Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на распачацце новага навучальнага і катэхетычнага года.(30 жніўня 2008 г.)
|
Шчыра вітаю ўсіх вас і віншую з распачаццем новага катэхетычнага года. Сёлета ён мае асаблівае значэнне, бо пастырская праграма 2008г. у Каталіцкім Ксцёле ў Беларусі прысвечана Слову Божаму як крыніцы нашай надзеі. Два месяцы таму, 28 чэрвеня Святы Айцец Бэнэдыкт XVI урачыста распачаў Год св. Апостала Паўла — апостала язычнікаў.
Менавіта заўсёды жывое і дзейснае Слова Божае разам з традыцыяй з’яўляецца крыніцай нашай веры. А галоўнае заданне катэхезы —навучыць праўдам веры. Таму два аспекты новага катэхетычнага года —Год Слова Божага і Год св. Апостала Паўла — павінны натхняць нас да звяртання асаблівай увагі біблійнай катэхезе.
Слова «катэхеза» грэцкага паходжання і мае шмат значэнняў, сярод якіх вельмі сімвалічныя «настаўленне» і «рэха». Гэта азначае, што трэба так навучаць веры, каб яна моцным рэхам адгукалася ў сэрцах людзей. Аднак тут трэба памятаць і аб тым, што гэтае рэха навучання павінна застацца ў чалавека, які яго пачуе.
Добра ведаем, што рэха вельмі гучна адгукаецца ў лесе. Перад намі цёмны лес душаў, якія не ведаюць праўдаў веры; як быццам глухая тайга, якую рэдка прабіваюць нават сонечныя прамяні.
Каб катэхеза была эфектыўнай, яна, як вучыць II Ватыканскі Сабор, павінна грунтавацца на Святым Пісанні, традыцыі, літургіі і Вучэнні Касцёла, а таксама, як падкрэслівае Слуга Божы Ян Павел II у Апостальскай Адгартацыі аб катэхізацыі, у наш час катэхеза павінна быць сістэматычнай і мець сувязь з жыццём, сакрамэнтамі і касцёльнай супольнасцю. Яна патрэбна, каб весці да сталасці ў веры і хрысціянскага сведчання ў свеце.
Тут мы стаім перад праблемай, якім чынам катэхізаваць дзяцей, калі іх бацькі самі не ведаюць праўдаў веры і не вельмі спяшаюцца, каб іх пазнаць і жыць паводле іх. Сёння нялёгка, а нават вельмі цяжка, знайсці добры прыклад, які сваім дзецям даюць іх бацькі ў галіне рэлігіі. Не дастаткова толькі разам з імі пагуляць, паглядзець тэлевізар, з’есці абед, пасля якога ўсе разбягаюцца па сваіх кутках, сказаць, што яны жадаюць ім шчасця і спаўнення мараў і г.д. Няўжо толькі гэта бацькі павінны пакінуць сваім дзецям у спадчыну?
Таму катэхізацыяй неабходна ахапіць не толькі дзяцей, але і дарослых, якія падчас пераследу веры не мелі такой магчымасці. Дзе ёсць такая магчымасць, можна арганізаваць паралельныя класы для дарослых, каб займацца з імі падчас катэхізацыі іх дзяцей.
Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на катэхізацыю моладзі. Менавіта яна з’яўляецца мішэнню сучаснага секулярызаванага свету, які ўжо перайшоў з фазы мадэрнізму да фазы постмадэрнізму. Мадэрнісцкая філасофія абапіралася на дасягненні навукі, верачы ў тое, што яны змогуць вырашыць усе складаныя пытанні сучаснасці. Постмадэрнізм абвяшчае абсалютную вольнасць «ад усяго» і «ўсяму». Ён элімінуе, выключае аб’ектыўную праўду. У імя абсалютай свабоды не прызнае сталых прынцыпаў і нормаў паводзінаў. Свабода асобы азначае права дзейнічаць паводле свайго асабістага пачуцця маральнасці без духа адказнасці за сваю дзейнасць.
Гэтыя аб’ектыўныя абставіны, з якімі сустракаецца сённяшняя моладзь, узмацняюцца агульным кліматам паўсюднай секулярызацыі, маральнага рэлятывізму, палітытычнай карэктнасці ў справах рэлігіі, крытычнага стаўлення да Касцёла і яго вучэння, імкнення да поспеху любым коштам, разбэшчанай сэксуальнасці, безадказнасці, крызіса сям’і і г.д.
Нягледзячы на гэтыя і падобныя цяжкасці, нам трэба катэхізаваць, трэба настаўляць учас і не ўчас, як кажа св. Апостал Павел, бо з аднаго боку абставіны свабоды веравызнання нам спрыяюць, з іншага — час секулярызму працуе супраць нас і тое, што магчыма сёння, заўтра ўжо можа стацца немагчымым. Нам нельга марнаваць часу ласкі ў такой важнай справе як катэхізацыя. Слуга Божы Ян Павел II часта падкрэсліваў, што менавіта катэхізацыя з’яўляецца адным з самых галоўных заданняў Касцёла ў наш час. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI таксама звяртае вельмі вялікую ўвагу на праблему перадачы веры. Словы Хрыста да Апосталаў — ідзіце і навучайце ўсе народы — датычаць таксама ўсіх хрысціянаў, асабліва катэхетаў.
Як катэхізаваць? Напэўна не адзін з нас сёння задае сабе гэтае фундаментальнае пытанне. Свет шукае новых метадаў катэхізацыі, бо здаецца, што выклікі сучаснасці перамагаюць змаганні Касцёла. Папа Ян Павел II у Апостальскай Адгартацыі аб катэхізацыі гаворыць аб тым, што заўсёды трэба звяртаць увагу на абставіны, у якіх яна праводзіцца. Не ўсюды існуюць аднолькавыя абставіны і не ўсюды людзі жывуць у такім самым рэлігійным клімаце.
Далей катэхізацыя павінна служыць пазнанню Божага Аб’яўлення і навяртанню чалавека, бо яно павінна весці да Бога. Катэхізацыя павінна быць звязана з культурай, каб прывіць моц Евангелля ў сутнасць культуры і яе формы. Гэта не азначае, што катэхізацыя ці рэлігія павінны змяніць культуру. Не, яны павінны абагаціць яе хрысціянскімі каштоўнасцямі. У катэхізацыю таксама трэба ўключаць народныя формы пабожнасці. Гэта вельмі актуальна ў Беларусі. Менавіта дзякуючы народнай пабожнасці ў часы пераследу вера захавалася і была перададзена новым пакаленням. Вельмі добрай дапамогай можа быць старая, і трохі прызабытая ў нашыя часы методыка навучання на памяць. Не можна пярэчыць таму, што трэба найперш разумець катэхезу. Аднак завучаныя на памяць праўды веры, сакрамэнты, Божыя і Касцёльныя запаведзі, малітвы і г.д. з’яўляюцца вельмі дапаможнымі ў вызнаванні веры, яе практыкаванні і абароне. Словам, трэба аб’яднаць старое і новае — vetera et nova.
Пры гэтым трэба памятаць, што катэхеза — гэта абавязак усіх, біскупаў, святараў, манаскіх супольнасцяў, свецкіх катэхетаў, парафій, сем’яў, рухаў і г.д. Разам аб’яднаўшы нашыя высілкі, мы можам спадзявацца на нейкі рэзультат. Трэба зрабіць усё магчымае, каб нашыя планы, праца і намаганні не былі падобнымі да перастройкі канца 80-х гадоў мінулага стагоддзя, якую параўноўвалі да тайгі, калі наверсе ўсё шуміць, а ўнізе — ціха.
Мне давялося прысутнічаць на адным з пасяджэнняў камісіі па падрыхтоўцы новага Катэхізіса. Развітваючыся з удзельнікамі пасяджэння, Папа Ян Павел II сказаў: ідзіце і катэхізуйце. Сёння, распачынаючы новы катэхэтычны год, я звяртаюся да вас з тымі ж словамі: ідзіце і катэхізуйце. На гэты шлях няхай вас благаславіць Бог, каб новы катэхетычны год, які распачынаецца, прынёс вялікі плён. Амэн. |
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на завяршэнне Міждыяцэзіяльных дзён моладзі Івянец, 20 ліпеня 2008 г.
|
Дабрыня Бога, які ў Духу Святым кліча да навяртання і евангельскага сведчання Глыбокапаважаная моладзь! 1. Сёння, калі мы ў духоўнай лучнасці са Святым Айцом Бэнэдыктам XVI і моладдзю з усяго свету тут, у Івянцы, завяршаем наш усебеларускі форум моладзі, святы Касцёл прапануе нашай увазе Евангелле пра пшаніцу і каласоўнік. Абвяшчаючы сваім слухачам таямніцу Божага Валадарства, Езус вельмі часта прыводзіў прыклады з паўсюднага жыцця. Ён так чыніў, каб людзі маглі лепш Яго зразумець. Калі б Езус прамаўляў сёння, то, напэўна, прыводзіў бы іншыя прыклады з жыцця, але казаў бы па сутнасці тое ж самае, бо прынцыпы Валадарства Божага нязменныя. 2. У сённяшнім Евангеллі гаворыцца аб тым, як цяжка будаваць Валадарства Божае на гэтай зямлі. Пасля граху Адама зло існуе побач з дабром і з гэтым трэба лічыцца. Вы, маладыя людзі, напэўна, лепш, чым хтосьці іншы, гэта ведаеце, бо, з аднаго боку, вы імкнецеся да дабра і жыццёвых ідэалаў, з другога — бачыце, колькі зла ў гэтым свеце, зла, якое часта захапляе чалавека, вабіць і зачароўвае, прапануючы шчасце і вырашэнне ўсіх праблемаў. Усё, як у той прыказцы аб тым, што забаронены плод самы салодкі. Аднак жыццё паказвае, што не ўсё так проста, і што салодкасць ператвараецца ў горыч, з усімі гэтага наступствамі. Таму трэба навучыцца жыць у свеце, дзе так шмат зла, не паддацца спакусе і вытрываць да канца. Праз свайго Духа з дапамогай прыходзіць да нас міласэрны Бог. 3. Езус вучыць, што Валадарства Божае падобнае да чалавека, які пасеяў добрае насенне на сваім полі. Аднак уначы вораг пасеяў каласоўнік. Такім чынам, паміж пшаніцаю з’явіўся каласоўнік. Слугі хуценька прапанавалі гаспадару вырваць каласоўнік. Гаспадар не згаджаецца, бо вырываючы каласоўнік, можна вырваць і пшаніцу. Ён кажа чакаць ажно да жніва, калі пшаніца будзе аддзелена ад каласоўніка. Пшаніца пойдзе ў гумно, а каласоўнік будзе спалены. 4. Гэта евангельскае апавяданне пацвярджае факт, што на Божай ніве разам з пшаніцай расце і каласоўнік. Гэта азначае, што сярод добрых людзей у свеце жывуць і злыя людзі. Нездарма прыслоўе кажа, што ў кожным збожы ёсць і каласоўнік. Дабро і зло растуць на адной зямлі, хоць зусім адно на аднаго не падобныя. Людзі высокародныя, якія жадаюць весці святое жыццё, найбольш балесна адчуваюць той цяжар і няшчасце, якія зло прыносіць чалавеку, Касцёлу і свету. Ці мы не пытаемся: «Пане, няўжо гэта магчыма, каб пасля ўсяго, што Ты ўчыніў нам, былі на свеце людзі, якія цябе не любяць?» Але праўда штодзённага жыцця іншая. На свеце так шмат людзей, якія не толькі не любяць Бога, але нават Яго ненавідзяць. Найперш — праз сваё грэшнае жыццё; праз адказ прыняць Божы закон, маральныя і этычныя нормы; праз тое, што чалавек ставіць сябе на месца Бога; праз нездаровае імкненне да ўлады, багацця і амаральных прыемнасцяў гэтага свету; праз выбарнасць у адносінах да Евангелля і маральны рэлятывізм, які сцвярджае, што, калі ў свеце ўсё змяняецца, то і маральныя нормы таксама змяняюцца; праз агрэсіўны лібералізм; праз выключэнне паняцця граху і розніцы паміж дабром і злом; праз адказ прызнаць існаванне аб’ектыўнай і нязменнай праўды і г. д. Праз тое, што сучасны чалавек хоча мець такую рэлігію, якая выконвала б толькі тэрапеўтычныя функцыі, праводзіла б дабрачынную працу, давала б людзям такія перажыванні, якіх яны жадаюць і г. д. Такая рэлігія функцыянавала б толькі ў гарызантальным і часовым вымярэннях чалавечага жыцця. Яна не мела б вертыкальнага вымярэння, якое вядзе да Бога і да Ім абвешчаных маральных прынцыпаў. У такой рэлігіі Бог патрэбны, каб служыць чалавеку, а не наадварот: чалавек — Богу. Усё гэта ні што іншае, як «каласоўнік» у нашым жыцці, які расце сярод нас. Напэўна, мы ўсе хацелі б спытацца: «Пане, чаму ў Тваёй пшаніцы так шмат каласоўніка? Ты казаў пра святасць і справядлівасць, але дзе ж гэтыя святыя і справядлівыя? Ты прынёс у наш свет любоў і жадаеш, каб яна панавала ў ім. А свет у той самы час поўны нянавісці і насілля. Вельмі часта ў нашым свеце пераважвае аргумент сілы, замест сілы аргумента. Ты нам казаў, што мы з’яўляемся дзецьмі Божымі, а на самай справе мы вельмі часта становімся катамі нашага Бога. Ты гаварыў нам, што мы павінны быць братамі і сёстрамі, а мы нібы ваўкі адно аднаму. Ты пасеяў і сееш зерне любові, праўды і святасці, але на тваім полі не вельмі шмат пшаніцы. Ты праліў за нас сваю кроў, каб нас збавіць і ачысціць, але зямлю залівае кроў нявінна забітых ненароджаных дзяцей… Ты казаў пра чыстасць і святасць чалавечага цела, узнёсласць і напарушнасць сужэнства, а свет ператвараецца ў дом распусты і кірмаш цела. Адкуль гэты каласоўнік? Адкуль так шмат зла ў нашым свеце і вакол нас?» 5. «Вораг зрабіў гэта», — адказваеш ты. З Божага зярняці не можа вырасці нічога дрэннага. Аднак на зямлі сусвету і зямлі нашага жыцця сее не толькі Хрыстус. Сее таксама злы дух і яго супрацоўнікі, якія без перапынку сеюць зерне хлусні, нянавісці, насілля, амаральнасці і г. д. Свет і чалавек — гэта поле пастаяннай барацьбы дабра і зла. У гэтай барацьбе Бог чакае, чакае да канца, чакае ажно да жніва, чакае, каб чалавек навярнуўся, бо Ён багаты на міласэрнасць, як навучае св. Апостал Павел. Бог не мсцівы, але любячы Айцец. Велічыня Бога выражаецца ў Яго вялікадушнасці, што азначае, што Ён прабачае і дапамагае чалавеку навярнуцца. Такім чынам, Ён умацоўвае чалавека ў надзеі, у якой мы збаўленыя, як навучае Святы Айцец Бэнэдыкт XVI. Чыніць гэта Бог праз свайго Духа, які заступаецца за нас, каб мы жылі паводле волі Божай. Духу Святому мы абавязаны нашым асвячэннем, бо ён ёсць Дух, які ажыўляе. Гэтая фундаментальная характарыстыка Духа Святога закладае ў сабе ідэю жыцця, якая паходзіць ад Бога і ў Касцёле перадаецца ўсім. 6. Хрыстус прышоў у гэты свет, каб мы мелі жыццё і мелі яго ў дастатку. Тут гаворка ідзе перадусім аб жыцці ў ласцы Божай, якая патрэбная для збаўлення. Гэта заданне, якое стаіць перад кожным з нас і перад усім Касцёлам. Выканаць яго можна толькі даверыўшы сябе кіраўніцтву Духа Святога, які ў дзень Пяцідзесятніцы ўнутрана аднавіў Апосталаў і надзяліў іх моцаю адважна абвяшчаць Евангелле, як піша Папа Бэнэдыкт XVI у сваім Пасланні на XXIII Сусветны дзень моладзі. Гэты ж самы Дух Святы сёння таксама надзяляе нас сваёю моцаю, каб мы не страцілі веры перад абліччам секулярных выклікаў нашага часу, каб яе баранілі, будавалі сваё жыццё на хрысціянскіх каштоўнасцях і выконвалі місію апосталаў сучаснасці, клапоцячыся пра тое, каб Евангелле Хрыста было вядома ўсім людзям. Напэўна, не адзін з нас скажа: «Я слабы, не ведаю, ці ў мяне атрымаецца, як мяне прымуць мае равеснікі, якія часта насмяхаюцца са святасці і для якіх слова «святы» сталася нейкай пагардлівай мянушкай або ганьбаю…» Не трэба баяцца! «Не бойцеся, адчыніце дзверы Хрысту», — трыццаць гадоў таму заклікаў свет Слуга Божы Ян Павел II. А Папа Бэнэдыкт XVI, паўтараючы гэтыя словы, просіць: «Адчыніце свае сэрцы Хрысту, бо ён нічога не забірае, а толькі дае, дае сваю ласку і супакой». Таму трэба прасіць Духа Святога, каб даў нам мужнасць адкрыцца на Яго дзеянне і прывесці іншых да Хрыста, каб сучасны секулярызаваны свет пазнаў Хрыста і, жывучы Яго праўдай, прыйшоў да збаўлення. Такі Божы план, такая Божая эканомія збаўлення, што кожны павінен прымаць у ёй удзел. Асабліва моладзь, якая шукае сапраўднае шчасце. 7. Ёсць такое вельмі карыснае апавяданне. Калі Езус узнёсся на неба, Арханёл Габрыэль спытаўся ў Яго, ці ўсе людзі на зямлі ведаюць, якім коштам яны былі збаўленыя, ці ведаюць, як шмат Ён цярпеў дзеля іх? Хрыстус адказаў, што далёка не ўсе ведаюць пра гэта. «А што Ты зрабіў, каб яны ведалі?», — спытаў Арханёл. «Я паклікаў Пятра, Яна, Якуба і іншых, і наказаў ім, каб ішлі ў свет і абвяшчалі Маё Евангелле». Арханёл паглядзеў на Хрыста вельмі скептычна і сказаў: «Яны ж людзі, могуць забыцца, іх евангельскі запал можа згаснуць. У Цябе, напэўна, ёсць іншы план?» Езус яму адказаў: «Габрыэль, Я паклікаў Пятра, Яна, Якуба і іншых, і ў Мяне няма іншага плану». 8. Дарагая моладзь! Кожны з нас, усе мы таксама пакліканыя да вельмі адказнай місіі — абвяшчаць Евангелле ў сучасным свеце, быць місіянерамі, несці Добрую Навіну сучаснаму чалавеку. У Хрыста няма іншага плана. Мы ўсе павінны стаць сучаснымі Апосталамі, асабліва сучасным «Паўламі», вера якога не была тэарэтычнай, але праяўлялася ў бясконцай любові да Бога, як кажа Папа Бэнэдыкт XVI. Гэтую веру ён нёс усім народам праз абвяшчэнне Евангелля і асабістае сведчанне аб Хрысце. Няхай нашым гонарам, заданнем і абавязкам будзе асвячаць свет збаўчаю праўдаю Езуса Хрыста, у якой ён зможа вырашыць усе свае праблемы і дасягне збаўлення. Калі не мы, то хто? Калі не сёння, то калі? Амэн. |
Прамова падчас канферэнцыі Мітрапаліта Кандрусевіча падчас Міждыяцэзіяльнай сустрэчы моладзі (Івянец, 18–20 ліпеня 2008 г.)
|
Глыбокапаважаная моладзь!
1. «Прымеце моц Святога Духа, які на вас сыдзе, і будзеце Маімі сведкамі» (пар. Дз 1, 8). Гэтыя словы дэвізу XXIII Сусветнага дня моладзі заклікаюць нас з усёй сур’ёзнасцю задумацца аб нашым хрысціянскім пакліканні да абвяшчэння Евангелля і да як мага больш актыўнага ўдзелу ў місіі Касцёла.
Як дзве тысячы гадоў таму Апосталы са спалоханых галілейскіх рыбакоў ператварыліся ў мужных прапаведнікаў Евангелля (пар. ПXXIII СДМ 3), так і мы не павінны баяцца цяжкасцяў хрысціянскага сведчання ў сучасным свеце і мужна абвяшчаць Добрую Навіну, найперш — прыкладам свайго хрысціянскага жыцця, памятаючы лацінскае прыслоў’е: «Verba movunt, sed exempla trahunt» («Словы пхаюць, а прыклады цягнуць»). Нездарма слова «трактар» паходзіць ад дзеяслова «trahere» — «цягнуць». Калі мы пхаем штосьці, напрыклад, машыну, то можам яе запхаць і ў роў. Але калі, напрыклад, трактар яе цягне, то напэўна зацягне туды, куды трэба.
Падобна адбываецца і ў жыцці, з той розніцай, што добрыя прыклады схіляюць нас да добрага, а дрэнныя — да дрэннага. У нашым выпадку гаворка ідзе пра тое, як дапамагчы сучаснаму чалавеку, які жыве ў секулярызаваным свеце, пазнаць Евангелле і жыць паводле яго. Гэта зусім не такая лёгкая, як магло б здавацца, справа, нягледзечы на ўсё новыя магчымасці для яе ажыццяўлення. У пошуках шляху для яе вырашэння трэба найперш выявіць, чым жыве сённяшні чалавек, якія ён мае патрэбы, да чаго імкнецца, на што спадзяецца і чаго шукае, які яго ўнутраны свет і г. д. Карацей кажучы, трэба паставіць дыягназ, каб знайсці адпаведнае лякарства.
2. Найперпш, мы павінны спытацца ў сябе: чым для нас, людзей ужо XXI стагоддзя, з’яўляецца Біблія? Можа, гэта толькі інфармацыя аб былых, старажытных падзеях? Кніга, якую можна вывучаць з навуковага, гістарычнага ці культурнага пункту гледжання? Ці адна — разам з Традыцыяй — з крыніцаў нашай веры?
Сёння можна сустрэць шмат людзей, якія дасканала ведаюць Біблію, вывучаюць яе, праводзяць навуковыя даследаванні ў гэтай сферы, але ў той жа час, на жаль, не з’яўляюцца веруючымі. Святое Пісанне выклікае ў іх толькі навуковы, культурны ці гістарычны інтарэс.
Яшчэ вялікі грэцкі філосаф Сакрат казаў, што душа нованароджанага дзіцяці падобная да чыстай дошчачкі. З часам, як дзіця расце, яно пачынае пазнаваць навакольны свет. Гэтым самым паступова запаўняецца гэтая «дошчачка». Чалавек пазнае і Біблію, і аб гэтым таксама робіцца адпаведны запіс на гэтай «дошчачцы». Паўстае, аднак, пытанне: гэтае пазнанне слова Божага з’яўляецца толькі новай інфармацыяй ці знакам веры? Бо калі гэта толькі інфармацыя, можа нават вельмі важная, то прыдзе час, калі з’явіцца новая, больш важная інфармацыя, аб якой усе будуць гаварыць, і інфармацыя біблейская адыдзе ў бок, а потым і зусім будзе забытая.
Ёсць адно апавяданне, вельмі карыснае з пункту гледжання духоўнасці. Вандроўны цырк прыехаў у пэўную вёску і каля яе распачаў свае прадстаўленні. Усе людзі, асабліва дзеці, вельмі радаваліся з прычыны гэтай падзеі. Аднак раптам здарылася няшчасце. Калі клоун, ужо ў сцэнічным грыме, збіраўся выйсці на арэну, цырк загарэўся. Дырэктар загадаў клоуну хутчэй бегчы ў суседнюю вёску і прасіць дапамогі ў мясцовых жыхароў, каб патушыць пажар. Клоун пабег так хутка, як толькі мог. На вясковай плошчы ён пачаў гучна расказваць людзям пра пажар і прасіць дапамогі. Людзі, аднак, яму не верылі. Яны толькі смяяліся, кажучы: «Паглядзіце, які добры артыст, як ён добра іграе сваю ролю!» Клоун крычаў: «Мне не да смеху — згарыць цырк і можа згарэць таксама вашая вёска!» Людзі, аднак, не слухаліся яго. Ім было смешна, яны радаваліся. У выніку згарэў цырк, згарэла і вёска...
Дарагія маладыя людзі! А як сучасны чалавек прымае слова Божае? Ці яно сапраўды прымаецца намі як слова самога Бога, як слова, якое павінна нас змяніць, як змяніла галілейскіх рыбакоў — так, што яны сталі Апосталамі? Або як яно змяніла мытніка Левія, які стаў Апосталам Мацвеем, ці як змяніла фарысея Саула, які пераследаваў Касцёл і які стаў апосталам Паўлам — выбраным начыннем Хрыста? А, можа, мы яго прымаем падобна таму, як жыхары той вёскі прынялі заклік клоуна дапамагчы гасіць пажар? Кім для сучаснага чалавека з’яўляецца святар, які абвяшчае Божае слова? Ці ўспрымаем мы яго, як таго, праз каго гаворыць той самы Езус, які гаварыў дзве тысячы гадоў таму? А, можа, святар для нас — толькі як нейкі клоун, апрануты ў старамоднае адзенне?
Так, напэўна адзін святар прамаўляе лепш, другі — горш. Аднак усе яны, як навучае II Ватыканскі Сабор, прамаўляюць моцаю самога Хрыста, бо праз іх Ён сам прамаўляе.
3. Што перашкаджае сучаснаму чалавеку ў эфектыўным прыняцці слова Божага?
На жаль, мы жывем ў свеце невыкананых абяцанняў. Нярэдка мы чуем ад палітыкаў, афіцыйных асобаў, сацыяльных дзеячаў, іншых людзей, таксама веруючых, шматлікія абяцанні, якія потым, на жаль, не выконваюцца. Невыкананне абяцанняў прывяло многіх людзей да таго, што некаторыя страцілі заробак усяго свайго жыцця, іншыя адмаўляюцца ісці на выбары, хоць Касцёл да гэтага заклікае, яшчэ іншыя згубілі веру. Ідэя аб тым, што ў сучасным свеце пра чалавека мяркуюць па ягоным слове, на жаль, больш не з’яўляецца пераканаўчай.
У той самы час трэба памятаць, што слова Божае заўсёды жывое і дзейснае, як навучае Павел, Апостал народаў. Яно цалкам іншае, чым слова чалавечае і прынясе свой плён: яно, як дождж, дапамагае, каб вырас добры ураджай; як сейбіт, які ведае, што нейкае зерне не прынясе плёну, бо трапіць у цвердую глебу, паміж цернямі ці яго з’ядуць птушкі, і ўсё роўна сее, бо верыць, што іншыя прынясуць плён — і плён вялікі.
Падобна і са словам Божым. Некаторыя людзі не прымаюць яго ў сваё сэрца, і таму яно не прыносіць плёну. Але з упэўненасцю трэба сказаць, што іншыя прымаюць яго ў сваё сэрца і шчодра адказваюць на яго.
Тут, аднак, трэба зразумець, што Езус не кажа пра слова, якое дзейнічае па Божай камандзе як быццам па загадзе чарадзейнай палачкі. Ён гаворыць пра эфектыўнасць Божага слова ў кожным з нас. Слова Божае скіравана да нас і дзейнічае праз нас, калі толькі мы адкрываемся на яго і яго прымаем.
А як гэта выглядае ў нашым жыцці? Ці слова Божае дзейнічае праз нас? Напэўна, мы б хацелі, каб так было. Але ў той жа час мы ўсведамляем, што не ўсё так проста. Тут трэба звярнуць увагу на некаторыя фактары сучаснай культуры, якія не спрыяюць як прыняццю слова Божага, так і яго абвяшчэнню. Менавіта, звернем увагу на праяўленні нарцысізму, прагматызму, на імкненне да хуткага поспеху, маральны рэлятывізм.
Найперш, гэта нарцысізм. Паводле грэцкай міфалогіі некалі жыў вельмі прыгожы малады чалавек, якога звалі Нарцыс. Аднойчы, калі ён пайшоў напіцца вады з ракі, ён убачыў сваё адлюстраванне ў ёй. Ён быў настолькі зачараваны сваёй прыгажосцю, што застыў, нібы прыкаваны да месца, у захапленні ўглядаючыся да свайго адлюстравання ў рацэ, так доўга, пакуль не запусціў карэнне ў зямлю і не ператварыўся ў кветку, якую называем нарцысам. Такім чынам, нарцысізм — гэта празмерная заклапочанасць самім сабою, якая сёння стала ўжо хваробай сучаснай культуры.
Людзі імкнуцца жыць прыватным жыццём, ў якім іх асабістыя інтарэсы пераважваюць над усім іншым. Часам яны сапраўды могуць быць вельмі сур’ёзнымі, але вельмі часта празмерна клапоцяцца такімі рэчамі, як дыета, аўтамабіль, адзенне, непатрэбнае ўваходжанне ў даўгі, ежа, нездаровая зацікаўленнасць тым, што робяць суседзі і г. д. Людзі трацяць шмат часу на доўгія і пустыя тэлефонныя размовы, яны гоняцца за якасцю жыцця, поспехамі ў кар’еры, матэрыяльным камфортам, індывідуальнымі дасягненнямі. Сучасны чалавек скіраваны да дасягнення поспеху, багацця, ён жадае добра апранацца, цудоўна выглядаць, цешыцца прэстыжам ці матэрыяльным камфортам, ён імкнецца быць першым. Паглядзім толькі, якая лексіка сёння ва ўжытку: элітнае жыллё, элітны аўтамабіль, элітнае адзенне, элітнае войска і г. д. Усё элітнае... Але ж сучасны свет забываецца пра самога чалавека, што менавіта ён як Божае стварэнне з’яўляецца элітным стварэннем, бо ён — вянец стварэння.
Гэтае імкненне да «элітнасці» ўзбуджае чалавека. Яно здольна цалкам яго паглынуць. У святле гэтага нарцысізм — гэта яшчэ і спакуса быць абсалютна заклапочаным толькі самім сабою, не пакідаючы месца бліжняму і слову Божаму.
Наступнай праблемай з’яўляецца прагматызм, паводле якога праўда — гэта толькі тое, што эфектыўна і што прыносіць карысць. Мы не можам цярпець таго, што не практычна і не прыносіць карысці. Трэба прызнаць, што менавіта такі прынцып быў выгадны пры будаванні сучаснай тэхналагічнай супольнасці. Паводле прынцыпаў прагматызму чалавек ацэньвае сябе не з пункту гледжання таго, кім ён сапраўды з’яўляецца, але з пункту гледжання таго, што ён робіць, колькі мае на банкаўскім рахунку які ў яго дом, колькі ў яго аўтамабіляў, адзення, на якія курорты ён ездзіць і г. д. Мы адчуваем сябе чагосьці вартымі толькі тады, калі адпавядаем патрабаванням супольнасці. Мы загналі сябе ў пастку пагоні за дасягненнямі, у выніку чаго ў нашым жыцці засталося вельмі мала месца для малітвы і рэфлексіі. Малітва і рэфлексія не вырабляюць нічога, што можна было б змераць канкрэтна. Такім чынам, калі мы замыкаемся ў свеце нашых практычных дасягненняў, чаканне слова Божага можна параўнаць з чаканнем паслання з іншай планеты.
Больш за тое, сучасны чалавек імкнецца да неадкладных дасягненняў. Ён не жадае чакаць, але хоча, каб усё адбывалася вельмі хутка. Ён кажа: «Я хачу, каб гэта было зроблена тут і цяпер», або, яшчэ лепш, «каб было зроблена ўчора». Мы развіліся ў культуру, якая дамагаецца хуткасці і спрытнасці, а менавіта — у свет мікрахвалевых печаў, латэрэй і ілюзорных схемаў, як «хутка стаць багатым». Мы павінны атрымаць тое, чаго хочам, і атрымаць, як мага хутчэй. Нам падабаюцца прылады і прыстасаванні, якія дапамагаюць зберагчы час. У многіх краінах сучасны чалавек нават едзе на машыне сто метраў да магазіна, каб зберагчы час. Ідэя пустой страты часу сёння непрымальная. У апошнія дзесяцігоддзі прыстасаванні, якія дамагаюць эканоміць час, пачалі выкарыстоўвацца амаль што паўсюдна, аднак стрэсы чалавек стаў перажываць не радзей, а нават часцей.
Сама ідэя беражлівых адносінаў да часу з’яўляецца добрай, калі яна служыць таму, каб мы станавіліся больш гуманнымі ў нашых адносінах з іншымі або калі вызваляе больш часу для ўзбагачэння і крэатыўнасці нашай асобы. Аднак на практыцы ўсё выглядае так, што ідэя зберагання часу становіцца абсалютнай каштоўнасцю і бярэ кантроль над намі. Мы заўсёды і ўсюды спяшаемся, часамі нават не ведаючы добра, чаму. На аўтастрадзе мы не можам знесці, калі хтосьці перашкаджае нам хутка ехаць. Наша культура апладзіруе тым, хто з’есць або вып’е больш, не задумваючыся, якія вынікі ўсё гэта будзе мець для здароўя чалавека. Сучасны чалавек жыве паводле аксіёмы: «Time is money» («Час — гэта грошы»). Аднак у гэтым бясконцым поспеху, на жаль, няма месца для Бога.
Наступная праблема нашага часу — гэта маральны рэлятывізм, які становіцца новым вызнаннем веры сучаснага чалавека. У свеце ўсё змяняецца, значыць, могуць змяняцца і маральныя нормы, як сцвярджаюць прыхільнікі маральнага рэлятывізму. Мы, аднак, добра ведаем, што спроба змяніць законы прыроды можа прывесці да касмічнай катастрофы. Змена ці нават падмена маральных законаў ужо прывяла не да адной катастрофы. Гэта, найперш, крызіс сям’і, забойства ненароджанага жыцця, дэмаграфічныя праблемы, эўтаназія і спробы кланавання чалавечага арганізму і г. д. Такім чынам, замест цывілізацыі любові і жыцця ў нашае жыццё закрадаецца цывілізацыя смерці і нянавісці.
Як у такіх абставінах сучаснага жыцця і гэтай антыевангельскай культуры, калі людзі так занятыя сабою і сваёй актыўнасцю, слова Божае можа быць эфектыўным і дзейсным? Прыйшоў час, каб з усёй рашучасцю адкінуць ілжывыя пасланні нашай культуры і зірнуць на тое, што сапраўды з’яўляецца жыццядайным. Мы павінны заняцца справай нашай занятасці толькі сваёю асобаю і тэндэнцыямі адмаўлення ад таго, што не нясе практычнай карысці. Трэба з усёю сур’ёзнасцю спытаць сябе, чым для мяне з’яўляецца слова Божае? Прыйшоў час, каб задумацца і ўсвядоміць прысутнасць Бога сярод нас. Нам трэба сустрэцца з Божай моцай у нас саміх і дазволіць ёй аднавіць нашае жыццё, каб мы маглі вызваліць у сабе моц хрысціянскага сведчання і стаць інструментамі місіі. Нам трэба ў абрысах Сіднэйскай оперы ўбачыць біблейскі «край зямлі», шырокія прасторы, на якіх павінна здзейсніцца поўная Божай моцы новая евангелізацыя свету. Усё гэта патрабуе нашых намаганняў і Божай дапамогі. Дапамога ж прыходзіць ад Духа Святога, прыходзіць як моц з вышыні.
4. Калі не заводзяцца машына ці матацыкл, іх проста пхаюць, каб пачаў працаваць матор. Падобна можа адбывацца і з чалавекам. Ён распачынае дзейнічаць, калі хтосьці яму дапаможа, «папхне» яго. Тым, хто гэта чыніць у духоўным сэнсе, з’яўляецца Дух Святы. Ён, калі можна так сказаць, заводзіць матор нашага духоўнага жыцця. Дух Святы завёў духоўны матор Апосталаў, якія чакалі яго спаслання. Прычым, і гэта трэба заўважыць асабліва, Апослалы чакалі спаслання Духа Святога ў малітве. Малітва павінна спадарожнічаць і нам, каб Дух Святы заўсёды быў у нашых сэрцах і душах.
Нагадваючы сваім Апосталам пра спасланне Духа Святога, Езус кажа, што свет Яго не прыме. Як трэба разумець гэтыя словы? Пад словам «свет» Хрыстус разумее тых, хто не імкнецца пазнаць Бога і Яго праўду. Калі хтосьці не ведае пра батаніку, то ён нічога не зможа сказаць пра свет раслінаў. Калі мы не ведаем і не імкнемся пазнаць праўды веры, мы не зможам іх прыняць, не зможам прыняць і Духа Святога.
Калі мы прымаем Духа Святога і адкрываемся на Яго дзеянне, Ён ажыўляе нашую веру. Наша малітва і ўдзел у сакрамэнтах становяцца штодзённым хлебам, адносіны да бліжніх — праявай сапраўднай любові, а мы самі — сведкамі Евангелля.
Напрыканцы XIX — пачатку XX стагоддзяў шмат еўрапейцаў выехалі «за хлебам» у Амерыку. Часам у іх не было грошай на дарогу і на ежу. У тыя часы здарылася пэўная гісторыя. Адна вельмі бедная сям’я — бацькі з сынам — паплыла на караблі ў Злучаные Штаты Амерыкі. Каб не траціць грошай на ежу ў рэстаране, яны ўзялі з сабою шмат хлеба і сыра. З часам хлеб стаўся чорствым, а сыр — запляснелым. Сын ужо больш не мог есці такую ежу і пачаў плакаць. Бацькі далі яму апошнія грошы і паслалі ў рэстаран. Хлопчык пайшоў, паеў, а потым вярнуўся — увесь у слязах. «Што здарылася? — пытаюцца бацькі, — мы аддалі апошнія грошы, каб цябе накарміць, а ты плачаш?» «Плачу, бо абед у рэстаране быў уключаны ў кошт нашага падарожжа, а мы ўвесь час елі толькі хлеб і сыр», — адказаў хлопец.
Падобнае нярэдка здараецца і ў нашым жыцці. Многія з нас жывуць без хрысціянскай радасці і энтузіязму, быццам толькі на «хлебе і вадзе», калі могуць жыць сапраўдным Божым жыццём, бо ўсё ўваходзіць «у кошт» нашага быцця хрысціянінам (як гаворыцца на ангельскай мове: «All included»).
Сакрэт таго, як жыць Пяцідзесятніцай ці праўдай аб спасланні Духа Святога, — у жаданні ёю жыць. Менавіта жаданне жыць Духам Святым і Яго дарамі з’яўляецца той іскрай, якая здольна нанава завесці заглушаны матор нашага жыцця і вызваліць моц нашага хрысціянскага сведчання, каб мы маглі прыняць самы актыўны ўдзел у місіі абвяшчэння Евангелля.
5. Сучасная культура учыніла так, што людзі сталі як бы «ананімнымі» ў міжасабовых адносінах. На жаль, таксама і хрысціяне не заўсёды прызнаюцца, што з’яўляюцца вучнямі Хрыста: маўчаць там, дзе трэба гаварыць, а можа, нават і крычаць. Адбываецца так, бо людзі адчуваюць недахоп «моцы Духа», якая вызваляе адважнасць сведчання і місіі ў кожным месцы і часе. А свет нас кліча, і кліча найперш праз свае выклікі. Гэтыя выклікі прыспешваюць нас ісці на край свету, ісці туды, дзе мы патрэбны іншаму чалавеку, ісці з духоўнай дапамогай, бо так шмат людзей, якія яшчэ не ведаюць Евангелля або якім патрэбна новая евангелізацыя.
Місійны запал прадугледжвае адважнае распазнанне выклікаў сучаснасці і выйсце насустрач ім. А для гэтага патрэбна дапамога — гэтая моц Духа Святога, які вызваляе ў нас адважнасць сведчання. Хрысціянін, які жыве ў святле ласкі і адораны «моцамі» Духа Святога, «не можа не гаварыць таго, што бачыў і чуў», — як казалі ў свой час Апосталы.
Зразумела, што з гэтага задання вынікае новае пытанне: адкуль браць сілу і мужнасць, якія давялі б ажно на край свету? Іх дае нам упэўненасць у тым, што я — вучань Хрыста, які паддаецца кіраўніцтву Духа Святога. Для гэтага нам трэба клапаціцца пра тое, каб мы заўсёды былі гатовыя паддавацца кіраўніцтву Духа Святога. Нялёгкая гэта справа, бо заўсёды існуе спакуса сказаць, маўляў, я сам разумны і вопытны, і лепш ведаю, што трэба рабіць.
Каб Дух Святы сапраўды дзейнічаў у нас, нам трэба з ім супрацоўнічаць, адкрывацца на Яго. Як сонца свеціць для ўсіх, але не ва ўсіх дамах светла, бо завешаныя заслоны, так і Дух Святы не будзе дзейнічаць у нас, калі мы не адкрыемся на Яго, калі не ўпусцім Яго ў свае сэрцы. Нездарма св. Аўгустын сказаў: «Стварыў Ты мяне Божа без мяне, але збавіць мяне без мяне самога Ты не зможаш». Бог працягвае нам сваю руку дапамогі, нам толькі трэба ўхапіцца за яе. Бог, ушаноўваючы нашую свабодную волю, прапануе дапамогу, і ад нас залежыць, прымем мы яе ці не.
У мінулым годзе свет урачыста адзначаў 90-годдзе фацімскіх аб’яўленняў. У 1917 г., калі атэізм набліжаўся на Усход, Божая Маці ў Фаціме перасцерагалага аб нябеспеках, заклікаючы пры гэтым да малітвы і пакаяння. Людзі не паслухаліся, і распачаўся пераслед веры. Сёння, у новых абставінах рэлігійнай свабоды, мы павінны памятаць пра тое, што гэтая свабода — гэта не толькі дар, але і заданне. Заданне, асабліва ў часы секулярызму і маральнага рэлятывізму. Мы не маем права сёння паўтараць памылак мінулага. Не маем права другі раз наступаць на тыя ж самыя граблі. І калі станеца штосьці непрыемнае, калі здарыцца бяда, не трэба абвінавачваць Бога, але трэба паглядзець на свае ўчынкі.
6. Кажучы пра місійную дзейснасць, трэба запытацца таксама, што азначаюць межы зямлі, да якіх Бог пасылае нас. Ці пад імі трэба разумець толькі народы, якім яшчэ не было абвешчана Евангелле? Не толькі. Місійнасць належыць да прыроды Касцёла. Місіі патрэбныя і ў краінах, дзе Евангелле было абвешчана многа вякоў таму. Патрэбныя ў краінах з багатай хрысціянскай гісторыяй і дзе, на жаль, пра яго забыліся, дзе грамадства паддалося працэсу дэхрысціянізацыі. Нездарма Слуга Божы Ян Павел II вельмі настойліва заклікаў да новай евангелізацыі.
Такім чынам, місіі патрэбныя ўсюды, распачынаючы ад месцаў, дзе Евангелле яшчэ не было абвешчана, праз кантыненты і краіны, дзе яно мае багатую гісторыю і дзе пра яго ўжо крыху забыліся. Місіі патрэбныя усюды — ад межаў зямлі ажно да межаў нашых сэрцаў. Сапраўды, іх нават не трэба моцна шукаць. Яны паўсюды і яны самі нас клічуць.
Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падказвае нам вельмі важную думку, кажучы, што «вялікая колькасць маладых людзей з трывогаю глядзіць на сваё жыццё, задае шмат пытанняў адносна сваёй будучыні. Яны з заклапочанасцю пытаюцца, як жыць у свеце, поўным вялікай несправядлівасці? Як рэагаваць на эгаізм і насілле, якія, здаецца, часам пераважаюць. Як надаць сапраўдны сэнс свайму жыццю? Як зрабіць так, каб плады Духа Святога — любоў, радасць, супакой, велікадушнасць, лагоднасць, дабрыня, вернасць, далікатнасць, стрыманасць, — напоўнілі гэты паранены і кволы свет, а перад усім — свет моладзі? Пры якіх умовах жыццядайны Дух першага стварэння, а асабліва другога стварэння, або адкуплення, можа стаць душою новага чалавецтва?» (ПXXIII СДМ 7).
Кажучы коратка, перад намі стаіць заданне: як абвяшчаць Хрыста і Яго Евангелле ў сучасным свеце? Як вызваліць дрымотныя моцы нашага сэрца? Як быць сапраўдным сведкам Евангелля ажно да межаў свету?
Адказ на гэтыя і падобныя пытанні дае Святы Айцец Бэнэдыкт XVI. Ён прыпамінае, што толькі Езус здольны заспакоіць усе імкненні і жаданні чалавечага сэрца; толькі Ён у стане зрабіць чалавецтва гуманным і прывесці яго да сваёй «боскасці» (пар. ПXXIII СДМ 7), як быццам «абагавіць» яго. Богаўцелаўленне, калі Бог з’явіўся ў гэтым свеце з чалавечым тварам і чалавечым сэрцам, з’яўляецца таямніцай «абагаўлення» чалавека. І да гэтага «абагаўлення» вядзе толькі Езус.
Тут дарэчы нагадаць, што Папа Ян Павел II, распачынаючы свой пантыфікат, заклікаў людзей адчыніць свае сэрцы на Езуса, бо толькі ў Ім чалавек можа да канца пазнаць сябе самога. Бэнэдыкт XVI, працягваючы думку свайго вялікага папярэдніка, таксама заклікаў не баяцца адчыніць дверы Хрысту, бо Ён нічога не забірае, а толькі дае.
Адкрыцца на Езуса і Яго Евангелле дапамагае жыццядайны Дух Святы. Моцаю Духа Святога Езус улівае ў нашыя сэрцы Боскую любоў, якая чыніць нас здольнымі любіць бліжняга і служыць яму. Ён прасвятлае нас і паказвае дарогу, як стаць больш падобнымі да Яго. Ён вучыць, што служэнне Евангеллю — гэта не факультатыўная магчымасць, але неабходнасць перадаць іншым Добрую Навіну. Для гэтага мы можам стаць сведкамі Хрыста толькі тады, калі даручым сябе кіраўніцтву Духа Святога, які, па словах Паўла VI, з’яўляецца «галоўнай дзеючай сілай евангелізацыі», а па словах Яна Паўла II — «асноўнай дзеючай Асобай місіі» (RM 21). Таму сёння патрэбныя людзі, якія не шкадавалі б часу і сілаў для служэння Евангеллю, якія згадзіліся б палаць любоўю Божаю і шчодра адказвалі б на прыспешваючы заклік Евангелля, як у гісторыі хрысціянства гэта зрабілі многія святыя (пар. ПXXIII СДМ 7).
7. Дарагая моладзь!
Каталіцкі Касцёл у Беларусі сёння ўглядаецца ў вас з надзеяй і спадзяецца, што менавіта вы будзеце сучаснымі місіянерамі як у нашай айчыне, якой пасля многіх гадоў атэізацыі патрэбна новая евангелізацыя ці рэевангелізацыя, так і за яе межамі — праз асабістую евангельскую працу або праз малітву.
Для гэтага найперш будзьце заўсёду і ўсюды вернымі свайму хрысціянскаму пакліканню, абяцанням сакрамэнту хросту і канфірмацыі. Не будзьце толькі намінальнымі хрысціянамі, якіх з Касцёлам яднае толькі пасведчанне аб хросце, але сапраўднымі, якія сваім жыццём гэта пацвярджаюць. Для гэтага трэба карміцца Эўхарыстыяй, якая будучы крыніцай і вяршынай касцёльнага жыцця, з’яўляецца таксама і няспыннай Пяцідзесятніцай. Кожны раз, калі мы ўдзельнічаем у святой Імшы, мы прымаем Духа Святога, які глыбей яднае нас з Хрыстом і ператварае ў Яго, каб мы былі поўнымі місіянерскага запалу сведкамі ўваскрослага Хрыста (пар. ПXXIII СДМ 6).
Аднойчы падчас катэхізацыі адна сястра законная спыталася вучняў, якая частка Імшы з’яўляецца самай важнай. Хтосьці адказаў: найважнейшай часткай святой Імшы з’яўляецца разасланне вернікаў, калі святар кажа: «Ідзіце ў супакоі Хрыста». Усе засмяяліся, думаючы, што гэты хлопчык звычайна радуецца таму, што нарэшце завяршылася святая Імша і можна ісці дадому. Хлопчык, аднак, паясніў свой адказ наступным чынам: галоўная мэта Эўхарыстыі — накарміць чалавека словам Божым, Яго Целам і Крывёю, каб ён меў дастаткова сілы быць сведкам Храста і рэалізоўваць Валадарства Божае на зямлі; Эўхарыстыя не завяршаецца рассыланнем вернікаў — працягваў хлопец, — у пэўным сэнсе яна менавіта тады распачынаецца, бо пасылае абвяшчаць Евангелле, як гэта чынілі Апосталы. Таму, як крыніца і вяршыня касцёльнага жыцця, Эўхарыстыя з’яўляецца таксама крыніцай і вяршынай місіі Касцёла.
Прафесар аднаго з універсітэтаў спытаўся студэнтаў, у чым яны бачаць сэнс свайго жыцця. Адказы былі розныя. Хтосьці марыў пра кар’еру вучонага, іншы — пра кар’еру на вытворчасці, хтосьці іншы думаў пра сям’ю і выхаванне дзяцей і г. д. Потым студэнты спыталіся прафесара, ў чым ён бачыць сэнс свайго жыцця. Перад тым, як адказаць, ён выняў з кішэні маленькае круглае люстэрка і расказаў, што, калі быў яшчэ малым дзіцём, знайшоў яго падчас вайны каля разбітага ваеннага матацыкла. Ён абтачыў яго аб камень, каб было круглае. Потым пачаў з ім гуляць, пасылаючы сонечныя зайчыкі. З часам ён заўважыў, што з дапамогай гэтага люстэрка ён можа паслаць сонечны свет у тое месца, дзе ён сам ніколі не даходзіць. «Дык вось, — працягваў прафесар, — мэтай майго жыцця ёсць данесці святло праўды туды, дзе яно не даходзіць».
На ўсіх хрысціянаў, асабліва на вас, маладыя людзі, ускладзена асаблівая місія — быць місіянерамі і данесці свет Евангелля ў самыя цёмныя закуткі сучаснага свету.
Няхай у яе спаўненні дапамагае вам Марыя — Маці Місіі, якая з натхнення Духа Святога прыняла слова Божае і згадзілася з Яго воляй, а потым пад сваім сэрцам занесла ў дом Захарыі і Альжбеты Езуса і Ягоную ласку. Прыміце і вы моц Духа Святога. Дазвольце яму дзейнічаць у вас і праз вас, каб вы маглі занесці Евангелле Хрыста ў гэты секулярызаваны свет. Няхай праз вас і вашых равеснікаў настане ў нашай краіне і ўсім свеце новая Пяцідзесятніца, новае спасланне Духа Святога, які, аднаўляючы нас духоўна, аднавіць і аблічча нашай зямлі. Амэн.
Выкарыстаная літаратура і скарачэнні: 1. Павел VI. Апостальская адгартацыя «Evangelii nuntiandi» (EN). 2. Ян Павел II. Энцыкліка «Redemptoris missio» (RM). 3. Бэнэдыкт XVI. Пасланне на XXIII Сусветны дзень моладзі (ПXXIII СДМ). |
Гамілія Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў Будславе 2008 г.
|
Глыбокапаважаныя браты і сёстры! Я толькі што вярнуўся з Рыма, дзе ва ўрачыстасць святых Апосталаў Пятра і Паўла з рук Яго Святасці Папы Бэнэдыкта XVI атрымаў палій Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага. Палій робіцца з воўны ягнятаў, якіх благаслаўляе Папа ў дзень святой Агніі. Такім чынам, палій, з аднаго боку, сімвалізуе Баранка Божага, які бярэ на сябе грахі свету. З іншага боку — гэта сімвал Добрага Пастыра, які шукае авечку, што згубілася, знаходзіць яе, бярэ на свае плечы і вяртае ў статак. Палій — гэта таксама знак еднасці са Святым Пасадам і знак еднасці Мітраполіі. Сёлетняе ўскладанне палія новым мітрапалітам з усяго свету насіла вельмі выразнае экуменічнае вымярэнне. Менавіта, на цырымоніі прысутнічаў Сусветны Патрыярх Барталамей І з Канстанцінопаля. Прысутны быў таксама і адзін з мітрапалітаў Маскоўскага Патрыярхата з Украіны. Вельмі цікавым і незвычайным было тое, што падчас святой Імшы ўскладання палія прагучалі дзве гаміліі. Спачатку прамовіў Патрыярх Барталамей І, які падкрэсліў, што калі святы Пётр першы вызнаў веру ў Боства Езуса Хрыста, то Павел перадаў гэтую веру язычнікам, каб Евангелле Хрыста было вядома ўсім народам. Папа Бэнэдыкт XVI падкрэсліў факт, што і Пётр і Павел, абвяшчаючы Евангелле, прыйшлі ў Рым — сталіцу Імперыі, — дзе пазней аддалі сваё жыццё за Хрыста. Такім чынам, Рым стаў сталіцаю хрысціянства, апосталы Пётр і Павел — крывавым фундаментам Касцёла. Папа заклікаў новых мітрапалітаў узмацніць еднасць з наступнікам святога Пятра і еднасць Мітраполіі, на чале якой яны пастаўлены. Ён таксама прасіў вернікаў сваімі малітвамі падтрымліваць арцыбіскупаў. Папа і Патрыярх разам прачыталі Сімвал веры ўсходняй традыцыі на грэцкай мове. Гэта азначае, што больш не існуе так званая праблема аб паходжанні Духа Святога. Ёсць адна крыніца як Бога Сына, так і Бога Духа — Бог Айцец. Аб гэтым гаварыў яшчэ Папа Ян Павел ІІ. Сёння гэта пацвярджае як Бэнэдыкт XVI, так і Патрыярх Барталамей І. Вельмі вымоўным было благаслаўленне вернікаў Папам і Патрыярхам. Цырымонія ўскладання палія 29 чэрвеня і аўдыенцыя для новапрызначаных мітрапалітаў 30 чэрвеня далі магчымасць перагаварыць з Папам. Папа мяне павіншаваў, пажадаў поспехаў у працы на вельмі важным становішчы Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага. Пры гэтым ён падкрэсліў, што, са словаў Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці Папы кардынала Тарчызіо Бэртонэ, ён бачыць Касцёл на Беларусі як вельмі жывы. Кардынал Бэртонэ вярнуўся з моцнымі ўражаннямі і моцным натхненнем. Я падзякаваў Яго Святасці і сказаў яму, што на ўрачыстасцях у Будславе збіраецца каля 30 тысяч вернікаў. Папа быў пад вялікім уражаннем і прасіў перадаць усім удзельнікам сённяшняй урачыстасці свае віншаванні і благаслаўленне, што я і раблю з вялікай радасцю. Далей я сказаў Папе, што мы чакаем візіту Яго Святасці на Беларусь. Бэнэдыкт XVI сказаў: «Калі Бог дазволіць». «Калі Бог дазволіць…» Мы ўжо доўга чакаем, каб нага наступніка Пятра нашага часу ступіла на нашу зямлю. Чакаем і не можам дачакацца. Сёння мы бачым рэальную перспектыву візіту Папы. Ёсць запрашэнне ўраду. Нам застаецца толькі маліцца, каб візіт гэты мог быць рэалізаваны. Таму заклікаю ўсіх вас: няхай заўсёды ў нашых супольнасцях, сем’ях і ў нашых прыватных малітвах прысутнічае просьба да Бога ў інтэнцыі візіту Папы ў нашу краіну. Гаворачы пра Папу, хачу таксама нагадаць, што падчас аўдыенцыі 30 чэрвеня ён звярнуўся да новых мітрапалітаў на мовах краінаў, якія яны прадстаўлялі. Па-беларуску Бэнэдыкт XVI сказаў: «Звяртаю маё сардэчнае прывітанне да Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і да ўсіх, хто яго суправаджае, з найлепшымі пажаданнямі душпастырскага служэння». Што датычыць апошніх рымскіх урачыстасцяў, трэба нагадаць, што 28 чэрвеня Папа Бэнэдыкт XVI у прысутнасці Патрыярха Барталамея І у базыліцы св. Паўла абвясціў распачацце ў Каталіцкім Касцёле года, прысвечанага гэтаму апосталу народаў. Апостал Павел не бачыў сваімі вачыма Хрыста, аднак менавіта ён стаўся начыннем Божым — тым, які ўсё сваё жыццё прысвяціў абвяшчэнню слова Божага. Тут хацелася б узгадаць словы Хрыста, якія Ён сказаў нявернаму Тамашу: ты паверыў, бо ўбачыў, але благаслаўлёны той, хто не бачыў, але паверыў. Гэтыя словы адносяцца таксама і да Марыі. Успомнім сцэну Звеставання. Арханёл Габрыэль абвяшчае Марыі, што Яна абраная Богам, каб стаць Маці Збаўцы. Не маючы ніякіх бачных доказаў гэтага, Яна, аднак, згаджаецца і прамаўляе сваё вечна жывое «fiat»: «Няхай мне станецца паводле твайго слова». Марыя верыць і згаджаецца з воляй Божай. Пад Яе сэрцам пачынае біцца сэрца Сына Божага. Больш за тое, Яна, як слуга Пана, становіцца слугою бліжняга. Яна спяшаецца з дапамогай да Альжбеты, якая чакае нараджэння Яна Хрысціцеля. Яна прыходзіць у дом Захарыі і Альжбеты не адна. Яна прыносіць туды Збаўцу і Яго ласку. Ян Хрысціцель вызваляецца ад першароднага граху. «Fiat» Марыі — гэта ключ да пазнання чалавека, яго паклікання і рашэння яго праблемаў. Нездарма Ян Павел ІІ заклікаў: «Не бойцеся, адчыніце дзверы Хрысту! Бо толькі Ён адзін ведае чалавека, і толькі ў Ім чалавек можа пазнаць самога сябе». А Папа Бэнэдыкт XVI кажа: ачыніце, не бойцеся, Хрыстус нічога не забірае, а толькі дае. Так, сённяшні секулярызаваны і прагны да матэрыяльнага багацця свет адбірае ў чалавека праўдзівае духоўнае жыццё. Хрыстус яго дае. Дае ў слове Божым, дае ў сакрамэнтах, дае ў служэнні Касцёла. Трэба толькі разам з Марыяй сказаць нашае «так» Богу і Яго волі. Сёння — падчас чарговых урачыстасцяў у 10-ю гадавіну каранацыі цудоўнага абраза Маці Божай Будслаўскай папскімі каронамі прысутным тут кардыналам Казімірам Свёнткам — мы павінны зрабіць рахунак сумлення і спытаць у сябе: якая мая вера? Гарачы я або халодны? А, можа, я і ні халодны, і ні гарачы? Ці заўсёды прымаю я волю Божую так, як яе прыняла Марыя? Ці бараню я хрысціянскую веру перад выклікамі секулярызму і маральнага рэлятывізму? Сённяшні свет, як кажуць, «зацыклены» толькі на імкненні да матэрыяльнага багацця і да задавальненняў, ён імкнецца ўзяць ад жыцця ўсё магчымае, але ж яно не спрыяе духоўнаму развіццю чалавека, і чалавек усё часцей жыве, як быццам Бога няма. Чалавек самога сябе ставіць на месца Бога. Даверыўшы сябе толькі рацыянальнаму розуму і развіццю тэхнікі, ён адчувае сябе гаспадаром сусвету. Аднак, адмаўляючыся ад хрысціянскіх каштоўнасцяў і каранёў, ён, як паказвае гісторыя, будуе, як кажуць, дом на пяску, які не будзе доўга стаяць. Адмаўляючыся ад Божых запаведзяў, касцёльных наказаў мы кажам Богу «не», і ў той жа час спрабуем апраўдвацца, маўляў, сёння іншыя часы, жыццё змяняецца. Гэта праўда — жыццё змяняецца, але ж маральныя нормы не змяняюцца! Таму кожная сужэнская нявернасць, развод, сужэнства без благаслаўлення Касцёла, так званы свабодны і бяспечны секс, падмена сям’і як Богам устаноўленага саюза мужчыны і жанчыны гомасексуальнымі саюзамі, аборты, спробы кланавання чалавечага арганізму, эўтаназія і г. д. — гэта ні што іншае, як «не», сказанае Богу. Гэтае «не» вядзе да катастрофы. Мы перажываем дэмаграфічны крызіс, што негатыўна адбіваецца на справе пакліканняў да святарства і манаства. Гэты крызіс таксама вядзе да таго, што тая самая колькасць працаўнікоў павінна ўтрымліваць большую колькасць пенсіянераў, што ў сваю чаргу вядзе да сацыяльнай напружанасці і спрыяе прыняццю законаў аб эўтаназіі. Наступным вялікім нашым болем з’яўляецца крызіс сям’і. Знаходзячыся ў крызісе, інстытут сям’і не можа гарантаваць наладжанага, заснаванага на хрысціянскіх каштоўнасцях выхавання моладзі. І тут мы бачым новую праблему: моладзь згубілася ў гэтым свеце, які быццам прапануе лёгкае шчасце, але насамрэч гэтае шчасце з’яўляецца ілюзіяй, што вельмі часта вядзе да новай залежнасці. Але ці сапраўды ўсё так дрэнна? Ці можна ўратавацца ад гэтага? Нам можа здавацца, што «човен» Каталіцкага Касцёла ўжо тоне падчас буры на ўсхваляваным моры XXI стагоддзя. Аднак не трэба баяцца. Трэба даверыцца Хрысту, які ведае, як суцішыць буру. Таму, углядаючыся ў Марыю і разам з Ёю, трэба сказаць сваё «fiat», сваё «так», а Бог будзе ў нашым сэрцы і дапаможа будаваць наш дом на трывалым фундаменце. Падчас святой Імшы ўскладання палія Папа нагадаў пытанне Хрыста, скіраванае да апостала Пятра: «Ці любіш Мяне?» Гэтае пытанне Езус ставіць сёння кожнаму з нас. Ён пытаецца ў мяне, вашага Мітрапаліта. Пытаецца ва ўсіх біскупаў. Пытаецца ў святароў, законнікаў і законніц. Пытаецца ў бацькоў, дзяцей, моладзі. Пытаецца ў нас усіх. Углядаючыся ў аблічча Марыі, прамовім сваё «так», пойдзем да іншых, як пайшла Марыя, бо мы адказныя не толькі за сябе, але і за іншых. Аднойчы ваенны карабль выйшаў у мора, каб ахоўваць дзяржаўную мяжу. Раптам надвор’е зусім сапсавалася. Дзяжурны рапартуе капітану: «Наперадзе святло». «У якім напрамку яно рухаецца?» — «Стаіць на месцы», — адказвае дзяжурны. Капітан разумее, што можа сутыкнуцца з іншым караблём. Дасылае каманду іншаму караблю — «10 румбаў управа». Адтуль прыходзіць адказ: «Гэта вы павярніце ўправа». Капітан ізноў камандуе: «Управа, 10 румбаў управа!» «Не, — прыходзіць адказ, — гэта вы павінны павярнуць». Капітан злуецца і перадае: «Я — капітан ваеннага караблю, вы павінны павярнуць, бо ў іншым выпадку непазбежна сутыкненне». І адразу ж атрымлівае чарговае паведамленне: «А я — маяк». І капітан зразумеў, што наперадзе не карабль, і калі ён сам не паверне, то разаб’ецца аб скалы. Марыя, ужо больш за 400 гадоў прысутная сярод нас у цудоўным будслаўскім абразе, — гэта наш Маяк, які абараняе нас ад небяспекі на бурлівым моры нашага жыцця і паказвае бяспечную дарогу ў нябесны порт. Удзячныя Пятру нашага часу — Папу Бэнэдыкту XVI — за тое, што ён пра нас памятае, за яго пажаданні і благаслаўленне, а таксама спадзеючыся на яго візіт у Беларусь, будзем углядацца ў аблічча Марыі і разам з Ёю прамовім нашае «так» Богу, а з апосталам Пятром будзем паўтараць: «Пане, Ты ведаеш, што мы Цябе любім» — і Ён у сваёй любові прывядзе нас да порту шчасця вечнага. Амэн. |
Замошша — парафія Маці Божай Анёльскай
|
Адрас: в. Замошша (касцёл) Браслаўскі р-н Віцебская вобл. Рэспубліка Беларусь 211973 тэл. +375 2153 34 1 99 фРасклад набажэнстваў (магчымы змены)
- Св. Імша ў нядзелю — 12.00
Адпусты: Найсвяцейшай Панны Марыі Анёльскай – 2 жніўня; успамін Святога Юрыя – 23 красавіка. sЗ гісторыі парафіі
Замошша – гэта мястэчка і маёмасць Ёдскай гміны. У 1524 г. кароль Жыгімонт Стары аддаў Замошша Мікулу Васілевічу за маёмасць, страчаную на Смаленшчыне. Неўзабаве паселішча па частках набыў Павел Сапега. У 1565 г. Замошша перайшло ва ўласнасць рыжскага ваяводы Мікалая Сіняўскага, але ў хуткім часе зноў трапіла да Сапегаў, а тыя ў 1754 г. прадалі яго разам з Іказню Мікалаю Лапацінскаму. У яго Замошша купіў Станіслаў Бужынскі, смаленскі кашталян, які ў 1761 г. пабудаваў тут уніяцкую царкву пад тытулам св. Пятра і Паўла, «бо з-за аддаленасці ад Іказні некаторыя падданыя ніколі не былі на св. Імшы»; дадаў таксама 4,5 валокі зямлі і права гнаць водку для патрэбаў кліру, але абавязаў да Імшы за яго душу. Уніяцкія парафіяне Замошша супраціўляліся прыняццю праваслаўя. Пра гэта ўзгадваў праваслаўны біскуп Васіль, даючы ў 1840 годзе ўказанне палкоўніку Чартарыйскаму, каб той даследаваў прычыны іх супраціўлення і даў «усёй справе правільны накірунак».
