Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт ХVI: ахова здароўя павінна быць універсальным дабром, якое трэба бараніць
Святы Айцец
17.11.2012 15:54

«Бальніцы — прывілеяваныя месцы евангелізацыі, таму што там, дзе Касцёл з’яўляецца носьбітам прысутнасці Бога, ён становіцца інструментам сапраўднай гуманізацыі чалавека і свету», — сказаў 17 лістапада Святы Айцец Бэнэдыкт ХVI удзельнікам канферэнцыі «Бальніца — месца евангелізацыі. Місія чалавечая і духоўная», якая па ініцыятыве Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя праходзіла ў Ватыкане.

У прамове Папа адзначыў, што для працы ў бальніцы трэба мець спецыяльнае пакліканне і перажываць сваю дзейнасць як «чалавечую і духоўную місію». Пантыфік дадаў, што ў час эканамічнага крызісу, калі на ахову здароўя прызначаецца ўсё менш сродкаў, бальніцы і медыцынскія ўстановы мусяць перагледзець сваю ролю, каб ахова здароўя не стала простым «прадуктам», які падвяргаецца законам рынку і даступны толькі для нямногіх; яна «павінна быць універсальным дабром, якое трэба забяспечыць і бараніць».

Па словах Святога Айца, якія прыводзіць Ватыканскае радыё, грамадства павінна надаваць асаблівую ўвагу годнасці церпячай асобы. «Сёння, з аднаго боку, з-за дасягненняў ў галіне навукі і тэхнікі павышаецца здольнасць фізічнага аздараўлення хворых, аднак з другога паслабляецца здольнасць клопату аб церпячым чалавеку ў яго ўнікальнасці. Таму здаецца, што занядбоўваюцца этычныя гарызонты медыцынскай навукі, якая мае рызыку страціць сваё пакліканне служыць кожнаму чалавеку і чалавецтву на розных этапах яго існавання», — адзначыў Папа. На думку Пантыфіка, толькі калі ў цэнтры ўвагі медыцынскай дзейнасці стане дабро чалавека ў яго найбольш далікатных і безабаронных умовах, можна будзе назваць бальніцу «месцам, у якім клопат пра хворых не з’яўляецца звычайнай працай, але місіяй».

На заканчэнне Папа падкрэсліў, што сёння грамадства мае патрэбу ў добрых самаранах са шчодрым сэрцам і адкрытымі рукамі для ўсіх, з усведамленнем таго, што мера чалавечнасці вызначаецца адносінамі да цярпення і церпячага.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме