнай Імшы за Папу Яна Пўла II у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Католікі нашай краіны як і ўсяго свету смуткуюць у гэтыя дні з прычыны смерці Яна Паўла ІІ, Папы Рымскага. Ён памёр у суботу ў 21.37 па еўрапейскім часе. Сёння мы сабраліся ў катэдры: духавенства, кансэкраваныя асобы, прадстаўнікі іншых веравызнанняў, прадстаўнікі дзяржаўнай улады, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу ў нашай краіне, свецкія католікі, – каб памаліцца за святой памяці Айца Святога Яна Паўла ІІ. Няхай добры Бог, якому ён служыў і вучыў іншых служыць Усявышняму, дасць вечны супакой у Валадарстве Божым. У нашым народзе гавораць: «Жывыя памерлым вочы закрываюць, а памерлыя жывым вочы адкрываюць». Калі закончылася зямное жыццё 264 па ліку Пантыфіка, то многія падсумоўваюць тое, што ён зрабіў у жыцці, – і як асоба свецкая, і як святар, і як біскуп, і як кардынал Караль Вайтыла. І як Пантыфік, які займаў пасаду Святога Пятра больш за 26 гадоў, як намеснік Хрыста на зямлі, як біскуп вечнага горада Рыма. Выказваюцца аб святой памяці Яну Паўлу ІІ розныя людзі як аб чалавеку з надзвычайнымі здольнасцямі. Гавораць, што гэта быў і навуковец, і літаратар, і філосаф, і міратворац. Мы сёння дзякуем Богу за прыклад веры, які даў гэты вярхоўны архіпастыр. Мы гаворым, што гэта быў чалавек малітвы і глыбокай веры. Як ведаем, вера для чалавека – гэта духоўны скарб. У 1991 годзе адбылося маё першае спатканне са Святым Айцом. Гэта было ў яго прыватнай капліцы ў Ватыкане. Задоўга да святой Імшы, якую цэлебраваў Святы Айцец, раніцай ён на каленях маліўся перад табэрнакулюмам. І так, па словах блізкіх асобаў, адбывалася кожны дзень. На прыкладзе Святога Айца мы бачым, які скарб захоўваецца ў малітве і якім скарбам для веруючых з’яўляецца Эўхарыстыя. Можа, менавіта таму ён і адышоў ў той час, калі сам абвясціў Год Эўхарыстыі. Які ж скарб і якая сіла знаходзіцца ў табэрнакулюмах каталіцкіх касцёлаў! А кантэмпляцыя Хрыста, як мы пераконваемся, можа вельмі глыбока паўплываць на чалавека і зрабіць яго здольным да ўзнёслых чынаў. Папа-славянін добра разумеў нас. Мы глыбока прынялі да сэрца яго пасланні з нагоды 1000-годдзя хрышчэння Кіеўскай Русі і 600-годдзя хрышчэння Літвы. Гэта таксама гісторыя і нашых земляў. Сваімі пасланнямі Пантыфік звярнуў увагу свету на нас, тых, хто тады быў так званым нямым касцёлам — у тым сэнсе, што быў пазбаўлены магчымасці свабодна вызнаваць веру і праслаўляць Бога, прапаведаваць Добрую Навіну. Гавораць аб адышоўшым да вечнасці Папе як аб тым, хто надзвычай рупліва клапаціўся аб патрабуючых, аб тых, хто не заўсёды меў права голасу. Бедныя ў асобе Яна Паўла ІІ страцілі свайго ўпаўнаважанага, каб дамагацца сваіх правоў. У многіх дакументах і пры асабістых сустрэчах ён звяртаў увагу на бедных і заклікаў ім дапамагчы. Мы таксама ў цяжкім становішчы Касцёла неаднаразова карысталіся гэтай дапамогай. Праз пасрэдніцтва «Caritas» і іншых дабрачынных арганізацый жыхары нашай краіны атрымлівалі і атрымліваюць розную дапамогу, якую заініцыяваў Ян Павел ІІ. Гэта і дапамога індывідуальная, і дапамога шпіталям апаратурай і тэхнікай, гэта і арганізацыя рознымі хрысціянскімі супольнасцямі адпачынку і лячэння для дзяцей і моладзі з чарнобыльскай зоны ў нашай краіне і за мяжой: у Аўстрыі, Італіі, Францыі і Германіі. Папа таксама клапаціўся пра тое, каб нашыя студэнты мелі магчымасць здабываць веды за мяжой, каб мелі магчымасць атрымліваць стыпендыю. Опцыя на карысць бедных — гэты прызыў для вернікаў знаходзіцца і ў дакуменце, які ўводзіць хрысціянскі свет у новае тысячагоддзе. Як найвышэйшы пастыр святой памяці Ян Павел ІІ не абмінаў нікога і па меры магчымасці дапамагаў. Ён быў ініцыятарам сустрэч моладзі з Папам, ён распачаў кангрэсы сем’яў, дні хворых, заклікаў да дапамогі вязням. Мы асабліва адчулі гэта падчас святкавання Юбілею 2000-годдзя хрысціянства: Провід Божы выбраў гэтага Пантыфіка, каб увесці Касцёл у новае тысячагоддзе. Вялікія заслугі памерлага Пантыфіка і на полі экуменічнай дзейнасці. Ён імкнуўся шчыра, каб споўнілася малітва Хрыста напярэдадні Яго мукі: «Каб усе былі адно». Ён сустракаўся з Патрыярхам Усходняй Царквы, запрашаў яго да сябе, быў прыхільнікам спатканняў моладзі, арганізаваных братамі з Тэзэ, вёў паспяховыя перамовы з пратэстанцкімі Цэрквамі. Як адзначаюць, гэта быў першы Пантыфік, які ад апостальскіх часоў пераступіў парог сінагогі. Ён умеў размаўляць з вызнаўцамі Магамета і прадстаўнікамі іншых рэлігій, як сведчаць аб гэтым сустрэчы ў Асізі, горадзе святога Францішка. Дзеля спакою ў свеце не шкадаваў сваіх сіл і намаганняў гэты Пантыфік. Штогод на дзень 1 студзеня ён высылаў пасланні. Усе памятаем яго вельмі мудрае выказванне напярэдадні аднаго сусветнага канфлікту: «Праз перамовы мы нічога не губляем, але праз ваенныя канфлікты чалавецтва можа многае страціць». Ён спазнаў небяспеку таталітарных сістэм, у якіх жыў. Яны знішчаюць індывідуальнасць чалавека. Таму так часта Ян Павел ІІ заступаўся за зняволеных і церпячых пераслед. Але адначасова ён перасцерагаў перад свавольствам і безадказнасцю. Ён вучыў: «Свабода нам не толькі дадзена, але і зададзена», яна — нашае заданне. Ян Павел ІІ быў ініцыятарам і новага Кодэксу Кананічнага Права і новай рэдакцыі Катэхізісу Каталіцкага Касцёла. Гэта дало магчымасць католікам глыбей зразумець у зменлівым свеце сутнасць місіі веруючага чалавека. У галіне літургіі ён здзейсніў адпаведныя і неабходныя ўдакладненні. Па яго ініцыятыве быў апрацаваны Імшал і іншыя літургічныя кнігі. Новыя літургічныя прадпісанні далі магчымасць наладзіць больш глыбокую сувязь з Тым, Хто з’яўляецца сэнсам нашага жыцця — з Богам, з Хрыстом. Ён выступаў у абарону ненароджаных. Гаварыў, што народ, які забівае ненароджаных, не мае будучыні. Ян Павел ІІ выкарыстаў тэрміны «цывілізацыя жыцця» і «цывілізацыя смерці». Ён заклікаў да салідарнай дапамогі тым, хто перажывае цяжкасці. Вучыў, якімі павінны быць адпаведныя адносіны ў сям’і, грамадстве і ў чалавечай супольнасці, што павінны асноўвацца на ўзаемнай павазе, ахвярнасці для другога чалавека. Кантэмпляцыя аблічча Хрыста і бязмежны давер Божай Маці – на гэта ўказваў нам Святы Айцец. З надзеяй і ўпэўненасцю заклікаў вернікаў крочыць па шляху зямнога пілігрымавання гэты Пантыфік. «Не бойцеся» — гэта яго словы, яго заклік да людзей, якія сумняваліся і перажывалі цяжкасці. Бог міласэрны, таму не трэба баяцца. У Яго Міласэрнасці наш ратунак і нашая надзея. Можа, таму Бог і паклікаў яго ў сваё Валадарства менавіта напярэдадні свята Божай Міласэрнасці. Паважаныя ў Езусе Хрысце! Мы ўдзячныя Святому Айцу за тое, што ён зрабіў для Касцёла, але таксама і для нашай краіны. Падчас яго пантыфікату наступіла рэарганізацыя дыяцэзій. У 1978 г. у нашым горадзе не было ніводнага касцёла, а колькі іх цяпер... Нашыя юнакі не маглі трапіць у духоўную семінарыю, Касцёл быў без душпастыраў. Цяпер у нас ёсць кардынал, які не толькі асабіста ведаў Святога Айца, але і з’яўляўся яго добрым сябрам. Ксёндз кардынал Казімір казаў, што ў гэтым годзе Святы Айцец, будучы цяжка хворым, з клінікі Джэмэлі выслаў тэлеграму з нагоды імянінаў нашага кардынала з асабістымі пажаданнямі. Мы, святары, добра адчувалі апеку і клопат Святога Айца, бо яшчэ ў гэтым годзе ён са шпіталя ўсім святарам выслаў на Вялікі чацвер пастырскае пасланне, заахвочваючы нас да руплівасці. Дзякуючы Святому Айцу на тэрыторыі нашай краіны маем тры базылікі: гэта Будслаўская базыліка, базылікі меншыя ў Пінску і ў Гродне. Маем каранаваныя абразы Маці Божай: Маці Божай Будслаўскай, Маці Божай Лагішынскай, Маці Божай Брэсцкай, іншыя каранацыйныя ўрачыстасці таксама чакаюць свайго часу. Усё гэта — заслугі Святога Айца. Мы бачым, колькі людзей, пілігрымаў з розных куткоў свету прыбываюць на яго пахаванне. Гэтыя малітвы патрэбны яму, бо сказана ў Святым Пісанні, што каму шмат дадзена, ад таго шмат будуць патрабаваць. Няхай гэтыя малітвы будуць для яго душы дапамогай. Калі ж яму ўжо малітвы не патрэбныя, яны пойдуць для тых душаў, якія яшчэ чакаюць збаўлення. Вечная памяць Святому Айцу Яну Паўлу ІІ за ўсё тое, што ён зрабіў для свету, для Касцёла, за прыклад яго веры. Вечны яму адпачынак. |
Гамілія кардынала Поля Пупара, Старшыні Папскай Рады па пытаннях культуры
|
[12 снежня 2004 г., архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў г. Мінск]
Шаноўны Эмінэнцыя, паважаныя святары, дарагія браты і сёстры ў Пану, 1. Для мяне, блізкага супрацоўніка Папы Яна Паўла ІІ, гэта вялікая радасць — з вялебным братам Кардыналам цэлебраваць Эўхарыстыю з вамі і для вас у гэтай цудоўнай мінскай катэдры, асвячанай у гонар Найсвяцейшай Панны Марыі і рэкансэкраванай 21 кастрычніка 1997 года, менавіта цяпер, у год Эўхарыстыі, распачаты Святым Айцом у кастрычніку, і да таго ж адразу пасля Урачыстасці Беззаганнага Зачацця. У гэтай прыгожай святыні восемнаццатага стагоддзя, якая нават у найцяжэйшыя і найбольш складаныя перыяды вашай гісторыі, такой драматычнай у мінулым стагоддзі, падчас панавання атэістычнага пераследу, не пераставала быць для вас сімвалічным заклікам, з глыбіні майго сэрца зыходзяць словы прарока: «Падбадзёрся, увесь народ зямлі. кажа Пан, і займіся працаю, бо Я з вамі (...). Будучая слава гэтай святыні будзе большай, чым папярэдняй (...) і на гэтым месцы Я дам супакой». Я перш за ўсё ўдзячны Вам, Ваша Эмінэнцыя, за гэтае запрашэнне. Яно з’яўляецца падараванай Божым Провідам нагодай ізноў перажыць радасць ад нашай сустрэчы, што адбылася ў верасні гэтага года спачатку ў Брэшыі, а затым у Кастэль Гандольфа, калі Святы Айцец Ян Павел ІІ падчас аўдыенцыі, удзеленай дэлегацыі Інстытута Паўла VI з Брэшыі, якую я ўзначальваў, уручыў Вам узнагароду «Fidei testis» («Сведка веры») за ваша вернае і мужнае сведчанне аб Хрысце і Яго Евангеллі. Сапраўды, Ваша Эмінэнцыя, з самага пачатку Вашага святарскага служэння Божы Провід паклікаў Вас прайсці па via crucis (крыжовым шляху) пераследу, супольным з пакутамі хрысціянскага народа, даверанага Вам, асабіста несучы крыж зняволення, несправядлівага абвінавачання і цяжар катаржнай працы ў лагерах у знясіленасці, голадзе і холадзе. Магчыма было выжыць толькі з вераю, сказалі Вы, дзелячыся перажытым, і гэтыя словы мене глыбока кранулі. І Пан Бог адарыў Вас моцнай і мужнай верай, каб вытрываць у гэтым доўгім і цяжкім выпрабаванні, пасля якога Вы вярнуліся ў супольнасць Касцёла як яшчэ больш годны веры сведка Евангелля: Fidei testis. Для мяне было гонарам і вялікай радасцю прысутнічаць тады пры гэтым, а таксама на сённяшняй урачыстай цэлебрацыі ў катэдральным касцёле Вашай дыяцэзіі, разам з вернікамі хрысціянскай супольнасці, якой Вы з любоўю кіруеце. Гэта — ласка; гэта — супадзенне, падараванае Божым Провідам: цэлебраваць гэтую Эўхарыстыю тут, на беларускай зямлі, у трэцюю нядзелю Адвэнту, літургія якой цалкам прысвечана радасці, паколькі цяпер ужо вельмі блізка нашая сустрэча з Панам, які прыходзіць, каб нас збавіць. «Радуйцеся заўсёды ў Пану; яшчэ раз кажу: радуйцеся! Пан блізка» (Флп 4, 4-5). 2. Першае чытанне, якое мы толькі што пачулі, з’яўляецца сапраўдным гімнам радасці. Прарок Ісая прадказвае ў ім цуды, якія Пан створыць для свайго народа, каб вызваліць яго з рабства і зноў прывесці на радзіму. З Ягоным прыйсцем адбудзецца як бы новы і найважнейшы зыход, які цалкам ажывіць радасць еднасці з Богам. Якую ж упэўненасць усяляе гэтае месіянскае прароцтва, што дазваляе прадбачыць сапраўднае і канчатковае вызваленне, здзейсненае Езусам Хрыстом! Словы Евангелля сапраўды дапамагаюць зразумець прычыну нашай радасці, падкрэсліваючы вялікую таямніцу збаўлення, якая здзяйсняецца ў Божым Нараджэнні. Евангеліст Мацвей гаворыць нам пра Езуса: «Той, які павінен прыйсці» (Мц 11, 3), які аб’яўляе сябе праз свае збаўчыя справы: «Сляпыя зноў бачаць і кульгавыя ходзяць (...) і ўбогім абвяшчаецца Добрая Навіна» (Мц 11, 5). Ён прыходзіць, каб даць суцяшэнне, каб вярнуць супакой і надзею церпячым, знясіленым і расчараваным у жыцці. Вось у чым найглыбейшая падстава нашай радасці: у Хрысце завяршаецца час чакання. Бог канчаткова здзейсніў збаўленне для кожнага чалавека і для ўсіх нас. Маючы глыбокае перакананне ў гэтым, рыхтуемся святкаваць урачыстасць Божага Нараджэння, незвычайную падзею ласкі, якая зноў запальвае ў нашых сэрцах надзею і духоўную радасць. Таксама і сёння вельмі шмат тых, хто ахутаны цемраю, чые вочы закрытыя для святла веры; шмат кульгавых, якім цяжка ісці шляхамі дабра; шмат расчараваных; тых, хто паддаўся роспачы; шмат тых, хто стогне ў няволі зла і граху, чакаючы абвяшчэння Божай любові. Да іх і да ўсіх нас скіравана «радасная вестка» Евангелля, давераная хрысціянскай супольнасці. Касцёл на золку новага тысячагоддзя голасна абвяшчае што Хрыстус — сапраўдны Вызваліцель чалавека; той, хто ізноў прывядзе ўсё чалавецтва туды, дзе яго сустрэнуць айцоўскія і міласэрныя абдымкі Бога. 3. Адвэнт заклікае нас да радасці, але ў той жа час заахвочвае нас да цярплівага чакання ўжо блізкага прыйсця Збаўцы (пар. Як 5, 7). Заахвочвае не губляць прысутнасці духа і супрацьстаяць любым цяжкасцям. Гэта чуйная цярплівасць, як зазначае апостал Якуб у другім чытанні, спрыяе ўмацаванню братніх сувязяў у хрысціянскай супольнасці. Прызнаючы сваю нікчэмнасць, беднасць і патрэбу ў Божай дапамозе, яднаемся разам, каб сустрэць Месію, які прыходзіць. Ён прыйдзе ў цішыню, сціпласць і беднасць Ясляў і прынясе радасць тым, хто адкрые яму сваё сэрца. Беручы пад увагу такую перспектыву, належыць навучыцца сустракаць цяжкасці і няўдачы ды супрацьстаяць ім. Красамоўным з’яўляецца прыклад земляроба, які «цярпліва чакае каштоўнага плёну зямлі, пакуль не атрымае дождж ранні і позні» (Як 5, 7). Сапраўды, Пан блізка. Адкупіцель пасяліўся сярод людзей, і мы можам сустрэць Яго на шляхах нашага штодзённага чалавечага жыцця. Ён не толькі нас настаўляе, але ўсталёўвае з намі адносіны святога сяброўства і вядзе дыялог збаўлення. Мы можам, а нават павінны, задаваць Хрысту пытанні, таксама і ў нашы дні: «Ты той, які павінен прыйсці?» (Мц 11, 3) Адказ Хрыста, які Касцёл захаваў і прапануе ўсім, — той самы, што быў дадзены вучням Яна Хрысціцеля. Ён таксама адпавядае і таму зменліваму і драматычнаму часу, у які жывем мы з вамі. Такая збавенная размова, дабравольна распачатая Богам праз Яго жыватворную любоў, вучыць нас, што таксама і нашыя зносіны з людзьмі павінны быць ажыўленыя палымянаю любоўю, бескарыслівай і неабмежаванай. Дыялог збаўлення нікому не навязваецца сілай. Была вялікая просьба любові, якая, хоць і ўсклала велізарную адказнасць на тых, да каго была скіравана, аднак пакінула кожнаму свабоду выбару адказаць на яе ўзаемнасцю ці адкінуць. Будзем жа памятаць, што цэнтрам гэтай размовы, які чыніць яе сапраўдным дыялогам збаўлення, з’яўляецца малітва. 4. Дарагія браты і сёстры, я ўзрушаны тым, што бяру сёння ўдзел у вашай цудоўнай касцёльнай супольнасці малітвы, якая перш за ўсё праз літургію далучаецца да гармоніі боскага жыцця, згодна з нязменным жаданнем Пана. Такім чынам Касцёл стварае супольнасць адкупленага жыцця, шчодрую на справы любові, якую Хрыстус наказаў мець (пар Ян 13, 35), і дапамагае чалавеку стаць такім, якім яго хоча бачыць Бог. Жыццё вашай каталіцкай супольнасці найбольш поўна развіваецца ў малітве і ўзрастае ў святасці, дзякуючы добрым учынкам. Гэта шлях, які нам міласэрна паказвае Пан, заклікаючы наследаваць Яго прыклад і захоўваць Яго вучэнне, каб жыць у трывалым супакоі. Вашая каталіцкая супольнасць — гэта дом, дзе жывуць браты, які робіць гасцінным любоў да бліжняга і ўпрыгожвае прысутнасць Хрыста ў калейдаскопе штодзённага жыцця з яго радасцямі, цяжкацямі і спадзяваннямі. Касцёл ззяе, як месца прабывання Хрыста між людзьмі, як Божы народ, як супольнасць асобаў, адроджаных да новага жыця. 5. Найдаражэйшыя браты і сёстры Касцёла ў Мінску, у якасці пастыра Касцёла і супрацоўніка Святога Айца ад усяго сэрца вітаючы вас у супакоі, хачу паўтарыць толькі што прачытаныя словы прарока Ісаі: «Умацуйцеся; не бойцеся! (...) Пан прыйдзе і збавіць Вас» (Іс 35, 4). Гэтыя словы з’яўляюцца для ўсіх нас зычэннем, глыбокім жаданнем, заклікам да трываласці, да ўмацавання надзеі, якую мы маем праз веру. «Умацуйцеся!» Мы не баімся цяжкасцяў у абвяшчэнні Евангелля. Падтрыманыя ласкай Пана, будзьце апосталамі Хрыста ў вашым горадзе, у вашых сем’ях, на працы, у школах і вышэйшых навучальных установах. Старайцеся, каб ваша вера мела глыбокія карані, дзякуючы якім зможам умацавацца духоўным сокам і новай евангелізацыяй адказаць на выклікі нашага часу, якімі, у прыватнасці, з’яўляюцца бязвер’е і рэлігійная абыякавасць, што было зазначана падчас апошняй Пленарнай Асамблеі Папскай Рады па справах культуры, якая адбылася ў сакавіку гэтага года. (пар. Апублікаваныя дакументы GRIS, Рэлігіі і секты свету, Год 7, № 2, Хрысціянская вера, бязвер’е і рэлігійная абыякавасць, Балонья, 2004). Ваш добры плён у душпастырскай працы, шаноўныя святары і свецкія вернікі, у еднасці з вашым вялебным біскупам, за які мы дзякуем Пану, з’яўляецца стымулам для таго, каб, пакінуўшы сумненні, працягваць справу новай евангелізацыі ў сем’ях і сярод моладзі, у навучальных установах і ў парафіях, каб маладое пакаленне магло знайсці ў здаровым атачэнні сваёй сям’і падтрымку ў сталым выбары веры і хрысціянскага жыцця. Сапраўды, як нагадвае Пісанне, «Брат, падтрыманы братам, падобны да ўмацаванага горада» (Prov. 18, 19). Сёння надзвычай важна прысвячаць маладым хоць трохі часу і займацца іх выхаваннем, асабліва тады, калі яны, нажаль, не могуць разлічваць на падтрымку ўласных сем’яў. У такіх выпадках хрысціянская супольнасць становіцца і брацкай, і мацярынскай адначасова, выслухоўваючы іх просьбы, каб задаволіць іх жыццёвыя і рэлігійныя памкненні. Стан асяроддзя, у якім даводзіцца жыць і працаваць, перш за ўсё залежыць ад людзей. І нашая задача зрабіць гэтае асяроддзе жыллём, у якім будзе супрацоўніцтва, адзінства і адносіны, пабудаваных на ўзаемнай павазе, на пачуцці салідарнасці, на верным захаванні евангельскіх каштоўнасцяў, каб пабудаваць «цывілізацыю любові». У вас няма недахопу ў знаках «уваскрасення»: рэкансэкрацыя гэтай катэдры, адкрыццё Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску, пераклад Імшала на беларускую мову. Я радуюся гэтаму разам з вамі, а таксама дзякую Пану Богу. Ваша хрысціянская спадчына з’яўляецца найбольшай натхняльнай сілай для вашай самасвядомасці, цэнтрам вашай духоўнасці і крыніцай для вашага культурнага патэнцыяла, які павінен быць накіраваны на культурнае і рэлігійнае аднаўленне грамадства, дзе сустракаюцца людзі з розным культурным набыткам для ўзаемнага ўзбагачэння. 6. Цяпер нашае чаканне ў малітве і ў маўчанні мы яднаем з ахвяраю Хрыста, ахвяруючы таксама і нашае жыццё, намеры, памкненні, радасці і цяжкасці, нашы сем’і, нашу хрысціянскую супольнасць, дзяцей і моладзь, пажылых і хворых, церпячых, а таксама ўсіх тых, хто шчыра шукае праўды. Ойча Святы, Ты чытаеш у глыбіні нашых сэрцаў, Ты ўсё ведаеш і ўсё можаш, Табе вядомыя нашы спадзяванні. Асвяці і сагрэй нашыя сэрцы промнем Тваёй бязмежнай міласэрнасці і бясконцай любові. Пане Езу Хрыстэ, чаканы на працягу стагоддзяў, які прыйшоў у паўнаце часу, вядзі нас, мужчын і жанчын трэцяга тысячагоддзя, да справядлівасці, узаемапаразумення і паяднання, каб мы сустрэлі Цябе ў павазе, дыялогу і любові. Духу Святы, Дух еднасці, вылечы нашыя раны, учыні нашыя сэрцы здольнымі любіць і прабачаць, прымаць іншых і дзяліцца з імі, як сапраўдныя браты. Дай, каб неслі ў свет святло Тваёй праўды, полымя надзеі і імкненне да міру. Марыя, Беззаганная Дзева, Зорка евангелізацыі, Маці ўцелаўлёнага Слова, будзь нашай заступніцай перад Найсвяцейшаю Тройцай, бо Ты — Маці міласэрнасці. Амэн. |
Гамілія кардынала Казіміра Свёнтка на ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана 2004 г.
|
«Мужы Галілейскія! Чаго стаіце і ўглядаецеся ў неба?» (гл. Дзеі Апосталаў 1, 11). «Яны ж пайшлі і прапаведвалі Евангелле ўсюды» (гл. Евангелле паводле Марка 16, 20) Унебаўшэсце Пана павялічвае нашу веру.
Як у часе Велікодных святаў Уваскрэсенне Пана было для нас прычынаю для радасці, так Яго ўшэсце на неба з’яўляецца для нас новаю прычынаю для яе. Таму што мы ўшаноўваем памятку таго дня, у які Хрыстус узняў нашую слабую чалавечую натуру на трон Айца, па-над усе нябесныя войскі, па-над усе анёльскія хоры і ўсе сілы нябесныя. Такім укладам спраў Божых мы ўмацаваны і ўзмоцнены, каб яшчэ цудоўней праявілася Божая ласка, якая ўчыніла, што вера нашая не аслабла, не пахіснулася надзея і не астыла любоў, калі на нашых вачах адышоў Той, які слушна абуджаў нашую пашану. Так, сапраўды, вялікая гэта сіла духа і прычына вялікага святла ў душах вернікаў, калі яны непахісна вераць у тое, чаго не бачылі на ўласныя вочы і іх жаданні скіраваныя да таго, чаго нельга ўбачыць. Ці маглі б зьявіцца падобныя пачуцці ў нашых сэрцах, і ці магла б вера нам прынесці апраўданне, калі б нашае збаўленне грунтавалася толькі на тым, што застаецца ў полі нашага зроку? У сакрамэнтах цяпер знаходзіцца тое, што было бачным у нашым Збавіцелі. Наша вера становіцца больш дасканалай і моцнай, бо навучанне заняло месца бачання, а Яго аўтарытэт з таго часу прымаюць сэрцы вернікаў, асвечаныя святлом з неба. Гэтую веру, яшчэ больш павялічаную ўнебаўшэсцем Пана і ўмацаваную дарамі Духа Святога, не здолелі спалохаць ні кайданы, ні турмы, ні выгнанне, ні голад, ні агонь, ні дзікія звяры, ні таксама розныя вычурныя катаванні, якія выкарыстоўвалі жорсткія пераследвальнікі. Аж да праліцця крыві абаранялі яе па ўсім свеце не толькі мужчыны, але і жанчыны, юнакі і кволыя дзяўчаты. Гэтая вера выганяла злых духаў, аздараўляла з хваробаў, уваскрашала памерлых. Святыя Апосталы, хоць і былі ўмацаваныя столькімі цудамі і навучаныя столькімі настаўленнямі Езуса, спалохаліся, ўбачыўшы страшэнную муку Пана, але пасля ваганняў яны прынялі праўду аб уваскрэсенні. Апосталы, аднак атрымалі карысць ад унебаўшэсця Пана, бо яны, баязлівыя да гэтага, былі напоўнены вялікай радасцю, паколькі ўглядаліся вачыма душы ў боства Хрыста, які сядзеў праваруч Айца. Яны ўжо не засяроджвалі ўвагі на чалавечым целе Хрыста, але духам зразумелі, што Той, Хто ўзышоў на неба, не пакінуў сваіх вучняў. Таму цяпер Сын Чалавечы дазволіў пазнаць Сябе больш дасканала і больш святым чынам, як Сын Божы, калі вярнуўся да хвалы велічы Айца. І таксама тады невымоўным чынам стаў нам больш блізкі як Бог, калі аддаліўся ад нас як чалавек. З таго часу вера, больш асвечаная, пачала лепш пазнаваць роўнасць сутнасці Айца і Сына, і ўжо не патрабавала датыкання ў Хрысце таго, што цялеснае, што Яго рабіла ніжэй Айца. Гэта цела, цяпер праслаўленае, надалей захоўвае сваю натуру, але цяпер цела Адзінароднага Сына Божага, роўнага Айцу, спасцігаецца не цялесным дотыкам рукі, як у святога Тамаша, але духоўным разуменнем веры. У Дзеях Апосталаў напісана: «І, сказаўшы гэтае, Ён узнёсся перад вачыма іхнімі, і хмара ўзяла Яго ад вачэй іх. Калі ж яны пільна ўглядаліся ў неба, як Ён адыходзіў, вось двое мужоў сталі перад імі ў белых вопратках і сказалі: Мужы Галілейскія! Чаго стаіце і ўглядаецеся ў неба? Гэты Езус, узяты ад вас на неба, прыйдзе таксама, як бачылі вы Яго ўзыходзячым на неба» (гл. Дз 1, 9-11). «Чаму стаіце? – стоячы, не дасягнеце неба!» Святы Марк Евангеліст піша: «Яны ж пайшлі...». Трэба ісці, каб дайсці да неба. А ісці – гэта значыць абвяшчаць Евангелле, укараняць у сваё жыццё, у свае паводзіны сутнасць Евангелля: веру, надзею, любоў. Нагамі ступаць па зямлі, а галавою імкнуцца да неба – такая пастава чалавека па сваёй прыродзе, такой таксама павінна быць духоўная пастава чалавека па веры ў Бога. Прыслухаемся да слоў Апостала, які гаворыць: «Шукайце Таго, што ў небе, дзе прабывае Хрыстус, які сядзіць праваруч Бога. Імкніцеся да таго, што ў небе, а не да таго, што на зямлі». Так жывучы, так паступаючы, мы дойдзем да неба, дзе зможам весяліцца і радавацца вечнаму прабыванню з Богам. Мінск, 20 мая 2004 |
Гамілія нунцыя Апостальскай Сталіцы арцыбіскупа Івана Юркавіча з Вігілійнай літургіі 2004 г.
|
Шаноўныя сабраты ў святарстве, шаноўныя тэлегледачы, шаноўныя браты і сёстры ў Хрысце! Божая любоў сабрала нас сёння вечарам на ўрачыстае цэлебраванне вігілійнай літургіі перад Уваскрэсеннем Езуса Хрыста. Літургія складзена такім чынам, каб паказаць сэнс нашага шляху хрысцінскай веры. Сапраўды, яна з’яўляецца сімвалічным сведчаннем жыцця чалавека: яго пераходу з рабства да свабоды, з смерці да жыцця, з удзелу ў справах зямных да спраў нябесных. Напярэдадні Пасхі мы як бы праходзім дарогу нашага жыцця і хочам зноў убачыць яе ў святле веры, прагнучы зрабіць кожны новы дзень лепшым і паўнейшым. Я асабліва ўдзячны Яго Эмінэнцыі кардыналу Казіміру Свёнтку за атрыманую магчымасць служыць гэтую Святую Імшу, якая транслюецца на ўсю Беларусь. Для мяне, прадстаўніка Папы пры Каталіцкім Касцёле і ўрадзе Беларусі, гэта найлепшая магчымасць выступіць перад усёй краінай, каб выказаць усім маю асабістую гатоўнасць паглыбляць узаемаразуменне паміж усімі хрысціянамі і ўсімі народамі зямлі. Як вам, напэўна, вядома, у гэтыя дні кардынал Казімір Свёнтэк адзначае 65-ю гадавіну святарскага пасвячэння. Ад імя ўсіх вас, тут прысутных, усіх католікаў Беларусі віншую яго яшчэ раз з гэтым значным юбілеем і ад імя Апостальскай Сталіцы хачу выказаць яму самую шчырую падзяку за яго хрысціянскае сведчанне і высакароднае святарскае служэнне. Шаноўныя браты і сёстры ў Пану Богу! Сённяшняя вячэрняя Літургія пачнецца з благаславення агню і праслаўлення святла. Гаворка ідзе аб вельмі простай і вельмі значнай