Пасля смерці браслаўскага старосты Ігнацыя Бужынскага, які не пакінуў пасля сябе нашчадкаў, Замошша перайшло ў спадчыну да Юндзілавай, ад яе часткова – Яну Ромеру, часткова – Дэрэнгоўскай, пасля – Казелам. З палітычных падзеяў, сведкам якіх было Замошша, трэба адзначыць сутыкненні паўстанцаў з расійскімі войскамі ў 1794 г., пераход праз Замошша Мюрата з корпусам Нева ў 1812 годзе і прабыванне з 7 на 8 мая 1863 г. кіраўніка паўстання ў браслаўскім павеце Ельскага-Ёдкі. Памяткай таго часу застаўся ўласнаручны рэквізіцыйны квіток, выдадзены Ельскім Ромеру аб забраных для народнай справы каня, сядла і прадуктаў.
Касцёл падчас Другой сусветнай вайны быў спалены партызанамі, каб немцы не маглі зрабіць тут свой гарнізон. Тое самае здарылася і ў Урбанах. Пасля вайны вернікі ездзілі ў Браслаў альбо ў Далёкія. У 1993 г. ў парафію прыязджаў кс. Францішак Кісель і маліўся з мясцовымі вернікамі на месцы спаленага касцёла. Пасля прыязджаў кс. Стэфан Пракурат, які маліліся ў клубе. Тады пачалі будаўніцтва новага касцёла. З 1997 г., пасля смерці кс. Стэфана, далейшыя работы праводзіў кс. Андрэй Бочар MS, з 2000 г. пробашчам стаў кс. Альфрэд Пяхота MS, а з 2001 г. – кс. Юзаф Блажэй MS. |
Гамілія кардынала Бэртонэ ў Гродне 21.06.2008 г.
|
Ваша Эмінэнцыя, вялебныя і дарагія браты ў біскупскім і святарскім служэнні, дарагія семінарысты і ўсе вернікі!
Пасля ўчарашняй сустрэчы ў Пінску, якая адбылася ў катэдры пад тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, мы сёння сустракаемся тут, у старажытным горадзе Гродна, адным з шасці галоўных гарадоў вашай умілаванай краіны. Мы сустракаемся ў гэтай цудоўнай катэдральнай базыліцы, асвячонай у гонар святога Францішка Ксавэрыя, каб разам памаліцца, каб падзяліцца спадзяваннямі і клопатамі вашай дыяцэзіі, якая нястомна і актыўна дзейнічае ў пошуках новых шляхоў нясення евангельскай весткі людзям нашага часу. Мая прысутнасць сярод вас — гэта знак айцоўскай любові Святога Айца, які вас вітае, благаслаўляе і заахвочвае трываць у верным служэнні Хрысту і Касцёлу, ідучы наперад шляхам, адзначаным заўсёды надзвычай шчырым хрысціянскім сведчаннем.
Я таксама хачу выказаць вам маё гарачае прывітанне. Перадусім вітаю пастыра Гродзенскай дыяцэзіі Яго Эксцэленцыю Аляксандра Кашкевіча, Старшыню Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў, якому я ўдзячны за прывітальнае слова, з якім ён да мяне звярнуўся. Таксама зноў вітаю кардынала Казіміра Свёнтка, з якім ужо меў радасць сустрэцца, вітаю ўсіх прысутных іерархаў, асабліва Апостальскага Нунцыя. Вітаю ўсіх вас, шаноўныя святары, якія сярод гэтай часткі Божага народа служыце справе радаснага абвяшчэння слова праўды, што, безумоўна, прынясе шчодры плён у жыцці наступных пакаленняў. Асаблівыя словы прывітання скіроўваю да вас, дарагія семінарысты, прадстаўнікі надзеі і будучыні ўмілаванага Касцёла Гродзенскай дыяцэзіі, з падзякаю згадваючы вашых выкладчыкаў і выхавацеляў.
Прысвецім гэтую нашую сустрэчу перадусім малітве аб тым, каб мы захавалі вернасць нашаму пакліканню да святарства і кансэкраванага жыцця. Будзем маліцца праз заступніцтва маладога святога Алаізія (Луіджы) Ганзагі, літургічны ўспамін якога сёння адзначаецца. Яго жыццё было цалкам прасякнута Божаю ласкаю і любоўю і прайшло ў самаадданым служэнні братам, асабліва бедным і хворым. За свой кароткі, але змястоўны зямны шлях ён адчуў заўсёды актуальную навіну Евангелля і ўчыніў яго сваім жыццём. Святы Луіджы Ганзага быў сапраўдным сведкам Хрыста, яскравым прыкладам святасці, настаўнікам для наследавання, узорам для пераймання, вобразам святасці, які і сёння працягвае нібы правакаваць сучасную моладзь падзеленую паміж глыбокім унутраным імкненнем надаць жыццю поўны сэнс і павярхоўнымі моднымі плынямі індывідуалістычнай культуры і геданісцкага спажывальніцтва, што распаўзаюцца па свеце.
Перадусім у ім уражвае малітва: ужо ў 12 гадоў ён вырашыў па 5 гадзінаў штодзённа прысвячаць медытацыі. Хоць у яго вельмі добра ішлі справы, ён штораз больш прысвячаў сябе вучобе, малітве, учынкам міласэрнасці. З дзяцінства ён імкнуўся да місіянерства і мучаніцтва. Падчас эпідэміі чумы Луіджы не шкадаваў сябе і, заразіўшыся, памёр. Катэхізатар моладзі, клапатлівы апякун бедных і хворых, ён стаў усім для ўсіх: Касцёл назваў яго прыкладам і абаронцам моладзі, якая хоча жыць сваёю вераю ў Хрыста. Як і Боскі Настаўнік, Луіджы таксама стаў «знакам супраціву»: пакінуўшы гонар і багацце дзеля таго, каб знайсці Хрыста — сапраўдны скарб, за які варта аддаць нават уласнае жыццё, ён знайшоў Яго ў малітве і справах міласэрнасці. Такім чынам ён нагадвае нам, што для таго, каб выканаць нялёгкую місію прапаведнікаў Евангелля ў сучасным свеце, неабходна перадусім падтрымліваць непарыўную сувязь з Хрыстом, няспынна сузіраючы Яго аблічча ў малітве, каб пасля аддана служыць Яму ў братах, асабліва ў тых, якія знаходзяцца ў патрэбе, матэрыяльнай або духоўнай.
Святасць Луіджы Ганзагі, якога сёння Касцёл паказвае нам як прыклад для наследавання, добра апісана ў фрагментах Святога Пісання, якія толькі што былі прачытаныя. У першым чытанні святы Павел выказвае радасць ад скарбу, за які ён быў гатовы страціць усё: «Што было для мяне набыткам, тое дзеля Хрыста я палічыў стратай. Ды і ўсё лічу стратаю дзеля перавагі пазнання Хрыста Езуса, Пана майго». Усё той жа Павел, «здабыты Хрыстом», без ваганняў пакінуў усё, каб дасягнуць мэты — пазнання, набыцця Хрыста. Які цудоўны прыклад, якое заахвочанне для нас, якія, прывабленыя іншымі мэтамі, часта шукаем іншых каштоўнасцяў, памылкова думаючы часам, што шукаем Яго! Ці ж не здараецца так тады, калі мы ў сваім служэнні абмяжоўваемся толькі прызнаннем людзей і павярхоўнымі задавальненнямі? Як жа лёгка згубіць з вачэй той сапраўдны скарб, які адзіны заслугоўвае нашай увагі! Будзем жа, дарагія браты і сёстры, шукаць і імкнуцца толькі да Хрыста! Адзін сучасны пісьменнік напісаў: «Я жадаю ісці шукаць Бога», а святы Аўгустын, звяртаючыся да Хрыста, сцвярджаў, што «Я б ніколі не знайшоў Цябе, калі б ніколі не шукаў». Нашае жыццё, асабліва жыццё таго, хто прысвяціў сябе служэнню Евангеллю, — гэта падарожжа па слядах Бога, прысутных у нашым існаванні. Сённяшні фрагмент Евангелля апавядае нам пра скарб, схаваны на полі, які можа напоўніць нас радасцю; скарб, што складаецца не з рэчаў, а з’яўляецца асобаю: Езусам — Шляхам, Праўдаю і Жыццём. Хто Яго знаходзіць, прадае ўсё, каб толькі набыць Яго.
Дарагія святары і кансэкраваныя асобы, прымем жа запрашэнне, якое скіроўвае да нас сённяшняя літургія. Пан Бог ведае, якія намаганні прыкладае кожны з вас для таго, каб заставацца верным уласнаму пакліканню, і заклікае вас не баяцца цяжкасцяў: заўсёды давярайце Яму! Новыя апостальскія гарызонты адкрываюцца перад гродзенскім Касцёлам; чакае цяжкая душпастырская праца і шырокае поле дзейнасці. Але будзьце ўпэўненыя: галоўнае, каб вы перадусім былі сябрамі Хрыста, яго сапраўднымі вучнямі, каб сваім прыкладам весці за сабою тых, хто даручаны вашай душпастырскай апецы, па сцежцы святасці, якая з’яўляецца любоўю — любоўю да Бога і да братоў. Толькі такім чынам, заўсёды працуючы ў еднасці з вашым біскупам і паміж сабою, вы, святары, зможаце прывесці хрысціянскі народ да «новага неба і новай зямлі», пра якія гаворыць Святое Пісанне (пар. Ап 21, 1; 2 П 3, 13).
Святы Айцец Бэнэдыкт XVI на самым пачатку свайго пантыфікату вучыць нас, што ў Касцёле — містычным Божым вінаградніку — мы павінны працаваць як пакорныя і адданыя слугі. Няхай жа кожны з вас стараецца служыць менавіта так, а не інакш. Вучыце гэтаму сваім прыкладам вашых калегаў, семінарыстаў, моладзь, прывіваючы ім жаданне заняцца справаю збаўлення душаў. Клапаціцеся пра пакліканні да святарства і кансэкраванага жыцця, праводзячы паўнацэннае і сістэматычнае душпастырства пакліканняў, якое пачынаецца з сем’яў і парафіяльных супольнасцяў, бо вы — першыя і незаменныя выхавацелі кандыдатаў да святарства і кансэкраванага жыцця. У прыватнасці, нястомна заклікайце бацькоў распазнаваць і прымаць знакі паклікання ў душах сваіх дзяцей. Сапраўды, уся хрысціянская супольнасць паклікана да малітвы і канкрэтных дзеянняў, каб «Гаспадар жніва паслаў работнікаў на жніво сваё» (пар. Лк 10, 2). Але перадусім ад біскупа і ад святароў патрабуецца ўдзяляць асаблівую ўвагу насенню паклікання, якое Пан Бог і сёння рассявае ў шматлікіх маладых сэрцах. Абвяшчэнню Евангелля, дарагія браты і сёстры, прысвячайце ўсе вашыя намаганні. Евангельскае гарчычнае зернейка павінна быць пасеяна сёння для таго, каб у адпаведнасці з таямнічымі планамі Божага Провіду ў свой час стаць вялікім дрэвам.
З самымі цёплымі пачуццямі я звяртаюся да вас, дарагія семінарысты. Ваш юнацкі запал, вашае імкненне да сапраўдных каштоўнасцяў і любоў да Хрыста — гэта сур’ёзная падстава для надзеі ўсяго Касцёла. Сур’ёзна і ўдумліва рыхтуйцеся да душпастырскага служэння, да якога вас кліча Пан Бог. Вучыцеся з адказнасцю і з паслухмянасцю, супрацоўнічайце з вашымі выхавацелямі, якіх я заклікаю з поўнаю самаадданасцю весці сваю далікатную выхаваўчую справу. Няхай вашым агульным клопатам будзе перадусім прысвячэнне як мага больш часу малітве па прыкладзе святога Луіджы Ганзагі. Толькі так вы зможаце стаць сапраўды Божымі людзьмі, закаханымі ў Евангелле і гатовымі ахвяраваць усім, нават жыццём, за Хрыста.
І нарэшце, sursum corda — угору сэрцы! Гэты заклік да надзеі, які часта любіў паўтараць Папа Ян Павел ІІ, я сёння скіроўваю да вас, дарагія браты ў біскупстве, дарагія святары, дарагія законнікі і законніцы, а таксама дарагія семінарысты. Ідзіце наперад вашым шляхам са спакоем і з даверам! Няхай вас вядзе па ім Марыя, першая Вучаніца Хрыста, «Каралева Апосталаў», Зорка новай евангелізацыі. Калі вы будзеце жыць Евангеллем, то зможаце таксама зрабіць значны ўнёсак у нацыянальнае і духоўнае адраджэнне ўмілаванага беларускага народа, надаючы ўпэўненасць і аптымізм сённяшнім намаганням, скіраваным на матэрыяльнае і маральнае аднаўленне вашай краіны. Няхай Пан Бог благаславіць вас і ўсю Беларусь! |
Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча падчас працэсіі Божага Цела ў Віцебску, 24 мая 2008 г.
|
Умілаваныя браты і сёстры! 1. Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае адно з найбольш папулярных святаў — урачыстасць Божага Цела, або Цела і Крыві Езуса Хрыста, як гучыць яе поўная назва. У гэты незвычайны дзень Езус Хрыстус, які сапраўды прабывае ў святой Эўхарыстыі, выходзіць па-за касёльныя муры і ідзе па вуліцах нашых гарадоў і вёсак, каб прывітаць усіх нас, за каго Ён ахвяраваў на крыжы сваё жыццё. Ён хоча паглядзець на тое, як мы жывем, хоча завітаць у нашыя дамы, школы, універсітэты, на заводы і фабрыкі. Ён хоча прыйсці да нас з дапамогаю і благаславіць нас. Працэсія Божага Цела — гэта адкрытае выяўленне нашай веры ў Эўхарыстыю, якая з’яўляецца хлебам жыцця. 2. Усе мы добра ведаем, што калі ёсць хлеб, то можна не баяцца голаду, а значыць, жыццё будзе працягвацца. Нездарма гаворыцца, што хлеб — усяму галава. Аднак мы добра ведаем і тое, што не хлебам адзіным жыве чалавек, а таксама і словам Божым. Не забываймася, што матэрыяльны дабрабыт, багацце не з’яўляецца стопрацэнтнаю гарантыяй шчаслівага жыцця. Нездарма некалькі гадоў таму ішоў вельмі папулярны тэлесерыял з красамоўнаю назваю «Багатыя таксама плачуць». Гэта азначае, што ў сваім жыцці мы мусім клапаціцца не толькі пра часовыя справы, звязаныя з матэрыяльным дабрабытам нас саміх і нашых блізкіх, але таксама і пра справы духоўныя. Жыць словам Божым азначае жыць паводле Божых запаведзяў, у адпаведнасці з духам Евангелля, што не так ужо проста, бо для гэтага патрэбныя вялікія духоўныя сілы. 3. Менавіта Эўхарыстыя як хлеб жыцця вечнага дае чалавеку гэтыя сілы і, перамяняючы яго, дапамагае яму на жыццёвым шляху. Тры гады таму падчас апошняга Сусветнага Дня моладзі ў Кёльне ў Германіі Папа Бэнэдыкт XVI нагадаў, што, устанаўліваючы Эўхарыстыю напярэдадні сваёй збаўчай мукі, Хрыстус наперад вызначыў сваю крыжовую смерць. Давайце ж паразважаем пра падзеі, якія абдыліся тады ў Вячэрніку. Евангелле гаворыць, што падчас Апошняй Вячэры Хрыстус устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі, пераісточваючы хлеб і віно ў сваё Цела і Кроў. Можа ўзнікнуцьць пытанне, чаму Езус выбраў менавіта хлеб і віно, каб ператварыць іх ў сваё Цела і Кроў? Можа, гэта было не істотна, і Ён мог выбраць нейкі іншы знак? Каб адказаць на гэтае пытанне, паспрабуем зразумець бліжэй прыгледзецца да хлеба і віна. На Блізкім Усходзе яны здаўна былі асноўнымі прадуктамі харчавання. Людзі спажывалі іх кожны дзень. Таму натуральна, што менавіта яны і былі выбраныя Езусам. Мы кожны дзень ядзім хлеб, але ці памятаем пры гэтым, што ён пячэцца з мукі? А адкуль бярэцца мука? З зерня, якое трэба змалоць у млыне. Зерне жыта мае дасканалую форму, прывабны выгляд, але калі яго не змалоць, яно проста засохне ці згніе. Калі ж яно будзе змолата, то з яго атрымаецца мука, з якой можна спячы хлеб. Змалоць зерне гэта значыць знішчыць яго, перацерці паміж камянямі млына, ператварыць у муку. Але толькі такім чынам можна атрымаць хлеб, які з’яўляецца гарантыяй жыцця, бо менавіта ён насычае, дае сілы і неабходную для жыцця энергію. Падобнае адбываецца і з вінаградам. Прыгожа выглядае вінаградная гронка, але яна не можа доўга захоўвацца ў такім выглядзе. Таму з вінаграду робяць віно, а для гэтага з яго спачатку трэба выціснуць сок. Раней вінаградныя гронкі складалі ў чан і тапталі нагамі, і хоць цяпер гэты працэс амаль паўсюль механізаваны, аднак сутнасць засталася нязменнай: каб выціснуць з вінаграда сок, з якога пазней атрымаецца віно, трэба парасціскаць, знішчыць шмат прыгожых гронак. Таксама і Хрыстус для таго, каб застацца з намі і быць даступным кожнаму чалавеку ў кожным месцы, знішчыў самога сябе на дрэве Крыжа і застаўся ў сакрамэнце Эўхарыстыі, у якім падчас Яго бяскроўнай ахвяры хлеб і віно пераісточваюцца ў Ягоныя Цела і Кроў, каб быць ежаю і напоем жыцця вечнага. 4. Сёння падчас Імшы мы зноў пачуем словы: «Бярыце і ешце: гэта ёсць Цела Маё; бярыце і піце: гэта ёсць келіх Крыві Маёй». Многія з нас так часта іх чуюць, што ведаюць гэтыя словы на памяць. Аднак ці заўсёды мы задумваемся пра тое, што сапраўды адбылося 2000 гадоў таму ў Вячэрніку падчас Апошняй Вячэры і які вялікі дар мы атрымалі ў сакрамэнце Эўхарыстыі? Мы часта шукаем дапамогі, бо не ведаем, як знайсці выйсце з цяжкай сітуацыі, бо адчуваем сябе стомленымі і пазбаўленымі надзеі. Да каго ж мы можам прыйсці ў такім выпадку? Найчасцей шукаем дапамогі ў блізкіх, у старэйшых, у спецыялістаў, у сяброў і гэтак далей. Многія, асабліва моладзь, шукаюць выйсця ў мімалётных сумніўных задавальненнях, наркотыках, алкоголю, варажбе і падобных «рэцэптах лёгкага шчасця». Сучасны свет вабіць маладога чалавека сваім бляскам, абяцае шчасце тут і цяпер, дасягненне дабрабыту і поспехаў, а таксама вырашэнне ўсіх праблемаў. Аднак ужо першы жыццёвы вопыт жорстка пераконвае маладога летуценніка ў тым, што ўсё далёка не так проста і прыгожа. Вельмі часта абяцанае шчасце з’яўляецца ілюзіяй, падманам, і тое, што толькі што пералівалася ўсімі колерамі вясёлкі, раптам лопаецца, як мыльная бурбалка. Чалавек жа застаецца са сваімі нявырашанымі праблемамі і часам нават у яшчэ горшым стане, чым дагэтуль, калі, напрыклад, трапляе ў пэўную залежнасць. Таму ўзнікае пытанне: ці выкарыстоўваем мы ўсе свае магчымасці, у тым ліку і духоўныя, для дасягнення сапраўднага шчасця? Вядома, што святы Ян Марыя Віяней вельмі доўга заставаўся на адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Ён кленчыў перад Езусам у Эўхарыстыі нават тады, калі ў касцёле ўжо нікога не было. Аднойчы ў яго спыталіся, навошта ён столькі часу прысвячае адарацыі? На гэта арскі пробашч адказаў: «Я размаўляю з Езусам, задаю Яму свае пытанні і чакаю, што Ён мне скажа». А вось яшчэ адна гісторыя, якая адбылася ўжо даволі даўно. У пэўны кляштар зайшоў адзін яшчэ даволі малады святар і папрасіў памаліцца ў кляштарнай капліцы, бо меў яшчэ шмат часу да свайго цягніка. Зразумела, яго пусцілі памаліцца. Ішоў час, а святар не выходзіў. Настаяцельніца кляштара паслала адну з сясцёр, каб тая паглядзела, што здарылася са святаром, ці не стала яму кепска. Сястра ўбачыла святара, які ляжаў крыжам перад Найсвяцейшым Сакрамантам. Спалоханая, яна вярнулася да настаяцельніцы, аднак тая вырашыла пакуль не турбаваць святара, палічыўшы, што, магчыма, яго трывожаць нейкія праблемы. Між тым набліжаўся час абеду, а святар усё не выходзіў. Настаяцельніца сама пайшла да яго і запрасіла на пасілак. Святар падзякаваў і сказаў: «Дазвольце мне застацца тут, бо мне трэба яшчэ шмат сказаць майму Пану». Гэтым святаром быў Караль Вайтыла, якога сёння ва ўсім свеце ведаюць як Слугу Божага Яна Паўла II. Такім чынам гэты вялікі чалавек, які з’яўляецца адною з найвыдатнейшых асобаў сучаснасці, рыхтаваўся да біскупскай кансэкрацыі. 5. Браты і сёстры! Сённяшняй урачыстай працэсіяй з Найсвяцейшым Сакрамэнтам па вуліцах Віцебска мы не можам абмежаваць нашую пашану да Найсвяцейшай Эўхарыстыі. Езус чакае нас: чакае ў Святым Пісанні, чакае ў сакрамэнтах і асаблівым чынам чакае нас у Эўхарыстыі. Ён жадае, каб мы прынялі Яго як Таго, хто можа змяніць нас, а праз нас і нашае жыццё аднавіць аблічча ўсёй зямлі. У другой палове 80-х гадоў ужо мінулага стагоддзя на экраны выйшаў грузінскі фільм «Пакута», у якім апавядалася пра пераслед веры. Напрыканцы фільма ёсць вельмі павучальная сцэна. Старая жанчына ўваходзіць у горад і пытаецца ў маладой, ці тая дарога, па якой яна ідзе, вядзе да святыні. У адказ яна чуе, што гэта не так, бо святыні ўжо няма, таму што яе раззбурылі. На гэта мудрая старая сказала: «Каму патрэбная дарога, якая не вядзе да святыні?». Дарагія браты і сёстры, жыхары прыгожага, старажытнага і заўсёды маладога Віцебска! Сярод дарог вашага жыцця памятайце заўсёды пра дарогу, якая вядзе да касцёла. Тут, у Эўхарыстыі, вас чакае сам Хрыстус, тут б’ецца Яго сэрца, тут Ён вас выслухае, калі ўжо ніхто не хоча слухаць; дапаможа, калі здаецца, што ўжо ніхто не можа дапамагчы, бо Ён наш шлях, праўда і жыццё. Амэн. |
Відзы — парафія Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі
|
| Фота radzima.org
|
Адрас: вул. Леніна, 22 в. Відзы Браслаўскі р-н Віцебская вобл. Рэспубліка Беларусь 211990
Тэл.: +375 2153 28 695 фРасклад набажэнстваў (магчымы змены)
- Св. Імша ў нядзелю — 11.00, 13.00
- Св. Імша ў будні — 10.00, 18.00
- Св. Імшы ў капліцах — 09.00 (Падрукша), 15.00 (Бучаны), 16.00 (Казяны)
Адпусты: Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі – 8 верасня; Маці Божай Ружанцовай – 7 кастрычніка. чЗ гісторыі парафіі Першы касцёл у Відзах быў пабудаваны ў ХV
стагоддзі, калі ў 1481 г. уладальнікі Відзаў Цвертак і Гануш
Даўгірдавічы фундавалі драўляны касцёл пад тытулам Нараджэння
Найсвяцейшай Панны Марыі для айцоў бэрнардынаў, якія прыбылі з Вільні. У
1498 г. касцёл шчодра забяспечыў віленскі біскуп Войцех Табар. Са
звестак 1517 г. вядома, што парафія, якая ўваходзіла ў склад Віленскай
дыяцэзіі, была часткай пасагу віленскіх біскупаў, так званыя «dobra
stołowe». У 1524 г. мястэчка было прададзена Гаштольдам. У 1601 г.
пробашчам парафіі быў ксёндз Павел Малішэўскі, там служылі таксама
ксёндз Ян Вярцінскі і ксёндз Пётр Чэрнік. Вядома, што ў ХVIII стагоддзі ў
відзаўскім касцёле служылі ксяндзы Нарбутовіч і Данат.
У 1744 годзе відзаўская парафія ўваходзіла ў склад Браслаўскага дэканату.
Вядомы
і імёны святароў, што служылі тут у другой палове ХІХ стагоддзя.
Відзаўскі пробашч ксёндз Антоні Юзумовіч пацярпеў у студзеньскім
паўстанні — з 29 ліпеня 1863 г. ён знаходзіўся пад строгім наглядам
паліцыі, а затым быў арыштаваны і высланы. У 1865–1889 гг. пробашчам
парафіі быў ксёндз Францішак Ландсберг, пры якім у 1872 г. адбылося
ўзбуйненне святыні намаганнямі парафіян, бо тады парафія налічвала каля
12 тысяч вернікаў.
Час надзеі і выпрабаванняў
Сённяшні
касцёл у Відзах быў пабудаваны ў 1904–1914 гг. з чырвонай цэглы ў
цэнтры мястэчка паводле праекту архітэктара Л. Вітан-Дубейкаўскага.
Аднак у год заканчэння будаўніцтва пачалася Першая сусветная вайна. У
выніку ваенных дзеянняў у 1916 годзе касцёл моцна пацярпеў: былі
пашкоджаны дах, вокны, сцены, падлога, адна з вежаў. Намаганнямі
вернікаў касцёл быў цалкам адрамантаваны толькі да 1932 года.
У
1925 г. відзаўская парафія ўвайшла ў склад Віленскай архідыяцэзіі. У
міжваенны перыяд пробашчамі былі ксёндз Слапшыс, з 1926 г. ксёндз
Дамінік Аманковіч, а вікарыямі — у 1927–1928 гг. ксёндз Уладзіслаў
Пачкоўскі, у 1928–1929 гг. ксёндз Вітольд Нелюбовіч, у 1929–1934 гг.
ксёндз Гедымін Пілецкі, у 1933–1934 гг. ксёндз Мечыслаў Кміта, у
1934–1936 гг. ксёндз Баляслаў Заблудоўскі, у 1936–1937 гг. ксёндз Пётр
Падэйка, у 1939–1940 гг. ксёндз Казімір Пукенан, у 1939–1941 гг. ксёндз
Адам Шабуня. Па некаторых звестках ксёндз Адам Шабуня, датыхчасовы
вікарый, 24 снежня 1940 г. быў прызначаны пробашчам і быў ім да
лістапада 1941 г. У 1936–1938 гг. у парафіі ў якасці школьнага катэхета
працаваў ксёндз Станіслаў Багаткевіч.
У 1930 г. парафія налічвала 9825 вернікаў, у 1939 г. — 12062.
Цяжкія
выпрабаванні выпалі на долю парафіі і яе святароў пасля 1939 года. У
1939 годзе ў парафіі была забрана плябанія, дзе жылі святары.
У
чэрвені 1938 г. вікарыем сюды быў прызначаны ксёндз Станіслаў Матышчык.
Пасля 17 верасня 1939 г. ён здабыў прызнанне вернікаў дзякуючы
самаахвярнай і адважнай працы. Аднак новая ўлада пераследавала святара. У
1940 г. райфінаддзел у Відзаўскім раёне Вілейскай вобласці без
усялякага разліку налічыў яму падаходны падатак і культзбор у памеры 106
тысяч рублёў і абавязаў заплаціць да 15 жніўня, а калі святар адмовіўся
плаціць, яго маёмасць была канфіскавана. У чэрвені 1941 г. святар быў
арыштаваны НКУС і вывезены ў вязніцу ў Вілейку. З пачаткам вайны 22
чэрвеня пачалася эвакуацыя вязняў, якім прыйшлося прайсці праз так званы
«прыспешаны» марш, калі вязняў гналі без адпачынку на працягу многіх
гадзін. Тыя, хто вытрымаў яго, былі перавезены грузавікамі да Барысава,
пасля чаго вязняў пагналі на станцыю. Няздольных ісці забілі, сярод іх
быў і ксёндз Матышчык. Гэта адбылося 26 чэрвеня 1941 г.
У 1943
г. пробашчам парафіі стаў ксёндз Станіслаў Шчамірскі, а вікарыем з
сакавіка таго ж года ксёндз Альберт Навіцкі. 1944 год прынёс не толькі
доўгачаканае вызваленне ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, але і новыя
выпрабаванні для касцёла і вернікаў. Падчас наступлення савецкіх войскаў
у 1944 годзе, калі мястэчка гарэла, касцёл быў зноў моцна пашкоджаны.
Акрамя
гарачага жадання адбудаваць святыню, больш у мясцовых вернікаў нічога
не было. У 1945 г. ксёндз Станіслаў Шчамірскі выехаў у Польшчу,
пробашчам стаў ранейшы вікарый ксёндз Альберт Навіцкі. Ён разам з
вернікамі ў неспрыяльных умовах і пачаў адбудоўваць касцёл, але працу
скончыць не паспеў: у снежні 1949 г. быў арыштаваны НКУС і адпраўлены ў
лагеры. У 1950 г. касцёл быў зачынены, а ў 1952 г. частка маёмасці
відзаўскай святыні была перададзена ў дрысвяцкі касцёл. Тым часам касцёл
выкарыстоўваўся пад склад ільну. Тады будынак найбольш нішчыўся: былі
разбіты не толькі вокны і вітражы, але нават сцены і дах. У маі 1953 г.
парафіяне даслалі заяву ўпаўнаважанаму па справах рэлігійных культаў з
просьбай вярнуць ім касцёл, аднак у гэтым было адмоўлена. У 1959 г.
вернікі зноў дабіваліся вяртання ім касцёла, для чаго ездзілі нават у
Маскву і Мінск, шмат разоў у Маладзечна. Аднак вернікі нічога не
дабіліся. У 1961 г. касцёл быў зняты з дзяржаўнай рэгістрацыі, што
азначала і зняцце з дзяржаўнага ўліку як сакральнага будынку, які
вернікі ніколі больш не атрымаюць у сваё распараджэнне. Будынак касцёла
перадалі браслаўскаму вучылішчу механізацыі пад спартыўную залу. Адраджэнне
У
1989 г. касцёл вярнулі вернікам. Першым яго пробашчам стаў ксёндз Пётр
Урліцкі з Літвы, затым на працягу дзесяці гадоў (1990–2000 гг.) ксёндз
Казімір Гваздовіч, які адбудоўваў святыню. У 1994 годзе касцёл
рэкансэкраваў арцыбіскуп Казімір Свёнтэк, які ў міжваенны час прыняў там
Першую святую Камунію.
З верасня 2000 г. і па сёння пробашчам
касцёла з’яўляецца ксёндз Альфрэд Пяхота MS, які працягваў рамонт вежаў,
вялікага акна-ружы над галоўным уваходам і агароджы касцёла.
27
чэрвеня 2004 г. у Відзах адбыліся дыяцэзіяльныя ўрачыстасці, прысвечаныя
90-годдзю з дня нараджэння і 65-й гадавіне прэзбітэрскага пасвячэння
кардынала Казіміра Свёнтка. За час адраджэння ў парафіі двойчы — у 2000 і
ў 2014 гг. — адбыліся парафіяльныя місіі.
Цуд адбыўся: храм наш уваскрос.
З абразоў глядзіць Хрыстос. Продкаў памяць, продкаў дух жыве. Меладычны ў небе спеў плыве.Падрыхтавала Кацярына Лаўрыненка
Агульная гісторыя: Наступнік Свідрыгайлы Жыгімонт Кейстутавіч (1432–1440) перадаў відзаўскую маёмасць тром братам: Даўгірту, Даукшу і Нарушу. Апошні заснаваў тут мястэчка. У 1481 г. нядаўна прыбылыя з Вільні айцы бэрнардынцы пабудавалі ў Відзах касцёл пад тытулам Найсвяцейшай Панны Марыі. У 1498 г. гэты касцёл шчодра забяспечыў віленскі біскуп Войцех Табар. Са звестак 1517 г. вядома пра тое, што Відзы належалі да біскупскай маёмасці. Пад датамі 1717, 1729, 1744 гг. прыводзяцца звесткі пра парафіяльны касцёл у Відзах, шпіталь пры касцёле і пра відзаўскіх пробашчаў Нарбутовіча і Даната.
У 1754 г. Антоній Вавжэцкі склаў фундуш для відзскіх езуітаў, якія заснавалі касцёл, рэзідэнцыю і школу, але сын фундатара Аляксандр усё гэта знішчыў, абрабаваў, а пра разбураны езуіцкі касцёл напісана ў інвентары відзаўскай плябаніі 1818 года; гэтая святыня была канчаткова разабраная ў 1867 г.
У 1832 г. як вынік лістападаўскага паўстання з’явіўся загад ад 6 жніўня, які скасоўваў, сярод іншых, і відзаўскі кляштар канонікаў рэгулярных, а таксама павятовую школу. Нерухомую маёмасць забралі ў дзяржаўную казну. Пачаўся стогадовы перыяд расійскіх пераменаў. 24 жніўня 1835 г. страшэнны пажар вынішчыў большую частку мястэчка. У студзеньскім паўстанні пацярпелі, між іншым, відзаўскі ксёндз пробашч Юзумовіч і Юстын Загорскі, рэгістратар відзскай ратушы.
У 1914 г. ў цэнтры мястэчка Відзы архітэктарам Л. Вітанам-Дубейкаўскім быў пабудаваны касцёл з чырвонай цэглы. Фундатаркай святыні была шляхцянка з Наўлянаў Мітаслаўская. У 1915 г. у выніку падзеяў Першай сусветнай вайны касцёл зноў быў разбураны. У такім стане ён праіснаваў да Другой сусветнай вайны, падчас якой быў адчынены, але пробашчы часта змяняліся.
З 1950 г. у касцёле зрабілі склад ільну, пасля – збожжа, а пазней у ім была спартыўная зала для моладзі, дзе часта гулялі нават у футбол. Тады будынак найбольш нішчыўся: былі разбітыя не толькі вокны і вітражы, але нават сцены і дах. У выніку перабудовы ў 1989 г. касцёл перадалі вернікам. Першым яго пробашчам стаў кс. Пётр Урліцкі з Літвы, пасля – кс. Казімір Гваздовіч, які пачаў адбудоўваць святыню.
У верасні 2000 г. пробашчам касцёла стаў ксёндз Альфрэд Пяхота MS. Працягваўся рамонт вежаў, вялізнага акна-ружы над галоўным уваходам і агароджы касцёла.
27 чэрвеня 2004 г. у Відзах адбыліся дыяцэзіяльныя ўрачыстасці, прысвечаныя 90-годдзю з дня нараджэння і 65-й гадавіне святарскіх пасвячэнняў Яго Эмінэнцыі ксяндза кардынала Казіміра Свёнтка, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага і старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
На тэрыторыі парафіі знаходзіцца в. Бучаны, дзе ёсць будынак, прыстасаваны длянабажэнстваў.
На захад ад вёскі на старых могілках захаваліся руіны капліцы 19 ст., на поўнач ад вёскі пабудавана новая прыдарожная капліца.
|
Пастырскі ліст Ардынарыя Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандра Кашкевіча з нагоды ўрачыстасці падзякі за дар беатыфікацыі благаслаўлёнай Цэліны Бажэнцкай.
|
21.07.2009 16:43 |
Умілаваныя вернікі Гродзенскай дыяцэзіі! Жыццё святых — гэта гонар паўсюднага Касцёла. Мы спасылаемся на заслугі іх жыцця, калі прыходзім з просьбамі ў Божы храм і верым, што Бог прыслухоўваецца да іх малітваў. Тое, што святыя трываюць у духоўнай лучнасці з намі, мы вызнаем у «Сімвале веры», калі кажам: «Веру ў еднасць святых». І, безумоўна, асаблівая лучнасць звязвае іх з жыхарамі той зямлі, адкуль яны паходзілі і дзе жылі. 27 кастрычніка 2007 г. у базыліцы святога Яна на Латэране адбылася беатыфікацыя сястры змёртвыхпаўстанкі Цэліны Бажэнцкай. На жаль, не ўсе вернікі мелі магчымасць прысутнічаць на гэтай урачыстасці. Я б хацеў заахвоціць вас, дарагія дыяцэзіяне, каб вы бліжэй пазнаёміліся з жыццём благаслаўлёнай Цэліны і таму запрашаю ўсіх зацікаўленых на ўрачыстасць падзякі за дар яе беатыфікацыі, якая адбудзецца 2 мая бягучага года ў Заневічах каля Гродна. Менавіта з гэтай парафіяй і гэтым кутком гродзенскай зямлі быў звязаны доўгі перыяд жыцця благаслаўлёнай Цэліны Бажэнцкай. Цэліна нарадзілася 29 кастрычніка 1833 г. у Антовілі, непадалёку ад Оршы. Паходзіла яна з сям’і Хлудзінскіх. З малых гадоў Цэліна выхоўвалася ў асяроддзі, дзе старанна захоўваліся каталіцкія і нацыянальныя традыцыі. У сям’і Цэліна атрымала добрае выхаванне і адукацыю. Яе духоўнае жыццё развівалася пад уплывам бацькоў, а малітоўнае пытанне — «Божа, што хочаш, каб я ўчыніла са сваім жыццём?» — ніколі не пакідала яе. Паслухмяная волі бацькоў і парадам свайго спаведніка, якія прымала як Божую волю, яна ў 1853 г. узяла шлюб з Юзафам Бажэнцкім, уласнікам Абрэмшчыны. Адносіўся гэты маёнтак да парафіі Заневічы, што непадалёку ад Гродна. Пры гэтым, як яна сама занатавала ў сваіх лістах, Цэліна прадчувала, што «сваё жыццё не закончыць звычайна». Пасля шлюбу яе чакала моцнае і балеснае выпрабаванне, выйсці з якога ёй дапамог давер да Божай апекі. З поўнай адданасцю яна ўвайшла ў ролю жонкі, гаспадыні дому і маці. Цэліна перажыла смерць дваіх сваіх дзяцей-немаўлятак, пры жыцці засталіся дзве дачкі. Цэліна, як гаспадыня дому, вяла дабрачынную працу сярод сельскіх жыхароў. У 1863 г. за дапамогу паўстанцам, разам з дачкой Ядзвігай, якой было ўсяго некалькі тыдняў, трапіла ў царскую турму ў Гродне. Пасля кароткага арышту яе выпусцілі. У Абрэмшчыне Цэліну чакала чарговае выпрабаванне лёсу. Яе мужа Юзафа Бажэнцкага разбіў параліч, і ён не мог хадзіць. Цэліна клапатліва і цярпліва даглядала змучанага хваробай мужа на працягу ўсёй яго доўгай і невылечнай хваробы. Пры гэтым адначасова займалася справамі маёнтку. За некалькі тыдняў да смерці (у 1874 г.) Юзаф Бажэнцкі прадыктаваў тэстамэнт, у якім сведчыў пра любоў, гераічнасць, адвагу і разважлівасць сваёй жонкі. У 1875 г. Цэліна Бажэнцкая прыбыла ў Рым. І там да яе зноў вярнуліся думкі пра манаскае жыццё. Грунтоўна пазнаць сябе і зразумець дарогу, па якой яе вядзе Бог, Цэліне дапамог генерал ордэна змёртвыхпаўстанцаў кс. Пётр Семяненка, які пазней падрыхтаваў яе да заснавання новай кангрэгацыі. Дзякуючы яго духоўнай падтрымцы Цэліна разам з дачкой Ядзвігай прыйшла да рашэння заснаваць жаночае адгалінаванне гэтай супольнасці з кантэмпляцыйна-дзейсным харызматам. Заданнем супольнасці было духоўнае і маральнае адраджэнне жанчыны праз навучанне і хрысціянскае выхаванне дзяўчат. У 1891 г. Цэліна Бажэнцкая атрымала падтрымку ад духоўных уладаў і ва ўзросце 58-мі гадоў узначаліла новую манаскую супольнасць, якая атрымала назву Кангрэгацыі Змёртвыхпаўстанак. У тым жа годзе Цэліна разам з сёстрамі адкрыла ў Кентах каля Бельска (Польшча) першы манаскі дом, а ў 1896 годзе распачала апостальскую працу ў Балгарыі, затым у Чэнстахове і Варшаве, а ў 1900 г. — у Злучаных Штатах Амерыкі. Новая супольнасць развівалася дынамічна. Гэта схіліла сясцёр да таго, каб пашырыць свой харызмат, уключыўшы ў яго клопат пра рух апостальства свецкіх у парафіях. Мэтай свецкага жаночага руху было не толькі асабістае асвячэнне, але і імкненне пашыраць Божае Валадарства і напаўняць духам Евангелля ўсе сферы грамадскага жыцця. Цэліна Бажэнцкая памерла ў Кракаве 26 кастрычніка 1913 г. Беатыфікацыйны працэс маці Цэліны быў распачаты ў Рыме яшчэ ў 1944 г., а дэкрэт пра гераічнасць цнотаў падпісаў Папа Ян Павел ІІ у 1982 г. У 2002 г. у Кракаве было праведзена даследаванне аздараўлення Анджэя Мехежыньскага-Віктара, праўнука маці Цэліны, які цудоўным чынам пасля звароту да Слугі Божай Цэліны з малітвай аб заступніцтве вылечыўся ад цяжкой траўмы пазваночніка. Цуд аздараўлення прыспешыў заканчэнне беатыфікацыйнага працэсу. 16 снежня 2006 г. Папа Бэнэдыкт XVI падпісаў дэкрэт, якім пацвердзіў цуд аздараўлення праз пасрэдніцтва маці Цэліны Бажэнцкай. Незвычайным быў 80-гадовы жыццёвы шлях благаслаўлёнай Цэліны Бажэнцкай. У яе жыцці вылучаюцца чатыры важныя этапы — як жонкі, маці, удавы і законніцы. У рэалізацыі свайго паклікання на кожным з гэтых этапаў у яе жыцці выразна бачна адзіная мэта людскога паклікання — святасць жыцця. Благаслаўлёная Цэліна, як у мінулым, так і сёння, з’яўляецца прыкладам святасці ў выкананні Божай волі — з поўнай пакорай, адданасцю і глыбокай малітвай. У такім жа духу яна старалася выхоўваць сваіх дачок, каб адзіным імкненнем у іх жыцці і ва ўзрастанні ў святасці была пакора перад Богам. Не парушыла яе вернасці Богу нават раптоўная смерць дачкі Ядзвігі, разам з якой яна заснавала супольнасць. Яна сказала тады такія словы: «Няма таго, што не вытрывала б душа з любові да Пана Езуса». Некалькі разоў Цэліна прыязджала з Рыма ў Абрэмшчыну, дзе яе віталі мясцовыя жыхары, якія ўжо пры жыцці лічылі яе святой. Менавіта ў Абрэмшчыне каля Заневіч, на месцы былога маёнтка з камення, якое засталося ад яго, была пабудавана першая капліца ў гонар благаслаўлёнай Цэліны Бажэнцкай. 