Працэсія Божага Цела ў Віцебску адбудзецца 6 чэрвеня. Яна распачнецца ў 11 гадзін святой Імшой у катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага. Пасля літургіі эўхарыстычная працэсія пройдзе вуліцамі горада пад гукі аркестра і спеваў у напрамку касцёла Святога Духа.
6 чэрвеня ў Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі (вул. П. Глебкі, 88) адбудзецца канферэнцыя памяці Таццяны Тарасевіч «Перспектывы беларускага руху ў абарону жыцця». Арганізатары канферэнцыі – Мясцовае грамадскае дабрачыннае аб’яднанне «Цэнтр падтрымкі сям’і і мацярынства “Матуля”» і Дабрачынны фонд абароны жыцця і сям’і «Адкрытыя сэрцы».
Для правядзення акцыі ў абарону жыцця і сямейных каштоўнасцяў, якую грамадская дабрачынная арганізацыя «Ратаванне немаўлят» праводзіць 6-7 чэрвеня ў Мінску, запрашаюцца валанцёры.
7 чэрвеня ў Мінску ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) пройдзе Залатагорскі фэст з нагоды заканчэння навучальнага года.
Па традыцыі першая нядзеля чэрвеня ў Гродзенскай дыяцэзіі адзначаецца як Дзень бацькі. У гэты дзень усіх вернікаў заахвочваюць да малітвы ў інтэнцыі бацькаў сем’яў. Адна з формаў выразу малітоўнай памяці пра бацькаў – пешая пілігрымка з Гродна ў санктуарый Маці Божай Яснагорскай на Узгорку надзеі ў Капцёўцы. Да ўдзелу ў пілігрымцы запрашаюцца асабліва бацькі сем’яў, іх жонкі і дзеці.
13 чэрвеня ў мінскі касцёл Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы запрашаюцца аматары сярэднявечнай музыкі.
13 чэрвеня ў Оршы адбудзецца чарговая сустрэча “Вінаградніку”. Тэма – “Першынство для Бога”.
12-13 чэрвеня парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску (Гродзенская дыяцэзія) будзе святкаваць юбілей 525-годдзя. Парафія з’яўляецца роднай для Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.
17 чэрвеня адбудуцца юбілейныя ўрачыстасці 25-годдзя з часу заснавання Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
Пілігрымка Брэст-Баранавічы-Будслаў выходзіць 18 чэрвеня ў 6.30 з Брэста (парафія Маці Божай Каралевы), 25 чэрвеня ў 6.30 — з Баранавіч (парафія Маці Божай Фацімскай).
20 чэрвеня адбудзецца святкаванне 25-годдзя аднаўлення і адраджэння рэлігійнага жыцця пры рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне (пабрыгідскі).
20 чэрвеня адбудзецца Дзень адзінства Салезіянскай Сям’і ў Беларусі. Традыцыйна ён звязаны з імянінамі альбо днём нараджэння настаяцеля салезіянаў дадзенай інспекторыі, візітаторыі, дэлегатуры. Салезіянская Сям’я ў Беларусі адзначыць гэтае свята ў дзень нараджэння Рэгіянальнага настаяцеля Місіі св. Францішка Сальскага кс. Віктара Гайдукевіча SDB.
21-27 чэрвеня ў Навагрудку ў Доме сясцёр назарэтанак адбудуцца ігнацыянскія рэкалекцыі (першы тыдзень) з а. Юзафам Аўгустынам SJ. Запрашаюцца свецкія вернікі, кансэкраваныя асобы і святары.
22-25 чэрвеня адбудзецца VII Парафіяда дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. Дэвіз сёлетняй парафіяды – “Навярні нас, Пане, і да Цябе вернемся” (Пл 5, 21).