Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рыма-каталіцкі Касцёл у Беларусі
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Да Езуса — праз Марыю
Гамілія падчас начной літургіі ў Будславе
2 ліпеня 2009 г.

Вашыя Эксцэленцыі, паважаныя святары, браты і сёстры!

1. Сёння, калі ў чарговы раз Божы Провід дазваляе нам праслаўляць Божую Маці ў цудоўным Будслаўскім абразе, мы з удзячнасцю Марыі, у якой падчас пераследу веры шукалі дапамогі і надзеі, скіроўваем свой позірк да Божай міласэрнасці, якая так шчодра пралілася і надалей ліецца на нас і нашу Бацькаўшчыну.

Галоўнай пастырскай падзеяй гэтага года ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі з’яўляецца перэгрынацыя абраза Езуса Міласэрнага і рэліквій нашага земляка благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі. Перэгрынацыі, якія ўжо адбыліся па парафіях архідыяцэзіі, сведчаць пра тое, што наш народ сапраўды мае вялікую пашану да культу Божай міласэрнасці, і, як некалі сказаў сам Збаўца, што адзіная надзея сучаснага свету ў Божай міласэрнасці, народ імкнецца менавіта ў ёй шукаць сваю надзею. Колькі споведзяў, святой Камуніі, навяртанняў… Гэта вядома толькі Богу.

Абраз Езуса Міласэрнага, які няспынна пілігрымуе, перад якім не змаўкаюць малітвы, сёння — сярод нас! Ён прыбыў сюды, у Нацыянальны марыйны санктуарый у Будславе, каб узбагаціць нашае набажэнства і дапамагчы нам праз Марыю ісці да міласэрнага Езуса. Таму прысвецім нашыя разважанні гэтаму абразу, яго месцу ў кульце Божай міласэрнасці і ў збаўленні чалавека.

2. Праўда аб Божай міласэрнасці займае галоўнае месца на старонках Бібліі. Ужо Стары Запавет прадстаўляе аблічча міласэрнага Бога. Багаты любоў’ю Бог стварыў свет і чалавека, і адарыў яго шчасцем вечнага жыцця ў раі. Нават пасля першароднага граху, караючы нашых прабацькоў, Бог аказаў ім сваю міласэрнасць і паабяцаў паслаць Збаўцу. Доўгія тысячагоддзі чакання збаўлення — гэта час міласэрнасці, калі Бог праз прарокаў і каралёў вёў абраны народ Божым шляхам. Узгадаем вызваленне з Егіпецкай няволі, якое з’яўляецца сімвалам адкуплення ці пераходу ад граху да жыцця ў Божай ласцы.

Новы Запавет — гэта сапраўдная сімфонія Божай міласэрнасці. Езус ідзе да хворых, бедных, пакінутых, грэшнікаў, каб ім дапамагчы. Ён кажа, што ўрач патрэбны не здароваму, але хвораму чалавеку. Яго крыжовая смерць стала найвышэйшым вымярэннем любові, бо сам Бог аддаў сваё жыццё за збаўленне чалавека. Смерць Езуса Хрыста на крыжы — гэта дзеянне Бога супраць самога сябе, — кажа Папа Бэнэдыкт XVI. Сапраўды, Бог, які ёсць жыццё, аддае на смерць Свайго Уцелаўлёнага Сына. І сёння міласэрны Бог прытуляе да сябе тых, хто вяртаецца да яго, падобна таму, як айцец прыняў марнатраўнага сына і ўсё дараваў яму.

3. Аднак, нягледзячы на ўсё гэта, для многіх хрысціян праўда аб Божай міласэрнасці з’яўляецца адной з найбольш цяжкіх для прыняцця. Найбольшай драмай сучаснасці з’яўляецца не тое, што людзі грашаць, але тое, што не хочуць вярнуцца да Бога. Зграшыць — гэта чалавечая справа, але жыць у граху — справа д’ябла. Людзі не імкнуцца даверыць сябе Богу, каб Ён прыняў іх і ўсё прабачыў. Такія людзі падобныя да тых, хто ведае аб хваробе, але да лекара не ідзе. Сучасны чалавек страціў пачуццё граху і не хоча ў гэтым сабе прызнацца. Трываючы ў граху, ён перастае шанаваць самаго сябе. Ад гэтага застаецца толькі адзін крок, каб зненавідзець іншых.

Таму адным з найбольш актуальных заданняў Касцёла з’яўляецца заданне выйсці насустрач грэшніку з ідэяй добрага і міласэрнага Бога. У гэтым можа дапамагчы культ Божай міласэрнасці.

4. На жаль, сучасны ганарлівы чалавек, які спадзяецца толькі на сябе альбо на развіццё навукі і тэхнікі, не вельмі хоча прыняць ідэю міласэрнасці. Яна нібы памяншае яго, робіць залежным ад іншых. Некаторыя кажуць, што справы міласэрнасці толькі баналізуюць зло і спрыяюць распаўсюджванню дармаедства. Аднак і ў самых развітых краінах ёсць бедныя, і ім трэба дапамагаць. Бедных вы заўсёды будзеце мець, — кажа Хрыстус. У нашым выпадку гаворка ідзе найперш пра бедных і хворых духоўна, пра грэшнікаў, якім трэба дапамагчы.

Такой дапамогай з’яўляецца набажэнства да Божай міласэрнасці. Напэўна, некаторыя скажуць: гэта не для мяне перабіраць пацеркі ружанца і ажно 50 разоў паўтараць падчас Вяночка да Божай міласэрнасці «Дзеля Яго балеснай мукі будзь міласэрны да нас і ўсяго свету». Гэта для бабуляў, а не для мяне — адукаванага чалавека, які мае сваё бачанне на жыццё.

Іншым, можа, не спадабаецца абраз Езуса Міласэрнага. Скажуць, на свеце ёсць значна больш каштоўныя абразы нашага Збаўцы.

Адказваючы на гэтыя ці падобныя папрокі, трэба станоўча сказаць: людзі, не дазвольце быць ашуканымі! Ці памятаем мы гісторыю са Старога Запавету пра военачальніка Наамана? Ён захварэў на праказу і ніяк не мог вылечыцца. Яго блізкія параілі яму паехаць да знанага прарока Елісея. Калі ён прыбыў да яго, той сказаў яму сем разоў акунуцца ў рацэ Ярдан. Гэта яго расчаравала і нават разгневала. Ён чакаў нейкіх спецыяльных абрадаў, малітваў, заклінанняў і г.д. А тут трэба проста акунуцца ў раку. Ці не мог я ўчыніць гэта ў сваёй краіне, хіба нашы рэкі горшыя за раку Ярдан, – пытаўся Нааман? Аднак, хоць і без ахвоты, але ён паслухаў, зрабіў тое, што яму сказалі, і адбыўся цуд аздараўлення.

Кожны чалавек мае свае клопаты, у тым ліку і духоўныя. Людзі часам думаюць, калі б удалося трапіць на добрыя рэкалекцыі, сустрэць добрага спаведніка і духоўнага кіраўніка, тады б, можа, усё і наладзілася. Перабіраць жа пацеркі – гэта не для мяне, цяпер не сярэднявечча.

Не для цябе? А ці спрабаваў? Безумоўна, вельмі важна прымаць удзел у рэкалекцыях, важна мець добрага спаведніка і г.д. Але ў нашым выпадку трэба памятаць пра тое, што Бог часта прыходзіць укрытымі і вельмі простымі шляхамі. Хрыстус зусім не жадае, каб мы зачараваліся абразом Езуса Міласэрнага ці новымі формамі малітвы да Яго. Езус прагне, каб мы адкрылі і палюбілі Яго ўсепрабачальную любоў і даверыліся Яму. Ён кажа, што не ў прыгажосці фарбы і пэндзаля знаходзіцца веліч гэтага абраза, але ў Ягонай ласцы.

У новых формах культу Божай міласэрнасці, якія Езус перадаў свету праз св. Фаустыну Кавальскую, Ён імкнецца да адраджэння рэлігійнага жыцця ў духу хрысціянскага даверу і міласэрнасці. Праз іх Езус хоча, каб мы аднавілі веру ў тое, што Бог нас не пакінуў сам-насам са сваімі праблемамі. Таму праз абраз Езуса Міласэрнага, а таксама вельмі простае і даступнае кожнаму набажэнства да Божай міласэрнасці можна атрымаць вялікія Божыя дары, перш за ўсё дары навяртання.

5. Угледзімся ў абраз. Правая рука Езуса ўзнесена ўверх. Ёю Ён благаслаўляе. Благаслаўляе ўсіх – і добрых і грэшнікаў. Добрых, каб яшчэ больш удасканальваліся. Грэшнікаў, каб зведалі навяртанне. Трэба толькі мець хоць трошкі добрай волі. Дзверы касцёлаў адчынены для ўсіх. У святыню можа ўвайсці кожны. Там яго чакае Езус Міласэрны, Які ў сваёй міласэрнасці хоча збавіць кожнага і яму благаславіць.

Далей, Езус ідзе і набліжаецца да нас. Прымаўка кажа: калі гара не ідзе да Магамета, то Магамет ідзе да гары. Калі мы марнуем наш шлях да Бога, то Бог сам ідзе да нас, ідзе і прапануе сваю дапамогу.

Многія думаюць, што збаўленне знаходзіцца выключна ў нашых руках. Езус Хрыстус споўніў сваю місію – адкупіў чалавека, аб’явіў сваю волю, узышоў на неба і сеў праваруч Айца. Цяпер толькі назірае, як мы спраўляемся з нашымі праблемамі. Сапраўды, Ён зрабіў тое, што Яму належала. Цяпер час нашых дзеянняў і нашых высілкаў.

Сапраўды, яшчэ св. Аўгустын казаў: Божа, ты стварыў мяне без мяне, але збавіць мяне без майго ўдзелу ты не можаш. Аднак на самай справе Езус дапамагае, каб мы маглі збавіцца.

У амерыканскім фільме «Адзін мост – гэта многа» малады афіцэр перад боем размаўляў з пажылым сяржантам. Гэта быў першы бой маладога афіцэра, і ён вельмі хваляваўся. Таму прасіў сяржанта, каб паабяцаў яму, што ён не загіне. Аднак як сяржант можа гэта паабяцаць? Малады афіцэр усё ж настойваў і сяржант у рэшце рэшт сказаў, што ўсё будзе добра. Падчас бітвы афіцэр быў смяротна паранены. Сяржант, рызыкуючы жыццём, вынес безуладнае цела з-пад куляў. Нацэліўшы пісталет на хірурга, прымушае яго вынуць кулю з галавы раненага. Малады афіцэр насуперак усялякай надзеі быў выратаваны. Калі сяржант стрымаў слова, то тым больш верны свайму слову Езус.

Хрыстус абяцаў нам збаўленне. Тым, хто ушаноўвае абраз Езуса Міласэрнага, Ён абяцаў, што не загінуць, і таму, не парушаючы нашай свабоды, з абраза Ён ідзе да нас, прамаўляе праз нашае сумленне і ставіць на нашым жыццёвым шляху спаведніка. Калі мы не памятаем пра Яго, то Ён заўсёды памятае пра нас. У небе, калі можна так сказаць, увесь час трывае акцыя пад «дэвізам» «Тваё збаўленне». За нас заступаюцца ўсе святыя і анёлы. Таму выява Езуса на абразе не статычная. Ён накіроўваецца да нас. Нам застаецца толькі кінуцца ў Ягоныя абдымкі.

Трэці элемент абраза Езуса Міласэрнага — гэта чырвоны і белы прамяні, якія сімвалізуюць сакрамэнты Касцёла. Менавіта дзякуючы ім мы прымаем удзел у Божым жыцці і самі абагаўляемся.

Наступны, вельмі важны элемент абраза — гэта надпіс: «Езу, давяраю Табе». Гэтыя словы былі напісаны па просьбе самаго Езуса.

Звычайна людзей дзеляць на веруючых і няверуючых, на тых, якія даверыліся Богу і якія не прынялі з верай Ягоных слоў і Ягонай любові. Людзі вераць іншым людзям, палітыкам, бізнесменам, банкірам, урачам, турыстычным бюро, прадаўцам, якія хваляць свой тавар і г.д. Без веры немагчыма жыць.

У гэтым кантэксце можна запытацца: ці веру я Езусу Хрысту? Ці веру ў тое, чаму Ён навучае? Ці веру ў сэнс шляху, які Ён прапануе? Ці веру, што Ён сапраўды мяне любіць? Ці веру, што хоча адарыць мяне вечным жыццём? Ці вераць Езусу тыя бацькі, якія кожны тыдзень вядуць сваіх дзяцей на курсы англійскай мовы, у спартыўныя секцыі, у школу балета і танца, у мастацкія гурткі, на музыку, а ў нядзелю замест таго, каб ісці ў касцёл, едуць з імі на дачу? У тое, што замежная мова ці спорт спатрэбяцца, яны вераць, і гэта вельмі добра, але, на жаль, не вераць у неабходнасць святой Імшы. Людзі вераць, што ў старасці будуць атрымліваць пенсію, але ці вераць, што Эўхарыстыя з’яўляецца гарантам іх вечнага жыцця?

Ёсць вельмі цікавая і павучальная гісторыя. У пэўны горад прыехаў цыркач. Расцягнуў над вуліцай канат і праехаў па ім на веласіпедзе. Людзі крычалі «брава». Тады цыркач спытаўся ў людзей, ці вераць яны, што ён праедзе яшчэ раз. «Так! – адказалі людзі.— Ты вельмі добры артыст». «Тады, — кажа цыркач, — хто сядзе на веласіпед разам са мною?» Ахвотнікаў не знайшлося.

Ці верым мы, што Бог усемагутны і нас благаслаўляе? Так, верым. А калі верым, то трэба жыць паводле Ягоных законаў: не красці і не ашукваць, не забіваць ненароджаных дзяцей, берагчы адзінства сям’і, захоўваць маральныя нормы, не спадзявацца выключна на матэрыяльныя каштоўнасці, але імкнуцца да духоўных і г.д. Аднак у жыцці вельмі часта ўсё наадварот. І мы заўсёды знаходзім апраўданне, кажучы, што такі сённяшні свет і так усе жывуць.

Хрысціянства нібы цудоўны веласіпед, але не ўсе хочуць на ім ехаць.

6. Як бачым, не так лёгка жыць у даверы Езусу. Тут патрэбна вера ў Божую міласэрнасць. Хрыстус, просячы св. Фаустыну зрабіць надпіс «Езу, давяраю Табе», нібы жадаў укласці ў нашы вусны вызнанне праўдзівага даверу Яму.

Марыя, наша духоўная Маці, ты ўжо больш чатырох стагоддзяў клапоцішся пра свой народ з гэтага цудоўнага месца. У цяжкія гады пераследу ты давала нам надзею, што прыйдуць новыя часы. І яны сапраўды прыйшлі. Цяпер, аднак, нашае жыццё падвержана новым выклікам секулярызму. Мы часта жывём так, нібы Бога няма. Мы замяняем Яго законы сваімі, якія нам падабаюцца. У сваіх патрэбах мы звяртаемся да ўсіх і усяго, а Бог вельмі часта застаецца на апошнім месцы. Мы клапоцімся пра забеспячэнне свайго матэрыяльнага быту, але забываем пра духоўнае жыццё. Мы не чуем голасу сумлення або стараемся яго заглушыць. Секулярызаваны чалавек стаў настолькі чэрствым, што не адчувае духоўнага голаду і таму не спяшаецца насыціцца.

На вяселлі ў Кане Галілейскай ты, Марыя, сказала слугам рабіць тое, што ім скажа твой Сын, і стаўся цуд — вада перамянілася ў віно. Наша добрая Маці, прывядзі нас да свайго Сына, выпрасі нам ласку чыніць усё тое, што Ён кажа, каб мы даканца даверыліся Яму, бязмежнаму ў сваёй міласэрнасці, каб стаўся цуд перамены нашага жыцця, і мы сапраўды даверыліся Божай міласэрнасці — адзінай надзеі свету і кожнага з нас. Амэн.
 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас святой Імшы ў Стоўбцах

Асоба святога Казіміра — гэта абсалютная процілегласць сучаснага чалавека, які не баіцца граху, жадае жыць у абсалютнай свабодзе, не захоўваючы маральных нормаў. Праз гэта ён сам вядзе сваё жыццё да духоўнай катастрофы. Страціўшы духоўныя арыенціры, чалавек апынаецца ў глыбокай дэпрэсіі, шукае выйсце з праблемаў у амаральным жыцці, алкаголі, наркотыках і паступова губляе сэнс свайго існавання.

Прычына сусветнай «маніі» да самазабойстваў крыецца ні ў чым іншым, як у страце сэнсу жыцця. А чалавек пакліканы жыць. Жыццё — гэта самы вялікі дар, які ён атрымаў ад Бога, і ніхто не мае права рабіць на яго замах. У чым крыецца прычына павелічэння колькасці разводаў і абортаў? Гэтаму спрыяе імкненне чалавека да геданізму, самазадавальнення, неабмежаванай і безадказнай свабоды, пагарджання правоў іншага чалавека.

Што, як не безадказнае і амаральнае імкненне выкарыстоўваць самыя новыя дасягненні навукі, вядзе да праблемаў біяэтыкі? Да чаго вядзе сексуальная разбэшчанасць і імкненне да безадказнай свабоды? Гэтыя шматлікія выклікі сучаснага свету, якія вядуць чалавека да краю бездані, можна доўга пералічваць. Але ж урэшце ўзнікае пытанне: дзе шукаць дапамогі?

Мімаволі ўзгадваюцца словы, якія Езус сказаў падчас аб’яўленняў святой Фаустыне Кавальскай: надзея сучаснага свету — у Божай міласэрнасці. І гэта дае падставы сцвярджаць, што чалавек на пакінуты сам-насам са сваімі праблемамі. «Я з вамі ва ўсе часы», — сказаў Езус сваім вучням, а праз іх — усім нам. І сёння Ён — у Божым слове, у сакрамэнтах, у служэнні Касцёла. Ён з намі ў сваёй бязмежнай міласэрнасці.

Перэгрынацыя абраза Езуса Міласэрнага і рэліквій благаслаўлёнага кс. Міхала Сапоцькі павінна дапамагчы нам ва ўмацаванні культу Божай міласэрнасці і даверу да Езуса, які нікога не пакідае, але прыходзіць усім на дапамогу.

Мы заўсёды павінны памятаць евангельскую прыпавесць пра марнатраўнага сына. Айцец не выгнаў яго і не пракляў, але з радасцю прыняў назад у свой дом. Езус казаў, што ў небе будзе больш радасці з навяртання аднаго грэшніка, чым з 99 праведнікаў. Хрыстус шукае авечку, якая заблукала, ажно пакуль не знойдзе яе. Ён таксама шукае кожнага чалавека, які сышоў з правільнага шляху і згубіўся ў жыцці, толькі трэба дазволіць Яму дзейнічаць. Па прыкладу святога Казіміра ў нас павінна быць жаданне выправіцца і не грашыць. Езус не прапануе лёгкіх рэцэптаў вырашэння нашых штодзённых праблем. Ён дае сілу, каб перамагчы іх і выканаць заданне, якое Божы Провід паставіў перад намі, каб ісці шляхам збаўлення. Амэн.

 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас Святой Імшы ў парафіі Святога Юзафа (Рубяжэвічы)
Пасля доўгага працоўнага дня Езус заснуў у чаўне, на якім Ён разам з Апосталамі перапраўляўся на іншы бераг Галілейскага возера. Гэтае возера невялікае і таму здаецца бяспечным. Аднак, на самой справе, гэта не так. Геаграфічнае палажэнне возера, калі з аднаго боку пустыня, а з іншага горы, можа выклікаць рэзкую змену надвор’я. Так і сталася. Узняліся вялікія хвалі, якія пачалі заліваць човен. Здаецца, што ён вось-вось патоне. Апосталы спужаліся. Таму натуральна, што яны будзяць Езуса і нават папракаюць Яго ў тым, што ў такі момант Настаўнік не клапоціцца пра сваіх вучняў. Езус жа суцішыў буру і сказаў Апосталам: чаго вы баіцеся, чаму ў вас такая слабая вера?

Напэўна, Апосталы верылі ў тое, што Езус можа суцішыць буру, бо бачылі шмат іншых цудаў, якія Ён учыніў. Яны папракалі Яго, найперш, за тое, што, як ім здавалася, Ён забыўся пра іх і не думаў пра тое, вучні могуць загінуць у водных хвалях. Але Езус супакойвае іх і патрабуе моцнай веры.
Калі ўважліва чытаць Евангелле, мы убачым, што перад тым, як здзейсніць цуд, Езус патрабуе вызнаць веру. Такім чынам, вера ў Бога з’яўляецца галоўнай умовай цуду. Так было раней, так ёсць сёння, і так будзе заўсёды.

Евангельская гісторыя пра буру на моры — гэта гісторыя кожнага чалавека. Як часта ў сэрцы чалавека падымаецца падобная бура! Ёю можа быць сямейная драма, няшчасная любоў, нявернасць сужэнцаў, алкагалізм, наркаманія, амаральнае жыццё, нязгода паміж членамі сям’і ці суседзямі, несправядлівасць, злачынства і г.д. Тады здаецца, што ўсе нас пакінулі і хвалі акіяну XXI стагоддзя затопяць човен нашага жыцця, і. Дзе тады шукаць паратунку, на каго спадзявацца?

Трэба памятаць, што мы не адны. Гэта не Бог стварае падобныя буры. Яны ўзнікаюць па прычыне нашай грахоўнасці. Але Езус мае лекі ад іх, Ён можа  суцішыць наш боль. Такім лекам з’яўляецца Божая міласэрнасць. Езус, калі супакойваў буру на Галілейскім возеры, праявіў міласэрнасць да Апосталаў. Сёння Ён праяўляе такую ж міласэрнасць да кожнага з нас, калі мы да Яго звяртаемся. Таму трэба цалкам даверыцца Езусу, паўтараючы словы, якія Ён сам папрасіў св. Фаустыну Кавальскую напісаць на абразе, — «Езу, давяраю Табе», і Ён суцішыць буры ў нашым жыцці.
 
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

РЭЛІГІЙНЫ КІНЕМАТОГРАФ І ТЭЛЕБАЧАННЕ —
БУДЗЬЦЕ ВЕРНЫЯ ЕВАНГЕЛЛЮ


Гамілія падчас святой Імшы
на адкрыццё V Міжнарожнага каталіцкага фестывалю
хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat»

Удзела, 24 чэрвеня 2009 г.

1. Глыбокапаважаныя браты і сёстры, удзельнікі V Міжнароднага фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм!

Ад усяго сэрца вітаю ўсіх вас — прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій, народаў і культур. Ужо пяты раз у Беларусі арганізуецца падобны экуменічны фестываль, галоўная мэта якога — евангелізацыя грамадства, распаўсюджванне і ўкараненне хрысціянскіх каштоўнасцяў, а таксама імкненне да адзінства хрысціян.

2. Прарок Давід заклікае да таго, каб увесь свет праслаўляў Бога. Калі ўсё стварэнне паклікана праслаўляць нашага Творцу, то і чалавек працай сваіх рук і свайго інтэлекту, праз выкарыстанне мастацкіх талентаў, якія даў яму Бог, павінен праслаўляць Бога. Да гэтай працы адносіцца таксама кіно і тэлебачанне.

Касцёл заўсёды клапаціўся пра развіццё культуры і мастацтва, укладваючы ў гэта хрысціянскі сэнс. У тыя часы, калі не ўсе ўмелі чытаць, менавіта ў касцёлах маляваліся фрэскі на біблейскія сюжэты, каб чалавек, гледзячы на іх, мог пазнаваць абвешчаную праўду. Такім чынам паўстала так званая Біблія бедных.

З цягам часу з’явіўся тэатр, які вельмі шырока выкарыстоўваўся і для перадачы Евангелля. Потым — кіно, як адно з найбольш даступных сродкаў  культуры і таксама масавай камунікацыі. Далей — тэлебачанне, якое так моцна ўвайшло ў жыццё чалавека, што нібы стала яго часткай. Цяпер на авансцэне жыцця сучаснага чалавека ўсё больш і больш месца займаюць электронныя сродкі масавай камунікацыі, асабліва інтэрнэт, без якога ўжо нельга ўявіць жыцця.

3. Каталіцкі Касцёл заўсёды стараўся чытаць «знакі часу» і даваць на іх адказ. Гэта асабліва праявілася падчас II Ватыканскага Сабору, які, засяродзіўшыся на паглыбленні навучання пра Касцёл, на літургічнай рэформе, дыялогу са светам і іншымі веравызнаннямі, вялікую ўвагу надаў развіццю і выкарыстанню сродкаў масавай камунікацыі як у жыцці Касцёла, так і ў евангелізацыі. Сярод шаснаццаці яго дакументаў, асаблівае месца займае Дэкрэт пра сродкі масавай камунікацыі «Inter mirifica». Ужо ў 60-я гг. мінулага стагоддзя ў Дэкрэце сцвярджалася, што прэса, кінематаграфія, радыё, тэлебачанне і г.д. здольныя ўзрушыць усё чалавецтва.

Пры гэтым Сабор адначасова вельмі правідэнцыяльна падкрэсліў, што яны могуць выкарыстоўвацца як для духоўнага дабра чалавека, так і насуперак намерам Бога. Гэта вельмі відавочна сёння. Таму ў сваім паслясаборным навучанні Каталіцкі Касцёл асаблівую ўвагу звяртае на як мага большае выкарыстанне сродкаў масавай камунікацыі ў справе евангелізацыі, адукацыі і выхаванні. У той жа час Касцёл заклапочаны іх неэтычным выкарыстаннем і таму заклікае журналістаў, працаўнікоў мастацтва, кіно, тэатра, тэлебачання і электронных СМІ да захавання этычных прынцыпаў у сваёй працы.

4. Сучасны свет ўсё больш патанае ў балоце бязвер’я і бездухоўнасці. Многія людзі, асабліва моладзь, лічаць, што маральныя нормы абмяжоўваюць іх свабоду. Рэвалюцыя студэнцкай моладзі, якая адбылася ў Заходняй Еўропе ў 1968 г., прывяла да сексуальнай распушчанасці і ўсёдазволенасці. Філасофія постмадэрнізму не дапускае існавання абсалютнай праўды і жадае абсалютнай свабоды.

У такіх абставінах хрысціянскія сродкі масавай камунікацыі павінны адчуваць сваю адказнасць за евангелізацыю і хрысціянскае выхаванне. Тым больш, што свецкія мас-медыя вельмі часта далёкія ад хрысціянскай і этычнай праблематыкі і нярэдка, асабліва на Захадзе, з’яўляюцца антыклерыкальнымі.

5. Вельмі добра, што наш фестываль адкрываецца ва ўрачыстасць Нараджэння св. Яна Хрысціцеля, якога Божы Провід прызначыў быць Папярэднікам Езуса Хрыста. Менавіта Ян Хрысціцель быў пакліканы падрыхтаваць шлях прыходзячаму Збаўцу. Ён, мужны вызнаўца веры і яе абаронца, чалавек сталых маральных прынцыпаў, а не трысціна, якая хістаецца ад ветру, стаў голасам, які клікаў у пустыні, стаў голасам сумлення сучаснага яму свету, нястомна выяўляючы грахі людзей і заклікаючы іх да захавання Божага Закону.

Такім чынам, св. Ян Хрысціцель на ўсе часы застаўся прыкладам захавання этычных нормаў.

6.    Такімі павінны быць і хрысціянскія мас-медыя, у тым ліку кінематограф і тэлебачанне. У сучасным секулярызаваным свеце яны павінны адыграць ролю сучаснага св. Яна Хрысціцеля, каб быць голасам, які кліча ў духоўнай пустыні XXI стагоддзя, і падрыхтаваць шлях Хрысту, які прыходзіць праз служэнне Касцёла. Мас-медыя павінны абвяшчаць Добрую Навіну ўвесь час, як да гэтага заклікае св. Апостал Павел, год якога мы адзначаем сёлета. Іх заданнем таксама з’яўляецца дапамагаць у імкненні да адзінства хрысціян —тэстамэнту Езуса Хрыста. Перад выклікамі сучаснасці нам трэба супольна бараніць хрысціянскія каштоўнасці і распаўсюджваць іх, каб свет паверыў і, жывучы праўдай Евангелля, імкнуўся да сапраўднага шчасця і будаваў цывілізацыю жыцця і любові.

7. Давяраючы V Міжнародны фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat» апецы св. Яна Хрысціцеля і св. Апостала Паўла, св. Максіміліяна Кольбэ, а таксама апекуну мас-медыя св. Францішку Сальскаму, ад усяго сэрца жадаю паспяховай працы і прашу ў Бога благаслаўлення, каб рэалізаваныя на ім ідэі надалі новы дынамізм абвяшчэнню Евангелля ў сучасным свеце, а таксама паспрыялі змене духоўнага аблічча зямлі, на якой будучыня будуецца на хрысіянскіх каштоўнасцях. Амэн.
 
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

БУДЗЬЦЕ ВЕРНЫЯ КУРСУ ЕЗУСА ХРЫСТА

Гамілія падчас святой Імшы для моладзі
з нагоды надыходзячага свята нараджэння св. Яна Хрысціцеля
21 чэрвеня 2009 г., мікрараён Серабранка

1. Глыбокапаважаная моладзь, надзея Касцёла і мая, як вашага біскупа!

Шчыра вітаю ўсіх вас і дзякую айцам cалезіянам і іх супрацоўнікам за падрыхтоўку гэтай сустрэчы. Дзве нагоды паслужылі нашай сённяшняй сустрэчы тут, на будоўлі касцёла ў мінскім мікрараёне Серабранка. Па-першае, праз некалькі дзён адбудзецца патранальнае свята гэтай парафіі — Нараджэнне святога Яна Хрысціцеля. Па-другое, сёння гадавіна візіту Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці папы Бэнэдыкта XVI кардынала Тарчызіо Бэртонэ, які роўна год таму сустрэўся з моладдзю на будоўлі гэтага новага — і адначасова першага за апошнія сто гадоў — касцёла ў Мінску. Таксама сёння Яго Эмінэнцыя кардынал Бэртонэ дасылае вам свае віншаванні і найлепшыя пажаданні.

2. У сённяшнім Евангеллі ўзгадваецца пра цудоўнае нараджэнне святога Яна Хрысціцеля. Незвычайным з’яўляецца і тое, маючы на ўвазе габрэйскую традыцыю, што ён атрымаў імя не па бацьку — Захарыя, але быў названы Янам. Такога імені ў іх родзе не было. Таму ўсе разважалі над гэтым у сваіх сэрцах і пыталіся: «Што ж гэта будзе за дзіця? Бо рука Пана была з ім» (Лк 1, 66).

Сапраўды, рука Пана была з ім, таму што Божы Провід прызначыў яго падрыхтаваць шлях, прыходзячаму Збаўцу. Менавіта ён стаў голасам, які клікаў у пустыні (пар. Мц 3, 3), — голасам сумлення сучаснага яму свету. Гэта ён нястомна выяўляў грахі народа і заклікаў да захавання Божага Закону. Такая пастава прынесла яму належную павагу сярод богабаязных габрэяў і адначасова стала прычынай непрыняцця з боку тых, хто жыў нязгодна з Божым Законам.

3. Таму, калі мы ўзгадваем гэтага святога, міжволі на думку прыходзяць словы Езуса Хрыста, які пытаўся людзей пра святога Яна Хрысціцеля: «На што выйшлі вы ў пустыню глядзець? На трысціну, якую вецер хістае? (…) Гэта той, пра каго напісана: Вось Я пасылаю анёла Майго перад Табою, які падрыхтуе Табе дарогу» (пар. Мц 11, 7). У гэтых словах Хрыста знаходзіцца характарыстыка Яна Хрысціцеля. Менавіта ён быў мужным вызнаўцам і абаронцам веры, чалавекам цвёрдых маральных прынцыпаў, а не трысцінай, якая хістаецца ад ветру, і не флюгерам, які паварочваецца ў той бок, куды дзьме вецер. Менавіта ён Божым Провідам быў абраны Папярэднікам Езуса Хрыста, тым, хто павінен быў падрыхтаваць Яму шлях.

Такім чынам, у сённяшніх чытаннях Касцёл дае нам за прыклад святога Яна Хрысціцеля.

4. Змяняюцца часы, звычаі, стыль жыцця чалавека. Гэта нармальна і так павінна быць. Жыццё не стаіць на месцы і развіваецца. Цяжка, нават не магчыма, уявіць сабе свет XXI ст. без сучасных сродкаў масавай камунікацыі, без інтэрнэта ці мабільнай сувязі, без добра развітай інфраструктуры і г.д. Мы жывём у час небывалага развіцця навукі, тэхналогіі, медыцыны, інфарматыкі і г.д., што аказвае вельмі моцны ўплыў на стыль жыцця сучаснага чалавека.

Тое ж самае трэба нагадаць і пра ўплыў модных сёння секулярных тэндэнцый эпохі постмадэрнізму на маральнае становішча сучаснага чалавека, асабліва моладзі. Філасофія постмадэрнізму не прызнае абсалютнай праўды і сцвярджае, што ўсё адносна. Нярэдка можна пачуць, што ў свеце, які так хутка змяняецца, павінны змяняцца і этычныя нормы. Сёння, маўляў, не сярэднявечча, а новы час — эпоха прагрэсу, правоў чалавека, абсалютнай неабмежаванай свабоды і г.д., таму і Касцёл павінен праводзіць палітыку лібералізацыі маральных нормаў у адпаведнасці з агульнымі тэндэнцыямі сучаснасці.

Аднак такая пазіцыя памылковая. Свабода чалавека — гэта не абмежаванне свабоды ва ўсім. Гэта свабода, якую чалавек набывае, калі жыве паводле Божага Закону. Маральны закон, упісаны ў нашыя сэрцы самім Творцам, не накіраваны на абмежаванне нашай свабоды, але дадзены для таго, каб мы, жывучы паводле яго, маглі быць шчаслівымі.

5. Трэба памятаць, што чалавек сам з’яўляецца кавалём свайго шчасця і сам акрэслівае свой лёс. Нягледзячы на тое, што сучасная інфармацыйная прастора і свет перапоўненыя ідэямі секулярызму, лібералізму і маральнага рэлятывізму, што не прызнае сталых маральных нормаў, чалавек павінен трымацца адзінага аб’ектыўнага крытэрыя, якім з’яўляецца маральны закон.

Хоць змяняюцца абставіны жыцця, існуюць розныя культуры, абрады, звычаі, аднак Божы Закон і маральныя каштоўнасці паўсюль і ва ўсе часы застаюцца тыя ж самыя. У прыродзе і космасе існуюць свае законы, і яны пастаянныя. Спроба змяніць іх прывядзе да катаклізмаў ці касмічнай катастрофы. Так, напрыклад, у другой палове мінулага стагоддзя ўзаралі цаліну, не пасадзіўшы перад гэтым лясных палосаў. У выніку распачаўся працэс эрозіі глебы. Няма ўжо былых рэкордных ураджаяў. У дадатак, у Казахстане і Паўднёвай Сібіры часта падымаюцца пясчаныя буры. Так і з беларускім Палессем, якое некалі было лёгкімі Еўропы. Асушэнне балот змяніла экалагічны баланс у гэтым рэгіёне, дзе сухім летам таксама пануюць чорныя пясчаныя буры. Увесь свет з занепакоенасцю сочыць за тым, як растаюць ільды Арктыкі па прычыне сусветнага пацяплення.

Прычынаю гэтых і многіх іншых бед з’яўляецца ўмяшальніцтва чалавека ў створаны Богам свет без захавання экалагічных прынцыпаў. Недарма сёння ўсё часцей гаворыцца пра экалагічную катастрофу.

Падобна і ў маральным жыцці сучаснага свету. Сёння законы аб разводах, абортах, эўтаназіі прымаюцца на дэмакратычным узроўні, парламенцкай большасцю. Усё часцей вучоныя атрымліваюць дазвол на кланаванне чалавечых органаў або нават самаго чалавека. У Англіі ў навуковых мэтах было дазволена кланаванне чалавека з жывёламі.

Сучасны чалавек усё часцей і часцей жыве так, як быццам Бога няма. Ён кажа, што маральныя нормы абмяжоўваюць яго свабоду, і сам вызначае сабе правілы жыцця і паводзін, падкрэсліваючы, што калі ён нікому нічога дрэннага не чыніць, то ўсё добра. Гэта не так. Бо кожны чалавек жыве ў супольнасці і з’яўляецца сведкам. А калі ён жыве амаральна, то якім сведкам ён з’яўляецца? Яго сведчанне ў маральным сэнсе з’яўляецца антысведчаннем. Сапраўдная ж свабода — гэта не свабода ў дзеяннях, калі можна рабіць тое, што захочацца, але жыццё свабодай дзяцей Божых.

Ці сур’ёзна задумваецца сучасны малады чалавек пра цноту чыстасці? Можа, для яго гэта ўжо перажытак мінулага, эпоха яго бабуль і дзядоў. У наш час нярэдка ўжо пасля некалькіх дзён знаёмства хлопец жадае ад дзяўчыны доказу любові праз сексуальныя адносіны. Дзяўчына знаходзіцца перад цяжкім выбарам. Згадзіцца? Тады якія могуць быць наступствы? Грэх, а магчыма і непажаданая цяжарнасць. Што потым з ёй рабіць? Забіць дзіця ў сваім улонні ці нарадзіць? А сама, можа, яшчэ і школу не скончыла, і давядзецца атрымліваць атэстат сталасці з дзіцём на руках. Не згадзіцца — хлопец можа пакінуць.

Моладзь шукае шчасця і жыццёвага ідэалу. Гэта натуральна. Аднак у сучасным свеце так многа іншых сіл, якія прыцягваюць, вабяць, абяцаюць багацце і шчасце, уплываюць на чалавека і змяняюць накірунак яго жыцця. Не заўсёды гэта адразу відавочна. Ну выпіў трошкі, нецэнзурна выказаўся, неэтычна сябе паводзіць, распачаў дашлюбнае сексуальнае жыццё і г.д. Але ж сёння ўсе так жывуць. Тым больш, я нікому не зрабіў нічога дрэннага, нічога не ўкраў.

Існуюць пагрозы таксама для шчаслівых сем’яў. Напрыклад, з’яўляецца іншы, больш прывабны, цікавы або багаты чалавек, дык чаму ж не змяніць курс свайго жыцця, хаця б на кароткі час?

А да чаго вядзе неабмежаванае і вельмі часта крымінальнае імкненне да матэрыяльных каштоўнасцяў? Матэрыяльныя справы, замест таго каб служыць набліжэнню да Бога, часта аддаляюць ад Яго, бо становяцца новым «бажком».

Новую праблему нясуць так званыя «аднарукія бандыты» ці ігравыя аўтаматы, якія знаходзяцца ў казіно і іншых установах. Гэта праблема настолькі актуальная, што становіцца хранічнай хваробай, залежнасцю, свайго роду наркотыкам.

З вялікім смуткам трэба адзначыць, што ў нашай краіне наступае нейкае зачараванне  самагубствам, што з’яўляецца знакам слабой веры і страты надзеі.

На жаль, ва ўсіх гэтых і падобных сітуацыях, калі няма моцнай веры і пачуцця адказнасці за свае дзеянні, калі няправільна сфарміравана сумленне, калі відавочны этычная непісьменнасць і мода на амаральнае жыццё, чалавек робіць у сваім жыцці непапраўны крок і парушае Божы Закон. Ён пападае ў залежнасць, разбурае сям’ю, парушае сваё шчасце і шчасце іншых.

Калі ў свой час не затрымацца, не паслухаць голасу сумлення, прыйдуць наступныя падзенні, а за імі — унутраны крызіс і страта сэнсу жыцця. І тут з’явіцца нехта, хто прапануе наркотык ці штосьці іншае для заспакаення. Прымі гэта і ўсё забудзецца! У свеце ілюзій табе будзе добра. Для чалавека, які перажывае ўнутраны крызіс, гэта вялікая спакуса, бо свет ілюзій — гэта прыгожы свет, які пазбаўляе пачуцця рэальнасці.

6. Напэўна, у кожнага з вас з’явіцца пытанне: як жыць паводле маральных законаў, як захаваць хрысціянскія каштоўнасці, калі навокал так шмат спакусаў, калі сумленне, якое павінна з’яўляцца голасам нашага духоўнага жыцця і нагадваць пра магчымую небяспеку, дэфарміравана амаральным жыццём, п’янствам, наркотыкамі, дрэнным прыкладам і г.д.

Таму вельмі важную ролю ў жыцці кожнага чалавека адыгрывае правільная фармацыя сумлення, якое павінна падказваць, што чалавек, вобразна кажучы, збіўся з жыццёвага курсу, зададзенага яму Богам, і гэты курс трэба нанава паправіць. Сумленне — гэта чырвоная лямпа, якая папярэджвае пра небяспеку, гэта компас нашай душы, які паказвае, ці ў правільным накірунку мы ідзём у сваім жыцці.

7. Паводле волі Божай чалавек можа асягнуць шчасце толькі ў сістэме маральных каштоўнасцяў.

Калі ў бязмежных прасторах космасу ляціць касмічны карабель, ён падвержаны прыцяжэнню з боку іншых планет, якія знаходзяцца навокал яго. Таму трэба заўсёды сачыць за траекторыяй палёту, каб карабель раптам не адхіліўся задалёка, бо, стаўшы некіруемым, ён не дасягне мэты свайго палёту.

Падобна і ў духоўным жыцці. Вакол нас так многа ўсяго, што вабіць, прыцягвае і змяняе траекторыю жыцця. Таму трэба быць уважлівымі, каб не адхіліцца ад траекторыі і своечасова яе адкарэкціраваць. Трэба быць пільнымі, каб ніякая спакуса і мода на амаральнае жыццё не сталі магнітам пад компасам нашага жыцця з мэтаю змяніць яго курс, так, што напрыканцы жыцця з жалем прыйдзецца сказаць: жыццё не ўдалося. Мы не можам дазволіць перафарміраваць сваё сумленне так, каб змяніўся курс нашага жыцця.

8. Прыкладам у гэтым для нас заўсёды і ўсюды павінен заставацца святы Ян Хрысіцель. Ён не быў трысцінаю, якая хістаецца ад ветру, але моцным дрэвам, якое не зламалі ніякія секулярныя і амаральныя буры. Касцёл у Беларусі мае ў вас, маладыя людзі, сваю надзею. Ён моліцца і марыць пра тое, каб вы нікому не дазволілі змяніць Богам указаны курс вашага жыцця, ідучы якім вы зможаце дасягнуць сапраўднае шчасце.

Даручаю вас, дарагая моладзь, апецы Божай Маці і святога Яна Хрысціцеля і жадаю, каб вы разам з Марыяй кажучы Богу сваё «так», заўсёды заставаліся вернымі курсу Езуса Хрыста. Няхай прыклад Папярэдніка Збаўцы дапаможа вам быць новымі людзьмі, у адпаведнасці з патрабаваннямі нашага часу, людзьмі моцнымі вераю, хрысціянскім сведчаннем і мужнасцю ў абароне хрысціянскіх каштоўнасцяў, каб вы жылі паводле іх і адпавядалі тым высокім маральным ідэалам, якія змогуць даць чалавеку сапраўднае шчасце.

Будзьце шчаслівыя і радасныя ў Пану! Няхай Ён благаславіць вас на гэтым шляху. Амэн.
 

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч

Гамілія ў парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса
Хатава, 19 чэрвеня 2009 г.

Cёння Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса. Як мы добра ведаем, месяц чэрвень прысвечаны малітвам да Сэрца Боскага Збаўцы, якія складаюцца з адпаведнай літаніі і малітвы прысвячэння чалавецтва Сэрцу Езуса. Аднак акрамя гэтага існуе яшчэ і асобная ўрачыстасць, прысвечаная Сэрцу нашага Збаўцы. Праз гэта Касцёл хоча не толькі ўшанаваць Сэрца, якое палюбіла чалавека да канца, але і паказаць яго значэнне як у справе збаўлення, так і ў любові Бога да чалавека.

Сэрца з’яўляецца знакам, сімвалам любові. Гэта добра ведаюць маладыя людзі, якія замест таго, каб напісаць слова «любоў», малююць сэрца. Сэрца — гэта таксама знак жыцця. Мы добра ведаем, што калі сэрца працуе, б’ецца, то чалавек жыве. Нездарма гаворыцца аб памерлым, што яго сэрца спынілася.

У гісторыі збаўлення сэрца таксама з’яўляецца знакам бязмежнай любові Бога да чалавека, знакам яго міласэрнасці. Пра гэта сведчыць як Стары, так і Новы Запавет. Езус Хрыстус — гэта ўцелаўлёны Бог з чалавечым сэрцам. А гэта значыць, што Ён не абыякавы да чалавечых спраў, турбот і праблем. Езус дапамагае патрабуючым не толькі ў справах зямных, але найперш — у духоўных: выганяе злых духаў, адпускае грахі, нават уваскрашае з памерлых.

Не ўсім гэта падабалася і многія фарысеі былі супраць Хрыста, крытыкавалі: чаму Ён размаўляе з грэшнікамі і адказвае на запрашэнні наведаць дамы іх. На што Езус адказваў, што ўрач патрэбны хвораму, а не здароваму. Хвораму не толькі хворы целам, але і душою.

Самай высокай формай Хрыстовай любові да чалавека стала Яго крыжовая смерць, калі ўцелаўлёны Бог аддаў сваё жыццё дзеля збаўлення чалавека. Нагадвае пра гэта і Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у сваёй першай энцыкліцы «Бог ёсць любоў». Ён кажа, што, разважаючы над прабітым дзідаю бокам Езуса, мы прыходзім да абсалютнай праўды пра бязмежную любоў Бога да чалавека і Яго міласэрнасць, што праявіліся ў справе збаўлення і працягвае праяўляцца ў гісторыі Касцёла.

Таму наша сённяшняя сустрэча з абразом Езуса Міласэрнага і рэліквіямі благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі павінна быць праяўленнем удзячнасці Богу і разуменнем таго, што заданне для кожнага з нас — любіць Бога і бліжняга.

Разважаючы над прабітым бокам Езуса Хрыста, кожны хрысціянін павінен знайсці шлях свайго жыцця і любові, — пра гэта кажа Папа Бэнэдыкт XVI. А таму неабходна, каб рэалізавалася тое, пра што мы просім на заканчэнне Літаніі да Найсвяцейшага Сэрца Езуса. А менавіта: «Езу ціхі і пакорны Сэрцам, учыні сэрцы нашыя да Твайго падобнымі».

Можам сказаць: як жа цяжка выканаць гэта ў сваім жыцці. Таму нам патрэбна Божая ласка і моц, каб мы маглі супрацьстаяць спакусам і выклікам нашага часу, каб маглі захаваць у сабе вобраз адкупленых Божых дзяцей.

Гэтую сілу і ласку мы атрымліваем у сакрамэнце канфірмацыі, які сёння ўдзяляецца ў парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Хатаве, і праз які больш за 100 чалавек прымуць дары Духа Святога. Сімвалічна, што менавіта ў парафіяльнае свята вашу святыню наведвае абраз Езуса Міласэрнага і рэліквіі нашага благаслаўлёнага земляка ксяндза Міхала Сапоцькі. Ласка Божай міласэрнасці, якая шчодра сплыла з Сэрца Езуса на Галгофе, і сёння зыходзіць на нас ў гэтым касцёле. Тым больш, што сёння распачынаецца Год святарства. Праз служэнне святароў міласэрны Езус знаходзіцца і дзейнічае сярод нас.

Удзячныя гэтай ласцы, адкрыем сёння свае сэрцы на дзеянне жыватворнага Духа Святога, каб Ён умацаваў нашы духоўныя сілы і ўчыніў нас паводле Сэрца Езуса, каб па Яго прыкладу праз любоў да Бога і бліжняга мы змянялі аблічча зямлі і будавалі цывілізацыю любові. Амэн.
 
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Гамілія ва ўспамін святога Хасэмарыі Эскрывы дэ Балагера
мінская архікатэдра
18 чэрвеня 2009 г.

Прынялі вы Духа ўсынаўлення

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

Гэтыя словы святога Апостала Паўла, якія мы спявалі перад Евангеллем, вельмі добра адпавядаюць пастырскім намерам заснавальніка супольнасці «Opus Dei» («Божая справа») святога Хасэмарыі Эскрывы.

Іспанскі святар Хасэмарыя Эскрыва ў першай палове мінулага стагоддзя атрымаў ад Бога асаблівае і своечасовае пакліканне — быць пратаганістам  паўсюднасці святасці. Ён не пераставаў паўтараць, што ўсе хрысціяне праз ласку сакрамэнту хросту пакліканы да святасці. Калі адным з самых вялікіх, нават рэвалюцыйных, адкрыццяў II Ватыканскага Сабору было яго навучанне пра паўсюднасць паклікання да святасці, то, напэўна, у гэтым таксама вялікая заслуга святога Хасэмарыі Эскрывы. Ён вельмі добра разумеў, што вернікі, якія прынялі Духа ўсынаўлення, а значыць — сталі дзецьмі Божымі, павінны асвячаць сваё жыццё праз сумленнае выкананне сваіх прафесійных, сямейных, сацыяльных і іншых абавязкаў. Таму жыццё хрысціяніна не павінна нагадваць жыццё язычніка. Не дастаткова толькі час ад часу, а, можа, нават два разы ў год — на Божае Нараджэнне і Вялікдзень — прыходзіць у Касцёл. Не дастаткова быць толькі намінальным хрысціянінам, якога з Касцёлам злучае толькі метрыка хросту. Быць сапраўдным хрысціянінам — гэта значыць быць ім кожны дзень свайго жыцця, у любых жыццёвых сітуацыях і абставінах, калі нам добра і калі цяжка. Трэба ў штодзённых справах бачыць святасць і сваім жыццём іх асвячаць.

Паўсюднае пакліканне да святасці — гэта галоўны момант навучання Езуса Хрыста, які заклікаў: будзьце дасканалыя, як дасканалы ёсць ваш Айцец нябесны. Аднак з часам гэты заклік прызабыўся. Некалі нават існавала перакананне, што святарства ці манаства — гэта стан святасці, а свецкасць — стан грахоўнасці. Такое меркаванне вынікала з пераканання ў немагчымасці аб’яднання Бога са светам, духа — з матэрыяй. У гісторыі былі нават выпадкі, калі людзі перад смерцю хацелі прыняць манаства, каб стаць перад Богам-Суддзёю «сапраўднымі хрысціянамі», як меркавалася тады.

Многія бачылі сапраўднае хрысціянства ў адмаўленні ад свету, што, у сваю чаргу, не дазваляла ім бачыць святасць і звышнатуральнасць у зямным жыцці. Яны не маглі сабе ўявіць, што людзі пакліканы шукаць Бога таксама ў зямных справах і праз іх. Таму святы Хасэмарыя Эскрыва гаварыў, што свет сам па сабе добры, бо такім яго стварыў Бог. Гэта мы, людзі, псуем яго сваімі грахамі. Чалавек, які ўхіляецца ад сумленнасці ў выкананні штодзённых абавязкаў, парушае Божую волю.

Мы ўсе павінны быць святымі, бо святасць у свеце — гэта ўмова ўстанаўлення Валадарства Божага на зямлі. Святы Хасэмарыя Эскрыва гаварыў, што нашае духоўнае жыццё неабходна зрабіць рэчаісным. Нельга жыць двайным жыццём: з аднаго боку — жыццё духоўнае, поўнае сувязі з Богам, а з іншага — аддзеленае ад духоўнага жыццё прафесійнае, сацыяльнае, сямейнае і г. д. Мы павінны навучыцца знаходзіць Бога ў штодзённым жыцці, бо інакш мы Яго зусім не знойдзем. Трэба ў малых і простых жыццёвых справах знаходзіць закладзены ў іх Божы пачатак. Нябачнага Бога мы павінны адкрыць у бачных, матэрыяльных рэчах.

Святы Хасэмарыя Эскрыва часта нагадваў, што праца — гэта не пакаранне за грэх, а пакліканне, бо чалавек працаваў і да таго як саграшыў. Яна з’яўляецца сродкам самаўдасканалення і асвячэння. Таму прафесійнае пакліканне — гэта частка нашага хрысціянскага быцця. Хрысціянін павінен адушаўляць усе, нават самыя малыя і непрыкметныя, аспекты свайго жыцця. Ён павінен з прозы жыцця рабіць паэзію. Нам здаецца, што неба і зямля змыкаюцца на гарызонце, аднак у сапраўднасці яны змыкаюцца ў нашым сэрцы, дзе мы асвячаем сваё штодзённае жыццё. Такім чынам нашае жыццё становіцца абагаўлёным.

Гэтая ідэя святога Хасэмарыі Эскрывы вельмі актуальная і ў наш час, калі чалавек імкнецца толькі да заспакаення сваіх матэрыяльных патрэбаў, шукае ў іх, як і ў рознага роду не заўсёды маральных задавальненнях, сваё шчасце. У час маральнага рэлятывізму і матэрыялістычнага атэізму трэба памятаць пра абагаўленне нашага жыцця, бо «не хлебам адным будзе жыць чалавек, але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых» (пар. Мц 4, 4).

Няхай у гэтым складаным працэсе асвячэння свайго жыцця ва ўмовах нарастаючага секулярызму прыклад і навучанне святога Хасэмарыі Эскрывы будзе нам дапамогай у імкненні да святасці. Амэн.
 
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Захоўваць вернасць свайму місійнаму пакліканню

Слова да святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
з нагоды распачацця Года святарства

Мінск, 18 чэрвеня 2009 г.

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты ў святарстве, кансэкраваныя асобы, глыбокапаважаныя вернікі!

1.     16 сакавіка 2009 года падчас аўдыенцыі ўдзельнікам Пленарнага пасяджэння Кангрэгацыі па справах духавенства Святы Айцец Бэнэдыкт XVI абвясціў, што сёлета ў свята Найсвяцейшага Сэрца Езуса 19 чэрвеня распачынаецца Год святарства, прысвечаны 150-годдзю нараджэння для неба святога Яна Марыі Віянэя. У Год святарства Папа абвесціць святога Яна Марыю Віянэя апекуном усіх святароў у свеце — як дыяцэзіяльных, так і тых, што належаць да супольнасцяў манаскага або апостальскага жыцця. Акрамя таго, будзе выдадзены «Дырэкторый для спаведнікаў і духоўных кіраўнікоў», а на завяршэнне Года святарства адбудзецца сусветная сустрэча святароў на плошчы Святога Пятра ў Рыме.

25 красавіка 2009 года Апостальскі Пенітэнцыярый абвясціў спецыяльны дэкрэт пра адпусты з нагоды Года святарства . У першую чаргу адпуст змогуць атрымаць святары, якія памоляцца прынамсі Ютрань і Нешпары перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам, а таксама будуць удзяляць сакрамэнты, асабліва сакрамэнт пакаяння і паяднання. Поўны адпуст, які можна ахвяраваць за памерлых святароў, атрымае і той, хто прыступіць да сакрамэнту споведзі, прыме святую Камунію і памоліцца ў інтэнцыях Святога Айца. Частковы адпуст атрымаюць усе, хто памоліцца вызначаныя малітвы ў інтэнцыі асвячэння жыцця святароў і іх працы.

Адпусты, звязаныя з Годам святарства, змогуць атрымаць і іншыя вернікі праз удзел у святой Імшы, малітву ў інтэнцыі святароў і добрыя ўчынкі. Пры гэтым неабходна быць у стане асвячальнай ласкі, гэта значыць прыступіць да споведзі, а таксама памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца.

Адпуст можна атрымаць у наступныя дні: у дзень інаўгурацыі і ў дзень заканчэння Года святарства — 19 чэрвеня 2009 года і 19 чэрвеня 2010 года адпаведна, у 150-ю гадавіну смерці святога Яна Марыі Віянэя — 4 жніўня, у кожны першы чацвер месяца, а таксама ў дні, вызначаныя паасобнымі ардынарыямі. У Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адпуст таксама можна атрымаць падчас урачыстасцяў Маці Божай Будслаўскай 1–2 ліпеня, у Вялікі чацвер 1 красавіка 2010 года, ва ўрачыстасці Спаслання Духа Святога 23 мая 2010 года і Божага Цела 3 чэрвеня гэтага ж года.

2. Тэма Года святарства: «Вернасць Хрыста, вернасць святара». У гэтых словах заключана галоўная ідэя адзначэння гэтага года. Менавіта як Хрыстус застаўся верным той місіі, якую яму даручыў Яго нябесны Айцец, так і святар павінен быць верны свайму пакліканню і вызначанай яму місіі. Ён заўсёды павінен заставацца Alter Christus — «Другім Хрыстом», Яго моцаю выконваць патройное заданне: навучаць, асвячаць і ў любові кіраваць даручанымі яго пастырскай апецы вернікамі , у чым, як навучае II Ватыканскі Сабор, выражаецца місіянерская тоеснасць святара. Слуга Божы Ян Павел II таксама падкрэслівае, што святар у якасці «пасланца», які прымае ўдзел у місіі пасланага Айцом Езуса Хрыста, інкарпараваны ў місійную дынаміку, без якой не можа перажываць сваю сапраўдную тоеснасць.

Гэтае заданне ён павінен выконваць у місіянерскім духу, бо пілігрымуючы Касцёл па сваёй прыродзе з’яўляецца місійным, пра што асабліва выразна навучае II Ватыканскі Сабор: «Пілігрымуючы Касцёл па сваёй сутнасці з’яўляецца місійным, бо паводле плана Бога Айца бярэ свой пачатак з місіі Сына і са спаслання Духа Святога». Сабор, працягваючы традыцыю Касцёла, падкрэслівае місійную сутнасць Касцёла. Касцёл не існуе толькі для сябе і сам у сабе. Ён з’яўляецца працягам у часе і прасторы прысутнасці Хрыста і Ягонай збаўчай місіі. Па сваёй прыродзе Касцёл пакліканы выйсці ў кірунку да свету, каб у ім быць знакам Слова, якое сталася Целам, Эмануэлем — Богам з намі. Ідэя місійнасці ўтрымліваецца і ва ўсіх азначэннях Касцёла, асабліва ў яго каталіцкасці і апостальскасці. Як верна выканаць заданне быць апосталам, верным сведкам Хрыста, вестуном слова Божага і пакорным адміністратарам Божай ласкі, як не праз місію?

3. Місія — гэта найперш місія ad gentes — «да народаў», якія яшчэ не пазналі Евангелля. Аднак гэта таксама місія і да тых, хто быў ахрышчаны; місіянерства там, дзе Евангелле пачалі абвяшчаць ужо шмат стагоддзяў таму, але дзе яно ў нашым секулярным свеце як быццам згубілася, бо людзі перасталі яго прытрымлівацца і жыць паводле яго, дзе адбываецца сумны працэс дэхрысціянізацыі.

Евангелле ў Беларусі абвяшчаецца ўжо больш за тысячу гадоў — ад стварэння Полацкай дыяцэзіі ў 992 годзе, яшчэ да падзелу Цэркваў, — але не заўсёды служыцелі слова маглі абвяшчаць яго свабодна. Мы яшчэ добра памятаем час ганенняў на Касцёл, які ахапіў тры пакаленні, што прывяло да катастрафічных наступстваў і духоўнага спусташэння ў жыцці многіх нашых суайчыннікаў.

Наступствы атэістычнай палітыкі мінулых гадоў сёння пагаршаюцца агрэсіўным секулярызмам і нястрыманым, неабмежаваным лібералізмам. У сучасным свеце нярэдка можна пачуць, што хрыціянства ўжо сябе зжыло, вычарпала, перастала быць актуальным. У сувязі з гэтым варта спытацца: якое хрысціянства? Тое, якое само адракаецца ад сваіх каранёў? Жадае змены устаноўленых Богам маральных нормаў? Падтрымлівае ідэі маральнага рэлятывізму? Дапускае разводы, аборты, эўтаназію, аднаполыя сужэнствы? Падтрымлівае выкарыстанне найноўшых дасягненняў генэтыкі з мэтаю кланавання чалавечых органаў, а можа нават і самога чалавека? Прапануе нязгодныя з Евангеллем і вучэннем Касцёла метады кантрацэпцыі? Пазбягае выкарыстоўваць слова «грэх»? Дапускаецца да рэлігійнай паліткарэктнасці?..

Сапраўды, такое хрысціянства сябе зжыло.

Нам жа патрэбнае вечна жывое хрысціянства, якое бярэ жыццёвыя сілы з невычэрпнае крыніцы — Езуса Хрыста. Галоўнае заданне касцёльнай місіі менавіта ў тым, каб прывесці людзей да гэтай крыніцы.

Місія Касцёла — гэта місія, якую ён атрымаў ад самога Хрыста. Гэта місія даручана ўсяму Народу Божаму з мэтай прынесці Богу ахвяру духоўную і сведчыць пра Хрыста і Яго Евангелле свету. У гэтай місіі ўсяго Народа Божага асаблівую і абсалютна незаменную ролю маюць святары.

4. Ва ўмовах вострай неабходнасці аднаўлення місіянерскай актыўнасці святароў ва ўжо евангелізаваных супольнасцях Каталіцкага Касцёла неабходна адноўленая пастырская практыка. Гэтага патрабуюць новыя культурныя і рэлігійныя абставіны, а таксама выклікі сучаснага свету. Папа Бэнэдыкт XVI падчас прамовы да нямецкіх біскупаў 21 жніўня 2005 года сказаў, што мы павінны разам шукаць новыя спосабы данесці Евангелле сучаснаму свету . Адносна ўдзелу святароў у гэтым заданні найперш трэба памятаць пра місіянерскую сутнасць святарскай тоеснасці ў гісторыі Касцёла, якая паказвае незаменную ролю святароў у яго місійнай дзейнасці.

Дзякуючы святарам мы бачым Касцёл як перамяняючую і збаўчую супольнасць. У ёй яны абвяшчаюць слова Божае, евангелізуюць, катэхізуюць, дапамагаюць вернікам чытаць і разумець Святое Пісанне, цэлебруюць Эўхарыстыю і іншыя сакрамэнты і гэтак далей. Яны сапраўды з’яўляюцца пастырамі даверанага ім Народа Божага.
Каб святар мог адпаведным чынам выконваць сваё заданне, ён павінен быць найперш вучнем Хрыста. Гэтаму навучае сам Езус. У Евангеллі паводле святога Марка чытаем: «(Езус) узышоў на гару і паклікаў да сябе, каго хацеў; і прыйшлі да Яго. І паставіў дванаццаць, каб з Ім былі і каб пасылаць іх прапаведаваць, і каб мелі яны ўладу ацаляць ад хваробаў і выганяць дэманаў» (пар. Мк 3, 13–15). Словы: «Паклікаў да сябе, каго хацеў <…> каб з Ім былі» нагадваюць пра тое, што пакліканы перадусім павінен быць вучнем, а ў пасыланні абвяшчаць слова Божае і выганяць дэманаў заключаецца місіянерскае заданне вучняў Хрыста.

Шлях вучня распачынаецца з паклікання, якое Езус скіроўвае да выбранага чалавека. Ініцыятыва заўсёды належыць Хрысту. Гэта гаворыць пра тое, што пакліканне з’яўляецца ласкай, якая павінна быць свабодна прынятая і з Божаю дапамогаю захаваная. У пакліканні, як і ў справе збаўлення, Бог першы нас палюбіў і прадвызначыў. За пакліканнем ідзе сустрэча з Езусам, у якой Ягоны Дух перамяняе таго, хто мае адкрытае сэрца. Той, хто сустракае Хрыста, перажывае глыбокую еднасць з Ім і Ягонай місіяй у свеце, верыць у Яго, адчувае Ягоную любоў, «прылепліваецца» да Яго, вырашае ісці за Ім паўсюль, куды Ён вядзе, не ставячы пры гэтым аніякіх умоваў, аддае Яму ўсё сваё жыццё. З гэтай сустрэчы ён выходзіць з сэрцам радасным, поўным энтузіязму, захопленым таямніцай Хрыста, і спяшаецца абвяшчаць Яго ўсім. Такім чынам вучань становіцца падобным да свайго Настаўніка, які яго паклікаў і ўмацаваў сваім Святым Духам.

Падчас трыумфальнага ўваходу Хрыста ў Ерузалем некаторыя грэкі звярнуліся да апосталаў з просьбаю ўбачыць Хрыста (пар. Ян 12, 20–21). Гэтая просьба актуальная і сёння. Дзе ў сучасным свеце з яго мітуснёй і паўсюдным недахопам часу можна сустрэць Езуса? У Святым Пісанні, у веравучэнні і служэнні Касцёла, у святых сакрамэнтах, перадусім у Эўхарыстыі, у малітве, асабліва перад Найсвяцейшым Сакрамантам. У сваёй прамове да супрацоўнікаў Рымскай Курыі 21 снежня 2007 года Папа Бэнэдыкт XVI сказаў, што нельга пазнаць Хрыста толькі тэарэтычна. Можна дасканала пазнаць усё Святое Пісанне, але так і не сустрэць Езуса. Для таго, каб сустрэча з Ім адбылася, неабходна найперш слухаць тое, што Ён кажа, а потым даць свой адказ у малітве і ў жыцці паводле Ягоных запаведзяў. Гэта значыць, што для таго, каб стаць вучнем Хрыста, трэба пазнаць Яго, ісці разам з Ім, мець тыя самыя адчуванні, якія мае Ён.

З вучня нараджаецца місіянер, які ў той жа час з’яўляецца членам супольнасці вучняў і місіянераў — святога Касцёла. Езус прыйшоў у гэты свет і аддаў сваё жыццё, каб рассеяных дзяцей Божых сабраць у адно (пар. Ян 11, 52). II Ватыканскі Сабор навучае, што «Богу спадабалася асвячаць і збаўляць людзей не паасобку, выключыўшы ўсякую ўзаемасувязь паміж імі, а ўтварыць з іх народ, які б пазнаваў Яго ў праўдзе і свята служыў Яму». Езус з групаю сваіх вучняў, асабліва з дванаццацю апосталамі, дае пачатак гэтай новай супольнасці — Касцёлу, які аб’ядноўвае рассеяных дзяцей Божых. Пасля свайго Унебаўшэсця і Спаслання Святога Духа першыя хрысціяне жывуць у кіраваных апосталамі супольнасцях і ўдзельнічаюць у братэрскіх сустрэчах, асабліва ў ламанні хлеба — Эўхарыстыі. Такім чынам, ад самага пачатку Касцёл жыве і рэалізуецца дзякуючы служэнню вучняў Хрыста і місіянераў.

5. У сучасным свеце, як ужо было адзначана вышэй, існуе вострая неабходнасць евангелізаваць ахрышчаных. Вялікая частка католікаў не прымае паўнавартаснага ўдзелу ў жыцці касцёльнай супольнасці. І гэта не таму, што яны большыя гультаі за іншых, але таксама і таму, што яны не былі дастаткова евангелізаваныя. Яны не спазналі Хрыста, не мелі сустрэчы з Ім, якая б асвятліла і грунтоўна перамяніла ўсё іх жыццё, — сустрэчы, з якой распачынаецца шлях сапраўднага вучня Збаўцы. Таму сёння існуе такая вялікая патрэба ў місіях не толькі сярод язычнікаў, але і сярод хрысціянаў. Трэба іх шукаць і абвяшчаць ім Керыгму, гэта значыць асобу Хрыста — нашага Збаўцы.

Магчыма, хтосьці спытаецца, ці змогуць людзі эпохі постмадэрнізму адкрыцца на хрысціянскую Керыгму? Наш адказ павінен быць пазітыўным, бо Керыгма можа быць зразумелай і прынятай кожным чалавекам, у кожны час і ў кожнай культуры. Таму мы павінны верыць, што і «постхрысціяне» могуць нанава адчуць збаўчы дотык Хрыста. Нездарма ў сваёй прамове да бразільскіх біскупаў 11 мая 2007 г. Папа Бэнэдыкт XVI заклікаў скіраваць апостальскую актыўнасць у асяроддзе ахрышчаных.

Будучыня Касцёла і хрысціянства будзе залежаць ад нашай паслухмянасці, ад гатоўнасці быць сапраўднымі місіянерамі як сярод неахрышчаных, так і ахрышчаных. Мы іх ахрысцілі, і яны маюць права намі ж быць евангелізаванымі!

6.  Напрыканцы звяртаюся да вас, браты ў святарстве. Будзьце сапраўднымі місянерамі ў сваім асяроддзі! Няхай ніколі не згасне ў вас агонь, дух і энтузіязм першай святой Імшы і місійнае імкненне да евангелізацыі! Няхай яно разгараецца ўсё мацней, каб сваім служэннем вы маглі ахапіць усіх людзей — неахрышчаных і ахрышчаных, звяртаючы асаблівую увагу менавіта на апошніх — намінальных і так званых «непрактыкуючых» хрысціянаў, якіх трэба евангелізаваць, бо яны маюць на гэта права.

Найбольшай трагедыяй будзе, калі мы абмяжуемся толькі будаўніцтвам новых касцёлаў а таксама іншай, хоць і патрэбнай, актыўнасцю, і ў гэтай мітусні штодзённых клопатаў забудземся пра галоўнае — абвяшчаць Евангелле, настаўляць у час і не ў час (пар. Цім 4, 2). Знакам духоўнага адраджэння павінна стаць перадусім свядомае хрысціянскае жыццё і сведчанне нашых вернікаў.

Звяртаюся і да вас, шаноўныя кансэкраваныя асобы, законнікі і законніцы. Не згашайце духа вашай харызмы, будзьце эфектыўнай дапамогай святарам у справе новай евангелізацыі! Агарніце іх саміх і справу абвяшчэння Добрай Навіны сваёй штодзённай малітвай!

Звяртаюся таксама да вас, дарагія вернікі. Маліцеся за сваіх святароў! Яны ўзятыя з вас і для вас пастаўленыя. Але яны таксама людзі і ім патрэбная ваша дапамога. Маліцеся аб пакліканнях да святарства і манаскага жыцця, каб мы не мелі ў іх недахопу, бо жніво вялікае, а працаўнікоў мала (пар. Мц 9, 37).

Няхай Год святарства, які мы распачынаем разам з паўсюдным Касцёлам, дапаможа ўсім слугам алтара нашай архідыяцэзіі захаваць вернасць свайму пакліканню і Вечнаму Першасвятару Езусу Хрысту ў сваім жыцці і служэнні, асабліва ў місіянерстве.

На гэты шлях, даручаючы ўсіх вас Марыі — Маці святароў, — ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
 
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас святой Імшы ў Ракаве
З культам абраза Езуса Міласэрнага звязаны тры абяцанні. Адно з іх гучыць так: «Душа, якая будзе ўшаноўваць гэты абраз, не загіне». Гэта значыць, што ўшанаванне абраза гарантуе вечнае збаўленне.

Што гаворыць адносна ўшанавання абраза навучанне Касцёла? Не дастаткова таго, каб у доме быў абраз. Не дастаткова механічнага прачытання малітвы ці Вяночка да Божай міласэрнасці. Трэба памятаць, што ўвесь хрысціянскі культ, у тым ліку і культ абразоў, не мае нічога супольнага з магіяй, якая аўтаматычна гарантавала б збаўленне. Гэта не аўтамат, які за вызначаную цану выдае пэўны тавар.

Культ абраза павінен здзяйсняцца ў духу і праўдзе. Акрамя знешніх знакаў пашаны абраз неабходна ўшаноўваць духоўна і працай над сабою. Кожнаму, хто будзе так чыніць, нягледзячы на яго недасканаласці, Езус абяцае неба. Ці гэта не самая вялікая радасць, якою Езус можа нас адарыць? Такім чынам, ці не павінен той, хто сапраўды клапоціцца пра сваё збаўленне, з усёй сур’ёзнасцю ўшаноўваць гэты абраз?

Аднойчы ў адным з санктуарыяў сястра законная звярнулася да пілігрымаў з пытаннем: дзе, на іх думку, яны могуць аказацца пасля смерці. Амаль усе ўсміхнуліся і з сарамлівасцю пачалі казаць, што спадзяюцца трапіць хаця б у чысцец. На гэта сястра ім адказала: «Вы створаны для больш высокага. Вам трэба імкнуцца да неба!».

Кажуць, што трагедыяй сучаснага чалавека з’яўляецца яго ненасытнасць. Ён хоча мець самую лепшую машыну, уласны дом, дастаткова грошаў на разліковым рахунку, адпачынак на самых лепшых курортах і г. д. Аднак, сапраўды вялікай праблемай сучаснага чалавека з’яўляецца недахоп гэтай ненасытнасці ў духоўным сэнсе. Дарагі брат і сястра! Ці дастаткова табе мець толькі добры дом і машыну?

Калі запытацца ў старэйшых людзей на тэму выхавання іх дзяцей ці ўнукаў, то найчасцей пачуем у адказ: каб былі здаровыя, добра вучыліся, паступілі ва універсітэт і г. д. Пра вечнасць амаль ніхто не ўзгадвае. Ці сапраўды так мала трэба чалавеку — машына, дом, курорт? Ці дастаткова гэтага? Трэба імкнуцца да вечнасці. Гэтую вечнасць абяцае Езус Міласэрны.
 
Гамілія арцыбіскупа Ліонскага кардынала Філіпа Барбарэна падчас Імшы у мінскай архікатэдры 9.06.2009 г.
Перад тым, як чытаць Пасланне да Карынцянаў, вы павінны памятаць, што святы Павел пісаў яго для супольнасці, якая перажывала шмат цяжкасцяў. Гэтае Пасланне асабліва цікава для нас у гэты год, які Святы Айцец абвясціў Годам святога Апостала Паўла, каб лепш спазнаць яго Пісанні і яго вучэнне.

Дзеля таго, каб дапамагчы прадстаўнікам супольнасці ў Карынце перамагчы ўласныя цяжкасці і існуючыя ў ёй падзелы, святы Павел заклікае іх сузіраць аблічча Хрыста. Перад тым, як пачаць іх навучаць, ён абвяшчае, што хоча быць іх слугою, слугою радасці. Каб паказаць, што ён — гэта «так», гэта згода ў Хрысце, ён гаворыць, што Хрыстус — гэта таксама суцэльнае «так». Такім чынам, гэта з’яўляецца выклікам і для кожнага з нас: прыйсці да гэтага «так» усім нашым жыццём. Гэта «так» нашага хросту, гэта «так» нашай кансэкрацыі, гэта «так» нашага сужэнства, гэта «так» кожнай нашай чыннасці ў жыцці.

Шмат разоў мы бачым у Евангеллі, калі Хрыстус гаворыць сваё «так». Ён, адчуваючы, што напоўнены Духам Святым, гаворыць: Так, Ойча, я бачу, што ты паслаў мяне ў гэты свет. Адказваючы Хрысту «так», мы кіруемся да Божага Валадарства. Менавіта жыццё Хрыста асвятляе, напаўняе і ўмацоўвае нашае жыццё. І менавіта гэта тлумачыцца ў тэксце сённяшняга Евангелля.

Учора ў Евангеллі вы чулі цудоўны прыклад, у якім прагучалі дзевяць благаслаўленняў. Такім чынам Хрыстус паказвае нам шлях да шчасця. За васьмю благаслаўленнямі ідзе дзевятае, у якім Ён перадае нам сваё цярпенне: Шчаслівыя вы, калі вас будуць пераследаваць за Мяне, бо так вы атрымаеце Валадарства. Сённяшняе чытанне з Евангелля — гэта нібы дзесятае благаслаўленне. Такім чынам Хрыстус паказвае нам, кім мы павінны быць, паколькі Ён выбраў нас сваімі вучнямі: вы — соль зямлі, вы — святло свету. Соль ніякім чынам не змяняе сутнасці страваў, але цалкам перамяняе яе смак. Наша задача не змяняць або трансфармаваць гэты свет поводле нейкіх нашых меркаванняў, але напаўняць яго радасцю і змяняць яго смак.

Святло, якое льецца ў гэтую катэдру, ніякім чынам не ўплывае ні на месцазнаходжанне алтара, ні на колькасць удзельнікаў сённяшняй сустрэчы. Святло нічога не змяняе ў гэтым свеце, але дапамагае нам бачыць яго. Хрыстус, гаворачы, што мы павінны быць святлом свету, кажа нам, што такім чынам мы павінны ўздзейнічаць Ягонаю ласкаю на сэрцы іншых людзей. І вось сутнасць нашага хрысціянскага паклікання: мы павінны быць служыцелямі ласкі і з’яўляцца смакам гэтага свету. Гэта пакліканне, пра якое кажа сам святы Апостал Павел, як служыцель вашай радасці. Для мяне гэта асацыіруецца з пэўнымі словамі нашага Святога Айца Бэнэдыкта XVI. Падчас сваёй першай Імшы ў катэдры святога Пятра ў Рыме ён сказаў, што пакліканне ўсяго Касцёла ў тым, каб быць слугою Хрыстовай радасці ў гэтым свеце. Амэн.
 
<< Першая < Папярэдняя 1721 1722 1723 1724 1725 1726 1727 1728 1729 1730 Наступная > Апошняя >>

Старонка 1725 з 1895
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.