Гамілія арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча падчас рэзурэкцыйнай Імшы 23.03.2008
|
Сардэчна вітаю ўсіх прысутных у святыні, а таксама ўсіх тых, хто на вуліцы, бо не ўсе могуць змясціцца ўнутры. Вітаю ўсіх тых, хто сёння ва ўрачыстай працэсіі прайшоў па вуліцах нашага горада. Празванілі званы на касцёльных вежах, радасны спеў «аллелюя» гучыць у нашых касцёлах, гучыць і ў нашых сэрцах, бо сёння мы святкуем свята святаў, урачыстасць урачыстасцяў — свята Змёртвыхпаўстання нашага Пана, свята, якое з’яўляецца гарантыяй нашай веры і таксама нашага змёртвыхпаўстання ў канцы часоў. Сёння нашыя касцёлы не могуць змясціць вернікаў. Але сёння, гледзячы на тое, як мы прыходзім у касцёл у іншыя нядзелі, іншыя святы, мы павінны сябе спытацца, ці гэтае свята мы сапраўды перажываем належным чынам — духоўна, унутрана, ці, можа, гэта толькі знешняя праява нашай веры? Як знайсці сапраўдны шлях да Бога, як знайсці сапраўднага Езуса Хрыста, які паўстаў з мёртвых? На гэтае пытанне даюць адказ сённяшнія чытанні. У Евангеллі мы пачулі словы пра тое, як на трэці дзень раніцай, пасля смерці і пахавання Езуса, Марыя Магдалена пайшла да грабніцы нашага Пана. Яна пайшла туды вельмі рана, калі было яшчэ цёмна. Цёмна было не толькі вакол яе, цёмна было таксама ў яе душы, бо Той, хто абяцаў жыццё вечнае, сам ляжыць у цёмнай магіле. Бо Той, хто абяцаў шчасце вечнае, сам прыбіты да крыжа. Бо Той, на каго яны ўскладалі ўсю сваю надзею, здаецца, сам застаўся без надзеі. Здаецца... Марыя Магдалена ідзе і, здзіўленая, бачыць, што камень ад грабніцы адсунуты, яна зазірае ўнутр і не бачыць там Езуса Хрыста. Яна чуе таксама голас памерлага, які гаворыць: «Каго шукаеш? Памерлага? Яго няма тут, Ён паўстаў з памерлых». Цяжка паверыць у гэта, бо хто можа паверыць у тое, што чалавек, які памёр тры дні таму назад, які быў пакладзены ў грабніцу, сёння жывы, сёння яго няма тут? Цяжка ў гэта было паверыць Марыі Магдалене. Яна хутка бяжыць да апосталаў. Яны таксама не вераць і таксама бягуць да гэтай грабніцы. Бяжыць Ян і бяжыць Пётр. Ян — ён малодшы — прыбягае хутчэй, Пётр, старэйшы за яго, прыбягае пазней. Але гэты «малодшы» і «старэйшы» можна таксама зразумець і ў маральным сэнсе. Мы ведаем, што Ян быў любімым вучнем Езуса Хрыста. Менавіта Езус дазволіў яму падчас Апошняй Вячэры пакласці галаву на свае грудзі. Пётр адрокся, тры разы адрокся ад Хрыста і, можа, гэтае сумненне, якое было ў яго душы, не давала яму магчымасці так хутка ісці да грабніцы, як хутка ішоў Ян. Але таксама бачым і яшчэ адзін элемент сённяшняга Евангелля: Ян прыбег першы, але ён не ўваходзіць у грабніцу, ён чакае Пятра. Чаму? Пётр, які адрокся, але потым шкадаваў за свой грэх, гэта Пётр быў пастаўлены каменем, падмуркам, фундаментам Касцёла, і ён павінен як бы паставіць гэтую пячатку ў веры апосталаў, што сапраўды Езус паўстаў з памерлых, што Ён жыве. Цяжка было, можа, паверыць і іншым апосталам. Мы добра ведаем, што калі Пан Езус з’явіўся ў першы дзень пасля свайго ўваскрасення, вечарам, не было сярод апосталаў Тамаша, і пасля гэты апостал сказаў: «Пакуль не ўкладу сваіх пальцаў у Яго раны, я не паверу ў гэта». Пасля аб’яўлення ў Ерузалеме Езус далучаецца да двух вучняў на дарозе ў Эммаус. Яны спачатку не могуць пазнаць Яго і пазнаюць толькі падчас ламання хлеба, а гэта значыць — на Эўхарыстыі. Якімі мы павінны быць, людзі ўжо XXI стагоддзя, калі вельмі цяжка пагадзіць веру з жыццём, веру з навукай, калі так цяжка прыняць праўду пра ўваскрасенне нашага Пана? Каб сапраўды жыць гэтаю праўдаю, трэба ўслухоўвацца ў слова Божае, трэба наследаваць Пятра і Яна. Некаторыя з нас, можа, заўсёды былі вернымі Богу, як святы Ян, а некаторыя, можа, адышлі ад Яго, але трэба памятаць, што Ён нас чакае. Ён чакае кожнага з нас, чакае тут, у касцёле, чакае ў сакрамэнце пакаяння, чакае ў Эўхарыстыі, на гэтым ламанні хлеба, каб мы Яго пазналі, каб мы Яго прынялі да сябе, каб Ім жылі, каб Ён нас уваскрасіў. Нам трэба сёння ісці ў нашую Галілею. Для гэтага не трэба ехаць у Святую Землю, у Палестыну, гэтая Галілея тут, у кожным касцёле, дзе цэлебруецца Эўхарыстыя, дзе цэлебруюцца іншыя сакрамэнты, дзе абвяшчаецца слова Божае, крыніца нашай надзеі. Гэта нашая Галілея ўжо XXI стагоддзя. І сёння таксама да нас праз Марыю Магдалену гаворыць Анёл, гаворыць і Езус: «Скажы Маім вучням, няхай ідуць у Галілею, там сустрэнуць Мяне». Сустрэўшы нашага Пана, уваскрослага Пана, сустрэўшы не толькі знешне, але сустрэўшы ўсім сваім жыццём, сустрэўшы сваёй душою, сваім сэрцам, мы павінны сёння быць сведкамі Уваскрослага. Не толькі на свята, не толькі на Пасху нашыя касцёлы павінны быць поўныя, але ў кожную нядзелю, у кожнае свята, бо кожнае свята і кожная нядзеля — гэта свята Змёртвыхпаўстання. Мы называем нядзелю словам «нядзеля», але ў іншых мовах, напрыклад, у рускай мове, гэта «воскресение» — уваскрасенне. Уваскрасенне каго? Езуса Хрыста. Уваскрасенне нашага Пана, таму кожная нядзеля павінна быць як бы Пасхай, і кожная святая Імша — гэта таксама смерць і ўваскрасенне нашага Пана. Мы павінны быць сведкамі ў сённяшнім секулярызаваным свеце, калі так цяжка верыць у Бога, калі маральны рэлятывізм, які кажа, што ўсё змяняецца ў гэтым свеце, што можа змяняцца і нашая вера, таксама адцягвае нас ад Бога. Мы павінны быць сведкамі, калі справы рэлігійнай паліткарэктнасці вельмі часта ўваходзяць у нашае жыццё: «гэта неяк нядобра сказаць», «бо мая дочка або сын разведзеныя», «сёння ўсе так жывуць...» І шмат іншых справаў у нашым духоўным жыцці, якія не найлепш сведчаць пра нас. Ну, так усе робяць, усе крадуць, усе лаюцца, усе нядобра жывуць, немаральна, такі ўжо свет... Не! Дарагі брат і сястра, ты, які хочаш прыняць у сваё сэрца ўваскрослага Езуса Хрыста, павінен казаць «так» або «не», «белае» або «чорнае», іншага не можа быць, бо да гэтага заклікае нас Хрыстус. Нам трэба таксама ў цяжкасцях нашага жыцця шукаць Бога. У сённяшнім другім чытанні апостал Павел гаворыць: падыміце ваш позірк угору, глядзіце ў неба, не толькі на зямлю!. У нашыя часы мы моцна заклапочаныя нашымі зямнымі справамі: усё даражэе, усё цяжэй становіцца жыць, але не хлебам адзіным жыве чалавек, але таксама Божым словам, таксама жыве духам. Трэба не толькі мець добрае адзенне, добры дом, добрую машыну, не толькі паслаць дзяцей вучыцца ва універсітэт, можа, за мяжу, але таксама трэба клапаціцца пра сваю душу, пра сваё духоўнае жыццё. І таму трэба падняць свае вочы ўгору, да Езуса, да таго, які ўваскрос, які з’яўляецца нашым шляхам да неба, да жыцця вечнага. Ёсць адно прыгожае апавяданне. Адзін чалавек злавіў маладога арла і пасадзіў яго ў клетку з курамі. Арол рос, але ён не бачыў іншых арлоў, ён бачыў толькі курэй, і прызвычаіўся жыць так, як курыца. І вось да гэтага чалавека аднойчы прыходзіць вучоны-заолаг і пытаецца: «Паслухай, а што ў цябе ў гэтай клетцы з курамі робіць арол?» Той адказвае: «А нічога. Гэта ўжо не арол, гэта ўжо курыца». «Як жа курыца? Гэта арол!» «Ну, вазьмі, паглядзі». Той узяў гэтага арла, падняў уверх, казаў: «Ляці!», але той толькі па-курэчы круціў галавою, шукаючы зярняткаў на зямлі. І так паўтаралася некалькі дзён. І вось аднойчы на світанні вучоны ўзяў арла за галаву так, каб промні сонца траплялі яму проста ў вочы. І тады арол расправіў свае крылы і... узляцеў. Узляцеў, каб больш ніколі не вярнуцца, бо яго радзіма, яго айчына — гэта неба. Дарагія браты і сёстры, у сённяшні радасны дзень Пасхі падымем таксама і мы нашыя вочы да Сонца, якое ніколі не заходзіць, да Уваскрослага Пана, які падыме наш дух, які ўзмоцніць нас духоўна, які правядзе нас да новага жыцця па гэтай зямлі, каб мы, жывучы дасканалым жыццём, прыйшлі да вечнага шчасця ў небе. Амэн. *** Сёння мы адзначаем урачыстасць урачыстасцяў — свята Уваскрасення Пана. Магчыма, мы задаем сабе пытанне: чаму Хрыстус уваскрос на трэці дзень, Ён жа мог адразу паўстаць з памерлых, адразу сысці з крыжа, можа, гэта было б нават больш лагічна? Чаму Ён заставаўся ў грабніцы тры дні? Але ці ўсе тыя, хто быў вакол яго — апосталы і вучні — ці былі яны падрыхтаваныя да гэтага? Напэўна, цяжка было б глядзець на Уваскрослага праз слёзы смерці, праз слёзы цярпення. Неабходна было падрыхтавацца да гэтага, даспець. Можа, часта таксама і мы недастаткова сталыя для таго, каб прыняць Хрыста Уваскрослага, можа, нашая вера таксама занадта слабая? Пра гэта сведчаць касцёлы, якія ў іншыя святы запоўнены зусім не так, як сёння. Хрыстус сёння заклікае нас: «Ідзіце ў Галілею». Гэтай Галілеяй з’яўляецца для нас святая Імша, споведзь — сакрамэнт пакаяння; гэтай Галілеяй з’яўляецца Святое Пісанне. Паспяшаемся ж у Галілею, у Галілею ўжо XXI стагоддзя, каб там сустрэць Хрыста Уваскрослага. Паспяшаемся падняць таксама наш позірк угору, да Бога, бо нельга глядзець толькі ўніз. Паспяшаемся таксама прыняць Хрыста, які працягвае сваю руку, які кажа нам: «Не бойцеся, бо Я перамог свет, Я перамог д’ябла, Я перамог грэх!» Свята Пасхі — гэта свята жыцця, бо Хрыстус перамог смерць, свята Пасхі — гэта свята ласкі, бо Хрыстус перамог грэх. Свята Пасхі, свята Уваскрасення — гэта свята супакою. Няхай жа Бог — той, хто аб’явіў сваю моц, Хрыстус Пан, наш адзіны шлях, адзіны Адкупіцель свету ўчора, сёння і навекі, будзе нашай надзеяй на лепшае жыццё на гэтай зямлі, перадусім надзеяй на пераадольванне тых унутраных цяжкасцяў, з якімі мы сустракаемся, духоўных цяжкасцяў, цяжкасцяў вызнавання веры ў нашыя часы, калі, з аднаго боку, маем свабоду вызнавання веры, а з іншага боку, самі адыходзім ад Бога або жывем так, як бы Бога ўвогуле не было, няхай Ён узмоцніць нашыя сілы, каб мы заўсёды і ўсюды вызнавалі Яго імя, каб перад ім схілялася кожнае калена на небе і на зямлі дзеля Божай хвалы і дзеля збаўлення людзей. Амэн. |
Слова арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча да святароў на Вялікі Чацвер 20 сакавіка 2008 г.
|
Умілаваныя ў Хрысце браты ў святарскім служэнні! 1. Сённяшні дзень, Вялікі чацвер, пераносіць нас у ерузалемскую святліцу, туды, дзе падчас Апошняй Вячэры Хрыстус устанавіў сакрамэнты Эўхарыстыі і святарства. Гэта святыя сакрамэнты. Эўхарыстыя — цэнтральны сакрамэнт, крыніца і вяршыня жыцця і місіі Касцёла. Аднак ён не можа быць здзейснены без удзелу святара. Нездарма па-англійску Вялікі чацвер называюць «Holy Thursday — Святы чацвер». У гэты выключна важны для кожнага з нас дзень мы ў думках пераносімся ў катэдральныя касцёлы ці святыні, дзе атрымалі прэзбітэрскае пасвячэнне і сталі святарамі Новага Запавету. Сёння мы асаблівым чынам дзякуем нашаму Першасвятару Езусу Хрысту за бясцэнны дар паклікання да святарства, які з’яўляецца дарам для кожнага з нас і дарам для Касцёла. Сённяшні дзень — гэта свята святароў, з якім я ад усяго сэрца віншую ўсіх вас і кожнага паасобку. 2. Дарагія браты ў святарстве, ваша самаахвярнае служэнне беларускім вернікам сапраўды з’яўляецца правідэнцыяльным. Без гэтага самаадданага служэння мы не змаглі б зрушыць з мёртвага пункту справу евангелізацыі нашага народа пасля дзесяцігоддзяў яго атэізацыі. Дзякую вам ад усяго сэрца! Дзякую як беларускім святарам, так і тым, якія прыехалі дапамагчы нам з замежжа. З моманту атрымання свабоды веравызнання вы працягваеце аказваць вялікую дапамогу, асабліва ва ўмовах недахопу святароў беларускага паходжання. Я малюся за ўсіх вас, просячы ў Пана Бога шчодрых ласкаў і дароў, неабходных для спаўнення ўскладзенай Божым Провідам на вашыя плечы місіі. Ваша праца — гэта сапраўднае прысвячэнне. Далёка не ва ўсе святыні прыходзіць шмат вернікаў. Не ўсе парафіі ў стане будаваць, аднаўляць ці ўтрымліваць святыні і годна ўзнагароджваць святароў за самаахвярную працу. З-за недахопу святароў некаторым з іх даводзіцца абслугоўваць па некалькі парафій. Тут, аднак, неабходна ўзгадаць прыпавесць пра згубленую авечку, якую шукае добры пастыр (пар. Мц 18, 10–14) . Такіх згубленых, заблукалых і поўных сумнення душаў у нашай Бацькаўшчыне ўсё яшчэ застаецца шмат, і іх трэба шукаць. 3. Перад сваім унебаўшэсцем Хрыстус наказаў сваім вучням: «Ідзіце і навучайце ўсе народы» (Мц 28, 19) . Сярод мноства шляхоў і спосабаў таго, якім чынам навучаць, найбольш зручным і даступным з’яўляецца прапаведванне падчас святой Імшы. Другі Ватыканскі Сабор у дэкрэце Presbyterorum ordinis пра служэнне і жыццё святароў падкрэслівае, што «Народ Божы збіраецца найперш словам Бога Жывога, якога ўсе маюць права чакаць з вуснаў святароў. А паколькі ніхто, хто перш не паверыць, не можа быць збаўлены, то першы абавязак святароў як супрацоўнікаў біскупаў — абвяшчаць усім Евангелле Божае, каб, выконваючы запавет Пана: „Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле“ (Мк 16, 15) , ствараць і выхоўваць Народ Божы» (PO 4) . Сапраўды, як навучае святы апостал Павел, «вера залежыць ад пачутага, а пачутае здзяйсняецца праз слова Хрыстовае» (Рым 10, 17) . Але «як будуць верыць у таго, каго не чулі? Як будуць слухаць, калі няма каму абвяшчаць?» (Рым 10, 14) , — усклікае Апостал народаў. Таму святары маюць абавязак перад людзьмі, бо яны пакліканыя абвяшчаць ім праўду Евангелля, якую яны маюць у Пану (пар. PO 4) . Абвяшчэнне Евангелля — гэта разам з пакліканнем дадзенае нам Збаўцам заданне, якое падчас сённяшняга наступу секулярызацыі становіцца ўсё больш і больш актуальным, бо ў сучасным свеце людзі часта жывуць так, нібы Бог не існуе, ці імкнуцца спіхнуць веру на перыферыю свайго жыцця. Нярэдка веру прадстаўляюць выключна як прыватную справу верніка. Чалавек жадае быць аўтаномным і незалежным, у тым ліку і ад свайго Творцы. Замест таго, каб усклікнуць разам са святым Міхалам, апекуном нашай архідыяцэзіі: «Хто ж, як не Бог!», чалавек, перапоўнены пыхай і спадзяваннем на ўласныя сілы, на развіццё навукі і тэхнікі, усклікае: «Хто ж, як не чалавек!». Акрамя гэтага, у выніку пашырэння ідэалогіі маральнага рэлятывізму ўкараняецца тэндэнцыя да стварэння цалкам няправільнага вобразу Езуса. Яго ўсё часцей паказваюць так, як быццам Ён нічога не патрабуе, нікога не дакарае, прымае ўсіх і ўсё, з усімі згаджаецца. На самай справе, міласэрны Езус адначасова з’яўляецца справядлівым, патрабавальным і аб’ектыўным. Не дзіўна, што сапраўднага Езуса сучасны, схільны да лібералізму чалавек жадае замяніць іншым — менш патрабавальным, здольным на маральныя кампрамісы, які па прыкладзе паўсюдна навязанай «паліткарэктнасці» становіцца, калі так можна сказаць, «духоўна паліткарэктным». Імператыўная мова запаведзяў замяняецца саладжавай мовай паўсюднай талерантнасці, а паняцце граху размываецца рэлятывізмам усёдазволенасці. Вялікі Дастаеўскі сказаў: «Калі Бога няма, то ўсё дазволена». Калі Бога няма... Ці гатовыя мы як святары, пакліканыя і пасланыя Хрыстом, настойліва нагадваць сучаснаму чалавеку пра тое, што Бог ёсць? Ці гатовыя мы нястомна абвяшчаць евангельскі радыкалізм? Ці гатовыя мы пераконваць людзей у тым, што дазволена не ўсё? Ці гатовыя мы навучаць іх, што Божы закон дадзены дзеля дабра чалавека? Ці гатовыя мы самі прыкладам свайго святарскага жыцця заўсёды і паўсюль быць святлом свету (пар. Мц 5, 14) і соллю зямлі (пар. Мц 5, 13) ? Толькі сапраўдны Езус, гэта значыць Езус Евангелля, можа даць поўныя адказы на галоўныя і найбольш актуальныя пытанні нашага жыцця. Каб даць правільны накірунак развіццю чалавецтва, мы павінны вярнуцца да сапраўднага Езуса і менавіта Яго абвяшчаць іншым, — падкрэслівае кардынал Ёзаф Ратцынгер, цяперашні Папа Бэнэдыкт XVI (пар. WDJCh, s. 6) . 4. Якім жа ў святле пастаўленых перад усімі намі праблемаў павінна быць наша прапаведванне? Чаго чакаюць ад нас людзі? Як вярнуць у супольнасць Касцёла заблукалых авечак? Як абараніцца ад разбуральнай моцы цунамі рэлігійнай абыякавасці, маральнага рэлятывізму, распаду асвячонага Богам інстытуту сям’і, замаху на жыццё слабых і ненароджаных, праблем біяэтыкі і геннай інжынерыі, сацыяльнай несправядлівасці, тэрарызму і іншых небяспечных з’яваў? Неабходна адказаць на гэтыя актуальныя пытанні менавіта цяпер, калі мы перажываем Год Божага слова, якое нам, святарам, трэба абвяшчаць людзям, прычым абвяшчаць так, каб яно было жывым і дзейсным (пар. Гбр 4, 12) , заўсёды памятаючы пра тое, што калі ў Касцёле чытаецца Святое Пісанне, тады да нас прамаўляе сам Пан, — як вучыць Другі Ватыканскі Сабор (пар. SC 7) . Імкнучыся знайсці адказ на гэтыя і падобныя пытанні, нам перадусім неабходна задаць сабе пытанне: якім чынам у наш секулярны час Евангелле можа «прабіцца» ў чалавечае сэрца і застацца ў ім? Якім чынам можна дасягнуць адзінства супольнасці ў Евангеллі не толькі паміж прапаведнікам і Божым народам, але таксама ўсіх людзей з Езусам? Паводле вучэння Арыстоцеля і святога Тамаша Аквінскага, калі чалавек прыходзіць у свет, яго дух з’яўляецца пэўнаю «чыстаю дошчачкай» — tabula rasa. Менавіта да яе і скіравана наша прапаведванне. Сёння на чалавека навальваецца цэлы шквал інфармацыі, і часам здаецца, што для Евангелля ўжо не засталося месца, ці, у лепшым выпадку, толькі на ўскрайку гэтай дошчачкі. Але Евангелле — гэта не толькі кніга, якая нясе ў сабе шмат вельмі важнай інфармацыі. У першую чаргу — гэта кніга жыцця. Ад таго, як мы абвяшчаем Добрую Навіну, залежыць тое, дзе і як на дошчачцы чалавечай душы яна будзе запісана — у самым цэнтры ці на ўскрайку, вялікімі ці маленькімі, ледзь заўважнымі літарамі, — кажа кардынал Ёзаф Ратцынгер (пар. WDJCh, s. 45-46) . Падобныя пытанні ставіць перад намі, святарамі, евангелізацыя ў эпоху секулярызму. 5. У пошуках адказу неабходна звярнуцца найперш да Настаўніцтва Касцёла. Другі Ватыканскі Сабор падкрэслівае, што ў святле выклікаў сучаснасці прапаведванне не павінна абмяжоўвацца толькі абстрактным пераказам Божага слова, але мусіць дастасоўваць нязменную ісціну Евангелля да канкрэтных абставінаў жыцця (пар. PO 4) . Такім чынам, Сабор патрабуе актуалізацыі прапаведвання, тлумачэння надзённых праблемаў жыцця. Таксама і Слуга Божы Ян Павел ІІ падкрэслівае, што прапаведванне павінна адпавядаць патрабаванням вернікаў, развіваць паказаны катэхізацыяй шлях веры і весці яе да адпаведнай мэты (пар. CE 48) . А кардынал Ратцынгер адзначае, што евангелізацыя з’яўляецца абвяшчэннем не проста слова, якое вымаўляе чалавек, а слова, якое ўяўляе сабою лад жыцця і нават само жыццё (пар. WDJCh, s. 45) . Таму я настойліва заклікаю вас, браты ў святарстве, імкнуцца да таго, каб нашае абвяшчэнне Евангелля мела моц радаснага прапаведвання слова Божага, якое вызваляе і збаўляе. Напісанае ў пэўным культурна-гістарычным кантэксце, слова Божае не заўсёды зразумелае сучаснаму чалавеку. У той жа самы час Бог і сёння гаворыць праз сваё слова, якое падчас Літургіі зноў павінна стаць жывым і скіраваным да кожнага канкрэтнага чалавека. Таму запісаны шмат стагоддзяў назад тэкст сёння павінен быць прачытаны ў новай сітуацыі, у адпаведнасці з умовамі жыцця сучаснага чалавека, культуры і выклікаў часу. Гамілія павінна быць як бы працягам біблійных чытанняў з абавязковай іх інтэрпрэтацыяй і актуалізацыяй. 