Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рыма-каталіцкі Касцёл у Беларусі
Пастырскае пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікі пост 2009 г.
НЕ ХЛЕБАМ АДЗІНЫМ

Шаноўныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1.     Словы Езуса Хрыста: «Не хлебам адзіным будзе жыць чалавек, але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых» (Мц 4, 4), разам з Ягоным заклікам: «наблізілася Валадарства Божае: кайцеся і верце ў Евангелле» (Мк 1, 15) павінны стаць праграмаю Вялікага посту, які мы распачалі, кіраўніцтвам да дзеяння на гэты час ласкі і збаўлення. Гэта вельмі актуальна сёлета, калі мы адзначаем Год святога апостала Паўла, які без рэшты прысвяціў сябе выключна абвяшчэнню Божага слова сярод розных народаў.

2.     Перад тым, як распачаць сваю дзейнасць, мэтай якой было абвяшчэнне Божага Валадарства і збаўленне чалавека, Езус пайшоў у пустыню, каб у малітве падрыхтавацца да тае місіі, якую даручыў Яму Ягоны нябесны Айцец. Як памятаем, Ён прабыў у пустыні сорак дзён і начэй.

Калі нехта быў у пустыні і пражыў у ёй нейкі час, то добра ведае, што знаходжанне там — гэта сапраўды час выпрабавання, якое вытрымліваюць моцныя не толькі целам, але перадусім моцныя духам. Куды ні зірнеш — паўсюль бясконцыя пяскі, што сягаюць за далягляд, і толькі вецер пустыні вее над імі. Дзе-нідзе кволая травічка ды карлікавыя дрэўцы. Удзень — невыносная спякота, а ўначы — сцюдзёны холад, што прабірае да касцей.

У такіх умовах вельмі хутка пачынае адчувацца недахоп прадуктаў харчавання і асабліва вады. Вядома, што ў пустынях бываюць і аазісы, дзе ёсць вада і буйная расліннасць, аднак іх вельмі мала. А піць хочацца, прычым вельмі моцна. І тут над распаленымі пяскамі паўстаюць так званыя міражы — здаецца, вось-вось зусім недалёка вада. Але на самай справе яе няма...

І вось у такім месцы Езус знаходзіцца сорак дзён і начэй. Натуральна, пасля гэтага ва ўсім Ягоным целе адчуваецца вялізная стома, і гэта спрабуе выкарыстаць сатана, які Яго спакушае. Ён прапануе Яму хлеб; намаўляе кінуцца ўніз са святыні, каб Анёлы Яго ўратавалі; прапануе ўсе валадарствы свету, каб Езус толькі пакланіўся яму. Змучаны фізічна Езус Хрыстус тым не менш рашуча адкінуў гэтыя прапановы, кажучы, што аднаму Богу трэба служыць і што для жыцця чалавека патрэбны не толькі хлеб, але і слова Божае (пар. Мц 4, 1–11).

3.     Мы добра ведаем гэтую евангельскую гісторыю пра пост і спакушэнне Езуса, якую Касцёл нагадвае на пачатку Вялікага посту, і, напэўна, ужо прызвычаіліся да яе. Некаторыя, можа, нават думаюць, што некалі былі іншыя часы, калі практыкаваліся доўгія пасты і цяжкае пакаянне, сёння непрыдатныя. Сапраўды, у наш час ужо няма такіх суровых практыкаў. Аднак, як падкрэслівае Папа Бэнэдыкт XVI у сваім Пасланні на Вялікі пост 2009 года, хоць пост і служыць здароўю чалавека, але для верніка «ён з’яўляецца ў першую чаргу „тэрапіяй“, якая дапамагае вылечыць усё тое, што перашкаджае выкананню Божай волі» .

Змяняецца практыка посту, змяняюцца таксама і пустыні. Так, напрыклад, у пустыні Невада ў ЗША паўстаў суперсучасны горад-казіно Лас-Вегас з вельмі развітой інфраструктурай, дзе на вуліцах растуць прыгожыя дрэвы і экзатычныя расліны. Таму многія думаюць, што калі настолькі змяняюцца ўмовы жыцця, нават у безжыццёвай раней пустыні, то могуць змяняцца і маральныя прынцыпы.

У наш час чалавек таксама імкнецца пазбягаць любога негатыву, таму ў сваёй гаворцы нават пра вельмі цяжкія справы стараецца распавядаць, ужываючы выключна пазітыўныя выразы. У гэтым, канечне, няма нічога дрэннага, аднак тут існуе небяспека наўпрост не казаць таго, што павінна быць сказана. Напрыклад, мы сцвярджаем, што трэба абараняць жыццё, і ў той самы час асцерагаемся сказаць, што з хрысціянскага пункту гледжання аборт — гэта забойства, і таму ён не дапушчальны.

Сярод усеагульнага неспакою і трывогі, якія выклікаў сусветны фінансавы крызіс, чуваць нямала галасоў, што ён дасць пачатак новаму развіццю эканомікі — і мы ўсе спадзяемся, што так і будзе. Аднак у той жа час трэба памятаць і пра тое, колькі няшчасцяў крызіс ужо прынёс, колькі людзей страціла працу і нават надзею, асабліва тых, хто яе ўскладаў на матэрыяльныя дабрабыт. Адзін нямецкі міліярдэр быў так узрушаны крахам свайго бізнесу, што скончыў жыццё самагубствам.

Разам з тым, мы добра ведаем, што калі бацькі вучаць дзіця, як трэба пераходзіць вуліцу, то не толькі гавораць яму, што дазволена пераходзіць на зялёнае святло святлафора, але пры гэтым асабліва настойліва падкрэсліваюць, што пераходзіць на чырвонае святло забаронена.

На жаль, мы з’яўляемся сведкамі таго, што прынцып «чым горш — тым лепш» часам пераносіцца і на духоўнае жыццё. Пануючы ў секулярным свеце духоўны крызіс, на думку некаторых, — гэта час ачышчэння, бо моцныя верай застануцца, а слабыя адыдуць. Не да гэтага, аднак, заклікае Езус. Ён, як Добры Пастыр, аддае сваё жыццё за авечак і шукае згубленую (пар. Лк 15, 4–6; Ян 10, 11).

Пры існуючай тэндэнцыі прадстаўляць праблемы сучаснага свету ў пазітыўным рэчышчы трэба, аднак, памятаць пра тое, што Бог не заўсёды гаворыць такім чынам. Возьмем, напрыклад, Дэкалог — Дзесяць Божых запаведзяў, якія былі дадзеныя чалавеку Богам менавіта ў форме забаронаў. Кожная Божая запаведзь распачынаецца словам «не». Гэта не азначае, што Бог усё толькі забараняе. Ён як добры знаўца душы чалавека і добры настаўнік, ведаючы чалавечую слабасць, хоча, каб чалавек як мага лепш усвядоміў, да чаго можа прывесці парушэнне Ягонага закону.

Найлепшым прыкладам можа быць гісторыя нашых прабацькоў Адама і Евы ў раі. Замест таго, каб быць паслухмянымі Богу, які забараніў ім есці з дрэва пазнання дабра і зла (пар. Быц 2, 17), яны паслухаліся злога духа, які сказаў Еве, што, калі яны пакаштуюць плод з гэтага дрэва, то адкрыюцца іхнія вочы, і яны будуць, як Бог, які ведае дабро і зло (пар. Быц 3, 5). Спроба пераступіць Божы наказ прывяла да катастрофы, якая закранула не толькі нашых прабацькоў, але таксама і ўсё чалавецтва. Адам і Ева не толькі павінныя былі пакінуць рай, але ад іх на ўсё чалавецтва перайшоў першародны грэх.

4.     Відавочна, што ў сучасным свеце гісторыя паўтараецца. Чалавек, пачынаючы сумнявацца ў бясспрэчнай вартасці маральных каштоўнасцяў, замест таго, каб сказаць Богу «так», кажа яму «не»; замест таго, каб у сваім жыцці ўвасобіць словы малітвы Панскай: «няхай будзе воля Твая», усё часцей кажа: «няхай будзе мая воля». Гэтым самым ён парушае ўстаноўлены Творцам парадак у духоўным і грамадскім жыцці, у экалогіі і ў іншых сферах.

Мы б’ем трывогу, выказваючы занепакоенасць маральным станам сучаснага чалавека, асабліва моладзі. У сучасным свеце чалавек паводзіць сябе ўсё больш амаральна: гэта і неабмежаваная пачуццёвасць, і культ спажывання, і адсутнасць пачуцця меры ва ўсім. СНІД і наркаманія, якія ахапілі ўжо многія краіны свету, хутка распаўсюджваюцца таксама ў нас. Трэба прызнаць, што вельмі шмат намаганняў робіцца як у свеце, так і у нашай краіне, каб перамагчы гэтую пандэмію сучаснасці. Аднак, з іншага боку, надзейны лек ад гэтага вядомы, і ён існуе столькі, колькі існуе чалавецтва. Гэты лек — жыць паводле закону Божага. Сапраўды, чалавек павінен жыць не толькі штодзённым хлебам, пошукам прыемнасцяў і імкненнем да багацця і ўлады, але таксама і перадусім Божым словам.

5.     Нам, людзям XXI стагоддзя з яго нябачаным дагэтуль развіццём навукі і тэхнікі, якое нараджае надзею, што навукова-тэхнічны прагрэс дапаможа вырашыць усе праблемы, а таксама імкненнем да абсалютнай свабоды, нялёгка сабе ўявіць, што ў нашым жыцці таксама можа з’явіцца злы дух, каб нас спакушаць. Гэта не пустыя словы, бо калі злы дух наважыўся спакушаць Хрыста, то чаму не можа спакушаць нас? І ён спакушае. Трэба толькі ўмець бачыць гэта, а для гэтага неабходна адкрыць вочы на сучаснае жыццё і паводзіны сучаснага чалавека. Як Бог не памёр і не пайшоў на пенсію ці ў адпачынак, так і злы дух ніколі не дрэмле. Ён, як рыклівы леў, ходзіць, шукаючы, каго праглынуць (пар. 1 П 5, 8). Аб існаванні злога духа, якога нельга ігнараваць, і яго дзейснасці ў сучасным свеце часта гаварыў Слуга Божы Ян Павел II і працягвае гаварыць Папа Бэнэдыкт XVI.

Адна легенда апавядае, як Люцыфер вырашыў праверыць, ці ягоныя д’яблы добра працуюць, гэта значыць, ці добра спакушаюць людзей. Праверка выкрыла, што яны нічога не робяць. Незадаволены Люцыфер спытаўся, чаму яны сядзяць, склаўшы рукі. Д’яблы адказалі: «Няма сэнсу абцяжарваць сябе, бо сёння людзі вельмі добра спакушаюць адзін аднаго». І гэта праўда. Каб упэўніцца ў гэтым, дастаткова паглядзець на жыццё сучаснага чалавека, асабліва моладзі, каб пераканацца, што сёння сумленне і пачуццё сораму — у вялікім дэфіцыце.