перадпасхальнай сімволіцы. Што можа быць страшней, чым знаходзіцца ў цемры, не ведаючы, дзе мы ёсць і куды трэба ісці, згубіцца ў прасторы і ў часе, не разумеючы, чым ёсць наша сапраўднае чалавечае пакліканне і які наш лёс. Аднак з іншага боку святло нясе чалавечай душы спакой, радасць і аптымізм. І ўсё ж гісторыя чалавечага роду, на жаль, вельмі часта пазначана перыядамі, якія можна дакладана вызначыць словамі: цемра, ноч. Дастаткова паглядзець на гісторыю ХХ стагоддзя, якое, магчыма, стала эпохай самай вялікай чалавечай роспачы. Ніколі ў гісторыі чалавецтва не было плана знішчэння веры, знішчэння духоўнай праўды, як у нядаўнія часы, якія многія з вас памятаюць. Дзякуючы Богу, сёння мы жывём у грамадстве, якое дае ўсім свабоду працягваць асабістыя пошукі і ўслаўляць Бога па асабістых перакананнях. Пра гэтую свабоду сведчыць гэтая невялікая капліца ў Серабранцы, якая з’яўляецца часовым Домам Божым у чаканні будаўніцтва сапраўданага храма, дзе годна зможа сабрацца ваша парафіяльная супольнасць. Ад імя Апостальскай Сталіцы я хацеў бы падзякаваць айцу Ігару, дабрачынцам, а таксама дзяржаўным уладам, усім, хто спрычыніўся да ўзвядзення гэтай святыні. Мы, католікі Беларусі, добра ведаем, што з’яўляемся канфесійнай меншасцю, але мы таксама ведаем, што ў Мінску ёсць яшчэ шмат нашых сабратоў, якія пакуль што не вярнуліся ва ўлонне Каталіцкага Касцёла, ад якога адаліліся. Мы верым і молімся таксама за іх і спадзяемся, што зможам прапанаваць ім касцёлы і парафіі, дзе яны змогуць маліцца Богу і паклапаціцца аб сваім духоўным жыцці. Мы ўсведамляем нашу адказнасць перад імі, бо Беларусь застаецца краінай узаемаразумення і сустрэчы розных духоўных культур Еўрапейскага кантынента. Пасха – гэта фундамент нашай веры. Уваскрэсенне Хрыстова, разам з яго ўвасабленнем і ўкрыжаваннем, з’яўляецца асновай нашай веры. Маецца на ўвазе таямнічая падзея, але рэальная, пацверджаная ў гісторыі. Езус сапраўды памёр, быў пахаваны і ўваскрос. Мы, хрысціяне, павінны прайсці той жа шлях нашага Настаўніка, таму нашае жыццё застаецца назаўсёды асвечанай верай ва Уваскрасенне. Вядома, патрэбна вера, вера ў нябачныя рэчы, якія нейкім чынам пераўзыходзяць нашы пазнавальныя чалавечыя здольнасці. Але гэта не азначае, што яны менш сапраўдныя, чым тыя, да якіх мы можам дакрануцца сваімі рукамі. Больш таго, менавіта ў праўдах веры змешчана ўсё чалавечае. Шмат вяртаючы, мы самі здольныя аддаць жыццё за сведчанне іх праўдзівасці. І гэта ўнутраная моц веры ёсць асновай, на якую абапіраюцца нашы душы, на якую ўздзейнічае культура супольнасцяў і цэлых народаў. Сёння шмат гавораць пра спецыфічныя асаблівасці хрысціянскіх каштоўнасцяў Еўрапейскага кантынента. Гэта датычыць фундаментальных праўдаў хрысціянскага паслання, якое прынесла ў нашыя грамадствы свабоду і верацярпімасць. Многія гавораць, што гэтыя каштоўнасці былі прапанаваныя таксама і іншымі асобамі, іншых перакананняў, часта нават нерэлігійных. Ніхто не сумняваецца ў тым факце, што нашыя грамадствы сталі намнога больш складанымі і больш наладжанымі, чым у мінулым, і мы, хрысціяне, з павагай прызнаем пазітыўныя ўклады, зробленыя іншымі. Але калі гаворыць пра вартасць каштоўнасцяў, то трэба прызнаць, што яны паходзяць з евангельскай дактрыны, з таго, што чалавек – гэта істота, якая яднае ў сябе матэрыяльны свет з духоўнай сферай, створаная па вобразе Божым, і праз гэты пошук Божага аблічча можна наблізіць сябе самога і ўсё грамадства, у якім мы жывем, да вечных праўдаў і да Бога. Пасха адкрывае кожнаму чалавеку вымярэнне вечнасці, жыццё ў святле Уваскрослага Хрыста. Трэба добра ўсведамляць гэта і не баяцца адказваць усім, хто патрабуе доказаў нашай веры. У цяперашнім тэхналагічным грамадстве магчыма некаторыя страцілі мужнасць сведчыць аб веры. Мы не павінны баяцца! А людзям, якія хочуць пераканаць нас у тым, што чалавечае жыццё звязана толькі з матэрыяльнай сферай, мы павінны даць рашучы адказ, бо гэта абавязак усіх ахрышчаных, пакліканых сведчыць пра смерць і ўваскрэсенне Езуса «да таго часу, пакуль не прыйдзе ў славе». Недахоп гэтай духоўнай мужнасці мае вельмі адмоўныя наступствы для жыцця новых пакаленняў, якія шукаюць вечную праўду, і ў гэтым пошуку іх не падтрымліваем мы, дарослыя, і часам, яны губляюць смеласць у барацьбе супраць зла і ў выбары каштоўнасцяў. Хрыстос Уваскрос, Бог жывы і жыццядайны, і ад яго мы чэрпаем сілы. Ён – крыніца, і ўсе мы жывем з гэтай крыніцы жыцця, ад якой жывіцца ўсё наша чалавечае існаванне. Знакам гэтай звышнатуральнай жыццёвай сілы з’яўляецца поўная прысутнасць жыццёвай энергіі, якая пераважае астатні свет. Толькі тыя, хто чэрпае з гэтых крыніцаў жыцця, маюць дастатковую энергію для новага выбару, альтэрнатыўнага таму, што прапаноў агульная культура. Яны здольныя ісці супраць звычайных накірункаў і прымаць новыя рашэнні, здольныя перамяніць свет і адкрыць яго для Бога, для вечнасці. Гэтую думку можна тлумачыць наступным чынам: час і гісторыя подобныя да рэчкі, што няспынна цячэ па сваім рэчышчы. Здаецца, што ўсё падпарадкавана яе жаданню і нішто не зможа яе затрымаць. Але, калі мы прыгледзімся, то заўважым ўнутры ракі жывых істотаў, здольных рухацца і плыць супраць цячэння. Яны лёгка рухаюцца, плывуць і выбіраюць шлях па сваім жаданні. Мы таксама, калі будзем поўныя духоўнай энергіі і веры, зможам быць сапраўднымі гаспадарамі гісторыі і культурных накірункаў. Зможам практычна змяніць правілы гульні і ісці да вытокаў ракі, да пачатку гісторыі. А як толькі мы стомімся, адразу згубім веру і рэлігійны светапогляд, станем у гістарычным цячэнні безжыццёвымі трэскамі. Дарагія браты і сёстры! Вось вобраз пасхальнай ласкі! Вось вобраз сілы нашай веры. Таму пасхальная вігілія пачынаецца менавіта з Літургіі святла, каб паказаць паўнату святла і духоўнай жывучасці, якая зыходзіць ад Уваскрослага Пана. Пасхальная свечка будзе стаяць у касцёле напрацягу 40 дзён, каб сведчыць, што Уваскрослы Хрыстос – гэта сапраўднае святло, якое асвячае кожнага чалавека, які ёсць «учора, сёння і заўтра», пачатак і канец, Альфа і Амега чалавечай гісторыі і канчатковая будучыня ўсяго створанага. Шаноўныя браты і сёстры ў Хрысце, на заканчэнне зноў паўторым словы пасхальнай песні: «О, сапраўды благаслаўлёная ноч, у якую злучаецца зямное з нябесным, а справы Божыя з людскімі. У гэтую ноч, поўную ласкі, прымі, святы Ойча, вечаровую ахвяру праслаўлення, якую Табе складае святы Касцёл, урачыста ахвяруючы рукамі сваіх слугаў гэтую свечку... Няхай жа яна палымнее аж да світання, пакуль не ўзыдзе сапраўднае Сонца: Езус Хрыстус, Твой Сын Змёртвыхпаўсталы, які асвяціў род людскі сваёю яснасцю і з Табой жыве і валадарыць на векі вечныя». Шаноўныя браты і сёстры ва Уваскрослым Пане, шаноўныя тэлегледачы! Такімі разважаннямі хачу шчыра павіншаваць усіх вас і пажадаць, каб ласка гэтай Пасхі змяніла вашае жыццё і напоўніла вашыя сэрцы радасцю. Мы, хрысціяне, пакліканыя сведчыць аб трыумфе жыцця і радасці ўваскрэсення. Гэта вынікае з абавязка, які мы атрымалі ад сённяшняга свята і які свет апраўдана чакае ад нас. Прымем гэтае даручэнне з энтузіязмам і зробім усё, каб ласка Уваскрослага Пана магла прыйсці да ўсіх нашых сабратоў, асабліва да тых, хто пакуль застаецца ў цемры фізічнай пакуты і духоўнай роспачы. Вышэйшай сіле было заўгодна, каб супала каталіцкае і праваслаўнае святкаванне Пасхі. Гэта азначае, што сёння ўвесь хрысціянскі народ Беларусі святкуе Уваскрэсенне Хрыстова. Гэтая шчаслівая нагода дапаможа лепш абдумаць наш абавязак у працы дзеля разумення паміж Цэрквамі-сёстрамі, дзеля адзінства ўсяго народа. Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Няхай Пан Бог благаславіць усіх вас! |
Гродзенская дыяцэзія (Grodnen(sis))
|
aaa Заснавана 13 красавіка 1991 г. (була «Qui operam») Уваходзіць у склад Мінска-Магілёўскай мітраполіі як яе суфраганія (г. зн. з правам голасу).
Адрас курыі: вул. К. Маркса, 4, 230025 Гродна, Беларусь. Тэл.: +375 (152) 74 00 73; факс: +375 (152) 75 64 55; e-mail:
Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript
Плошча тэрыторыі дыяцэзіі ў км2
| 25 000
| Насельніцтва | 1 060 000
| Колькасць католікаў | 582 000
| Колькасць парафій | 194
| Дыяцэзіяльныя святары | 148
| Законныя святары ў дыяцэзіі | 54
| Члены мужчынскіх манаскіх супольнасцяў | 55
| Члены жаночых манаскіх супольнасцяў | 143
|
(Статыстыка за 2013 г.)
Аляксандр Кашкевіч - дыяцэзіяльны біскуп
Юзаф Станеўскі - дапаможны біскуп
й
Дэканат Гродна–захад Дэканат Гродна-усход Іўеўскі дэканат Радунскі дэканат Смаргонскі дэканат |
|
|