Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рыма-каталіцкі Касцёл у Беларусі
Пагошча — парафія Божай Міласэрнасці
Пагошча — касцёл Божай МіласэрнасціАдрас:
в. Пагошча
Браслаўскі р-н
Віцебская вобл.
Рэспубліка Беларусь
211997
ыРасклад набажэнстваў (магчымы змены)  
  • Св. Імша ў нядзелю — 14.00, па святах сярод тыдня — 18.00
  • Св. Імша ў суботу — 10.00, будні — 18.00, летам (пятніца 19.00)
Адпусты: ІІ Велікодная нядзеля – Нядзеля Божай Міласэрнасці; cв. Войцеха – 24 красавіка.
яЗ гісторыі парафіі

Парафіяльны касцёл пад тытулам Божай Міласэрнасці ў Пагошчы – гэта новая святыня.

Дэкрэт, выдадзены кард. Казімірам Свёнткам у 1994 г., паклаў пачатак гэтаму будаўніцтву. Ужо ў Юбілейным 2000 г. касцёл быў накрыты бляшаным дахам, атынкаваны ўнутры і зашклёны.
 
Казанне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Імшы, транcляванай па радыё з Мінскага архікатэдральнага касцёла 25 снежня 2007 г.

Дарагія браты і сёстры!

1. Каталіцкі Касцёл сёння святкуе ўрачыстасць Божага Нараджэння. У гэты радасны дзень мы сваімі думкамі пераносімся ў Бэтлеем, туды, дзе больш за 2000 гадоў таму нарадзіўся Збаўца. Мы пераносімся туды, каб вызнаць і паглыбіць нашу веру ў тое, што Бог стаў чалавекам дзеля нас і дзеля нашага збаўлення.

Калі Стары Запавет найчасцей прадстаўляў Бога як нейкага далёкага, суровага і караючага, дык у Новым Запавеце Ён прадстае перад намі як Бог справядлівы, але адначасова міласэрны, які любіць кожнага чалавека, Бог з чалавечым тварам і сэрцам, Бог блізкі кожнаму з нас. Становячыся чалавекам, Бог асвяціў самаго чалавека, быццам бы абагавіў яго. Айцы Касцёла гавораць, што Бог стаўся чалавекам, каб чалавек мог стаць Богам у сэнсе Божай ласкі. Які вялікі дар атрымаў чалавек праз таямніцу Богаўцелаўлення!

Сёння, гледзячы на Дзіцятка Езус, пакладзенае ў яслях, мы пакліканыя сузіраць гэтую таямніцу нашай веры. Таямніцу, бо чыста па-чалавечы нельга зразумець, як Спрадвечны Бог нізвёў Сябе да вымярэння часу? Як Бязмежны абмежаваў Сябе да памераў канкрэтнага месца? Як Нязменны Сваёю сутнасцю прыняў чалавечую прыроду? І сапраўды, благаслаўлёны той, хто шукае адказу на гэтыя пытанні і стараецца ўпадобніцца да Новага Адама – Езуса Хрыста.

Гэта першы ўрок сённяшняга свята.

2. Другі крыецца ў тым, што любоў Бога да чалавека прывяла Яго на гэтую грэшную зямлю, каб яе асвяціць. Любоў бязмежная, любоў аж да праліцця ўласнай крыві, бо галоўны сэнс Богаўцелаўлення – гэта збаўленне чалавека. Гэтая любоў не можа застацца без адказу.

На яе трэба адказаць, бо за дабро заўсёды плаціцца дабром. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у сваёй першай энцыкліцы “Бог ёсць любоў” гаворыць, што мерай любові чалавека да Бога і бліжняга павінна быць дарма дараваная любоў Бога да чалавека. Гэтай любові вучыць нас Хрыстус, любоў якога збавіла чалавека і дала яму магчымасць стаць удзельнікам Божага жыцця.

3. І тут мы пераходзім да трэцяга ўроку сённяшняга свята. Мы ўдзельнічаем у Божым жыцці тады, калі Бог родзіцца ў нас Сваёй ласкай. Не дастаткова ведаць і памятаць аб нараджэнні Езуса Хрыста ў Бэтлеемскай гроце дваццаць стагоддзяў таму назад. Трэба, каб Ён сваёю ласкаю нарадзіўся ў нашых сэрцах і душах. Трэба, каб яны сталіся Бэтлеемам XXI стагоддзя. Гэта здзейсніцца тады, калі мы будзем любіць Бога і нашага бліжняга. Любіць Бога азначае жыць паводле Яго запаведзяў і паводле заўсёды жывога і актуальнага духа Евангелля.

Да нараджэння Бога ў нашых сэрцах вядзе нас Касцёл праз чытанне і тлумачэнне Божага слова, удзел у святых сакрамэнтах, асабліва ў Эўхарыстыі і споведзі. Таму сённяшняе свята заклікае нас, каб гэтыя пабожныя практыкі сталі нормай нашага жыцця на кожны дзень, а не толькі час ад часу, бо як кожны дзень мы хочам есці, так кожны дзень нам трэба карміцца Божай ласкай, каб дасканаліцца ў нашым жыцці. Не толькі на вялікія святы мы мусім быць у Касцёле, але нам трэба памятаць, што кожная нядзеля – гэта дзень, калі трэба славіць Бога, перш за ўсё праз удзел у св. Імшы. Хворым, якія не могуць прыйсці да Касцёла, ці тым, хто павінен працаваць трэба маліцца дома. Праз такія пабожныя практыкі мы будзем славіць Бога і ўзрастаць у любові да нашага Збаўцы і да людзей, і тым самым будзем станавіцца ўдзельнікамі Божага жыцця. Такім чынам наш кожны дзень будзе днём Божага Нараджэння.

4. Ёсць адна цікавая легенда, якая вельмі добра ўводзіць нас у сапраўдны сэнс Божага Нараджэння. У цёмную, зорную і халодную ноч пастух драмаў каля вогнішча. Непадалёк спалі авечкі і ляжалі сабакі. У пэўны момант пастух пачуў нейкі шум.

Падняў галаву і ўбачыў незнаёмага чалавека, які голымі рукамі набіраў распаленыя вуглі і клаў іх у палу свайго плашча. Здзіўлены тым, што авечкі не спалохаліся прышэльца і сабакі не лаялі, пастух кінуў у гэтага чалавека сваім кіем. Аднак ён праляцеў недзе ўбок, чаго ніколі ў яго жыцці не здаралася раней. Таму пастух здзівіўся яшчэ больш. Што ж гэта такое: авечкі не палохаюцца, сабакі не брэшуць, агонь не пячэ, кій ляціць у іншы бок? Што за загадкавая ноч? Пастух устаў і пайшоў за гэтым чалавекам. Ідучы за ім, ён прыйшоў да гроты, дзе ўбачыў нованароджанае дзіцятка. Зразумеў тады, што прышэлец хацеў яго абагрэць. Хутка зняў свой цёплы кажух і прыкрыў ім дзіця. І тады стаўся цуд: вачыма веры пастух у гэтым дзіцяці разглядзеў Бога.

5. Паважаныя браты і сёстры, людзі добрай волі, прысутныя тут, у мінскай катэдры, і тыя, хто бярэ ўдзел у гэтай святой Імшы пры дапамозе радыё.

Пойдзем жа пасля гэтай святой Імшы да сваіх бліжніх з такою любоўю, з якой Бог палюбіў нас! Тады сапраўды ў кожным чалавеку ўбачым Бога і Ягоны супакой будзе валадарыць паміж намі, а мы будзем будаваць цывілізацыю жыцця, бо Божае Нараджэнне – гэта перадусім трыумф жыцця.

Са святам, дарагія браты і сёстры! З Божым Нараджэннем!

Ад усяго сэрца віншую католікаў, хрысціян іншых веравызнанняў і ўсіх людзей добрай волі. Віншую нашых братоў і сясцёр праваслаўных, якія незадоўга таксама будуць радавацца святу Нараджэння нашага Збаўцы.

Святочнай радасці ў Пану, Ягонага супакою і ласкі жадаю ўсім вам на святы Божага Нараджэння і на надыходзячы Новы 2008 год. Няхай ён стане паўнатой часу, калі Езус нараджецца ў нас сваёю ласкай, а таксама стане часам нашай плённай дзейнасці на хвалу Пана і для нашага збаўлення. Амэн.

 
Абвяшчаць слова Божае — крыніца надзеі. Пастырскае пасланне на 2008 год
Браты ў святарскім і біскупскім служэнні, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры ў Хрысце!

1. 2008 год, які распачынаецца, у Каталіцкім Касцёле будзе адзначаны шэрагам выключна важных падзеяў, якія датычацца абвяшчэння Божага слова і яго значэння ў жыцці як кожнага верніка, так і ўсяго Касцёла. Гэта перадусім чарговы Сінод Біскупаў, прысвечаны слову Божаму ў жыцці і місіі Касцёла, які будзе праходзіць у Ватыкане ў кастрычніку, а таксама Год нястомнага прапаведніка Божага слова язычнікам святога апостала Паўла, які распачнецца 28 чэрвеня. Кіруючыся меркаваннямі больш поўнага ўдзелу ў пастырскай праграме Паўсюднага Касцёла, Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі прыняла рашэнне прысвяціць гэты год слову Божаму як крыніцы надзеі. Гэта таксама перагукаецца з вучэннем Святога Айца Бэнэдыкта XVI, пададзеным у яго апошняй энцыкліцы Spe salvi — «У надзеі мы збаўленыя», у якой Папа дае сведчанне Бібліі пра надзею (Spe salvi, 4–9).

 
2. У эпоху ўзрастання секулярызму, маральнага рэлятывізму, што вядзе да адмаўлення трываласці і нязменнасці маральнага закона, прапаганды «цывілізацыі смерці» і адыходу ад «цывілізацыі жыцця», негатыўных адносінаў да маральных каштоўнасцяў, панавання духу спажывальніцтва і іншых заганаў сучаснага свету толькі Хрыстус застаецца нашай надзеяй. Ён, Слова Божае, спрадвеку існае ва ўлонні Айца (пар. Ян 1, 18), так палюбіў нас, што дзеля нас і нашага збаўлення прыняў чалавечую натуру. Бог аб’явіўся нам з чалавечым абліччам і сэрцам, падзяліў з намі нашае жыццё ва ўсім, акрамя граху. Вызнанне гэтай праўды знаходзіцца ў сэрцы хрысціянскай веры, якая заснавана на вялікіх евангельскіх каштоўнасцях і таму можа станоўча ўплываць на жыццё, гісторыю і культуру розных народаў, — навучае Ян Павел ІІ (пар. Еcclesia іn Еuropa, 19).

Таму толькі звярнуўшыся да Хрыста, можна зноў знайсці страчаную надзею, якая надае жыццю сэнс. Хрыстус жа жыве і дзейнічае ў сваім Касцёле, у якім Ён праз Духа Святога працягвае сваю збаўчую справу (пар. Dei Verbum 7; пар. Еcclesia іn Еuropa, 22).

Перад Унебаўшэсцем Хрыстус звярнуўся да Апосталаў са словамі: «Ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку» (Мц 28, 19–20). Ідучы за гэтым запаветам Пана, Касцёл нястомна абвяшчае Евангелле надзеі (пар. Еcclesia іn Еuropa, 45), каб свет паверыў і жыў надзеяй. Гэта місія Касцёла, бо вера нараджаецца са слухання. Як жа можна паверыць, не пачуўшы? А як можна пачуць, калі ніхто не абвяшчае? (пар. Рым 10, 14.17), — падкрэслівае святы Апостал Павел.

 
3. Святое Пісанне часта называюць «Кнігай надзеі». І сапраўды, Стары Запавет — гэта час месіянскай надзеі. Новы Запавет — час яшчэ не спраўджанай надзеі чакання другога прыйсця Хрыста ў хвале. Надзея Старога Запавету здзейснілася праз прыйсце ў свет Сына Божага і Яго збаўчую місію. Пакаленні людзей Новага Запавету жывуць надзеяй Яго новага прыйсця ў хвале.

Пра надзею апавядаюць ужо першыя старонкі Старога Запавету. Можа гэта выглядае і парадаксальна, але пакаранне за грэх прабацькоў адначасова стала крыніцаю надзеі. Бог сказаў злому духу: «устанаўлю варожасць паміж табою і паміж жанчынаю, і паміж патомствам тваім, і паміж яе патомствам. Яно сатрэ табе галаву, а ты сатрэш яго пяту» (Быц 3, 15). Гэтыя словы сталі прадказаннем перамогі над сіламі зла і такім чынам далі надзею. Таму нездарма гэты тэкст называецца «Протаевангеллем» ці «першай Добрай Навіной». Надзеяй на ўдзел у гэтай перамозе жыло чалавецтва да часу прыйсця ў свет Хрыста і Яго Уваскрасення.

Гэтую надзею абуджалі, падтрымлівалі і ажыўлялі запаветы Бога з выбраным народам. Прадметам гэтых запаветаў часта былі матэрыяльныя і зямныя даброты, благаслаўленне, урадлівасць, дастатак малака і мёду ў зямлі абяцанай і г.д. (пар. Быц 12, 1-3; 49; Зых 3, 8.17). Усё гэта давала надзею на будучыню. Увесь Стары Запавет — гэта час надзеі на прыйсце ў свет Месіі і адкупленне з няволі граху, а надзея, народжаная ў момант абвяшчэння Богам Протаевангелля, стала пачаткам часу месіянскага чаканння.

Новы Запавет паказвае асаблівую сувязь чалавечай надзеі з абяцаннямі Бога. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла вучыць, што «надзея — гэта багаслоўская цнота, праз якую мы жадаем як нашага шчасця Валадарства Нябеснага і вечнага жыцця, ускладаючы наша спадзяванне на абяцанні Хрыста і абапіраючыся не на свае ўласныя сілы, але на падтрымку ласкі Духа Святога» (ККК 1817).

Святы Апостал Павел — гэта апостал і адначасова багаслоў надзеі. У Пасланні да Эфесцаў ён гаворыць, што ахрышчаныя сталіся спадкаемцамі ў Хрысце, на якога раней спадзяваліся (пар. Эф 1, 11-12). У пасланні да Рымлянаў вучыць пра надзею шчасця вечнага: «Бо мы збаўлены праз надзею» (Рым 8, 24). «Дзякуем Богу і Айцу нашага Пана Езуса Хрыста, заўсёды молячыся за вас, бо мы пачулі пра вашую веру ў Хрысце Езусе і пра любоў, якую маеце да ўсіх святых дзеля надзеі, што захавана для вас у нябёсах» (Клс 1, 3–5), — кажа святы Павел у Пасланні да Каласянаў. Таму жыццё хрысціяніна — гэта трыванне ў надзеі будучай хвалы.

Апостал народаў асабліва падкрэслівае ролю Святога Пісання для цноты надзеі: «Усё, што напісана было раней, напісана дзеля нашага павучэння, каб мы праз вытрываласць і заахвочванне Пісанняў мелі надзею» (Рым 15, 4). Таму на тых, хто абвяшчае Евангелле, ускладзена асаблівая адказнасць за абвяшчэнне надзеі. «Гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля» (1 Кар 9, 16), — усклікае апостал Павел.

 
4. У жыцці кожнага чалавека і грамадства надзея павінна быць задаткам будучыні. Гэта тая цнота, якая не толькі пакідае след у гісторыі чалавецтва, але і стварае яе, каб з Божай дапамогай весці людзей ў будучыню. Пры гэтым неабходна звярнуць увагу на сувязь, якая існуе паміж надзеяй і верай, прычым у аспекце таго, што вера з’яўляецца надзеяй, як вучыць Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у сваёй энцыкліцы пра збаўленне праз надзею (пар. Spe salvi, 2). Ужо Другі Ватыканскі Сабор падкрэсліў, што кожны чалавек павінен ісці шляхам жывой веры, якая абуджае надзею і дзейнічае праз любоў (пар. Lumen gentium, 41), а Слуга Божы Ян Павел ІІ у сваёй Апостальскай адгартацыі «Касцёл у Еўропе» адзначае, што наша спадзяванне ўкаранёна ў Хрысце і грунтуецца на веры ў Збаўцу (пар. Ecclesia in Europa, 18–22), якога абвяшчае Евангелле. Такім чынам, трэба з надзеяй верыць у існаванне таго, што павінна стаць прадметам нашага пазнання ці валодання. Нярэдка слова «надзея» азначае тое самае, што і «вера». Нездарма Бэнэдыкт XVI кажа, што «надзея» па сваёй сутнасці з’яўляецца цэнтральным словам біблейскай веры (пар. Spe salvi, 2).

Надзея павінна рэалізавацца ў супрацоўніцтве з Богам. Усё залежыць ад самога чалавека і ад яго добрай волі. Бог нас ні да чаго не прымушае, Ён толькі заклікае да цнатлівага жыцця. Бэнэдыкт XVI у сувязі з гэтым навучае, што чалавеку патрэбны Бог, каб мець надзею (пар. Spe salvi, 23).

У надзеі знаходзіць крыніцу імкненне чалавека пазнаваць існуючы свет і авалодваць ім. У залежнасці ад таго, чым мы імкнемся валодаць, нашая надзея можа быць праўдзівай і памылковай. Прыкладам апошняй з’яўляецца імкненне да матэрыяльных дабротаў як жыццёвай мэты, а таксама імкненне да бяздзейнага і амаральнага жыцця, наркотыкаў, алкаголю, насілля, несправядлівасці і гэтак далей. Другі Ватыканскі Сабор нагадвае, што нельга цешыць сябе памылковай надзеяй, і навучае, што сярод трывогаў нашага часу Касцёл не губляе надзеі і заўсёды імкнецца несці апостальскую вестку сучаснаму свету: «вось цяпер час спрыяльны» для таго, каб перамяніліся сэрцы, «вось цяпер дзень збаўлення» (пар. 2 Кар 6, 2; Gaudium et spes, 82).

Хрысціянін павінен жыць надзеяй і не можа быць абыякавым да таго, што з’яўляецца прадметам гэтай надзеі. Таму святы апостал Павел заклікае, каб багатыя спадзяваліся не на багацце, а на Бога (пар. 1 Цім 6, 17).

Надзея дапамагае пераадольваць неймаверныя цяжкасці і выпрабаванні. Гэта пацвярджаюць тыя, хто прайшоў праз ссылкі і канцэнтрацыйныя лагеры. Дзень пры дні яны жылі надзеяй як быццам насуперак надзеі (пар. Рым 4, 18). Папа Бэнэдыкт XVI ставіць у прыклад в’етнамскага кардынала Нгуен ван Туана, які правёў у зняволенні трынаццаць гадоў, дзевяць якіх — у ізаляцыі. У сітуацыі, здавалася б, поўнага адчаю магчымасць слухаць Бога і размаўляць з Ім умацоўвала ў ім сілу надзеі (пар. Spe salvi, 32). Тут таксама варта згадаць і Сведку веры кардынала Казіміра Свёнтка, які, хоць атрымаў спачатку смяротны прысуд, а потым быў асуджаны на ссылку ў лагеры, без рэшты даручыў сябе Богу і на Яго ўсклаў сваю надзею, якая яго не падвяла. Як бачым, нястомная надзея на лепшае з’яўляецца неад’емнаю часткаю сутнасці хрысціянства.

Надзея з’яўляецца таксама «лекам» ад усялякіх «хваробаў», перадусім — недасканаласцяў і недахопаў. Як прырода не зносіць пустэчы, якая павінна быць запоўнена, так і ў сэрцах веруючых надзея выпраўляе недасканаласці і дапаўняе недахопы. Зло — гэта адсутнасць дабра, або маральная пустэча, таму надзея, якая запаўняе гэтую пустэчу, з’яўляецца эквівалентам дабра. Пажаданне «лепшай будучыні», дзякуючы самому пажаданню «паляпшэння», становіцца канструктыўным і нясе надзею.

Жыццё кожнага чалавека — гэта чаканне, якое без надзеі было б пустой тратай часу. Дзякуючы цноце надзеі чаканне становіцца прадуктыўным, а жыццё чалавека — своеасаблівым перыядам адвэнту, які дае надзею на вечнае жыццё, пра што цудоўна кажа Святы Айцец Бэнэдыкт XVI. Дзякуючы надзеі мы можам супрацьстаяць цяжкасцям сучаснага жыцця і яго выклікам. І хоць хрысціяне не ведаюць, што іх чакае ў будучыні, тым не менш, яны ўпэўненыя, што іх жыццё не скончыцца пустэчаю. Усё гэта гарантуе ім якасна новае жыццё на гэтай зямлі (пар. Spe salvi, 1–2).

 
5. Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

Жыццё чалавека па Божай задуме павінна быць напоўнена надзеяй і імкненнем да вызначанай мэты. Таму святы Апостал Павел шкадуе аб лёсе язычнікаў, якія бядуюць, не маючы надзеі (пар. 1 Тэс 4, 13). Аўтар Паслання да Габрэяў кажа, што надзея для душы — гэта бяспечны і моцны якар (пар. Гбр 6, 19), а кардынал Ёзаф Ратцынгер, сённяшні Папа Бэнэдыкт XVI, падкрэслівае, што надзея, скіроўваючы чалавека да сузірання Божага аблічча, вядзе да сапраўднага духоўнага аздараўлення і насычэння (пар. W drodze do Jezusa Chrystusa, с. 29).

Год, які распачынаецца, — Год Божага слова як крыніцы надзеі — павінен наблізіць нас да Хрыста, якога мы пазнаем у Святым Пісанні, каб няўхільна трымацца вызнання надзеі (пар. Гбр 10, 23) і ніколі не адступаць ад яго (пар. Гбр 10, 35).

Сёння, ва ўрачыстасць Трох Каралёў, мы сузіраем таямніцу Аб’яўлення Пана. Бэтлеемская зорка, як сімвал надзеі, прывяла іх да Дзіцяці Езуса, у якім вачамі веры яны распазналі доўгачаканага Месію. Святы Грыгорый Назіянзскі кажа, што з Аб’яўленнем Бога завяршылася эпоха астралогіі, бо, пачынаючы з гэтага моманту, зоркі чалавечых лёсаў рухаюцца ўжо па арбітах, вызначаных Хрыстом. Гэта значыць, што надалей ужо не законы космасу ці прыроды, як меркавалі да Хрыста, кіруюць светам і чалавекам, але Бог-Асоба (пар. Spe salvi, 5). У асобе трох Магаў, якіх традыцыя называе Каралямі, Бог аб’явіў сябе народам. Сёння праз сваё Слова Ён аб’яўляе сябе нам, людзям ужо XXI стагоддзя, аб’яўляе як надзею, бо пазнаць Бога — азначае атрымаць надзею (пар. Spe salvi, 3).

Таму няхай абвяшчэнне Евангелля надзеі стане нашай славай і сэнсам існавання, як заклікае Слуга Божы Ян Павел ІІ (пар. Ecclesia in Europa, 45), каб кожны чалавек спадзяваўся на слова Пана (пар. Пс 130(129), 5).

Няхай Слова Божае, якое дае надзею, будзе святлом на нашым шляху (пар. Пс 119(118), 105), каб мы не заблукалі ў свеце, поўным неонавых агнёў і адначасова прасякнутым духоўнаю цемраю.

Год, які распачынаецца, няхай спрыяе ўмацаванню міжхрысціянскіх адносінаў, асабліва Каталіцкага Касцёла з Праваслаўнай Царквою. Бо Святое Пісанне разам з Традыцыяй з’яўляецца крыніцай веры як для католікаў, так і для праваслаўных. Менавіта яно і агульная пазіцыя адносна асноўных праблемаў сучаснага свету з яго выклікамі дазваляюць нам сцвярджаць, што значна больш ёсць таго, што нас аб’ядноўвае, чым таго, што падзяляе.

Даручаючы ўсіх вас Марыі, Маці надзеі, на шлях абвяшчэння і захоўвання Божага Слова як крыніцы нашай надзеі ад усяго сэрца благаслаўляю ў Імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Мінск, 1 студзеня 2008 г.
Урачыстасць Святой Багародзіцы Марыі

 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас святой Імшы з нагоды ўрачыстага ўваходу ў магілёўскі архікатэдральны касцёл

Магілёў, архікатэдральны касцёл
Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава
8 снежня 2007 г.

Браты ў біскупскім і святарскім служэнні, члены манаскіх супольнасцяў і таварыстваў апостальскага жыцця, прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы, іншых веравызнанняў, дзяржаўнай улады і грамадскіх арганізацый, вернікі і ўсе людзі добрай волі!

1. Ад усяго сэрца вітаю Вас у мурах гістарычнага магілёўскага архікатэдральнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава. Гісторыя Каталіцкага Касцёла як у Беларусі і Расіі, так і ў іншых суседніх краінах шчыльна звязана з Магілёўскай архідыяцэзіяй і гэтаю святыняй. У 1772 годзе Кацярына ІІ сваім указам засноўвае так званы «Беларускі епіскапат» з цэнтрам у Магілёве, нагляд за якім быў даручаны Юстыц-калегіі. Праз год пасля гэтага яна прызначае біскупа Станіслава Яна Сестрэнцэвіча-Богуша ардынарыем «Беларускага епіскапату», а ў 1782 годзе пераўтварае яго ў Магілёўскую архідыяцэзію і дамагаецца прызнання ў Рыма. У выніку напружаных перамоваў Папа Пій VI у 1783 годзе скіроўвае ў Санкт-Пецярбург нунцыя Арэцці, які ад імя Святога Айца выдае булу аб прызнанні здзейсненых пераўтварэнняў.

Так былі закладзены кананічныя падмуркі структуры Каталіцкага Касцёла ў Расійскай Імперыі, народжаныя росчыркам манаршага пяра. Заснаваная такім чынам Магілёўская архідыяцэзія, распасцёршыся ад берагоў Балтыкі да Далёкага Усходу, тэрытарыяльна стала самай вялікай дыяцэзіяй у свеце.

У яе ўваходзілі такія цэнтры палітычнага, культурнага, эканамічнага і духоўнага жыцця як сталіца тагачаснай Расійскай Імперыі — Санкт-Пецярбург і старажытная Масква. Менавіта у Санкт-Пецярбургу знаходзіліся шырока вядомая ў тыя часы каталіцкая духоўная Акадэмія і семінарыя. 62 выпускнікі Акадэміі пазней сталі біскупамі. Сярод іх арцыбіскуп Віленскі, Папскі візітатар у Літве благаслаўлёны Юры Матулевіч-Матулайціс і Слугі Божыя — біскуп Пінскі Зыгмунт Лазінскі, Апостальскі Адміністратар Магілёўскай і Мінскай дыяцэзій Баляслаў Слосканс і Апостальскі Адміністратар Санкт-Пецярбурга Антоні Малецкі. Сярод яе выпускнікоў таксама 2 кардыналы: арцыбіскуп Варшаўскі Аляксандр Какоўскі і першы кардынал у былым Савецкім Саюзе арцыбіскуп Рыжскі Юліян Вайвадс. З Санкт-Пецярбургскай духоўнай семінарыі і Акадэміі выйшлі біскупы і святары, многім з якіх давялося служыць у былым СССР у часы пераследу і пакутаваць за Касцёл, як, напрыклад, Магілёўскія арцыбіскупы Эдвард Ропп і Ян Цепляк. Многія сваёю мучаніцкаю смерцю пацвердзілі вернасць Хрысту і Ягонаму Касцёлу.

Менавіта ў Магілёве ў 1905 годзе благаслаўлёная Баляслава Лямэнт, падзвіжніца адзінства хрысціянаў, заснавала Кангрэгацыю Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і.

 
2. У часы ганенняў гэты архікатэдральны касцёл — святыня-маці ўсіх каталіцкіх касцёлаў Магілёўскай архідыяцэзіі — падзяліў лёс тысячаў іншых як праваслаўных і каталіцкіх святыняў, так і дамоў малітвы іншых веравызнанняў. Шмат дзесяцігоддзяў горад, у якім знаходзіцца гэтая гістарычная архікатэдра, заставаўся без святыні. Аднак людзі захавалі веру.

Упершыню я прыехаў у Магілёў 24 лістапада 1989 года для асвячэння капліцы на каталіцкіх могілках. Я тады жыў у Гродне і, ад’язджаючы, мы ў спешцы забыліся ўзяць з сабою адрас законных сясцёр, якія патаемна жылі тады ў Магілёве, каб у іх спыніцца. Мы прыехалі ў горад позна ўвечары.

Ішоў снег. Куды ехаць? Як знайсці сясцёр? Мабільных тэлефонаў тады не было. У мяне дома ў Гродне таксама нікога. Бачым, па вуліцы ідуць дзве жанчыны. Спыталіся ў іх, дзе знаходзяцца каталіцкія могілкі і ў адказ пачулі не толькі, як туды дабрацца, але і тое, што заўтра там адбудзецца асвячэнне капліцы і нават прыедзе біскуп, пра што перадалі па радыё.

У капліцы, нягледзячы на позні час, мы знайшлі людзей, бо, як звычайна, штосьці яшчэ было не дароблена. Нам сказалі, куды ехаць. Мы пад’ехалі да невялікай драўлянай хаткі. Увайшоўшы ўсярэдзіну, я са здзіўленнем убачыў, што сястра ўкленчыла перад шафаю. На маё пытанне, навошта яна гэта зрабіла, я пачуў, што ў звычайнай шафе для адзення знаходзіцца табэрнакулюм з Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Зрэдчас у Магілёў прыязджаў святар і цэлебраваў святую Імшу. Гэтая хатка была адзіным месцам у Магілёве, дзе чалавек мог хоць час ад часу ўдзельнічаць у Эўхарыстыі, паспавядацца і прыняць святую Камунію. У горадзе, ператвораным у бастыён атэізму, у звычайнай шафе білася Сэрца Збаўцы!

Потым, у 1994 годзе, на Сінодзе Біскупаў, які праходзіў у Ватыкане і быў прысвечаны кансэкраванаму жыццю, адна законніца распавяла пра тое, што ў часы пераследу ў іх доме ў шафе захоўваўся Найсвяцейшы Сакрамэнт, перад якім маліліся не толькі самі сёстры, але і іншыя вернікі. Гэтыя словы простай беларускай сястры законніцы, якая перажыла цяжкія гады ганенняў і радавалася духоўнаму адраджэнню, былі сустрэтыя бурнымі воплескамі трохсот біскупаў з усяго свету, адным з якіх быў я. Галоўная газета Каталіцкага Касцёла «L’Osservatore Romano» на наступны дзень выйшла з загалоўкам «Найсвяцейшы Сакрамэнт у шафе».

Другі мой прыезд у Магілёў меў месца 13 ліпеня 1990 года, калі дзяржаўныя ўлады вярнулі нам гэтую святыню. Я добра памятаю тыя перамовы і сёння яшчэ раз выказваю падзяку ўладам за разуменне нашых праблемаў і вяртанне гэтай гістарычнай архікатэдры. Я думаю, улады не шкадуюць пра гэта. Касцёл адноўлены і стаў адным з найбольш значных духоўных і культурных цэнтраў горада.

Я вельмі добра памятаю энтузіязм вернікаў падчас святой Імшы, якая адбылася каля галоўнага ўваходу. Невымоўную радасць мясцовых каталікоў выклікала прызначэнне пробашчам парафіі ксяндза Уладзіслава Бліна, цяперашняга біскупа Віцебскага. Я ад усяго сэрца дзякую Яго Эксцэленцыі біскупу Уладзіславу як за аднаўленне магілёўскай архікатэдры, так і за будаўніцтва ў мурах гэтага касцёла жывой святыні чалавечых душаў; дзякую таксама за арганізацыю музычнага фестывалю «Магутны Божа», які ўжо стаў традыцыйным.

Пасля майго прызначэння ў Маскву 13 красавіка 1991 года мне давялося яшчэ тройчы пабываць у вашым цудоўным горадзе. 7 ліпеня 1991 года я браў удзел у інгрэсе тагачаснага арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, сёння кардынала Казіміра Свёнтка. Я шчыра дзякую свайму папярэдніку за тую вялізную працу, якую ён здзейсніў дзеля адраджэння духоўнага жыцця ў гэтым слаўным горадзе, што раскінуўся на берагах Дняпра. Сёння, яднаючыся ў малітве з Яго Эмінэнцыяй, які ў Пінску пасвячае для сваёй дыяцэзіі аднаго з першых выпускнікоў адноўленай ім Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага, я жадаю яму шчодрых ласкаў Божых і моцнага здароўя.

Па запрашэнні тагачаснага пробашча ксяндза Уладзіслава Бліна 13 кастрычніка 1992 г., у 7-ю гадавіну Фацімскіх аб’яўленняў, мне яшчэ раз давялося наведаць ваш горад і прывезці фігуру Маці Божай Фацімскай, якая і сёння знаходзіца ў гэтай катэдры.

Давялося мне таксама быць тут яшчэ раз зімой 1993 г.

Такім чынам, сёння я ўжо ў шосты раз пераступіў парог гэтага гістарычнага архікатэдральнага касцёла ўжо як новы Мінска-Магілёўскі Мітрапаліт. Я пераступіў яго ў 255-ю гадавіну асвячэння гэтай святыні. Пераступіў з вялікім хваляваннем, памятаючы пра сваіх вялікіх папярэднікаў, якія закладалі падмуркі Каталіцкага Касцёла ў нашым геапалітычным рэгіёне, будавалі яго як Народ Божы і нават за яго пакутавалі.

Я пераступіў яго з пачуццём адказнасці і абавязку, які прыняў на сябе 10 лістапада гэтага года падчас кананічнага ўступлення на пасаду новага Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

Я пераступіў яго з усведамленнем таго, што ў наш новы час, які з аднаго боку з’яўляецца часам новых магчымасцяў для ўзрастання ў веры, а з другога — часам, на жаль, дабравольнага адыходу ад веры, нам неабходна выхоўваць новага чалавека у адпаведнасці з патрабаваннямі гэтага новага часу, каб на маральных прынцыпах будаваць нашую будучыню, наш агульны дом, нашую Беларусь.

 
3. Прыкладам на гэтым шляху з’яўляецца Найсвяцейшая Панна Марыя, урачыстасць Беззаганнага Зачацця якой мы сёння святкуем. Сэнс гэтай праўды нашай веры наступны. Вядома, што кожны чалавек прыходзіць на гэты свет у стане прершароднага граху. Аднак Бог не мог дапусціць, каб Яго Сын — сама Святасць — нарадзіўся ад грэшнай жанчыны. Найсвяцейшы Сакрамэнт захоўваецца ў табэрнакулюме — найбольш пачэсным у святыні месцы, якое часта пакрыта золатам. Таксама і Марыя — першы табэрнакулюм — павінна была быць у духоўным сэнсе «залатым домам» (пар. Ларэтанская літанія), гэта значыць не мець аніякага граху. Таму моцаю будучых заслугаў Яе Сына, нашага Збаўцы Езуса Хрыста, Марыя была выключана з гэтага правіла, якому падлягаюць усе іншыя людзі. Багаслоўскае абгрунтаванне догмату пра Беззаганае Зачацце Найсвяцейшай Панны Марыі знаходзіцца ў словах сённяшняга Евангелля. Арханёл Габрыэль называе Марыю «поўнаю ласкі» (пар. Лк 1, 28), гэта значыць вольнаю ад усялякага граху.

 
4. Першае заданне Касцёла — весці чалавека да святасці. Менавіта ўсеагульнае пакліканне да святасці з’яўляецца тэмаю сёлетняга душпастырскага года ў Беларусі. У сувязі з гэтым мы мусім паставіць перад сабою пытанне: які ты, чалавеча нашага часу?

Ці ўскладаеш ты надзею на Бога, ці разлічваеш толькі на свае ўласныя сілы, свой рацыянальны розум, развіццё навукі і тэхналогіі і гэтак далей?

Відавочна, і ў гэтым мы можам пераканацца на ўласным вопыце, што без Бога чалавек духоўна дэградуе, губляе свой Божы вобраз і падабенства, закладзеныя ў ім Творцам (пар. Быц 1, 27). Развіццё навукі і тэхнікі таксама не вырашыла праблемаў, з якімі сутыкаецца чалавецтва, але шмат у чым нават стварыла новыя.

Вялікі атам можа даваць энергію і лячыць, але можа і забіваць, пра што сведчаць Хірасіма і Нагасакі. Нават «мірны» атам далёка не бяспечны, што пацвярджае вопыт Чарнобыля. Развіццё генетыкі можа дапамагчы ў стварэнні новых эфектыўных лекавых сродкаў, але выкарыстанне яе дасягненняў без уліку маральных прынцыпаў, як, напрыклад, спробы кланавання чалавека ці чалавечых органаў, што разглядаюцца як быццам чалавечыя «запчасткі», глыбока амаральнае і супярэчыць Божай задуме. Медыцына паклікана абараняць бясцэнны Божы дар жыцця, але ў той жа час нярэдка яе дасягненні выкарыстоўваюцца для гвалтоўнага забойства жыцця праз аборты і эўтаназію.