2 мая бягучага года капліца будзе асвечана, каб мы маглі выпрошваць Божыя ласкі праз заступніцтва благаслаўлёнай Цэліны Бажэнцкай для ўсіх жыхароў нашай зямлі, асабліва для жонак і маці. Яна з’яўляецца ўзорам і заступніцай для ўсіх, хто цярпліва і ахвярна выконвае абавязкі маці і жонкі. Прыміце ў якасці заахвочвання да годнай рэалізацыі свайго паклікання словы благаслаўлёнай Цэліны Бажэнцкай, якія яна калісьці запісала ў сваім дзённіку: «Малю Хрыста Пана, каб вы пры жыцці ўваскрэслі ў духу, калі спазналі гэтую велізарную ласку быць пакліканымі да такой вялікай і хвалебнай таямніцы. Недастаткова ахапіць гэтую ласку розумам, патрэбна праца над сабой і ўчынкі, якія асвячаюць душу на падставе вялікай пакоры і ўдзячнасці Пану Богу». Ахвярная любоў нясе шчасце блізкім і дае нам надзею на жыццё вечнае. Няхай яна будзе багаццем кожнай сям’і на нашай зямлі — сужэнцаў, бацькоў і дзяцей. Працуйма над сваім асвячэннем і не пераставайма аказваць адно аднаму зразуменне і любоў. Яны здольны перамяніць свет, а нашаму прысвячэнню даць радасць і скіраваць нас да вечнай любові Бога. Мы верым, што благаслаўлёная Цэліна выпрасіць у Бога духоўныя дары, падтрымае на шляху да неба наш Касцёл і нашыя сем’і. Маючы перад вачыма прыклад яе жыцця, будзем імкнуцца да асвячэння асабістага і грамадскага жыцця, каб яшчэ дакладней выконваць на зямлі Божую волю і некалі атрымаць вечны ўдзел у святасці Бога. Няхай радасць святых Пана стане і нашым удзелам у небе. На руплівае наследаванне жыцця святых Пана і радаснае перажыванне ўрачыстасці падзякі ў нашай дыяцэзіі ў гонар благаслаўлёнай Цэліны сардэчна благаслаўляю. Аляксандр Кашкевіч, Біскуп Гродзенскі Гродна, 10.04.2008 Прашу шаноўных святароў Гродзенскай дыяцэзіі прачытаць гэты ліст у межах гаміліі падчас кожнай святой Імшы ў VI Велікодную нядзелю, 27 красавіка, а таксама азнаёміць вернікаў з праграмай дыяцэзіяльнай урачыстасці падзякі, якая абудзецца 2 мая б. г. у Заневічах. |
Пастырскае пасланне на Вялікдзень 2008 г. арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага
|
Умілаваныя ў Змёртвыхпаўсталым Пану браты ў біскупскім і святарскім служэнні, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры! 1. «Не бойцеся, бо ведаю, што вы шукаеце Езуса ўкрыжаванага. Няма Яго тут, Ён уваскрос, як сказаў. Падыдзіце, паглядзіце на месца, дзе быў пакладзены» (Мц 28, 5–6). Гэтыя словы Анёла, які сядзеў на камені каля ўваходу ў грабніцу Пана, сёння гучаць у нашых касцёлах і капліцах, у нашых супольнасцях. Гэтыя словы глыбока пранікаюць у нашыя сэрцы, перамяняюць іх і напаўняюць радасцю, даючы нам новую надзею. Радасным воклічам: «Хрыстус уваскрос! — Сапраўды ўваскрос!», — мы абвяшчаем праўду збаўчай урачыстасці Змёртвыхпаўстання Пана і дзелімся ёю з іншымі. Мы нясем яе ў свет, спяшаемся з ёю да іншых людзей, так, як паспяшаліся жанчыны-міраносіцы, калі, прынёсшы алеі для намашчэння, замест цела Езуса ўбачылі пустую грабніцу, куды яно тры дні таму было пакладзена. 2. Вечна жывое і заўжды актуальнае Божае слова, якое прыносіць нам гэтую радасную пасхальную вестку, павінна быць таксама і дзейсным (пар. Гбр 4, 12), павінна заахвочваць да навяртання і духоўнага адраджэння. Для гэтага нам неабходна дазволіць Хрысту, каб Ён сваёю ласкаю ўваскрасіў нас да новага жыцця. Ці магчыма гэтага дасягнуць у наш секулярны час? Жанчыны-міраносіцы непакоіліся, кажучы адна адной: «Хто адсуне нам камень ад уваходу ў магілу?» (Мк 16, 3). У нашым жыцці адбываецца нешта падобнае. Жыццё здалёк ад Бога і Ягонай ласкі, або нават такое жыццё, як быццам Бог наогул не існуе, становіцца тым каменем, які закрывае перад Хрыстом уваход у нашыя сэрцы. Прычым часам нам здаецца, што гэты камень такі вялікі, што ніхто не ў стане адсунуць гэты камень. Аднак праўда Уваскрасення сведчыць пра адваротнае. Няўжо ж Хрыстус, які ўскрасіў Лазара (пар. Ян 11, 38–44) і сам паўстаў з мёртвых, не зможа нас вызваліць з грахоўнай няволі? Безумоўна, Ён — міласэрны Езус — можа гэта зрабіць і робіць гэта. Трэба толькі дазволіць Яму дзейнічаць. Сам Ён нікога ні да чаго не прымушае: прапануючы сваю дапамогу, Хрыстус паважае свабоду чалавека. Таму толькі ад нас залежыць, ці прымем мы яе, ці адмовімся ад яе. Перажываючы год Божага слова — крыніцы надзеі, якая, як вучыць нас Папа Бэнэдыкт XVI, з’яўляецца асноўным словам біблейскай веры (пар. SS 2), неабходна звярнуцца да яго сілы, каб яно разам з Традыцыяй Касцёла заахвоціла нас адсунуць камень ад уваходу ў цёмную пячору нашай душы, каб праўда Уваскрасення Пана заззяла ў нас. 3. Мы перажываем надыход вясны, якая на нашых вачах абуджае прыроду да новага жыцця. Таксама і моц Уваскрасення Хрыста, якая праяўляецца таксама ў Божым слове, павінна ажыўляць чалавека. Вядома, што дрэва з пашкоджаным карэннем сохне і памірае. Таксама і хрысціянін, які па сваёй волі адмаўляецца ад уласных каранёў і не прымае праўды пра Уваскрасенне, такім чынам асуджае сябе на духоўную смерць. Таму, каб не змарнаваць збаўчай і жыватворчай ласкі Уваскрасення Пана, неабходна заўсёды захоўваць вернасць свайму хрысціянскаму пакліканню. Недастаткова быць толькі намінальнымі і ананімнымі хрысціянамі, якіх з Касцёлам не аб’ядноўвае нічога, акрамя пасведчання хросту. Недастаткова толькі раз на год, на Вялікдзень, прыйсці ў касцёл, каб асвяціць святочныя стравы, пазахапляцца велічным спевам «Аллелюя», вялікімі натоўпамі вернікаў, а пасля зноў надоўга забыцца пра шлях да святыні. Толькі гэтага далёка не дастаткова… Пасхальныя традыцыі належыць прыняць і перажываць ва ўсёй глыбіні сэнсу гэтай галоўнай хрысціянскай урачыстасці. Так, напрыклад, асвячэнне велікодных страваў павінна дапамагаць у духоўным асэнсаванні свята Пасхі. Асвячоныя яйкі, якія з’яўляюцца сімвалам жыцця, — гэта знак таго, што Змёртвыхпаўстанне Пана вядзе да новага жыцця і дае надзею. 4. Уваскрасенне Хрыста павінна стаць часткаю нашага жыцця. Калі ўваскрослы Хрыстус стукаецца ў дзверы нашых сэрцаў, заваленыя цяжкімі камянямі грахоў, трэба перш адсунуць камяні, каб іх адчыніць. Для гэтага разам з марнатраўным сынам з евангельскай прыпавесці кожны павінен сказаць: «Ойча, я зграшыў супраць неба і перад табою» і кінуцца на шыю нашаму Міласэрнаму Айцу (пар. Лк 15, 21). Не памёршы для граху, мы не зможам уваскрэснуць да новага жыцця. Як не было ўваскрасення Хрыста без Яго крыжовай смерці, так не можа быць і нашага вызвалення з няволі граху без збаўчага крыжа пакаяння. Неабходна ўсвядоміць сваю слабасць і звярнуцца да Хрыста са словамі злачынцы, які пакаяўся: «Узгадай мяне, Пане, калі прыйдзеш у сваё Валадарства» (Лк 23, 42). Гэта неабходна зрабіць, каб у адказ пачуць поўнае надзеі абяцанне: «Сапраўды кажу табе, што сёння будзеш са Мною ў раі» (Лк 23, 43). Крыж — гэта знак Божай міласэрнасці, ён вядзе нас да ўнутранай свабоды. Таму нельга абыякава абмінуць яго. Хоць чалавеку і нялёгка пакінуць свае дрэнныя схільнасці і звычкі, тым не менш неадменнаю ўмоваю ўваскрашэння да новага жыцця з’яўляецца разрыў з мінулым. Гэта і ёсць крыж нашага жыцця, але крыж, праз які дасягаецца збаўленне. 5. У вандроўцы з егіпецкай няволі ў Абяцаную зямлю юдэі з жалем узгадвалі пра тое, як яны сядзелі пры катле з мясам і елі ўдосталь хлеба (пар. Зых 16, 3). Перад абліччам часовых цяжкасцяў яны лічылі няволю лепшаю за свабоду, абы толькі мець ежы ўдосталь. Матэрыяльныя даброты сталіся для іх вышэйшымі за дар свабоды. Калі ў жыцці месца Бога і Ягонага закону занятае ідаламі багацця, безадказнай вольнасці, амаральных асалодаў, задаволення неўпарадкаваных жаданняў, лібералізму, маральнага рэлятывізму, хлуслівай «рэлігійнай паліткарэктнасці» і іншых сучасных бажкоў, такі чалавек не зможа ва ўсёй паўнаце перажыць праўду Уваскрасення Хрыста. Замест радасці прыняцця Хрыстовых таямніцаў духоўна свабоднага чалавека яму больш даспадобы «кацёл з мясам» егіпецкай няволі ў яе новых формах. 6. Пазбаўлены ўнутранай свабоды і закуты ў кайданы грахоўнай няволі чалавек не зможа перажыць усёй глыбіні таямніцы Змёртвыхпаўстання Пана, бо Пасха — гэта пераход з няволі да свабоды, Пасха — гэта вызваленне! Беручы прыклад са святога Аўгустына мы павінны баяцца свядома абмінуць Бога, пазбягаючы сустрэчы з Ім і імкнучыся ў няволю граху, спажывальніцтва, задавальненняў і іншых формаў залежнасці. У наш постмадэрнісцкі час неабходна прыняць Уваскрослага Хрыста так, як Яго прынялі апосталы. Таямніца Змёртвыхпаўстання Пана вярнула ім страчаную надзею, а спасланы ім Святы Дух натхніў на самаадданае абвяшчэнне Добрай Навіны. 7. Уваскрослы Хрыстус сёння звяртаецца да нас са словамі: «Не бойцеся!» (Мц 28, 10), таксама, як сказаў гэта жанчынам-міраносіцам. Словы «Не бойцеся!» сталі дэвізам служэння Слугі Божага Яна Паўла ІІ (пар. МЗ, с. 26), трыццацігоддзе абрання якога на пасад святога Пятра мы будзе адзначацца сёлета. Яго заклік далей развівае Папа Бэнэдыкт XVI, падкрэсліваючы, што не варта баяцца Пана Бога, які нічога не забірае, а толькі дае (пар. WSP, s. 36). Сёння, перад абліччам выклікаў секулярызму, рэлігійнай абыякавасці, а таксама праяваў адыходу ад веры, Хрыстус, які кажа: «Не бойцеся», бо «Я перамог свет» (Ян 16, 33), перамог грэх, смерць і сатану, заклікае нас спазнаць і палюбіць праўду, якою з’яўляецца Ён сам, наш Уваскрослы Пан. Гэтая праўда даражэйшая за ўсе матэрыяльныя даброты і задавальненні гэтага свету. У святле праўды Змёртвыхпаўстання Пана, які адкрывае нам шлях да вечнага шчасця, неабходна ўсвядоміць і прыняць глыбока ў сваё сэрца тое, што з’яўляецца сапраўднаю каштоўнасцю, і адмовіцца ад ілюзій, якія вядуць да расчараванняў. Нягледзячы на тое, што сучаснаму чалавеку, асабліва маладому, пагражае вялізная колькасць небяспекаў, перадусім для яго духоўнага жыцця, яму неабходна ўважліва ўслухацца ў заклік Хрыста: «Не бойцеся!», бо, калі Езус здольны ўваскрасіць памерлага з магілы, то Яму не будзе складана вырашыць і нашыя духоўныя праблемы. Трэба толькі спадзявацца на Яго і жыць у свабодзе дзяцей Божых. 8. Мы таксама павінны з пашанаю ставіцца да новых умоваў набытай свабоды веравызнання, захоўваць і абараняць першынство Божага закону, які з’яўляецца гарантыяй дабра для кожнага чалавека. Неабходна памятаць, што свабода з’яўляецца патрабавальнай; яна не захоўваецца аўтаматычна і знішчае сябе тады, калі жадае стаць неабмежаванаю, спрыяючы развіццю маральнага рэлятывізму, як падкрэслівае Папа Бэнэдыкт XVI (пар. CPE, s. 133–135). Таму перад абліччам небяспечных выклікаў сучаснасці нам неабходна прыняць праўду Уваскрасення Хрыста і жыць ёю; неабходна дазволіць Хрысту дзейнічаць у нас, бо будучыні не ўдасца пабудаваць толькі на мінімалісцкай этыцы, на павярхоўнай традыцыйнай рэлігійнасці, якой пагражаюць небяспекі секулярызму, маральнага рэлятывізму і «рэлігійнай паліткарэктнасці». 9. Браты і сёстры! Уваскрасенне Хрыста напоўніла апосталаў радасцю і надзеяй. Таму пасля Вялікага посту — часу нашага навяртання — узрадуемся і мы светламу святу Пасхі, святу жыцця і надзеі! Ад усяго сэрца віншую вас са збаўчаю ўрачыстасцю ўваскрасення Хрыстова. Віншую таксама хрысціянаў іншых веравызнанняў, якія сёння адзначаюць гэтае Свята святаў. Віншую вернікаў Праваслаўнай Царквы, якія перажываюць святы час падрыхтоўкі да Вялікадня і ад усёй душы жадаю, каб ён сапраўды стаў бласлаўлёным часам для нашых праваслаўных братоў і сясцёр. Перад абліччам выклікаў секулярызму мы пакліканыя да сумеснага сведчання пра хрысціянскія каштоўнасці і да іх абароны. Ад гэтага будзе залежаць, ці стане набыткам нашых сучаснікаў збаўчая праўда Уваскрасення Хрыста, якая вядзе да духоўнай свабоды. Праз заступніцтва Марыі, якая з радасцю прыняла вестку пра Змёртвыхпаўстанне Яе Сына, усім вам жадаю шчасця, радасці і шчодрых ласкаў ад Уваскрослага Збаўцы і ад шчырага сэрца благаслаўляю ў імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн. Хрыстус уваскрос! — Сапраўды ўваскрос! Мінск, 15 сакавіка 2008 г. Урачыстасць св. Юзафа Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні: - Бэнэдыкт XVI, энцыкліка Spe salvi (SS).
- Иоанн Павел II, «Мысли о земном». Москва 1992 (МЗ).
- Benedykt XVI, «Według serca Pana». Warszawa 2005 (WSP).
- Jozeph Kardynał Ratzinger, «Czas przemian w Europie». Wydawnictwo «M», Kraków 2005 (CPE).
|
|
|