Казанне Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава
з нагоды 50-годдзя яго заснавання
26 жніўня 2010 г., п. Лясны
Глыбокапаважаныя хворыя, пацыенты анкалагічнай клінікі, урачы, медыцынскі персанал!
1. Сёння Каталіцкі Касцёл успамінае Божую Маці Чэнстахоўскую. На свеце ёсць вельмі многа цудоўных абразоў і ікон Маці Божай. Адзін з іх — гэта абраз так званай Чорнай Мадонны, ці ікона Маці Божай Чэнстахоўскай. Гэты абраз праслаўляецца не толькі ў Каталіцкім Касцёле, але таксама і ў Праваслаўнай Царкве. І гэта вельмі добра. Ёсць адна Божая Маці — Марыя, і, як бы яна не называлася, яна заўсёды Божая Маці. Найбольш славуты ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі абраз Маці Божай — гэта абраз Маці Божай Будслаўскай. Гэты цудоўны абраз добра вядомы не толькі ў Беларусі, але і па-за яе межамі. Нездарма Будслаў вельмі часта называюць Беларускай Чэнстаховай.