У першым сённяшнім чытанні з кнігі Быцця мы чуем, як пасля ўчыненага граху Адам і Ева, пачуўшы голас Бога, схаваліся сярод дрэваў, бо адчулі сорам ад таго, што былі голымі (пар. Быц 2, 8–10). Сёння Касцёл пытаецца ў сучаснага чалавека: «Дзе ты? Як ты выглядаеш? Ці не голы ты?».

Так, чалавек апранаецца ўсё лепш і ва ўсё больш вытанчанае адзенне. Тут жа гаворка ідзе пра духоўнае адзенне, пра адзенне Божай ласкі. У што ты апрануты, чалавек нашага ўжо дваццаць першага стагоддзя: у адзенне Божай ласкі ці ў галоту граху?

Задача Касцёла як раз у тым, каб дапамагчы чалавеку апрануцца ў збаўчае адзенне Божай ласкі, бо сёння квітнее культ нудызму як у прамым сэнсе, так і ў духоўным. Чалавек, становячыся больш багатым матэрыяльна (хоць і бядоты яшчэ нямала па свеце — некаторыя людзі ледзь зводзяць канцы з канцамі), з’яўляецца бедным духоўна.

Гэта — цяжкая хвароба нашага часу, хвароба багатых і бедных краінаў, хвароба, прычынаю якой з’яўляецца рэлігійная недасведчанасць, адмаўленнне маральных каштоўнасцяў, лібералізм і маральны рэлятывізм, што не прызнае нічога трывалага, адрыў ад хрысціянскіх каранёў і гэтак далей. Усе ведаюць, што дрэва без каранёў ці з падрэзанымі каранямі засохне. Таксама духоўна засыхае і чалавек; засыхае, нягледзячы на тое, што мае ўсё больш і больш магчымасцяў для духоўнага ўзрастання і росквіту.

Паўнаводны Дняпро поіць сваёю вадою горад Магілёў. Без вады жыццё немагчымае. Нездарма навукоўцы, каб адказаць на пытанне адносна існавання жыцця на Марсе, спрабуюць знайсці на гэтай планеце ваду. Але для таго, каб забяспечыць горад вадою, каб вада цякла з кранаў у нашых дамах, неабходныя адпаведныя помпавыя станцыі і сістэма вадаправоду.

У Касцёле паўнаводнаю ракою цячэ збаўчая Боская ласка, крыніца якой — Езус Хрыстус. Аднак для таго, каб яна стала нашым набыткам, неабходна рэальна, а не толькі на паперы ці ў дэкларацыях, быць у Касцёле, належаць да яго. Неабходна, калі можна так сказаць, «падключыцца» да крыніцы Божай ласкі, гэта значыць да Хрыста, які жыве ў сваім Касцёле, каб жывая вада Божай ласкі паіла і ажыўляла нас.

У часы пераследу веры было мала святыняў і святароў, практычна не было рэлігійнай літаратуры, але людзі тым не менш не перарвалі сувязі з Касцёлам. Яны імкнуліся прыпасці да крыніцы ласкі, Езуса Хрыста, і напіцца з Яго, хоць і знаходзіўся Ён далёка, у нешматлікіх ацалелых касцёлах, або быў схаваны ў звычайнай шафе, як гэта адбылося ў Магілёве. Сёння доступ да Яго свабодны, прычым у многіх месца, практычна паўсюдна. Усё залежыць цяпер ад нас саміх: пойдзем мы да Яго ці не.

 
5. У вялікай справе новай евангелізацыі, якая з’яўляецца нашым заданнем, я разлічваю на вас, браты ў святарстве, кансэкраваныя асобы і верны народ.

Я ўзяты сярод вас і для вас устаноўлены, каб, выконваючы сваё настаўніцкае, святарскае і пастырскае служэнне, дапамагчы сучаснаму чалавеку, які часта жыве так, як быццам Бог не існуе, прыйсці да Хрыста і апрануцца ў адзенне Божай ласкі, неабходнай для збаўлення.

Ад усяго сэрца я дзякую вам, святары і кансэкраваныя асобы, за ўсё, што вы зрабілі і робіце ў справе абвяшчэння Евангелля, асвячэння людзей і стварэння хрысціянскіх супольнасцяў; робіце часта ў вельмі цяжкіх умовах, калі здаецца, што няма надзеі і што ўсе намаганні — толькі марная сізіфава праца. Пры гэтым, аднак, нам неабходна памятаць, што, як кажа Хрыстус, «на нябёсах больш радасці будзе з аднаго грэшніка, які пакаяўся, чым з дзевяноста дзевяці праведнікаў, якія не патрабуюць пакаяння» (Лк 15, 7). Нам трэба шукаць гэтых згубленых і заблукалых. Гэта — нашае пакліканне. Можа быць, сапраўды няшмат людзей у нашых святынях, асабліва тут, на ўсходзе краіны, але мы пакліканыя шукаць, пакліканыя сеяць зерне Божага слова, нягледзячы на тое, што жаць будуць іншыя. Узгадаем, што за Хрыстом пайшлі толькі апосталы і невялікая групка Яго паслядоўнікаў. Чыста па-чалавечы здавалася, што ў іх няма ніякіх шанцаў. Аднак рэальнасць аказалася іншаю: сёння ў свеце два мільярды хрысціянаў.

Я асабліва хачу падзякаваць вернікам, якія ў цяжкія часы ганенняў вытрывалі і не толькі захавалі веру, але таксама і перадалі яе новым пакаленням. Дзякую за вашае сведчанне і вернасць хрысціянскаму пакліканню. Памерлых няхай Пан Бог адорыць радасцю шчасця вечнага, а жывым няхай дасць шчодрае благаслаўленне і патрэбныя ласкі.

На вас, святары, прадстаўнікі манаскіх супольнасцяў і таварыстваў апостальскага жыцця, свецкія вернікі і асабліва моладзь, надзея Касцёла і мая надзея. Я малю Богу, каб ніякія ўплывы свету, які імкліва секулярызуецца, не змаглі адарваць вас ад нязменнай і збаўчай праўды Хрыстовага Евангелля. Рыба, каб адкласці ікру і такім чынам даць новае патомства, шмат кіламетраў плыве на нераст супраць плыні.

Спартсмен толькі тады дасягне добрых вынікаў, калі будзе падымаць планку патрабаванняў да сябе ўсё вышэй і вышэй. Падобна адбываецца і ў духоўным жыцці. Нельга дазволіць сабе быць захопленым плынню ракі сучаснага амаральнага свету.

Здаўна ў Беларусі і, у прыватнасці, у Магілёве складаліся добрыя міжхрысціянскія адносіны. Перад абліччам небяспечных выклікаў нашага часу нам неабходна быць разам. Асабліва гэта датычыцца сумесных намаганняў у справе вырашэння актуальных праблемаў сучаснасці. Выказваю сваю гатоўнасць да далейшага дыялогу і спадзяюся на ўзаемную адкрытасць.

Касцёл — не з гэтага свету, але ён існуе ў гэтым свеце і, хоць аддзелены ад дзяржавы, аднак не аддзелены ад грамадства, а таму павінен удзельнічаць у яго развіцці, у першую чаргу развіцці духоўным. Дзякую дзяржаўным уладам за дапамогу ў вырашэнні нашых праблемаў і разлічваю на далейшае плённае супрацоўніцтва.

 
6. Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

Уступаючы ў гэты гістарычны архікатэдральны касцёл, я дзякую Богу, які, як гэта паказвае жыццё, умее пісаць проста на пакручастых лініях чалавечай гісторыі і ставіць апошнюю кропку над «і». Я даручаю маё служэнне Хрыстоваму Касцёлу Беззаганнай Багародзіцы, просячы Яе Матчынай апекі. Праз заступніцтва Яе і святога Станіслава я прашу Божага благаслаўлення для гэтага служэння ўмілаванаму беларускаму народу.

Прашу вас, браты і сёстры, аб малітве ў маіх інтэнцыях, каб мы ўсе разам і аднадушна: я са сваім дапаможным біскупам Антоніем Дзям’янкам, святарамі, членамі манаскіх супольнасцяў і таварыстваў апостальскага жыцця, а таксама з вернікамі, нягледзячы на цяжкасці нашага супярэчлівага часу, маглі заўсёды ісці да Хрыста, піць з Ягонай невычэрпнай крыніцы, апрануцца ў адзенне Божай ласкі, рабіць дабро і дабром перамагаць зло, будаваць нашую будучыню на непахісных хрысціянскіх каштоўнасцях і імкнуцца да святасці, каб на выклікі сучаснасці адказаць словамі майго біскупскага дэвізу: Quis ut Deus — «Хто ж, калі не Бог», каб Ён, Творца, быў ва ўсім, дзеля Яго хвалы і дзеля збаўлення людзей.

Няхай благаславіць нас і нашую Бацькаўшчыну ў гэтай добрай справе Уселітасцівы Бог.

Амэн.

 
Гамілія падчас урачыстай святой Імшы Кананічнага ўступлення на пасаду Ардынарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
Мінск, архікатэдральны касцёл
Імя Найсвяцейшай Панны Марыі
10 лістапада 2007 г.

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

1. 25 ліпеня 1989 года ўпершыню ў сваім жыцці я пераступіў парог мінскага катэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, які залатымі літарамі ўпісаны ў гісторыю Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Тады ў ім месцілася спартовая зала. Я ўвайшоў у вестыбюль. Жанчына, якая сядзела на вахце, сказала мне: «Сюды нельга!». Я пачаў прасіць яе, кажучы, што мне вельмі падабаецца спорт і што мне хацелася б паглядзець, як практыкуюцца спартоўцы. У рэшце рэшт яна саступіла маім просьбам і дазволіла мне ўвайсці. Я добра памятаю, як прайшоў па правай ад уваходу наве, прыадчыніў дзверы і ўбачыў барцоў. Міжволі ўзнікла думка, што, хоць спартовыя залы і патрэбныя (я, дарэчы, таксама займаюся спортам), але патрэбныя і залы, дзе, калі так можна сказаць, «практыкуецца», удасканальваецца чалавечы дух. Дом малітвы павінен выкарыстоўвацца ў адпаведнасці са сваім прызначэннем.

Я паціху выйшаў з ператворанай у спартовую залу святыні з надзеяй і малітвай, каб адбыўся цуд і каб яна зноў стала месцам абвяшчэння Добрай Навіны і цэлебрацыі сакрамэнтаў.

Праз некалькі гадзін з Ватыкана прыйшло паведамленне пра маё прызначэнне біскупам, Апостальскім Адміністратарам Мінскай дыяцэзіі для каталікоў лацінскага абраду ў Беларусі.

Божы Провід учыніў так, што сёння ў адпаведнасці з рашэннем Святога Айца Бэнэдыкта XVI, у якім я бачу волю Найвышэйшага і якому выказваю належную пашану, удзячнасць і поўную паслухмянасць, я зноў пераступаю парог гэтай святыні ўжо ў якасці новага Ардынарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Пасля шаснаццаці гадоў служэння ў Расіі, дзе ўсё трэба было ўздымаць практычна з нуля, я вяртаюся на старое і адначасова новае месца служэння, бо вельмі шмат змянілася ў Беларусі і ў жыцці Каталіцкага Касцёла ў нашай Бацькаўшчыне. Змяніўся і не перастае змяняцца выгляд гарадоў і вёсак, развіваецца інфраструктура, людзі жывуць лепш і маюць значна больш магчымасцяў для духоўнага ўзрастання.

2. З вялікім хваляваннем і пачуццём адказнасці я ўваходжу ў гэты архікатэдральны касцёл — касцёл-Маці ўсіх касцёлаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі — і вітаю вас словамі святога апостала Паўла: «Ласка Пана нашага Езуса Хрыста і любоў Бога Айца, і еднасць Духа Святога няхай будуць з усімі вамі» (пар. 2 Кар 12, 13). З гэтымі словамі Апостала народаў на вуснах я стаю перад вамі як ваш брат і адначасова як ваш біскуп.

Вітаю ўсіх, хто прыбыў на сённяшнюю ўрачыстасць. Перадусім вітаю Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Марціна Відавіча, які прадстаўляе Святога Айца Бэнэдыкта XVI, і беларускіх біскупаў на чале са Старшынёю Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Аляксандрам Кашкевічам. Асаблівыя словы прывітання кірую да кардынала Казіміра Свёнтка, майго папярэдніка на Мінска-Магілёўскай кафедры. На яго плечы легла надзвы-чайная місія як адраджэння веры, так і аднаўлення гэтага катэдральнага касцёла і многіх іншых святыняў. Ад шчырага сэрца выказваю сваю падзяку Вашай Эмінэнцыі і прашу ў Пана Бога благаслаўлення на далейшую дзей-насць. Выражаю таксама ўдзячнасць Біскупу Антонію Дзям’янка за яго адданую і ахвярную працу ў якасці Апостальскага Адміністратара нашай Архідыяцэзіі. З радасцю вітаю аднаго з найбліжэйшых паплечнікаў Папы Яна Паўла ІІ і Бэнэдыкта XVI кардынала Казіміра Шоку, карані якога з Беларусі, бо яго бацька нарадзіўся непадалёк ад Гродна.

Шчыра вітаю біскупаў і прадстаўнікоў Епіскапатаў з Аўстрыі, Казахстана, Літвы, Польшчы, Расіі, Румыніі, Украіны, святароў і манахаў. Сардэчна вітаю Уладыку Серафіма, Епіскапа Бабруйскага і Быхаўскага, які прысутнічае тут ад імя Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха Усяе Беларусі. Вітаю прадстаўнікоў іншых хрысціянскіх Цэркваў і супольнасцяў, нехрысціянскіх рэлігій. Шчыра вітаю прадстаўнікоў дзяржаўных уладаў, на чале з Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Леанідам Паўлавічам Гулякам; прысутных тут прадстаўнікоў дыпламатычных місій, свету навукі і культуры, дабрачынных арганізацый, асабліва «Renovabis» і «Caritas» дыяцэзіі Лінц. З асабліва цёплымі пачуццямі вітаю сваякоў, блізкіх, вернікаў з майго роднага Адэльска і з Гродна, а таксама з Расіі і ўсіх вас, браты і сёстры, веруючых і няверуючых, і ўсіх людзей добрай волі.

3. Сённяшняя ўрачыстасць кананічнага уступлення на пасаду Ардынарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі — гэта мае заручыны з гэтым партыкулярным Касцёлам. З вялікім хваляваннем я памаліўся перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, пацалаваў алтар, прыняў пастарал — знак біскупскай улады — і ўзышоў на кафедру, каб узяць на сябе адказнасць за даручаны маёй пастырскай апецы статак, у якім Дух Святы паставіў мяне кіраваць Касцёлам Божым у імя Айца, вобраз якога я пакліканы ўвасабляць у Касцёле; у імя Сына Яго Езуса Хрыста, настаўніцкае, святарскае і пастырскае служэнне якога мне трэба будзе выконваць; і ў імя Святога Духа, які ажыўляе Касцёл і лечыць нашую немач сваёю моцаю (гл. Абрад пасвячэння біскупа). Я малю Хрыста Першасвятара і Добрага Пастыра умацоўваць мяне ў гэтым служэнні Народу Божаму, каб я стаў жывым знакам прысутнасці Езуса Настаўніка ў Ягоным Касцёле, як да гэтага заклікае Папа Ян Павел ІІ у адной са сваіх апошніх кніг «Устаньце, хадзем», што стала як быццам яго духоўным тэстамэнтам (пар. «Устаньце, хадзем», Дзень кансэкрацыі: пасярод касцёла).

4. Пачынаючы сваё служэнне ў якасці кіраўніка Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, жадаю разам з вамі, браты і сёстры, сузіраць вобраз Хрыста, Добрага Пастыра, які да канца нас палюбіў і наказаў нам любіць адзін аднаго; які сам выбірае сваіх пастыраў і пасылае іх, каб яны ішлі і прыносілі плён, і каб гэты плён трываў (пар. Ян 15, 16).

Заклікаю вас разам са мною сузіраць гэты вобраз, каб лепш зразумець, чым з’яўляецца ў Касцёле біскуп і якая яго місія, згодна з думкаю святога Ігнацыя з Антыёхіі: дзе біскуп, там і Касцёл. Сам Езус уяўляе сабою кранальны вобраз любячага Пастыра, які ведае сваіх авечак, прабывае з імі, падзяляе іх лёс, бароніць ад небяспекаў, ахоўвае, шукае згубленую і вядзе бяспечнаю сцежкаю. Больш за тое, калі ўзнікае такая патрэба, Ён аддае за іх сваё жыццё. Пастыр — не найміт, ён пасланы, каб пасвіць статак і прыносіць духоўны плён (пар. Ян 10, 1–18).

Біскуп, па-грэцку επισκοπος, што азначае «той, хто назірае, хто ўзіраецца», узіраецца перш за ўсё на Хрыста, каб праз прызму Яго вучэння і прыкладу назіраць за даручаным яму Народам Божым. Папа Бэнэдыкт XVI падчас пасвячэння шасці новых біскупаў 29 верасня гэтага года назваў біскупа Анёлам ахоўнікам даручанага яму Касцёла, які ім апякуецца, абараняе яго і накіроўвае на правільны шлях (пар. OMELIA DI SUA SANTITA` BENEDETTO XVI).

Гісторыя Касцёла ведае шмат такіх пастыраў, якія, да канца палюбіўшы свой статак і поўныя клопату пра тое, каб прыносіць плён свайго служэння, узіраліся на вобраз Добрага Пастыра і імкнуліся наследаваць Яго ў выкананні гэтай нялёгкай місіі. Многія з іх вернасць свайму пакліканню пацвердзілі цярпеннямі і нават мучаніцкай смерцю. Тут належыць згадаць пра Слугаў Божых біскупа Баляслава Слосканса, Апостальскага Адміністратара Магілёўскай архідыяцэзіі і Мінскага біскупа Зыгмунта Лазінскага, беатыфікацыйны працэс якіх цяпер вядзецца, а таксама пра сведку веры кардынала Казіміра Свёнтка, які сёння знаходзіцца сярод нас.

«Хвала Бога — гэта жывы чалавек», — вучыць святы Ірэнэй Ліёнскі. «Жывы» азначае перш за ўсё духоўна і маральна здаровы. Нездарма Слуга Божы Ян Павел ІІ кажа, што чалавек — гэта першы і галоўны шлях Касцёла, прычым гэты шлях быў пачаты самім Хрыстом (пар. RH 14).

Бэнэдыкт XVI, клапоцячыся пра духоўнае дабро чалавека, перасцерагае ад небяспекаў, якія пагражаюць людзям і грамадству. Гэта — секулярызм, маральны рэлятывізм, які становіцца новым вызнаннем веры, своеасаблівым новым Credo, рэлігійная абыякавасць і часам агрэсіўны лібералізм. Усё гэта вядзе да з’яўлення неапаганства, адмаўлення ад маральных каранёў і хрысці-янскіх каштоўнасцяў і такім чынам да дэхрысціянізацыі грамадства. Як адказ на гэтыя выклікі, што пагражаюць сучаснаму свету, Ян Павел ІІ заклікае нас звярнуцца да Хрыста і адчыніць перад Ім дзверы сваіх сэрцаў, бо толькі ў ім чалавек можа спазнаць сябе да канца (пар. OMELIA DI GIOVANNI PAOLO II PER L'INIZIO DEL PONTIFICATO), а Бэнэдыкт XVI заахвочвае навярнуцца да Хрыста, які нічога не забірае, а толькі дае (пар. OMELIA DI SUA SANTITA` BENEDETTO XVI). Як жа не згадаць тут словы апостала Пятра: «Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага» (Ян 6, 68). Таму чалавек і клопат пра яго збаўленне павінны стаць вуглавым каменем нашай праграмы.

5. Усведамленне таго, што сёння я прымаю на сябе выключна важную місію, з аднаго боку, калі разважаць чыста па-чалавечы і разлічваць толькі на ўласныя сілы, напаўняе мяне цалкам абгрунтаванай бояззю. Ці змагу я выканаць даручанае мне заданне, ці не перавышае яно маіх сілаў і здольнасцяў? З другога ж боку, я ведаю, што калі Бог пасылае, то дае і неабходныя сілы і ласку для выканання даручанага задання. Таму сваё пастырскае служэнне ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі праз заступніцтва Панны Марыі, Апекуна Беларусі святога Міхала Арханёла і майго апекуна ў цяжкіх справах святога Юды Тадэвуша я даручаю Богу, паўтараючы дэвіз свайго біскупскага служэння: Quis ut Deus — «Хто ж, калі не Бог!». Я глыбока веру, што мне будуць спадарожнічаць словы падбадзёрвання, якія сказаў Папа Ян Павел ІІ яшчэ 20 кастрычніка 1989 года адразу ж пасля майго біскупскага пасвячэння ў ватыканскай базыліцы святога Пятра: «Тадэвуш, не бойся, усё будзе добра. Я за цябе малюся».

Я ведаю, Яне Паўле Вялікі, ты за мяне молішся і благаслаўляеш мяне з вакна дома нашага нябеснага Айца. Я веру, што мне будзе спадарожнічаць таксама благаслаўленне Святога Айца Бэнэдыкта XVI, якое ён з айцоўскаю любоўю перадаў у Буле пра маё прызначэнне арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім.

Разам з тым я прашу і вас, дарагія браты і сёстры, маліцца за мяне. Бог пасылае мяне «абвяшчаць год ласкі Пана» (Іс 61, 2). А для гэтага патрэбныя сілы, асабліва калі ўзяць пад увагу выклікі нашага часу. Ізраэль перамагаў Амаліка, калі Майсей маліўся з узнятымі ўгору рукамі. Калі ж ён стаміўся і рукі яго пацяжэлі, то Аарон і Ор падтрымлівалі іх для малітвы, каб перамагчы ў бітве з амалікіцянамі (пар. Зых 17, 8–13). Таксама і я сёння прашу ў вас малітоўнай падтрымкі.

6. Хто жадае напіцца з крыніцы, той павінен укленчыць і схіліць галаву, — гэта ўсім вядомая праўда. Пачынаючы сваю місію ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, я ўсведамляю, што гэтая задача была б невыканальнай, калі б я разлічваў выключна на сябе. Гэта — заданне для ўсіх нас, і мы ўсе павінны актыўна далучыцца да яго выканання; усе — духавенства і свецкія вернікі, кожны ў адпаведнасці са сваім пакліканнем. Збаўляе чалавека Бог, але для выканання гэтай справы Яму патрэбныя мы. Мы ўсе павінны стаць Яго рукамі, нагамі, вуснамі.

Таму я звяртаюся да вас, браты ў біскупскім служэнні, святары, члены манаскіх супольнасцяў і таварыстваў апостальскага жыцця, прадстаўнікі свету навукі і культуры, свецкія вернікі, каб мы ўсе разам, салідарна і ў адпаведнасці з прынцыпамі Хрыстовага Евангелля ўдзельнічалі ў духоўным адраджэнні і станаўленні нашай Бацькаўшчыны.

Бог паставіў нас, біскупаў, тут на беларускай зямлі, каб мы служылі беларускаму народу; паставіў у гэты лёсавызначальны час. Мы пакліканыя зрабіць усё, што ад нас залежыць, каб быць адпаведнымі гэтаму часу людзьмі, з усёю адказнасцю і салідна выконваючы сваю прафетычную (настаўніцкую), святарскую і пастырскую місію дзеля дабра людзей, да якіх мы пасланыя.

З асаблівым заклікам я звяртаюся да святароў. Дзякую за самаадданую працу як мясцовым святарам, так і тым, хто прыбыў да нас з дапамогаю з-за мяжы. Моцаю сакрамэнту святарства мы ўтвараем таямнічую супольнасць (пар. PG 47), у якой здзяйсняецца айцоўская і братняя сувязь паміж біскупам і святарамі. Вы з’яўляецеся маімі першымі памочнікамі. Мы разам утвараем прэзбітэрый нашай архідыяцэзіі і пакліканыя разам несці адказнасць за яе духоўны стан і за перададзеную нам спадчыну веры. Я хачу быць для вас айцом, які пра вас клапоціцца і вас абараняе. Разам з тым я са спадзяваннем разлічваю на ўзаемнасць, паразуменне, дапамогу і адказнае служэнне на жніве Пана.

Неабходна памятаць, што мы пакліканыя не валадарыць, а служыць па прыкладзе самога Збаўцы (пар. Мц 20, 28). Пры гэтым нашае служэнне пры алтары Пана, асабліва цэлебрацыя Эўхарыстыі, павінна здзяйсняцца ў адпаведнасці з зацверджанымі касцёльнаю ўладаю нормамі, бо гэта не асабістае дзеянне святара, а дзеянне самога Хрыста.

Вялікую надзею я ўскладаю на семінарыстаў. Пакліканне да святарства, будучы таямніцаю, з’яўляецца адначасова найбольшым дарам самаго Бога. Неабходна гэты дар берагчы і развіваць. Жадаю вам, каб гады фармацыі ў семінарыі сталі часам сур’ёзнай падрыхтоўкі да святарства, бо жніво вялікае, а работнікаў усё яшчэ мала, і трэба прасіць Гаспадара жніва, каб Ён паслаў работнікаў на жніво сваё (пар. Мц 9, 37–38), таму што так шмат сэрцаў, якія чакаюць Евангелля!

Я са спадзяваннем звяртаюся да манаскіх супольнасцяў і таварыстваў апостальскага жыцця. Вашыя харызмы, якія з’яўляюцца вялікім скарбам Касцёла, павінны яшчэ больш плённа служыць яго ўзбагачэнню і новай евангелізацыі. Як няма Касцёла без кансэкраваных асобаў, так не можа быць кансэкраванага жыцця па-за Касцёлам. Розныя харызмы манаскіх супольнасцяў і таварыстваў апостальскага жыцця разам з дыяцэзіяльным духавенствам і Народам Божым павінны ўтвараць адзіны, прыгожы, шматколерны сад нашай архідыяцэзіі, які будзе гарманічна разрастацца. Разлічваю на вашую дапамогу і супрацоўніцтва.

Нам неабходна таксама звярнуць больш пільную ўвагу на душпастырства пакліканняў. Гэта задача як святароў і кансэкраваных асобаў, так і парафіяльных супольнасцяў і сем’яў. Усе мы нясем адказнасць за пакліканні. Няхай нашыя душпастырскія намаганні, узмоцненыя малітваю, дапамогуць сынам і дочкам нашае зямлі пачуць голас Пана, які іх кліча.

Выключна важнаю сфераю дзейнасці Касцёла з’яўлялася і ў наш час з’яўляецца неабходнасць паўнавартаснай катэхізацыі не толькі дзяцей і моладзі, але таксама і дарослых, бо шмат з іх у свой час не мелі такой магчымасці. Для больш дзейснага навучання прынцыпам веры і яе ўмацавання я заклікаю святароў, кансэкраваных асобаў і катэхетаў выкарыстоўваць новыя сучасныя метады і сродкі катэхізацыі, не забываючыся пры гэтым і пра старыя, выпрабаваныя часам, каб можна было сумясціць vetera et nova — старое і новае, бо, як кажа прымаўка, вельмі часта новае — гэта добра забытае старое. Нездарма Ян Павел ІІ у Апостальскай канстытуцыі Fidei depositum — «Задатак веры», абвешчанай з нагоды апублікавання Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, піша, што Катэхізіс утрымлівае ў сабе і новае, і старое (пар. Мц 13, 52), бо хоць вера заўжды застаецца тою ж самаю, але ў той жа час яна з’яўляецца крыніцаю заўсёды новага святла (пар. Fidei depositum, ІІІ).

Звяртаюся да вас, свецкія вернікі. Адным з найбольш значных дасягненняў ІІ Ватыканскага Сабору, сапраўднаю рэвалюцыяй стала яго вучэнне пра апостальства свецкіх. Відавочна таксама, што выключна важным у Касцёле ХХІ стагоддзя з’яўляецца менавіта гэтае апостальства. У секулярызаваным грамадстве, асабліва ў вялікіх гарадах, апостальства свецкіх з’яўляецца ў найвышэйшай ступені неабходным і незаменным. Без яго Касцёл не выканае даручанай яму Збаўцам місіі абвяшчэння Добрай Навіны. Сучасны свет мае вострую патрэбу ў сведчанні хрысціянаў.

Браты і сёстры, вы павінны быць соллю зямлі і святлом свету (пар. Мц 5, 13–14). У нашым свеце, напоўненым неонавым святлом рэкламы, так шмат цемры ў чалавечых душах! Соль захоўвае прадукты ад псавання і надае ежы смак. Сённяшняму свету, які маральна гніе, неабходная соль, каб збавіць яго ад духоўнага раскладу. Таму будзьце тым святлом, якое свеціць у духоўнай цемры нашага свету. Будзьце тою соллю, якая захавае свет ад маральнага раскладу і надасць яму збаўчы смак хрысціянства. Будзьце тою евангельскаю закваскаю, што здольная заквасіць хрысціянскімі каштоўнасцямі наш свет (пар. Гал 5, 9).

Пакліканая да таго, каб быць радасцю і надзеяй, як пра гэта казаў яшчэ Ян Павел ІІ (пар. DISCORSO DI GIOVANNI PAOLO II NEL CORSO DELL'INCONTRO MONDIALE CON LE FAMIGLIE), сучасная сям’я перажывае глыбокі крызіс. У той жа самы час шлях Касцёла вядзе праз сям’ю. Таму Касцёл нястомна падтрымлівае яе, як створаны Богам інстытут і як адзіны саюз мужчыны і жанчыны, узняты Хрыстом да годнасці сакрамэнту. Сям’я з’яўляецца асноўнаю клетачкаю грамадства (пар. AA 11) і натуральным асяроддзем чалавечага жыцця. Таму яна не можа быць замененая ніякім іншым саюзам. Менавіта ў сям’і закладаецца падмурак чалавечай і духоўнай фармацыі маладых людзей. І ніхто не можа замяніць сям’ю ў гэтай справе. Каталіцкі Касцёл будзе вітаць і падтрымліваць усе здаровыя ініцыятывы дзяржавы і грамадства, скіраваныя на падтрымку і аздараўленне інстытуту сям’і.

Не ўтаю, што асаблівым адрасатам маіх біскупскіх спадзяванняў з’яўляецца моладзь. З аднаго боку, вы — надзея свету і Касцёла. З другога — менавіта за душы маладых разгортваецца самая жорсткая, часам агрэсіўная і бескампрамісная барацьба негатыўных сілаў сучаснага свету. Характэрным для сучаснай моладзі імкненням да інтэлектуальнага ўзрастання і высокага прафесіяналізму павінны спадарожнічаць глыбокія духоўныя і маральныя каштоўнасці, якія не могуць паддавацца негатыўнаму ўплыву суб’ектывізму і рэлятывізму. Шмат маладых людзей лічыць, што яны носяць у сабе невылечнае пачуццё адзіноты, пакінутасці, непатрэбнасці, загубленасці... Не бойцеся! Касцёл не пакіне вас у самоце. Хрыстус, які жыве ў сваім Касцёле, — гэта ваша надзея. Разлічвайце на Яго, адкрыйце перад Ім вашыя сэрцы. Ваш вялізны патэнцыял, юнацкі імпэт і энергія чакаюць таго, каб быць запатрабаванымі ў Касцёле. Заставайцеся вернымі хрысціянскім ідэалам, не паддавайцеся нічога не вартым абяцанкам секулярызаванага свету, будуйце сваю будучыню на нязменных і трывалых маральных прынцыпах. Няхай вернасць Хрысту вядзе вас да развіцця чалавечай асобы і яе годнасці на вобраз і падабенства Божае (пар. Быц 1, 27), да сапраўднай любові, да выхавання пачуццяў і адказнасці за сябе, Касцёл, Радзіму і яе гісторыю. Я вельмі разлічваю на вашую дапамогу і актыўны ўдзел у жыцці Касцёла.

З пачуццём глыбокай павагі і ўдзячнасці я звяртаюся да інтэлігенцыі, да людзей навукі і культуры, выкладчыкаў і студэнтаў. Менавіта Каталіцкі Касцёл заснаваў першыя універсітэты і асаблівую ўвагу прысвячаў і прысвячае развіццю навукі і культуры. Дарэчы, корань слова «культура» паходзіць ад слова «культ» і такім чынам паказвае на яе духоўнае значэнне. Евангелле, калі яно не становіцца элементам культуры, не можа быць прынятае ва ўсёй сваёй паўнаце тым ці іншым грамадствам.

У сучасным свеце ўзнікае вялікая колькасць праблемаў, што датычаць адносінаў навукі і веры. Таму людзям навукі і культуры неабходныя евангельскія паказальнікі, якія не абмяжоўваюць свабоду даследаванняў і творчасці, але з’яўляюцца неабходным святлом на гэтым шляху. Ад усяго сэрца жадаю вам, каб, ідучы за вучэннем Касцёла, якое гаворыць, што вера і навука — гэта «нібы два крылы, на якіх чалавечы дух узносіцца да пазнання праўды» (FR, уступ), вы не толькі спазнавалі таямніцы створанага свету і рыхтавалі высокакваліфікаваных спецыялістаў, але таксама спрыялі фармацыі людзей, багатых Божай мудрасцю і гатовых узяць на сябе адказнасць за лёс Айчыны.

Вялікія спадзяванні я звязваю таксма з супрацоўнікамі сродкаў масавай камунікацыі, асабліва ў справе абвяшчэння Евангелля, служэння праўдзе і супольнаму дабру. Неабходнасць больш эфектыўнага абвяшчэння Добрай Навіны перад абліччам выклікаў секулярызаванага свету патрабуе выкарыстання сучасных метадаў і сродкаў евангелізацыі, сярод якіх асаблівае месца павінны займаць сродкі масавай камунікацыі. Таму мы абавязаныя звярнуць на гэта больш увагі, таксама як і на інтэнсіфікацыю выдання тэалагічнай, катэхетычнай, літургічнай і іншай рэлігійнай літаратуры. Усё гэта будзе служыць не толькі адраджэнню і развіццю духоўнасці, але таксама стане значным унёскам у справу развіцця беларускай культуры, узбагачаючы яе рэлігійнымі элементамі.

Сёння я не магу не згадаць і пра тых, хто праз хваробу ці пакуты становіцца падобным да церпячага Пана, і атуліць іх сваім сэрцам. Я памятаю і пра інвалідаў, вязняў, падарожных, мігрантаў, бежанцаў. Сваімі цярпеннямі і перажытымі цяжкасцямі падтрымлівайце Касцёл, які, у сваю чаргу, памятае пра вас у малітве і справах міласэрнасці.

Апошняя акалічнасць патрабуе асаблівай увагі. Папа Бэнэдыкт XVI у сваёй першай энцыкліцы «Бог ёсць любоў» паказвае, што сутнасці Касцёла ўласцівыя не толькі абвяшчэнне Божага слова і здзяйсненне сакрамэнтаў, але таксама і справы міласэрнасці (пар. DCE 25).

Прычым дабрачыннасць павінна мець эклезіяльны характар, захоўваць высакароднасць і не станавіцца толькі формаю сацыяльнай падтрымкі. Яна павінна служыць справе абвяшчэння Добрай Навіны, выключаючы пры гэтым усялякія праявы празелітызму (пар. DCE 31).

Я звяртаюся да прадстаўнікоў дзяржаўных уладаў. І Касцёл, і ўлады, маючы аўтаномію, пакліканыя, тым не менш, служыць адной мэце — дабру чалавека. Таму нас павінна аб’ядноўваць агульнае імкненне служыць людзям і клапаціцца пра годнасць чалавека. Памятаючы пра тое, што хоць Касцёл і не з гэтага свету, але ён знаходзіцца ў гэтым свеце і не аддзелены ад грамадства, я выказваю сваю гатоўнасць да ўзаемадзеяння і спадзяюся на сумеснае служэнне гэтай агульнай справе ў клопаце пра духоўны і матэрыяльны дабрабыт нашых суайчыннікаў.

Ужо гістарычна так склалася, што ў Беларусі на працягу стагоддзяў поплеч мірна жывуць людзі розных нацыянальнасцяў, моваў і культураў. Нездарма нашая Айчына славіцца сваёю талерантнасцю і адкрытасцю для ўсіх. Мы павінны берагчы, абараняць і далей развіваць гэтую спадчыну нашых продкаў і вялікі набытак беларускага народа.

Таксама і ў Каталіцкім Касцёле ёсць месца для кожнага: таму ён і каталіцкі, ад грэцкага слова καθολικος — паўсюдны, усеагульны. У Касцёле, як вучыць апостал Павел, не можа быць «розніцы паміж юдэем і элінам, бо той самы Пан ва ўсіх, шчодры для ўсіх, хто Яго кліча» (Рым 10, 12).

Іншаю характэрнаю ўласцівасцю Беларусі з’яўляецца яе шматканфесій-насць. З братняю любоўю я звяртаюся да прадстаўнікоў іншых вера-вызнанняў і, напоўнены духам адказнасці за нашу будучыню, выяўляю волю да супрацоўніцтва і дыялогу як з хрысціянскімі Цэрквамі і супольнасцямі, у першую чаргу — з Праваслаўнаю Царквою, так і з нехрысціянскімі рэлігіямі. Перад абліччам выклікаў сучаснасці як Каталіцкі Касцёл, так і Праваслаўная Царква займаюць практычна аднолькавыя пазіцыі. Асабліва гэта датычыць хрысціянскіх каштоўнасцяў, традыцыйнай сям’і, жыцця і іншых важных пытанняў. Мы павінны разам дзейнічаць у гэтым кірунку.

Сёння ўсё больш і больш востра стаіць шэкспіраўскае пытанне: «To be or not to be» — быць ці не быць хрысціянству, бо яму пагражае вельмі сур’ёзная небяспека. Я малю Найвышэйшага, каб нашыя адносіны былі адзначаныя не толькі талерантнасцю і ўзаемапавагаю, але таксама, каб у Духу нашага Збаўцы мы маглі будаваць супольнасць дзяцей Божых, заснаваную на ўзаемнай любові і праўдзе.

Усе мы розныя і па-рознаму праслаўляем Найвышэйшага, але мы — дзеці аднаго Бога і жывем на адной зямлі, а таму папросту абавязаныя, я нават сказаў бы, вымушаныя шукаць шляхоў да дыялогу і супрацоўніцтва.

Мір і гармонія ў грамадстве дасягаюцца не праз узаемавыключэнне, а праз узаемадапаўненне, што мае актуальнае значэнне таксама перад абліччам выкліку глабалізацыі і міграцыйных працэсаў, што імкліва пашыраюцца.

Для належнага здзяйснення ўскладзенай на Касцёл місіі ў сучасным свеце неабходная адпаведная фармацыя як святароў і кансэкраваных асобаў, так і свецкіх вернікаў, у тым ліку тэалагічная. Неабходныя адпаведныя, распрацаваныя на перспектыву, праграмы душпастырства. Неабходная таксама і адпаведная матэрыяльная база: перш за ўсё — святыні, а таксама пастырскія, выдавецкія, фармацыйныя, дабрачынныя, інфармацыйныя і іншыя цэнтры. Ад усяго сэрца, з надзеяй на далейшае супрацоўніцтва, я дзякую каталікам з Германіі, Італіі, Злучаных Штатаў Амерыкі, Аўстрыі, Польшчы і іншых краінаў за дапамогу і салідарнасць у адносінах да Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, які адраджаецца.

7. Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

Знамянальна, што сваё біскупскае служэнне ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі я пачынаю ў юбілейным годзе 90-ых угодкаў Фацімскіх аб’яўленняў і душпастырскім годзе, прысвечаным усеагульнаму пакліканню да святасці.

Марыя ў Фаціме заклікала да малітвы, пакаяння і навяртання, што было ўмоваю вырашэння ўсіх праблемаў. Народ не паслухаўся, і здарылася трагедыя. Сёння, праз 90 гадоў, фацімскія аб’яўленні актуальныя, як заўсёды актуальны заклік да навяртання. Мы ўсё больш і больш усведамляем, што як атэізм, так і секулярызм у рэчаіснасці вядуць да знішчэння чалавечай годнасці. Развіццё навукі і тэхнікі без уліку маральных і этычных прынцыпаў не толькі не вядзе да вырашэння праблемаў сучаснага свету, але стварае новыя, дагэтуль невядомыя, як, напрыклад, праблемы біяэтыкі ці геннай інжынерыі. Таму для нас недапушчальна паўтараць памылкі мінулага, недапушчальна другі раз наступаць на тыя самыя граблі.

Другі Ватыканскі Сабор вучыць пра ўсеагульнае пакліканне да святасці (пар. LG 40). Слуга Божы Ян Павел ІІ у сваёй апостальскай адгартацыі на пачатак новага, трэцяга тысячагоддзя «Novo millennio ineunte» — «Распачынаючы новае тысячагоддзе» гаворыць, што перспектыва святасці павінна быць упісана ў нашу душпастырскую дзейнасць (пар. NMI 30–41).

Святасць — гэта не набытак ці прывілея абраных; яна магчымая для кожнага чалавека, бо так жадае Стварыцель, а Збаўца робіць гэта рэальным. Заклік да святасці павінен абвяшчацца з новаю моцаю, бо падчас катастрафічнага адрыву ад хрысціянскіх каранёў адмаўляецца хрысціянская канцэпцыя павагі да чалавечага жыцця і яго абароны ад зачацця да натуральнай смерці, хрысціянскае бачанне сям’і, заснаванай на сужэнстве мужчыны і жанчыны, свабода ў выхаванні дзяцей і садзеянне супольнаму дабру ва ўсіх яго формах. Гэтыя фундаментальныя каштоўнасці, што вынікаюць з натуральнага права, — неад’емныя і неаспрэчныя, адзначае Папа Бэнэдыкт XVI у сваёй апостальскай адгартацыі пра Эўхарыстыю Sacramentum caritatis — «Сакрамэнт любові» (пар. SacrC 83).

Шлях навяртання і шлях да святасці мы пакліканыя прайсці разам, і таму на самым пачатку маёй місіі на чале Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі я паўтараю словы вялікага біскупа, святога Аўгустына: «Для вас я хачу быць біскупам, а разам з вамі — хрысціянінам».

З гэтымі словамі я кірую мой позірк да цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай і апекуна Беларусі святога Арханёла Міхала. Ім я даручаю нашую архідыяцэзію з надзеяй на тое, што маё разам з вамі служэнне Хрыстоваму Касцёлу дапаможа нам адарваць вочы ад зямлі і ўзняць іх угору, да Бога, каб мы былі арламі, дом якіх — у нябёсах; каб не свет, які становіцца ўсё больш секулярызаваным, з яго праблемамі валодаў намі, а наадварот, каб мы ажыўлялі яго духам Божым.

Перад абліччам выклікаў сучаснасці ёсць над чым задумацца. Калі яшчэ ў не зусім далёкім мінулым мы вытрывалі ў выпрабаваннях, што былі наступствам ганення Касцёла, то сёння ўзнікае рэальная праблема, як вытрываць, як бы парадаксальна гэта ні гучала, выпрабаванне новымі магчымасцямі, якія Касцёл атрымаў для рэалізацыі сваёй місіі. Мы перажываем пэўны парадокс. З ростам магчымасцяў, на жаль, не ідзе нага ў нагу ўзрастанне духоўнасці. Сёння мы з усёю сур’ёзнасцю павінны задумацца пра вырашэнне наступных і падобных праблемаў: як перанесці новыя выпрабаванні, якія нясе з сабою секулярызм, маральны рэлятывізм, лібералізм, геданізм, адмаўленне ад хрысціянскіх каранёў і маральных каштоўнасцяў, прапаганда нормаў паводзінаў і дзейнасці, якія супярэчаць хрысціянскай маралі, абагаўленне матэрыяльных дабротаў, спажывальніцтва і задавальненняў, спробы звесці рэлігію да прыватнай сферы жыцця чалавека ці, у лепшым выпадку, спіхнуць яе на абочыну жыцця, і гэтак далей.

Калі мы свабодна выбіраем той ці іншы від спорту, то не можам змяняць правілаў гульні. Гэта ўсім зразумела. Абраўшы хрысціянства, мы не можам змяняць Евангелля. Наадварот, Евангелле павінна перамяняць нас, і перамяняць да лепшага. Таму, браты і сёстры, змесцім у цэнтры нашага жыцця Бога і Яго закон, каб захаваць вернасць прынцыпам Евангелля, якія будуць спрыяць развіццю чалавечай асобы ў адпаведнасці з Божаю задумаю, а таксама дапамагаць у дасягненні святасці і ў развіцці грамадства на непахісных маральных прынцыпах.

Божа! Глянь літасціва на мяне, Твайго слугу, і на даручаны маёй пастырскай апецы Народ Божы, каб мы разам ішлі да святасці — мэты нашага жыцця. Глянь на нашую Бацькаўшчыну, каб яна, наша Белая Русь, заўсёды захоўвала духоўную чысціню і была прыемнаю Табе; каб над намі заўсёды было мірнае блакітнае неба. Адары нашу сінявокую краіну сваёю ласкаю, каб яна ў міры і ў Божым благаслаўленні квітнела на хвалу Бога і дзеля збаўлення людзей.

Няхай нам дапаможа ў гэтым Пан Бог і благаславіць нас!

Амэн.

 
Плюсы — парафія Найсвяцейшай Тройцы
Плюсы — касцёл Найсвяцейшай Тройцы
Фота А. Дыбоўскага

Адрас:
вул. Прыазёрная, 9
в. Плюсы

Браслаўскі р-н
Віцебская вобл.
Рэспубліка Беларусь
211988

Тэл. +375 2153 23 9 23
фРасклад набажэнстваў (магчымы змены)  

  • Св. Імша ў нядзелю і святы — 11.00 (па-польску), 15.30 (па-беларуску)
  • Св. Імша ў будні — 10.00 (па-польску)
Адпусты: урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы; cв. Антонія – 13 чэрвеня; Маці Божай Вастрабрамскай – 16 лістапада; Маці Божай Шкаплернай – 16 ліпеня.
sЗ гісторыі парафіі

Касцёл, пабудаваны на пачатку ХХ ст., мае памеры 33,5х18,8х34 м.

У парафіі Плюсы на пачатку мінулага стагоддзя працавалі наступныя святары: кс. Малахоўскі, кс. Казімір Сяндоўскі, кс. Пётр Вайцякунас (памёр у 44 гады, пахаваны на мясцовых могілках), кс. Ігнацы Мантвіла, кс. Станіслаў Мажэйка, кс. Ян Жук, кс. Казімір Радзішэўскі і кс. Францішак Білша, вывезены савецкімі ўладамі. Як паказваюць дакументы, рэлігійнае жыццё ў Плюсах было вельмі развітае: актыўна дзейнічалі ружанцовае кола, Каталіцкая акцыя, міністранты, тэрціярскія групы. Аднак усё гэта пачало заміраць падчас вайны. Спачатку была знішчана адна вежа касцёла, пасля атэістычныя ўлады знішчылі інтэр’ер. У касцёле спачатку арганізавалі майстэрні, пасля – склад. Вернікаў вывозілі і пераследавалі за ўсялякае супраціўленне «калгасаванню» іх жыцця.

Будынак касцёла, знішчаны ў 1941–1944 гг., а пасля ператвораны ў рабочы клуб, аддалі вернікам у 1989 г. Адрамантаваны парафіянамі пад кіраўніцтвам кс. пралата Трубовіча і кс. Францішка Апячонка, ён быў перададзены вернікам для сакральных мэтаў у 1991 г.
 
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі на інаўгурацыю 2007–2008 навучальнага года ў МВДС
1. Быць семінарыстам — гэта значыць клапаціцца аб веры

Мы распачынаем новы навучальны і фармацыйны год. Варта было б напачатку нагадаць сабе, кім з’яўляецца семінарыст. Бэнэдыкт XVI сказаў, што семінарысты — гэта маладыя людзі, якія перажываюць «пераломны перыяд пошукаў Хрыста і сустрэчы з Ім у перспектыве важнай місіі ў Касцёле» (19.08.2005 г.). Мы не павінны ўспрымаць семінарыю толькі як месца, у якім жывём, вучымся і адпачываем. Такое разуменне нагадвае хутчэй студэнцкі інтэрнат, дзе, сапраўды, жывуць такія, як вы, маладыя людзі, аднак яны не адораны ласкай паклікання да святарства. Семінарыя — гэта штосьці большае, чым студэнцкі інтэрнат. Перадусім гэта важны час у жыцці вучня Езуса, у які павінна адбыцца інтэнсіўнае развіццё веры. Для многіх з вас гэта час распазнання паклікання. Калі на нейкім этапе семінарыйнай фармацыі вы зразумееце, што не маеце паклікання да святарства, то, напэўна, гэты час не будзе змарнаваны, калі вы выкарыстаеце яго для развіцця веры.

У энцыкліцы Redemptoris Mater ёсць такое акрэсленне веры як «дакрананне да таямніцы Бога» (п. 17). А паверыць азначае «даверыць сябе» самай істотнай праўдзе словаў жывога Бога, ведаючы і вызнаючы з пакораю, «якія неспасцігальныя прысуды Яго і нязведаныя шляхі Яго» (п. 14). Падчас вашага прабывання ў семінарыі важным з’яўляецца ў першую чаргу не фармаванне розуму і здабыванне ведаў пра Бога. Галоўнае заданне ў гэты час жыцця вучня Езуса — гэта фармаванне і развіццё веры. Без яе нельга быць добрым святаром, ахвярным пастырам, духоўным айцом даручаных вам авечак.

Наша сувязь з Богам не можа абапірацца на валоданне паняццямі пра Яго як таямніцу. Толькі вераю мы можам «дакрануцца» да жывога Бога, таямніцу якога мы няўмела апісваем пры дапамозе тэалагічных паняццяў. Мы «дакранаемся» да Бога, калі ў нашай штодзённасці бачым Яго ўсемагутнасць і прабачальную любоў. А калі мы дакранемся да Яго, Ён адразу ж удзяляе нам сваю моц, і нашу душу пранізвае нябачны струмень Божага жыцця. Такі вопыт веры не абмяжуецца толькі настроямі і рэлігійнымі перажываннямі. Ён праявіцца перадусім у мысленні і дзеянні, у штодзённай працы, у змаганні з самім сабою, у жыцці супольнасці, прасякнутым любоўю. Бэнэдыкт XVI сказаў, што «вера можа заўсёды нанава прывесці нас да Бога, нават калі нам чыніць крыўду наш уласны грэх» (26.05.2006 г.).

Наколькі малады чалавек перажывае асабістую сустрэчу з жывым Богам, настолькі ён можа слушна зразумець Яго волю. Такім чынам ён можа таксама зразумець вялікі дар свайго паклікання, які атрымаў без аніякіх заслугаў. Чым больш мы спазнаём Бога, тым больш прыцягвае нас Яго таямніца. Чым часцей мы сустракаем Яго ў нашай штодзённасці, тым больш нарастае ў нас гарачае жаданне шукаць Яго.

 
2. Малітва за фарматараў

Развіццё вашай веры падчас вучобы ў семінарыі адбываецца з дапамогай семінарыйных выкладчыкаў і выхавацеляў. Клопат пра належнае выкарыстанне часу вучобы ў семінарыі вядзе кожнага з вас да малітвы за настаяцеляў, прафесараў і выхавацеляў. Трэба прасіць Бога, каб яны маглі як мага лепш выконваць гэтае важнае заданне. Такая малітва будзе паглыбляць вашую веру ў тое, што гэта жывы Бог праз пасрэдніцтва выкладчыкаў і выхавацеляў фармуе кожнага з вас, каб вы сталі настаўнікамі веры, пастырамі супольнасці і духоўнымі айцамі чалавечых душаў. Калі такой малітвы няма, неабходна прызнаць гэта грахом занядбання, за які трэба прасіць у Бога прабачэння і які трэба як мага хутчэй выправіць.

Паставім сабе дастаткова складанае пытанне: ці не з’яўляецца гэта цяжкім грахом у жыцці семінарыста, калі ён не моліцца за сваіх настаяцеляў, прафесараў ці выхавацеляў? Асаблівы маральны абавязак малітвы вы маеце ў адносінах да тых фарматараў, якія распачынаюць сваё служэнне ў семінарыі. У першую чаргу я маю на ўвазе асобу новага віцэ-рэктара, якому жадаю асаблівай адкрытасці на Духа Святога ў спаўненні такой складанай ролі ў Касцёле на Беларусі.

Малады чалавек, калі ты наракаеш на семінарыю і фарматараў, то задай сабе пытанне: наколькі я ахопліваю гэтых асобаў сваёй асабістай малітвай або таксама сваім пустаслоўем, нараканнем і плёткамі, што няварта нават хрысціяніна, які жыве ў свеце, і ці не ўскладняю я сваім братам па семінарыі перажыванне сустрэчы з жывым Богам праз іх пасрэдніцтва?

 
3. Роля Марыі ў семінарыйнай фармацыі

Семінарыя з’яўляецца месцам асаблівай прысутнасці Божай Маці, якая дапамагае ў выхоўванні паслядоўнікаў свайго Сына. Марыя падтрымлівала веру святога Пятра і Апосталаў у Вячэрніку, сёння Яна жадае падтрымліваць веру пакліканых да святарства.

Бэнэдыкт XVI сказаў, што «ў кожную хвіліну семінарыйнага жыцця можна спазнаць гэтую любячую прысутнасць Божай Маці, якая вядзе кожнага на сустрэчу з Хрыстом, у цішыні медытацыі, у малітве і ў братэрстве. Марыя дапамагае сустрэць Пана перадусім у эўхарыстычнай цэлебрацыі, калі ў Слове і ў кансэкраваным Хлебе Ён становіцца нашым штодзённым духоўным спажыткам» (19.08.2005 г.).

Трэба свядома прасіць Марыю, каб Яна фармавала вашую веру падчас вучобы ў семінарыі. Яе жыццё з’яўляецца прыкладам праніклівай веры, якая змагла адкрыць прысутнасць Бога, які аб’яўляе сябе ў штодзённасці. У звычайных падзеях штодзённага жыцця, як на вяселлі ў Кане Галілейскай, Яна змагла паверыць ў Божае дзеянне. Нават у хвіліны, у якія людзі звычайна губляюць веру, калі Яна стаяла пад крыжам і глядзела, як памірае Яе сын, з вераю ва ўсемагутнасць і любоў Бога Марыя давярала сябе Яму.

Сапраўдная вера вядзе да святасці. Гэта тут, у семінарыі, у клопаце пра веру вы закладаеце фундамент сваёй святасці. Таямніцай святасці з’яўляецца сяброўства з Хрыстом і поўны давер Яго волі. Святы Амброзій казаў: «Хрыстус з’яўляецца для нас усім», а святы Бэнэдыкт лічыў, што нельга аддаваць перавагу ніводнай рэчы перад любоўю Хрыста. Калі вы будзеце паддавацца выхаванню Марыі, наследаваць Яе веру, то я маю глыбокую надзею на тое, што напрыканцы семінарыйнай фармацыі гэта будуць таксама вашыя асабістыя словы, дарагія клерыкі. Амэн.

 
Пеліканы — парафія Св. Якуба

Пеліканы — касцёл св. Апостала ЯкубаАдрас:
в. Пеліканы

Браслаўскі р-н
Віцебская вобл.
Рэспубліка Беларусь
211999

Тэл. +375 2153 51 5 62
фРасклад набажэнстваў (магчымы змены)  

  • Св. Імша ў нядзелю і святы — 13.00
Адпусты: свята святога Якуба – 25 ліпеня; успамін святога Юрыя – 23 красавіка; свята святога Казіміра – 4 сакавіка.
ыЗ гісторыі парафіі

Неагатычны касцёл у Пеліканах пад тытулам св. Апостала Якуба пабудаваны з цэглы ў 1907 г. Мае памеры 18х35 м. Пасля вайны святыню адабралі ў вернікаў і ў 1949–1990 гг. прызначылі спачатку пад склад збожжа, пасля пад склад штучных угнаенняў, свінарнік, а ўрэшце – пад гаражы. І ўсе ж касцёл быў ў 1990–1994 гг. адбудаваны. Рэкансэкраваны 29 чэрвеня 1994 г. кардыналам Казімірам Свёнткам.

На тэрыторыі парафіі ў Пеліканах знаходзяцца яшчэ чатыры сакральныя пункты:

– Ясенішкі (10 км ад Пеліканаў) – капліца св. Ядвігі Сілезскай. Пабудавана ў 1935 г., адрамантаваная. Цяпер знаходзіцца ў вельмі добрым стане. Пакрыта бляхаю.

– Латошкі (17 км ад Пеліканаў) – капліца Божай Міласэрнасці. Дом ператвораны ў капліцу.

– Шалакундзі (8 км ад Пеліканаў) – капліца Добрага Злачынцы. Драўляная, новая, у вельмі добрым стане.

– Місянцы – капліца на могілках (пабудавана пасля 1990 г.).

На паўднёвай ускраіне в. Пеліканы (Мілюнцы) захавалася ў добрым стане прысядзібная капліца мяжы 19-20 ст. Наверсе капліцы ўсталяваны каталіцкі крыж.
 
Опса — парафія Яна Хрысціцеля
Опса — касцёл св. Яна Хрысціцеля
Фота Дз. Салаша

Адрас:
ул. Савецкая, 64
а.г. Опса

Браслаўскі р-н
Віцебская вобл.
Рэспубліка Беларусь
211998

Тэл.: +375 2153 6 5775
sРасклад набажэнстваў (магчымы змены)  

  • Св. Імша ў нядзелю і святы — 11.00
  • Св. Імша ў будні — 17.00, зімой — 10.00
  • Св. Імшы ў капліцах — Заборнікі (чацвер 17.00), Пагошча (нядзеля 14.00), Купчэлі (субота 14.00)
Адпусты: урачыстасць св. Юзафа – 19 сакавіка; урачыстасць Нараджэння св. Яна Хрысціцеля – 24 чэрвеня; свята св. Міхала Арханёла – 29 верасня.
sЗ гісторыі парафіі

Касцёл пад тытулам св. Яна Хрысціцеля ў Опсе быў пабудаваны каля 1500 г., але доўга не праіснаваў. На яго месцы ў 1768 г. быў пабудаваны яшчэ адзін касцёл, але ўжо ў 1886 г. ён згарэў. Тады загінула шмат парафіянаў. У 1887 г. па фундацыі Ядвігі Цеханоўскай быў пабудаваны касцёл з чырвонай цэглы, памерамі 15х40 м, аднавежавы, з нізкімі сіметрычнымі закрыстыямі ў неагатычным стылі. Вежа-званіца завяршалася вострым купалам. Над галоўным уваходам знаходзілася акно-ружа. Мецэнатам, які апекаваўся касцёлам, у той час быў граф Фелікс Броэль Плятэр, дзякуючы яму святыня існуе па сённяшні дзень і як помнік архітэктуры. Пажар, які выбухнуў у 1928 г., знішчыў вежу і дах касцёла, аднак дзякуючы вялікім намаганням парафіянаў касцёл функцыянаваў да 1949 г. Апошнім пробашчам тут быў кс. Казімір Тамковіч, якога адправілі ў зняволенне.

У 1949–1990 гг. касцёл у Опсе быў зачынены і служыў складам, а пасля сховішчам. У 1990 г. улады вырашылі зрабіць у святыні карцінную галерэю і канцэртную залу арганнай музыкі, але з гэтага нічога не атрымалася. Быў нават запрошаны рабочы з Літвы, каб зняць крыж, але ён адмовіўся выконваць гэтае заданне, патлумачыўшы: «Я яго не ўсталёўваў і не мне яго здымаць».

Час пачаў мяняцца, і касцёл вярнулі парафіянам. Першым святаром, які сюды прыязджаў, быў кс. Францішак Кісель. Касцёл рэкансэкраваў біскуп Тадэвуш Кандрусевіч 21 верасня 1990 г. Апошнія візітацыі адбыліся 21 верасня 1990 г. (кс. бп Тадэвуш Кандрусевіч) і 13 кастрычніка 1991 г. (кс. кардынал Казімір Свёнтэк). З 1992 г. па 2000 г. пробашчам у касцёле быў кс. Крыштаф Менкіна, а ў 2000 г. яго змяніў кс. Эдвард Ахрамовіч. У цяперашні час касцёлу вернутыя яго першапачатковы выгляд і прыгажосць.

На тэрыторыі парафіі ёсць таксама капліцы ў Купчэлях і ў Заборніках.
 
Мяжаны — парафія Маці Божай Анёльскай

Мяжаны — касцёл Маці Божай АнёльскайАдрас:
в. Мяжаны

Браслаўскі р-н
Віцебская вобл.
Рэспубліка Беларусь
211982вРасклад набажэнстваў (магчымы змены)

  • Св. Імша ў нядзелю — 12.00
Адпусты: Маці Божай Анёльскай – 2 жніўня
фЗ гісторыі парафіі

На пачатку ХХ ст. у цэнтры вёскі пабудавалі драўляны касцёл у барочным стылі пад тытулам Маці Божай Анёльскай. У гэтай сакральнай пабудове выкарыстаны характэрныя народныя рысы, уласцівыя драўляным збудаванням гэтай мясцовасці. Галоўная кампазіцыя касцёла засноўваецца на прамавугольным будынку, да якога далучаны бакавыя алтары, пакрытыя гонтаю. Увесь дах касцёла, над якім узносіліся дзве рознавялікія васьмікутныя вежачкі, таксама быў пакрыты тонкай гонтаю. На жаль, гэта святыня не захавалася да нашых часоў.

У апошнія гады ў Мяжанах пабудаваны новы касцёл з цэглы і дзейнічае парафія Маці Божай Анёльскай.
 
<< Першая < Папярэдняя 1731 1732 1733 1734 1735 1736 1737 1738 1739 1740 Наступная > Апошняя >>

Старонка 1731 з 1895
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.