6. Хрысціянства не было б хрысціянствам, калі б не паказвала, як граху супрацьпаставіць цноту. Таму лагічна ўзнікае пытанне: як трэба прапаведваць, каб даць людзям хоць бы каліўца надзеі, якая ім так патрэбная? Перадусім неабходна прапаведваць на даходлівай і зразумелай сучаснаму чалавеку мове. Неабходна прамаўляць да канкрэтных людзей, а не паверх галоваў. Прамаўляць, самому жывучы тым, што абвяшчаеш, а не займацца дэмагогіяй. Рыхтуючыся да казання, трэба паставіць перад сабой асноўнае пытанне: што зможа падштурхнуць слухача адысці ад звычак старога грэшнага чалавека і павесці да сустрэчы з жывым Хрыстом? Сучасны чалавек мае патрэбу ў рэальнай сустрэчы з Богам, а не толькі ў паўтарэнні маральнага кодэкса і разнастайных наказаў і забаронаў. Для людзей яны застануцца толькі пустымі фразамі, калі ў іх сэрцах не будзе Бога, да якога яны змогуць іх аднесці і дзеля якога будуць іх захоўваць. Каменныя скрыжалі Божых запаведзяў будуць прынятыя сучасным чалавекам, калі ён убачыць, што іх трымае Хтосьці, хто любіць яго дарэшты. Вельмі часта сучасны чалавек мае «пенітэнцыярнае», калі так можна выказацца, уяўленне пра Бога, які нібы толькі і чакае моманту, каб пакараць грэшніка. Таму выключна важна паказаць чалавеку сапраўднага Бога: клапатлівага і патрабавальнага, і ў той жа час міласэрнага. Нездарма ў сваёй энцыкліцы Deus caritas est Папа Бэнэдыкт XVI піша, што ў словах з Першага паслання святога Яна Багаслова «Бог ёсць любоў, і хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім» (1 Ян 4, 16) адлюстравана сутнасць хрысціянскай веры і вобраз чалавека і яго лёсу, які з яе вынікае (пар. DCE 1). Казанне павінна быць напоўнена не толькі эмацыянальным прыкладам бацькі, які прымае ў абдымкі марнатраўнага сына (пар. Лк 15, 11–32) , але таксама і матчыным цяплом, якога так не хапае чалавеку. Заключаная ў Божым слове надзея толькі тады пранікне ў душу чалавека, калі стане часткаю яго жыцця. Чалавеку неабходна паказаць, што Касцёл з’яўляецца жывой і дынамічнай рэальнасцю, гатовай прыняць яго і яму дапамагчы. Нагадваючы пра грэх і віну, неабходна памятаць, што голас сумлення пячэ душу, нібы агонь. Таму разам з полымем рахунку сумлення неабходна прапанаваць і той адзіны сродак, якім можна патушыць пажар у душы — сакрамэнт пакаяння. У казанні неабходна ўлічваць тое, чым жыве свет і людзі, якія ў іх праблемы, што іх хвалюе. Сёння, у эпоху свабоды слова і высокай адукаванасці насельніцтва, асабліва важна прытрымлівацца строгай логікі высноваў і дакладнасці выказванняў. Неабходна звяртацца асабіста да чалавека, а не да агульнай масы людзей. Казанне павінна кранаць сэрца і пранікаць у яго. Акрамя мудрага сэнсу, яно павінна быць таксама знешне прывабным, бо пакаленне людзей, якім мы прапаведуем, ужо выхавана на тэлебачанні і іншых сродках масавай інфармацыі. Неабходна таксама памятаць, што сучасны чалавек не верыць у існаванне панацэі — леку ад усіх хваробаў. Менавіта таму вытворцы лекаў асабліва старанна апісваюць іх дзеянне і супрацьпаказанні. Таксама ў казанні лепш прытрымлівацца прынцыпу «высакароднага мінімалізму», а менавіта выбраць адну тэму і адзін прыклад, які людзі будуць памятаць доўга, замест таго, каб чытаць ім лекцыю па тэалогіі. 7. Браты ў святарстве! Пан Бог даверыў у нашыя рукі надзвычай адказную і вельмі няпростую задачу — абвяшчаць Евангелле, каб людзі паверылі і дзякуючы веры прыйшлі да збаўлення. Вернікі маюць права на такое прапаведванне, якое дасць ім новую надзею, бо, як вучыць Папа Бэнэдыкт XVI у сваёй энцыкліцы пра хрысціянскую надзею Spe salvi, надзея з’яўляецца цэнтральным словам біблейскай веры (пар. SS 2) . Няхай ускладзеная на нашыя плечы адказнасць заахвоціць нас прапаведваць так, каб Евангелле Хрыста было запісана вялікімі літарамі ў самым цэнтры «чыстай дошчачкі» чалавечага духа, а слова Божае, якое мы абвяшчаем, сапраўды было жывым і дзейсным (пар. Гбр 4, 12) . Амэн. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні: - ІІ Ватыканскі Сабор. Канстытуцыя пра святую літургію Sacrosanctum Concilium (SC).
- ІІ Ватыканскі Сабор. Дэкрэт пра служэнне і жыццё прэсбітэраў Presbyterorum ordinis (PO).
- Ян Павел ІІ. Апостальская адгартацыя Cathechesi tradendae (CT).
- Бэнэдыкт XVI. Энцыкліка Deus caritas est (DCE).
- Бэнэдыкт XVI. Энцыкліка Spe salvi (SS).
- Józef Kardynał Ratzinger. W drodze do Jezusa Chrystusa, Kraków 2005 (WDJCh).
|
Фрагменты з гаміліі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Папялец 2008 г.
|
 Мінск, 6 лютага 2008 г.
З Папяльцоваю серадою звязана пасыпанне галоваў попелам. Яшчэ ў Старым Запавеце попел быў знакам пакаяння, знакам духоўнага ачышчэння. Мы ўсе добра ведаем, што на гэтай зямлі не маем пастаяннага месца жыхарства, не маем пастаяннага дому. Пра гэта гаворыць і св. апостал Павел, а таксама пацвярджае і нашае штодзённае жыццё. Мы ведаем, што калісьці нашае жыццё на гэтай зямлі скончыцца і нас пакладуць у зямлю, і мы, тыя, якія паўсталі з праху, зноў станем прахам, — як гаворыцца ў сённяшняй літургіі. Калі мы чуем слова «папялішча», адразу ўяўляем знішчэнне — можа, згарэла хата, вёска ці цэлы горад. У духоўным сэнсе попел з’яўляецца знакам пакаяння, ачышчэння. Старэйшыя людзі, можа, памятаюць, што калі не было мыла, галаву мылі попелам, бо ён таксама мые, ачышчае. Таму ў духоўным сэнсе попел — гэта заклік да пакаяння, да навяртання. Усе мы ведаем, што калісьці зноў станем прахам, попелам.(...) Гэта не павінна нас палохаць. Напамін пра тое, што мы станем прахам, можа дапамагчы нам змяніць сваё жыццё, прыйсці да Бога. (...) Калі мы чуем сёння словы святара, які, пасыпаючы нашыя галовы попелам, кажа: «Памятай, што ты — прах і ў прах вернешся», — мы павінны памятаць і пра першыя дні стварэння свету, стварэння чалавека, бо Бог стварыў чалавека з праху, з пылу зямлі, удыхнуў у яго жыццё. Ці Пан Бог не можа і сёння таксама ўдыхнуць жыццё ў гэты прах, у які ператворыцца чалавек напрыканцы свету? Гарантыяй гэтага з’яўляецца Хрыстус, які ўваскрос, які перамог смерць і грэх. І мы ў крэда Каталіцкага Касцёла вызнаем сваю веру ў тое, што паўстанем з памерлых. Бог зноў з гэтага праху, з гэтага пылу зямлі, у які мы ператворымся, зробіць з нас людзей. Толькі вось якіх? — задаем мы сабе пытанне. Да якога жыцця? Да жыцця ў вечным шчасці ці да жыцця ў вечных пакутах? Гэта залежыць ад таго, як мы пражывем нашае жыццё на гэтай зямлі, што з’яўляецца як бы «стартам» у жыццё вечнае. І таму Касцёлам вызначаны дні і перыяды пакаяння. Гэты літургічны перыяд, перыяд Вялікага посту, павінен стаць часам нашага навяртання, пакаяння; часам, калі мы яшчэ раз у святле Духа Святога зазірнем у сваё сэрца, у сваю душу, спытаемся ў сябе, якімі хрысціянамі мы з’яўляемся. Ці сапраўднымі — такімі, якія жывуць паводле Божых запаведзяў, паводле Хрыстовага Евангелля, ці такімі, якія жывуць як ім захочацца, па ўсталяваных сабою ж законах? Для навяртання патрэбна малітва, як вучыць Касцёл, патрэбны пост як устрыманне, а таксама міласціна, учынкі міласэрнасці. Малітва не азначае толькі прачытаць «Ойча наш» ці нейкую іншую малітву, якую мы кожны дзень, можа, чытаем, а, можа, і не памятаем, што кожны дзень трэба маліцца. Падчас Вялікага посту трэба пашырыць нашую малітву, асабліва ў гэтым годзе, які з’яўляецца годам слова Божага як крыніцы надзеі. Я заахвочваю ўсіх зрабіць сёння адпаведную пастанову, напрыклад, кожны дзень чытаць Біблію. Можна зрабіць пастанову падчас посту прачытаць адно з Евангелляў — гэта ўсяго 10–15 хвілін зойме кожны дзень. І тады мы будзем удзельнічаць у паўсюднай малітве Касцёла. Сёння, дзякуючы Богу, маем таксама каталіцкі сайт у інтэрнэце catholic.by, на якім з’явіўся новы раздзел Lectio divina — духоўнае чытанне. Таксама ксяндзы сальватарыяне ў электроннай рассылцы прапануюць усім жадаючым духоўныя разважанні на нядзелі Вялікага посту. Мы павінны актыўна карыстацца тым, што Касцёл нам дае, тым, што мы сёння маем. Не толькі сказаць, што гэта ў нас ёсць, але павінны гэтым жыць, жыць Божым словам і малітвай. Устрыманне падчас посту не азначае, што мы менш ямо мясных страваў (…), да гэтага неабходна далучыць нешта яшчэ. Варта адмовіцца ад чагосьці, што мы вельмі моцна любім, да чаго занадта прывязаныя. Можа, некаторыя з нас маюць нядобрыя схільнасці, і таму сёння ёсць цудоўная магчымасць зрабіць пастанову, якая дапаможа працаваць над сабой, змяніцца да лепшага. Напрыклад, падчас усяго Вялікага посту цалкам устрымлівацца ад алкаголю ці ад цыгарэтаў. (…) Толькі такі пост сапраўды будзе постам. Недастатова толькі не есці мяса, каб пасля сказаць, што я, маўляў, выканаў пост. Гэта не так. Трэба абмежаваць сябе не толькі ў ежы, але таксама ва ўсіх неўпарадкаваных справах нашага жыцця. Міласціна. Гэта карытатыўная дзейнасць, гэта ўчынкі міласэрнай любові. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у сваім сёлетнім пасланні на Вялікі пост разважае пра міласціну, раскрываючы значэнне карытатыўнай дзейнасці і заклікаючы вернікаў да ўчынкаў міласэрнай любові. Той, хто не мае дастатковых сродкаў для фінансавай дапамогі, можа падтрымаць бліжняга ў патрэбе іншым чынам: дапамагчы прыбраць у хаце, прывесці ў касцёл, схадзіць па прадукты ці па лекі і гэтак далей. Мы ўсе павінны браць актыўны ўдзел у справах міласэрнасці, да чаго заклікае нас Езус і Касцёл вуснамі Святога Айца Бэнэдыкта XVI. Калі святар будзе пасыпаць сёння попелам нашыя галовы, кажучы словы: «Памятай, што ты — прах і ў прах вернешся», мы павінны бачыць у гэтым таксама і нашую надзею на ўваскрасенне. Сёння мы павінны прасіць Бога, каб гэты час стаў часам навяртання, каб мы ўваскрэслі да жыцця вечнага. У некаторых краінах на Папялец крэсляць попелам знак крыжа на чале верніка. (…) Людзі ходзяць з гэтым крыжам цэлы дзень — ідуць на працу, на вучобу, ходзяць па вуліцы. Гэта — вельмі важны сімвал для кожнага з нас. Крыж — гэта знак цярпення, а таксама знак нашага адкуплення. Бо мы падчас Вялікага посту будзем сузіраць Пана Езуса, які церпіць, які аддаў сваё жыццё за мяне і за цябе, дарагі браце і сястра, і які сёння аддае сваё жыццё за нас, каб мы маглі збавіцца. Прымем жа гэты крыж, крыж навяртання, крыж веры ў Евангелле, крыж жыцця паводле Евангелля (…), каб, калі настане ўрачыстасць Пасхі, мы ўсім сэрцам маглі заспяваць радаснае «Алелюя», а пасля смерці ўвайшлі ў радасць жыцця вечнага. |
Урбаны — парафія Св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус
|
Адрас: вул. Садовая, 1а в. Урбаны
Браслаўскі р-н Віцебская вобл. Рэспубліка Беларусь 211969 фРасклад набажэнстваў (магчымы змены)
- Св. Імша ў нядзелю і святы — 14.00
- Св. Імша будні — 09.00 (як правіла, але не заўжды)
Адпусты: успамін св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус – 1 кастрычніка. ыЗ гісторыі парафіі
У Урбанах ёсць новы касцёл пад тытулам св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус, які 3 верасня 2002 г. асвяціў біскуп Уладзіслаў Блін. |
Пастырскі ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікі пост 2008 г.
|
Жывое слова Божае і дзейснае (Гбр 4, 12)
Умілаваныя ў Хрысце браты ў біскупскім і святарскім служэнні, кансэкраваныя асобы, вернікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі! 1. У пастырскі год Божага слова, на пачатку Вялікага посту вітаю вас словамі з Паслання да Габрэяў: «Жывое слова Божае і дзейснае» (Гбр 4, 12). Яно павінна заахвоціць нас да пакаяння і навяртання, бо гэта — праграма Вялікага посту. Хрыстус звярнуўся да сваіх слухачоў са словамі «Кайцеся і верце ў Евангелле» (Мк 1, 15), якія мы чулі ў Папяльцовую сераду падчас пасыпання нашых галоваў попелам. На парозе Вялікага посту паставім сабе пытанне: ці слухаем мы слова Божае, ці прымаем яго, ці пакідае яно ў нас свой след, ці вядзе да пакаяння, ці перамяняе нас духоўна, ці ўмацоўвае яно нашу веру? Бо, як падкрэслівае Папа Бэнэдыкт XVI, Вялікі пост становіцца для нас падараванаю Божым Провідам нагодаю больш глыбока спасцігнуць сэнс і значэнне нашага быцця хрысціянамі, а таксама заахвочвае нас нанава адкрыць Божую міласэрнасць (пар. ПВП 2008). Гэты час ласкі, які пачынаецца, час нашага навяртання, павінен дапамагчы нам жыць у адпаведнасці са словам Божым (пар. Як 1, 22), а не быць толькі пасіўнымі яго слухачамі, якія падманваюць саміх сябе і робяць выгляд, што ў жыцці можна кіравацца прынцыпамі, адрознымі ад евангельскіх. 2. Слова Божае людзі чуюць найперш праз прапаведаванне Евангелля. У сувязі з гэтым ІІ Ватыканскі Сабор заклікае, каб касцёльнае прапаведаванне брала выток і натхненне са Святога Пісання (пар. VD, 21). Таму ў абноўленай Літургіі шчодра прадстаўлена Божае слова. Яго скарб трэба набліжаць праз прапаведаванне Добрай Навіны. Зразумела, што перад абліччам выклікаў сучаснасці чалавеку патрэбна абгрунтаванае на Бібліі, жывое і актуалізаванае абвяшчэнне Евангелля. Слуга Божы Ян Павел ІІ вучыць, што пропаведзь, якая грунтуецца на біблейскіх тэкстах святой Імшы, дапамагае вернікам глыбей пазнаваць таямніцы веры і прынцыпы хрысціянскага жыцця (пар. СТ, 48). Карыстаючыся выразам святога апостала Паўла, што «вера залежыць ад пачутага» (Рым 10, 17), кардынал Ёзаф Ратцынгер, цяперашні Папа Бэнэдыкт XVI, вучыць, што вера — гэта ўспрыманне таго, што пачута, а не выдумана чалавекам (пар. ВХ, с. 54). Акрамя слухання Божага слова неабходна таксама яго чытаць і разважаць над ім. Сёння нескладана набыць рэлігійную літаратуру. Усё больш людзей чытаюць не толькі Біблію, але і малітвы Літургіі гадзінаў. У многіх парафіях праводзяцца сустрэчы па вывучэнні Бібліі. На сайце Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі з’явіўся вельмі актуальны раздзел: Lectio Divina — «Духоўнае чытанне». У той жа час відавочна, што ўзровень рэлігійнага і маральнага жыцця пакідае жадаць лепшага, пра што сведчыць небяспечнае распаўсюджванне секулярызму, маральнага рэлятывізму, лібералізму, спажывальніцтва, прапаганда безадказнай і неабмежаванай свабоды, адмаўлення ад хрысціянскіх каштоўнасцяў і каранёў, з якіх мы выраслі. Для больш дзейснага абвяшчэння Добрай Навіны ІІ Ватыканскі Сабор заклікае слугаў слова звяртацца да Святога Пісання, сумленна яго чытаючы і вывучаючы, а вернікаў заахвочвае пазнаваць Хрыста праз чытанне, слуханне і вывучэнне Боскага Пісання (пар. DV 25). Тут дарэчы будзе ўзгадаць словы кардынала Ёзафа Ратцынгера пра тое, што «сведчанне пра Бога змаўкае там, дзе мова становіцца толькі тэхнікай паведамлення пра „штосьці“» (ВХ с. 58). Але ж мы павінны прапаведаваць не «штосьці», а «Кагосьці», гэта значыць — Бога. Такім чынам, недахопы ва ўспрыманні Божага слова крыюцца таксама ў тым, што яно часта ўспрымаецца не як Божае, а як чалавечае слова. Гэта асабліва актуальна для сучаснага чалавека, які жыве сярод імклівай плыні словаў і інфармацыі. Яму неабходна глыбокае асэнсаванне таго, чым сапраўды з’яўляецца Божае слова, і ўсведамленне яго прыроды. Чалавечае слова служыць для наладжвання кантактаў і перадачы інфармацыі. Яно можа суцешыць і можа параніць, можа служыць для прадстаўлення праўды і яе скажэння ці нават утойвання. Сучасны свет перажывае абясцэньванне слова. Лавіна словаў, якая валіцца на чалавека ў сродках масавай інфармацыі, вядзе да таго, што ён становіцца слаба ўспрымальным да значнай і прынцыпова важнай для яго інфармацыі. На скіраванае да яго слова ён нярэдка рэагуе павярхоўна або нават абыякава, выбіраючы толькі тое, што больш яму падыходзіць. На жаль, пры недахопе веры, рэлігійнай і тэалагічнай падрыхтоўкі такая рэакцыя часта пагаршаецца тым, што Божае слова ўспрымаецца як чыста чалавечае. Акрамя таго, чалавек не свабодны ад спакусы маніпуляцыі. Нездарма Папа Бэнэдыкт XVI асцерагае, што сёння некаторыя людзі імкнуцца сфальсіфікаваць слова Хрыста і выключыць з Евангелля «нязручныя» для сучаснага чалавека праўды. Можна ўбачыць таксама спробы стварыць уражанне, што ўсё адносна і што праўды веры залежаць ад гістарычнай сітуацыі і чыста чалавечай ацэнкі (пар. Гамілія Бэнэдыкта XVI на плошчы Пілсудскага ў Варшаве 26 мая 2006 г.). Адгаворка, што, быццам, «мяне гэта не датычыцца або не цікавіць» з’яўляецца частым і характэрным адказам на Божае слова тых, хто не жадае будаваць сваё жыццё на хрысціянскіх запаведзях. Магчыма, гэта выглядае і смешна, але ў некаторых сучасных культурах не сціхаюць спрэчкі пра тое, чаму слова Бог — мужчынскага роду, а не жаночага ці ніякага. Абмяркоўваюцца таксама пытанні, чаму Касцёл выказваецца супраць эўтаназіі, абортаў, разводаў, аднаполых саюзаў ці выкарыстання стваловых клетак для кланавання, калі многія гэтага жадаюць, а парламенты некаторых краінаў нават дэмакратычным шляхам прымаюць адпаведныя законы. У той жа час асноўная мэта абвяшчэння Божага слова, як вучыць Папа Павел VI, — моцай Евангелля перамяніць вобраз чалавечага жыцця, які супярэчыць словам Пана і Яго планам збаўлення (пар. EN 19). Цытуючы словы благаслаўлёнай маці Тэрэзы з Калькуты пра тое, што самая вялікая беднасць чалавека — гэта няведанне Хрыста, яе думку працягвае Святы Айцец Бэнэдыкт XVI, які сцвярджае, што асноўны ўнёсак Касцёла ў развіццё чалавецтва заключаецца ў прапаведаванні праўды Хрыста (пар. ПВП 2006). А таямніцу чалавека і яго Боскае пакліканне вернікі пазнаюць менавіта праз Аб’яўленне (GS 22). Таму першачарговая задача Касцёла заключаецца ў тым, каб схіліць слухачоў да разважання над прыродай і функцыяй Божага слова, каб у іх сэрцах спелі глыбокія і поўныя павагі адносіны да яго, і каб яно прынесла шчодры духоўны плён. 3. Слова Божае неабходна разумець як аб’яўленне Божага плану збаўлення, які рэалізуецца ў Хрысце. Гэта таксама жывое прапаведаванне Евангелля, яго нястомнае абвяшчэнне. Нездарма першыя хрысціяне просяць Бога: «Дай слугам Тваім з усёй адвагаю абвяшчаць слова Тваё» (Дз 4, 29), а святы апостал Павел кажа, што для прапаведавання Божага слова не можа быць абмежаванняў (пар. 2 Цім 2, 9): «Гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля» (1 Кар 9, 16). Для належнага ўспрымання Божага слова неабходна мець спецыяльны ўнутраны настрой, пра які гаворыць Хрыстус у дыспуце з юдэямі: «Хто ад Бога, той слухае словы Божыя: вы таму не слухаеце, што вы не ад Бога» (Ян 8, 47). У прыпавесці пра сейбіта Хрыстус звяртае ўвагу не толькі на ўтоеную, унутраную моц Божага слова, але і на тое, якім розным можа быць слуханне (пар. Мц 13, 1–23), што становіцца мерай разумення гэтага слова. Таму заўсёды актуальным застаецца напамін з Апакаліпсіса святога Яна: «Хто мае вушы, няхай слухае тое, што Дух гаворыць Касцёлам» (Ап 2, 7). 4. «Жывое слова Божае і дзейснае» (Гбр 4, 12), і здольнае змяняць жыццё чалавека. Гісторыя хрысціянства ведае шмат прыкладаў гэтага. Узгадаем пакліканне апосталаў. На заклік Хрыста простыя рыбакі становяцца лаўцамі чалавечых душаў (пар. Мц 4, 18–22). Словы Пана «Ідзі за Мною» (Мц 9, 9) робяць мытніка Левія руплівым апосталам Мацвеем. Сведка смерці святога дыякана Стэфана (пар. Дз 7, 58 – 8, 1) і ганіцель Касцёла Саўл (пар. Дз 8, 3 – 9, 1–2) падчас падарожжа ў Дамаск раптоўна быў аслеплены яркім святлом з неба і страціў зрок, але пачаў бачыць вачыма душы, калі пачуў словы Пана: «Я Езус, якога ты пераследуеш» (Дз 9, 5), і стаў апосталам Паўлам, выбраным начыннем Пана (пар. Дз 10, 15). Тая ці іншая ўсвядомленая і прынятая ўсім сэрцам думка Святога Пісання або яе тлумачэнне можа карэнным чынам змяняць лёсы людзей. Так, святы Аўгустын, які марнаваў сваё жыццё, атрымлівае ласку навяртання і становіцца вялікім хрысціянскім мысліцелем і святым. Францыск Асізскі замест багацця і прыбытковай купецкай справы выбірае служэнне беднага вандроўнага прапаведніка. Святая Эдыта Штайн адмаўляецца ад кар’еры прафесара філасофіі і ўступае ў ордэн кармэлітак, а потым пацвярджае сваю вернасць пакліканню мучаніцкай смерцю ў Асвенціме. Святы Рафал Каліноўскі, які па адукацыі быў ваенным інжынерам, пакідае службу і таксама становіцца манахам кармэлітам. 5. Лепшаму ўспрыманню Божага Слова павінны паспрыяць інтранізацыя Бібліі ў парафіі, сем’ях і невялікіх парафіяльных групах, арганізаванае вывучэнне Святога Пісання, сумесная малітва Літургіі Гадзінаў, духоўнае чытанне — Lectio Divina, пастаноўка інсцэніровак на біблейскія сюжэты, чытанне па ролях урыўкаў з Бібліі і суправаджэнне іх адпаведнымі каментарамі, прагляд і абмеркаванне фільмаў на біблейскія тэмы, арганізацыя конкурсаў біблейскіх ведаў, правядзенне свята «Дзень Бібліі» і шмат іншых ініцыятываў. 6. Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Няхай Вялікі пост, які ўжо распачаўся, стане для нас часам ласкі, часам выпрабавання нашага сумлення адносна абвяшчэння Божага Слова і яго ўспрымання. Няхай Вялікі пост дапаможа прымаць Божае Слова такім чынам, каб яно стала крыніцаю надзеі і вяло да шчырага пакаяння і веры ў Евангелле (пар. Мк 1, 15), а значыць да навяртання. Няхай не застануцца незапатрабаванымі новыя магчымасці абвяшчэння Евангелля, якія мы атрымалі дзякуючы Божаму Провіду. Няхай кожны веруючы чалавек на парозе Вялікага Посту ўсклікне: «Кажы, Пане, бо слухае слуга Твой» (пар. 1 1 Сам 3, 9), слухае, каб прыняць Тваё Слова і кіравацца ім. Няхай Марыя, якая 150 гадоў таму аб’явіўшыся ў Люрдзе, заклікала да малітвы і навяртання, дапамагае нам весці велікапоснае «духоўнае змаганне», каб мы маглі святкаваць Вялікдзень духоўна адноўленымі (пар. ПВП 2008). На гэты шлях абвяшчэння і ўспрымання Божага Слова, даручаючы ўсіх вас Марыі, якая захоўвала ў сэрцы сваім словы пра свайго Сына Езуса Хрыста (пар. Лк 2, 19), ад усёй душы благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Мінск, 2 лютага 2008 г. Свята Ахвяравання Пана | Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні: - ІІ Ватыканскі Сабор. Пастырская канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце Gaudium et spes (GS).
- II Ватыканскі Сабор. Дагматычная канстытуцыя пра Божае аб’яўленне Dei verbum (DV).
- Павел VI. Апостальская адгартацыя Evangelii nuntiandi (EN).
- Ян Павел II. Апостальская адгартацыя Catechesi tradendae (CT).
- Бэнэдыкт XVI. Пасланне на Вялікі пост 2006 г. (ПВП 2006).
- Бэнэдыкт XVI. Пасланне на Вялікі пост 2008 г.(ПВП 2008).
- Йозеф Ратцингер. Введение в христианство. Брюссель, 1988 (ВХ).
- Гамілія Бэнэдыкта XVI на плошчы Пілсудскага ў Варшаве 26 мая 2006 г..
|
Гамілія мітрапаліта Кандрусевіча на Дзень святасці членаў манаскіх супольнасцяў і таварыстваў апостальскага жыцця
|
Шаноўныя законнікі і законніцы! Сардэчна вітаю ўсіх, хто прыняў нашае запрашэнне прыйсці сёння і далучыцца да гэтай малітвы аб святасці асобаў кансэкраванага жыцця. Так ужо здарылася, што ў дзесяты раз у сваім жыцці я ачольваю гэтую малітву, і ў гэты дзесяты, юбілейны раз, яна адбываецца тут, у Мінску. Свята Маці Божай Грамнічнай, ці свята Ахвяравання Пана ў Ерузалемскай святыні, з’яўляецца, паводле рашэння Слугі Божага Папы Яна Паўла ІІ, таксама Днём малітвы аб святасці кансэкраваных асобаў. Як мы чулі ў сённяшнім Евангеллі, Марыя з Юзафам ахвяруюць свайго Першароднага Богу — паводле закона Майсея. Гэтак жа і члены манаскіх супольнасцяў і таварыстваў апостальскага жыцця ахвяруюць сябе для выключнага служэння Богу і Касцёлу праз евангельскія наказы, а таксама шлюбы беднасці, цэлібату і паслухмянасці. Шлюб беднасці... Сёння сучаснаму чалавеку — чалавеку ўжо трэцяга тысячагоддзя — гэта вельмі цяжка зразумець. Як хтосьці можа шлюбаваць беднасць? Усе хочуць быць багатымі, усе хочуць мець добрыя дамы, катэджы, ездзіць на добрых машынах, добра апранацца, добра жыць, а тут нехта ім гаворыць пра шлюб беднасці... Аднак жыццё паказвае, што і багатаму чалавеку нялёгка жывецца, і багацце, якое ён мае, не заспакойвае яго душы, не задавольвае самога чалавека. Нездарма некалькі гадоў таму назад па тэлебачанні ішоў фільм «Багатыя таксама плачуць». Плачуць... Бо багацце іх не ўратуе. З іншага боку, Святое Пісанне вучыць, што дзе знаходзіцца твой скарб, там і тваё сэрца. Касцёл хоча, каб праз складанне шлюбу беднасці кансэкраваныя асобы сваё сэрца мелі ў Хрысце і каб на Яго спадзяваліся. Ні ў дабротах, ні ў матэрыяльным багацці — багацці гэтага свету, але ў Пану, у Яго слове, у Езусе Хрысце. Шлюб цэлібату... Гэта яшчэ цяжэй зразумець сучаснаму чалавеку. Гэты шлюб цяжка зразумець чалавеку нашага часу, які імкнеццца як мага больш мець і як мага больш спажываць. Нездарма Святы Айцец Бэнэдыкт XVI назваў сваю першую праграмную энцыкліку «Deus caritas est» — «Бог ёсць любоў». Гэтым самым ён жадаў падкрэсліць, што любоў кіруе светам, што праз любоў мы можам прыйсці да шчасця на гэтай зямлі і да шчасця вечнага. Памятаю, як на другі ці на трэці дзень пасля выхаду ў свет гэтай энцыклікі адзін журналіст у Маскве патэлефанаваў мне і спытаўся: «Чаму Папа падымае такое складанае пытанне? Я б сказаў, слізкае». Слізкае пытанне для сучаснага свету. Чаму? Нам, хрысціянам, адказаць на гэтае пытанне вельмі лёгка. Нам, хрысціянам, гэта зразумела, бо сёння слова «любоў» сталася нейкім зацёртым, яно здэвальвавалася, найчасцей яго разумеюць толькі як эратычную любоў, якая зваблівае маладога чалавека, абяцае яму ілюзорнае шчасце, якое потым лопаецца, як мыльныя бурбалкі, і ў рэшце рэшт вядзе да ўнутранай духоўнай трагедыі. І мы бачым гэтыя трагедыі вакол нас, бачым мноства такіх трагедый, асабліва сярод моладзі. У той самай энцыкліцы Папа Бэнэдыкт XVI згадвае легенду пра тое, як міфалагічны бог Зеўс стварыў чалавека дасканалаю сфераю, а потым у якасці пакарання за яго пыху, разгневаўшыся, раздзяліў яго на дзве часткі – на мужчыну і жанчыну – і з таго часу яны настойліва шукаюць адно аднаго. Таму, складаючы шлюб цэлібату, законнікі і законніцы прыносяць сябе ў ахвяру, каб цалкам прысвяціць сябе служэнню Богу і Касцёлу. Іх суджаны – гэта Хрыстус. Шлюб паслухмянасці... Напэўна, адзін з найбольш цяжкіх у сённяшнія часы. У сучасным свеце пануе ідэя аўтаноміі і незалежнасці, кожны хоча быць незалежным ад другога, кожны лічыць сябе гаспадаром свайго лёсу, кожны хоча вызначаць шлях свайго жыцця і не хоча нікога слухацца. Аднак, з іншага боку, мы добра ведаем, што першародны грэх – гэта наступства непаслухмянасці Адама і Евы, якія не пажадалі служыць Богу і слухаць Яго, а паслухаліся злога духа. І гэтая непаслухмянасць, гэты першародны грэх, стаў пачаткам усіх бедаў чалавека. Гісторыя Касцёла вучыць, што менавіта паслухмянасць з’яўляецца яго сілаю. Шлюб паслухмянасці вучыць нас бачыць у волі настаўнікаў нашых супольнасцяў волю самога Бога. Ён таксама выхоўвае тую пакорлівасць, без якой немагчымая добрая арганізацыя жыцця ў кожнай супольнасці. Дарагія браты і сёстры, законнікі і законніцы! Практыкуючы шлюб беднасці, шлюб цэлібату і шлюб паслухмянасці, молячыся і ідучы за Хрыстом, прыпадабняючыся да Яго і будучы Яго сведкамі, члены манаскіх супольнасцяў удасканальваюцца ў сваім духоўным жыцці і садзейнічаюць пабудове Валадарства Божага на гэтай зямлі. Гэта нялёгкі працэс. Свята Ахвяравання Пана ў Ерузалемскай святыні паказвае нам таямніцу Збаўцы, таямніцу Езуса Хрыста, Бога, які стаўся чалавекам дзеля нас і дзеля нашага збаўлення. Ён з’явіўся сярод нас з чалавечым абліччам, з чалавечым сэрцам, каб падзяліць свой лёс з чалавекам, каб адкупіць чалавека. Любоў да чалавека прывяла Бога на зямлю, гэтая любоў падняла Яго на крыж, які стаў Яго тронам – тронам Валадара. Але мы добра ведаем і тое, што не ўсе Яго прынялі, добра ведаем, што Ён не ўсім спадабаўся, што Яго не ўсе любілі. Але пра гэта ўжо было сказана ў Ерузалемскай святыні. Сімяон, як гаворыцца ў сённяшнім Евангеллі, назваў Хрыста знакам, якому будуць супраціўляцца і які адначасова будзе святлом і хвалою Ізраэля. Законнікі і законніцы ў сучасным свеце таксама вельмі часта з’яўляюцца знакам супраціву, бо разам з відочнаю добразычлівасцю да кансэкраваных асобаў нярэдка можна сустрэць зусім іншыя адносіны да іх. Не заўсёды нас, асабліва законнікаў, можа зразумець сённяшні свет, асабліва свет маладых, не заўсёды прыме, не заўсёды хоча, каб сярод нас былі тыя, хто ходзіць у габітах, бо гэта часам коле ў вочы, бо гэта часам нагадвае тым, хто жыве здалёк ад Бога, каб і яны задумаліся пра сваё жыццё. Добра памятаю, як на пачатку 90-х гадоў, калі ў Расіі зусім не было ні касцёлаў, ні капліцаў, у Растове ўжо была парафія (сёння там вялікі прыгожы касцёл), і ёсць там, за 25 км ад Растова-на-Доне, такі горад Батайск. У тым Батайску святар пабудаваў капліцу, дзе працавалі таксама тры законніцы, і гэты ж святар прыязджаў, каб цэлебраваць святую Імшу ў іншых месцах. Набліжалася Пасха, і ён дамовіўся з тэатрам, што Пасхальны Трыдуум адбудзецца ў гэтым тэатры. Але ў святара не было машыны, і таму сёстры ўзялі крыж, фігуру Пана Езуса, узялі нейкія іншыя касцёльныя рэчы і прыехалі на аўтобусе ў Растоў. І так сабе ідуць у гэты тэатр. Машыны едуць, хтосьці глядзіць, можа, нехта думае: дзівакі нейкія ідуць... Адзін аўтобус спыніўся, і вадзіцель паклікаў сясцёр, каб падвезці. Яны, задаволеныя, селі ў гэты мікрааўтобус, едуць, а ён іх проста вязе ў праваслаўны сабор. Сёстры кажуць: «Не, не, нам не сюды, нам трэба ў тэатр». Гэты вадзіцель вельмі здзівіўся, затрымаў аўтобус і кажа: «Я думаў, што гэта законніцы, а гэта, аказваецца, пераапранутыя артысткі!» Але як жа гэтаму чалавеку патрэбны былі гэтыя законніцы! Ён хацеў іх бачыць, можа, першы раз у жыцці так блізка, ён хацеў іх падвезці і, можа, праз гэта, нейкім чынам хацеў наблізіцца да Бога. Гэта вельмі-вельмі важна. Нягледзячы на тое, што свет не заўсёды вас прымае, вы павінны заставацца святлом гэтага свету, вы павінны быць соллю зямлі. Сённяшні секулярызаваны свет патрабуе вашага сведчання, ён патрабуе евангельскага радыкалізму, патрабуе солі хрысціянства. Мы добра ведаем, для чаго патрэбна соль… Сёння Еўропа і свет псуюцца маральна, сёння нішчацца і не прымаюцца пад увагу маральныя каштоўнасці — для гэтага патрэбна соль хрысціянства. Сёння вельмі шмат святла вакол нас, але вельмі шмат цемры ў чалавечых душах. Віншуючы ўсіх вас, дарагія законнікі і законніцы, з вашым святам, я жадаю евангельскай радасці ўсім кансэкраваным асобам, жадаю асаблівага Божага благаслаўлення ў духоўным аднаўленні нашай айчыны. Гэтаксама як запаленыя грамнічныя свечкі, якія вы прынеслі ў гэты невялікі касцёл, у гэтую каплічку, будзьце гэткім жа святлом для сучаснага свету, які часта жыве ў грахоўнай цемры; будзьце той соллю, якая захавае свет ад маральнага распаду і дапаможа яму жыць паводле Евангелля. Будзьце надзеяй гэтага свету, нават наперакор надзеі, як вучыць святы Апостал Павел. Амэн. |
Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас малітвы за адзінства хрысціянаў у Архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі г. Мінск, 24 студзеня 2008 г.
|
«Каб усе былі адно» (Ян 17, 21)! Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры, прадстаўнікі розных хрысціянскіх Цэркваў і супольнасцяў! Божы Провід у чарговы раз дазваляе нам правесці супольную малітву за адзінства хрысціянаў, якога так жадае наш Пан Езус Хрыстус. Гэты Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў — юбілейны, бо праводзіцца ён у соты раз. Менавіта 100 гадоў таму першая такая малітва была праведзена ў Нью-Йорку (ЗША). Збаўца, ведаючы, што Яго адзіны Касцёл будзе пакутаваць ад унутраных падзелаў, у сваёй Першасвятарскай малітве перад крыжоваю смерцю заклікае да адзінства. Падзел хрысціянаў — гэта балючая рана на містычным Целе нашага Пана, якая крывавіць ужо амаль 1000 гадоў. Гэта ні што іншае як вялікая спакуса для свету, бо хрысціяне, якія прапаведуюць мір і еднасць і заклікаюць да іх, самі з’яўляюцца падзеленымі. Наступствы граху, які прывёў да падзелу, адчуваюцца і сёння, праз дзевяць з паловаю стагоддзяў. Таму наш першачарговы абавязак — зрабіць усё магчымае, каб загаіць гэтую рану. Сёння перад абліччам выклікаў нашага секулярызаванага свету, які пагражае ўсяму хрысціянству, праблема адзінства хрысціянаў набывае яшчэ адзін выключна важны аспект. Для таго, каб зразумець яго, неабходна ўважліва ўслухацца ў словы Першасвятарскай малітвы Хрыста: «каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне. І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім, каб былі адно, як і мы адно» (Ян 17, 21–22). «Каб паверыў свет», — заклікае Пан. Такім чынам, вельмі вострая ў цяперашні час праблема веры цесна звязана з праблемай адзінства хрысціянаў. Менавіта адзінства і супольнае хрысціянскае сведчанне могуць выратаваць свет ад далейшай дэхрысціянізацыі. З аднаго боку, свет захліствае праблема добраахвотнага адмаўлення ад хрысціянскіх каранёў, з якіх вырасла нашая цывілізацыя, з іншага боку, адсюль вынікае неабходнасць абароны хрысціянскіх каштоўнасцяў — вось што павінна быць у цэнтры ўвагі ўсяго хрысціянскага свету. Перад усімі намі вельмі востра стаіць шэкспіраўскае пытанне: «To be, or not to be» — «Быць ці не быць» хрысціянству?. Усё гэта павінна заахвоціць нас да яшчэ большых сумесных намаганняў у справе дасягнення адзінства хрысціянаў. Мы пакліканыя з усёю адказнасцю разам абараняць хрысціянскія каштоўнасці і быць іх сведкамі. Такім чынам, мы ў пэўным сэнсе «асуджаныя» — не пабаюся гэтага слова — на пошукі збаўчага адзінства. Юбілейны тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў з’яўляецца добраю нагодаю задумацца пра тое, на якім этапе шляху да адзінства, па якім нас вядзе Дух Святы, мы сапраўды знаходзімся. Па-першае, гэта найбольш спрыяльны час для таго, каб дзякаваць Богу за шматлікія плады малітвы за адзінства. У многіх месцах дух варожасці і непаразумення саступіў ці саступае месца ўзаемнай павазе і сяброўству паміж прадстаўнікамі розных хрысціянскіх канфесій. Без сумніву, вельмі вялікі, неацэнны ўнёсак у гэтую справу зрабіў ІІ Ватыканскі Сабор, назваўшы хрысціянаў, што не належаць да Каталіцкага Касцёла, «братамі ў Пану» (пар. UR 3). Хрысціяне, якія моляцца за адзінства, таксама нярэдка разам сведчаць пра евангельскія каштоўнасці, абараняюць іх і працуюць поплеч, каб дапамагчы тым, каму патрэбная дапамога. Супольная малітва і дыялог дапамагаюць будаваць масты ўзаемаразумення і вядуць да поўнага ці частковага вырашэння існуючых праблемаў, у тым ліку і дактрынальных. Прыкладам можа служыць пытанне пра паходжанне Святога Духа — старажытная праблема так званага filioque. У 1996 годзе Ватыкан выдаў дакумент «Грэцкая і лацінская традыцыі пра паходжанне Святога Духа». У Дакуменце падкрэсліваецца, што Святы Дух паходзіць ад Айца, які з’яўляецца спрадвечным пачаткам дзвюх Асобаў Найсвяцейшай Тройцы, адзінай крыніцай і Сына, і Святога Духа. Святы Дух паходзіць толькі ад Айца — першапачаткова, уласна і непасрэдна (пар. http://www.svd.catholic.by/library/filioque.htm). Усё гэта дало новы імпульс развіццю адносінаў паміж Каталіцкім Касцёлам і праваслаўем. Наступным прыкладам можа быць абвешчаная ў 1997 годзе Сумесная каталіцка-лютэранская дэкларацыя адносна вучэння пра апраўданне. У дакуменце сцвярджаецца, што «лютэранскае і рыма-каталіцкае разуменні вучэння пра апраўданне пры ўсіх іх адрозненнях аказваюцца адкрытымі адно для аднаго і не парушаюць згоды па асноўных праўдах» (СКЛДА 40). Гэтая Дэкларацыя стала новым крокам у пераадоленні расколу (пар. СКЛДА 44). Па-другое, юбілейны тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў, які мы перажываем, — гэта таксама найбольш спрыяльны час для нашага ўнутранага навяртання і малітвы, якія з’яўляюцца душою экуменічнага руху, духоўным экуменізмам, як навучае ІІ Ватыканскі Сабор (пар. UR 8). Усе мы павінны жыць і дзейнічаць у духу малітвы Хрыста за адзінства (пар. Ян 17, 6-24) і закліку апостала Паўла быць у міры паміж сабою (пар. 1 Тэс 5, 13). Па-трэцяе, гэта час для таго, каб зрабіць рахунак сумлення, бо, нягледзячы на пэўныя дасягненні ў галіне міжхрысціянскага дыялогу, мы ўсё яшчэ падзеленыя шмат у якіх аспектах нашых узаемаадносінаў. Тут да разбежнасцяў у веравучэнні нярэдка далучаюцца і разыходжанні па пытаннях маральнасці і этыкі, справядлівага спосабу вырашэння канфліктаў, сацыяльнай дактрыны ці сумеснага хрысціянскага сведчання. Такім чынам, унутрана падзеленыя, мы не можам быць знакам і прыладаю адзінства, якога жадае Бог. Гэта дакор усім нам і заклік да навяртання і да малітвы, без якіх нельга сабе ўявіць экуменізм. Якую ж выснову мы можам зрабіць? З аднаго боку, у нас ёсць усе падставы радавацца ўсяму таму, што на працягу гэтых 100 гадоў Дух Святы здзейсніў у справе станаўлення і развіцця міжхрысціянскага дыялогу і ўзаемнага прымірэння дзякуючы многім пакаленням хрысціянаў, якія прысвяцілі сябе справе хрысціянскага адзінства. З іншага боку, у нас ёсць цалкам абгрунтаваныя прычыны шкадаваць пра тое, што яшчэ шмат праблемаў застаюцца нявырашанымі, прычым па нашай віне. Таму 100-гадовы юбілей экуменічнага руху павінен стаць заклікам да таго, каб больш інтэнсіўна працаваць дзеля адзінства і міру, якіх так жадае Хрыстус. Ён заклікае нас пастаянна і нястомна маліцца ў гэтых інтэнцыях, а таксама справамі і ўсім жыццём Цэркваў і хрысціянскіх супольнасцяў, да якіх мы належым, сведчыць пра наш намер імкнуцца да адзінства хрысціянаў. Адным са шляхоў, што вядуць да адзінства, з’яўляецца малітва, чаго жадае сам Хрыстус, які сказаў, што моліцца за ўсіх, хто верыць у Яго, каб яны былі адно (пар. Ян 17, 20). Знамянальна, што заклік Пана да адзінства, скіраваны да Яго вучняў, выказаны не ў форме запаведзі ці патрабавання, а ў форме малітвы. Гэта словы Хрыста, узнесеныя да Яго нябеснага Айца ў ноч перад смерцю на крыжы. Гэта малітва, якая сыходзіць з глыбіні сэрца Збаўцы і з’яўляецца вынікам усёй Ягонай місіі. Ён да канца палюбіў нас (пар. Ян 13, 1) і жадае, каб мераю нашай любові да Бога і бліжняга была Яго любоў да чалавека, — кажа Папа Бэнэдыкт XVI у сваёй энцыкліцы «Бог ёсць любоў» (пар. DCE, 11), — любоў, здольная аднавіць такое жаданае адзінства. Бог хоча, каб усе жылі ў міры і ўзаемнай згодзе. Гэты мір азначае не толькі адсутнасць вайны ці канфліктаў. Жаданы Богам мір — гэта прымірэнне ўсяго чалавецтва, гэта супакой, які можа даць толькі Бог. Вобразы прарока Ісаі, які гаворыць пра ваўка, які пасвіцца разам з ягнём, пра барса, які ляжыць побач з казлянём, пра цяля, маладога льва і вала, якіх водзіць малое дзіця (пар. Іс 11, 6), даюць уяўленне пра такую гарманічную будучыню, якой усім нам жадае Бог. Паколькі гэты супакой, мір — па-габрэйску, shalom — не можа быць дасягнуты толькі нашымі ўласнымі намаганнямі, мы пакліканыя стаць прыладаю супакою Пана і дасведчанымі дойлідамі прымірэнчай місіі Бога. Дзейнічаць у адпаведнасц і з Божаю задумаю і маліцца — азначае імкнуцца быць бліжэй да Хрыста. У сувязі з гэтым вельмі яскравае экуменічнае бачанне англійскага кардынала Джона Ньюмэна. Ён прапануе ўявіць конус, на паверхні якога знаходзяцца розныя хрысціянскія Цэрквы і супольнасці, а на вяршыні — Хрыстус. Калі хрысціяне ўсіх Цэркваў і супольнасцяў будуць імкнуцца да Хрыста, такім чынам яны будуць бліжэй адно да аднаго. Усё гэта вядзе нас да вельмі простай і ў той жа час фундаментальнай высновы: калі мы будзем у Хрысце, то ўсе будзем адно. Таму, браты і сёстры, узнясем нашу малітву да Пана Бога Найвышэйшага. Ойча наш, учыні, каб усе мы, хрысціяне розных Цэркваў і супольнасцяў, маглі прыйсці да Цябе і з’яднацца з Табою. Толькі ў Табе мы зможам быць адно. Толькі дзякуючы адзінству і сумеснаму сведчанню ў наш складаны і супярэчлівы час з яго выклікамі секулярызму, маральнага рэлятывізму, рэлігійнай абыякавасці і лібералізму, якія пагражаюць хрысціянству, свет будзе здольны паверыць (пар. Ян 17, 21). Толькі жывучы вераю ў Цябе, адзінага Збаўцу, ён будзе здольны захаваць сваю тоеснасць, не адмаўляючыся ад хрысціянскіх каранёў, і абараніць маральныя каштоўнасці, каб на іх будаваць сваё жыццё на гэтай зямлі і дасягнуць збаўлення. Амэн. Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні: - II Ватыканскі Сабор. Дэкрэт пра экумэнізм Unitatis redintegratio (UR).
- Бэнэдыкт XVI. Энцыкліка Deus caritas est (DCE).
- Грэцкая і лацінская традыцыі пра сыходжанне Святога Духа (http://www.svd.catholic.by/library/filioque.htm).
- Лютэранская Сусветная Федэрацыя, Папская Рада па падтрымцы хрысціянскага адзінства. «Сумесная дэкларацыя па пытанні вучэння пра апраўданне (1997 г.)». Каталіцкая вышэйшая духоўная семінарыя «Марыя — Каралева Апосталаў»; Санкт-Пецярбург, 1999 г.
|
Слабодка — парафія Божага Провіду
|
| Фота Сяргей Сурыновіч
|
Адрас: вул. 8 Сакавіка, 4 в. Слабодка Браслаўскі р-н Віцебская вобл. Рэспубліка Беларусь 211977
Тэл.: +375 2153 33 007 +375 2153 33 177 ыРасклад набажэнстваў (магчымы змены) - Св. Імша ў нядзелю — 10.00, 16.00;
- Св. Імша ў будні — 18.00.
Адпусты: урачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса; урачыстасць Божага Провіду — VI нядзеля пасля ўрачыстасці Найсвяцейшай Тройцы. ыЗ гісторыі парафіі
Касцёл знаходзіцца ў цэнтры вёскі. Пабудаваны ў 1903 г. з цэглы. Помнік архітэктуры неараманскага стылю. Уяўляе сабой 3-нефавую 2-вежавую базыліку з апсідай, трансептам і сакрыстыямі. Дынамічны сілуэт галоўнага фасада фарміруюць 2 высокія 5-ярусныя вежы з вострымі шатровымі вярхамі і параўнальна невялікая фасадная плоскасць цэнтральнага нефа паміж імі. Сцены прарэзаны паўцыркульнымі, лучковымі і круглымі аконнымі праёмамі з вітражамі (каляровае шкло захавалася часткова). Над галоўным уваходам і на фасадных плоскасцях трансепта размешчаны вялікія вокны-ружы. Усе сцены расчлянёны ступеньчатымі контрфорсамі, якія на бакавых фасадах злучаны з дэкаратыўнымі аркбутанамі. Уваходы вырашаны ў выглядзе аднатыпных парталаў з паўцыркульнымі праёмамі.
У інтэр’еры цыліндрычныя скляпенні з распалубкамі, хоры над нартэксам. У пластычным вырашэнні касцёла шырока выкарыстаны ордэрныя элементы раманскай архітэктуры: аркатурныя паясы, нішы, калонкі з капітэлямі раслінных формаў. Сцены і скляпенні алтарнай часткі размаляваны арнаментам. Мастацкую каштоўнасць маюць жалезныя акоўкі вонкавых дзвярэй касцёла, выкананыя мясцовым кавалём. Кампазіцыі аковак складаюцца з сіметрычна ўкладзеных па баках завесаў (царгаў) са спіралепадобнымі пышнымі сцёбламі, што заканчваюцца чатырохлісцевымі кветкамі або пальметападобным лістком. Пры кампазіцыйным адзінстве аковак усіх дзвярэй дэталі не паўтараюцца. Акоўкі дзвярэй цэнтральнага ўвахода вырашаны як пышныя букеты з арнаментальных элементаў, што паўтараюцца ў кампазіцыях дэкору бакавых дзвярэй. Акоўкі дзвярэй — помнік манументальна-дэкаратыўнага мастацтва і кавальскага майстэрства.
Касцёл пасля рэстаўрацыі.
У Дзеткаўцах літургія адбываецца раз у месяц (у капліцы). У Даньках — святая Імша раз у месяц (у прыватным доме). У Вялікім Абаб’і — святая Імша раз у месяц (у прыватным доме). У Друйску святая Імша цэлебруецца кожную нядзелю ў 15.00 (у клубе). У Быстрымаўцах святая Імша цэлебруецца кожную нядзелю ў 13.00 (у капліцы).
|
Казанне Мітрапаліта Кандрусевіча падчас Імшы аплаткавага спаткання з касцёльнымі рухамі і малітоўнымі супольнасцямі ў касцёле св. Сымона і Алены г. Мінск, 28 снежня 2007 г.
|
1. Паважаныя ў нованароджаным Пану браты і сёстры! Сёння Каталіцкі Касцёл святкуе чацвёрты дзень актавы Божага Нараджэння, свята святых немаўлят мучанікаў. У Літургічным годзе ёсць дзве найважнейшыя актавы: Змёртвыхпаўстання Пана і Божага Нараджэння. Падчас гэтых актаваў мы асаблівым чынам перажываем як таямніцу Уваскрасення, так і таямніцу Богаўцелаўлення. Можна з упэўненасцю сказаць, што вернікі Мінска вельмі любяць свята Божага Нараджэння і яго актаву, бо ў нашых касцёлах так шматлюдна. Гэта азначае, што мы адчуваем патрэбу жыць з Богам, адчуваем патрэбу Яго прысутнасці ў нашых сэрцах, ведаем, што без Яго далёка не зойдзем. 2. У сённяшнім першым чытанні св. Ян апостал гаворыць, што Бог ёсць святло, і ў ім няма ніякага ценю. Гэта вельмі важнае сцвярджэнне, бо як святло патрэбна да біялагічнага жыцця, так і Божае святло патрэбна да духоўнага жыцця. Не хацеў гэтага святла прыняць цар Ірад. Пачуўшы, што нарадзіўся новы габрэйскі Цар, ён спалохаўся, бо баяўся страціць сваю пасаду. І, каб забяспечыць сваю ўладу, ён загадаў забіць усіх маленькіх дзяцей. Сёння Каталіцкі Касцёл успамінае іх як мучанікаў. Яны сталі мучанікамі за Хрыста, яшчэ не пазнаўшы Яго. Яны аддалі сваё жыццё, каб захаваць ЖЫЦЦЁ сапраўднае, жыццё з вялікай літары. Яны прайшлі праз цемру смерці, каб заўсёды свяціла Сонца праўды, якім ёсць Езус Хрыстус. 3. Гэтае сонца свеціць ужо 2000 гадоў, свеціць, каб асвяціць найбольш цёмныя закуткі душы чалавека, каб паказаць яму ягоныя недахопы і грахі. На жаль, сучасны чалавек не вельмі імкнецца жыць у святле Божым, у святле Евангелля. Ён хутчэй і ахвотней выбірае свой шлях, а не шлях, паказаны Хрыстом. І найчасцей гэты шлях пралягае ў духоўнай цемры. У гэтай цемры жыў Ірад, што прывяло да трагедыі забойства ні ў чым не павінных дзяцей. Многія нашы сучаснікі, асабліва маладыя людзі, таксама жадаюць жыць у цемры бездухоўнасці, што рана ці позна вядзе іх да жыццёвай трагедыі. Мы ўсе заклапочаныя будучыняй нашага грамадства. Мы з трывогаю пытаемся, якім яно будзе заўтра? Усе загадваюць, якім будзе “год жоўтага пацука” паводле Усходняга каляндра? Тут трэба мець на ўвазе не толькі сацыяльна-палітычна-эканамічную сітуацыю, цэны на газ і нафту, інфляцыю і г.д. Трэба таксама паглядзець, якім з’яўляецца наша духоўнае жыццё. І тут мы маем вельмі шмат аб чым хвалявацца. Сярод першарадных і набалелых праблемаў – праблемы сям’і і звязаныя з гэтым праблемы дэмаграфіі. Наша грамадства старэе, хоць, дзякуй Богу, здаецца, мы выходзім з дэмаграфічнага крызісу. Аднак колькасць абортаў, як паўсюдна называюць забойства ненароджаных яшчэ дзяцей, — застаецца вельмі вялікай. Можа, мы не ўсведамляем гэтага, але кожны аборт — гэта забіццё жыцця. Нельга гэтую праблему як бы загарнуць у вату, гаворачы, што эмбрыён – гэта не чалавек. Трэба памятаць, што кожны з нас некалі быў эмбрыёнам. І трэба памятаць аб тым, што калі б нашыя маці зрабілі падобнае, што сёння многія робяць, так нас не было бы на свеце. Мы, безумоўна абураныя, пытаемся: Ірад, чаму ты пазабіваў нявінных дзяцей? Што яны такога зрабілі, што ты іх забіў? І ў той жа час сёння ў абсталяваных па апошнім слове тэхнікі медычных кабінетах, урачы, якія па абавязку сваёй прафесійнай дзейнасці павінны абараняць жыццё, быццам Ірады XXI стагоддзя забіваюць ненароджаных дзяцей. Крывавая разня працягваецца. Сённяшні дзень – гэта таксама дзень малітваў за ненароджаных дзяцей, за тых нявінных, каго рука Ірада ўжо XXI стагоддзя забіла. 4. Гэта ўсё разнавідначці цемры нашага сучаснага жыцця, жыцця без Бога. А жыццё без Бога падобнае да лёсу марнатраўнага сына. Ён ад свайго бацькі атрымаў належную яму частку маёнтку, але, жывучы па-свойму, усё растраціў. Таксама і чалавек атрымлівае ад Бога жыццё ў Божай ласцы. Аднак, калі жыве па-свойму і не слухае Бога, тады хутка растрачвае гэтае Божае жыццё. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас гэтых святаў Божага Нараджэння сказаў, што Еўропа без Бога станецца духоўнай пустыняй. Як мы не хочам, как наша сінявокая Беларусь з яе ўрадлівымі палямі, зялёнымі лугамі і лясамі вырадзілася ў пустыню, таксама мы павінны клапаціцца пра тое, каб духоўны Чарнобыль не знішчыў духоўнага жыцця ў нашай краіне і каб яна не стала духоўнай пустыняй. 5. Адно з найбольш важных і адказных заданняў Касцёла – гэта абвяшчанне Евангелля. Мы добра ведаем, што пасля таго, як Дух Святы зыйшоў на апосталаў, яны, поўныя Ягонай моцы, пайшлі абвяшчаць Добрую Навіну ўсім народам. Гэта таксама заданне для кожнага з нас, не толькі для біскупаў, святароў, законнікаў і законніц, але таксама для ўсіх вернікаў. Дзякуючы Хросту мы сталі ўдзельнікамі агульнага Хрыстовага святарства і таму мы пакліканыя, каб прымаць актыўны ўдзел у абвяшчэнні Евангелля. Не абавязкова гэта трэба рабіць з амбоны. Молячыся і сведчачы Евангелле можна таксама шмат зрабіць. 6. Да абвяшчэння Евангелля і ўзмацнення веры людзей, пакліканыя таксама розныя рухі і малітоўныя супольнасці. Як Дух Святы 2000 гадоў таму паслаў апосталаў, таксама і сёння Ён пасылае не толькі святароў ці законнікаў і законніц, але пасылае і свецкіх, збіраючы іх у розных рухах і малітоўных групах. Гэта асабліва бачна пасля II Ватыканскага Сабору, які называюць новым сашэсцем Святога Духа, новай Пяцідзесятніцай. Святы Дух кліча выбраных, каб у розных харызмах служылі справе абвяшчэння Евангелля і ўкаранення хрысціянскіх каштоўнасцяў. Добра памятаю, калі аднойчы падчас візітацыі ў Вялікім Ноўгарадзе падчас сустрэчы з ружанцовымі коламі, адна маладая дзяўчына сказала: я вельмі шчаслівая, калі адмаўляю таямніцу ружанца, прызначаную мне ў ружанцовым коле, бо ведаю, што ў гэты дзень малюся ў асаблівай інтэнцыі і малюся не адна, а разам з іншымі людзмі. Гэта мяне падтрымлівае на духу, бо супольная малітва заўсёды больш эфектыўная. Такім чынам я адчуваю сябе больш прыналежнай да Касцёла і больш патрэбнай у ім. 7. Асаблівае заданне, якое сёння стаіць перад рухамі і малітоўнымі групамі, – данесці святло Евангелля туды, куды не можа дайсці святар, або куды яму цяжка дайсці. Трэба шукаць тых, хто заблудзіўся, хто адышоў ад Бога, тых, хто сумняваецца. Трэба іх шукаць ўсюды – на працы, у школе, універсітэце, на вуліцы, у наземным і падземным транспарце і г.д. Шукаць, найперш праз прыклад свайго хрысціянскага жыцця. Нездарма лацінская прымаўка гаворыць: verba movunt, exempla tragunt, што азначае: словы пхаюць, а прыклады цягнуць. Калі мы будзем толькі піхаць, напрыклад, аўтамабіль, дык можам запіхаць яго і ў роў. Але як будзем цягнуць, то заўсёды прыцягнем туды, куды хочам. Нездарма трактар цягне, а не піхае. 8. Паважаныя прадстаўнікі розных касцёльных рухаў і малітоўных групаў! Дзякую за вашу працу, за малітву і евангельскае сведчанне. У сціслай еднасці з касцёльнай іерархіяй і пад яе кіраўніцтвам зрабіце ўсё ад вас залежнае, каб марнатраўныя сыны і дочкі нашага часу вярнуліся да Бога; каб чалавек не адгадваў сваю будучыню па Усходнім каляндары, што цяпер вельмі модна, а каб будаваў яе на хрысціянскіх каштоўнасцях; каб Хрыстус, які праз паслугу Касцёла прыходзіць на нашую зямлю, знайшоў на ёй месца; каб Ягонае святло заззяла ў душах людзей і асвяціла найбольш цёмныя закуткі іх душаў і сэрцаў; каб яны праз прызму Евангельскага святла лепш пазнавалі сваё жыццё і, жывучы Евангельскай праўдай, прыйшлі да збаўлення. Амэн. |
Казанне Мітрапаліта Кандрусевіча на свята св. Яна Апостала падчас св. Імшы ў мінскай архікатэдры з нагоды аплаткавай сустрэчы з дзеячамі культуры 27 снежня 2007 г.
|
1. Паважаныя браты і сёстры, дзеячы культуры! Ад усяго сэрца вітаю вас у мінскай архікатэдры з нагоды святаў Божага Нараджэння і сённяшняй аплаткавай сустрэчы. 2. Учора, у другі дзень Божага Нараджэння, Каталіцкі Касцёл, узгадваючы першага мучаніка, дыякана св. Стэфана, падкрэсліў, што хрысціянства і крыж непадзельныя, што нярэдка за абвяшчэнне Евангелля трэба плаціць крывёю. Мы гэта добра ведаем з сваёй уласнай гісторыі, бо многія нашы суайчыннікі за вернасць Евангеллю заплацілі жыццём або былі вымушаныя шмат выцерпець. 3. Сёння мы ўзгадваем умілаванага вучня Езуса Хрыста — св. Яна, Апостала, адзінага, хто памёр сваёю, а не мучаніцкаю смерцю. Менавіта святы апостал Ян найбольш яскрава паказвае нам адзінства таямніцы Богаўцелаўлення і Уваскрасення ў гісторыі збаўлення. У гэтай таямніцы для ўсіх нас і для кожнага чалавека дадзена надзея на ўваскрашэнне і збаўленне. Гэтая надзея ў Хрысце, падкрэслівае Папа Бэнэдыкт XVI у сваёй апошняй энцыкліцы «Мы збаўлены праз надзею». Аднак умоваю спаўнення гэтай надзеі з’яўляецца ўмацаванне нашай веры, якую мы атрымалі ад непасрэдных сведкаў — апосталаў, і сумленнае выкананне нашых абавязкаў, якія мы самі сабе не выбіраем, але якія нам прызначае сам Бог. Узрастаючы ў веры, мы ўзрастаем у надзеі. Нездарма Бэнэдыкт XVI нагадвае, што часта слова «вера» разумеецца як «надзея». А выкананне нашых абавязкаў — гэта рэалізацыя нашай веры ў штодзённым жыцці, бо, як вучыць св. апостал Якуб, вера без учынкаў мёртвая. 4. Гэтыя два пытанні — адно больш тэарытычнае і датычыць веры, другое больш практычнае, бо датычыць жыцця, — змяшчаюцца ў праграме, якая вызначана апосталам Янам. У сваім Першым пасланні, з якога ўзята першае чытанне, ён найперш перадае сведчанне аб Хрысце: «Абвяшчаем вам тое, … што мы чулі, … на што глядзелі і да чаго дакраналіся нашыя рукі». У гэтым сведчанні бачнае перакананне ў тым, што быццам бы яго пачуцці былі поўныя пачуццяў Хрыста. Калі ж ён у сваім Евангеллі гаворыць пра ўваскрасенне Хрыста, то першае месца сярод Апосталаў аддае апосталу Пятру, хоць сябе самога назаве «ўмілаваным вучнем». Раней, яшчэ да мукі Езуса, Яго смерці і ўваскрасення такое азначэнне іншыя Апосталы маглі ўспрымаць як ганарлівасць і зазнайства, і, напэўна, не абышлося б без сцэнаў рэўнасці. Аднак потым яны былі задаволеныя кожным месцам пры Хрысце, бо ведалі, што кожны з іх па-свойму і непаўторным чынам патрэбны Божаму Валадарству. 5. Пры такім тлумачэнні наша прыпадабненне да св. апостала Яна — як да найбольш любімага вучня Езуса Хрыста — між іншым, павінна праяўляцца таксама праз павагу і шанаванне годнасці іншых людзей і іх працы для Божага Валадарства, шанаванне тых, каго бачым кожны дзень, і тых, хто працуе незаўважна. Усе яны патрэбныя і ўсе яны могуць шмат учыніць для распаўсюджвання Евангелля, узмацнення веры і рэалізацыі яе ў штодзённым жыцці, каб мець надзею і жыць ёю нават насуперак надзеі, як вучыць св. апостал Павел. 6. Гэта асабліва датычыць людзей культуры. Як святарства з’яўляецца пакліканнем, таксама пакліканнем трэба назваць і дзейнасць у галіне культуры. Больш за тое, як пісаў Папа Ян Павел II у сваім Лісце да дзеячаў культуры ў 1999 г., Бог паклікаў да існавання чалавека і даручыў яму заданне — быць творцам. Менавіта ў мастацкай творчасці чалавек найбольш праяўляе сябе як «вобраз Божы». Таму Вялікі Пантыфік не пабаяўся сказаць, што мастак — гэта вобраз Бога-Творцы. Ён удзельнічае ў творчым плане самога Бога. У ім рэалізуецца імкненне Бога да таго, каб створаны «на Яго вобраз і падабенства» чалавек выканаў місію панавання над зямлёй. 7. Каталіцкі Касцёл заўсёды падтрымліваў і надалей будзе падтрымліваць культуру і навуку. Менавіта ён заснаваў першыя універсітэты і ў наш час каталіцкія універсітэты карыстаюцца велікаю пашанаю і папулярнасцю ва ўсім свеце. Гэта ён ва ўсе часы прыкладаў шмат намаганняў і прыкладае іх надалей, каб святыні былі шэдэўрамі мастацтва. Гэта ён шмат учыніў і надалей чыніць для заснавання і падтрымкі касцёльных музеяў. Гэта ён прычыніўся і надалей прычыняецца да развіцця духоўнай музыкі, якая сёння, ў эпоху поп-музыкі, не страціла павагі і папулярнасці і г. д. 8. У апошнія часы Касцёл усё больш і больш звяртае увагу на евангелізацыю культуры. Касцёл добра ведае, што ў эпоху маральнага рэлятывізму і адмовы ад хрысціянскіх каранёў трэба шукаць новыя метады для абвяшчэння Евангелля, адным з якіх і з’яўляецца культура ў самым шырокім сэнсе гэтага слова. Гісторыя ведае шмат прыкладаў таго, як далёкі ад Бога чалавек знаходзіў Яго ў культуры: у добрай тэатральнай пастаноўцы, песні, скульптуры, фільме, карціне, фрэсцы, літаратурным творы, музычным канцэрце, мастацкай выставе і г.д., ва ўсім, што прымушае задумацца над сваім маральным жыццём, над вечнасцю і надзеяй. Так, напрыклад, некалькі гадоў назад Маскву наведала кляўзуровая кармэлітанка са Злучаных Штатаў Амэрыкі, якая перад тым як стаць законніцаю, працавала опернаю спявачкаю. Менавіта праз мастацтва яна прыйшла не толькі да Бога, але таксама адчула пакліканне да манаства. 9. Сёння мы ўсё больш і больш разумеем, што культура, выкарыстоўваючы словы св. апостала Паўла, з’яўляецца новым аэрапагам для абвяшчэння Евангелля. Святы Айцец Ян Павел II ва ўжо цытаваным Лісце да людзей мастацтва пісаў, што для абвяшчэння Добрай Навіны Касцёлу патрэбна мастацтва. Трэба, каб нябачная і духоўная рэчаіснасць станавілася заўважанаю і прывабнаю. Таму яна павінна зразумелымі формамі адлюстроўваць тое, што нельга выявіць само па сабе. Менавіта мастацтва вызначаецца ўласцівасцю выяўляць дух Евангелля, перакладаючы яго на мову колераў, формаў і галасоў, што ўзбагачаюць інтуіцыю чалавека, які глядзіць або слухае. З іншага боку, піша Ян Павел II, мастацтву патрэбны Касцёл, хоць гэта, можа, і гучыць правакацыйна. Чалавек мастацтва заўсёды шукае схаванага сэнсу рэчы і з вялікім намаганнем імкнецца адлюстраваць невымоўную рэчаіснасць. Таму вялікаю крыніцаю натхнення для яго можа быць рэлігія як бы «айчына душы». Бо менавіта ў рэлігіі чалавек шукае адказу на экзістэнцыяльныя пытанні. На самай справе, тэма рэлігіі найчасцей закраналася і закранаецца людзьмі мастацтва кожнай эпохі. Касцёл заўсёды звяртаўся да іх творчых здольнасцяў, каб растлумачыць евангельскае пасланне і паказаць яго канкрэтнае прызначэнне ў жыцці хрысціянскай супольнасці. Гэта супрацоўніцтва становіцца крыніцаю ўзаемнага духоўнага ўзбагачэння, якое ўсім нам патрэбна. 10. Сёння, калі мы святкуем таямніцу Богаўцелаўлення, я звяртаюся да вас, людзі культуры — пісьменнікі, літаратары, артысты, музыканты, скульптары, мастакі і іншыя прадстаўнікі мастацтва, каб гэтая таямніца заўсёды была для вас невычэрпнаю крыніцаю новых натхненняў як у вашай прафесійнай дзейнасці, так і ў справе новай евангелізацыі, каб новыя аэрапагі культуры нашага часу былі напоўненыя евангельскім зместам і каб прыгажосць, якую вы ствараеце, збаўляла свет. Няхай розныя шляхі, якімі вы крочыце ў рэалізацыі свайго паклікання, вядуць вас да бязмежнага акіяна прыгажосці, у якім вы, а праз вашу працу многія людзі, знойдуць згубленую надзею і свайго нябеснага Творцу. 11. «Прыгажосць выратуе свет», — пісаў вялікі Фёдар Дастаеўскі. Трэба памятаць, што гэта найперш духоўная прыгажосць. Глыбокапаважаныя дзеячы культуры, будзьце носьбітамі і прапагандыстамі духоўнай прыгажосці, каб яна сапраўды выратавала наш маральна недасканалы свет, каб вярнула дадзеную яму Богам прыгажосць, што нясе новую надзею, узносіць дух і вядзе да вышыняў святасці. Аддаючы вас апецы «заўсёды прыгожай» Беззаганна Зачатай Панны Марыі, выпрошваю для вас Божага благаслаўлення на ваша нялёгкае і вельмі адказнае служэнне на карысць нашай Айчыны і асабліва дзеля яе духоўнага развіцця. Няхай усіх вас благаславіць Бог. Амэн. |
|
|