Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Зварот Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Дзень беларускага пісьменства ў Глыбокім
31.08.2012 11:49

Глыбокапаважаныя ўдзельнікі і арганізатары Дня беларускага пісьменства, прадстаўнікі дзяржаўнай улады, свету навукі, культуры, адукацыі, браты і сёстры!

Ад усяго сэрца вітаю вас, сабраных на гасціннай глыбоцкай зямлі, у такое значнае для нашага народа свята. Сваё прывітанне дасылаю з нямецкага горада Фрайзінга, дзе ўдзельнічаю ў XVI Міжнародным кангрэсе Рэнавабіс «Адкрыць веру сёння».

У апошнія гады святкаванне Дня беларускага пісьменства стала добрай і трывалай традыцыяй. Сёлета ў Беларусі адзначаецца таксама Год кнігі. Нягледзячы на тое, што свет усё больш становіцца лічбавым, кніга застаецца асноўным сродкам, які павінен спрыяць пашырэнню здабыткаў не толькі пісьмовай, але ў першую чаргу духоўнай культуры.

Трэба, каб кніга, як і сродкі масавай камунікацыі, у мітусні сучаснага свету сапраўды дапамагалі чалавеку знайсці сэнс жыцця, правільныя арыенціры ў выпрабаваннях і выхоўвалі яго на хрысціянскіх каштоўнасцях з мэтай даць яму новую надзею, нават насуперак надзеі (пар. Рым 4, 18).

Распаўсюджванне кнігадрукавання і медыйнай культуры, несумненна, дае шмат карысці. Яно прадастаўляе большы доступ да інфармацыі, новыя магчымасці пазнання, абмену і формаў салідарнасці, фарміравання такой культуры, у якой дасягненні чалавечай думкі і дзейнасці становяцца спадчынай усіх людзей.

Аднак гэтыя магчымасці не могуць схаваць пагроз, якія нясе з сабой неэтычнае выкарыстоўванне медыя. Неабходна памятаць аб тым, што некалькі разоў паўтораная няпраўда, на жаль, у свядомасці многіх людзей становіцца праўдай.

У выніку безадказнага і нязгоднага з маральнымі нормамі выкарыстоўвання СМІ ў нашым жыцці ўсё больш праяўляецца эгацэнтрызм і індывідуалізм, эскалацыя эмоцый у фарміраванні адносін паміж людзьмі і ў грамадстве, аслабленне і нават знікненне аб’ектыўнай вартасці такіх чалавечых досведаў, як асабістая рэфлексія або цішыня, пераацэньваецца значэнне асабістых поглядаў, этыка і палітыка становяцца відовішчам і г.д. Такія тэндэнцыі вядуць да пагрозы ўзнікнення так званай эфемернай культуры, а гэта значыць недаўгавечнай, да недакладнасці і прытворства, да грамадства, няздольнага захаваць памяць і будаваць будучыню.

Благаслаўлёны папа Ян Павел II, якога называлі медыяльным Папам, казаў: «Не бойцеся новых тэхналогій! Яны знаходзяцца „сярод цудоўных рэчаў“ — „inter mirіfica“, — якія Бог даў у нашае распараджэнне, каб адкрываць, выкарыстоўваць, распаўсюджваць праўду, у тым ліку і праўду пра нашу годнасць і пра наша прызначэнне быць Ягонымі сынамі, спадкаемцамі Яго вечнага Валадарства».

Заклікаю сучасныя мас-медыя і ўсіх, хто працуе ў галіне пісьмовай культуры, значную ўвагу ў сваёй дзейнасці ўдзяляць адраджэнню, абароне хрысціянскіх каштоўнасцяў і іх распаўсюджванню, што паспрыяе лячэнню грамадства ад сучасных маральных хваробаў і належнаму выхаванню маладога пакалення — будучыні нашай краіны.

Усім удзельнікам сёлетняга святкавання Дня беларускага пісьменства жадаю поспехаў у працы і жыцці, а таксама шчодрага Божага благаслаўлення.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі


Адноўлена 31.08.2012 11:56
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме