Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рыма-каталіцкі Касцёл у Беларусі
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас святой Імшы ў Івянцы

Яшчэ 20 гадоў таму ў Івянцы не было касцёла. Дзве мясцовыя святыні выкарыстоўваліся ў іншых мэтах. Аднак тое, што было немагчымым для чалавека, стала магчымым для Бога. Адбыўся цуд Божай міласэрнасці — у гэтым невялікім мястэчку сёння ўзвышаюцца два прыгожыя касцёлы. Больш за тое, ужо многа гадоў у Івянцы праводзяцца так званыя «Музычныя майстэрні», падчас якіх сваё майстэрства ўдасканальваюць хоры і музычныя гурты. У мінулым годзе менавіта тут, у Івянцы, адбыўся першы ўсебеларускі дзень моладзі, які сабраў больш за дзве тысячы юнакоў і дзяўчат. Нягледзячы на шматлікія цяжкасці, гэты першы форум беларускай моладзі сапраўды ўдаўся. У сувязі з гэтым я яшчэ раз выказваю ўдзячнасць айцам францішканам і жыхарам Івянца. Падчас арганізацыі і правядзення форума асабліва з боку простых вернікаў праявілася салідарнасць і міласэрнасць.

У чытанні святога Евангелля, якое мы толькі што пачулі, Езус нагадвае нам пра міласэрнасць. Усё тое, што людзі чыняць на карысць патрабуючых, яны чыняць Езусу, бо Ён жыве ў бедных. Гэты ўрывак з Евангелля можна назваць маніфестам міласэрнасці.

Святы Айцец Бэнэдыкт XVI сваю першую энцыкліку прысвяціў разважанням пра Бога, які ёсць Любоў. Пантыфік разважае пра любоў як пра самую важную рысу Бога. Ён таксама разважае пра разуменне любові ў сучасным свеце, якое, на жаль, абмяжоўваецца катэгорыямі цялесных прыемнасцяў, гэта значыць, катэгорыямі эратычнай любові, якая нярэдка становіцца таварам. Святы Айцец таксама разглядае любоў як ахвяру і пры гэтым указвае на самую дасканалую любоў, якою з’яўлецца любоў Бога да чалавека, найвышэйшым праяўленнем якой з’яўляецца смерць Езуса Хрыста на крыжы. Бэнэдыкт XVI падкрэслівае, што крыжовая смерць — гэта сама вялікая мера любові. Такой жа павінна быць і наша любоў да бліжняга.

У другой частцы сваёй энцыклікі Святы Айцец указвае на практычную рэалізацыю любові ў штодзённым жыцці. Такім чынам ён нібы апавядае пра рэалізацыю сённяшняга Евангелля. Любоў да патрабуючага павінна выказвацца не толькі ў словах, але і ў канкрэтных дзеяннях.

Езус прайшоў праз жыццё, чынячы людзям дабро. Таксама і мы, якія зведалі Божую любоў, павінны чыніць дабро. За гэта Езус абяцае адарыць нас сваёю міласэрнасцю. Ён кажа: «Шчаслівыя міласэрныя, бо яны міласэрнасць спазнаюць» (пар. Мц 5, 7). Гэта значыць, што Божую міласэрнасць мы зведаем паводле нашых учынкаў.

А гэта вельмі неабходна кожнаму чалавеку, бо ён грэшны і прагне Божай міласэрнасці. Езус у сваіх аб’яўленнях святой Фаустыне Кавальскай заўсёды рабіў актуальнай жывую ідэю Божай міласэрнасці. Больш за тое, Ён даў чалавецтву нібы інструмент, праз які гэтая міласэрнасць магла б найлепш праяўляцца. Гэтым інструментам з’яўляецца абраз Езуса Міласэрнага і Вяночак да Божай міласэрнасці. Усім, хто будзе ўшаноўваць гэты абраз, Езус абяцае сваю міласэрнасць.

Вялікае значэнне мае і Дзённік святой Фаустыны Кавальскай — скарб навучання пра Божую міласэрнасць. Варта нагадаць, што гэты Дзённік мы маем дзякуючы «інтэрвенцыі» нашага земляка благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі, які з’яўляўся спаведніком с. Фаустыны і казаў ёй запісваць усё, што кажа Езус.

 
 
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча ў парафіі Святой Тройцы (Краснае)

Уся гісторыя чалавецтва — гэта гісторыя Божай міласэрнасці, якая ў найвышэйшай ступені праявілася ў Езусе Хрысце, асабліва ў Яго крыжовай смерці, якая і далей праяўляецца ў гісторыі Касцёла.

Евангелле кажа, што Хрыстус прыйшоў да Апосталаў, калі дзверы Вячэрніка былі зачынены. Доўгія дзесяцігоддзі дзверы нашых вячэрнікаў — гэта значыць нашых касцёлаў — таксама былі зачынены. Аднак Езус прыходзіў, прыходзіў у гэты касцёл у Красным, прыходзіў у іншыя нешматлікія касцёлы і праз нешматлікіх святароў, прыходзіў праз нашых дзядоў і бацькоў, якія былі сапраўднымі сведкамі веры і жадалі перадаць яе маладому пакаленню.

Дзякуй Богу, мы дачакаліся свабоды веравызнання. Аднак сучаснаму свету ўласцівы нейкі дзіўны парадокс. Для многіх людзей, асабліва маладых, дзверы касцёлаў застаюцца зачыненымі. Не, перад імі іх ніхто не зачыняе. Наадварот, адной з адметнасцяў Каталіцкага Касцёла з’яўляецца тое, што яго дзверы адчынены ва ўсю шыр, і ў яго можа зайсці кожны — святы і грэшнік. Дзверы зачыненыя таму, што людзі самі іх зачыняюць, бо не жадаюць жыць паводле Евангелля і навучання Касцёла. Балючым з’яўляецца той факт, што часта людзі лічаць маральныя нормы пэўным абмежаваннем свабоды і правоў сучаснага чалавека, і таму, на іх думку, гэтыя нормы з’яўляюцца непатрэбнымі. Чалавек павінен жыць так, як яму падабаецца. І калі ён нікому не робіць зла, гэта значыць, што ён жыве добра.

Аднак чалавек жыве ў супольнасці. Таму ён аказвае пэўны ўплыў на яе і пакідае сваё сведчанне. Толькі якое? Калі чалавек жыве не ў адпаведнасці з маральнымі нормамі, яго жыццё з’яўляецца антысведчаннем.

Дзе і ў каго шукаць дапамогі? Адказ дае сам Хрыстус, які сцвярджае, што адзіная надзея сучаснага свету — гэта Божая міласэрнасць. Ад нас залежыць, прымем мы яе ці не. Памятаем евангельскую гісторыю пра марнатраўнага сына. Ён прыйшоў да дому айца, прыйшоў з пакаяннем. А мог і не прыйсці. Прыйшоў, і бацька дараваў яму нявернасць. У адваротным жа выпадку, калі б марнатраўны сын не прыйшоў, ён не атрымаў бы ласкі даравання правінаў. Перэгрынацыя абраза Езуса Міласэрнага з’яўляецца вельмі добрай нагодай, каб прыняць Езуса Міласэрнага, кінуцца ў Яго абдымкі, каб Ён здзейсніў цуд перамены нашага жыцця.

 
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша ў Налібоках
Пасля Спаслання Духа Святога Апосталы, узмоцненыя Ім, духоўна перамяніліся і без боязі пайшлі па вуліцах Ерузалема абвяшчаць Хрыста ўкрыжаванага і ўваскрослага. Яны абвяшчалі так, што людзі розных народаў чулі іх кожны на сваёй мове і разумелі. Праз гэта праявілася спаўненне Апосталамі наказу Пана ў справе абвяшчэння Евангелля ўсім народам, а таксама праявілася ўніверсальнасць Збаўлення. Апосталы і іх наступнікі мужна ішлі абвяшчаць Добрую Навіну па ўсім свеце. Знамянальнаю ў гэтым сэнсе з’яўляецца постаць святога Апостала Паўла, год якога сёлета азначае Касцёл. Павел, поўны Духа Святога, бясстрашна, нягледзячы на шматлікія перашкоды і пераследы, мужна нёс Евангелле ўсім народам, а сваю вернасць пакліканню быць апосталам пацвердзіў мучаніцкай смерцю.

Сучасны свет патрабуе не толькі сапраўды верных Хрысту і Евангеллю, але таксама сведкаў Хрыста. Яны найперш павінны быць такімі, каб адчувалася, што ў іх жыве Езус. Прыкладам хрысціянскага сведчання з’яўляецца святая Бэрэтта Молла, абраз і рэліквіі якой знаходзяцца тут, у налібоцкім касцёле. Менавіта гэтая жанчына у 50-х гадах мінулага стагоддзя аддала сваё жыццё, дзеля таго, каб нарадзіць новае.

Сапраўдны вернік павінен жыць праўдай Евангелля і згодна з вучэннем Касцёла. І ніякія спакусы не могуць адвесці яго ад гэтага. Не чалавекам устаноўлены закон, і не ён дае трактаванне Евангеллю. Закон Божы і разуменне Евангелля — такое, якім яго разумее Касцёл — павінна быць у цэнтры сапраўднага хрысціянскага жыцця. А каб так было, трэба жыць у праўдзе Духа Святога, трэба адкрывацца для Яго дзеяння, карыстацца Яго дарамі і давярацца Яму, бо Дух Святы на працягу ўжо 2 тысяч гадоў кіруе Касцёлам і будзе ім кіраваць да канца часоў. Ён дапаможа адрозніць сапраўдныя каштоўнасці ад фальшывых, дапаможа выбраць шлях, які вядзе да будавання гарманічнага жыцця на аснове хрысціянскіх каштоўнасцяў і будавання цывілізацыі любові і жыцця, замест цывілізацыі нянавісці і смерці, што ўрываецца ў нашае жыццё. Хрысціянства — гэта рэлігія жыцця. Наш Бог — гэта Бог жыцця, любові, міласэрнасці, а не смерці і нязгоды. Да Яго нас вядзе таямніца Пяцідзесятніцы, якая здзяйсняецца кожны раз, калі цэлебруецца сакрамэнт канфірмацыі, таямніца, якая сапраўды змяняе свет.

 
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Гамілія падчас святарскіх і дыяканскага пасвячэнняў
у мінскай архікатэдры
13 мая 2009 г.


Вашыя Эксцэленцыі, паважаныя святары, законнікі і законніцы, бацькі і блізкія тых, хто пасвячаецца ў святары і дыяканы.

1. Чарговы раз Божы Провід дазваляе нам прыняць удзел у літургіі святарскіх пасвячэнняў. На гэты раз — у пасвячэннях двух святароў і аднаго дыякана. Зыходзячы з факту вялікага недахопу святароў у нашай архідыяцэзіі і ва ўсёй краіне, — гэта сапраўды вялікая ласка Божай міласэрнасці. Тым больш, што гэтыя пасвячэнні адбываюцца амаль што ў 95-ю гадавіну святарскіх пасвячэнняў нашага земляка благаслаўлёнага кс. Міхала Сапоцькі (15 чэрвеня), якому Найвышэйшы даручыў місію распаўсюджвання культу Божай міласэрнасці.

Мы павінны задумацца над тым, да якой годнай місіі яны пакліканы ў Касцёле, і якія абавязкі будуць выконваць.
 
2. Каб лепш гэта зразумець, звернемся да тэкстаў Святога Пісання.

У Евангеллі Езус, калі выбірае Сымона сваім Апосталам, дае яму новае імя і называе Пятром. Пётр — гэта значыць скала. На ёй Хрыстус збудуе Свой Касцёл, і брамы пякельныя не перамогуць яго (пар. Мц 16, 18). Аднак, у той жа час, у Апостальскіх Дзеях сам Езус названы скалой, і няма іншага імя, у якім мы маем збаўленне (пар. Дз 4, 11–12). Сапраўды, ёсць толькі адна скала — гэта Езус Хрыстус. Ёсць таксама адно імя, у якім мы збаўлены, — гэта Езус Хрыстус. Імя Пётр у значэнні скала мы можам разумець толькі ў сэнсе святарства Новага Запавету. Усё, што робіць Пётр, ён робіць ад імя Езуса Першасвятара і дзеля збаўлення чалавека. У імя Езуса Пётр чыніць цуды. Узгадаем гісторыю, калі ён і Апостал Ян выходзілі з ерузалемскай святыні і ўбачылі кульгавага, які прасіў міласціны. Тады Пётр сказаў, што яны не маюць ні золата, ні серабра, але тое, што маюць, даюць яму. У імя Езуса Хрыста Пётр сказаў кульгаваму, каб той устаў і хадзіў (пар. Дз 3, 6).

У Апостальскіх Дзеях мы чытаем, што камень, адкінуты будаўнікамі, стаў галавою вугла (пар. Дз 4, 11–12). Нам добра вядома, што ў будаўніцтве галоўным элементам падмурка з’яўляецца вуглавы камень. Калі ён моцны, то і будынак будзе стаяць трывала. Гэтым адкінутым каменем стаў Езус Хрыстус, аднак нябесны Айцец учыніў Яго падмуркам святыні Новага Запавету. Падобна і Апостал Пётр, а таксама іншыя апосталы, як святары, зведваючы цяжкасці крыжа, з’яўляюцца нібы адкінутымі. Аднак моцаю Езуса Хрыста яны становяцца будаўнікамі Касцёла, і праз іх Бог здзяйсняе збаўленне. Бог чыніць гэта праз людзей, якія наследуюць Хрыста і сваю надзею маюць у Богу. У гэтым сэнсе вялікае значэнне маюць словы Пятра і Яна, што трэба слухаць больш Бога, чым людзей (пар. Дз 4, 19).

3. Такім чынам, мы падыходзім да таго, што ў навучанні II Ватыканскага Сабору пра святарскае служэнне акрэсліваецца словамі дзейнічаць «in persona Christi» — ад імя Езуса Хрыста і Ягонаю моцаю. Святар не дзейнічае сваёю моцаю, але моцаю Езуса Хрыста. У гэтым крыецца яго цудоўнае пасланніцтва. Хто можа сказаць: гэта Маё Цела і Мая Кроў? Гэта значыць — Цела і Кроў Хрыста. Ніхто іншы, толькі святар, які падчас святарскіх пасвячэнняў моцаю Духа Святога пазначаецца незнішчальнаю, вечнаю пячаццю святарства. Ён становіцца «sacerdos in aeternum» — «святаром на векі», каб дзейнічаць моцаю Збаўцы. II Ватыканскі Сабор вучыць, што калі святар хрысціць, то сам Езус адпускае першародны грэх і тыя грахі, што былі ўчынены перад хростам. Калі святар дае адпушчэнне грахоў, гэта чыніць сам Езус Хрыстус. Калі цэлебруе святую Імшу, то Хрыстус у бяскроўнай ахвяры аддае Сябе за нас. Калі святар абвяшчае Божае слова, гэта чыніць сам Езус (пар. SC 7).

4. Святар, які дзейнічае моцаю Езуса Хрыста, пакліканы да выканання шэрагу першачарговых заданняў (PO 4–6).

Першым і галоўным заданнем святара з’яўляецца абвяшчэнне Божага слова. Святы Павел кажа, што вера ад слухання, а тое, што мы чуем — ад слова Хрыстова (пар. Рым 10, 17). Каб слухаць радыё ці музыку неабходны радыёперадатчык. Такі ж перадатчык патрэбны і ў абвяшчэнні Божага слова, каб яно заўсёды было жывым і дзейсным (пар. Гбр 4, 12).

Абвяшчэнне Божай праўды ў наш час — гэта заданне вельмі актуальнае і адказнае. Працэсы секулярызацыі развіваюцца так моцна, што ўсё больш людзей жывуць так, як быццам Бог не існуе, а чалавеку дазволена самавольна змяняць Божае права, што з’яўляецца прычынай маральнага рэлятывізму. Філасофія постмадэрнізму, якая пануе ў сённяшнім свеце, не прымае існавання абсалютнай праўды. У свеце ўсё змяняецца, таму і маральныя нормы таксама могуць змяняцца — гэта новае правіла жыцця сучаснага чалавека, асабліва моладзі. Аднак, і гэта трэба памятаць, Бог не памёр, не захварэў і не пайшоў на адпачынак. Ён жыве, прапануе сваё навучанне і чакае адказу чалавека. У сваёй бязмежнай міласэрнасці Бог прымае ўсіх і нікога не адкідае.
 
Сучасны чалавек вельмі лёгка губляе надзею і сэнс жыцця. Ён не вытрымлівае цяжкасцяў і шукае паратунку ў алкаголі і наркотыках, якія ствараюць ілюзорны свет і дапамагаюць забыцца. Аднак не на доўга. Злы дух пры гэтым не спіць: ізноў нехта прапануе наркотыкі. Распачынаецца працэс, у выніку якога чалавек трапляе ў залежнасць і канчаткова губляе надзею.

Таму на сучасным этапе перад святаром стаіць вельмі адказнае заданне: абвяшчаць Евангелле так, каб яно сапраўды было прынята, і каб людзі будавалі сваё жыццё паводле яго. Таму трэба стаць Паўлам XXI стагоддзя, які усё сваё жыццё прысвяціў абвяшчэнню Добрай Навіны.

Другім заданнем святара з’яўляецца асвячэнне людзей праз цэлебрацыю сакрамэнтаў. Мы добра ведаем, што для збаўлення неабходна Божая ласка. Яна даецца чалавеку праз удзел у сакрамэнтах, цэлебруючы якія, асабліва Эўхарыстыю, святар не мае права паддацца згубным тэндэнцыям спрашчэння літургіі або яе змены, бо гэта — літургія самаго Езуса Хрыста і Касцёла. Літургія — гэта не прыватныя дзеянні, а цэлебрацыя Касцёла (пар. SC 26). Акрамя гэтага права на годную цэлебрацыю літургіі маюць таксама вернікі. Таму літургія — вяршыня касцёльнага жыцця і крыніца, з якой выцякае ўся яго моц, — павінна стаць цэнтрам жыцця святара.

Трэцяе заданне святара — у любові збіраць народ Божы, кіраваць ім і такім чынам будаваць Касцёл. Вернікі, якія перажылі доўгія дзесяцігоддзі пераследу веры, добра ведаюць, што значыць мець святара. Менавіта вакол яго збіраецца парафіяльная супольнасць і адраджаецца парафіяльнае жыццё.
 
Адзін чалавек у Літве апавядаў мне пра вятранне з лагера. Калі цягнік ужо ехаў па Беларусі, старэйшыя людзі ўсё часцей паглядалі ў вакно, бо не хацелі прамінуць Краснае — вёску, у якой на гары ўзвышаўся касцёл, які дзейнічаў, і дзе быў святар. Калі нарэшце паказалася гэта святына, людзі, што былі ў цягніку, упалі на калені і са слязамі радасці пачалі маліцца. Пасля многіх гадоў ссылкі яны нарэшце ўбачылі знак збаўлення. Да іх набліжалася тая хвіліна, калі яны сустрэнуць святара і змогуць памаліцца ў касцёле.

Тыя людзі добра разумелі, што дзякуючы святару сам Езус становіцца прысутным у гэтым свеце.

Вы пакліканы да гэтых вельмі адказных заданняў. Сумленнага спаўнення гэтых заданняў чакаю ад вас я, як ваш біскуп, чакае Касцёл і чакаюць вернікі, каб вы маглі вярнуць ім страчаную надзею і весці шляхам збаўлення.

5. Падчас гэтай святой Імшы адбудзецца таксама дыяканскае пасвячэнне, якое з’яўляецца першаю ступенню святарства. Дыякан найперш пакліканы да абвяшчэння Божага слова і дапамогі святару, найперш у цэлебрацыі Эўхарыстыі. Дыякан таксама мае права хрысціць і, атрымаўшы дазвол адпаведнай касцёльнай улады, благаслаўляць сакрамэнт сужэнства. Ён мае права ўдзяляць Камунію, заносіць Віятык паміраючым, праводзіць пахаванні і іншыя набажэнствы. Асаблівае заданне дыякана — гэта служэнне міласэрнасці, якая з’яўляецца сутнасцю Касцёла. Пра гэта нагадвае Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у сваёй першай энцыкліцы «Бог ёсць любоў» (пар. DCE 25).

Няхай час дыяканскага служэння дапаможа табе належным чынам падрыхтавацца да святарства, каб, калі прыйдзе адпаведны час, біскуп мог удзяліць табе святарскае пасвячэнне.

6. Для выканання гэтых святарскіх і дыяканскіх абавязкаў неабходна дапамога. Святарства — гэта самы вялікі дар, які чалавек можа атрымаць ад Бога. Аднак, як кажа святы Апостал Павел, гэты дар мы носім у гліняных сасудах (пар. 2 Кар 4, 7). І сапраўды, у сённяшніх абставінах, калі інтэнсіўна развіваецца секулярызм, трэба быць духоўна моцнымі, каб не змарнаваць гэты дар і быць радасцю чалавека. Людзі чакаюць святароў падобных да Добрага Пастыра Езуса Хрыста. Для гэтага неабходна быць у лучнасці з Ім. Таму хачу завярнуць вашу ўвагу на прыярытэт малітвы ў жыцці і служэнні святара. Святар, каб быць злучаным з Езусам Добрым Пастырам і стаць слугою для людзей, да якіх ён пасланы, павінен быць чалавекам малітвы, цэнтрам якой з’яўляецца Эўхарыстыя.

7. Дарагія мае духоўныя сыны, якія становіцеся святарамі і дыяканам, памятайце, што пасвячэнні вы прымаеце напярэдадні Года святарства, дэвіз якога — «Вернасць Хрыста, вернасць святара». Таму будзьце вернымі Хрысту Першасвятару. Будзьце вернымі пакліканню да святарства, захоўвайце яго і верна служыце людзям. Няхай у гэтым вам дапамагае наш благаслаўлёны зямляк кс. Міхал Сапоцька, якога Езус, падчас аб’яўлення святой Фаустыне Кавальскай, назваў святаром паводле Ягонага сэрца. Няхай прыкладам будзе святы Ян Марыя Віянэй — апякун Года святарства. Няхай святы Антоній, якога сёння ўспамінае Касцёл, і які дапамагае знаходзіць згубленыя рэчы, праз вашае служэнне дапаможа адшукаць веру тым, хто яе страціў. Няхай Марыя — маці святароў — выпрошвае ў свайго Сына Езуса Хрыста благаслаўленне, каб вы сапраўды былі радасцю і надзеяй нашага Касцёла. Амэн.

 
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас сакрамэнту канфірмацыі на Залатой Горцы
22.07.2009 15:20
1. У першым сённяшнім чытанні з Дзеяў Апосталаў распавядаецца пра прыняцце ў Касцёл язычнікаў. Гэта азначае, што Бог ёсць Богам усіх людзей, і што Езус Хрыстус праліў сваю кроў за кожнага чалавека. Бог блізкі кожнаму і, паводле словаў пісьменніка Фёдара Дастаеўскага, няма людзей больш ці менш пабожных, але ёсць тыя, якія Бога ведаюць, і тыя, якія Яго яшчэ не пазналі.

Чалавек адкрываецца на Бога ў любові падобна таму, як і Бог адкрыўся чалавеку ў любові ў Езусе Хрысце — Уцелаўлёнай Любові. Сведчаць аб гэтым сённяшнія другое чытанне і Евангелле, у якіх выразна сцвярджаецца, што толькі дзякуючы любові можна стаць сапраўдным сябрам.

Езус называе нас сваімі сябрамі, бо да канца палюбіў нас. Сяброўства нельга запрацаваць, бо яно з’яўляецца дарам. Слуга можа выконваць кожнае пажаданне свайго гаспадара, аднак гэтага далёка не дастаткова, каб ён назваў яго сваім сябрам. Езус жа аддае сябе кожнаму чалавеку і кожнага называе сваім сябрам.

2. На гэты дар сяброўства мы павінны адпаведна адказаць сваёй любоўю. Нездарма Езус кажа, што той, хто Яго любіць, той захоўвае Яго вучэнне. Таму Ён заахвочвае трываць у Яго любові і любіць адно аднаго. Такая любоў з’яўляецца новым законам.

Можа сучаснаму, асабліва маладому чалавеку, цяжка зразумець, як любоў можа падпарадкавацца закону. «Любоў — гэта свабода», — кажа сучасны малады чалавек. Як тады мы павінны разумець словы сённяшняга Евангелля? Якія адносіны паміж любоўю і абавязкамі?

Каб лепш зразумець гэта, трэба памятаць пра два віды абавязкаў. Адзін мае знешні характар і не паходзіць з волі самаго чалавека. Другі мае ўнутраннае паходжанне і нараджаецца ў самім чалавеку. Напрыклад, камень, кінуты ўверх, павінен упасці на зямлю, і не таму, што гэта яму нехта наказаў, але таму, што існуе закон сусветнага прыцягнення, так званы закон Ньютана.

Падобна гэтаму існуюць два спосабы, паводле якіх чалавек можа быць пабуджаны нешта рабіць або не рабіць — праз прымус да гэтага або праз свабоднае жаданне. Дзяржаўныя ці грамадскія законы дзейнічаюць паводле першага спосабу і дзейнічаюць нават з пагрозаю кары, калі закон не будзе выкананы. Крыніцай другога спосабу з’яўляецца любоў, якая знутры пабуджае да дзеяння.

Кожны чалавек хоча ахвотна робіць тое, што любіць. Дастаткова паказаць дзіцяці забаўку і ўбачым, як яно адразу займецца ёю. Хто яму кажа, хто яго змушае да гэтага? Ніхто, але яно цягнецца да забаўкі, бо яна яму падабаецца, яно яе жадае.

Нездарма св. Аўгустын кажа, што любоў — гэта «цяжар» душы, які цягне да таго, што падабаецца. У гэтым сэнсе трэба зразумець словы сённяшняга Евангелля, што любіць адно аднаго так, як нас палюбіў Езус — гэта закон.

3. У гэтым сэнсе паводле закону любові мы павінны імкнуцца да абсалютнага дабра, якім з’яўляецца сам Бог. Аднак, з іншага боку, мы добра ведаем, што вакол нас ёсць многа іншых рэчаў, якія нас прыцягваюць. І таму мы можам лёгка заблукаць, замест сапраўдных каштоўнасцяў можам лёгка выбраць фальшывыя і такім чынам згубіць шлях, які вядзе да Бога.

Як, напрыклад, касмічны карабель, які ляціць да нейкай планеты, можа трапіць у поле гравітацыі іншага касмічнага цела і змяніць сваю траекторыю. Таксама і ў жыцці чалавека іншыя каштоўнасці могуць змяніць траекторыю яго хрысцінскага жыцця, і замест імкнуцца да абсалютнага Дабра — Бога — ён імкнецца да бязбожнага жыцця, ставячы сябе на Яго месца і зменяючы маральныя нормы. Таму Божыя запаведзі і Евангелле служаць таму, каб пазбегнуць гэтага. Менавта, яны служаць нашаму дабру.

4. Ёсць такі вельмі прыгожы аповед пра Адысея. Вяртаючыся дамоў з Траянскай вайны ён павінен быў праплыць тую частку мора, дзе жылі прыгожыя сірэны — марскія німфы. Ён добра ведаў, што многія маракі, заварожаныя надзвычай прыгожым спевам німфаў, зменялі курс карабля, накіроўваліся на мулісты бераг і ў выніку гінулі. Адысей вельмі любіў сваю айчыну — востраў Ітаку — і жонку Пэнэлопу, таму жадаў вярнуцца да яе.

Ён казаў матросам пазаклейваць вушы воскам, а сябе прывязаць да мачты. Сірэны спявалі вельмі прыгожа, Адысей чуў іх спеў, крычаў, вырываўся, аднак вяроўкі, якімі быў прывязаны да мачты, трымалі яго моцна, а матросы не чулі яго голаса. Такім чынам Адысей перамог німфаў.

Вобразна можна сказаць, што з любові да сваёй жонкі і радзімы Адысей сам устанавіў закон, на моцы якога ён быў прывязаны да мачты, што і ўратавала яму жыццё.

5. Перад тым, як жадаць ад нас выканаць закон любові, Бог адорвае нас сваёю ласкаю — дарам, які дапамагае выканаць гэты закон. Такім чынам Бог злучае нас з сабою, як быццам прывязывае да сябе, у сваёй любові устанаўлівае з намі запавет.

Каб мы трымаліся гэтага запавету і заўсёды выконвалі Божы закон, ведаючы нашую слабасць, Бог прыходзіць нам з дапамогаю. Найперш мы яе атрымліваем у сакрамэнтах. Гэтаму служыць і сакрамэнт канфірмацыі, мэтаю якога з’яўляецца ўзмоцніць нашыя духоўныя сілы, каб мы сапраўды любілі Бога і жылі паводле Яго запаведзяў.

Каб мы маглі зразумець, што сапраўдная любоў — гэта дадзены Богам закон, а не свабода чыніць усё, што падабаецца. Гэта не той закон, які змушае нас нешта рабіць, але закон, які выходзіць з нутра чалавека, які праяўляецца ў любові Бога і бліжняга.

У сакрамэнце канфірмацыі Хрыстус адорвае нас дарамі Святога Духа, які ўжо 2000 гадоў вядзе Касцёл Божым шляхам. У наш час секулярызацыі і дэхрысціянізацыі Дух Святы навучае нас і ўспамагае, каб мы, выбраныя Богам, ішлі і прынеслі плён, і каб гэты плён трываў. Гэта азначае, што мы пакліканыя пражыць жыццё так, каб яно прынесла як мага больш плёну, прадусім духоўнага.
Змена свету настане прадусім праз змену духоўнага жыцця чалавека.

Не дастаткова змяніць і палепшыць інфраструктуру гарадоў і вёсак, не дастаткова развіваць навуку і тэхналогію, не дастаткова нават пераадолець эканамічны крызіс, які апанаваў сучасны свет. Трэба змяніць чалавека. Трэба паставіць яго на «рэльсы» Евангелля і прадусім на «рэльсы» жыцця ў любові Бога і бліжняга.

Таму трэба адкрыцца на дзеянне Святога Духа, каб Ён распаліў у нас агонь любові, каб узмоцніў нашы духоўныя сілы, каб Божы закон быў нам не цяжкасцю, але ўнутранай духоўнай патрэбай, якая ўсцеражэ нас ад змены траекторыі вызначанага нам Богам жыцця, узмоцніць духоўныя сілы ў барацьбе са злом і небяспечнымі выклікамі сучаснасці, каб мы, застаючыся вернымі свайму хрысціянскаму пакліканню, праз пастаяннае дасканаленне і ўзрастанне ў цнотах змянялі воблік нашай зямлі, каб яна сапраўды была Белай, гэта значыць святой Руссю. Амэн. 
 
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча з нагоды перэгрынацыі абраза Езуса Міласэрнага ў касцёле святых Сымона і Алены 25 красавіка 2009 г.

«Езус — ахвяра ўміласціўлення за грахі нашыя». У гэтых словах св. Апостала Яна з сённяшняга другога чытання заключана праўда пра бясконцую Божую міласэрнасць.

Калі ў штодзённым жыцці мы гаворым пра ахвяру, то найчасцей кажам, што нехта стаўся ахвярай пэўнага выпадку, аварыі, хваробы, сваёй наіўнасці і г. д. Усё гэта азначае, што ахвярай чалавек становіцца супраць сваёй волі.

У выпадку Езуса Хрыста ўсё зусім інакш. Ён сам дабравольна згаджаецца з воляй Нябеснага Айца, ідзе на мукі і ўкрыжаванне. Гэтым самым у Яго крыжовай смерці праявілася любоў да чалавека на найвышэйшым узроўні, — як адзначае Слуга Божы Ян Павел II. А папа Бэнэдыкт XVI у сувязі з гэтым кажа, што крыжовая смерць Езуса Хрыста — гэта дзеянне Бога супраць самога сябе. І сапраўды, Бог — гэта жыццё, а тут Ён памірае.

Гэта немагчыма зразумець нашым чалавечым розумам. Езус навучае, што няма большай любові за тую, калі нехта аддае сваё жыццё за іншага чалавека. Гісторыя ведае ўжо шмат такіх прыкладаў. Святы Максіміліян Кольбэ аддаў сваё жыццё у Асвенціме за бацьку сям’і. Святая італьянка Бэрэтта Молла аддала сваё жыццё дзеля жыцця свайго дзіцяці.

У прыродзе вядомы закон, паводле якога смерць аднаго з’яўляецца жыццём для іншага — больш моцны звер з’ядае слабейшага і такім чынам жыве. Падобнае адбылося на крыжы. Неабходна была смерць Хрыста і Яго уваскрасенне, каб чалавек мог жыць духоўна.

Такім чынам, жыццё прыйшло ў гэты свет праз смерць. Вельмі добра гэтую праўду абвяшчае велікодная песня, якая часта сустракаецца ў візантыйскай літургіі: смерцю смерць перамог і жыццё дараваў тым, хто ў труне. Смерць была пераможана смерцю. Нехта скажа — парадокс. Са смерцю усё завершаецца, а тут — новы пачатак. Больш за тое, гэта пачатак новага жыцця адкупленнага чалавека ў Божай ласцы. Нездарма св. Апостал Павел кажа, што там, дзе панаваў грэх, яшчэ мацней запанавала ласка.

Смерць Хрыста на крыжы асвяціла крыж, які з дрэва ганьбы перамяніўся ў дрэва надзеі і благаслаўлення, а праз змёртвыхпаўстанне мы атрымалі новае жыццё. Сапраўды: Езус стаў дабравольна прынятай ахвярай уміласціўлення за нашыя грахі. Гэтая ахвяра — нішто іншае як акт бязмежнай Божай міласэрнасці, дзякуючы якому грэшны чалавек атрымаў статус дзіцяці Божага і апрануўся ў адзенне Божай ласкі. Ён ужо больш не той нагі Адам, які зграшыў і, баючыся Бога, схаваўся. Гэта ўжо новы чалавек, які з дапамогаю Божай ласкі здольны адказаць на выклікі часу.
Евангелле 3-й Велікоднай нядзелі з’яўляецца яшчэ адным пацвярджэннем уваскрасення Хрыста.

Вучні з Эмауса апавядаюць пра тое, што здарылася з імі: у ламані хлеба — гэта азначае ў Эўхарыстыі — яны пазналі Езуса Уваскрослага. У гэты час Хрыстус з’яўляецца сярод іх. Вучні перапалоханыя, думаюць, што гэта прывід. Аднак Хрыстус хутка абвяргае іх сумненні, кажучы, каб дакрануліся да Яго і далі Яму есці.

Такім чынам Езус яшчэ раз пацвердзіў факт свайго ўваскрасення, што само па сабе з’яўляецца праяўленнем Божай міласэрнасці, бо адкрывае дарогу да ўваскрашэння людзей. Нездарма св. Павел кажа, што калі мы разам з Хрыстом паміраем для граху, то разам з Ім і ўваскрасаем да жыцця ў ласцы. Ён таксама кажа, што калі б Езус не уваскрос, то марным было б нашае абвяшчэнне Евангелля і марнай была б наша вера.

Аднак, на працягу ўжо больш за 2000 гадоў хрысціянства сведчыць, што абвяшчэнне Евангелля і вера не былі марнымі. Праўда аб уваскрасенні Хрыста прайшла многія выпрабаванні як ва ўсім свеце, так і ў нашай краіне.

Ёсць адзін праўдзівы аповед. Аднойчы, у цяжкія часы атэізацыі ў велікодны перыяд атэісты сабраліся ў клубе калгаснікаў і доўга даказвалі, што Бога няма, няма і ўваскрасення. Ім здавалася, што людзі ўсё добра зразумелі і з верай скончана. Тады яны запрасілі калгасніка, каб той выказаўся. На сцэну падняўся пажылы чалавек і сказаў: «Хрыстус уваскрос!» На што ўся зала разам адказала: «Сапраўды ўваскрос!» Дарэмнай аказалася доўгая прапаганда.

Сёння мы з’яўляемся сведкамі многіх знакаў Божай міласэрнасці і ўваскрасення. Можа і сярод вас ёсць сведкі аднаго здарэння 1990 г. Я тады прыехаў у Мінск на свята Божай міласэрнасці. Чырвоны касцёл яшчэ не быў аддадзены вернікам. Вялася вельмі цяжкая барацьба за яго. Мы мелі толькі невялікі куточак. Святую Імшу тады я цэлебраваў на панадворку, бо было шмат вернікаў. Падчас Імшы мне ў галаву прыйшла наступная думка. Сёння свята Божай міласэрнасці, давайце звернемся да яе ў эўхарыстычнай працэсіі з просьбай аб хутчэйшым вяртанні касцёла вернікам. Я спытаў пробашча, ці ёсць манстранцыя. Дзякуй Богу, была. Але не было ні харугваў, ні балдахіна. Ніхто не сыпаў кветак. Аднак Езус ішоў у Эўхарыстыі. Калі такое было апошні раз — і прыгадаць было складана. Людзі на плошчы здзіўлена глядзелі і думалі, што гэта за дэманстрацыя. І стаўся цуд. Літаральна праз некалькі дзён касцёл быў перададзены вернікам. Гэта быў сапраўдны цуд Божай міласэрнасці і ўваскрасення, бо ў цэнтры Мінска з’явіўся касцёл — месца сустрэчы чалавека з Богам.

Сучаснаму чалавеку, які жыве ў абліччы секулярызму і тэзісу, што Бог памёр, а хрысціянства ўжо не можа адказаць на хвалюючыя пытанні сучаснасці, патрэбна духоўнае ўваскрашэнне. Тых, хто кажа, што хрысціянства не можа адказаць на выклікі часу, хацелася б спытаць: пра якое хрысціянства вы гаворыце? Напэўна, пра тое, якое лібералізуецца і секулярызуецца. Сучаснаму чалавеку патрэбна сапраўднае хрысціянства — хрысціянства Божага закону, духа Евангелля і міласэрнасці.

Праз святую Фаустыну і благаслаўлёнага Міхала Сапоцьку — як прыклад жыццёвага шляху для сучаснага чалавека — Бог увёў нас у таямніцу Божай міласэрнасці. Таму мы з удзячнасцю павінны паўтараць словы, якія бачым на абразе: Езу, я давяраю Табе! Гэтыя словы з’яўляюцца адказам чалавека на Божы дар, якім з’яўляецца Божая міласэрнасць, гэта вера ў тое, што яна сапраўды можа нам дапамагчы, што дзякуючы ёй нас не пужаюць выклікі сучаснасці. Няхай гэта перэгрынацыя абраза Езуса Міласэрнага і рэліквій нашага земляка благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі ўмацуюць нас у даверы да Божай міласэрнасці і дапамогуць шукаць паратунку ў ёй як адзінай надзеі свету, каб сучасны чалавек уваскрос з граху і ішоў шляхам збаўлення. Амэн.
 
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас перэгрынацыі абраза Езуса Міласэрнага ў Серабранцы

Міласэрнасць Твая, Пане, няхай будзе з намі

Парафія Святога Яна Хрысціцеля, 25 красавіка 2009 г.

«Міласэрнасць Твая, Пане, няхай будзе з намі», — словы рэфрэна рэспансарыйнага псальма, які спяваецца падчас сённяшняй літургіі, вельмі добра адпавядаюць ідэі перэгрынацыі абраза Езуса Міласэрнага па парафіях нашай архідыяцэзыі. Больш за тое, яны нават сугучныя надпісу на гэтым абразе — «Езу, давяраю табе», — у якіх заключаны наш адказ на ласку Божай міласэрнасці, якою Бог нас адорвае.

У сённяшнім Евангеллі распавядаецца пра Езуса, які ішоў па моры, якое моцна хвалявалася. У іншым месцы Евангелля распавядаецца, як Езус суцішыў буру на моры. Бура ў адкрытым моры — гэта вельмі небяспечна. Хвалі становіцца ўсё большымі і большымі. Здаецца, што яны накрыюць човен. Апосталы спалоханыя. Што з імі будзе? Яны нават наракаюць на Езуса, якога, як ім здаецца, зусім не цікавіць іх лёс. Аднак гэта зусім не так! Езус суцішае буру.

Апостал Пётр, убачыўшы Езуса, які ідзе па вадзе да чаўна, кідаецца ў мора і таксама ідзе па вадзе. Аднак у пэўным моманце ён пачынае сумнявацца і тоне. Езус ратуе яго і з дакорам кажа, што ў яго малая, а гэта значыць слабая вера. Гэтыя словы нібы прамоўлены да ўсіх Апосталаў, якім няма чаго баяцца, пакуль з імі ёсць Езус.

Гэтая евангельская гісторыя паўтараецца і сёння, паўтараецца перадусім дзякуючы ласцы Божай міласэрнасці.

Калі мы ўважліва паглядзім на жыццё сучаснага чалавека, то адразу заўважым, што яно знаходзіцца ў вялікай небяспецы. Газеты, часопісы, радыё, тэлебачанне, Інтэрнэт запоўнены навінамі пра разнастайныя канфлікты, у тым ліку і збройныя, пра тэрарыстычныя акцыі, забойствы, карупцыйныя скандалы, насілле, рознага роду крызісы, амаральныя ўчынкі (асабліва сярод моладзі), пра алкагалізм, наркаманію, хваробу СНІД, сацыяльную несправядлівасць, беднасць і г. д. Здаецца, што човен сучаснага свету заліваюць хвалі, выкліканыя бурай на акіяне XXI стагоддзя, і гэты човен у любы момант можа пайсці на дно. 

Мы часта шукаем прычыны негатыўных з’яваў і выклікаў сучаснасці, і стараемся іх вырашыць. Так, напрыклд, вельмі шмат робіцца ў справе прафілактыкі і лячэння СНІДу — пандэміі нашага часу. Усё гэта вельмі добра і сведчыць пра салідарнасць паміж людзьмі.

Аднак, амаль ніхто, акрамя Касцёла, не шукае прычыны гэтай хваробы. А яна адна — гэта амаральнае жыццё сучаснага чалавека, сужэнская нявернасць, імкненне да неўпарадкаванага і нязгоднага з Божай воляй сексуальнага жыцця. Не трэба было б шукаць лекаў, аддаваць вялікія сумы грошаў на барацьбу са СНІДам, калі б чалавек трымаўся шостай Божай запаведзі і жыў паводле Божага закону.

Мы, падобна Апосталам, забываемся, што з намі ёсць Езус. Некалі ў сваёй пысе мы нават стараемся ісці па вадзе, аднак хутка тонем. У нас малая вера, малы давер Богу, які можа нас уратаваць і не дасць утануць у амаральным акіяне сучаснасці.

Не так даўно, два тыдні таму, мы адзначалі Пасхальны трыдуум і разважалі над мукай, смерцю і змёртвыхпаўстаннем Езуса Хрыста. Мы засяроджваліся над таямніцаю нашага збаўлення. Тады разам з Марыяй, Апосталам Янам і салдатамі мы ішлі да крыжа нашага Пана, разважалі над той бязмежнай любоўю, якою Ён нас адкупіў. Разважалі мы пра здрадніка Юду і нявернага Апостала Пятра. Адзін і другі здрадзілі Езуса. Чалавецтва ўжо 2000 гадоў з пагардай кажа пра здраду Юды. І ў той жа час 2000 гадоў аддае пашану св. Пятру — ключніку Валадарства Божага, падмурку святога Касцёла, які жыве ў сваіх наступніках, якімі з’яўляюцца Папы Рымскія. У чым жа справа? Чаму з двух здраднікаў аднаго лічаць святым, а пра другога нават не хочуць узгадваць.

Уся справа ў тым, што Пётр шкадаваў за свае грахі, пакутаваў. Традыцыя кажа, што ён, калі толькі ўзгадваў, што ажно тры разы адрокся ад свайго Настаўніка, то так моцна плакаў, што на яго твары з’явіліся барозны. Юда тым часам не меў жалю за свой грэх і павесіўся. Аднойчы катахетка запыталася пра гэтую гісторыю ў вучняў. Адзін хлопчык сказаў, што Юда павесіўся не на тым, на чым яму трэба было павесіцца, — яму трэба было «павіснуць» на шыі Хрыста. У гэтым адказе ёсць вялікая праўда. Калі б Юда выказаў жаль за свой грэх, то атрымаў бы збаўленне і быў у Валадарстве Божым, як той злодзей, які быў укрыжаваны разам з Езусам, і моцна шкадаваў за свае грахі.

У гэтым заключаецца таямніца Божай міласэрнасці. Усе мы павінны стаць Пятрамі і злодзеямі (падобна таму ўкрыжаванаму каля Езуса), якія шкадуюць за свае грахі, трэба стаць блуднымі сынамі, якія зразумелі сваю памылку і стараліся яе выправіць, трэба стаць сучаснымі Аўгустынамі, якія кажуць: «Калі іншыя маглі стаць святымі, то чаму я не магу?», і г. д.

Божая міласэрнасць — бязмежная. Аднак яе можа абмежаваць чалавек, калі дабравольна адмовіцца ад яе. Таму заклік рафрэна сённяшняга псальма —«Міласэрнасць Твая, Пане, няхай будзе з намі» — павінен гучаць яшчэ з большаю моцаю ў наш час, калі хвалі секулярызму заліваюць човен нашага жыцця.

А таму перш за ўсё трэба абудзіць нашае сумленне, якое, на жаль, у сучаснага чалавека часта спіць. Мы кажам, што нічога дрэннага не зрабілі і таму не маем з чаго спавядацца. У духоўным сэнсе гэта вельмі небяспечны стан чалавека. Мы, напэўна, чулі, што перад смерцю чалавеку раптам становіцца лепш. Урачы сцвярджаюць, што калі арганізм чалавека пачынае паміраць, паступова адказвае нервовая сістэма. Хворы перастае адчуваць боль, які дакучаў яму доўгі час, і думае, што ідзе на папраўку. На самой жа справе — надыходзіць смерць.

Падобнае і з сумленнем. У нашым духоўным жыцці яно выконвае функцыю сістэмы, якая перасцерагае. Калі мы становімся на шлях граху, то нас мучыць сумленне, перасцярагае. Як фізічны боль з’яўляецца чырвоным святлом, якое паведамляе, што ў нас нейкія праблемы са здароўем, так і сумленне кажа: «Будзь уважлівы! Тое, што чыніш, нішчыць у табе духоўнае жыццё, і табе пагражае смерць».

Што робяць людзі, калі адчуваюць боль? Яны спяшаюцца да ўрача і прымаюць прапісаныя ім лекі. Аднак ёсць і такія, якія кажуць: «Са мною нічога страшнага». Яны бяруць абязбольваючы лек, і боль на пэўны час адыходзіць, аднак хвароба працягвае развівацца. Падобна і з сумленнем. Можна яго заглушыць, нават «выключыць». Дастаткова паўтараць: я нічога дрэннага не раблю, іншыя таксама так робяць. Праз нейкі час голас сумлення заціхне зусім, што азначае духоўную смерць.

Сумленне з’яўляецца вялікім дарам Бога. Аднак той, хто яго «выключае», нагадвае чалавека, у якога, калі ён ноччу знаходзіўся ў лесе, сапсаваўся ліхтар. У такім выпадку ўжо вельмі складана трапіць на неба.

Такім чынам, добра сфармаванае сумленне — гэта «дарожны знак» духоўнага жыцця чалавека, які вядзе да бязмежнай Божай міласэрнасі, гэта шанец для ўсіх нас, бо кожны з нас з’яўляецца духоўным бедняком. Аднак найбольш радаснаю весткай Евангелля з’яўляецца вестка пра тое, што багаты на міласэрнасць Бог схіляецца над кожным чалавекам. Мы ведаем, што з’яўляемся попелам, аднак Бог умілаваў гэты попел. Амэн.
 
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Пастырскае пасланне з нагоды распачацця перэгрынацыі
абраза Езуса Міласэрнага і рэліквій благаслаўлёнага ксяндза Міхала Сапоцькі
ў парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
19 красавіка 2009 г.

Глыбокапаважаныя святары, законнікі і законніцы, вернікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі!

1. У свята Божай Міласэрнасці, калі мы завяршаем актаву Пасхі і ў духу хрысціянскай любові малітоўна яднаемся з нашымі праваслаўнымі братамі і сёстрамі, якія сёння святкуюць свята святаў — Уваскрасенне Езуса Хрыста, — у нашай архідыяцэзыі распачынаецца перэгрынацыя абраза Езуса Міласэрнага і рэліквій благаслаўлёнага ксяндза Міхала Сапоцькі. Гэта вельмі сімвалічна, бо міласэрнасць Пана над усімі і яна бязмежная, як навучае Святое Пісанне (пар. Пл 3, 22).

Калі год таму ў Рыме праходзіў першы сусветны Кангрэс Божай міласэрнасці, у ім прымалі ўдзел таксама прадстаўнікі іншых хрысціянскіх супольнасцяў, у тым ліку і Праваслаўнай Царквы. Такое блізкае святкаванне Пасхі ў гэтым годзе яшчэ мацней падкрэслівае факт бязмежнай Божай міласэрнасці, якая цудоўным чынам праявілася у смерці і ўваскрасенні Езуса Хрыста. Менавіта з гэтай нагоды Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у сваёй першай энцыкліцы Deus caritas est — «Бог ёсць любоў» — навучае, што ў смерці Хрыста на крыжы «спаўняецца паварот Бога супраць самога сябе, праз які Ён ахвяруе сябе, каб падняць чалавека і выбавіць яго. Гэта любоў у сваёй самай радыкальнай форме. Позірк, скіраваны на прабіты бок Хрыста, пра які кажа святы Ян (пар. 19, 37), заўважае тое, што <...> „Бог ёсць любоў“ (1 Ян 4, 8). Менавіта там можна зразумець гэтую праўду. Зыходзячы з гэтага можна вызначыць, чым ёсць любоў. Пачынаючы з гэтага позірку, хрысціянін знаходзіць дарогу свайго жыцця і сваёй любові». Гэтая Божая любоў — не што іншае, як праява Божай міласэрнасці.

2. Падчас Вялікага посту мы асаблівым чынам рыхтаваліся да гэтай перэгрынацыі, каб праз яе яшчэ лепш спасцігнуць сэнс Божай міласэрнасці ў жыцці сучаснага чалавека і яго адказу на бязмежную любоў Бога. На самым пачатку трэба адзначыць дзве вельмі важныя акалічнасці падзеі, якая сёння распачынаецца.

Першая акалічнасць — гэта тое, што культ Божай міласэрнасці вельмі шырока распаўсюджаны на Беларусі і ў нашай архідыяцэзіі. У часы пераследу веры мы ўздымалі свае вочы да міласэрнага Бога, заклікалі Яго на дапамогу, прасілі ласкі свабоды веравызнання. У гэтым асабліва нам дапамагаў культ Божай міласэрнасці і найбольш вядомае набажэнства, звязанае з ім — вяночак. Амаль ва ўсіх каталіцкіх сем’ях можна было ўбачыць абраз Езуса Міласэрнага. Людзі часта ездзілі ў Вільню ў Вострую Браму да Маці Міласэрнасці, дзе ў 1935 годзе ўпершыню быў выстаўлены для публічнага ўшанавання абраз Езуса Міласэрнага. Там перад Найсвяцейшаю Матуляй мы вылівалі скруху і боль нашых сэрцаў: «Няма святароў, касцёлы зачынены, няма як вучыць дзетак рэлігіі...» Там праз заступніцтва Марыі — Маці Міласэрнасці — прасілі міласэрнага Езуса аб цудзе. І гэты цуд здзейсніўся. Аднак злы дух не дрэмле. Сёння, перад абліччам небяспечных выклікаў нашага часу, мы зноў скіроўваем вочы і ўзносім малітвы да Божай міласэрнасці, поўныя надзеі, што станецца новы цуд, што сучасны чалавек будзе будаваць сваю будучыню на хрысціянскіх каштоўнасцях і не адрачэцца ад Бога.

Другая акалічнасць — гэта тое, што благаслаўлёны Міхал Сапоцька — наш зямляк. Ён нарадзіўся ў Юшаўшчыне (сёння гэта вёска Навасады) і быў ахрышчаны ў касцёле ў Забрэззі, што на Валожыншчыне. Ксёндз Міхал быў пакліканы Богам стаць спаведнікам святой Фаустыны Кавальскай, якой аб’яўляўся міласэрны Езус. Гэтаму святару Бог даручыў надзвычайную місію — быць духоўным кіраўніком законніцы, праз якую Езус перадаў чалавецтву сваё пасланне міласэрнасці. Менавіта па парадзе ксяндза Міхала сястра Фаустына пачала пісаць свой «Дзённік» і такім чынам пакінула чалавецтву бязмежнай каштоўнасці дакумент аб Божай міласэрнасці і надзеі, якую яна нясе.

Да гэтай надзвычайнай місіі ксёндз Міхал Сапоцька рыхтаваўся на нашай зямлі. Гэтая зямля з яе багатаю і разам з тым трагічнаю гісторыяй падаравала свету святога чалавека, якому Бог дазволіў увайсці ў таямніцу Ягонай міласэрнасці, спасцігнуць яе, апрацаваць яе тэалагічныя асновы і, нягледзячы на шматлікія перашкоды, стаць яе надзвычайным вестуном.

Ці маглі мы сабе яшчэ нядаўна ўявіць, што рэліквіі нашага святога земляка, які нарадзіўся сярод нас і хадзіў па гэтай зямлі, сёння будуць наведваць яе, каб умацоўваць нашую веру і надзею на Божую міласэрнасць?! Таму перэгрынацыя, якая сёння распачынаецца, — гэта вялікі дар і ласка, а разам з тым і вялікае заданне, бо калі наш зямляк змог стаць святым, то чаму мы не можам таксама дасягнуць святасці?

3. Час перэгрынацыі абраза Езуса Міласэрнага і рэліквій благаслаўлёнага ксяндза Міхала Сапоцькі павінен стаць для нас часам засяроджання ўвагі на Божай міласэрнасці, якая цудоўным чынам ва ўсёй паўнаце аб’явілася ў Езусе Хрысце. Сын Божы стаўся чалавекам дзеля нас і дзеля нашага збаўлення. Ён узяў на сябе нашыя грахі і ўзышоў на крыж, каб прынесці Айцу дасканалую ахвяру Новага і Вечнага Запавету. Такім чынам крыж стаўся алтаром любові Бога да чалавека. Любоў вядзе да жыцця і таму яна знайшла свой працяг ў змёртвыхпаўстанні Хрыста, якое стала канчатковаю перамогаю над смерцю і назаўжды прымірыла чалавека з Богам. Таму смерць і ўваскрасенне Збаўцы з’яўляюцца найвышэйшаю праяваю Божай міласэрнасці ў адносінах да грэшнага чалавека.

4. Падчас перэгрынацыі мы павінны імкнуцца быць стараннымі вучнямі міласэрнага Езуса, бо сучасны свет, у якім так шмат несправядлівасці, нянавісці і зла, чакае міласэрнасці. Кожны з нас павінен стаць жывою прыладаю Божай міласэрнасці. Езус Міласэрны палюбіў нас да канца (пар. Ян 13, 1). Міласэрнасць — гэта Божая любоў, якая атуляе кожнага чалавека паасобку і ўсіх разам.

З іншага боку, яна нібы прымушае нас, каб мы жылі ўжо не дзеля сябе, а дзеля памерлага і ўваскрослага дзеля нас Хрыста (пар. 2 Кар 5, 15). Таму і нам трэба жыць для іншага чалавека, у якім таксама прысутнічае Езус Хрыстус. Пры гэтым трэба памятаць, што Езус — не нейкі гістарычны персанаж з далёкага мінулага. Уваскрослы, Ён жыве ў сваім Касцёле і ў кожны момант знаходзіцца сярод нас як увасабленне Божай міласэрнасці. Нездарма Слуга Божы Ян Павел II у энцыкліцы пра Божую міласэрнасць Dives in misericordia навучае, што ў Хрысце і праз Хрыста Бог становіцца бачным у сваёй міласэрнасці. Гэта дазваляе «бачыць» Бога, які асабліва блізкі да кожнага чалавека, што, ідучы следам за Хрыстом, звяртаецца да Божай міласэрнасці .

Езус казаў пра гэта ў сваіх аб’яўленнях святой Фаустыне і прасіў яе перадаць людзям Ягонае жаданне дзяліцца любоў’ю з іншымі . Аб’яўлення міласэрнага Езуса святой Фаустыне нам вельмі блізкія, бо яны адбываліся таксама і ў Вільні, а наш зямляк, благаслаўлёны ксёндз Міхал Сапоцька, будучы спаведнікам святой Фаустыны, стаў іх удзельнікам. У сваім «Дзённіку» сястра Фаустына падкрэслівае, што сам Езус яго выбраў спаведнікам для яе  і бачнаю дапамогаю для выканання волі Пана Бога . Менавіта благаслаўлёны ксёндз Міхал паклапаціўся пра тое, каб быў намаляваны першы абраз Езуса Міласэрнага, прычыніўся да распаўсюджвання малітвы вяночка да Божай міласэрнасці і падрыхтаваў грунт для ўстанаўлення другой Велікоднай нядзелі як свята Божай міласэрнасці.

5. Сёння ў свеце існуе шмат розных выяваў Езуса Міласэрнага. Аднак з увагі на тое, што першы абраз быў намаляваны паводле ўказанняў святой Фаустыны і нашага зямляка благаслаўлёнага ксяндза Міхала Сапоцькі, падчас перэгрынацыі вернікі нашых парафій будуць маліцца перад копіяй таго першапачатковага, так званага Віленскага, абраза, які ў гады ліхалецця захоўваўся на Беларусі ў касцёле святога Юрыя ў Новай Рудзе, а сёння знаходзіцца ў санктуарыі Божай Міласэрнасці ў Вільні.

Мы павінны ўспрымаць абраз не проста як прыгожую выяву, а як дзверы ў вышэйшую рэчаіснасць, што вядуць вернікаў да міласэрнага Езуса. Вачыма цела мы глядзім на абраз — твор чалавечага мастацтва, але вачыма веры мы бачым Таго, каго ён прадстаўляе, а менавіта — самога Хрыста з Ягоным пасланнем пра Божую міласэрнасць, якая з’яўляецца надзеяй свету, бо, як навучае Слуга Божы Ян Павел II, няма для чалавека іншай крыніцы надзеі, акрамя Божай міласэрнасці .

