Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча ў дзень успаміну ўсіх памерлых вернікаў 2008 г.
|
Касцёл Узвышэння Святога Крыжа (Кальварыя) 2 лістапада 2008 г. 1. Успамін усіх памерлых заклікае нас задумацца над праблемай смерці.
Бог стварыў чалавека не для смерці, а для жыцця. Смерць — гэта наступства граху. Аднак Уваскрашэнне Хрыста сведчыць пра тое, што смерць не мае апошняга слова ў лёсе чалавека. А сённяшняя літургія слова сцвярджае, што душы справядлівых — у руках Божых, гэта значыць, што яны жывуць вечным жыццём.
Сённяшняе свята заклікае нас заглянуць смерці ў вочы. Калі мы не маем адвагі зрабіць гэтага сёння, то калі ж мы на гэта адважымся?
Паводле старажытнага грэцкага падання, Дамокл называў самым шчаслівым чалавекам сіракузскага караля Дыянізія Старэйшага, які жыў у IV ст. да нараджэння Хрыстовага. Аднойчы кароль запрасіў Дамокла ў свой палац. Кароль пасадзіў яго на сваё крэсла і прыслугоўваў яму падчас абеду. Стол быў поўны ўсялякай смачнай ежай. Дамокл быў вельмі задаволены. Аднак у пэўную хвіліну кароль папрасіў яго паглядзець уверх. Дамокл падняў свае вочы і замер. Ежа стала комам у яго горле. Над ім на конскім воласе вісеў меч. Так Дыянізій паказаў Дамоклу, як жыве кароль: у дзень і ў начы над галавой караля «вісіць» меч.
Аднак можна сказаць, што так у жыцці кожнага чалавека. Дамоклаў меч вісіць над кожным чалавекам і называецца ён — смерць.
2. Святы Аўгустын гаварыў, што калі нараджаецца чалавек, выказваюцца розныя гіпотэзы адносна яго будучыні. Можа, ён стане вучоным, а, можа, будзе простым чалавекам; можа, будзе доўга жыць, а, можа, яму наканаваны кароткі век; можа, будзе багатым, а, можа, бедным. Але ніхто ніколі не кажа: можа, памрэ, а, можа, не памрэ. Не кажуць так, бо смерць — гэта абсалютная праўда нашага жыцця.
Даведаўшыся, што нехта захварэў на цяжкую невылечную хваробу, мы гаворым: які бедны гэты чалавек, павінен памерці, няма лекаў, якія б яму дапамаглі. Але ці не можам мы сказаць гэтага пра нас саміх: якія ж мы бедныя, у нас няма лекаў, мы павінны памерці.
Хочам мы гэтага ці не, трывога смерці пераследуе нас на працягу ўсяго нашага жыцця, яна знаходзіцца ў цэнтры нашых думак і з’яўляецца найбольш моцным інстынктам чалавека. Таму чалавек нібы крычыць: не хачу смерці!
3. Хоць з гэтай праўдай згодзіцца кожны, аднак, сучасны чалавек не надта хоча яе прымаць. Чаму мы павінны думаць пра сваю смерць, калі ўсе гавораць толькі пра жыццё, і шчаслівае жыццё? Ці варта круціць нажом у ране? Ці, гаворачы пра смерць, мы не сыплем соль на гэтую рану нашага жыцця?
Касцёл нагадвае нам пра смерць, бо чалавек забывае пра яе. Ён стараецца не думаць пра яе, імкнецца ашукаць сябе, што яна не існуе, або калі існуе, то яго не напаткае. Мы імкнёмся быць як мага больш багацейшымі, робім планы на будучыню, стараемся ўзяць ад жыцця ўсё, што магчыма, забываючы пра тое, што ўсё гэта трэба будзе пакінуць.
У адным з новых гарадоў вырашылі не рабіць могілак, каб пахавальныя працэсіі не засмучалі людзей. Гэта была ілюзія. Адсутнасць могілак не з’яўляецца гарантам таго, што людзі не будуць паміраць. Людзі дзе жывуць, там і паміраюць.
Сапраўды, мы аддаём шмат энергіі, каб толькі не думаць пра смерць, каб толькі ўтрымаць зачыненай накрыўку каструлі з кіпячай вадой. Іншыя гавораць, што ведаюць, што давядзецца памерці, але моцна над гэтым не засяроджваюцца. Лепш думаць пра жыццё, а не пра смерць. Такая пазіцыя — пазіцыя секулярызаванага чалавека. На самай справе, гэта ні што іншае, як яшчэ адзін спосаб адвесці ад сябе страх перад смерцю.
4. На працягу гісторыі чалавек ніколі не пераставаў шукаць лекаў ад смерці. Некаторыя шукаюць іх ў пэўных апавяданнях ці філасофскіх выразах. Так старагрэцкі паэт Гарацый казаў: «Увесь я не памру, бо збудаваў сабе помнік мацнейшы за бронзу». Аляксандр Пушкін пісаў: «Я памятник себе воздвиг нерукотворный, к нему не зарастет народная тропа...» Нават тыя, якія не вераць у Бога, маюць жаданне ўвекавечыць памяць аб сабе ў прысвечаных ім помніках, назвах вуліц, плошчаў і г. д. У апошнія часы з’явіўся новы псеўдалек — рэінкарнацыя.
Гледзячы на ўсе гэтыя намаганні, неабходна ўзгадаць словы з Паслання да Габрэяў: «Людзям прызначана раз памерці, а пасля гэтага — суд» (пар. Гбр 9, 27).
Толькі адзін раз! Дактрыну інкарнацыі нельга супаставіць з хрысціянскай верай у змёртвыхпаўстанне. Ці памятае хтосьці з нас, што рабіў у мінулым жыцці? Не, не памятае, бо тут на зямлі ў кожнага чалавека толькі адно жыццё. Рэінкаранцыя не азначае дапаўненне жыцця, але яго цярпенне. Яна нібы гаворыць чалавеку: глядзі, калі нешта зробіш благое, то народзішся ізноў, каб адкупіць сваю віну. Гэта падобна на тое, калі чалавеку, які адбыў пакаранне ў вязніцы, скажуць, што яму ізноў трэба адбыць пакаранне.
5. Касцёл нагадвае нам пра смерць не для таго, каб засмуціць, але каб мы былі да яе добра падрыхтаваныя. Дрэва ўпадзе на той бок, у які яно нахілена. Таксама і чалавек, калі ён добра падрыхтаваны да смерці, то не баіцца яе, бо трапіць у вечнае шчасце. Няма лепшай стратэгіі жыцця, як тая, калі чалавек заўсёды памятае пра тое, што трэба будзе стаць перад Панам на апошні суд.
6. Нагадваючы пра смерць, Касцёл сёння заклікае нас да малітвы за нашых памерлых. Магчыма, многія з іх знаходзяцца ў чыстцы. Яны ўжо не могуць дапамагчы сабе і чакаюць нашай дапамогі. Было б найбольшай няўдзячнасцю, калі б мы адмовіліся яе аказаць. Падчас актавы малітваў за памерлых Касцёл у нашыя рукі ўкладае білет, з дапамогаю якога мы можам увесці памерлых у неба. Гэты білет — гэта поўныя адпусты, якія мы можам ахвяраваць за іх.
Благаслаўлёныя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць, — кажа Хрыстус. Праявим сёння нашую міласэрнасць у адносінах да нашых памерлых. Праз гэта мы дапаможам ім і самі заслужым міласэрнасць.
Амэн. |
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас святой Імшы на завяршэнне сімпозіума, прысвечанага 30-годдзю абрання Яна Паўла ІІ
|
1. Цэзарава — цэзару, Божае — Богу (пар. Мц 22, 21).
Глыбокашаноўныя браты і сёстры! Гэтымі словамі з сённяшняга Евангелля Езус указаў на парадак, які павінен існаваць у адносінах чалавека да Бога і свету.
Фарысеі, якія жадалі абвінаваціць Езуса, пасылаюць сваіх вучняў з правакацыйным пытаннем: «Скажы нам, як Табе здаецца, ці належыць даваць падатак цэзару, ці не?» (пар. Мц 22, 17). У тыя часы ў Палестыне мелі хаджэнне манеты двух тыпаў. Разам з рымскімі манетамі, дынарамі з выяваю цэзара, якімі плаціўся падатак уладам, у абарачэнні былі таксама сіклі (шэкелі), у якіх складалі ахвяраванні на Ерузалемскую святыню.
Фарысейскае пытанне было вельмі падступным: што б ні адказаў Езус, Ягоны адказ можна было б выкарыстаць супраць Яго. Калі б Ён сказаў, што належыць плаціць падатак, то выклікаў бы незадавальненне сваіх суайчыннікаў, юдэяў, якія лічылі дапушчальным толькі падатак на сваю святыню, а падатак цэзару, які быў увасабленнем акупацыйнай рымскай улады, лічылі чымсьці агідным і непатрыятычным. Калі ж Езус сказаў бы, што не належыць плаціць падатку Рыму, то такім чынам выступіў бы супраць улады і апынуўся ў вельмі небяспечным становішчы з боку рымлянаў.
Езус, «ведаючы зласлівасць іхнюю», добра разумеў, чаго хацелі фарысеі, і на іх падступнае пытанне адказвае вельмі проста. Для пачатку Ён просіць іх паказаць Яму манету, якою яны плоцяць падатак. На гэтай манеце выява цэзара. Такім чынам, Езус дае зразумець фарысеям, што сама манета з’яўляецца ключом да адказу на іхняе пытанне, а менавіта, падатак цэзару належыць плаціць.
Аднак Езус ідзе далей у сваім разважанні. Ён кажа, што падатак цэзару — гэта далёка не ўсё. Неабходна памятаць і пра Бога, якому таксама трэба аддаць належнае. Таму і канчатковы адказ Яго такі: «Дык аддайце цэзарава цэзару, а Божае — Богу» (Мц 22, 21).
2. Гэтымі словамі Езус аддзяляе рэлігію ад палітыкі, сцвярджае іх аўтаномнасць. Ён вучыць, што ўсё павінна быць на сваім месцы і што кожнаму трэба аддаць тое, што яму належыць: як Богу, так і людзям. Веруючыя юдэі таго часу ўспрымалі будучае Валадарства Божае як тэакратыю, якая ў іх разуменні павінна была выглядаць як непадзельная Божая ўлада і кіраўніцтва на ўсёй зямлі, што будзе здзяйсняцца праз Ягоны народ. Словы Езуса гавораць аб валадарстве Божым, якое ёсць на гэтай зямлі, і пры гэтым сведчаць, што яно не з гэтай зямлі.
У словах Езуса «цэзарава — цэзару, Божае — Богу» таксама знаходзіцца Хрыстовы напамін усім людзям, а асабліва сучаснаму чалавеку, які часта забываецца, што мы самі і ўсё, што мы маем, належыць Богу, а перадусім само нашае жыццё павінна быць служэннем Богу.
3. Такім чынам, Езус у сённяшнім Евангеллі закранае заўсёды актуальнае пытанне адносінаў паміж Богам і светам. Гэтая праблема, якая хвалявала людзей 2000 гадоў таму, і сёння не стала менш актуальнай, а, бадай, нават яшчэ больш абвастрылася. Нярэдка можна пачуць, што сучасны чалавек павінен выбіраць паміж Богам і светам, бо, як многія мяркуюць, яны не сумяшчальныя.
Не так вучыць Езус. Ён кажа, што Бог павінен быць у свеце, каб свет такім чынам быў абагаўлёны. Працэс гэтага абагаўлення распачаўся з Нараджэння Хрыста, калі Бог увайшоў у гісторыю чалавецтва, з’явіўшыся паміж людзей з чалавечымі абліччам і сэрцам, заклікаючы пры гэтым чалавека адкрыцца на Бога.
Як гісторыя хрысціянства, так і наша штодзённае жыццё паказваюць, што ўсё гэта, хоць і відавочна, але зусім не так проста.
Мы, хрысціяне, не заўсёды можам сказаць пра сябе, што ўжо не мы жывем, але жыве ў нас Хрыстус, як да гэтага заклікае святы апостал Павел (пар. Гал 2, 20).
4. Бог, аднак, не пакідае нас сам-насам у гэтым змаганні. Праз свой Касцёл Ён дапамагае нам, у адпаведы час пасылаючы адпаведных людзей. Такім чалавекам, сапраўдным дарам Божага Провіду сучаснаму чалавецтву, стаў Папа Ян Павел II, 30-годдзе абрання якога на пасад святога Пятра мы ўспамінаем.
Менавіта ў кастрычніку 1978 года адбылася як быццам новая «Кастрычніцкая рэвалюцыя». Свет атрымаў новага, на гэты раз духоўнага лідэра, Яна Паўла II, які ўжо на парозе свайго выдатнага і надзвычай плённага пантыфікату заклікаў чалавецтва адчыніць дзверы Хрысту.
Новы Папа заўсёды падкрэсліваў, што толькі ў Хрысце чалавек можа зразумець самога сябе і вырашыць свае праблемы. На працягу ўсяго свайго пантыфікату Ян Павел II, з уласцівай яму энергіяй жывучы паводле Хрыстовага прынцыпу «цэзарава — цэзару, Божае — Богу», заклікаў чалавека будаваць цывілізацыю жыцця. Абвяшчаючы свету праўду Евангелля, ён, падобна, як было ў першых стагоддзях хрысціянства, навучаў, што хрысціянін — гэта як быццам душа свету, якая яго перамяняе.
Такім чынам, Папа Ян Павел II у цемры сучаснага секулярызаванага свету стаў ягоным святлом, якое дапамагло многім людзям знайсці сапраўдны, адзіна правільны шлях і не заблукаць на пакручастых дарогах фальшывых ідэалогій. Ён таксама стаўся соллю зямлі, што зберагае свет ад грахоўнай сапсаванасці.
У час адыходу ад маральных каштоўнасцяў і татальных сумненняў ён, заклікаючы да малітвы, пакаяння, навяртання і прабачэння, стаў голасам сумлення нашага часу. Пры гэтым ён заўсёды заставаўся простым, адкрытым для ўсіх людзей чалавекам.
Ён сустракаўся з веруючымі і няверуючымі, з хрысціянамі і вызнаўцамі іншых рэлігій, з вучонымі, палітыкамі, дзеячамі культуры і простымі людзьмі. Ён увайшоў у гісторыю не толькі як Пастыр Сусветнага Касцёла, але таксама як выдатны навуковец, паэт, спартсмен, палітык, гуманіст. З ім было вельмі лёгка размаўляць, бо ён імкнуўся зразумець кожную праблему, разабрацца ў ёй і дапамагчы яе вырашыць.
Аднак галоўным прыярытэтам для Яна Паўла ІІ было духоўнае жыццё. Калі ён маліўся, здавалася, што ніхто і нішто не можа адарваць яго ад малітвы. Гэта сапраўды была размова з Богам. Было відаць, што для яго ў гэты момант існуе толькі Бог. У той самы час ён усім сваім жыццём паказваў, што жыве ў рэальным свеце, уносячы ў яго духоўныя каштоўнасці і гэтым самым перамяняючы яго да лепшага. І ў гэтым — веліч Яна Паўла II.
5. Сёння беларускія каталікі разам з усім светам адзначаюць 30-годдзе выбару Вялікага Пантыфіка. Мы ўдзячныя табе, Яне Паўле II, што ў цяжкія часы пераследу веры ты дапамог нам адарваць наш позірк ад зямных справаў і пераступіць парог надзеі, нават насуперак надзеі, як гаворыць святы апостал Павел. Гэтым ты дапамог нам усё паставіць на свае месцы, так, як гэта задумана Творцам: аддзяліць справы духоўныя ад зямных і з дапамогаю Евангелля адухаўляць зямное жыццё. Твой прыклад і пасеянае табою зерне вучэння Касцёла ўжо прынеслі свае духоўныя плёны і, спадзяемся, будуць прыносіць і далей, каб сучасны чалавек змог адказаць на выклікі нашага часу і, жывучы духоўным жыццём, удасканальваў свет.
У гэтыя дні, калі мы зноў перажывалі тваё абранне на пасад святога Пятра, выразам нашай любові і ўдзячнасці сталі ўрачыстыя набажэнствы, прысвечаны табе сімпозіум, кнігі і часопісы, помнікі, фотавыстава, тэатральныя пастаноўкі і шмат іншага.
З вераю ў тое, што ты знаходзішся ў доме нашага нябеснага Айца, мы ўзносім сёння свае малітвы да Яго з просьбай аб як найхутчэйшым тваім праслаўленні. Благаславі нас і нашу Радзіму, каб мы, прыходзячы пад апеку Марыі, якой ты даверыў свой пантыфікат, і жывучы паводле Хрыстом устаноўленага парадку, аддаючы належнае Богу і свету, не заставаліся на плыткім месцы, але адважна «адплылі на глыбіню» нашага духоўнага жыцця, як ты заклікаў нас на пачатку новага тысячагоддзя, і з новай надзеяй ішлі ў будучыню. Амэн. |
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас святарскіх пасвечэнняў у мінскай архікатэдры (18.11.2008)
|
Глыбокапаважаныя браты і сёстры! 1. Святкуючы 30-годдзе абрання Папам Яна Паўла II, Божы Провід дазваляе нам прыняць удзел у святарскіх пасвячэннях, якія прымаюць дыякан Віталій Маргуноў і дыякан Аляксандр Фаміных. Гэта вельмі сімвалічна, бо Ян Павел II заўсёды звяртаў вялікую ўвагу як на пакліканні, так і на духоўную фармацыю, жыццё і служэнне святароў. Ён бачыў у іх новую надзею для сучаснага зматэрыялізаванага свету, у якім пануе дух лібералізму і адмаўляюцца духоўныя каштоўнасці. 2. Корань слова святар абазначае «святы», а галоўнае заданне святара — несці святасць у свет дзеля яго духоўнага аднаўлення. Менавіта, да святасці заклікаў чалавецтва Слуга Божы Ян Павел II. Дапамогаю ў дасягненні чалавекам святасці пакліканы быць менавіта святары, якія таксама павінны імкнуцца да дасканаласці. У Вялікі Чацвер Папа у сваіх пасланнях, якія скіроўваў да святароў, уздымаў актуальныя пытанні адносна жыцця і служэння слугаў алтара і прапаноўваў ім рэцэпты вырашэння існуючых праблемаў. 3. Ян Павел ІІ, будучы Папам і духоўным лідэрам сучаснага свету, заўсёды заставаўся найперш святаром. З нагоды 50-й гадавіны свайго святарскага служэння ён напісаў вельмі цікавую кнігу «Дар і таямніца», у якой святарства акрэсліў як велізарны дар, які чалавек можа атрымаць ад Бога, і адначасова — як таямніцу. Сапраўды, святарства — гэта таямніца. Чаму Бог выбраў мяне ці тут прысутных святароў, або гэтых дыяканаў, якія сёння атрымаюць святарскія пасвячэнні? Чаму не іншых? Гэта не нашая справа. Бог выбірае і кліча. Ён выбірае сваіх святароў яшчэ перад іх нараджэннем. Нашая справа — адказаць на голас Хрыста, які кліча. Праблема сучаснага свету ў тым, што ў яго гомане пакліканы не чуе голасу Бога. З рана да вечара мы знаходзімся ў вадазвароце сучаснага жыцця з яго касмічнымі хуткасцямі і ніколі не маем часу задумацца. У штодзённай мітусні не маем часу стаць перад Богам і перад сабою. Здаецца, што мы нават баімся гэтага. Прачнуліся і адразу надзелі навушнікі, асабліва моладзь. Добрая музыка патрэбна. Многія такім чынам вывучаюць замежныя мовы. Аднак трэба знайсці час і для Бога, каб услухацца, што ён кажа нам. Можа ён мяне кліча, як паклікаў іншых? Можа ён чакае ад мяне словаў прарока Ісаі: «Вось я, Пане!..». Пакліканне — гэта дар, які атрымаў пакліканы і ўся хрысціянская супольнасць. Запытаемся: хто можа дзейнічаць ад імя Хрыста? Ніхто, акрамя святара. Мы атрымліваем прафесію інжынера, лекара, настаўніка і г.д. Усё гэта вельмі важна. Пры гэтым, выконваючы нашыя прафесійныя абавязкі, мы дзейнічаем ад свайго імя. Святар, аднак, калі выконвае святарскія функцыі, дзейнічае ад імя Хрыста, in persona Christi, — як вучыць II Ватыканскі Сабор. Сятар з’яўляецца дарам для парафіі, дыяцэзіі і ўсяго Касцёла. Мы добра ведаем, як цяжка супольнасці, у якой няма святара, або ён толькі час ад часу даязджае. Там, дзе ёсць святар, хрысціянская супольнсць ажывае. Працуючы ў Расіі, мне не аднойчы даводзілася бычыць такі цуд адраджэння пасля 70 гадоў пераследу, калі тры пакаленні змянілі адно другое, а людзі не бачылі святара, але веру сваю захавалі, дзякуючы малітве на святым Ружанцы і іншым простым малітвам. Складаная сітуацыя Касцёла ў Беларусі таксама тлумачыцца невялікай колькасцю святароў. Кожны вернік хоча, каб у яго мясцовасці быў святар, бо верыць, што святар, пакліканы і пастаўлены Богам, дапаможа духоўна адрадзіцца, дапаможа імкнуцца да дасканаласці. 3. Сённяшнія святарскія пасвячэнні адбываюцца падчас чарговага Сіноду біскупаў, прысвечанага Божаму слову ў жыцці і місіі Касцёла. Менавіта абвяшчэнне Божага слова з’яўляецца першым і галоўным заданнем святара. Найперш, трэба памятаць, што вера ад слухання, — як вучыць святы апостал Павел. Таму патрэбны тыя, хто будзе Божае слова абвяшчаць, гэта значыць — святары. Пры гэтым трэба падкрэсліць, што Сінод біскупаў, які праходзіць у Ватыкане, заклікае святароў, каб, абвяшчаючы Божае слова, кіраваліся не сваім меркаваннем, але думкаю Касцёла. Вельмі важна, каб нашае навучанне было не нашым асабістым, але навучаннем Касцёла, як сакрамэнту паўсюднага збаўлення. Сённяшнія святарскія пасвячэнні адбываюцца ў Год святога апостала Паўла — Апостала паганаў, які казаў, што Божае слова заўсёды жывое і дзейснае. Ён сказаў гэта не проста так. Ёе сам пазнаў гэтую праўду. Яшчэ будучы Саўлам і пераследуючы Касцёл, па дарозе ў Дамаск ён аслеп. Гэта было неабходна, каб вачыма душы ўбачыць Хрыста, а яе вушамі пачуць Яго. Гэтае здарэнне цалкам змяніла яго жыццё. Ён ужо не жыў сам, але ў ім жыў Хрыстус. Жывучы Хрыстом і Яго Евангеллем, ён нёс Божае слова ўсім народам, становячыся Апосталам паганаў. Святарскія пасвячэнні адбываюцца ў свята св. Евангеліста Лукі, аднаго з вучняў святога апостал Паўла. Святы Лука з’яўляецца аўтарам аднайменнага Евангелля і Апастольскіх дзеяў. Апостал Павел называе яго лекарам. Сённяшні свет — гэта свет нэапаганаў, свет духоўна хворы. Ён патрабуе новых апосталаў і новых Евангелістаў, каб весці новую евангелізацыю ці рэевангелізацыю, каб вылечыць сучасны свет ад цяжкай хваробы духоўнага склерозу, бо свет, маючы багатыя хрысціянскія традыцыі, дабравольна адракаецца ад сваіх хрысціянскіх каранёў. У апошнія месяцы людзі вельмі заклапочаны фінансавым крызісам, які агарнуў увесь свет. З аднаго боку — гэта вялікая бяда. З іншага — гэта яшчэ адно пацвярджэнне таго, што ў сваім жыцці неабходна абапірацца на слова Евангелля, якое кажа, што трэба шукаць духоўныя каштоўнасці, якія ні моль не з’есць, ні злодзей не ўкрадзе, якія не здэвальвуюцца. 4. Другім заданнем святара з’яўляецца асвячэнне людзей, што ажыццяўляецца праз цэлебрацыю сакрамэнтаў — бачных знакаў нябачнай ласкі Божай, неабходнай для збаўлення. Дзякуючы святару, які цэлебруе сакрамэнты, чалавек мае магчымасць асабістай сустрэчы з Езусам Хрыстом. Больш таго, у сакрамэнце Эўхарыстыі ён злучаецца з Хрыстом самым цесным чынам і прымае Яго як хлеб вечнага жыцця. Эўхарыстыя — як ежа — дае новую духоўную энергію чалавеку і гэтым самым змяняе яго, каб ён мог змяняць свет. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас сустрэчы з духавенствам Францыі ў верасні гэтага года адзначыў, што ніхто не можа даць большага дару, чым святар. І сапраўды, можна камусьці падарыць вельмі каштоўны падарунак, але ніхто не можа даць Хрыста. Яго дае толькі святар. 5. Трэцім заданнем святара з’яўляецца кіраванне хрысціянскай супольнасцю з мэтаю яе будавання. Аднак, гэтае кіраванне трэба ўспрымаць найперш як служэнне. Прыкладам з’яўляецца Ян Павел II, які падчас інаўгурацыі свайго Пантыфікату прасіў у Бога ласкі, каб мог стаць слугою слугаў. Служэнне на Пасадзе святога апостала Пятра, якое працягвалася амаль 27 гадоў, пацвердзіла тое, што ён сапраўды быў слугою Касцёла і ўсіх, хто да яго звяртаўся. Ён нёс сваё служэнне даканца. Калі быў зусім слабы і шмат цярпеў, сказаў, што па прыкладу Езуса Хрыста, які не сышоў з крыжа, ён павінен даканца выканаць волю Божую. 6. Глыбокапаважаныя браты і сёстры! Да такіх ганаровых і адначасова вельмі адказных заданняў пакліканы гэтыя два нашыя сыны. Перадусім, яны павінны быць спецыялістамі ў сустрэчы чалавека з Богам, — як кажа Папа Бэнэдыкт XVI. Гэта цяжкае заданне давярае вашым рукам Касцёл, давярае ў цяжкі час дэхрысціянізацыі, давярае з надзеяй, што вы яго годна выканаеце.
З Божаю ласкай будзьце ж той крывёю, якая ажывіць духоўнае жыццё Касцёла. Будзьце яго надзеяй. Няхай праз вашу паслугу ва ўсёй паўнаце праявіцца збаўчая моц Езуса Хрыста, каб вы, прыняўшы таямніцу святарскага паклікання, і будучы сучаснымі Паўлам і Лукою сталі сапраўдным дарам Кацёлу і свету, — як да гэтага заклікае Ян Павел Вялікі. Амэн. |
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ў Нарачы падчас урачыстасці асвячэння помніка Яну Паўлу ІІ
|
Глыбокапаважаныя браты і сёстры, вернікі парафіі святога Андрэя, апостала і госці сённяшняй урачыстасці!
1. Ад усяго сэрца вітаю вас на гэтай святой Імшы, якая цэлебруецца ў 30-ю гадавіну выбару кардынала Караля Вайтылы Папам Янам Паўлам II. Пасля гэтай Эўхарыстыі ў 18 гадзін 45 хвілін — дакладна ў той час, калі быў абраны Ян Павел ІІ — тут, у Нарачы, будзе асвечаны помнік гэтаму Вялікаму Пантыфіку.
Дзякую пробашчу, вялебнаму айцу Бэрнарду Радзіку, кармэліту, за яго намаганні, каб на дарагой майму сэрцу нарачанскай зямлі была ўшанавана памяць Яна Паўла ІІ, а таксма дзяржаўнай уладзе, якая дала дазвол на ўсталяванне помніка, спонсарам за дапамогу ў рэалізацыі праекта і, канечне, будаўнічым, чыімі рукамі была ўсталявана гэтая скульптурная выява.
2. Сённяшняя ўрачыстасць нібы вяртае нас да вялікіх і пераломных гістарычных падзеяў далёкага ўжо 1978 года, які стаў годам трох Папаў. Пасля таго, як у жніўні памірае Папа Павел VI, Пантыфікам абіраецца Патрыярх Венецыі кардынал Альбіно Лючані, які ўпершыню ў гісторыі Каталіцкага Касцёла прымае падвойнае імя — Ян Павел. Выбарам імені ён жадаў паказаць, што з’яўляецца духоўным наступнікам Яна ХХІІІ, які распачаў ІІ Ватыканскі Сабор, і свайго папярэдніка Паўла VI, які завяршыў працу Сабору. Такім чынам, новы Папа падкрэсліў намер працягваць реалізацыю пастановаў II Ватыканскага Сабору. Але ўсяго праз 33 дні пасля абрання Ян Павел — «Папа ўсмешкі» — нечакана памірае.
Адбываецца другі за гэты год канклаў. На трэці дзень выбараў Калегія Кардыналаў абірае Папам Кракаўскага арцыбіскупа кардынала Караля Вайтылу, які стаў першым за больш чым 400 гадоў Папам не-італьянцам. Гісторыя паказала, што Божы Провід на пасад святога Пятра паставіў адпаведнага патрэбам часу пастыра сусветнага Касцёла.
3. Падчас інаўгурацыйнай святой Імшы 22 кастрычніка новы Папа заклікаў народы свету адчыніць дзверы Хрысту, падкрэсліваючы, што толькі ў ім чалавек можа зразумець сябе і вырашыць свае праблемы. Усё гэта сведчыць пра тое, што Ян Павел II вуглавым каменем свайго пантыфікату абраў самога Хрыста, якога назваў дарогаю Касцёла. Пры гэтым сам ён хацеў быць слугою ўсіх.
І сапраўды, увесь яго пантыфікат — гэта служэнне, служэнне Каталіцкаму Касцёлу, служэнне чалавеку і ўсім людзям, служэнне дзеля развіцця экуменічнага і межрэлігійнага дыялогу. У гэтым служэнні ён заўсёды абараняў маральныя каштоўнасці, не адступаў перад вострымі праблемамі сучаснсці і даваў рашучы і мужны адказ на небяспечныя выкліку часу.
4. Сёння, калі ў парафіі святога Андрэя, апостала ў Нарачы асвячаецца помнік Вялікаму Папу, нам трэба нанава ўсвядоміць веліч яго асобы. Помнік ставіцца не толькі і не столькі дзеля таго, каб ушанаваць памяць Папы, падчас патыфікату якога Беларусь атрымала свабоду веравызнання і былі арганізованы паўнавартасныя касцёльныя структуры, але каб ён як напамін пра Папу — абранніка Божага Провіду, — быў для нас і наступных пакаленняў бачным заклікам да спасціжэння і захавання ягонага вучэння.
У наш час адыходу ад маральных каштоўнасцяў і нездаровага імкнення да матэрыяльных дабротаў нам трэба звярнуць на гэта пільную ўвагу і памятаць пра тое, чаму ён нас вучыў і да чаго заклікаў: перадусім адчыніць дзверы Хрысту.
5. Што гэта азначае? Найперш трэба памятаць, што ніхто за нас гэтага не зробіць. Святы Аўгустын кажа: «Ты, Божа, стварыў мяне без мяне, але не зможаш збавіць мяне без мяне». Для збаўлення патрэбны ўдзел самога чалавека. Трэба, каб Хрыстус увайшоў у сэрца чалавека і перамяніў яго. Праз сакрамант хросту мы аддалі сябе ва ўласнасць Хрысту, мы сталі хрыстовымі, а таму павінны рабіць усё для таго, каб у нашым жыцці рэалізоўваліся словы святога апостала Паўла: «ужо жыву не я, але жыве ўва мне Хрыстус» (Гал 2, 20). Ян Павел II вучыў і заклікаў, каб у нас сапраўды жыў Хрыстус, жыў сваёю ласкаю. Сёння, калі асвячаецца помнік Слугу Божаму Яну Паўлу ІІ, нам трэба зрабіць рахунак сумлення і спытацца ў сябе, ці сапраўды ў нашых сэрцах жыве Хрыстус?
6. Калі адбудоўвалася маскоўская катэдра, якая ў савецкі час была падзелена на чатыры паверхі, адзін за другім яны разбіраліся. І вось нарэшце вачам адкрылася вельмі прыгожае скляпенне. Адна вельмі ўсхваляваная жанчына падышла да мяне і сказала: «Я ўпершыню ўбачыла гэтую прыгажосць, і яна мяне зачаравала. Але пры гэтым я задаю сабе пытанне, ці я годная глядзець на яе?»
Сёння мы ўпершыню ўбачым узнесены побач з касцёлам помнік Слугу Божаму Яну Паўлу II. Таму спытаемся і мы ў сябе, ці мы сапраўды годныя называцца хрысціянамі і нашчадкамі спадчыны Вялікага Папы, ці мы годныя глядзець на яго, ці нашыя сэрцы адкрытыя на Хрыста, ці мы ў Хрысце і праз Хрыста хочам пазнаць сябе і вырашыць свае праблемы, ці праз прызму Ягонага Евангелля на маральных каштоўнасцях будуем мы сваю будучыню? Да гэтага заклікае нас сённяшняя ўрачыстасць. Недастакова толькі хваліцца, вось, маўляў, у нашай парафіі, у Нарачы, усталяваны і асвячоны помнік Яну Паўлу II — і мы не горшыя за іншых. Вялікаму Пантіфіку будуюць помнікі у многіх краінах свету, ёсць нават на Кубе. Будуюць і на Беларусі. Вось і ў нас ёсць. Але гэтага, дарагія браты і сёстры, далёка не дастаткова. Трэба ў сваім жыцці імкнуцца быць падобнымі да гэтага святога чалавека і жыць паводле яго навучання, каб сапраўды Хрыстус жыў у нашых сэрцах.
7. Слуга Божы, Яне Паўле II Вялікі, молячыся аб тваім праслаўленні, мы ад усяго сэрца дзякуем табе за тваё вучэнне і сведчанне, за прыклад тваёй любові да кожнага чалавека без адрознення веравызнання і нацыянальнасці, за любоў да нашай Айчыны і нястомны айцоўскі клопат пра яе. Усё сваё жыццё будучы сумленнем свету, сваім адыходам да дому нябеснага Айца і пахаваннем ты правёў сусветныя рекалекцыі, так што многія сэрцы сапраўды адкрыліся на Хрыста. Выпрасі ў Бога ласку, каб твой помнік, які асвячаецца сёння, стаў бачным заклікам да адкрыцця нашых сэрцаў Хрысту, да духоўнага аднаўлення нашага жыцця і будавання будучыні на прынцыпах заўсёды жывога і дзейснага Евангелля, каб сапраўды ўжо жылі не мы, але жыў у нас Хрыстус, адзіны Збаўца свету ўчора, сёння і заўсёды, каб у Ім мы маглі адшукаць сэнс свайго жыцця і праз Яго прыйшлі да вечнага шчасця ў небе. Амэн. |
Гамілія Ардынарыя Гродзенскай дыяцэзіі біскупа Аляксандра Кашкевіча з нагоды ІІ Міждыяцэзіяльнай пілігрымкі сем'яў у Тракелі 2008 г.
|
Умiлаваныя ў Хрысце браты i сёстры! Вiтаю ўсiх вас у нашым дыяцэзiяльным санктуарыi ў Тракелях! Перажываем II Мiждыяцэзiяльную пілiгрымку сем’яў пад дэвiзам «Касцёл — супольнасць сем’яў». Мы сабралiся тут, каля Марыi i яе Сына, каб прасiць Пана Бога аб патрэбных ласках для нашых сем’яў. Перажываем год св. апостала Паўла, таму цэнтральнай думкай казання, у якім я нагадаю пра галоўныя элементы хрысцiянскага сужэнства, стануць словы Апостала Народаў.
Святы Павел сцвярджае, што сужэнства — гэта святая справа, бо паходзiць яно ад Бога. Сужэнская любоў паходзiць ад Бога, а усё, што Бог стварыў, з’яўляецца добрым. Кожны любіць чысцiню: чыстае адзенне, прыбраныя дамы і вулiцы. Падобна i сужэнскае каханне, як нешта вельмi добрае, павiнна быць чыстым i святым. Сужэнскае каханне патрабуе непарыўнасцi i вернасцi, а таксама адкрытасцi на дзяцей. Варта змагацца за чысцiню i святасць любові, бо яна з’яўляецца нечым вялiкiм.
«Тым жа, хто ажаніўся, — гаворыць св. Павел, — не я загадваю, але Пан: Жонка няхай не адыходзіць ад свайго мужа. Калі ж пакіне яго, няхай застанецца адна або памірыцца з мужам сваім. Муж таксама няхай не пакідае жонку» (пар. 1 Кар 7, 10–11). Апостал падкрэслiвае, што гэта не яго патрабаваннi, гэта — словы Пана Езуса. Таму чалавек не можа дыскутаваць з Богам, ён павiнен слухацца Пана Бога. Мы не можам казаць: «Касцёл занадта патрабуе, не магчыма выканаць ўсяго, што патрабуюць святары!». Навука Касцёла не з’яўляецца выдумкай святароў. Яны толькi перадаюць навуку Хрыста i не могуць нiчога дадаць, адняць цi нешта змянiць у ёй.
Паслухаем, што сказаў Пан Езус пра сужэнства: «Створца спачатку стварыў іх мужчынам і жанчынай. І сказаў: Таму пакіне мужчына бацьку і маці і злучыцца з жонкай сваёй, і абое стануць адным целам. Таму яны ўжо не двое, але адно цела. Таму няхай чалавек не раздзяляе таго, што злучыў Бог» (пар. Мц 19, 4–6). «Хто развядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з іншай, той чыніць распусту ў дачыненні да яе» (пар. Мк 10, 11).
Гэта, мае дарагiя, словы самога Бога i нiхто нiколi не можа iх змянiць. Калi верым у Хрыста, то мы павiнны прыняць Яго слова i выконваць яго. Таму звяртаюся ў гэтым месцы да ўсiх сем’яў, якiя перажываюць праблемы або крызiс. Мае ўмiлаваныя, вытрымайце ў вернасцi i еднасцi! Не дазвольце злому духу знiшчыць вялiкае дабро, якiм з’яўляецца ваша сям’я! Калi часам вам здаецца, што захаваць сям’ю вам не па сілах, прасiце Бога аб дапамозе. Малiцеся, прыступайце да святых сакрамэнтаў, і Бог падтрымае вас. Калi вытрымаеце гэтыя хвiлiны выпрабавання, то будзеце вельмi задаволены ў старасцi i ў небе.
Паслухаем далей, што кажа св. Павел: «Падпарадкоўвайцеся адзін аднаму ў боязі Хрыстовай. Мужы, любіце сваіх жонак, як і Хрыстус палюбіў Касцёл і аддаў сябе за яго. Так павінны мужы любіць сваіх жонак, як сваё цела. Хто любіць сваю жонку, любіць самога сябе. Бо ніхто ніколі не меў нянавісці да свайго цела, але корміць і даглядае яго, як і Хрыстус свой Касцёл. Няхай жа кожны з вас любіць сваю жонку, як самога сябе. А жонка няхай з пашанай адносіцца да свайго мужа» (пар. Эф 5, 21. 25. 28–29. 33).
Браты i сёстры, помніце, як у дзень вашага шлюбу вы тры разы адказвалi «Жадаю!» на пытаннi святара: «Жадаю дабравольна заключыць сужэнскi саюз з тым, у кiм бачу майго абраннiка, маю абраннiцу, жадаю пражыць у шчасцi i няшчасцi аж да смерцi, жадаю прыняць кожнае дзiця, якiм адорыць нас Бог!». А потым: «Прысягаю табе сужэнскую любоў i вернасць … не пакiну цябе аж да смерцi… Няхай дапаможа мне Бог усемагутны!». А святар малiўся: «Бог Айцец няхай захавае вас ва ўзаемнай любовi i згодзе … Будзьце шчаслiвымi як бацькi … У свеце будзьце сведкамi, што Бог з’яўляецца любоўю …» Памятайце пра гэта i захавайце назаўсёды сэрца такім, якое яно было ў дзень вашага шлюбу. «Сужэнства няхай будзе сумленным, а ложа няхай будзе беззаганным, бо распуснікаў і чужаложцаў асудзіць Бог» (пар. Гбр 13, 4).
Прыклад з жыцця. Ён і яна наведвалі сустрэчы душпастырства моладзi. Яна была далiкатнай бландзiнкай, уся, здавалася, была напоўнена ўнутраным святлом. Ён быў высокi, атлетычнага складу, з цёмнымi валасамi. Гэта была вельмi прыгожая пара. Ажанiлiся. Потым знiклi на нейкі час. Праз некалькi гадоў зноў былi ў полi зроку душпастыра, але сiтуацыя вельмi змянiлася. Яна захварэла на невылечную хваробу — дэгенерацыю нярвовай сiстэмы. Ён кожны месяц хадзiў з ёю ў амбулаторыю: прывозiў на iнвалiднай калясцы i на руках уносiў у будынак медыцынскай установы. Праз некаторы час яна магла рухаць толькi галавою. Пазней у амбулаторыю яе прывёз бацька, бо ён выехаў i больш не вярнуўся — знайшоў другую. Яна пражыла яшчэ некалькi гадоў. Мужна зносiла хваробу i трымалася Бога, аднак не магла прыняць, што той, якi казаў, што любiць, пакiнуў яе. Шмат знаёмых яго апраўдвала, пасля яе смерцi ён ўзяў шлюб у Касцёле з другой. I ўсё выглядае як бы ў парадку, але цi ён сам змог сябе апраўдаць? Цi змог забыць, як паступіў з ёю? Ён жа прысягаў: «Не пакiну цябе аж да смерцi!». Вы можаце сказаць: «Гэта яшчэ лёгкi прыклад, мы ведаем горшыя!». Напэўна, ёсць i горшыя прыклады, але мы павiнны клапацiцца, каб у нас было чуллiвае i правiльнае сумленне, каб наша сэрца не стала цвёрдым i эгаiстычным, павiнны клапацiцца, каб даваць добры прыклад моладзi.
Пiсьменнiк першых стагоддзяў Тэртуліан пiсаў: «Як жа я змагу выказаць словамi шчасце таго сужэнства, якое звязвае Касцёл, узмацняе эўхарыстычная Ахвяра, на якім благаслаўленне ставiць пячатку, анёлы абвяшчаюць, а Айцец пацвярджае? … Якое ж шчаслівае ярмо двух вернікаў, злучаных адной надзеяй, адным захаваннем вернасцi, адным служжэннем!».
Сёння можна пачуць розныя выказванні супраць непарыўнасці сужэнства, у якіх апраўдваюцца разводы.
Некаторыя кажуць, што тыя, якія жывуць без шлюбу, жывуць лепш, чым тыя, якія маюць шлюб. Сапраўды часам здараецца, што тыя, хто заключыў сакрамэнтальны шлюб, цяжарам свайго эгаізму і граху заглушылі крыніцу ласкі, якая была ім дадзена, і не карыстаюцца з Божай моцы. Трэба таксама памятаць, што злы дух болей спакушае тых, якія ў Імя Божае заключылі сужэнства, і хоча яго знішчыць, бо хоча знішчыць усё, што святое. А сужэнства, заключанае ў імя чалавечага эгаізму, без Пана Бога, не перашкаджае д’яблу, бо яно не з’яўляецца святым сужэнствам, а проста грэшным сужыццём.
Іншыя сцвярджаюць: «Важна, каб мужчына і жанчына добра жылі адно з адным, каб паміж імі была згода. Шлюб, — кажуць яны, — не прыносіць шчасця аўтаматычна. Важна, каб мы любілі адно аднаго, бюракратыя не патрэбна! У нас усё пабудавана на даверы!». Так, ласка сакрамэнту сужэнства не ламае свабоднай волі чалавека, не ўваходзіць праз сілу ў сужэнскае жыццё. З Божай ласкай трэба ўзаемадзейнічаць. Таксама трэба памятаць, што, акрамя зямнога жыцця, ёсць яшчэ вечнае жыццё пасля смерці. Той, хто адкідвае Божае благаслаўленне, адварочваецца ад Бога.
Некаторыя сцвярджаюць: «Заключыць сакрамэнтальнае сужэнства — гэта вялікая адказнасць, на такі крок мы яшчэ не гатовы і не годныя яго». Але яны лічаць сябе годнымі і гатовымі ўжо пачаць сумеснае жыццё і нават нарадзіць дзіця. Такім выказваннем яны самі сабе пярэчаць і проста падманваюць адно аднаго, бо не хочуць браць на сябе адказнаці за другога.
Іншыя ж кажуць: «Трэба паспрабаваць, ці нам будзе добра разам. Трэба праверыць, ці мы зможам назаўсёды быць разам. Нам патрэбна гарантыя, што ў нас усё будзе ў парадку». Балюча гэта чуць ад людзей старэйшых і веруючых, якія даюць згоду на грэшнае сужыццё сына ці дачкі без роспісу ў ЗАГСе і без шлюбу, і тлумачаць гэта тым, што лепш пажыць у граху і праверыць, ці змогуць быць разам, чым заключыць сужэнства, а потым разысціся. Але грэх ніколі не можа даць добрага плёну і ўратаваць будучае сужэнства ад распаду. Наадварот, грэх нішчыць дабро, прыносіць зло і цярпенне.
Такое мысленне — гэта голас эгаізму, карыслівасці, накіраванасці толькі на цялеснае жыццё, а чалавек — гэта не адно толькі цела. Чалавек з’яўляецца Божым дзіцём, на ім нельга ставіць вопыты. Жыццё заўсёды будзе патрабаваць высілкаў, ахвярнасці і прабачэння, без гэтага няма праўдзівай любові. Сужэнства з самага пачатку павінна быць заключана з поўнай адказнасцю.
Часта можна пачуць выказванні, якія апраўдваюць развод і заключэнне паўторнага сужэнства без шлюбу. Кажуць: «Мы не сышліся характарамі, таму вырашылі разысціся і заключыць лепшыя саюзы. Ксёндз, праўда, не дае другі раз шлюбу, але гэта ўжо не нашая віна, бо мы маглі б і другі раз пайсці да шлюбу». Мае дарагія! Цяжкасці, і тое, што людзі не сыходзяцца характарамі, — гэта норма жыцця. Побач з намі заўсёды будуць людзі, з якімі нам будзе цяжка, да якіх неабходна будзе прыстасоўвацца: ці на працы, ці ў суседстве, ці нават у сям’і, дзе мы раслі. Мы павінны прыстасавацца нават да самога сябе — прыняць свой знешні выгляд, здольнасці, недахопы характару. А ў сужэнстве ідзе гаворка пра чалавека, якому ты ад усяго сэрца ўрачыста абяцаў сваю любоў, што не пакінеш яго да смерці ў шчасці і ў няшчасці! А цяпер так лёгка хочаш замяніць чалавека, як быццам гэта нейкая рэч? Чалавека, які, можа, з’яўляецца бацькам ці маці твайго дзіцяці?! Сужэнства — гэта саюз мужчыны і жанчыны, заключаны ў імя Бога назаўсёды, адзначаны пячаткаю Крыві Хрыста ў Святой Камуніі, якую сужэнцы прымаюць у дзень шлюбу! Нельга так лёгка адмовіцца ад любові і адкінуць мужа ці жонку як нешта непатрэбнае. Чалавек жа можа змяніцца і праз некаторы час зразумець і ацаніць тое, чаго не разумее і не цэніць цяпер. Трэба паглядзець на ўсё сваё жыццё цэласна — ажно да старасці, да Божага Суда і вечнай хвалы ці асуджэння і не паддавацца спакусе сённяшніх негатыўных эмоцый. Сапраўды, гэтыя эмоцыі могуць назбірацца, калі сужэнцы занядбалі супольную малітву, перасталі размаўляць, абвінавачваюць адно аднаго і не хочуць прызнавацца ў сваіх памылках, адначасова перабольшваючы памылкі сужэнца. Добра разумею тых, хто нясе цяжкі крыж у сужэнстве і змучаны гэтым крыжам. Але неабходна даверыцца Богу і абаперсціся на Яго моц. Чалавек ніколі не можа давяраць сабе да канца — не можа давяраць свайму розуму, тым больш давяраць сваім сённяшнім эмоцыям і пачуццям — неабходна паверыць у любоў Бога, паверыць у тое, што Яго запаведзі добрыя і карысныя для нас, узяць свой крыж і несці яго, бо ў крыжы збаўленне, хоць у ім таксама і цярпенне. Спачуваю тым мужам, у каго легкадумныя ці няверуючыя жонкі, якія не клапоцяцца пра дзяцей і дом. Спачуваю тым жонкам, у каго няверуючыя мужы, або мужы-скандалісты ці п’яніцы. Як лёгка можа тады з’явіцца ў сэрцы спакуса: «Трэба разысціся, каб дзеці мелі спакой у доме! Можа, хто іншы будзе лепш адносіцца да маіх дзяцей?» Але трэба памятаць, што дзеці могуць па-іншаму адносіцца да бацькі, не так як жонка, бо для дзяцей бацька назаўсёды застанецца бацькам — адзіным, бо бацьку ніхто не выбірае. Дзеці хочуць, каб бацька быў побач, — нават калі з ім цяжка. Для дзяцей развод заўсёды будзе вялікім стрэсам, які пакіне балючае расчараванне бацькамі і сумны адбітак на ўсё жыццё. Касцёл згаджаецца на сепарацыю ў тым выпадку, калі далейшае сумеснае жыццё будзе пагражаць стратай веры ці жыцця, але ніколі не згаджаецца на заключэнне паўторнага, несакрамэнтальнага сужэнства, пакуль жывуць муж ці жонка, якія разышліся.
Ванда Пултаўска, якая шмат гадоў працавала ў Сямейнай кансультацыі, апісвае ў сваёй кнізе «Каб сям’я была моцная Богам» прыклад змагання жанчыны за сваю сям’ю. Адам і Ева заключылі сужэнства. Пасля таго, як нарадзілася дачка, стала вядомым, што ён здраджвае жонцы з жанчынай, з якой пазнаёміўся на нейкім экзамене. Ева прыйшла ў кансультацыю з вачыма, пацямнелымі ад болю. Расплакалася і сказала, што ўчора заявіла мужу, што калі ён лічыць, што будзе шчаслівы без яе і дачкі, то можа адысці, але яна будзе за яго маліцца і чакаць яго вяртання. Ён адышоў і жыве з іншай жанчынай. Працаўніца кансультацыі не вытрымала і пайшла пагаварыць з той жанчынай. Тая ўвесь час паўтарала, што кахае Адама і не можа без яго жыць, што яна таксама мае права на шчасце. Ева цярпела, была спакойнаю, маўкліваю і ўвесь час малілася. Праз нейкі час у Кансультацыю прыйшоў Адам. Сказаў, што ён вельмі разбіты і нешчаслівы, бо любіць дзвюх жанчын — жонку і тую жанчыну, да якой адышоў, — і не ведае, што рабіць. Ванда Пултаўска сказала яму, што гэта няпраўда: ён не любіць жонку, бо здраджвае ёй, не любіць і тую другую, бо ашуквае яе, а сам ніколі не зможа быць яе законным мужам, не любіць і сваю дачку, якую пакінуў. Ён — эгаіст, любіць толькі сябе. «Ідзі да споведзі», — параіла Ванда. Адам сказаў, што ведае, што скажа яму ксёндз на споведзі. «Калі ведаеш, што скажа ксёндз, значыць, ведаеш, што неабходна рабіць!». І Адам не вытрымаў — вярнуўся да жонкі. Апоўначы пазваніла да Ванды Пултаўскай тая другая жанчына і сказала, што адбірае ў сябе жыццё, бо Ванда адабрала ў яе Адама. Ванда паехала да той жанчыны на таксі і завезла яе ў рэанімацыю, бо яна атруцілася таблеткамі. Праз некаторы час у Кансультацыю прыйшлі Адам і Ева разам. Адам, які заўсёды быў упэўнены ў сабе і любіў пагаварыць, ціха сказаў, што быў на споведзі. Тая другая жанчына, калі паправілася, выехала на Захад і больш не выйшла замуж. Грэх і нявернасць не прыносяць шчасця.
Мае дарагія, хачу яшчэ нагадаць вам, што кожнае дзіця, зачатае ў вашай сям’і, кожнае без выключэння — здаровае ці хворае — з’яўляецца дарам Бога і мае права на жыццё, мае права нарадзіцца. Нельга пазбаўляць яго жыцця ў лоне маці. Ніякія аргументы не могуць апраўдаць забойства нявіннай істоты, нават калі б урачы пераконвалі, што дзіця ў лоне маці хворае і трэба яго пазбыцца. Дзіця мае права на жыццё.
Жадаю вам, дарагія мужы і жонкі, дарагія бацькі і маці, каб гэтая малітва перад абразом Маці Божай у Тракелях узмоцніла вас, каб вы вярнуліся дамоў духоўна адноўленыя, каб ласка сакрамэнту сужэнства прынесла новы плён у вашым жыцці, каб Пан Бог вас благаславіў і напоўніў супакоем. Амэн. |
Гамілія на свята Імя Марыі ў мінскім архікатэдральным касцёле (12 верасня 2008 г.)
|
«Вітай Марыя, поўная ласкі, Пан з Табою, благаслаўлёная Ты між жанчынамі» (пар. Лк 1, 28)
1. Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
Гэтымі словамі анёльскага прывітання, якое прагучала ў цішыні Назарэта больш за 2000 гадоў таму, сардэчна вітаю ўсіх вас і віншую з пачаткам трыдуума, прысвечанага дню імянінаў нашай духоўнай Маці — Марыі, Апякункі нашага архікатэдральнага касцёла, тытул якога — Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, а таксама з 40-гадзіннай адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту.
Сёння мы адзначаем імяніны Божай Маці, праслаўляем Яе імя «Марыя», якое, паводле традыцыі, Яна атрымала на чацвёрты дзень пасля свайго нараджэння. Гэтае імя ад пачатку хрысціянства з вялікай пашанай вымаўлялася побач з іменем Езуса. Імя Марыі заклікалі, просячы Яе аб дапамозе і заступніцтве.
Свята Імя Марыі найперш адзначалася ў Іспаніі. Аднак пасля перамогі караля Яна Сабескага над туркамі, якая мела месца пад Венаю 12 верасня 1683 г. (якраз 325 гадоў таму) папа Інакенцій XI распаўсюдзіў яго на ўвесь свет.
2. На свеце ёсць шмат імёнаў. Шмат іх і ў Святым Пісанні. Наважнейшае з іх — гэта імя Езуса, імя нашага адзінага Збаўцы. Нездарма св. Апостал Павел усклікае, што Бог дараваў свайму Сыну «імя па-над усялякае імя, каб на імя Езуса схілілася кожнае калена стварэнняў нябесных, зямных і падземных» (пар. Флп 2, 9).
Аднак, вымаўляючы імя Езуса, мы так ці інакш успамінаем і імя Марыі, бо Ён нарадзіўся ад Яе. Па-габрэйску «Марыя» гучыць як «Міріам». Тут трэба нагадаць, што сястра Майсея таксама мела імя Міріам. Імя «Марыя», падобна як і імя «Езус», было вельмі папулярным сярод габрэяў. Бог, аднак, пажадаў, каб гэтыя вельмі распаўсюджаныя ў тыя часы імёны былі дадзены дзвюм асобам, якія апынуліся ў цэнтры гісторыі збаўлення: Яго Сыну Езусу Хрысту, які стаўся «другім Адамам», і Марыі, якая сталася «другой Евай» і якая замест забароненага плоду дала чалавецтву благаслаўлёны плод свайго ўлоння — Езуса Хрыста.
3. На працягу вякоў людзі звяртаюцца да Марыі за дапамогай і, як кажа вялікі Яе ўшанавальнік св. Бернард, ніколі не здаралася, каб Яна пакінула таго, хто Яе на дапамогу кліча і просіць Яе апекі.
Звяртаўся да Марыі, напрыклад, і кароль Ян Сабескі, калі пад Венай бараніў хрысціянства ў Еўропе. Падчас пераследу веры нашыя продкі і мы звярталіся да Марыі, якая ў пасланнях падчас сваіх аб’яўленняў у Фаціме дала нам надзею на адраджэнне веры.
Сёння, на пачатку XXI стагоддзя, нам ізноў даводзіцца бараніць сваю веру. Не, ніхто сілай не хоча яе адабраць і ніхто не забараняе нам верыць у Бога. Наадварот, у нас усё больш і больш магчымасцяў, каб вызнаваць сваю веру. Аднак цяперашні постмадэрнісцкі час не спрыяе развіццю веры і захаванню рэлігійных практык.
У эпоху мадэрнізму сцвярджалася, што развіццё навукі зможа вырашыць усе праблемы чалавецтва. Аднак яны не былі вырашаныя. Развіццё навукі і тэхналогіі, з аднаго боку, унесла шмат добрага ў жыццё чалавека, з іншага ж — памножыла яго праблемы.
Прыхільнікі постмадэрнізму ідуць іншым шляхам. Яны абвяшчаюць поўную свабоду ад усяго. На іх думку, маральныя нормы павінны быць ліквідаваны, бо яны перашкаджаюць сучаснаму чалавеку жыць свабодна і шчасліва. Чалавек сам з’яўляецца заканадаўцам і сам ацэньвае свае паводзіны, таксама з маральнага пункту гледжання. Сучасны чалавек, калі і жадае веры, то хоча, каб яна была такой, якую ён сам сабе ўяўляе, паводле якой не чалавек павінен служыць Богу, але Бог — чалавеку, не Евангелле павінна змяняць чалавека, але чалавек — Евангелле. Усё пераварочваецца з ног на галаву…
Да чаго ўсё гэта вядзе? За адказам не трэба хадзіць далёка. Ён бачны простым вокам. Парламенты многіх краінаў ужо прынялі законы, якія пярэчаць закону Божаму. Напрыклад, законы, якія ўраўноўваюць у правах гамасексуальныя саюзы з устаноўленым Богам і традыцыйным інстытутам сям’і як адзіным і непарушным саюзам паміж мужчынам і жанчынай.
Паўсюдна гаворыцца пра магчымасць кланіравання чалавека або яго органаў, як быццам запчастак. Але ж чалавек створаны Богам па Яго вобразе і падабенстве як непаўторнае стварэнне. Неабмяжаваная свабода вядзе да амаральных паводзінаў, асабліва гэта датычыць моладзі. Расце колькасць разводаў, абортаў. Усё больш людзей хварэюць на чуму нашага часу — СНІД, які побач з наркаманіяй становіцца новым выклікам і новай праблемай сучаснасці.
Сённяшні свет, асабліва Еўропа, сама губляе свае хрысціянскія карані, з якіх вырасла. Не трэба быць вялікім спецыялістам, каб гэта даказаць. Незлічоныя касцёлы, помнікі архітэктуры, мастацтва, пісменніцтва і г. д. — найлепшыя сведкі хрысціянскіх каранёў Еўропы. Сёння чалавек сам адракаецца ад веры ў Бога і нават перашкаджае яе развіццю. Ён жадае, каб вера была толькі прыватнай справай асобы, і каб Касцёл абмежаваў сваю дзейнасць выключна сценамі храма. Але, дазвольце спытацца, ці рэклама алкаголю, табачных вырабаў, насілле на кіна- і тэлеэкранах, парнаграфія ў інтэрнэце і г. д. — гэта справа прыватная? Не. Таксама і ўстаноўлены Езусам Хрыстом і пасланы абвяшчаць Божую праўду Касцёл павінен мець права прапаведаваць Евангелле ўсюды. Нездарма св. Апостал Павел заклікае навучаць «у час і не ў час».
4. У такой складанай сітуацыі да каго мы сёння пойдзем? Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у сваім пасланні да моладзі з нагоды форума маладых у Сіднэі ў гэтым годзе сказаў, што адзіны ратунак у складаных праблемах секулярызацыі — гэта Езус Хрыстус. А да Яго нас вядзе Марыя.
У адным з касцёлаў ёсць вельмі сімвалічная манстранцыя: Марыя стаіць на зямным глобусе і трымае Гостыю. Гэта вельмі добрая «катэхеза»: сапраўды, гэта Марыя дала нам Збаўцу і да Яго вядзе.
5. Сёння, калі мы святкуем дзень імянінаў Марыі, парафіяльнае свята архікатэдральнага касцёла і 40-гадзінную адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, нам трэба з надзеяй звярнуцца да нашай духоўнай Маці. Марыя, ты выпрасіла ў свайго Сына першы цуд у Кане Галілейскай, на працягу 20-ці стагоддзяў Ты была Заступніцай чалавецтва, у час пераследу веры сталася Зоркай надзеі. Сёння, у часы рэлігійнага невуцтва, індыферэнтнасці, абыякавасці, мы звяртаемся да Цябе праз Тваё святое імя: прывядзі нас да свайго Сына; прывядзі найперш у слове Божым, якое Ты захавала ў сваім сэрцы і разважала; прывядзі ў Эўхарыстыі, каб яна сваёю моцаю перамяніла нас; прывядзі ў іншых сакрамэнтах і служэнні Касцёла; прывядзі ў служэнні бліжнім. Мы глыбока верым у Тваю дапамогу і ў тое, што праз Тваё імя Сын Твой Езус Хрыстус учыніць новы цуд перамогі над выклікамі сучаснага секулярызаванага свету, якія вядуць да спусташэння веры, учыніць цуд яе адраджэння і ўзмацнення, каб мы, жывучы Яго праўдай, баранілі хрысціянскія каштоўнасці і будавалі дом нашага жыцця на трывалым фундаменце Евангелля. Амэн. |
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас першай святой Імшу ў адноўленым касцёле ў Заслаў'і
|
«Дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх». (Пар. Мц 18, 20) Гэтыя словы са святога Евангелля паводле Мацвея на XXIII-ю звычайную нядзелю вельмі выдатна пераказваюць тыя думкі і атмасферу, якія сёння пануюць у касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Заслаўі. Святыня, якая амаль 150 гадоў таму была адабрана ў Каталіцкага Касцёла і нішчылася на працягу многіх дзесяцігоддзяў атэізацыі, сёння распачынае сваё новае жыццё. Упершыню пасля доўгага пярыяду, які ахоплівае паўтара стагоддзі, у вігілію патранальнага свята парафіі, у гэтай святыні Каталіцкі Касцёл цэлебруе святую Імшу.
Сённяшняя ўрачыстасць — гэта яшчэ адно пацвярджэнне таго, што Хрыстус з’яўляецца Валадаром сусвету, што менавіта Ён піша проста па крывых лініях гісторыі і ставіць апошнюю кропку над «i». Гэта таксама трыумф гістарычнай справядлівасці.
З нагоды сённяшняй урачыстасці хачу выказаць сваю падзяку ўсім, хто прычыніўся да таго, каб гэтае набажэнства магло адбыцца. Дзякую дзяржаўнай уладзе за вяртанне касцёла. У яго сценах на маральных прынцыпах будзе выхоўвацца новае пакаленне нашых суайчыннікаў. Дзякую ўсім святарам, якія працавалі або працуюць тут, асабліва сённяшняму пробашчу кс. Пятру Врубелю, парафіяльнай радзе і спонсарам, усім, чыімі намаганнямі касцёл быў часткова адрэстаўраваны для таго, каб у ім ужо можна было маліцца. Выказваю надзею, што сённяшняя ўрачыстасць паспрыяе як далейшаму аднаўленню касцёла, так і ўзрастанню рэлігійнага жыцця ў парафіі.
Касцёл — гэта месца, дзе чалавек сустракаецца з Богам. Гэтая сустрэча адбываецца у слове Божым, сакрамэнтах і праз іншую паслугу Касцёла. Менавіта ў касцёле абвяшчаецца слова Божае, з якога нараджаецца вера, бо яна ад слухання, як навучае св. Апостал Павел. У сакрамэнце хросту чалавек стаецца святыняю Духа Святога. У канфірмацыі — узмацняецца дарамі Духа Святога, каб быць моцным вераю, бараніць яе і мужна адказваць на выклікі часу. У Эўхарыстыі Хрыстус прыходзіць да нас як хлеб жыцця вечнага. «Эўхарыстыя перамяняе чалавека, каб ён сам, змяняючыся, мог перамяніць свет», — падкрэслівае Папа Бэнэдыкт XVI. Сакрамэнт пакаяння вяртае чалавеку стан жыцця ў ласцы Божай. Гэта нібы новы хрост слёзаў. У сакрамэнце намашчэння хворых Бог прыходзіць са сваёю моцаю, каб падрыхтаваць чалавека да пераходу ў жыццё вечнае. У наш час крызісу інстытута сям’і з новаю моцаю набірае значэнне сакрамэнт сужэнства, каб дапамагчы сям’і сапраўды быць галоўнай клеткай грамадства. І наканец, у сакрамэнце святарства, пакліканныя праз Хрыста моцаю Духа Святога бяруць удзел у збаўчай дзейнасці самаго Збаўцы. Яны дзейнічаюць моцаю Хрыста.
Усё гэта пацвярджае, што Касцёл не толькі дае чалавеку новае жыццё, але таксама апякуецца ім праз усё яго жыццё. Больш таго, Касцёл моліцца за чалавека пасля яго смерці. Гэта азначае, што Касцёл з’яўляецца нашай духоўнай маці, якая нястомна клапоціцца пра нас. Таму вернікі так любяць Касцёл і аберагаюць яго. Яны добра ведаюць: дзе ёсць касцёл і святар, там і Божая ласка, бо дзе двое ці трое сабраліся ў імя Хрыста, там Ён ёсць сярод іх.
Аднак найвярнейшы шлях да Хрыста — гэта шлях праз Марыю, свята Нараджэння якой мы сёння ўрачыста адзначаем.
Мы добра ведаем, што перад усходам сонца на небе з’яўляецца ранішняя зорка. Яшчэ цёмна, але яна ўжо ёсць. Гэта азначае, што скора закончыцца ноч і распачнецца дзень.
Многія тысячагоддзі чалавецтва жыло нібы ў тунэлі, калі навокал усё было ў цемры. Чалавецтва, аднак, чакала дня, калі прыйдзе Збаўца — святло, якое не заходзіць. Таму Нараджэнне Марыі з’яўляецца як бы з’яўленнем ранішняй зоркі, якая абвяшчае хуткае прыйсце Збаўцы, бо Евангелле гаворыць, што Дзева народзіць Сына, Якому дадуць імя Эммануэль, што азначае «з намі Бог».
У цяжкія часы пераследу веры Марыя заставалася зоркай надзеі, што Бог зноў будзе з намі. У сваім фацімскім пасланні яна яшчэ ў 1917 г. заклікала да малітвы, пакаяння і навяртання, каб асцерагчыся ад усіх бедаў. Тады яна сказала людзям: калі будзеце маліцца і навернецеся, то ўсё будзе добра; калі ж, аднак, не паслухаеце мяне, вас чакаюць страшныя беды. Тады, больш за 90 гадоў таму, Марыя прадказала гісторыю развіцця свету, пераслед веры, Касцёла, Святога Айца. Аднак у той жа час яна дала надзею на навяртанне. Менавіта мы і з’яўляемся сведкамі спаўнення гэтай надзеі. Пацвярджае гэта і сённяшняя ўрачыстасць, бо ў новых абставінах рэлігійнай свабоды ў некалі знішчаным месцы зноў абвяшчаецца слова Божае, цэлебруецца Эўхарыстыя і ўдзяляюцца сакрамэнты.
Аднак у наш час над верай зноў навісла вялікая пагроза, імя якой — секулярызм. Сучасны чалавек, на жаль, усё часцей звяртае сваю ўвагу і клапоціцца не пра духоўныя, а матэрыяльныя справы і прыемнасці жыцця. Сёння ўсё больш і больш распаўсюджваецца практычны атэізм і індыферэнтызм. Сучасны секулярызаваны чалавек часта гаворыць, што вера мусіць быць толькі прыватнаю справаю чалавека. Ён адмаўляе абсалютную праўду і выказваецца за поўную і неабмежаваную свабоду ў сваіх паводзінах, выказваецца за свабодны сэкс і абагаўляе яго. Для сучаснага чалавека самым вялікім злом з’яўляюцца маральныя нормы, якія абмяжоўваюць яго свабоду, таму іх трэба адкінуць. У выніку гэтага ў сённяшнім свеце пануе этычны крызыс, які прывёў да крызысу інстытуту сям’і. Пад вялікай пагрозай знаходзіцца найвялікшы Божы дар — жыццё чалавека. Моладзь вядзе сябе распушчана. Да традыцыйнага алкагалізму дадаліся наркаманія і СНІД. Гэтым і падобным выклікам нашага часу вельмі моцна падвержана моладзь. Заахвочаная віртуальнымі абяцаннямі шчасця, яна кідаецца ў вір сучаснага свету, каб знайсці яго. Хутка прыходзіць расчараванне, з якога нялёгка знайсці выйсце, калі чалавек не мае цвёрдай веры. Чалавек шукае дапамогі ў алкаголі, наркотыках, амаральных паводзінах і г.д. Не знаходзіць яго там, бо не можа знайсці, таму што гэта не той шлях, дзе трэба шукаць дапамогу. Таму словы Божай Маці з Фацімы: калі паслухаеце мяне і навернецеся, то усё будзе добра; калі не, то будзе вялікая бяда, — сёння з’яўляюцца вельмі актуальнымі. Актуальным таксама з’яўляецца і аб’яўленне Маці Божай у Люрдзе, 150-гадовы юбілей якога мы адзначаем у гэтым годзе. Там, у Масабэльскім гроце, Марыя назвала сябе Беззаганна Зачатаю і заклікала да малітвы і навяртання.
Праблема зла ў свеце распачалася ў той момант, калі нашыя першыя бацькі не паслухаліся Бога. У часы пераследу веры нашыя бацькі і многія з нас таксама заплацілі вялікую цану за непаслухмянасць і адмову прыслухацца да Марыі. У новых абставінах нашага жыцця мы не маем права паўтараць памылак мінулага. Бог праз Марыю сёння пытаецца ў нас, якімі хрысціянамі мы з’яўляемся? Сапраўднымі ці штучнымі? Хрыстус кажа, што мы павінны быць або гарачымі, або халоднымі, не дастаткова быць толькі ледзь цёпленькімі.
Зусім нядаўна завяршыліся Алімпійскія гульні ў Пекіне. Гэта быў фестываль спорту. Калі мы гаворым пра спорт, то ведаем, што кожны спартсмен сам дабравольна абірае сабе галіну спорта. Адзін хоча быць футбалістам, іншы — хакеістам, а хтосьці — баскетбалістам і г.д. Аднак, пасля таго як чалавек выбраў сабе галіну спорту, ён ужо не можа самастойна мяняць правілаў гульні. Падобна і ў рэлігіі. Калі мы з’яўляемся хрысціянамі, то не можам і не маем права змяняць Евангелле. Наадварот, яно мусіць змяняць нас.
Мы знаходзімся ў Заслаўі. Сама назва гэтага горада як быццам заклікае да таго, каб тут жылі слаўныя людзі. Яны павінны славіцца не толькі сваёю працаю, любоўю да свайго гістарычнага горада, развіццём яго інфраструктуры, новымі будоўлямі і г.д., найперш, яны мусяць быць слаўнымі сваім маральным жыццём па прыкладу Марыі. Яна, як наша духоўная Маці, паказвае як гэтага дасягнуць. Менавіта праз паслухмянасць Божай волі. Яна перасцерагае і абараняе нас, заахвочваючы да малітвы і навяртання. Яна вядзе нас да свайго Сына, бо ў Ім збаўленне.
Сёння, у гэтую ўрачыстасць, калі мы святкуем твой, Марыя, дзень Нараджэння, мы звяртаемся да цябе, наша духоўная Маці: выпрасі нам у свайго Сына Езуса Хрыста ласку жыць паводле волі Божай, бо яна хоча толькі аднаго — нашага ўдасканалення і збаўлення. Амэн. |
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Гамілія на свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі (мінскі архікатэдральны касцёл, 8 верасня 2008 г.)
«Шчаслівая Ты, Панна Марыя, і годная ўсялякай хвалы, бо з Цябе ўзышло Сонца праўды — Хрыстус, наш Бог»
1. Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
Гэтыя словы спеву перад Евангеллем вельмі добра адлюстроўваюць нашыя думкі і пачуцці сёння, калі мы адзначаем свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. Верны народ Божы ўжо два тысячагоддзі праслаўляе Марыю за тое, што Яна стала Божай Маці і Маці нашай, а таксама па-матчынаму клапоціцца пра кожнага з нас.
2. Мой былы пробашч у Вострай Браме ў Вільні любіў казаць, што, хоць самая важная ўрачыстасць падчас літургічнага года — гэта ўрачыстасць Уваскрасення Езуса Хрыста, за якой ідзе ўрачыстасць Божага Нараджэння, аднак іх не было б, калі не было б свята Звеставання. І гэта праўда. Аднак сёння мы можам сказаць, што не было б ні Звеставання, ні Божага Нараджэння, ні Уваскрасення, калі б не было Нараджэння Марыі. Як нараджэнне кожнага чалавека з’яўляецца пачаткам яго дзейнасці, якую яму даручыў Божы Провід, таксама і Нараджэнне Панны Марыі сталася пачаткам звеставання новага часу — часу збаўлення. Нараджэнне Марыі — гэта «зорка» на небе ўсяго чалавецтва, якое пасля граху Адама жыло ў духоўнай цемры, «зорка», якая была знакам таго, што завяршаецца час чакання Збаўцы.
3. У сённяшнім другім чытанні святы Апостал Павел навучае, што кожны з нас быў пакліканы Богам да спаўнення прызначанай місіі. Гэта Божы план. Бог яго вызначае, і гэты план выконваецца. Не так, як часта бывае ў нашым жыцці, калі з дня на дзень змяняем свае планы, уносім у іх карэктывы. Божы план не зменяецца.
Бог, караючы першых нашых бацькоў за іх непаслухмянасць, у сваёй міласэрнасці абяцае спаслаць ім Збаўцу, які павінен нарадзіцца з Дзевы, — як адзначае прарок Ісая. Для гэтай місіі Бог выбірае габрэйскі народ і называе яго абраным народам. У гэтым народзе ён выбірае род Давіда, з якога і нарадзіўся Збаўца.
Час ад дадзенага Богам абяцання спаслаць Збаўцу да яго рэалізацыі — гэта час падрыхтоўкі да прыняцця збаўлення. Гэты час называем Старым Запаветам. Новы Запавет распачынае эру збаўлення. Нараджэнне Марыі з’яўляецца прадвесцем нараджэння Збаўцы, і таму яно з’яўляецца як быццам тою мяжою, якая аддзяляе Стары Запавет ад Новага, і адначасова — тым элементам, які іх аб’ядноўвае ў адно цэлае.
4. Касцёл на Захадзе, як і на Усходзе, вельмі ўрачыста адзначае свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, якое ўсім нам нагадвае аб нараджэнні Той, якая ў Божых планах была паклікана да такой адказнай і гістарычнай ролі — быць Маці Збаўцы. Калі Ева не згадзілася з Божай воляю, то Марыя ўчыніла інакш. Таму Яе называюць другою Еваю. Праз сваю паслухмянасць Божай волі Яна адчыніла шлях да збаўлення. Напэўна, усемагутны Бог можа збавіць чалавецтва тысячамі іншых спосабаў. Аднак, як праз чалавека грэх і смерць прыйшлі ў гэты свет, таксама і праз чалавека — праз Богачалавека — павінна было прыйсці збаўленне. Але для таго, каб Ён нарадзіўся, патрэбна была маці. Бог выбраў Марыю.
Так заўсёды адбываецца ў свеце. Бог у сваіх планах выбірае, а чалавек свабодны прыняць гэты план ці не. Бог нікога не прымушае. Ён толькі прапануе. Аднак трэба памятаць, што воля Божая ў тым, каб усе ўдасканальваліся і дасягнулі збаўлення. Ева не паслухалася Бога, і ўсё чалавецтва было пакарана. Марыя прыняла Божую волю. Удзячнае за гэта чалавецтва спявае яе гімн Magnificat, бо сапраўды праз Марыю Бог учыніў і надалей чыніць вялікія справы для нас.
5. Адзначаючы свята Нараджэння Марыі трэба таксама ўспомніць і аб тым, што нараджэнне — гэта новае жыццё, якое распачынаецца зачаццем, гэта самы вялікі дар Божы, і ніхто не мае права яго адбіраць.
У сувязі з гэтым, гледзячы на крызіс сучаснай сям’і і пагрозу для зачатага жыцця, сённяшняе свята мае вялікае значэнне. Гэта свята сцвяржэння жыцця. Уявім сабе, што было б, каб святыя Ганна і Яўхім пайшлі тым шляхам, якім ідуць многія сучасныя бацькі. Мы ставімся з пагардай да цара Ірада, які загадаў забіваць немаўлятак. Аднак сёння ў найлепшых медыцынскіх кабінетах урачы, якія пакліканы берагчы жыццё і якія прынеслі клятву Гіпакрата, чыняць крывавае забойства нявінных. Гэта грэх, які заклікае аб помсце да неба.
Пэўны час таму памёр аргентынскі кардынал Эдуардо Піроніё, які доўгі час быў кіраўніком Папскай рады па справах свецкіх. Менавіта ён вельмі шмат зрабіў для рэалізацыі ідэі Слугі Божага Яна Паўла II арганізаваць Сусветныя дні моладзі. Гісторыя яго нараджэння вельмі павучальная. Калі яго маці, якая была цяжарная і чакала нараджэння ўжо сёмага дзіцяці, вельмі моцна захварэла, то урачы ёй сказалі: або жыццё або смерць. Паводле іх, яна магла нарадзіць дзіця. Урачы параілі ёй зрабіць аборт. Засмучаная, яна пайшла да біскупа, які сказаў: урачы пакліканы лячыць і ахоўваць здароў’е, аднак яны — толькі людзі, і трэба даверыцца Богу. Так і паступіла тая жанчына. Праз нейкі час яна шчасліва нарадзіла сына, якога назвалі Эдуардам. Потым яшчэ нарадзіла чатырнаццаць дзяцей. У гэтай сям’і было ажно дваццаць адно дзіця. А Эдуард стаў святаром, пазней — біскупам. Пасля біскупскага пасвячэння Эдуард узяў пярсцёнак таго біскупа, які параіў яго маці адмовіцца ад аборту. Як я ўжо казаў, біскуп Эдуард стаў адным з найбольш вядомых у свеце кардыналаў.
У сувязі з гэтым зададзім сабе пытанне: а што было б, калі яго маці не паслухала б біскупа? Што было б, калі б у сям’і Ганны і Яўхіма было старачана дзіця, якое стала Маці Божай?
Ці задумываюцца сённяшнія жанчыны, а таксама і мужчыны, на які крок яны ідуць, калі згаджаюцца на забойства ненароджанага яшчэ жыцця? Калі ў сучасным цывілізаваным і багатым свеце пануе дэмаграфічны крызіс, калі ўсё менш чутны дзіцячы смех у нашых дамах і на нашых вуліцах, калі замыкаюцца школы, бо няма дзяцей, мы павінны зрабіць рахунак сумлення і з надзеяй звярнуцца да Найсвяцейшай Панны Марыі.
Марыя, наша духоўная Маці, Ты прыйшла ў гэты свет, як прыходзіць кожны чалавек. Ты была паклікана да найвышэйшага задання — даць свету Збаўцу. Кожны чалавек таксама пакліканы да выканання Божага плану, таму выпрасі для сучаснага чалавека ласку пашаны да жыцця, каб ён, будуючы цывілізацыю жыцця ў гэтым свеце, прыйшоў да жыцця вечнага ў небе і там разам з Табою праслаўляў Бога. Амэн. |
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас Імшы у дзень біблійных ведаў (Мінск, 7.09.2008)
|
Усе сённяшнія чытанні, якія мы толькі што пачулі, заклікаюць да выканання закона Божага, што з’яўляецца гарантыяй шчаслівага жыцця і гарманічнага развіцця грамадства. Пры гэтым першае чытанне, узятае з кнігі прарока Эзэхіэля, і асабліва Евангелле, заклікаюць кожнага чалавека да братэрскай дапамогі таму, хто памыляецца. Яны заклікаюць перасцерагаць, а часам і дакараць таго, хто паступае нядобра, грашыць.
Напэўна, асабліва ў наш час паліткарэктнасці нялёгка сказаць бліжняму, можа, нават сябру, што ён памыляецца, штосьці робіць кепска, грашыць. Найчасцей мы стараемся не заўважаць гэтага, прайсці стараною, абмінуць «вострыя вуглы». Аднак ці так мусіць паступаць сапраўдны хрысціянін?
Услухаемся добра ў словы першага чытання. Прарок Эзэхіэль кажа, што Бог кожнага з нас прызначыў быць вартаўніком дому Ізраэля. Гэта азначае, што не толькі мы самі абавязаны захоўваць закон Божы, але разам з тым наш абавязак — асцерагчы таго, хто памыляецца. Прарок кажа, што калі мы не будзем гэтага рабіць, то на нас будзе адказнасць за духоўную смерць іншага чалавека.
Яшчэ больш радыкальныя словы скіроўвае да нас Езус Хрыстус. У сённяшнім Евангеллі Ён недвухсэнсоўна заклікае дакарыць грэшніка сам-насам. А калі той не паслухае, то дакарыць пры сведках. Калі ж і тады ён застанецца пры сваім, то трэба паведаміць пра гэта супольнасці Касцёла.
Катэхізіс Каталіцкага Касцёла таксама наказвае даваць добрыя парады грэшніку, каб прывесці яго на добры шлях.
Усё гэта азначае, што мы не можам быць абыякавымі да духоўнага жыцця іншых людзей. Калі яны памыляюцца, трэба іх паправіць. З гэтай нагоды хацелася б згадаць пра смерць Абэля. Як вядома, ён быў забіты сваім родным братам Каінам, а калі Бог спытаўся ў Каіна: «Дзе твой брат Абэль?» — той адказаў, што ён не з’яўляецца вартаўніком свайго брата.
Касцёл навучае, што ў пэўным сэнсе мы, аднак, мусім быць «вартаўнікамі» іншых людзей. Не для таго, каб толькі чакаць, што хтосьці спатыкнецца і ўпадзе, каб яго растаптаць. Гэта было б зусім не па-хрысціянску. Нельга ў воку іншага чалавека шукаць парушынку, не бачачы ў сваім бервяна.
Святы апостал Павел у сённяшнім другім чытанні навучае, што мы нікому не мусім быць павінныя нічога, апроч узаемнай любові. Гэта азначае, што перасцерагчы грэшніка трэба з любоўю, па-братэрску. Нездарма на лацінскай мове гэтае дзеянне называецца: «correctio fraterna — братняе выпраўленне». Такім чынам, мы маем абавязак паправіць чалавека, які кепска паступае, але павінны гэта зрабіць далікатна і з любоўю да яго. Ён жа, у сваю чаргу, таксама павінен прыняць перасцярогу са зразуменнем і нават з удзячнасцю.
У сувязі з гэтым асаблівае заданне ў справе перасцярогі ад памылак належыць бацькам. Яны з’яўляюцца першымі выхавацелямі маладога пакалення і ніхто не заменіць іх у гэтым. На жаль, у сучасным свеце часта можна назіраць, як бацькі паблажліва ставяцца да дрэнных паводзінаў сваіх дзяцей. Можа, усё і распачынаецца са звычайнай непаслухмянасці, але калі яна застаецца без заўвагі, то потым паступова пераходзіць у больш сур’ёзныя праступкі, якія з часам могуць прывесці нават да злачынства. Трэба памятаць, што калі дрэўца яшчэ малое і раптам пачне расці ўбок, яго можна лёгка выпрастаць. Калі ж яно вырасце абы як, то ўжо ніколі не стане простым.
Аднойчы на судзе пракурор запатрабаваў смерці для злачынца, які забіў чалавека. Суддзя прадставіў апошняе слова абвінавачанаму. Той сказаў: «Я дарую міліцыянерам, якія мяне схапілі, дарую пракурору, які запатрабаваў для мяне смяротнага пакарання — яны толькі выконваюць свае абавязкі». Пасля, звярнуўшыся да бацькоў, асуджаны сказаў: «Але вам я не магу дараваць. Вы жылі толькі сваім жыццём, а мяне выхоўвала вуліца, і вось ён, плён гэтага выхавання».
Напэўна, падобны дакор адносіцца таксама да многіх з нас. Спачатку малады чалавек прызвычайваецца да паблажлівасці за дробныя праступкі, потым патроху пачынае крыўдзіць іншых, курыць, піць, прымаць наркотыкі, гуляць, а гэта — просты шлях да цяжкіх злачынстваў.
Вялікае заданне ў гэтай сферы стаіць і перад выхавацелямі. Іх праца сёння вельмі цяжкая і няўдзячная, аднак яна надзвычай патрэбная і адказная. Вялікая адказнасць ляжыць таксама на сродках масавай інфармацыі: на тэлебачанні, радыё, інтэрнэце, друкаванай прэсе. У справе перасцярогі тых, хто чыніць зло, не можа быць паблажлівасці. Нельга абыякава ставіцца і да ўсёдазволенасці, маральнай разбэшчанасці, размыцця этычных нормаў. Яны ўстаноўлены Богам, а таму не залежаць ад часу ці абставінаў і не могуць быць зменены.
Гэта, безумоўна, няпростае заданне, асабліва ў наш час усё больш неабмежаванага лібералізму і імкнення да абсалютнай свабоды ў паводзінах сучаснага чалавека, свабоды рабіць усё, што яму захочацца. Каб супрацьстаяць гэтаму адных толькі чалавечых намаганняў недастаткова.
У сённяшнім Евангеллі Хрыстус дае нам добрую параду. Калі мы ў згодзе будзем прасіць Бога аб чымсьці, то Ён дасць, бо тады сярод нас ёсць сам Езус. А менавіта Ён сказаў, што без Яго мы нічога не зможам зрабіць. Адных чалавечых высілкаў замала — неабходна дапамога звыш. Таму мы ўсе павінны супольна маліцца аб тым, каб нашыя старанні, скіраваныя на перасцярогу бліжняга, былі ім прынятыя са зразуменнем і дапамаглі яму.
На гэтым шляху нам на дапамогу прыходзіць рэлігійная адукацыя. У мінулы панядзелак распачаўся новы навучальны і катэхетычны год. Вельмі прыемна, што многія школьнікі, студэнты, настаўнікі і выкладчыкі распачалі яго малітваю, прыняўшы Божае благаслаўленне. І як у школе ці універсітэце немагчыма абысціся без падручнікаў, так і ў рэлігійнай адукацыі неабходна адпаведная літаратура. Сёння пры Чырвоным касцёле з нагоды новага навучальнага года і дня ведаў у дзень сталіцы нашай краіны — горада Мінска — адбываецца кніжная выстава-кірмаш рэлігійнай літаратуры. Яна прысвечана пастырскаму Году слова Божага і ўпершыню адбываецца ў Год святога апостала Паўла, які нёс слова Божае ўсім народам. Адсюль і яе назва — Дзень біблійных ведаў. Відаць, ён невыпадкова супаў з яшчэ адной важнай падзеяй — Днём славянскага пісьменства і культуры, які сёння праходзіць у Барысаве.
Вельмі важна тое, што ў выставе-кірмашы бяруць удзел выдавецтвы розных хрысціянскіх канфесій. Перад выклікамі сучаснасці ўсе хрысціяне павінны аб’яднацца, каб даць на іх сумесны адказ. Такім адказам у нейкай ступені з’яўляецца і гэтая выстава-кірмаш, якая паклікана зрабіць свой, няхай сабе і сціплы, унёсак у справу абвяшчэння Евангелля, адраджэння хрысціянскіх традыцый і маральнага выхавання новага пакалення.
Лацінская прымаўка кажа «Scientia plusquam aurum — Веды даражэй за золата». У сённяшнім свеце ўсе імкнуцца мець як мага больш матэрыяльных дабротаў. Аднак пры гэтым трэба паклапаціцца і пра скарб, якога ні злодзей не ўкрадзе, ні моль не з’есць, ні іржа не папсуе. Гэта — духоўнае багацце, а таксама веды.
Дзякуючы арганізатарам гэтай выставы — парафіі святых Сымона і Алены і Выдавецтву «Про Хрысто», папросім Бога, каб прадстаўленая на ёй духоўная літаратура дапамагла людзям лепш пазнаць праўду Божую, якая нас вызваляе ад усялякага зла і вядзе да шчасця вечнага. Амэн. |
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас урачыстай святой Імшы з нагоды асвячэння крыжа, устаноўленага на тым месцы, дзе будзе пабудаваны касцёл у мікрараёне Лошыца ў Мінску
|
Узгадваючы словы сённяшняга Евангелля, калі разважаць чыста па-чалавечаму, не вельмі хочацца іх слухаць. Сапраўды, як сучасны чалавек, які любым коштам імкнецца да поспеху і шчасця, можа адрачыся ад самаго сябе, узяць свой крыж і ісці за Езусам? І наогул, што азначаюць гэтыя словы: «адрачыся ад сябе». Кожны хоча жыць, а тут Езус гаворыць аб адрачэнні ад жыцця.
Галоўная думка сённяшняга Евангелля іншая, яна больш глыбокая. Езус кажа: хто страціць сваю душу дзеля Яго, той яе ўратуе. Усё гэта азначае, што «адрачыся» на самой справе азначае «знайсці, уратаваць». Таму слова «адрачыся» не азначае адрачыся ад таго, кім мы з’яўляеся, але адрачыся ад ўсяго нядобрага, што мы зрабілі ў сваім жыцці.
Каб лепей зразумець значэнне слоў сённяшняга Евангелля, звернемся да жыццёвых прыкладаў. Мы добра ведаем, што ў старажытныя часы было пабудавана шмат касцёлаў вельмі прыгожага рымскага стылю. Аднак з часам яны былі перабудаваны, асабліва ў часы, калі панаваў такі архітэктурны стыль як барока. Сцены рымскіх святыняў атынкоўваліся і дапаўняліся элементамі барока. Што неабходна зрабіць, каб вярнуць былую прыгажосць гэтым антычным касцёлам? Хоць можа і шкада, але трэба смела збіць тынкоўку, дэманціраваць барочныя фігуры і г.д.
Возьмем другі прыклад. Колькі каштоўных абразоў з цягам часу было відазменена: штосьці было схавана пад фарбай, штосьці — дададзена. Каб убачыць першапачатковую прыгожасць, трэба аднавіць абраз, а значыць зняць дадаткова паложаныя фарбы.
У многіх нашых старых касцёлах у часы пераследу веры, калі не было святара, вернікі самі стараліся весці рамонтныя працы. Яны часта выкарыстоўвалі алейную фарбу, каб памаляваць сцены, або срэбраны ці так званы залаты парашок, каб памаляваць нават пазалочаныя алтары. Тады здавалася, што ўсё выглядае вельмі прыгожа. Аднак з часам фарбы цямнелі, а сцены касцёлаў, алтары ці вельмі каштоўныя і нават непаўторныя фігуры страчвалі свой былы, ненадоўга адноўлены, выгляд. Сёння патрэбны вельмі добрыя спецыялісты, якія маглі б зняць гэтыя фарбы, не гаворачы ўжо пра тое, што гэтыя працы вельмі дорага каштуюць.
Ткаім чынам, каб выратаваць шэдэўры, патрэбна рэстаўрацыя, архітэктурная ці мастацкая аперацыя, падобна таму, як патрэбна хірургічная аперацыя, каб выдаліць пухліну ў чалавека. Гэта азначае, што трэба адрачыся ад усяго нядобрага ці неадпаведнага, што было набыта, каб вярнуцца да першапачатковай сітуацыі. У адносінах да чалавека яна была вельмі добраю, бо сатварыў чалавека Бог. А што Ён стварыў — усё было добрае. Аднак чалавека сапсавалі яго амаральныя паводзіны. Моцаю сакрамэнту Хросту мы сталі святынямі Духа Святога. Грэх замяняе яе на памяшканне злога духа. Аднак мы можам адрачыся ад грахоўнага жыцця ў сакрамэнце пакуты, каб у нас аднавілася жыццё ласкі Божай.
У хуткім часе ў краінах, дзе расце вінаград, распачнецца яго збор. У Евангеллі паводле святога Яна Апостала сказана, што Езус — гэта вінаградная лаза, а Айцец Яго — вінаградар, які кожную галінку, што не родзіць плоду, абразае, а кожную, якая родзіць плод, ачышчае. Здавалася б, навошта абразаць галінкі? Зразумела, што трэба абразаць тыя, якія не родзяць плоду. Але навошта плодныя ачышчаць? Больш таго, калі іх абразаюць, то яны, як гаворыцца, плачуць. З іх капаюць каплі падобныя на слёзы. Аднак сапраўды, калі іх не ачысціць, жыццядайныя сокі зямлі будуць піць не толькі вінградныя гронкі, але таксама і няплодныя галінкі. У выніку, вінаград не зможа вырасці добрым. Яго будзе менш і ён будзе дробны. Таму ачысціць вінаградную галінку ў пэўным сэнсе азначае адрачыся ад яе. І хоць яна плача падчас ачышчэння, гэты плач замяняецца ў радасць добрага плоду. Падобна і з чалавекам, які праходзіць праз адрачэнне ад сваіх грахоў. Тут патрэбны слёзы навяртання, каб потым наступіла радасць паяднання з Богам і бліжнімі.
Нялёгка сучаснаму чалавеку адрачыся ад сваіх нядобрых прывычак і грахоў. Значна лягчэй біць ворага, чым самаго сябе. Адрачыся, сказаць «не» злу, у маральным сэнсе азначае сказаць «так» дабру. Напрыклад, па тэебачанні будзе ісці немаральны фільм. Штосьці будзе падказваць: ну што там такога, я ж не дзіця! Кажучы сваё «не», мы пацвярджем, што гэты фільм можа забрудзіць нашу душу, і гэтым самым мы кажам «так» на карысць чыстай душы. Нехта прапануе наркотыкі: Паспрабуй! Толькі дзеля таго, каб ведаў, што гэта такое. Адзін раз не зашкодзіць! Кажучы «не», мы кажам «так» здароваму ладу жыцця.
Сёння ў лошыцкай парафіі Маці Божай Ружанцовай на месцы, дзе будзе пабудаваны новы касцёл, асвячаецца крыж. Езус кажа нам адрачыся ад самаго сябе, узяць свой крыж і ісці за Ім.
Крыж — гэта знак нашага збаўлення. Хрысціянства звязана з крыжом, бо на крыжы Езус Хрыстус нас адкупіў. У Старым Завеце людзі складалі ахвяры Богу, каб Яго ўмаліць. Гэты час завяршыўся крыжом, які гаворыць, што паяднанне Бога з чалавекам прыйшло ад самаго Бога, па Яго ініцыятыве. Гэтая ласка прыйшла зверху і была дадзена Богам. Хоць чалавек яе і не заслужыў, яна ўвесь час прыходзіць да чалавека. Таму моц крыжа заўсёды застаецца, і крыж заўсёды актуальны. Хоць свет змяняецца, крыж застаецца, і мы павінны адрачыся ад ўсяго нядобрага ў нашым жыцці, павінны ўзяць крыж свайго жыцця і ісці за Хрыстом. Гэта адзіны шлях да збаўлення.
Крыж мае вельмі вялікае сімвалічнае значэнне. Ён складаецца з дзвюх частак — вертыкальнай і гарызантальнай. Гарызантальная — гэта сам чалавек з яго слабасцямі. Вертыкальная — гэта яго адносіны з Богам. Калі няма вертыкальнай, чалавек падае на зямлю. Грахі цягнуць яго ўніз. Тут нібы спрацоўвае закон Ньютана аб зямным прыцягненні. Каб падняцца ўверх, неабходна вертыкальная частка. Гэтыя часткі сустрачаюцца адна з адною, што азначае сустрэчу волі чалавечай з воляю Божай. Гэтая сустрэча магчыма толькі тады, калі чалавек, кажучы сваё «не» злому, скажа сваё «так» Богу. Толькі тады чалавек паднімецца са сваіх грахоў, толькі тады ён адрачэцца ад самаго сябе, толькі тады зможа ісці за Хрыстом дарогаю шчасця.
Няхай глыбокі сэнс сённяшняга Евангелля аб адрачэнні ад самаго сябе дапаможа нам з надзеяй глядзець на гэты крыж, каб ён сапраўды стаў для нас знакам збаўлення і надзеі, што на гэтым месцы будзе збудаваны новы касцёл, у якім чалавек будзе сустракацца з Богам, будзе казаць яму сваё «так», каб у вечнасці Бог таксама мог сказаць яму сваё «так»: Слуга добры, увайдзі ў радасць свайго Пана. Амэн. |
|
|