Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Навошта пакутаваць
Жыць з Богам. Старонка с. Нунэ Цітаян
13.07.2011 17:11

«Гісторыя чалавека праходзіць паміж дрэвам пазнання і дрэвам крыжа. Мы верым, што мудрасць чалавека знаходзіцца на перакрыжаванні бэлек святога крыжа, там, дзе нябесны шлях мудра перакрыжоўваецца са шляхам зямным» (Роман Брандштэттэр «Дзень гневу»).

Я думаю, што пытанне пра сэнс пакутаў — самае старажытнае і самае глыбокае пытанне чалавека, я б нават сказала — самае апраўданае. Бог — любоў і крыніца шчасця, аднак чаму ж Ён дапускае пакуты?

Кожны раз, калі мяне пытаюцца пра гэта, я адчуваю штосьці накшталт унутранага замяшальніцтва, таму што не знаходжу лагічнага ці навуковага адказу на гэтае пытанне. Адна думка пра пакуты ўводзіць нас у жах і збяндэжанасць. Я ведаю, што такое пакуты, я зведваю іх, як любы чалавек, спрабую пераадолець іх, часам беспаспяхова; аднак у мяне няма лагічнага тлумачэння іх прычыны. На самой справе, я думаю, што гэта пытанне экзістэнцыянальнае, і таму кожны чалавек павінен знайсці на яго свой асабісты адказ. Аднак дзе, а дакладней, у Каго мы шукаем адказу на гэтае пытанне?

«Ты моцна пакутуеш, але не ўмееш пакутаваць. Каб умець пакутаваць, трэба ведаць гісторыю Божага крыжа і паверыць у крыж, які перамяняе плады смутку ў плады любові» (Роман Брандштэттэр «Дзень гневу»).

Мае продкі нарадзіліся ў г. Эрзрума (Турцыя). У канцы XIX — пачатку ХХ ст. падчас чарговай разні армян, майго прадзеда выратавалі і вывезлі на тэрыторыю Грузіі. Мая бабуля часта апавядала мне пра тыя жахлівыя часы. Калі я стала дарослай, я прачытала зборнік дакументаў і матэрыялаў «Генацыд армян у Асманскай імперыі». Мне цяжка апісаць тую гаму пачуццяў, што я адчувала, калі чытала сведчанні людзей, якія перажылі ад. Спачатку я пыталася ў Бога: «Чаму? За што? Як можна так абыходзіцца з людзьмі?» Спрабуючы зразумець волю Божую, я зразумела, што пакуты прыходзяць да нас не ад Бога. Наадварот, колькі няшчасцяў адбываецца па нашай віне, колькі гора адны людзі робяць іншым… Мы верым, што Бог стварыў нас свабоднымі, а значыць, маючы магчымасць выбару, мы можам памыляцца, прычыняючы боль сабе і іншым. Бог дапускае пакуты, аднак не правакуе іх. Проста пакуты — гэта частка нашага чалавечага, параненага першародным грахом быцця. Наш грэх правакуе, а больш дакладна, разбурае жыццё, і як следства гэтага ўзнікаюць боль і пакуты. Гэтага адказу было дастаткова для мяне на некаторы час.

2006 год, горад Баранавічы. Я перажываю другі тыдзень духоўных практыкаванняў св. Ігнацыя Лаёлы, у якіх прапануецца сузіральніцкая малітва. Падчас гэтай малітвы неабходна было ўявіць сабе людзей, якія жывуць на ўсёй зямлі. Усё, што яны робяць, як яны размаўляюць, як абыходзяцца адно з адным… Потым трэба было ўявіць сабе Бога, які глядзіць на ўсё гэта, і назіраць за Яго дзеяннямі. Я ўявіла сабе адзін з вобразаў, які не даваў мне спакою многія гады: нованароджаных, немаўлят брасалі ў лодкі, выплывалі ў мора і тапілі іх там. Я памятаю мой гнеў, пратэст і слёзы, а самае галоўнае — маю просьбу. Я прасіла ў Бога паказаць мне Яго позірк: «Пакажы мне свае вочы, як Ты на ўсё гэта глядзіш?» У гэтай малітоўнай просьбе я прабывала доўгі час, пакуль не атрымала адказ: «Усё гэта адбывалася са Мной». Менавіта тады я зразумела, што Бог не пакідае нас нават у горане выпрабаванняў. Ён раздзяляе з намі не толькі нашыя пакуты, але і нашую чалавечую долю. Хрыстус атаясамлівае сябе з нашымі пакутамі. «Усё гэта адбываецца з Ім…»

Бог сваёй усемагутнасцю і мудрасцю абсалютна пераўзыходзіць нас. Яго задума цалкам для нас неспасцігальная… Вера, несумненна, заключаецца ў тым, каб з даверам прыняць усё, што мы атрымліваем ад Бога, менавіта тады, калі гэта супярэчыць нашым планам, нашым жаданням, нашай логіцы. І тады пакуты выклікаюць у чалавека асаблівую рэакцыю, якая не мае нічога агульнага з пакорай і пасіўнасцю; яе можна назваць упартасцю, вытрываласцю і нязломнасцю. Мне ўзгадваюцца словы з Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў: «Ганарымся і ўціскам, ведаючы, што ўціск нараджае вытрываласць, вытрываласць жа — выпрабаваную цноту, выпрабаваная цнота ж — надзею» (пар. Рым 5, 3–4). Сапраўды, пакуты, якія мы перажываем на працягу нашага жыцця, становяцца для нас ў першую чаргу выпрабаваннем, аднак у пэўным сэнсе пакуты — гэта выклік, на які мы павінны адказаць не проста мужнасцю і стойкасцю, але пераадолець іх з дзіўнай творчай магутнасцю.

«Пан дазволіў дзейнічаць злу, каб у людзях умацоўвалася дабрыня. Ён дазволіў дзейнічаць нянавісці, каб у людзях умацоўвалася любоў. Ён дазволіў дзейнічаць пачварнаму, каб у людзях умацоўвалася прыгожае» (Роман Брандштэттэр «Дзень гневу»).

Пакуты могуць стаць ачышчэннем душы. Гэта добра відаць на прыкладзе жыцця святых. Яны дапамагаюць нам убачыць сапраўдныя каштоўнасці, духоўныя і чалавечыя, якія нясуць на сабе пячаць вечнасці. Менавіта вопыт пакутаў вучыць нас разумець розніцу паміж шчасцем і задавальненнем; занадта часта наша эпоха змешвае гэтыя два паняцці. Сапраўды, нашае спажывальніцкае грамадства ўвесь час стараецца пазбегнуць пакутаў, прагнаць іх і па магчымасці забыць пра іх існаванне. Аднак пакуты, наступствы граху, нам неабходныя, бо, дзякуючы ім, мы ў большай ступені становімся людзьмі.

Італьянскі пісьменнік пачатку ХХ стагоддзя Луіджы Пірандэлла, будучы вельмі далёкім ад хрысціянскай веры, казаў, што чалавек «набывае поўную меру чалавечнасці толькі ў пакутах, бо імкнецца зразумець іх прычыну, пазнаць, ад каго яны сыходзяць і ці справядліва ён пакутуе; у той час як у радасці ён увогуле не задаецца ніякімі пытаннямі, успрымаючы радасць як тое, што мае быць». Я думаю, што боль раскрывае нам глыбінны сэнс жыцця і дае зразумець, што мы не вярхоўныя валадары Сусвету, а распарадчыкі ці, кажучы больш дакладна, служачыя тварэння.

Тут я выказваю і свой асабісты вопыт. Часта ў пакутах ці хваробе жыццё набывала для меня нашмат большы сэнс, чым у стане добрага здароўя і шчасця. Ля бальнічнага ложка ці ля труны я, як нідзе, «адчувала» каштоўнасць жыцця, уяўленне пра якую нам могуць даць толькі боль і смерць.

«Жыццё не ў тым, каб жыць, а ў тым, каб праяўляць мужнасць».

Існуюць пытанні, на якія чалавечы розум не здольны даць адэкватных адказаў. Вера адкрываецца менавіта там, дзе не мае моцы логіка. З цягам часу, я не ведаю, якое пытанне можа ў мяне ўзнікнуць, аднак я ведаю дакладна, да Каго я пайду за адказам.

С. Нунэ Цітаян MSF

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.