Як жа мы павінны рэагаваць на гэта? Адказ нам дае сам Збаўца: «Не хлебам адзіным будзе жыць чалавек, але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых» (Мц 4, 4). Таму Вялікі пост і пакаянныя практыкі «ўмацоўваюць унутраную гатоўнасць слухаць Хрыста і карміцца Яго збаўчым словам» .

6.     Дарагія браты і сёстры!
На пачатку Вялікага посту, часу пакаяння і навяртання, у Год святога апостала Паўла, скажам сваё «так» Богу, каб мы не імкнуліся да канфармізму ў нашым жыцці, але радыкальна жылі паводле Евангелля, заўсёды застаючыся вернымі слугамі Пана, які за нашу вернасць адорыць нас вечны шчасцем у небе.

Давяраючы ўсіх вас Марыі, з «так» якой распачалася эра збаўлення, і святому апосталу Паўлу, які прысвяціў сваё жыццё абвяшчэнню Евангелля сярод язычнікаў дзеля іх навяртання, малю Езуса Хрыста, каб вы ўсе засталіся вернымі Божаму слову, а вашыя сэрцы сталі «жывым табэрнакулюмам Бога» , і на шлях велікапоснага навяртання ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца + і Сына, + і Духа + Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Мінск, 14 лютага 2009 г.
Свята св. Кірыла і Мятода
 
Бягомль — парафія Цара Езуса Хрыста

Бягомль — капліца Хрыста – Валадара сусветуАдрас:
вул. Кірава 6
в. Бягомль

Докшыцкі р-н
Віцебская вобл.
Рэспубліка Беларусь
211730

Тэл.: (8–02157) 33400
фРасклад набажэнстваў (магчымы змены)  

  • Св. Імша ў нядзелю — 11.00
Адпусты: урачыстасць Хрыста – Валадара сусвету.
ыЗ гісторыі парафіі

У Бягомлі існуе парафія Хрыста – Валадара сусвету і знаходзіцца малая капліца, у будынку якой раней разлівалі газу. У 2004 г. парафія атрымала ад мясцовых уладаў стары будынак гасцініцы з вялікай пляцоўкай, дзе ў будучыні павінен быць парафіяльны касцёл.
 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас святой Імшы на заканчэнне Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў 2009 г.
Глыбокапаважаныя браты і сёстры, прадстаўнікі іншых канфесій, удзельнікі малітвы за адзінства хрысціянаў!

1. Тэма адзінства хрысціянаў, нягледзячы на ўсе цяжкасці экуменічнага дыялогу, не перастае быць актуальнай. Адзінства хрысціянаў — гэта жаданне нашага Збаўцы Езуса Хрыста, якое Ён выказаў у словах Першасвятарскай малітвы: «Каб усе былі адно» (Ян 17, 21). У вызнанні веры мы таксама гаворым, што верым у адзіны Касцёл.

Пануючыя ў сучасным свеце працэсы глабалізацыі таксама з’яўляюцца сур’ёзным выклікам для хрысціянаў. У той час, калі свет яднаецца вакол матэрыяльных каштоўнасцяў, хрысціяне, якія вызнаюць веру ў аднаго Бога і аднаго Збаўцу, усё яшчэ застаюцца падзеленымі.

Пачатак Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў — гэта палова XIX стагоддзя, і распачаўся ён па ініцыятыве некаторых англіканскіх і пратэстанцкіх рухаў. У 1908 г. англіканскі пастар Поль Уотсан выступіў з ініцыятывай правесці Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў 18–25 студзеня. Гэтыя даты былі вельмі сімвалічнымі. Хоць Поль Уотсан і быў англіканскім святаром, аднак адзінства хрысціянаў азначала для яго «вяртанне» да Каталіцкага Касцёла. Менавіта адсюль і гэтыя даты. 18 студзеня тады адзначалася свята Катэдры св. Пятра, а 25 — свята навяртання св. Паўла.

У 1909 г. папа Пій Х зацвердзіў гэтую ідэю і заклікаў католікаў далучыцца да малітвы за адзінства хрысціянаў. Каталіцкі Касцёл асабліва актыўна ўключыўся ў справу развіцця экуменізму і ў Тыдзень малітвы за адзінства хрысціянаў пасля II Ватыканскага Сабору.

У 1910 г. у Эдынбургу прадстаўнікі розных пратэстанцкіх супольнасцяў выступілі з крытыкай падзелаў у хрысціянстве і заклікалі да пошукаў шляхоў адзінства. Прадстаўнік Кітая д-р Чанг, падзякаваўшы місіянерам, якія прынеслі веру ў Хрыста, адначасова падкрэсліў, што яны прынеслі і падзелы, бо адны абвяшчалі метадызм, іншыя — лютэранізм, епіскапалізм і г. д. Ён сказаў, што мы хочам мець Касцёл свабодны ад усялякіх «ізмаў», якім абцяжарана абвяшчэнне Евангелля (пар. Jan XXIII i jego dzieło. Варшава, 1972, с. 363–364).

2. Безумоўна, гэтыя словы, сказаныя амаль што 100 гадоў таму, з’яўляюцца актуальнымі і сёння.
Мы ўсе належым да Хрыста (пар. 1 Кар 3, 23), — кажа св. Апостал Павел, год якога мы адзначаем сёлета ў Касцёле. Прыналежнасць да Хрыста мы атрымалі дзякуючы ласцы святога хросту. Гэты факт з’яўляецца асновай еднасці. На самай справе нас яднае значна больш, чым падзяляе. Гэта і Святое Пісанне, і Традыцыя, а з праваслаўнай Царквой — тыя ж самыя сакрамэнты, многія супольныя святыя, аднолькавы падыход да выклікаў сучаснасці і г. д.

Калі мы з’яўляемся злучанымі ў Хрысце, то нашым абавязкам з’яўляецца будаваць адзін Касцёл. Менавіта таму ўсе падзелы не адпавядаюць замыслу Хрыста і ўсё больш негатыўна ўспрымаюцца сучасным светам, які імкнецца да еднасці. Прыкладам можа служыць Еўрасаюз, дзе 27 розных па сваёй гісторыі і культуры краінаў, вядомыя найперш палітычным і эканамічным прагматызмам, аб’ядналіся. На тэрыторыі былога Савецкага Саюза таксама паўстала, хоць і не вельмі эфектыўная, аднак Садружнасць Незалежных Дзяржаваў. Чалавек па сваёй прыродзе — істота сацыяльная і імкнецца да еднасці.

3. Падзел хрысціянаў з’яўляецца вялікім выклікам, бо калі палітычныя ці эканамічныя абумоўленасці аб’ядноўваюць людзей, то чаму ж мы, хрысціяне, якія маем тое ж Евангелле і верым у таго ж Збаўцу, не можам аб’яднацца?

Наш Збаўца Езус Хрыстус устанавіў адзін і адзіны Касцёл, як сваё Містычнае Цела, часткамі якога мы з’яўляемся. І калі мы гаворым, што належым да іншых хрысціянскіх Касцёлаў ці супольнасцяў, тым самым мы прызнаём, што раздзіраем гэтае Цела. Падзел сярод хрысціянаў — гэта крывавая рана на Містычным Целе Пана, і гэтую рану трэба супольна лячыць.

4. Мы добра ведаем, што справа адзінства хрысціянаў — гэта справа Духа Святога, які кіруе хрысціянскімі Касцёламі і супольнасцямі. Аднак, з іншага боку, мы ўсе з’яўляемся інструментамі ў Божых руках і таму павінны адчуваць адказнасць за справу еднасці, асабліва перад выклікамі нашага часу, калі трэба супольна і рашуча на іх адказаць. Нездарма Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у мінулую нядзелю, распачынаючы Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў, звярнуўся да ўсіх католікаў свету, каб, з’яднаныя ў малітве, яны не пераставалі працаваць, каб перамагчы ўсе цяжкасці, якія яшчэ перашкаджаюць на шляху да поўнага адзінства ўсіх вызнаўцаў Хрыста (пар. http://www.zenit.org/article-16855?l=Italian).

5. Малітва за адзінства хрысціянаў — гэта найбольш яскравая праява нашай супольнай прыналежнасці Хрысту і супольнага адказу на выклікі нашага часу.

Мы, хрысціяне, належым Хрысту і павінны жыць паводле Яго Евангелля і выконваць Яго волю. Ён нам дапамагае, каб нас збавіць, каб склеіць тое, што разбіта, каб прымірыць тых, якія супрацьстаяць адно аднаму, і каб усё аднавіць. Нам трэба толькі адклікнуцца на Яго дзеянне, трэба кінуцца ў Яго абдымкі. З дрэва крыжа, праз які збавіў свет, Ён заклікае нас: будзьце адно, каб свет паверыў і будаваў цывілізацыю любові, супакою і жыцця. Амэн.
 
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас урачыстасцяў 400-годдзя парафіі Святой Тройцы ў Докшыцах
З перспектывы часу паміж вашымі продкамі, якія 400 гадоў таму былі злучаны ў касцёльную супольнасць пад назваю парафія, і вамі, сучаснымі парафіянамі докшыцкай парафіі, напэўна, ёсць шмат агульнага: месца існавання, назва парафіі. «Цябе клічам, Цябе праслаўляем, о Найсвяцейшая Тройца» — чатырыста гадоў вернікі прамаўлялі гэтыя словы. Сёння мы таксама паўтараем тыя ж словы: праслаўляем Найсвяцейшую Тройцу! Але ёсць і значная розніца ў тагачасным і сённяшнім жыцці парафіі: тады была Віленская дыяцэзія, а цяпер — Віцебская, тагачасныя продкі выконвалі працу пераважна ўручную, а цяпер усё механізавана. Нашыя продкі мелі іншыя сродкі камунікацыі, іншыя звычаі. Але нас з імі яднае сэнс існавання парафіі.

Чым для нас з’яўляецца парафія? Адказ на гэта дае Катэхізіс Каталіцкага Касцёла: парафія з’яўляецца эўхарыстычнай супольнасцю і цэнтрам жыцця хрысціянскіх сем’яў; яна з’яўляецца асноўным месцам катэхізацыі дзяцей і бацькоў.

Парафія — гэта найперш эўхарыстычная супольнасць. Святы Ян Хрызастом, вялікі біскуп Канстанцінопальскі, навучаў: «Не можаш маліцца дома так, як у касцёле, дзе збіраецца вялікая колькасць людзей і дзе просьбы да Бога ўзносяцца адзіным сэрцам. Больш за тое — адзінствам думак, еднасцю душаў, лучнасцю любові, малітвамі святароў».

Акрамя таго св. Ян Хрызастом навучаў: «Ці ты святы, ці грэшнік, ідзі ў касцёл. Калі грэшнік — ідзі ў касцёл, каб вызнаць свае грахі! Калі справядлівы, прыйдзі ў касцёл, каб ад справядлівасці не адступіцца. І для грэшніка, і для справядлівага касцёл з’яўляецца адзіным сховішчам, адзіным прыстанішчам… Касцёл — не тэатр, у якім мы можам слухаць тое, што нам прыемна. З яго мы павінны выходзіць узмоцненыя, несучы ў сэрцах вялікія і важныя духоўныя набыткі».

На тэрыторыі вашай парафіі ёсць шмат прыгожых і вельмі карысных пабудоваў. Але парафія павінна мець і ахвярна ўтрымліваць такі дом, дзе яна зможа сустракацца толькі на размове з Богам. «Дом Мой будзе названы домам малітвы» (пар. Іс 56, 7). У недалёкім мінулым былі такія цяжкія часы, калі вашыя продкі (вернікі сярэдняга ўзросту і старэйшага пакалення прысутнічаюць тут) былі пазбаўлены святыні. Тады вы шукалі духоўнай апекі ў касцёлах суседніх парафій, і сёння мы вельмі ўдзячныя Божаму Провіду за тое, што вы захавалі веру і перадалі яе наступным пакаленням, захавалі моц евангелізацыі. Бо ўсім вядома, што супольнасць, якая не евангелізуе — мёртвая супольнасць. Гэтак можна сказаць як у адносінах да сям’і, так і ў адносінах да парафіі.

З’яднаныя з Хрыстом, мы павінны жыць і паступаць так, як Хрыстус. Уваходзячы ў адзіны Божы Касцёл, мы павінны прымаць яго вучэнне, жыць паводле яго, абвяшчаць іншым і імкнуцца да таго, каб не было раздвоенасці паміж тым, у што мы верым і як жывём.

Будзьце міласэрныя, як міласэрны Пан Бог ваш. У парафіі мы вучымся любіць і спачуваць іншаму чалавеку, дапамагаць бедным і хворым людзям, пакінутым дзецям, вязням, іншаземцам, падарожнікам — усім тым, да каго лёс не быў спагадлівы, якія трапілі ў бяду, якія церпяць па розных прычынах. Мы бачым у іх церпячага Хрыста, дапамагаем ім, кіруючыся хрысціянскаю міласэрнасцю.

Быць святым Касцёлам, жывою святыняю самаго Бога — гэта значыць быць святлом, запаленаю свечкаю, вечна палаючым агнём, які ўказвае дарогу іншым, несці спакой і згоду. Быць Касцёлам — значыць быць адказным за яго, любіць яго і адносіцца, як да роднай маці.

Для гэтага неабходны моцны фундамент — Хрыстус, пра што пісаў св. Павел у Пасланні да Эфесцаў: «На падмурку апосталаў і прарокаў, дзе Сам Езус Хрыстус з’яўляецца вуглавым каменем, на якім кожны складзены разам будынак вырастае як святая ў Пану святыня. У ёй і вы разам будуецеся Духам, каб быць жыллём Бога» (пар. Эф 2, 21–22).

Калі мы выконваем гэта, мы аддаем пашану Айцу ў Духу і праўдзе, і толькі такіх шанавальнікаў хоча мець Айцец (пар. Ян 5, 23).

400-я гадавіна існавання парафіі дапамагае кожнаму верніку нанава адкрыць яго пакліканне ў Касцёле і заданне, якое кожны павінен выканаць у ім.

25-годдзе святарства а. Марка, вашага душпастыра, схіляе нас сёння да ўдзячнасці Богу за святарства Хрыстова ў Касцёле выбраных слугаў. Айцец Марэк у вашай парафіі правёў не адзін год душпастырства. Як ён працаваў, вы ведаеце, але перш за ўсё ён выконваў тое, да чаго яго калісьці паклікаў Бог, як клікаў апосталаў — ціхім, але настойлівым голасам: «Ідзі за Мною».

Праз сакрамэнт хросту святар далучае да супольнасці Касцёла новых членаў. Гэты наказ атрымалі апосталы ў выразных словах Настаўніка з Назарэта: «Дадзена Мне ўсялякая ўлада на небе і на зямлі. Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку» (пар. Мц 28, 18–20).

Святар — слуга Эўхарыстыі, ён прамаўляе словы Хрыста з Апошняй Вячэры ў Вялікі чацвер: «гэта Цела Маё», «гэта Кроў Мая», «гэта чыніце на Маю памяць». Уладаю, дадзенаю Панам Езусам, святар прабачае грэшнікам усе, нават найцяжэйшыя, грахі, бо Збаўца сказаў апосталам: «Прыміце Духа святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым застануцца» (пар. Ян 20, 22–23).

Заданне святара — навучаць народ Божы праўдам веры, як гэта рабіў св. Павел, Апостал народаў, 200-гадовы юбілей нараджэння якога Касцёл сёлета ўрачыста адзначае. Ён казаў: «Мы ж прынялі не духа свету, але Духа ад Бога, каб спазнаць тое, што нам падаравана Богам. І мы гаворым пра гэта, навучаныя не словамі чалавечай мудрасці, але навучаныя Духам, і тлумачым духоўнае пры дапамозе духоўнага» (пар. 1 Кар 2, 12).

Святар абвяшчае Божую праўду паводле словаў Хрыста: «Я не шукаю сваёй славы; але ёсць Той, хто шукае і судзіць» (пар. Ян 8, 50).

Хтосьці параўнаў заданне святара з заданнем касцёльнага звана: аддаваць хвалу Богу, збіраць народ Божы на малітву, адганяць злых духаў і абараняць душы ад такой небяспекі. А, можа, Бог кліча прысутнага ў гэтым касцёле юнака, каб ён таксама велікадушна аддаўся служэнню Богу і людзям як святар Каталіцкага Касцёла. Гэта годны выбар. Трэба адчуць яго і прыняць запрашэнне служыць народу Божаму, прайшоўшы адпаведную фармацыю ў духоўнай семінарыі. Учыніць так, як калісьці зрабіў наш шаноўны юбіляр а. Марэк. Сёння мы гаворым яму ўсёй супольнасцю: дзякуем табе за тваю веру і паслухмянасць Божай волі, дзякуем за тое, што ты, бачачы недахоп душпастыраў у Беларусі, як святар fidei donum (дару веры), прыбыў сюды, каб навучаць веры ў Хрыста.

Нядзеля ў актаве Божага Нараджэння схіляе нас да малітвы за сужэнцаў і сем’і, за тое, каб сужэнскія пары, з’яднаныя пры алтары, захавалі прысягу любові, вернасці і сужэнскай пашаны ажно да смерці. Молімся, каб кожнае дзіця пад сэрцам маці было жаданае, каб кожнае жыццё ад зачацця да натуральнай смерці было абаронена. Дзякую ўсім, хто далучыўся да дзевяцімесячнай малітвы духоўнага ўсынаўлення — ад Урачыстасці Звеставання Пана да сённяшняй нядзелі ў свята Святой Сям’і з Назарэта — у інтэнцыі зачатых дзяцей, якія знаходзяцца пад пагрозаю аборту. Верым, што дзякуючы малітве многія жыцці былі і будуць захаваны, у тым ліку жыцці тых, хто будзе ахрышчаны ў гэтай парафіі, жыцці грамадзянаў нашай краіны. Дзеці — гэта наша будучыня. Будучыня горада, дзяржавы, парафіі, Касцёла.

Няхай Святая Сям’я з Назарэта будзе для нас узорам святасці, ахвярнасці і паслухмянасці Божай волі, каб такім чынам і надалей, на працягу многіх стагоддзяў, вернікі докшыцкай парафіі праслаўлялі Найсвяцейшую Тройцу, Адзінага Бога ў трох Асобах — Бога Айца і Сына, і Святога Духа. Амэн.
 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на II Нядзелю Божага Нараджэння (студзень 2009 г.)
Шаноўныя браты i сёстры!

1. Сёння, у II Нядзелю Божага Нараджэння, Касцёл у святым Евангеллi вяртае нас да першага дня свята Нараджэння Хрыста. Сённяшняе Евангелле — тое ж самае, якое чыталася падчас святой Iмшы ў дзень на Божае Нараджэнне. Гэтым самым Касцёл заклiкае нас, каб мы яшчэ мацней, больш уважліва i ў больш спакойных паслясвяточных абставiнах задумалiся над праўдай Богаўцелаўлення.

2. Калi мы цiкавiмся жыццём сучаснага свету, то з лёгкасцю заўважаем, што розныя арганiзацыi (як нацыянальныя, так і мiжнародныя) займаюцца аналiзам таго, як развiваецца эканомiка той цi iншай краiны, як яна расце або падае. Гэта асаблiва актуальна сёння, калi сусветны эканамiчны крызіс закранае ўсё больш i больш краiнаў. Яшчэ ў першы дзень новага года мы спазіралi на валютныя абменнiкi з упэўненнасцю, што ўсё стабiльна. Аднак на другi дзень усё змянiлася. Як снежны ком на нашыя галовы рухнула звестка аб дэвальвацыi рубля на 20%. Сусветны крызiс закрануў таксама і нашу краiну, прымушаючы шукаць выйсця з гэтай сiтуацыi. Напэўна, дэвальвацыя — гэта не папулярная i балючая мера. Аднак кожны з нас добра ведае, што хiрургiчная аперацыя — гэта таксама вельмi непрыемная справа, але яна абавязковая, каб вылячыць чалавека. Таксама i ў эканомiцы, заўсёды патрэбная карэкцыя, патрэбныя змены.

3. Яшчэ не так даўно аб экамiчнай сiтуацыi той цi iншай краiны або нават цэлых кантынентаў меркавалася па тым, цi людзi маюць што есці, цi маюць пад дастаткам вады, адзення г. д. Сёння ўсё часцей гаворыцца пра тое, што тая цi iншая краiна з’яўляецца на столькi развiтай, на колькi мае патрэбную i прыдатную для жыцця iнфармацыю. Гэта азначае, што калi хтосьці, знаходзячыся нават пасярод джунгляў, з дапамогай Інтэрнэту цi мабiльнага тэлефону атрымлiвае iнфармацыю, напрыклад, што там ёсць вада, газ цi нафта, то ён адразу ведае, як вырашыць сваю праблему. Некалькi дзен таму ў сродках масавай камунiкацыi прайшла iнфармацыя аб тым, што ў раёне Гомеля знайшi нафту. Гэта дае нашай краіне новую надзею быць менш залежнай у справе энэрганасіцеляў. Цi, гаворачы iншымi словамi, хто валодае iнфармацыяй, той i валодае светам i з’яўляецца багатым.

4. Падобнае ёсць i духоўным жыццi. Евангелле дае нам iнфармацыю, каб мы маглi вырашыць свае духоўные праблемы. У гэтым сэнсе Евангелле паводле св. Яна Апостала з’яўляецца экстраардынарным. Яно найбольш тэалагiчнае. Менавiта яно падае найбольш тэалагiчна абгрунтаваную iнфармацыю пра нараджэнне Хрыста, пра Богаўцелаўленне. Кожны з евангелiстаў мае свой сiмвал. Сiмвалам св. Яна Евангелiста з’яўляецца арол. Мы добра ведаем, што менавiта арол лётае найбольш высока. Таксама i Евангелле паводле Яна ў тэалагiчным сэнсе знаходзiцца на найбольш высокiм узроўнi.
Ян гаворыць пра «Слова», якое ёсць Бог i якое сталася Целам. Каб добра зразумець гэты сказ, трэба звярнуцца да грэцкай мовы, дзе «Слова» — гэта «Логас», што азначае «значэнне», «сэнс жыцця», «прызначэнне» і  г. д. Менавiта яно вядзе нас да пытання: якi сэнс мае маё жыццё, чаму я жыву, цi жыццё мае сэнс?
Адказ на гэтыя пытаннi дае Евангелле паводле Яна. Нашае жыццё мае сэнс, i гэты сэнс знаходзiцца ў Богу. Нашае жыццё залежыць ад Бога, ад сувязi з Ім, падобна таму, як мае сэнс жыццё малога дзiцяцi, якое знаходзiцца ў абдымках мацi. Дзiця тады шчаслiвае i спакойнае. Таксама i мы, калi знаходзiмся ў абдымках Бога, з’яўляемся шчаслiвымi i спакойнымi. У Ім мы знаходзім сэнс свайго жыцця, бо Ён даў нам жыццё, ён заўсёды клапоцiцца пра нас i любiць нас. Усё гэта дае новую надзею нават у цяжкасцях нашага жыцця. Так ёсць, бо Бог ёсць жыццё, якое Ён перадае нам.
Iнфармацыю аб тым, што мацi любiць сваё дзiця, мы не шукаем у Інтэрнэце цi ў часопiсе. Мы ведаем гэта з вопыта нашага жыцця. На сценах нашых дамоў мы можам убачыць надпiсы: «Я цябе люблю». Нярэдка гэтыя надпiсы так i застаюцца надпiсамi, бо праходзяць эмоцыi, i на гэтым завяршаецца любоў, бо сапраўды яе там не было. Але тое, што мацi да канца любiць сваё дзiця, мы ведаем з нашага жыцця.

5. Праўда аб тым, што Спрадвечнае Слова сталася Целам, не з’яўляецца абстрактнай iнфармацыяй, якая можа быць карыснай у нашым жыццi, каб вырашыць нашы штодзённыя праблемы, напрыклад, праблемы дэвальвацыi рубля. Не. Але гэтая праўда павінна даць нам iнфармацыю аб праўдзе Богаўцелаўлення, у пазнаваннi якой мы можам знайсцi сэнс свайго жыцця, бо праз яе чалавек убачыў самога Бога i адчуў Яго блiзкасць, а таксама можам атрымаць здольнасць вырашыць экзістэнцыяльныя пытаннi.
Каб гэта ўсё адбылося, мы не павінны прымаць iнфармацыю пра Божае Нараджэнне як толькi адну з многiх, якiх сёння вельмi многа, але яе трэба прыняць як прыйсце ў наш свет Божай Асобы, з якой мы павiнны жыць у еднасцi. Таму для нас Езус павiнен быць той Асобай, з якой мы жывём у кожную хвіліну жыцця — iдзём на працы, ва ўнiверсітэт, у школу i г. д.

Сённяшняе Евангелле, якое сучаснаму чалавеку даволi цяжка зразумець, вучыць нас, што Бог стаўся чалавекам, адным з нас, i што толькі ў цесных адносiнах з Ім мы можам знайсцi радасць жыцця — цяпер i ў вечнасцi. Амэн.
 
Пастырскае пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Нараджэнне Пана 2008 г.

Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялiкую радасць: нарадзiўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан
(пар. Лк 2, 10–11).

Глыбокапаважаныя браты ў святарстве, шаноўныя законнiкi i законнiцы, умілаваныя браты i сёстры! Гэтымi словамi, з якiмi Анёл звярнуўся да пастушкоў, ад усяго сэрца вiтаю вас ва ўрачыстасць Божага Нараджэння. Словы гэтыя адлюстроўваюць асноўны сэнс сённяшняга свята, бо абяцаны Богам Айцом яшчэ нашым прабацькам Адаму і Еве, прадказаны прарокамі, доўгачаканы Збаўца нарэшце прыйшоў у гэты свет — прыйшоў у вобразе звычайнага чалавека.


Вядомы сучасны ірландскі пiсьменнiк Сэмюэл Бэккет напiсаў драму аб чаканнi. Акторы як прадстаўнiкi чалавецтва на тэатральнай сцэне стараюцца знайсцi адказ на найбольш важныя жыццёвыя пытаннi, а таксама спасцігнуць сэнс жыцця чалавека. Пры гэтым яны чакаюць нейкага прышэльца. Не ведаюць, хто гэта будзе, але чакаюць, бо спадзяюцца, што ён адкажа на iх пытаннi. Аднак чаканы госць не прыходзiць, i драма завяршаецца дарэмным чаканнем... Галоўная думка гэтага твору ў тым, каб паказаць, што без дапамогi з вышынi ў пошуку адказу на экзістэнцыяльныя пытаннi чалавек можа толькi дарэмна чакаць... У духоўным сэнсе драма Сэмюэля Бэккета — гэта не што iншае, як вобраз чалавека, якi страцiў Бога i застаўся сам-насам са сваiмi праблемамi.

Доўгiя тысячагоддзi чалавецтва чакала Божага госця, якi змог бы адказаць на пытаннi, што яго хвалявалі. Сённяшняя ноч Божага Нараджэння сведчыць пра тое, што ўжо больш не трэба чакаць. Да нас прыйшоў не проста нейкi прышэлец, не іншапланецянін, але хтосьцi значна большы — прыйшоў сам Бог; прыйшоў, каб дапамагчы загубленаму ў гэтым свеце чалавеку знайсцi Яго i зразумець самога сябе. Ён, якi iснуе спрадвеку, прыйшоў у гэты свет у канкрэтную пару, калi, як гаворыць святы Апостал Павел, надышла паўната часу (пар. Гал 4, 4). Ён, Якога не можа агарнуць увесь Космас, нарадзiўся ў канкрэтным месцы — у невялічкім мястэчку Бэтлееме. Ён, бясконца вялiкi, стаўся маленькiм бездаможным немаўляткам, каб нас зрабіць вялiкiмi. Ён сышоў з неба на нашую зямлю, каб нас узнесцi на нябёсы. Ён стаўся падобным да людзей (пар. Флп 2, 7), каб мы, абагаўляючыся Божаю ласкаю, прыпадобнiлiся да Яго. Ён уцелавiўся, прыняў вобраз нашага падданага цярпенню цела, каб узяць на Сябе нашыя цяжкасцi (пар. Мц 8, 17; Гал 6, 2) i такім чынам аблегчыць iх.

Прыйсце Сына Божага ў свет стала сапраўднаю рэвалюцыяй як для самога чалавека, так i ў яго адносiнах з Богам. Гледзячы чыста чалавечымi вачыма на народжанага ў беднасці Езуса, можна спытацца, а што новага Ён, якi распачаў сваё жыццё ў бэтлеемскай стаенцы, а завяршыў на дрэве крыжа, прынёс у наш свет i нашае жыццё? Ён не стаў Хрыстафорам Калумбам і не адкрыў Амерыкі, не стаў Iсакам Ньютанам i не адкрыў закону сусветнага прыцягнення, не стаў Альбертам Эйнштэйнам i не адкрыў тэорыі адноснасці, не стаў вучоным з сусветным імем i не адкрыў, напрыклад, законаў тэрмаядзернай рэакцыі цi генетыкі, не стаў першым касманаўтам i не адкрыў шляхоў у бязмежны сусвет — гэты пералік можна працягваць амаль да бясконцасці.

Відавочна, што ўсе гэтыя i падобныя справы Езус пакінуў рабіць чалавеку, адорваючы яго розумам i вольнаю воляю. Але Ён зрабіў тое, чаго сам чалавек нiколi не змог бы зрабіць. Ён з’явіўся перад людзьмі як уцелаўлёны Бог, Бог з чалавечым абліччам i сэрцам. Дзякуючы гэтаму Бог стаў блiзкiм чалавеку i яго патрэбам — мiласэрны i ў той жа час справядлiвы. Праз сваё ўцелаўленне Езус надаў сэнс жыццю чалавека i вярнуў яму годнасць Божага стварэння. Ён не ацэньвае чалавека на падставе колеру скуры, мовы, адукацыi, банкаўскага рахунку, здольнасцяў ці іншых другасных рэчаў, але робiць гэта паводле крытэрыяў нязменнай вартасцi. Ён першы сказаў тое, што сённяшняя дэмакратыя любiць прыпісваць сабе, а менавiта, што чалавек — гэта не нейкая рэч i адны людзі не могуць выкарыстоўваць іншых. Такім чынам Ён падкрэслiў роўнасць усiх людзей. Дзякуючы Яму кожны чалавек з’яўляецца дзiцем Божым i братам Богачалавека, паклiканым да вечнага шчасця.

Таму кожны чалавек мае не толькi свой адзiны i непаўторны генетычны код, але і звышнатуральную каштоўнасць i годнасць адкупленага дзiцяцi Божага. Вельмi добра гэтую праўду выяўлялi першыя хрысцiяне, якiя не толькi абвяшчалi сваiм жыцём Евангелле, але прадусiм жылi iм. Менавiта яны гаварылi: «Бачыш брата — значыць бачыш Бога». Калi язычніцкi Рым пакінуў пасля сябе прыказку: «Чалавек чалавеку — воўк», то Хрыстус у сваiм Евангеллi заклiкае да таго, каб чалавек чалавеку быў братам.

Яшчэ ў XVII стагоддзi вялiкi французскi мыслiцель Блез Паскаль пiсаў, што без Хрыста чалавек не ведае, чым ёсць жыццё i смерць, кiм ёсць Бог i кiм — ён сам. Нездарма Слуга Божы Ян Павел II казаў, што чалавек можа зразумець сябе толькi ў Хрысце 1 . Рэвалюцыя Езуса Хрыста ў тым i заключаецца, што Ён нам адкрыў, кiм з’яўляецца Бог, бо Бога нiхто ніколі не бачыў, і толькi адзiнародны Сын Яго аб’явiў (пар. Ян 1, 18). Ён паказаў чалавеку, кiм ёсць чалавек i ў чым сэнс чалавечага жыцця, цярпення i смерцi. Ён сказаў чалавеку, дзеля чаго ён жыве i што яго чакае ў вечнасцi.

Езус — гэта Эмануэль — Бог з намi, Бог у нашай чалавечай прыродзе, у нашай чалавечай гiсторыi, у нашым жыццi — вось тыя вялiкiя праўды, вось тая рэвалюцыя, якую зрабiў Езус. Здзейснiлася мара чалавека сваiмi вачыма ўбачыць Бога-Збаўцу.

Кардынал Ёзаф Ратцынгер — сённяшнi Папа Бэнэдыкт XVI — падкрэслiвае, што хрысцiянская вера накiроўвае нас да Бога як чалавека. Гэтым самым яна нібы перакiдвае мост памiж вечным i часовым, бачным i нябачным i дае нам магчымасць сустрэцца з Богам як з чалавекам, сустрэцца з вечным, як з часовым, сустрэцца, як з адным з нас. Дзякуючы Богаўцелаўленню вера прыносiць вечнае ў наш свет. Той, каго нiхто i нiколi не бачыў, стаўся адкрытым для нашых вачэй, для дотыку нашых рук: дастаткова зрабiць толькi два-тры крокi насустрач таму Чалавеку з Палестыны. Бог адкрываецца чалавеку праз Езуса Хрыста, у якiм канчаткова сябе праяўляе чалавечае быццё i якi адначасова з’яўляецца Богам. Такiм чынам, Сын Божы — гэта цэнтр i сэнс усёй чалавечай гiсторыi2 .

У гiстарычны момант прыйсця Хрыста ў свет для Яго не знайшлося месца ў аніводным доме (пар. Лк 2, 7). Не прынялi Яго свае, хоць найперш прыйшоў да iх (пар. Ян 11, 11). А сёння? Як ёсць сёння? Як ёсць у маiм i тваiм, дарагi браце, дарагая сястра, жыццi?

Езус i сёння стукаецца ў дзверы нашых сэрцаў. Ён хоча ўвайсцi i зрабіць у іх духоўную рэвалюцыю, бо як жа шмат людзей сёння жыве так, як быццам Бога зусiм няма, або згадваюць пра Яго толькi на Божае Нараджэнне цi на Вялікдзень! Як жа шмат людзей сёння не хочуць ісці ў касцёл, каб толькi не сустрэць там жывога Хрыста! Як жа шмат выпаленых сухавеем секулярызму, маральнага рэлятывiзму і ліберальнай ілжээтыкі душаў, якія не падаюць ужо й прыкметаў духоўнага жыцця, у якіх не растуць гаючыя плады Божай ласкi. Так шмат забарыкадаваных ад Езуса сэрцаў з-за боязі, каб Ён толькi не ўвайшоў i не разварушыў сумлення, бо чалавек хоць i ведае, што з’яўляецца духоўна хворым, але пры гэтым свядома не жадае лячыцца.

Сучасны чалавек знайшоў шлях у космас, быў на Месяцы, даследуе Марс і іншыя планеты, будуе мiжнародныя касмiчныя станцыi i пакрысе ўваходзiць у эпоху касмiчнага турызму, усур’ёз задумваецца пра пабудову касмiчных гарадоў i нават пра прамысловую дзейнасць у космасе. Дзякуючы iнтэрнэту ён ператварыў нашу вялiкую планету быццам бы ў маленькую вёсачку, дзе ў імгенне вока ўсё і ўсім становіцца вядома. Дасягненнi навукi так захапляюць i вабяць, што здаецца, вось-вось чалавек не толькi зможа вырашыць усе праблемы, але ва ўсім стане самадастатковым. Аднак у той самы час простым вокам вiдаць, што чалавек згубiў шлях да Бога, а таму ў час нябачанага дагэтуль прагрэсу i эканамiчнага развiцця ён жыве ў пастаянным страху i непакоі за сваю будучыню.

Пацвярджае гэта і выбух фінансавага крызісу, што ў апошні час ахапіў увесь свет. Прычына крызісу крыецца перадусім у пазбаўленай маральнага і чыста чалавечага вымярэння банкаўскай і эканамічнай дзейнасці, якая скіравана на немаральнае выкарыстанне фінансавых сродкаў і імкненне абагаціцца за кошт іншых. Гісторыя яшчэ раз паказала, што трывалым фундаментам нашага жыцця з’яўляецца Бог і Ягоная праўда, а не матэрыяльныя каштоўнасці.

Мы радуемся, што нашыя касцёлы сёння поўныя, што ў іх шмат людзей, што дзецi з захапленнем падыходзяць да яселек, што адбываюцца батлейкi i мы весела спяваем калядкi. Але для сапраўднага перажывання Божага Нараджэння гэтага крыху замала. Езус павінен нарадзiцца сваёю ласкаю ў нашых душах, каб яны сталi Бэтлеемам нашага часу. Сын Божы нам дадзены не проста як гiстарычная асоба, але як Той, хто заўсёды прыходзiць. Трэба Яго толькi прыняць, дакрануцца да Яго, каб па-сапраўднаму перажыць гэтае збаўчае свята.

Езус прыходзіць да нас у сакрамэнтах і Божым слове. Пра гэта варта ўзгадаць асабліва цяпер, калі мы разам з усім паўсюдным Касцёлам адзначаем Год святога апостала Паўла, які нястомна абвяшчаў Божае слова язычнікам, верачы ў тое, што яно — гэта сам Езус Хрыстус, Бог і чалавек.

Ад усяго сэрца вiншую вас, браты i сёстры, а таксама ўсiх людзей добрай волi з урачыстасцю Нараджэння Пана!

Вiншую вернікаў іншых хрысцiянскiх канфесiй, асаблiва братняй Праваслаўнай Царквы. Езус прыйшоў да ўсiх людзей, i ўсе мы, хоць i належым да розных хрысцiянскiх супольнасцяў, верым у аднаго Збаўцу, якi нарадзiўся з Панны Марыi ў Бэтлееме, і вызнаем тую самую веру ў Богаўцелаўленне. Наша супольнае iмя — хрысцiянiн — паходзiць ад Хрыста — нашага Збаўцы. Таму i наша вера і радасць — супольныя.

Перад небяспечнымi выклiкамi сучаснасцi мы яшчэ мацней павінны з’яднацца ў супольным вызнаннi нашай веры, каб своечасова i годна на iх адказаць i тым самым будаваць нашу будучыню на каштоўнасцях Евангелля.

Жадаю вам радасцi ў нованароджаным Месіі! Няхай Ён сваёю ласкаю заўсёды нараджаецца ў нашых сэрцах. Не трэба баяцца, бо сёння нарадзiўся нам Збаўца (пар. Лк 2, 11), які ёсць Бог з намi (пар. Мц 1, 23) — наша радасць, надзея i збаўленне!

Давяраючы ўсiх вас апецы Багародзіцы Марыi, якая дала свету Збаўцу Езуса Хрыста, ад усяго сэрца благаслаўляю ў iмя Айца, + i Сына i Духа Святога. Амэн.

Мiнск, 8 снежня 2008 г.
Урачыстасць Беззаганнага Зачацця
Найсвяцейшай Панны Марыi
 
Пастырскае пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Адвэнт 2008 года
ПАДРЫХТАВАЦЦА ДА ПРЫЙСЦЯ ЎЦЕЛАЎЛЁНАГА СЛОВА

Пастырскае пасланне на Адвэнт 2008 года

1. Прадстаўнікі аднаго з афрыканскiх плямёнаў вельмi часта моляцца наступнымi словамi: «Ойча наш, спашлi нам сваё Слова». На пытанне, што азначае гэтая малiтва, яны адказваюць, што такiм чынам моляць Найвышэйшую Iстоту, каб паслала iм чалавека, якi вывеў бы iх на сапраўдную дарогу, дапамагаў бедным, быў лiтасцiвым да дзяцей, лячыў хворых, узмацняў iх, адарыў супакоем i дабрабытам. Гэтая малiтва язычнiкаў вельмi сугучная духу таго лiтургiчнага перыяду, які мы сёння раcпачынаем, — перыяду Адвэнту, часу чакання прыйсця Збаўцы.

2. «Ойча наш, спашлi нам сваё Слова». Гэтая афрыканская малiтва нагадвае нам пра прыйсце таго, каго так доўга чакала чалавецтва, — Богачалавека Езуса Хрыста. Аднак па сваёй сутнасцi Адвэнт не можа быць толькi ўспамінам пра падзеі, якія адбыліся больш за дзве тысячы гадоў таму. Ён павінен стаць часам глыбокага ўсведамлення і перажывання гэтай праўды. Адвэнт павінен стаць благаслаўлёным часам, калі мы нібы нанава будзем перажываць тыя доўгiя тысячагоддзi, на працягу якіх чалавецтва чакала Слова Божае, каб Яно сталася целам i жыло памiж нас; Слова, якое вядзе на добрую дарогу i прыносiць сапраўдны супакой. Чаканне, аднак, не можа праходзіць у дрымоце цi ў сне. Чаканне павінна быць чуваннем.

3. Не да сну, але да чування i тугі па Богу, які ёсць нашым Айцом, заклiкае нас у Адвэнце Касцёл. У гэты час ён прапануе нам разважаць над словамі прарока Iсаi, якога называюць евангелiстам Старога Запавету, бо ён прадказаў прыйсце Сына Божага (пар. Iс 40, 3–5). У Евангеллі Езус заклiкае нас чуваць і быць гатовымі да Ягонага прыйсця (пар. Мк 13, 32–37), і Касцёл вуснамi святога Яна Хрысцiцеля заахвочвае нас падрыхтаваць дарогу Збаўцы, які прыходзіць (пар. Мк 1, 3). Гэта азначае, што нам трэба перажываць Адвэнт не пасіўна, але актыўна.

Да дзейснага чування заклiкае нас i вобраз Марыi, якую Касцёл асаблiва праслаўляе i ўшаноўвае ў перыяд Адвэнту. Яна з глыбокаю вераю прымае вестку пра тое, што менавiта Яе Бог абраў стаць Маці Збаўцы. У Яе кароткім станоўчым адказе fiat — «няхай мне станецца паводле твайго слова» (Лк 1, 38) — праяўляецца Яе гатоўнасць стаць дзейснай удзельніцай вялікіх справаў Божых. Яна не спiць i не дрэмле, пасіўна чакаючы Збаўцу, але бярэ актыўны ўдзел у таямніцы Яго прыйсця ў гэты свет. Гэтую праўду асабліва выразна падкрэслiвае кардынал Ёзаф Ратцынгер — сённяшнi Папа Бэнэдыкт XVI — у сваёй вельмi папулярнай i фундаментальнай для нашай веры кнiзе «Уводзіны ў хрысцiянства». Ён пiша, што Марыя з’яўляецца вобразам чакаючага чалавецтва, якое давяраецца дзейнасцi праз дар Божай ласкі і абсалютнай любові, што дасць яму сэнс і збаўленне (пар. Йозеф Ратцингер. Введение в христианство. Москва, 2006, с. 232).

Ужо блiзкае Божае Нараджэнне, блiзкі Бог i блiзкая нашая вечнасць. Таму мы не маем права спаць i пасіўна чакаць. Трэба чуваць i рыхтавацца сустрэць прыходзячага Пана.

4. Лiтургiя Адвэнту нагадвае нам пра прыйсце Збаўцы. Найперш пра Яго гiстарычнае прыйсце больш за дваццаць стагоддзяў таму. Потым — пра Яго прыйсце ў Божым слове, у Эўхарыстыi і ў іншых сакрамэнтах. І нарэшце пра нашу сустрэчу з Iм у хвіліну завяршэння нашага зямнога жыцця і Яго другое прыйсце ў хвале ў канцы вякоў.

Кожны чалавек, безумоўна, ведае, што кожны пражыты дзень наблiжае яго да смерці, да таго моманту, калі Бог пакліча яго з гэтага свету. Гэта — праўда, пра якую ўсе мы ведаем, але не хочам пра яе гаварыць і нават думаць. Сучасны чалавек, асабліва малады, імкнецца як мага больш урачыста адсвяткаваць свой дзень нараджэння ці Новы Год. Аднак пры гэтым ён часцей за ўсё зусiм не задумваецца над тым, што стаў на год старэйшым, а гэта значыць, што яшчэ на год стаў бліжэй канец ягонага жыцця. Ён жыве пераважна адною хвiлiнаю i хоча ўзяць ад жыцця як мага больш у адпаведнасці з лацiнскаю сентэнцыяй carpe diem — «хапай момант». Насамрэч, з кожным днём усё бліжэй падыходзячы да канца нашага жыцця, мы ўсё больш набліжаемся да Бога, калi iдзем дарогаю, якую Ён сам нам паказаў.

5. У гэты час падрыхтоўкі да Божага Нараджэння Касцёл заклiкае нас з усёю адказнасцю і шчырасцю зазірнуць у нашыя сэрцы, у іх самыя цёмныя закуткi, бо менавіта там тояцца самыя пакрыёмыя нашыя імкненні. Найперш мы павінны адказаць сабе на шэраг пытанняў. Цi гатовае маё сэрца прыняць Збаўцу? Цi не скаванае яно грахом, празмернаю прывязанасцю да зямных справаў? Ці не трапіла маё сэрца ў палон амаральных сувязяў, што з’яўляюцца парушэннем Божага закону аб чыстасці, ці не знаходзіцца ў залежнасці ад адурманьваючай алкагольнай ці наркатычнай атруты? Ці не супраціўляецца яно Божай волі ў тым, што датычыцца еднасцi, адзiнства i непадзельнасцi сям’i як Творцам устаноўленага iнстытуту мужчыны i жанчыны, ці не шукае апраўдання палавых ненармальнасцяў, забойства ненароджаных дзяцей, пазбаўлення жыцця праз эўтаназiю невылечна хворых, кланавання чалавечых істотаў для здабыцця «запасных» органаў? Ці не паддалося сэрца спакусе адмовіцца ад хрысціянскіх каранёў і традыцый, ці няма ў ім імкнення да бескантрольнай свабоды рабіць, што хочацца, не звяртаючы ўвагі на Божыя запаведзі? Ці здольнае яно даваць адэкватную маральную ацэнку маіх паводзінаў? Ці не стала маё сэрца глухім да голасу Пана Бога?

Сёння мы перажываем вялiкi парадокс. Нават хрысцiяне чамусьці ўсё часцей спрабуюць шукаць мімалётнага задавальнення ў тым, што ў маральным сэнсе з’яўляецца грахоўным і ў выніку вядзе да роспачы і згубы. Жыццё многіх людзей нібы пацвярджае справядлівасць прымаўкі пра тое, што забаронены плод заўжды здаецца салодкім.

І чалавек зноў і зноў дае сябе ашукаць гэтак жа, як былі ўведзены ў зман першыя людзі — нашыя прабацькі Адам і Ева.

Вынікам іх непаслухмянасці стала страта раю, а цяжар першароднага граху лёг на ўсё чалавецтва. На жаль, чалавек часта забываецца пра гэтыя наступствы, забываецца пра тое, якім горкім у рэшце рэшт аказваецца адыход ад Бога, да чаго вядзе непаслухмянасць Ягоным запаведзям. Шукаючы недазволенай «слодычы», чалавек робіць памылковы выбар насуперак маральным нормам, пускае ў сваё сэрца агідную грахоўную гнілізну, якая ўсё больш i больш запаўняе сучасны свет. Такім чынам ён прычыняецца да будавання цывiлiзацыі нянавiсцi i смерцi, замест таго, каб будаваць цывiлiзацыю любовi i жыцця. Замест таго, каб з удзячнасцю прымаць з рук Творцы хлеб жыцця, ён беспаспяхова спрабуе насычацца гнілізнаю духоўнай смерці і прапануе гэта іншым. Так, як скамянелыя ў сваiх грахах фарысеi або цар Iрад не змаглi ўбачыць народжанага Збаўцу, так i глухiя да голасу прыходзячага Пана сэрцы не змогуць сустрэць Яго нават у свята Божага Нараджэння.

6. Таму заклiк святога Яна Хрысцiцеля зрабіць роўнымі дарогi Збаўцы, які прыходзіць (пар. Мк 1, 3), як i заклiк самога Хрыста да чування і навяртання (пар. Мк 13, 32–37) павінны стаць праграмаю нашай падрыхтоўкі да Божага Нараджэння. Гэты заклiк — гэта слова Божае, якое з’яўляецца крынiцаю нашай надзеi; слова, якое заусёды жывое i дзейснае (пар. Гбр 4, 12); слова, якое асвятляе нашае жыццё. I таму яно павінна дапамагчы нам падрыхтаваць дарогу прыходзячаму Збаўцы i спрыяць нашаму асабiстаму навяртанню. Трэба памятаць, што гэты заклiк не мае нiчога агульнага з неспакойным чуваннем вартаўніка, што вартуе дабро ад злодзеяў, але тугою па мiласэрным Богу.

Некаторым людзям бывае недаспадобы слова «навяртанне», і заклiк Касцёла да навяртання часта выклікае ў іх унутраны пратэст. Каму патрэбна навяртанне? Я рэгулярна хаджу ў касцёл, падтрымлiваю яго сваімі ахвяраваннямі, і мне яшчэ патрэбна навяртанне?! Няхай навяртаюцца бязбожнiкi, грэшнiкi, няверуючыя, але толькi не я! З такiмі цi падобнымі думкамi даводзіцца сустракацца не так ужо і рэдка. Аднак сумнаю праўдаю нашага жыцця з’яўляецца тое, што ўсе мы грашым, а таму няма ніводнага чалавека, якому б не было патрэбнае навяртанне. Яно з’яўляецца ўмоваю, без выканання якой немагчыма годна сустрэць Бога.

Навяртацца — гэта значыць кожны дзень нашага жыцця імкнуцца жыць па прыкладзе Хрыста, кожны дзень усё больш i больш прыпадабняцца да Яго, кожны дзень наследваць Яго, кожны дзень адракацца ад уласнага самалюбства i ад усялякага зла, кожны дзень усё больш i больш станавіцца дзецьмi Божымi, а таксама братамi i сёстрамi.

Навяртацца — гэта значыць пакінуць грахоўную дарогу, па якой мы ішлі дагэтуль, i вярнуцца на шлях святасці і праўды; змяніць сваё мысленне, змяніць сэрца i змяніць жыццё.

Час Адвэнту — спрыяльны час для таго, каб спытацца ў саміх сябе, цi нашае мысленне, сэрца i жыццё сапраўды з’яўляюцца хрысцiянскiмi? Наколькi мы з’яўляемся падобнымi да Хрыста? Цi iдзем за Iм? Цi ў сваiм жыццi кiруемся духам Евангелля?

Навяртацца не азначае таго, што, напрыклад, перад святам чалавек паспавядаўся, прыняў Камунію, а на наступны дзень ужо зноў жыве так, як жыў раней. Такі падыход несур’ёзны i не хрыцiянскі. Выкананне абрадаў без грунтоўнай змены жыцця — гэта не што iншае, як самападман, фармальнасць, выкананая «для птушачкі», бо насамрэч нiчога не было зроблена. Сапраўднае навяртанне — гэта ўпарадкаванне жыцця паводле наказаў Езуса, у адпаведнасці з Яго святым Евангеллем, рашучы разрыў са злом i грахом. Грэх — гэта заўсёды адыход ад Бога, а таму нашым адвэнтавым абавязкам павінна стаць вяртанне да Бога з дапамогаю Ягонай ласкi. У гэтым вяртаннi чалавек знойдзе сваё найбольшае шчасце.

Трэба памятаць, што пасведчанне хросту, прыналежнасць да пэўнай парафіі цi касцёльнай супольнсцi, і нават касцёльная ўзнагарода не з’яўляюцца гарантыяй збаўлення. У вачах Бога сапраўдную каштоўнасць мае толькi пазітыўны адказ на Ягоны заклiк.

Трэба памятаць, што Бог дае ласку навяртання i такім чынам прапануе чалавеку збаўленне, пакідаючы яму поўную свабоду выбару. Бог нiкога ні да чаго не змушае. Ён толькі прапануе, а чалавек або прымае прапанову, або не.

Бог не з’яўляецца нашым даўжнiком. Наадварот, мы — ягоныя даўжнікі i таму павінны прасiць Яго: «Адпусцi нам правiны нашыя». Мы можам навяртацца кoжны дзень, але нiколi не будзем навернутымi дастаткова, бо толькi адзiн Бог з’яўляецца дасканалым.

7. Дарагiя браты i сёстры, на пачатку новага лiтургiчнага года, якi распачынаецца Адвэнтам, прымем глыбока ў нашыя сэрцы заклiк да навяртання i падрыхтоўкі дарогi надыходзячаму Збаўцы. Гэта адзiная ўмова годнай падрыхтоўкі да Божага Нараджэння. Калі яна будзе выканана, гэтае свята стане для нас часам, калi Нябесны Айцец сапраўды спашле нам сваё спрадвечнае Слова — нашага Збаўцу; станецца часам нараджэння Бога ў нашых сэрцах. Тады нашыя супольнасці стануць сучасным Бэтлеемам, дзе неспасцігальны i iсны па-за часам Бог уцелавiўся, прыняў вобраз чалавека i з’явiўся нам з чалавечымі сэрцам i абліччам, каб больш не быць Богам далёкiм i недасяжным, а быць сапраўдным Эмануэлем — Богам з намi (пар. Мц 1, 23).

Падчас Адвэнту заклікаю ўсіх звярнуць асаблівую ўвагу на чытанне Святога Пісання, бо Божае слова — гэта сам Езус Хрыстус, які прыходзіць да нас як Богачалавек. Час адвэнтавага чакання ў Год святога Апостала Паўла мусіць стаць часам новага ўсведамлення таго, што Божае слова заўсёды жывое і дзейснае (пар. Гбр 4, 12), што яно «трывае навекі» (Іс 40, 8; 1 П 1, 23–25) і змяняе чалавека.

На шлях сапраўднага навяртання, падрыхтоўкі дарогi надыходзячаму Збаўцы i прыняцця Яго як уцелаўлёнага Слова нябеснага Айца, давяраючы ўсiх вас апецы Марыi — Маці дзейснага чакання — ад усяго сэрца благаслаўляю ў iмя Айца, i Сына i Духа Святога. Амэн.

Арцыбiскуп Тадэвуш Кандрусевiч
Мiтрапалiт Мiнска–Магiлёўскi

г. Мiнск, 23 лiстапада 2008 г.
Урачыстаць Хрыста Валадара Сусвету
 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на XXXIII Звычайную нядзелю 16 лістапада 2008 г.
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Завяршэнне літургічнага году нагадвае нам пра другое прышэсце Хрыста. Многія, нядобрыя людзі, карыстаюцца гэтым і абвяшчаюць рознага роду катаклізмы і блізкі канец свету. Дастаткова ўспомніць пензенскіх затворнікаў, сярод якіх былі таксама і прадстаўнікі Беларусі. У выкапанай пячоры пад зямлёй яны на працягу ўсёй зімы і нават больш чакалі канца свету.

Аднак той факт, што мы не верым у такія прароцтвы, не азначае, што мы не адносімся сур’ёзна да рэчаў эсхаталагічных, ці тых, якія нас чакаюць у будучыні. Мы не можам прыняць, што хрысціянства — гэта толькі нейкая сістэма поглядаў. Хрысціянства — гэта жыццё. І Касцёл — гэта супольнасць вернікаў, якія з верай і надзеяй чакаюць Валадарства Божага, якое прыйдзе. На гэтае прыйсце мы павінны быць падрыхтаваныя. Сённяшняе Евангелле гаворыць пра таленты. Гаспадар пакінуў іх розным людзям і чакае, што яны прынясуць яму прыбытак. Таксама і Бог адарыў кожнага з нас рознымі талентамі і чакае, што мы іх выкарыстаем добра і прынясем вялікі духоўны плён, узнагародай за які і будзе Божае Валадарства.

2. Чаканне прыйсця Божага Валадарства можа мець розны характар і чалавек, які чакае, можа паводзіць сябе па-рознаму. Людзі, якія падчас вайны чакалі, што на іх дом упадзе бомба, не рабілі рамонту. Інакш паводзіць сябе селянін, які чакае, калі паспее зерне. Ён апрацоўвае глебу, сее зерне, палівае, і г. д. Зусім інакш чалавек чакае нейкай катастрофы.

Напэўна, чакаючы апошніх рэчаў, гэта значыць — чакаючы канца свету, многія баяцца таго, што апісана ў Апакаліпсісе. Менавіта, найперш тое, што ніхто не ведае ні дня, ні гадзіны, калі ўсё адбудзецца. У той самы час было б нядобра і не адпавядала б Божаму плану, калі б мы толькі сядзелі і чакалі. Бог паслаў чалавека працаваць і ўдасканальваць зямлю.

Чалавечае жыццё можна параўнаць да пшанічнага коласа. Селянін толькі тады яго збірае, калі ён даспее. Таксама і Бог не дзейнічае выпадкова, ён чакае, калі касцёльнае поле паспее.

3. Гэтыя мыслі, дарагія браты і сёстры, — не мыслі чалавечыя, але мыслі Божыя, якія пакінуў нам сам Творца ў Святым Пісанні. І, сапраўды, шчаслівыя тыя, што слухае слова Божае і захоўвае яго (пар. Лк 11, 28). А, як кажа сёлетні духоўны пратаганіст св. апостал Павел, вера ад слухання (пар. Рым 10, 17). Таму, каб верыць, узрастаць у веры і імкнуцца да Валадарства Божага, трэба пачуць слова Божае. Яно, разам з Традыцыяй. з’яўляецца крыніцай нашай веры. Аднак, вера без учынкаў мёртвая, як навучае св. апостал Якуб (пар. Як 2, 17). Гэта вельмі важна і актуальна для сучаснага чалавека. Ён павінен жыць сваёй верай, быць яе сведкам, не баяцца плыць супраць цячэння. Ніхто не мае права змяняць Божы закон, які дадзены нам у слове Божым. Свабода выбару не павінна разумецца як свабода ад Божага закону, але як свабода жыць у законе Божым.

4. Хрыстус наказаў апосталам — а праз іх і нам — ісці і навучаць усе народы (пар. Мц 28, 19). У сувязі з гэтым папа Бэнэдыкт XVI (яшчэ як кардынал Ёзаф Ратцынгер) гаворыць, што скрыты ў гэтых словах евангельскі дынамізм перад выклікамі секулярызму не можа перарадзіцца ў формулу: ідзіце ў свет і станьце свецкімі. Усё павінна быць наадварот. Існуе Боская таямніца — зерне Евангелля, якое не атаясамлівае сябе са светам, але прызначана для перамены свету. Таму свет патрабуе евангельскага радыкалізму (пар. Jozeph Ratzinger. Chrystus i Jego Kościół. Kraków 2005, s. 147). Таму мы, як члены Касцёла, павінны слухаць слова Божае не таму, каб яго змяняць, але таму, каб яно змяняла і духоўна перамяняла нас, як у свой час перамяніла ганіцеля Касцёла — Саўла — у апостала Паўла, а праз нас перамяняла свет.

Так многа людзей сёння чакае сустрэчы з Хрыстом і са словам Божым. Так многія маюць патрэбу ў Ім, каб знайсці сэнс свайго жыцця. Таму крытэрыем нашага хрысціянства павінна стаць сведчанне нашага жыцця паводле Евангелля, бо сярод нас хрысціян ёсць вельмі многа ахрышчаных катэхуменаў. Слова, якое выйшла з вуснаў Божых павінна вяртацца да нашага Творцы праз малітву і жыццё.

Біблійны сімпозіум, які сёння завяршаецца, стаў добрай магчымасцю аднавіць значэнне слова Божага ў жыцці як кожнага хрысціяніна, так і ўсёй хрысціянскай супольнасці. Нам трэба штодзённа карміцца словам Божым і несці яго іншым, каб яно сапраўды заўсёды было жывым і дзейсным і ўвяло нас у шчасце вечнае. Няхай так і будзе! Амэн.
 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас сімпозіума «Слова Божае жывое і дзейснае» (касцёл святога Сымона і святой Алены, 14–16 лістапада 2008 г.)
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Калі мы паслухаем сучаснага, асабліва маладога чалавека, то вельмі хутка ўсвядомім, што ён марыць быць вялікім. Аднак у той жа час вельмі часта ён усведамляе, што гэта не лёгкая справа, можа нават не рэальная. Ад дасягнення гэтай мэты яго найчасцей аддзяляюць неперамагальныя і нібыта чарадзейныя словы «калі б»: калі б меў больш грошай, калі б быў больш здольным, калі б іншыя мяне лепей разумелі, калі б мог дзейнічаць у іншым асяроддзі, калі б свет быў лепшы і г. д. Як вынік усяго гэтага ў многіх людзей перамагае маладушнасць і, як кажуць, душа не горнецца да навукі, працы, бліжніх, малітвы, рэлігіі, Бога і г. д.

З іншага ж боку, усё, што мы, хрысціяне, робім, павінна быць уключана ў служэнне Хрысту. Ці мы павінны чакаць, пакуль свет зменіцца, ці мы самі можам яго змяняць? Такое пытанне сёння задае нам Касцёл падчас сімпозіума, прысвечанага Божаму слову ў год св. Апостала Паўла.

2. Святы Павел не належаў да гуртка пакліканых Хрыстом апосталаў, і таму не быў Яго вучнем, не слухаў Яго навучання, не бачыў Яго цудаў, не прысутнічаў пры Яго смерці на крыжы, не бачыў Яго ўваскрослага.

Саўл (пазней — Апостал Павел) нарадзіўся ў 8–10 годзе пасля нараджэння Хрыста. Ён прыйшоў на свет у Тарсе (сучасная Турцыя), дзе ў тыя часы была невялікая габрэйская супольнасць. Яго бацька меў рымскае грамадзянства, з чаго потым карыстаўся і сам Апостал Павел.

У 15-гадовым узросце Саўл распачынае вучобу ў фарысейскай школе ў Ерузалеме. Атрымаўшы вельмі добрую адукацыю, Саўл зненавідзеў хрысціянаў. Сама думка пра тое, што Бог мог памерці крыжовай смерцю, здавалася яму блюзнерствам. Саўл прысутнічае пры каменаванні першага мучаніка — дыякана Стэфана. Потым ён распачынае жорсткае пераследаванне хрысціянаў, становіцца іх сапраўдным ворагам.

Менавіта такога Саўла кліча да сябе Езус Хрыстус непадалёку ад Дамаска. Туды Саўл накіроўваўся, каб далей пераследаваць вызнаўцаў Хрыста. Але тут сталася штосьці непрадугледжанае. Саўл раптам падае на зямлю і чуе голас: «Саўл, Саўл, чаму ты пераследуеш Мяне?» На што Саўл кажа: «Хто Ты, Пане?» І чуе адказ: «Я Езус, якога ты пераследуеш». Поўны страха Саўл пытаецца, што яму трэба рабіць. Езус яму кажа: «Устань і ідзі ў горад, і скажуць табе, што ты павінен зрабіць». Саўла, які страціў зрок, за руку прывялі ў Дамаск. Тры дні ён не еў і не піў. Потым Хрыстус паслаў да яго Ананію, які памаліўся над ім і ўсклаў на яго рукі, каб ён зноў бачыў і напоўніўся Духам Святым. Саўл прыняў хрост, быў з вучнямі Хрыста і ўжо як Апостал Павел у сінагогах Дамаска пачаў абвяшчаць пра Езуса Хрыста, што Ён Сын Божы.

Эпізод, які здарыўся па дарозе ў Дамаск, для Паўла не быў толькі нейкім уяўленнем, але сапраўднай сустрэчай з Хрыстом. Дзякуючы гэтай сустрэчы Павел стаў сведкам Яго ўваскрасення і сапраўдным апосталам.

3. Дзейнасць Паўла выклікала нянавісць габрэяў. Аднак хрысціяне дапамаглі яму ўцячы, спусціўшы яго ў кошы з муру горада.

Праз тры гады пасля свайго навяртання Павел накіраваўся ў Ерузалем, дзе спачатку яго баяліся, бо памяталі, як ён пераследаваў Касцёл. Там Павел перажыў уяву, дзякуючы якой зразумеў таямніцу збаўлення, прызначэнне чалавека і ролю Хрыста ў гісторыі збаўлення. Гэтую ўяву ён потым стараўся пераказваць людзям ажно да канца свайго жыцця, і сам жыў паводле прынцыпу: «Ужо не я жыву, але жыве ўва мне Хрыстус», — і вучыў яму іншых. Напрыканцы свайго жыцця ён засведчыў, што стаў настаўнікам язычнікаў у веры і праўдзе.

4. «Настаўнік язычнікаў» — гэтыя словы характарызуюць Паўла не толькі як настаўніка ў мінулым. Яны адкрываюцца таксама і ў будучыню. Для нас, людзей ужо XXI стагоддзя, св. Апостал Павел не з’яўляецца постаццю мінулага, якую ўспамінаем з павагаю і ўдзячнасцю. «Ён таксама і наш настаўнік, апостал і сведка Хрыста для нас», — сказаў папа Бэнэдыкт XVI падчас цырымоніі адкрыцця года св. Апостала Паўла 28 чэрвеня 2008 г. А прысутны пры гэтым Патрыярх Канстанцінопальскі Барталамей I адзначыў, што навяртанне Паўла і яго керыгма (ад. грэцк. — абвяшчэнне, пропаведзь ) літаральна перамянілі свет і выціснулі на ім выяву хрысціянства (пар. http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/homilies/2008/documents/hf_ben-xvi_hom_20080628_vespri_it.html).

Сёння св. Апостал Павел звяртаецца таксама і да нас у веры і праўдзе, і далей заклікае да перамены свету, каб ён сапраўды стаў хрысціянскім, каб чалавек у Езусе Хрысце сапраўды мог стаць вялікім.

5. А таму трэба і нам перажыць сустрэчу з Езусам каля Дамаска сучаснага свету. Сустрэча па дарозе ў Дамаск, якую перажыў Саўл, каб стаць Паўлам, павінна знайсці свой працяг і ў сучасным свеце. Свет Божай ласкі, які ахапіў Саўла пад Дамаскам, не страціў свайго бляску. Сёння ён можа агарнуць кожнага чалавека, і ён даходзіць да нас рознымі шляхамі: праз іншых людзей, падчас рэкалекцый, катэхізацыі і споведзі, праз добрую кнігу і ўвогуле мастацтва, праз цярпенне, праз пілігрымку і г. д. Але асаблівым чынам Бог нас вядзе ў сучасны Дамаск праз сакрамэнты, ахвяру св. Імшы і заўсёды жывое і дзейснае слова Божае.

Няхай жа прыклад св. апостала Паўла і яго словы — «гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелле» — дапамогуць нам зразумець, што галоўным у нашым жыцці з’яўляецца збаўчае Божае слова, а таксама заклікаюць жыць ім і яго абвяшчаць, каб усе людзі пазналі Божую праўду і, жывучы ёю, дасягнулі збаўлення. Амэн.
 
Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на XXXII Звычайную нядзелю ў мінскай архікатэдры 9 лістапада 2008 г.
Шаноўныя браты і сёстры!

    1. Кожны дзень набліжае нас да заканчэння Літургічнага года. Ужо праз два тыдні мы будзем адзначаць урачыстасць Хрыста — Валадара сусвету. Лагічна, што гэтае свята Касцёл адзначае ў апошнюю нядзелю Літургічнага года, бо ўсе мы выйшлі з Божай рукі і прызначаны вярнуцца ў Валадарства Божае. Езус Хрыстус якраз і з’яўляецца гэтым Валадаром.

    2. Аднак, каб у жыцці дасягнуць нейкай мэты, неабходна прытрымлівацца вызначаных правілаў і нормаў. Таксама і ў духоўным жыцці, і ў імкненні да Валадарства Божага існуюць свае прынцыпы.

    Калі б нехта расказаў нам, як ён спазніўся на самалёт, цягнік ці аўтобус і не даехаў у час на важную сустрэчу, то мы б яму адказалі, што гэта вельмі дрэнна, і пажадалі б шчасця іншым разам.

    Аднак тое, на чым засяроджваецца ўвага ў сённяшнім Евангеллі, значна больш важнае. Тут гаворка ідзе пра гатоўнасць увайсці ў Божае Валадарства або размінуцца з ім. Галоўны момант сённяшняга евангельскага апавядання — гэта крык неразумных паннаў: Пане, пане, адчыні нам!.. Аднак гаспадар адпавядае, што не ведае іх. Ім адмоўлена ўвайсці на вяселле, якое з’яўляецца сімвалам Валадарства Божага. Усё гэта гучыць вельмі сурова і неміласэрна, асабліва для нас, людзей ужо XXI стагоддзя, калі ўсё больш гаворыцца пра дэмакратыю і роўныя правы для ўсіх. Таму нам цяжка паверыць у гэта. Аднак словы Евангелля застаюцца словамі Хрыста.

    3. У цэнтры сённяшняга евангельскага апавядання — праблема прадугледжання і падрыхтоўкі.  Евангелле распавядае пра дзесяць паннаў, якія выйшлі насустрач жаніху. Пяць з іх было мудрых, а пяць — неразумных. Менавіта яны не ўзялі з сабой дастаткова алівы, каб іхнія лямпы паліліся доўга. Яны не думалі пра тое, што можа здарыцца. Кажучы сучаснай мовай, яны жылі толькі сённяшнім днём і не клапаціліся пра заўтрашні. Калі б жаніх прыйшоў у час, то ніхто б не заўважыў праблемы. Аднак, як гэта часта бывае ў жыцці, жаніх спазніўся. Дзяўчыны, стомленыя доўгім чаканнем паснулі і страцілі здольнасць чування і гатоўнасці. Калі з’явіўся жаніх, то тыя, у каго лямпы свяцілі, разам з ім увайшлі на вяселле, а тых, у каго яны пагаслі, не пусцілі.

    4. Уся гэтая гісторыя мае вельмі вялікае сімвалічнае значэнне. Першыя хрысціяне чакалі, што другое прышэсце Хрыста настане вельмі хутка. Аднак з часам усе зразумелі, што можа быць апазненне. Сёння ўжо ўсім зразумела, што гэта так. І людзі зноў «упадаюць у сон». Яны губляюць пачуццё неабходнасці быць падрыхтаваным на прышэсце Пана. Яны, можа, нават і вераць, што Ён прыйдзе, але не клапоцяцца пра гэта, бо не вядома, калі гэта станецца. Тут мы сутыкаемся з сучасным агнастыцызмам, гаворачы іншымі словамі — з практычным нявер’ем многіх сучасных хрысціянаў. Яны гавораць, што, можа, там, дзесьці наверсе ў небе і ёсць Бог, таму давайце забяспечымся і ў нядзелю сходзім у касцёл, аднак усяго гэтага не будзем успрымаць сур’ёзна, бо мы ж жывём у рэальным свеце, дзе Бог адыгрывае толькі чыста цырыманіяльную ролю…

    Сучаснаму чалавеку ўсё больш і больш здаецца, што Бог — гэта рэліквія мінулага. Ён знік з нашага поля бачання, але мы яшчэ маем прынамсі нейкую як быццам тэлефонную сувязь з Ім. Ён практычна не прысутнічае ў нашым жыцці, але, маючы на ўвазе нашае рэлігійнае мінулае, мы ўсё яшчэ маем сувязь з Ім, таму традыцыйна ездзім на фэсты, ходзім у касцёл на святы Божага Нараджэння і Пасху. Для большасці сучасных людзей Бог больш не з’яўляецца жывой Асобай, з якой можна размаўляць. Сёння Бог часта асацыіруецца з рэлігіяй як нейкай установай, якая прадстаўляе акрэслены жыццёвы шлях, у тым ліку наведванне касцёла ў нядзелю, чытанне Бібліі, захаванне Божых запаведзяў і г. д. Бог і рэлігія ўсё часцей успрымаюцца як сімвалы, якія, аднак, ужо больш не актуальныя ў нашым, поўным розных справаў, штодзённым жыцці.

    5. Хоць сучасны чалавек яшчэ часам і выказвае нейкую зацікаўленасць духоўным кіраўніцтвам, некаторымі формамі справядлівасці і прыгожымі касцёламі, то адначасова ёсць вельмі многа доказаў таго, што зацікаўленасць сваім асабістым жыццём больш важная за асабістыя адносіны з Богам.

    Таму з усёй адказнасцю можна сказаць, што ў сучасным веруючым чалавеку вельмі шмат нявер’я. Таму і Бог адсутнічае ў сумленні і жыцці многіх вернікаў. Яны вельмі часта з’яўляюцца толькі фармальнымі вернікамі, для якіх Бог не з’яўляецца жывым і важным у гэтым рэальным свеце. Сапраўдны Бог як быццам зацямнёны. Яго месца заняў іншы бог — непатрабавальны, які адпавядае пажаданням сучаснага чалавека, дазваляе зменяць маральныя нормы і г. д. У барацьбе паміж сучаснай секулярызаванай культурай і Евангеллем здаецца, што першая перамагае.

    6. Пяць неразумных паннаў з сённяшняга Евангелля — гэта вобраз сучаснага свету, наш з вамі вобраз. Гэта сучасныя выклікі, якія стаяць як перад Касцёлам, так і перад паасобнымі хрысціянамі. Адказаць на іх можна толькі чуваннем. Нам нельга спаць. Калі мы імкнёмся ў Валадарства Божае, то павінны чуваць, бо не ведаем, калі прыйдзе Пан. Лямпы нашага духоўнага жыцця заўсёды павінны гарэць. Там павінен быць алей Божай ласкі, якая неабходна нам для збаўлення.

    Таму Езус сёння заклікае кожнага з нас да канфрантацыі не толькі з секулярызаваным светам, але і з самімі сабою, якія падобныя да тых пяці неразумных паннаў, з нашым «я», з нашым эгаізмам. Запаленыя лямпы з’яўляюцца сімвалам нашага жадання змагацца з сабою, каб адчыніць нашыя вочы на рэальнасць сучаснага, часта амаральнага жыцця, і яго направіць. Такім чынам хрысціянін сапраўды стане соллю зямлі і святлом для свету, і прыйдзе ў Валадарства Божае. Амэн.
 
<< Першая < Папярэдняя 1721 1722 1723 1724 1725 1726 1727 1728 1729 1730 Наступная > Апошняя >>

Старонка 1727 з 1895
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.