Молячыся перад абразом, мы на самай справе молімся перад Езусам Хрыстом, а гаворачы «Езу, давяраю Табе», выражаем сваю веру, праз якую распазнаем у Езусе Хрысце Месію і ўстанаўліваем з Ім асабісты кантакт. Гэтая вера спалучана з надзеяй, якая праганяе боязь і адорвае любоўю. Хто з вераю глядзіць на выяву міласэрнага Езуса, той ведае, што хоць Ён і знаходзіцца ў небе, але адначасова прысутнічае і на зямлі і праз Касцёл рэалізуе Сваю міласэрнасць. Абраз са словамі «Езу, давяраю Табе» з’яўляецца начыннем Божай міласэрнасці.

Прысутнасць сярод нас міласэрнага Езуса сімвалізуюць два прамяні — чырвоны і белы. Яны адлюстроўваюць тое, што адбылося з Езусам укрыжаваным, калі, як піша святы Евангеліст Ян, «адзін з жаўнераў прабіў дзідаю Ягоны бок, і адразу выцекла кроў і вада» (Ян 19, 34). Таксама і Езус сказаў Фаустыне, што гэтыя два прамяні азначаюць кроў і ваду — белы азначае ваду, якая ачышчае душы, а чырвоны азначае кроў, якая з’яўляецца жыццём душаў. Айцы Касцёла ў гэтым знаку бачылі сакрамэнты хросту і Эўхарыстыі. Усе сакрамэнты з’яўляюцца праяваю Божай міласэрнасці, сярод якіх хрост — гэта брама хрысціянскага жыцця, а Эўхарыстыя — крыніца і вяршыня яго жыцця . Менавіта дзякуючы сакрамэнтам хрысціянін мае жывы кантакт з міласэрным Езусам. Таму абраз міласэрнага Езуса, прыбываючы ў нашыя супольнасці, ператворыць іх у санктуарыі. На свеце ёсць нямала санктуарыяў, і мы зазвычай атаясамліваем іх з тым ці іншым святым месцам, як напрыклад, Будслаў, Гудагай, Тракелі, Аглона, Вострая Брама, Чэнстахова, Люрд, Фаціма, Гвадэлупа...

Аднак на самай справе гэтыя святыя месцы сваё сапраўднае значэнне атрымліваюць дзякуючы людзям, якія асвячаюць іх і самі асвячаюцца праз малітву. Перадусім жывая малітва, а не нейкія матэрыяльныя рэчы, чыніць сантктуарый святым месцам. Перэгрынуючы абраз міласэрнага Езуса пакліканы ператварыць нашыя парафіі і сем’і ў сапраўдныя санктуарыі, каб нашыя сэрцы сталіся вогнішчамі Божай міласэрнасці .

6. Дарагія браты і сёстры!
Дзякуючы ўсім, хто матэрыяльна ці духоўна прычыніўся да падрыхтоўкі перэгрынацыі абраза міласэрнага Езуса і рэліквій благаслаўлёнага ксяндза Міхала Сапоцькі, выказваю надзею, што яна паспрыяе развіццю культу Божай міласэрнасці, стане працягам пасхальнай таямніцы ў нашым жыцці, прывядзе да навяртання да Бога і умацуе нашыя веру і надзею. Такім чынам яна стане ўвасабленнем дынамікі Божай міласэрнасці, якая здольная перамяніць каменныя сэрцы ў цялесныя (пар. Эз 36, 26) і стаць надзеяй сучаснага свету. «Там, дзе пануе нянавісць і жаданне помсты, дзе вайна прыносіць боль і смерць нявінных, патрэбная ласка міласэрнасці, якая аблягчае чалавечы розум і сэрца і нараджае супакой. Там, дзе няма пашаны да жыцця і годнасці чалавека, патрэбная міласэрная любоў Бога, у святле якой выяўляецца невымоўная каштоўнасць кожнага чалавечага існавання. Патрэбная міласэрнасць, каб усялякая несправядлівасць на свеце адступіла перад бляскам праўды», — навучае Слуга Божы Ян Павел II .

Удзячныя Богу за дар перэгрынацыі, якая сёння распачынаецца, адкрыем жа свае сэрцы, каб у іх мог трапіць жыватворчы струмень з невычэрпнай крыніцы Божай міласэрнасці, каб адбыўся новы цуд нашага навяртання, умацавання веры і надзеі.

Усіх удзельнікаў перэгрынацыі праз заступніцтва Марыі — Маці Міласэрнасці — давяраю міласэрнаму Езусу і ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Мінск, 12 красавіка 2009 г.
Урачыстасць Уваскрашэння
 
Раважанні Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча перад крыжам у Вялікую пятніцу 2009 г.
Учора мы разважалі пра ўстанаўленне сакрамэнту Эўхарыстыі, якая ўжо амаль 2000 гадоў няспынна цэлебруецца ва ўсім свеце і, дзякуючы служэнню святароў, будзе цэлебравацца да сканчэння вякоў. Такім чынам, Эўхарыстыя з’яўляецца адной вялікай няспыннай малітвай і бескрывавай ахвярай Езуса Хрыста.

Няспыннай, але за адным выключэннем. У літургічным годзе ёсць адзін дзень, калі не цэлебруецца святая Імша. Гэта Вялікая пятніца, калі як быццам увесь свет замірае ў нерухомасці і суму, бо гэта дзень мукі і смерці Езуса Хрыста.

Гэтае здарэнне, якое адбылося больш за 2000 гадоў таму, мае вельмі вялікае значэнне, бо звязана з кожным з нас. У ім змешчаны наш лёс і нашае прызначэнне. Сёння з удзячнасцю нашаму Збаўцу мы скіроўваем свой позірк на крыж, але адначасова мы таксама павінны глядзець і на сябе. Мы думаем пра Укрыжаванага, аднак павінны думаць і пра сябе. Павінны, бо ў жыцці і смерці мы звязаны з Хрыстом і Яго крыжам. У жыцці хрысціяніна гэтыя паняцці непадзельныя адно з адным.
 
Езус узышоў на дрэва крыжа, якое было дрэвам мукі і ганьбы, каб учыніць з яго дрэва благаслаўлення і надзеі. Ён выбраў гэтае дрэва, каб сталася Яго тронам, дзе Ён наколькі мог шырока раскінуў свае рукі, каб абняць кожнага з нас і засланіць ад Божага гневу. Таму крыж з’яўляецца надзейным знакам нашай бяспекі і надзеі, нават насуперак надзеі.

Кульмінацыйным пунктам драмы Адкуплення з’яўляецца Галгота. Зірнем на Хрыста, які вісіць на крыжы, паміж небам і зямлёю. Неба як быццам яшчэ не хоча Яго прыняць, а зямля ўжо не годная Яго насіць. А Ён сапраўды з’яўляецца Збаўцам свету. Бог-Чалавек узяў на сябе нашыя грахі і дазволіў прыбіць сябе да крыжа.

Мы не разумеем да канца таямніцы крыжа Езуса Хрыста і ніколі не зразумеем, бо яна перавышае нашыя чалавечыя магчымасці. Не зможам зразумець і таму, што крыж — гэта не толькі вобраз, але і вечна жывая рэчаіснасць.

У вялікіх музычных творах Іагана Себасцьяна Баха падзеі Вялікай пятніцы хоць і завяршаюцца пахаваннем Хрыста, аднак перадаюць праўду пра Змёртвыхпаўстанне.

У «Пасіі» Кшыштафа Пандарэўскага замест збаўчага супакою Змёртвыхпаўстання — жаласлівы крык Асвенціма. Гэта Вялікая пятніца ХХ стагоддзя. Сапраўднай Галготай ХХ стагоддзя стаў пераслед веры і ганенні на Касцёл. Як у Асвенціме і Майданэку, так і ў лагерах Магадана, Варкуты, Караганды і г. д. Чалавечы твар, створаны Богам, быў знішчаны іншым чалавекам, які падняў руку супраць свайго брата.

Самы страшны момант мукі Езуса Хрыста — гэта момант, калі Ён крычыць: «Божа мой, Божа, чаму Ты мяне пакінуў?».

Калі мы хочам параўнаць крыжовы шлях нашага жыцця з Хрыстовым, нашу Вялікую пятніцу з Вялікай пятніцай Езуса, то мы павінны ўключыць крык і боль нашага часу ў муку Збаўцы на дрэве крыжа. Таму трэба памятаць, што разам з рэальнай прысутнасцю Езуса ў Касцёле і сакрамэнтах, Ён прысутны ў нашым жыцці, а таксама ў малых, пакінутых, церпячых — у «апошніх» гэтага свету.

Узгадаем словы папы Яна Паўла II, які вайну на Балканах назваў Галготай ХХ стагоддзя. Галготай нашага часу з’яўляецца і хатняя вайна ў Дафуры, у Афрыцы, дзе ўжо загінула больш за 300 тысяч чалавек. Такой Галготай з’яўляецца Блізкі Усход і шмат іншых месцаў на свеце. Ёю з’яўляецца і нямы крык забітых ва ўлонні маці ненароджаных дзяцей, эўтаназія, разводы, калі пры жывых бацьках дзеці застаюцца сіротамі, наркатычная і алкагольная залежнасць, пагоня моладзі за ілюзорным шчасцем, якоя вядзе да яшчэ большай залежнасці і разгубленасці.

Сёння, стоячы пад крыжам Хрыста, мне трэба адказаць на наступныя ці падобныя пытанні. Кім з’яўляюся я ў гэтай сучаснай драме Кальварыі XXI стагоддзя? Тым, які прыніжае бліжняга? Ці тым, хто дапамагае іншаму ў цяжкасцях, ацірае яму твар, як Вераніка? Тым, які дапамагае несці крыж, як Сымон Кірынэец? Ці тым, які крычыць: «Укрыжуй яго!»? Тым злодзеем, які здзекаваўся з Езуса, ці тым, які прасіў Яго аб прабачэнні і якому Езус паабяцаў вечнае шчасце ўжо ў той самы дзень? Кім? Кім з’яўляюся я ў гэтай драме ўжо XXI стагоддзя? Кім з’яўляюся сёння і ў кожны дзень майго жыцця?

Адказваючы на гэтыя пытанні, стоячы пад крыжам нашага збаўлення і пакланяючыся яму, мы павінны памятаць, што, хоць свет змяняецца, аднак крыж застаецца, і ў ім мы можам знайсці адказы на ўсе складаныя пытанні нашага жыцця.

Славуты рускі пісьменнік Іван Сяргеевіч Тургенеў напісаў поўны жыццёвага трагізму і загадак раман «Бацькі і дзеці». Пратаганіст гэтага рамана Павел Пятровіч дарыць прынцэсе, якая яго некалі кахала, а потым адмовілася ад яго, вельмі каштоўны пярсцёнак. На ім выгравіраваны сфінкс. Гэтым самым Павел Пятровіч хацеў сказаць, што самае вялікае гора і расчараванне ў жыцці — гэта немагчымасць знайсці адказ на жыццёвыя пытанні. Таму жыццё чалавека падобнае да сфінкса: ён не можа гаварыць і не можа адказаць. Прайшоў пэўны час і прынцэса памерла ў Парыжы. Перад гэтым, аднак, яна папрасіла вярнуць пярсцёнак Паўлу Пятровічу. Пярсцёнак быў крыху зменены: на каштоўным камяні знаходзіліся грубыя лініі накшталт крыжа, а пад ім надпіс, што толькі крыж можа даць адказ на таямніцу жыцця і цярпення.

Сёння, калі будзем набліжацца да крыжа, каб яго адараваць, узнясём нашыя просьбы да Збаўцы: «Пане Езу, дапамажы, каб я верна прайшоў вызначаны Божым Провідам шлях майго жыцця. Дапамажы, каб я змог пазнаць Цябе ў сучасным свеце, мог дапамагаць Табе ў сябрах маёй жыццёвай пілігрымкі, якім патрэбна дапамога. Бо было б найвялікшай хлуснёй, калі б я плакаў перад Тваім крыжам, а не ішоў за Табою, які жывеш у людзях». Амэн.
 
Слова да святароў Мітрапаліта Кандрусевіча на Вялікі чацвер 2009 г.
Святы Апостал Павел — прыклад для  наследавання ў абвяшчэнні Божага слова

«Гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля» (1 Кар 9, 16).

1. Шаноўныя браты у святарскім служэнні!

Напачатку дазвольце павіншаваць вас з днём святара. Сёння, у Вялікі чацвер, у нашай катэдры сабраўся прэзбітэрат Мінска-Магілёўскай архідыяцэзыі — біскуп са сваімі святарамі. Мы разам дзякум Найвышэйшаму і Вечнаму Першасвятару Езусу Хрысту за неацэнны дар паклікання і просім благаслаўлення ў нашым нялёгкім служэнні.

Адзначаючы Год святога Паўла — апостала язычнікаў, — мы ўглядаемся ў ягоны вобраз, углядаемся ў вобраз таго, хто, будучы Саўлам, пераследаваў Касцёл, а стаўшы Паўлам, яго будаваў, перадусім дзякуючы бязмежнай адданасці справе абвяшчэння Божага слова.

2. Сённяшняя Імша благаслаўлення святых алеяў — гэта таксама нагода з удзячнасцю ўспомніць устанаўленне сакрамэнту Эўхарыстыі і святарства. Таямніца Апошняй Вячэры выразна паказвае, што святарства вырастае з Эўхарыстыі і ўстаноўлена перадусім для Эўхарыстыі.

Касцёл цэлебруе Эўхарыстыю, а Эўхарыстыя будуе Касцёл. Нам вельмі добра вядомае гэтае выслоўе. Аднак для таго, каб Эўхарыстыя была пасярод нас — як сакрамэнт, які будуе Касцёл, і як хлеб жыцця вечнага, — патрэбныя святары. Ніхто і нішто не заменіць святара ў гэтай справе. Таму лагічна сказаць, што калі без святара няма Эўхарыстыі, то таксама няма і будовы Касцёла як Божага Народа і сакрамэнту паўсюднага збаўлення.

3. Паводле вучэння Касцёла, першым і галоўным заданнем святара з’яўляецца абвяшчэнне Божага слова , пра што трэба асабліва памятаць у Год Апостала народаў. Таму сённяшняе святарскае свята — гэта таксама добрая магчымасць зрабіць рахунак сумлення і задумацца над тым, як мы выконваем гэтае сваё заданне. Ці мы сапраўды клапоцімся пра належную арганізацыю катехізацыі? Ці рэгулярна яна адбываецца? Ці выкарыстоўваюцца падрыхтаваныя катэхетычныя матарыялы? Ці ёсць у парафіі бібліятэка? Ці знаходзіцца там даступная людзям катэхетычная і рэлігійная літаратура? Ці дзейнічаюць у парафіі біблейскія курсы? Ці мы, святары, заўсёды прамаўляем гамілію? Ці належным чынам рыхтуемся да яе і ці стараемся зрабіць яе актуальнаю?

Пэўны студэнт кожны дзень праходзіў каля дому, дзе жыў адзін знакаміты і паважаны прафесар. Кожны раз студэнт бачыў, што прафесар да позняй ночы сядзіць над кнігамі, і аднойчы пацікавіўся, што ён кожны дзень вывучае і навошта гэта патрэбна такому славутаму вучонаму. На гэта прафесар адказаў: «Я не хачу карміць маіх студэнтаў пратармінаванай навуковай ежай і паіць вадою са стаячага вадаёма. Я хачу ім даць здаровую свежую ежу і чыстую ваду з горнай ракі, а дзеля гэтага мне таксама трэба ведаць апошнія дасягненні ў навуцы».

Якімі словамі мы кормім нашых вернікаў? Ці яны заўсёды свежыя, жывыя, актуальныя? Гэта значыць, ці абнаўляецца рэгулярна нашае прапаведванне вучэннем Касцёла і ці згоднае з ім?
Ідучы за фальшывым чалавечым меркаваннем, Саўл напачатку не прызнаваў Хрыста ўкрыжаванага і ўваскрэслага, а таму быў ганіцелем Касцёла. Qui non progredit, regredit — хто не імкнецца наперад, той адступае назад, — гаворыць старажытная лацінская мудрасць. Таму той, хто не з Хрыстом, пачынае дзейнічаць супраць Яго і разбурае тое, што пабудаваў Хрыстус (пар. Мц 12, 30). Не выкарыстоўваючы ўсёй паўнаты задатку веры (depositum fidei) Касцёла, не імкнучыся ісці наперад, абвяшчаючы і практыкуючы ў сваёй пастырскай і літургічнай дзейнасці нязгодныя з вучэннем Касцёла погляды, асабліва ў маральным жыцці, сексуальнай этыцы, сямейным душпастырстве, адміністрацыі сакрамэнтаў, можна прынесці вялікую шкоду супольнасці Касцёла і стаць спакусаю для вернікаў.

Можа, мы таксама, як некалі Саўл, стаім перад сценамі Дамаску XXI стагоддзя? Можа, і для нас было б карысна ў нашай ганарлівасці і пачуцці вышэйшасці, часам нават дзёрзкасці і разам з тым імкненні да канфармізму, дазволіць Хрыстоваму святлу асляпіць нас, не пабаяцца ўпасці з «каня» жыццёвага поспеху, каб за зманлівым бляскам гэтага свету, за заслонаю нашай абыякавасці, вачыма душы ўбачыць Хрыста, які не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць (пар. Мц 20, 28).

4. Cвяты Апостал Павел ахвярна нёс сваё служэнне, абвяшчаючы Божае слова, навучаючы і засноўваючы новыя супольнасці. Ніякія перашкоды не маглі яго стрымаць, бо яго заданнем было данесці Евангелле Хрыста да як мага большай колькасці людзей. Пра сябе ж ён казаў: «ужо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус» (Гал 2, 20). Нездарма Святы Айцец Бэнэдыкт XVI, урачыста распачынаючы 28 чэрвеня 2008 года Год святога Паўла, сказаў, што вера Апостала была не тэорыяй, а любоўю да Хрыста . Апостал Павел прысвяціў сваё жыццё таму, каб Езус сваёю ласкаю жыў у сэрцах іншых людзей. Гэта было мэтаю яго жыцця. І ён з усёй адказнасцю да яе імкнуўся, кажучы, што гора было б яму, калі б ён не абвяшчаў Евангелля (пар. 1 Кар 9, 16).

5. Касцёлу на Беларусі сёння вельмі патрэбныя Паўлы XXI стагоддзя, якія жывуць паводле ягонага прыкладу і гэтак жа востра, як і ён, адчуваюць сваю адказнасць за абвяшчэнне Евангелля сучаснаму свету. Таму не бойцеся, дарагія святары, быць сучаснымі Паўламі! Абвяшчайце Божае слова, нягледзячы на тое, што сённяшні секулярызаваны свет, як некалі слухачы Паўла ў Афінскім арэапагу, можа насміхацца і казаць, што іншым разам паслухае нас (пар. Дз 17, 32). Не бойцеся, будзьце мужнымі насуперак усім цяжкасцям! Не бойцеся і не адступайце прад выпрабаваннямі, каб перамяніць свет сучаснага неапаганства ў аазіс жыцця ў Божай ласцы.

Няхай праз заступніцтва святога Паўла — апостала язычнікаў — благаславіць вас усемагутны Бог Айцец + і Сын, і Дух Святы. Амэн.
 
<< Першая < Папярэдняя 1721 1722 1723 1724 1725 1726 1727 1728 1729 1730 Наступная > Апошняя >>

Старонка 1726 з 1895
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.